інжынерныя збудаванні для выкарыстання водных рэсурсаў або барацьбы са шкодным уздзеяннем воднай стыхіі. Бываюць агульныя (выкарыстоўваюцца ў розных галінах воднай гаспадаркі) і спецыяльныя (у адной галіне). Агульныя гідратэхнічныя збудаванні: водападпорныя (плаціны, дамбы); водапрапускныя (водазаборныя збудаванні, вадаскіды, у т. л.вадазлівы і вадаспускі, вадаводы, у т. л.трубаправоды, гідратэхнічныя тунэлі, каналы, латакі) і рэгуляцыйныя збудаванні (гаці, паўгаці, агараджальныя валы, донныя парогі, берагаўмацавальныя збудаванні і інш.). Спецыяльныя гідратэхнічныя збудаванні: збудаванні для выкарыстання энергіі вады (будынкі гідраэлектрычных станцый, напорныя басейны, ураўняльныя рэзервуары і інш.); збудаванні воднага транспарту (суднаходныя шлюзы, суднападымальнікі, докі, прычалы, пірсы, лесаспускі і інш.); рыбагаспадарчыя (рыбапрапускныя збудаванні, рыбападымальнікі, рыбаводныя сажалкі і інш.); гідрамеліярацыйныя збудаванні; збудаванні для водазабеспячэння і каналізацыі (помпавыя станцыі, воданапорныя вежы, каптажы, ачышчальныя збудаванні, у т. л.аэратэнкі і інш.).
Гідратэхнічныя збудаванні падзяляюцца таксама на рачныя, азёрныя, марскія і сеткавыя (размешчаныя на каналах асушальных, арашальных і абвадняльных сістэм); наземныя і падземныя. Пры неабходнасці іх аб’ядноўваюць у гідравузлы. У залежнасці ад асн. матэрыялу, з якога ўзводзяцца гідратэхнічныя збудаванні, адрозніваюць земляныя, каменныя, каменна-земляныя, бетонныя, жалезабетонныя, драўляныя, металічныя, з прагумаваных тканін і з сінт. матэрыялаў; у залежнасці ад спосабу ўзвядзення — насыпныя, намыўныя, выбухова-накідныя (робяцца накіраваным выбухам), маналітныя, зборныя і камбінаваныя. Пастаянныя гідратэхнічныя збудаванні (выкарыстоўваюцца на працягу ўсяго перыяду эксплуатацыі) падзяляюцца на 4 класы капітальнасці, часовыя (выкарыстоўваюцца толькі ў перыяд буд-ва і рамонтаў, напр. перамычкі, адвадныя каналы і тунэлі, свідравіны для паніжэння ўзроўню грунтавых вод) адносяцца да 5-га класа. Буд-ва і выкарыстанне гідратэхнічных збудаванняў складаецца з 4 этапаў: вышуканні (вывучэнне рэльефу мясцовасці ў раёне буд-ва, гідралагічных характарыстык вадацёку, геал. будовы, клімату і інш.); праектавання (вызначэнне на аснове даных вышуканняў і водагасп. задачы асн. памераў і матэрыялаў збудаванняў, іх разлікі, выбар метадаў буд-ва); арганізацыя і правядзенне буд. работ у адпаведнасці з праектам збудаванняў; эксплуатацыя гідратэхнічных збудаванняў (кіраванне іх работай, нагляд за станам, бягучыя і капітальныя рамонты). Пры праектаванні выконваюць гідраўлічныя, гідратэхн. (фільтрацыйныя) і статычныя разлікі. Для адказных гідратэхнічных збудаванняў пры праектаванні робяць таксама лабараторныя даследаванні на мадэлях.
На Беларусі даследаванні і распрацоўку метадаў разліку гідратэхнічных збудаванняў вядуць Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства, БПА і інш.Гл.таксамаГідратэхніка, Гідратэхнічнае будаўніцтва.
