ПАЛЯЎНІ́ЦТВА,

старажытны від працоўнай дзейнасці чалавека, звязаны са здабычай дзікіх жывёл. На працягу многіх гіст. эпох забяспечвала чалавека сродкамі існавання. З цягам часу яго мэты і змест мяняліся, узнікалі новыя формы. З развіццём грамадства і ўдасканаленнем паляўнічых прылад П. паступова ператварылася ў прамысловую форму. З часоў Кіеўскай Русі прадукцыя П. экспартавалася. На тэр. Беларусі ў 15—16 ст. мясц. сабалінае футра прадавалася партыямі па 100—200 шт. у Мінску, Навагрудку, Полацку і інш. Асабліва шмат здабывалася баброў. На сучасным этапе П. засталося ў асобных мадэрнізаваных формах, перанятых паляўнічай гаспадаркай, навук. асновай якой служыць паляўніцтвазнаўства.

т. 12, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)