прыродныя зоны ўмераных паясоў у Паўн. і Паўд. паўшар’ях з перавагай ландшафтаў мяшаных лясоў. Часам разглядаюцца як асобныя падзоны адзінай лясной зоны. Найб. пашыраны ў Еўропе, Паўд. і Паўн.Амерыцы, трапляюцца ў Новай Зеландыі, Тасманіі, на Усх.-Еўрап. раўніне (краіне Балтыі, на большай ч. Беларусі, Нечарназем’е) і на ПдЗах.-Сібірскай раўніны. Лясы пераважна хвойна-шыракалістыя на дзярнова-падзолістых глебах, у больш кантынентальных раёнах — хвойна-драбналістыя і драбналістыя (з бярозы і асіны). Значныя прасторы разараны (збожжавыя, кармавыя культуры, бульба і інш.). У Паўн. паўшар’і клімат з халоднай снежнай зімой (сярэднія т-ры студз. ад -5 да -14 °C), цёплым летам (сярэдняя т-раліп. да 20 °C). Колькасць ападкаў (400—1000 мм) крыху перавышае выпаральнасць. У Паўд. паўшар’і пры параўнальна цёплым леце зіма больш мяккая, снежнае покрыва ўтвараецца не ўсюды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯТУ́ХІ, палятухавыя (Pteromyidae),
сямейства млекакормячых атр. грызуноў. Вядомы з міяцэну (каля 20 млн.г. назад). 13 родаў, 36 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі і Паўн.Амерыцы. Жывуць на дрэвах, гнёзды ў дуплах. Актыўныя на змярканні і ноччу. На Беларусі 1 від — П. звычайная (Pteromys volans), трапляецца ў Віцебскай вобл. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 60 см, хваста да 63 см, маса да 1,4 кг (у П. звычайнай адпаведна да 21 см, 14 см і 170 г). Поўсць густая, тонкая, шаравата-бураватая. Хвост пушысты. Вочы вялікія. Здольныя да планіравання (адсюль назва) з дрэва на дрэва (на адлегласць да 60 м) з дапамогай пакрытых шэрсцю скурных складак па баках цела паміж пярэднімі і заднімі канечнасцямі. Могуць мяняць напрамак палёту з дапамогай хваста. Кормяцца насеннем, парасткамі, пупышкамі, ягадамі, грыбамі, часам насякомымі. Нараджаюць да 4 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНАВА́ННЕ СЯМ’І́,
добраахвотнае рэгуляванне дзетараджэння ў сям’і. Дапамагае вызначыць колькасць дзяцей ў сям’і, нарадзіць жаданых дзяцей у найб. спрыяльных умовах, выбраць час дзетараджэння з улікам узросту бацькоў і сац.-эканам. умоў, рэгуляваць інтэрвалы паміж цяжарнасцямі, пазбегнуць непажаданай цяжарнасці. П.с. — важны фактар захавання здароўя маці і дзіцяці, зніжэння мацярынскай і ранняй дзіцячай смяротнасці, частаты абортаў. Уключае таксама дзейнасць арг-цый, якія ствараюць умовы для дасягнення сям’ёй пажаданай колькасці дзяцей шляхам розных адм., сац., эканам. і прапагандысцкіх сродкаў. Напр., у Еўропе найб. шырока праграму П.с. з 1, 2, 3 дзецьмі праводзіць Францыя. У Азіі, Афрыцы, Лац.Амерыцы праграмы П.с. накіраваны на зніжэнне нараджальнасці (Індыя, Кітай і інш.). На Беларусі існуе сістэма матэрыяльнай дапамогі па падтрымцы сям’і: выплачваюцца розныя віды дапамогі, у залежнасці ад колькасці і ўзросту дзяцей сем’ям дадзены розныя падатковыя льготы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫТА́НСКАЯ ІМПЕ́РЫЯ (British Empire),
назва Вялікабрытаніі разам з яе каланіяльнымі і паўкаланіяльнымі ўладаннямі.