Літ.:
Чугаев Р.Р. Гидротехнические сооружения. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1985;
Гидротехнические сооружения: Справ. проектировщика. М, 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ПАСЦЬ,
умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой доўгатэрміновай абароны ва ўмовах аблогі. Асн. абарончыя элементы К.: земляныя валы, равы, драўляныя ці мураваныя сцены і вежы з байніцамі, брамы, барбаканы, бастыёны, равеліны і інш. Падзяляліся на сухапутныя і марскія (прыморскія).
Правобразамі К. былі ўмацаваныя паселішчы першабытнай эпохі. У рабаўладальніцкіх дзяржавах многія гарады былі адначасова і К. (Карфаген, Рым, Канстанцінопаль). Для прыкрыцця граніц К. будавалі ў Стараж. Егіпце, Рыме, Асірыі, Вавілоне, Персіі і інш.
У сярэдневякоўі ў Зах. Еўропе выгляд К. набылі ўмацаваныя замкі феадалаў, гарады і манастыры. На Русі буд-ва К. пачалося ў 10—11 ст. з мэтай абароны насельніцтва гарадоў і навакольных раёнаў.
На Беларусі тэрмін «К.» у сучасным яго разуменні вядомы з 18 ст. Раней К. называлі водныя перашкоды, балоты, высокія схілы, якія ахоўвалі паселішчы. У 11—13 ст. функцыі К. адыгрывалі некат. парубежныя гарады (Мінск, Гродна, Камянец, Кукенойс, Герцыке). Асновай іх абароны былі дзядзінцы. Другую лінію абароны складалі ўмацаванні вакольнага горада. Вузлавымі пунктамі абароны гарадоў з’яўляліся замкі, умацаваныя манастыры і кляштары. У 15—17 ст. некат. бел. гарады (Магілёў, Мсціслаў, Віцебск, Полацк) адыгрывалі ролю парубежных К. Іх абарончыя ўмацаванні звычайна складаліся з некалькіх паясоў магутных фартыфікацыйных збудаванняў вакол горада. У функцыян. адносінах значна бліжэй да К. былі ўмацаваныя гарадкі-астрогі Туроўля, Сітна, Суша, Сокал, Казьян і інш., пабудаваныя ў 16 ст. на Полаччыне. Пад уплывам італьян. і галандскай фартыфікацыі з 2-й пал. 16 ст. на Беларусі пашырылася буд-ва бастыённай сістэмы ўмацаванняў. Сярод К. новага тыпу вылучаліся Магілёў, Быхаў, Ляхавічы, Нясвіж, асабліва Слуцк, які да канца 18 ст. называлі «бастыёнам Вялікага княства Літоўскага». На Беларусі крапаснымі збудаваннямі былі таксама многія цэрквы, у т. л.Мураванкаўская царква-крэпасць, Супрасльская царква-крэпасць, Сынковіцкая царква-крэпасць, жылыя дамы — Гайцюнішскі дом-крэпасць, Гродзенскі новы замак. Традыц. драўляна-земляныя збудаванні паступова трацілі сваё стратэг. значэнне. Павелічэнне далёкасці і магутнасці агню артылерыі прывяло да ўзнікнення ў 19 ст. фортавай К., якая складалася з т. зв. ядра (звычайна старой К.) і вынесеных уперад на 2—3 км асобных фортаў на адлегласці 1,5—2 км адзін ад аднаго. Такія ўмацаванні мелі Бабруйская крэпасць і Брэсцкая крэпасць. У 1914 на тэр. Еўропы было больш за 150 разнастайных К. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі, з развіццём узбраення і ваен. тэхнікі, усе краіны адмовіліся ад фортавых К. і пачалі ствараць умацаваныя раёны і палосы. Гл.таксамаАбарончыя збудаванні.
Літ.:
Rogalski M., Zaborowski M. Fortyfikacja wczoraj i dziś. Warszawa, 1975;
гл.таксама пры арт.Абарончыя збудаванні.
М.А.Ткачоў.
Схема Брэсцкай крэпасці. 1941.Крэпасць Туроўля. 1566—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАФІ́ЗІКА (ад грэч. «Meta ta phisica» пасля фізікі),
1) частка, галіна філасофіі, прысвечаная гал. абстрактным праблемам чалавечага быцця і пазнання. Тэрмін «М.» паходзіць ад назвы зборніка філас. прац Арыстоцеля, якія складалі «першую філасофію», г.зн. лічыліся ўласна філас. працамі і паводле свайго прадмета адрозніваліся ад «фізікі» як навукі аб свеце канкрэтных рэчаў і з’яў. У працэсе эвалюцыі М. паступова траціла сувязь з рэчаіснасцю і накіроўвала намаганні на абстрактны пошук нейкай агульнай першаснай асновы ўсяго існага незалежна ад акрэсленых форм яго існавання ў прасторы і часе. Панаванне метафіз. поглядаў характэрна для сярэдневяковай філас. думкі, калі М. прэтэндавала на месца асобай «навукі» аб звышпачуццёвай сутнасці свету і абгрунтоўвала думку пра яго боскае паходжанне. Адыход ад элементаў аб’ектыўных ведаў аб чалавеку і яго прыродным і сац. асяроддзі, а таксама канструяванне штучных уяўленняў аб свеце прывялі да ператварэння М; ў схаластыку. Зацікаўленасць грамадства ў навук.філас. асэнсаванні рэчаіснасці і дасягненнях прыродазнаўчых навук суправаджалася вызваленнем філасофіі ад метафіз. падыходаў. Аб’ект метафіз. разважанняў быў абмежаваны выключна з’явамі, якія былі недаступныя чалавечаму вопыту і атаясамліваліся з звышпрыродным пачаткам. Элементы М. ёсць у некат. кірунках сучаснай філасофіі, у сцвярджэннях пра існаванне «вышэйшай», г.зн. звышпачуццёвай рэчаіснасці, пра немэтазгоднасць і немагчымасць навук. пазнання сутнасці прыродных і грамадскіх працэсаў.
2) Метад мыслення, які супрацьстаіць дыялектыцы. У гэтым сэнсе паняцце М. ўпершыню выступае ў філасофіі Г.Гегеля, дзе метафіз. падыход да рэчаў і з’яў у адрозненне ад дыялектычнага лічыцца абмежаваным і не дазваляе раскрыць іх супярэчнасці, а таксама паказаць працэс развіцця паняццяў, таму што абапіраецца на канчатковыя адназначныя высновы. Паводле Гегеля. М. з’яўляецца недастатковай, але ў той жа час неабходнай умовай працэсу пазнання. Выкарыстанне ў навуцы метафіз. метаду з гіст. пункту гледжання было апраўданым у 17—18 ст., калі навука займалася збіраннем фактаў і расшчапляла прыроду на асобныя часткі. У 2-й пал. 19—20 ст. назіраецца негатыўнае стаўленне вучоных да М., што тлумачыцца пераходам навукі да абагульнення набытых навук. звестак, пранікненнем у глыбіню аб’ектаў пазнання і даследаваннем заканамерных сувязей паміж імі. Метафіз. метад абсалютызуе знешняе ўзаемадзеянне паміж аб’ектамі і ў той жа час недаацэньвае ўнутр, вытокі развіцця, у першую чаргу супярэчлівасць саміх аб’ектаў. На працягу 20 ст. М. як метад пазнання выступае ў некаторых кірунках сучаснай філасофіі (фенаменалогія, экзістэнцыялізм, рэалізм), а таксама ў тэалогіі.