Шырокую калан. экспансію Англія пачала ў перыяд станаўлення капіталізму (17 ст.), але першыя тэр. захопы былі яшчэ ў 12 ст. (заваяванне Ірландыі). У войнах 17 ст. з Галандыяй, 1701—14 з Іспаніяй, Сямігадовай вайне 1756—63 Англія дамаглася панавання ў Паўн.Амерыцы, завалодала Канадай, Гібралтарам, Ямайкай, пачала заваёўваць Індыю. Да пач. 1760-х г. былі закладзены асновы Брытанскай імперыі. У выніку вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 ад Брытанскай імперыі аддзялілася 13 паўн.-амер. калоній, якія ўтварылі ЗША. Гэтыя страты Англія кампенсавала за кошт новых тэр. захопаў канца 18 — пач. 19 ст.Венскі кангрэс 1814—15 замацаваў за ёю захопленыя тэрыторыі. У 1-й пал. 19 ст. вялася каланізацыя Аўстраліі і Новай Зеландыі, у асноўным заваявана Індыя (гл.Англа-сікхскія войны, Англа-маратхскія войны, Англа-майсурскія войны), захоплены в-аў Сянган (Ганконг), атрыманы шэраг прывілей у Кітаі (гл.Англа-кітайская вайна 1840—42 і Англа-франка-кітайская вайна 1856—60 і інш.). Асабліва шпаркімі тэмпамі англ.калан. экспансія развівалася ў апошняй трэці 19 ст.: Вялікабрытанія набыла шэраг уладанняў у Афрыцы (гл.Англа-бурская вайна 1899—1902, Англа-бура-зулуская вайна 1838—40), у Азіі заваявала Бірму (гл.Англа-бірманскія войны), устанавіла пратэктарат над Афганістанам (гл.Англа-афганскія войны). Хуткае развіццё капіталізму ў т.зв. перасяленчых калоніях, дзе значную частку насельніцтва складалі еўрапейцы, імкненне гэтых калоній да самавызначэння прымусілі Англію пайсці на ўступкі. Статус самакіравання дамініёнаў атрымалі Канада (1867), Аўстралійскі Саюз (1901), Новая Зеландыя (1907), Паўд.-Афрыканскі Саюз (1910), Ірландыя (1921, без Ольстэра). Але роля калоній у эканоміцы і палітыцы Англіі заставалася надзвычай вялікай (капіталаўкладанні, вываз сыравіны, размяшчэнне ваен. баз і інш.). Нац.-вызв. рух калан. народаў у час і пасля 2-й сусв. вайны прывёў да заваявання незалежнасці большасцю калоній. Тэрмін Брытанская імперыя заменены на Брыт. садружнасць нацый (яе юрыд. статус вызначаны Вестмінстэрскім статутам 1931), потым на Садружнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАЎКА́РЫЯ (Araucaria),
род голанасенных раслін сям. араўкарыевых. Каля 18 відаў. Пашыраны ў Паўд.Амерыцы, Аўстраліі, на астравах Ціхага ак.Найб. вядомыя араўкарыя высокая, чылійская і бразільская (культывуюцца як дэкар. на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа і Крыма). На Беларусі араўкарыю высокую вырошчваюць у пакоях і аранжарэях.
Хвойныя, пераважна двухдомныя дрэвы, звычайна з плоскай парасонападобнай кронай, выш. да 60—75 м і дыям. ствала да 2,5 м. Галінкі кальчакаватыя, гарызантальна распасцёртыя. Кара тоўстая, баразнаватая, смалістая. Лісце размешчана спіральна, плоскае, скурыстае, ад ланцэта- да шырокаяйцападобнага, часам іголкападобнае, даўж. 4—10 см. Мікрастробілы («мужчынскія шышкі») цыліндрычныя, буйныя — даўж. да 20—25 см і дыям. да 4—5 см. Жаночыя шышкі авальныя, дыям. 7—35 см. Насенне арэхападобнае, з крыльчатай лускавінкай, у некаторых відаў ядомае. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, на выраб мэблі, муз. інструментаў, паперы і інш., смала — як лекавы сродак.
Араўкарыя даўгалістая: галінка з мікрастробілам (мужчынская шышка) і жаночая шышка (справа).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (БТЧК) у Літве. Існавала з крас. 1921 да сярэдзіны 1922. Утворана на аснове Жэнеўскай канвенцыі ад 22.8.1864 аб т-вах Чырв. Крыжа. Асн. мэты: аказанне мед.-сан., матэр. і маральнай дапамогі бел. ваеннапалонным, бежанцам, эмігрантам, хворым, сіротам, усім пацярпелым ад ваен. дзеянняў, садзейнічанне ў вяртанні на бацькаўшчыну. Знаходзілася ў Коўне (сучасны Каўнас) у атэлі «Метраполь». Старшыня т-ва Я.Варонка, віцэ-старшыні І.Цвікевіч і Н.Ліпоўскі, скарбнік П.Мядзёлка. Налічвала 32 чал. Мела аддзяленні і прадстаўніцтвы ў Берліне (А.Бароўскі), на Гродзеншчыне (С.Баран-Нямір), у Вільні (А.Карабач), Празе (М.Вяршынін), Рызе (К.Езавітаў), Канстанцінопалі, Амерыцы. БТЧК супрацоўнічала з эміграцыйным урадам БНР у Коўне, урадавымі ўстановамі Літвы, Літоўскім т-вам Чырв. Крыжа. Займалася выдавецкай дзейнасцю, у 1921 выпусціла 3 маркі серыі «Беларусь. Пошта», збор ад іх продажу пайшоў на дабрачынныя мэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ (Victoria),
род кветкавых раслін сям. гарлачыкавых. 2 віды. Пашыраны ў Паўн.Амерыцы: вікторыя амазонская, або каралеўская (Victoria amazonica, або Victoria regia), расце ў затоках р. Амазонка і яе прытокаў, вікторыя Круса (Victoria cruziana) — у басейне р. Парана.