Літ.:
Аристотель. Метафизика // Соч.М., 1976. Т. 1;
Ленін У.І. Філасофскія сшыткі // Тв. Т. 38 (Полн. собр. соч. Т. 29);
Вартофский М. Эвристическая роль метафизики в науке: Пер. с англ. // Структура и развитие науки М., 1978;
Исторические типы философии. М., 1991;
Мир философии. Ч. 1—2. М., 1991;
Boeder H. Topologie der Metaphysik. Freiburg-München, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА МАЛЫ́Х ФОРМ, дробная пластыка,
скульптурныя творы невял. памераў, якія выконваюць пераважна дэкаратыўныя (часам рытуальныя) функцыі; разнавіднасць скульптуры. Пашырана ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Вырабляецца таксамамастацкай прамысловасцю і нар.-маст. промысламі з керамікі, металу, косці, каменю, шкла, пластмасы і інш. Да С.м.ф. належаць жанравыя статуэткі, настольныя партрэтныя выявы, разнастайныя віды цацак, а таксама манеты, медалі, гемы. Творы дробнай пластыкі выкарыстоўваюць у стварэнні пэўнага эстэт.-эмацыянальнага асяроддзя, вызначаюцца выразнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, выяўленнем пластычных і дэкар. магчымасцей матэрыялу. С.м.ф. зарадзілася ў эпоху палеаліту і звязана з вераваннямі і працоўнай дзейнасцю (знаходкі ў пячоры Мас-д’Азіль у Францыі, Вілендорф у Аўстрыі, Мальце і Бурэце ў Сібіры і інш.). На тэр. Беларусі вядома з эпохі неаліту: касцяныя і драўляныя фігуркі людзей, качак, коней са стаянак Крывіна (гл.Галоўск), Асавец. Да жал. веку адносяцца гліняныя фігуркі жывёл мілаградскай культуры з гарадзішчаў Гарошкаў, Мохаў. З прыняццем хрысціянства вял. пашырэнне ў 11—13 ст. набылі каменныя і касцяныя абразкі з рэльефнымі выявамі святых. Узоры быт. пластыкі вядомы з 12—13 ст. С.м.ф. 14—16 ст. характарызуецца цеснай сувяззю з маст. ліццём (крыжы і абразкі, знойдзеныя ў Магілёве, Мінску і інш.). З 16—17 ст. пашырана медальернае мастацтва, развіццю якога спрыяла дзейнасць Віленскага манетнага двара. У 19—пач. 20 ст. рысамі стылю мадэрн вызначаліся Керамічныя статуэткі і дэкар. вазы В.Бубноўскага. У анімалістычным жанры працаваў жывапісец Г.Вейсенгоф, у рэаліст. манеры выкананы партрэты-барэльефы Я.Драздовіча (Я.Пачопкі, М.Машары, А.Грыневіча і інш.), амаль ва ўсіх цэнтрах ганчарства выраблялі гліняныя цацкі (майстры В. і П. Ланеўскія, І.Данілевіч), у многіх — дэкар. пасудзіны (майстры В.Кузьміцкі, Ф.Дзудзакевіч, А.Петрашкевіч, Я.Ступкевіч). Мела пашырэнне драўляная цацка. У 1940-я г.нац. каларытам вылучаліся работы М.Філіповіча. У 2-й пал. 20 ст. ствараецца сюжэтная пластыка ў фарфоры, шамоце, гліне (мастакі У.Андрыянаў, М.Бяляеў, Г.Гаркуноў, М.Звярко). У анімалістычным жанры працавалі Л.Багданаў, Ф.Зільберт, Т.Мацвеенка, Т.Паражняк. Багаццем пластычных вырашэнняў вылучаецца гутная пластыка нар. майстроў Р.Багінскага, Т.Лінкевіча, С.Раўдвеэ. У традыцыях нар. глінянай скульптуры працуе М.Пушкар. Своеасаблівыя дэкар. пласты, плакеткі, сувенірныя медалі ствараюць М.Байрачны, А.Зіменка, Л.Талбузін. У кераміцы працуюць М.Балюк, Т.Васюк, М.Кляцкоў, А.Концуб, У.Церабун і інш. С.м.ф. стала вядучай у творчасці самадз. майстроў-разьбяроў А.Міхеенкі (Полацк), А.Пупко (Івянец), В.Альшэўскага і М.Ерафеева (Мінск), Г.Асіпковай (Чашнікі), Б.Васількова (Гомель), С.Жыголкіна (Віцебск), С.Шаўрова (Орша). Гл.таксама Скульптура драўляная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРФАГРА́ФІЯ (ад грэч. orthos правільны + ...графія),
правапіс, сістэма правілаў, якія вызначаюць аднолькавыя спосабы перадачы маўлення на пісьме. Асн. задачы бел. арфаграфіі — рэгламентацыя графічнага ўзнаўлення гукавога складу слова; злітнага, паўзлітнага (дэфіснага) і раздзельнага напісання; пераносу слоў, а таксама правілы афармлення абрэвіятур, умоўных скарачэнняў. У перадачы гукавога складу слова адрозніваюць 2 асн. прынцыпы: фанетычны (захаванне асаблівасцяў вымаўлення) і марфалагічны (захаванне нязменнымі асобных марфал. частак слова); сустракаюцца таксама правапісныя нормы, замацаваныя традыцыяй. Сучасная бел. арфаграфія рацыянальна спалучае фанет. і марфал. прынцыпы.
Бел. арфаграфія фарміравалася на працягу доўгага часу. Ужо ў ранніх помніках бел. Пісьменства 14—15 ст. адлюстраваны найб. характэрныя асаблівасці бел.фанетыкі. З 19 ст., калі жывая нар. гаворка стала асновай бел.літ. мовы, складваюцца і замацоўваюцца найважнейшыя рысы бел. арфаграфіі (напр., перавага аддаецца фанет. прынцыпу). Станаўленню арфаграфічных нормаў садзейнічала навук. распрацоўка бел. мовы на пач. 20 ст. (працы Я.Ф.Карскага). Першая спроба нармалізаваць арфаграфію зроблена ў «Граматыцы для беларускіх школ» Б.А.Тарашкевіча (1918). Пастановай СНКБССР ад 23.8.1933 «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» праведзена ўдакладненне бел. арфаграфіі, значная роля была адведзена марфалаг. прынцыпу. Пасля шырокай дыскусіі ў 1929—57 СМБССР зацвердзіў праект Арфаграфічнай камісіі «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (11.5.1957). На яго аснове выдадзены «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959). Аднак і яны не ахопліваюць усіх спрэчных і няясных выпадкаў, таму праца па ўдасканаленні правілаў бел. арфаграфіі працягваецца.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 2 выд.Мн., 1984;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА,
агульная лінгвістыка, галіна мовазнаўства, якая вывучае універсальныя ўласцівасці і заканамернасці мовы як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця. Сярод гал. праблем агульнага мовазнаўства — сац. сутнасць, знакавасць, развіццё мовы, мова і мысленне, мова і грамадства, мова і паэт. творчасць; тыпалогія моў паводле іх будовы і асаблівасцяў функцыянавання, метады даследавання мовы. Паводле асаблівасцяў прадмета і метадаў даследавання вылучаюць: агульную фанетыку, лексікалогію, граматыку, стылістыку; лінгвістычную паэтыку; сацыялінгвістыку; псіхалінгвістыку, матэматычную лінгвістыку; тэорыю перакладу; этналінгвістыку і інш. З агульным мовазнаўствам цесна звязана прыкладное мовазнаўства, а таксама вывучэнне канкрэтных моў або груп моў. Фарміраванне агульнага мовазнаўства адбывалася з пач. 19 ст., найперш у працах В.Гумбальта. Уклад у яго развіццё зрабілі А.А.Патабня, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр. На Беларусі першыя публікацыі агульналінгвістычнага характару з’явіліся ў 1920-я г. («Асноўныя пытанні мовазнаўства» П.А.Бузука, 1926). Бел. мовазнаўцы вывучаюць агульналінгвістычныя праблемы знакавага семіялагічнага) характару мовы (В.У.Мартынаў), прыкладнога мовазнаўства (У.А.Карпаў, У.А.Зубаў), эксперым. фанетыкі (К.К.Барышнікава, Г.А.Мятлюк, А.І.Падлужны), агульнай лексікалогіі (А.І.Кісялеўскі, Б.А.Плотнікаў), стылістыкі (М.Я.Цікоцкі), псіхалінгвістыкі (Г.П.Кліменка, Б.Ю.Норман), тэорыі перакладу (П.І.Копанеў, В.П.Рагойша), сацыялінгвістыкі (Н.Б.Мячкоўская), двухмоўя (М.В.Бірыла, М.Г.Булахаў, А.Я.Міхневіч, П.П.Шуба). У Ін-це мовазнаўства АН Беларусі створаны аддзел, у БДУ і Гродзенскім ун-це — кафедры тэарэтычнага і слав. мовазнаўства.