Шматгадовыя водныя травяністыя расліны з круглавата-шчытападобным з падагнутымі ўверх у выглядзе борціка краямі, плаваючымі на паверхні вады вял. лісцем дыям. да 2 м, падводным сцяблом і магутным карэнішчам, якое прымацоўвае расліну да грунту. Лісце ўнізе ўкрыта сеткай тоўстых жылак, з моцна развітай паветраноснай тканкай, вытрымлівае груз да 50 кг. Чаранкі (ніжняя паверхня лісця), кветаносы і чашалісцікі ўкрыты вострымі шыпамі. Кветкі вялікія (дыям. 25—35 см), адзіночныя, пахучыя, са зменлівай ад белай да малінавай на працягу сутак афарбоўкай. Плод — шматгнездавая каробачка з ядомым насеннем памерам з гарошыну. Дэкар., прыдатныя для аквакультуры расліны (культывуюць у бат. садах, аранжарэях пры т-рах вады 25—30 °C).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛЫ́ (Aquila),
род птушак атр. сокалападобных. 9 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Паўн.Амерыцы. Насяляюць гарыстыя, стэпавыя, пустынныя і лясныя мясцовасці. Ёсць рэдкія арлы, напр. стэпавы (арол чарах) і вельмі рэдкія, напр. іспанскі падвід арла-магільніка (A. heliaca adalberti), які ўключаны ў Чырв. кнігу МСАП. На Беларусі 5 відаў: падворлікі (вялікі і малы), беркут, арол-карлік, арол-магільнік. Найб. пашыраны малы падворлік. Іншыя трапляюцца абмежавана і ў невял. колькасці. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. цела да 1 м, размах крылаў да 2,4 м. Апярэнне звычайна бурае. Хвост даволі кароткі. Ногі апераны да пальцаў. Гняздуюцца на зямлі, скалах ці дрэвах. Нясуць 1—3 яйцы. Кормяцца звярамі малой і сярэдняй велічыні, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, зрэдку мярцвячынай. Здабычу высочваюць у палёце або падпільноўваюць, седзячы на ўзвышаным месцы. Знішчаюць шкоднікаў лясной і сельскай гаспадаркі. Арламі часам наз. і прадстаўнікоў інш. родаў драпежных птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖОНС ((Jones) Джэймс) (6.11.1921, г. Робінсан, штат Ілінойс, ЗША — 9 5.1977),
амерыканскі пісьменнік. Удзельнічаў у 2-й сусв. вайне, быў цяжка паранены. Вядомасць прынёс антымілітарысцкі раман «З гэтага часу і навек» (1951). Аўтар раманаў «Тонкая чырвоная рыса» (1962), «Вясёлы месяц май» (1971), «Толькі пакліч» (1978) і інш., а таксама кніг нарысаў «В’етнамскі дзённік» (1974), мемуараў «Другая сусветная вайна» (1975), аповесцей, рэпартажаў, кінасцэнарыяў. Распрацоўваючы канкрэтна-гіст. тэмы 2-й сусв. вайны, «вял. дэпрэсіі» ў Амерыцы 1930-х г., разважаў над вечнымі праблемамі: чалавек і вайна, жыццё і смерць, любоў і нянавісць, свабода і абавязак. Значнае месца ў рэаліст. прозе займае элемент натуралізму, абумоўлены маст. задачамі.
Тв.:
Рус.пер. — Отныне и вовек. М., 1986.
Літ.:
Олдридж Дж. Джеймс Джонс: простодушный в Париже // Олдридж Дж. После потерянного поколения: Сб. ст.: Пер. с англ.М., 1981.
Е.А.Лявонава.
І.Джонс. Банкетная зала палаца Уайтхал у Лондане. 1619—22.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІВА́ННА (Verbascum),
род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 350 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і. Як пустазелле або здзічэлыя трапляюцца ў Паўн. і Паўд.Амерыцы, у Аўстраліі. На Беларусі 7 дзікарослых відаў: Дз. звычайная, або мядзведжае вуха (V. thapsus), чорная (V. nigrum), мучністая (V. lychnitis), густакветная (V. densiflorum), фіялетавая (V. phoeniceum), лекавая (V. phlomoides), тараканавая (V. blattaria). Растуць на сухіх пясчаных сонечных месцах, у светлых лясах і інш. Дз. джунгарская (V. songoricum) інтрадукавана як лек. расліна Цэнтр.бат. садам Нац.АН Беларусі.
Адна-, двух- і шматгадовыя пераважна густа апушаныя травяністыя расліны з высокімі прамастойнымі простымі ці галінастымі сцёбламі, рэдка паўкусты. Лісце чаргаванае або папарна збліжанае, цэласнае, рэдка перыстараздзельнае. Кветкі з 5 пялёсткамі, звычайна жоўтыя, рэдка фіялетавыя, адзіночныя ці ў простых (гронках ці каласах) або складаных (мяцёлчатых, коласа- ці гронкападобных) суквеццях. Плод — каробачка. Лек., дэкар. і фарбавальныя расліны.