Літ.:
Мечковская Н.Б., Плотников Б.Н., Супрун А.Е. Общее языкознание: Сущность и история языка. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
прыродныя і штучныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце будынкаў і збудаванняў. Да будаўнічых матэрыялаў належаць прыродныя каменныя, лясныя, керамічныя, арган. і мінер. вяжучыя, метал., кампазіцыйныя, цепла- і гідраізаляцыйныя, дахавыя, лакафарбавыя і інш. матэрыялы.
Прыродныя каменныя матэрыялы (бутавы камень, жвір, друз, пясок, гліна і інш.) выкарыстоўваюцца для буд-ва фундаментаў, сцен, дарожнага адзення, падпорных сценак, а таксама для вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу, розных кангламератаў. Лясныя будаўнічыя матэрыялы (бярвёны, брусы, дошкі, вырабы з драўніны) ідуць на буд-ва дахаў, падлог, столяў, аконных і дзвярных блокаў і інш. (гл.Драўнінныя матэрыялы). Керамічныя матэрыялы (цэгла, цагляныя камяні і інш.) прызначаны для буд-ва сцен, вырабы з керамікі — для стварэння сан.-тэхн., дрэнажавальных, электраахоўных і інш. сістэм (гл.Будаўнічая кераміка). Пашыраны ў буд-ве вяжучыя матэрыялы — арган. (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты і інш.) і мінер. (цэмент, вапна, гіпс). Злучэннем мінер. запаўняльнікаў і вяжучых рэчываў атрымліваюць бетоны (цэментна-, асфальта-, жалеза- і палімербетоны) і будаўнічыя растворы (цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя, асфальтавыя і іх спалучэнні). Шырока выкарыстоўваюць будаўнічыя канструкцыі са сталі, алюмініевых сплаваў, кампазіцыйных, металапалімерных і інш. матэрыялаў. Цеплаізаляцыйныя матэрыялы атрымліваюць спяканнем шклянога парашку (шклавата, пенашкло і інш.) або змешваннем розных матэрыялаў; яны маюць нізкую цеплаправоднасць. Гідраізаляцыйныя матэрыялы (гідраізол, металаізол, бітумамінер. тканіны і інш.) маюць павышаную водаўстойлівасць і выкарыстоўваюцца для аховы буд. канструкцый ад вільгаці. Дахавыя матэрыялы (руберойд, пергамін, толь, шклоруберойд і інш.) атмасфера- і водаўстойлівыя. Лакафарбавыя матэрыялы (лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі) — вадкія, паста- ці парашкападобныя саставы. Гл.таксамаБудаўнічых матэрыялаў прамысловасць.
І.І.Леановіч.
Будаўнічыя машыны: а — на базе аднавосевага цягача; б — на базе двухвосевага цягача; 1 — пнеўмашынны каток; 2 — цэментавоз; 3 — грэйдэр-элеватар; 4 — аднакаўшовы пагрузчык; 5 — карчавальнік; 6 — плужны снегаачышчальнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ДЫНА́МІКА,
раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух газападобных і вадкіх асяроддзяў з улікам сціскальнасці і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Сучасная газавая дынаміка вывучае таксама цячэнне газаў пры высокіх т-рах, што суправаджаецца хім. (дысацыяцыя, гарэнне і інш.) і фіз. (іанізацыя, выпрамяненне і інш.) працэсамі. Да газавай дынаміцы адносяцца таксама радыяцыйная газавая дынаміка, дынаміка плазмы, дынаміка выбуху і дэтанацыі, дынамічная метэаралогія і інш. Газавая дынаміка цесна звязана з тэрмадынамікай.
Газавая дынаміка займаецца вывучэннем сіл, якія дзейнічаюць на самалёт, снарад, ракету, на лапаткі турбін, вызначэннем найбольш прыдатных (абцякальных) формаў гэтых цел, разлікам соплаў, дыфузараў, эжэктараў, эксперым. даследаваннямі ў аэрадынамічных трубах, мадэляваннем на ЭВМ і інш.Тэарэт. разлікі пераносяцца на натуру метадамі падобнасці тэорыі. Найб. важная характарыстыка газавых патокаў — лік Маха: М = ν/a (ν — скорасць газу, а — скорасць гуку ў газе). Пры скарасцях газаў, меншых за скорасць гуку ў газе (М<1), сціскальнасць газу надае патоку толькі якасныя змены, а пры скарасцях газу, большых за скорасць гуку ў газе (М>1), рух цела суправаджаецца ўзнікненнем ударнай хвалі і рэзкім ростам супраціўлення руху. Вялікі ўклад у развіццё газавай дынамікі зрабілі вучоныя: расійскі С.А.Чаплыгін, савецкія С.А.Хрысціяновіч, А.А.Дарадніцын, Л.І.Сядоў, ням. Л.Прандтль, Т.Маер, англ. Дж.І.Тэйлар і інш.
На Беларусі даследаванні па газавай дынаміцы пачаліся ў 1960-я г. ў АН Беларусі і БДУ. Вынікі даследаванняў па газавай дынаміцы выкарыстоўваюцца ў фізіцы плазмы, балістыцы, ракета- і турбамашынабудаванні і інш.
Літ.:
Абрамович Г.Н. Прикладная газовая динамика. Ч. 1—2. 5 изд. М., 1991;
Зельдович Я.Б., Райзер Ю.П. Физика ударных волн и высокотемпературных гидродинамических явлений. 2 изд. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЧАТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы, якія не дэфармуюцца і не разбураюцца пры высокіх т-рах пад уздзеяннем мех. нагрузак. Гарачатрываласць вызначаецца ў асноўным межамі паўзучасці і працяглай трываласці, дасягаецца падборам хім. саставу матэрыялу (сплаву) у спалучэнні з пэўнымі ўмовамі крышталізацыі і тэрмічнай апрацоўкі.
Гарачатрывалая сталь мае акрамя жалеза хром, нікель, марганец і інш. Яе мех. ўласцівасці павышаюць легіраваннем (малібдэн, вальфрам, ванадый, ніобій і інш.), загатоўкай з наступным старэннем. Выкарыстоўваецца на выраб дэталей паравых установак высокага ціску, клапанаў авіярухавікоў, турбінных і кампрэсарных дыскаў і інш.Гарачатрывалыя сплавы ствараюцца на нікелевай, кобальтавай, жалезахроманікелевай аснове. Патрэбную іх структуру (з раўнамерным размеркаваннем часціц інтэрметалічных злучэнняў, барыдаў) атрымліваюць гомагенізавальным гартаваннем і старэннем, легіраваннем тугаплаўкімі хім. элементамі і элементамі-ўмацавальнікамі (тытан, алюміній, ніобій, бор), а таксама памяншэннем колькасці свінцу, волава, сурмы, вісмуту, серы. Вырабы, прызначаныя для працяглай эксплуатацыі пры т-ры больш за 800 °C, дадаткова апрацоўваюць алітаваннем, эмаліраваннем, на іх наносяць тугаплаўкія вокіслы і інш. Гарачатрывалыя сплавы ідуць на выраб дэталей паравых і газавых турбін, газатурбінных рухавікоў, энергет. машын і інш.Гарачатрывалы чыгун — аўстэнітны, з шарападобнай формай графіту, легіраваны нікелем, хромам і марганцам. З яго атрымліваюць вырабы, якія эксплуатуюцца пры павышаных т-рах (да 600 °C) і нагрузках у агрэсіўных асяроддзях: галоўкі поршняў, выхлапныя калектары рухавікоў унутр. згарання, карпусы турбанагравальнікаў і інш. Да гарачатрывалых матэрыялаў адносяцца таксаматугаплаўкія металы, металакераміка, некаторыя кампазіцыйныя матэрыялы.
На Беларусі гарачатрывалыя матэрыялы даследуюцца ў Фіз-тэхн. ін-це АН Беларусі. Створаны эканомналегіраваныя гарачаўстойлівыя маркі сталі (выкарыстоўваюцца для вырабу тэрмічных печаў, шклаформаў і інш.), накіравана закрышталізаваныя эўтэктычныя сплавы (больш гарачаўстойлівыя, чым вядомыя прамысловыя), даследаваны высокалегіраваныя сплавы на жалезнай, алюмініевай і нікелевай асновах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОРНАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, горная прамысловасць,
комплекс галін нар. гаспадаркі, якія займаюцца разведкай і здабычай карысных выкапняў, а таксама іх першаснай перапрацоўкай і абагачэннем. Вылучаюць асн. групы: паліваздабыўныя, рудаздабыўныя прадпрыемствы, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім., гідрамінеральная.
Горназдабыўная прамысловасць узнікла ў далёкім мінулым, калі чалавек пачаў карыстацца неабходнымі яму выкапнямі. Яе хуткае развіццё звязана з прамысл. пераваротам канца 18 — пач. 19 ст., калі шматразова павялічыліся патрэбы ў высокакаларыйным паліве, разнастайнай металургічнай сыравіне, буд. матэрыялах геал. паходжання, падземных водах, мінер. солях і інш. выкапнях. Сучасная структура прадукцыі сусветнай горназдабыўной прамысловасці характарызуецца значнай перавагай у ёй (вартасным выражэнні) паліўнаэнергет. сыравіны — нафты, прыроднага газу, кам. вугалю. У апошнія дзесяцігоддзі развіццё горназдабыўной прамысловасці звязана з пераважным пераходам да адкрытай распрацоўкі радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў. Пашыраецца працэс выкарыстання ўсё больш беднай сыравіны, павелічэння аб’ёму перапрацоўваемай горнай масы, глыбінь горных работ і інш., якія патрабуюць удасканалення спосабаў здабычы і тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны. Прагрэс горназдабыўной прамысловасці ў асноўным звязаны з далейшым развіццём традыц. метадаў здабычы і перапрацоўкі сыравіны, а таксама з укараненнем прынцыпова новых тэхнал. схем і тэхн. рашэнняў (стварэнне комплексаў па распрацоўцы жалеза-марганцавых канкрэцый на дне акіянаў, распрацоўкі адносна танных метадаў атрымання металаў з марской вады і інш.).
На Беларусі існуюць наступныя асн. галіны горназдабыўной прамысловасці: паліваздабыўная, рудаздабыўная, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім. і гідрамінеральная. На пач. 1996 было 370 прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасці (2,11% ад агульнай колькасці прамысл. прадпрыемстваў рэспублікі), на якіх працавала 24 457 чал. (2,08% ад занятых у прам-сці). Аб’ём кошту прадукцыі горназдабыўной прамысловасці склаў 4,2% ад агульнага па прам-сці Беларусі. Найбольшыя аб’яднанні і прадпрыемствы: «Беларуськалій», «Беларусьнафта», «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Граніт», «Крычаўцэментнашыфер» і інш.
А.А.Саламонаў.
Да арт.Горназдабыўная прамысловасць. Горназдабыўны камбайн у шахце ВА «Беларуськалій».