КРО́НВАЛДС, Кронвальд (Kronvalds) Аціс (15.4.1837, Курземе каля г. Ліепая, Латвія — 17.2.1875), латышскі грамадскі дзеяч, педагог, мовазнавец. Скончыў пед. курсы пры Тартускім ун-це (1867), быў вольным слухачом Берлінскага ун-та (1859). Удзельнік руху младалатышоў. Выступаў супраць палітыкі анямечвання латышоў, за вызваленне лат. мовы ад германізмаў, пашырэнне сеткі лат. нар. школ. Зрабіў значны ўклад у развіццё лат. мовы. Аўтар кн. «Нацыянальныя імкненні» (1872 на ням., 1887 на лат. мовах).

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЛЕ́ЎШЧЫНА,

вёска ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл.; чыг. станцыя на лініях Маладзечна—Полацк і Крулеўшчына—Варапаева. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 18 км на Пн ад г. Докшыцы, 205 км ад Віцебска. 3348 ж., 1421 двор (1998). Торфабрыкетны з-д, лакаматыўнае дэпо. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Царква, касцёл. Каля вёскі Крулеўшчынскае радовішча пясчана-жвіровага матэрыялу.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВО́Е ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Шоша, за 26 км на У ад г. Глыбокае. Пл. 0,32 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 250 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 12 км². Схілы катлавіны выш. да 5 м, параслі лесам і хмызняком, на Пд часткова разараныя. Берагі высокія, на У зліваюцца са схіламі. Злучана ручаямі з воз. Баброва і возерам без назвы.

т. 8, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства ў бас. Зах. Бярэзіны. Існавала ў 14 ст. Цэнтр — Крэва. Каля 1338 вял. князь ВКЛ Гедзімін аддаў К.к. свайму сыну Альгерду. Пазней належала сыну Альгерда Ягайлу. Верагодна, ужо ў 14 ст. страціла значэнне ўдзела, пазней пераўтворана ў староства ў Віленскім ваяв. У навук. л-ры часам сцвярджаецца, што ў 1387—91 К.к. належала брату Ягайлы кн. Вігунду (Аляксандру), на самай справе той валодаў г. Кернаў у Літве.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУНГ-ФУ́, кун-фу (кіт. старанныя заняткі, трэніроўка),

адна з сістэм адзінаборстваў без зброі (практыка псіхафізічнага трэнінгу): аснова кэмпо; частка сістэмы ушу. Сфарміравалася ў Кітаі каля 960—1200. Дала пачатак яп. сістэмам джыу-джыцу і каратэ. У ЗША культывуецца з 1940-х г., у Еўропе — з сярэдзіны 1950-х г. Адметныя рысы стылю — псіхічны трэнінг, загартоўванне цела, развіццё скорасна-сілавых якасцей. Папулярызатар і распаўсюджвальнік К.-ф. — Б.​Лі (ЗША).

т. 9, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РСКАЯ МАГНІ́ТНАЯ АНАМА́ЛІЯ (КМА),

буйнейшы жалезарудны басейн на тэр. Курскай, Белгародскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Пл. каля 120 тыс. км². Радовішчы магнетытавых кварцытаў прымеркаваны да метамарфічных парод і гранітоідаў дакембрыю; багатыя руды ў кары выветрывання жалезістых кварцытаў. Разведаныя запасы больш за 25 млрд. т, у якіх жалеза 32—37%, і больш за 30 млрд. т, у якіх жалеза 52—66%. Выяўлена ў 1783, эксплуатуецца з 1952. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі.

т. 9, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ТНЕЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСЧА́НА-ЖВІРО́ВАГА МАТЭРЫЯ́ЛУ У Салігорскім р-не Мінскай вобл., каля в. Кутнева. Пластападобны паклад звязаны з марэннымі адкладамі сожскага гарызонту. Пясчана-жвіровы матэрыял шаравата- і буравата-жоўты, з праслоямі і гнёздамі пяску. Пяскі-адсевы і прыродны пясок палевашпатава-кварцавыя. Разведаныя запасы 11,3 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,5—26,3 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—6,2 м. Пясчана-жвіровы матэрыял і пясок прыдатныя ў дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЫЗЫ́Л-ІРМА́К (тур. Kizilirmak чырвоная рака; ант. назва — Галіс),

рака на Пн Турцыі. Даўж. 1151 км, пл. басейна 77,1 тыс. км². Вытокі ў гарах Кызылдаг. Перасякае Анаталійскае пласкагор’е і Пантыйскія горы, упадае ў Чорнае м. Веснавое разводдзе, летняя межань, асеннія паводкі ад дажджоў. Сярэдні гадавы расход вады каля 170 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. У сярэднім цячэнні — гідравузел Хырфанлар (ГЭС, вадасховішча даўж. 75 км). У даліне К. гарады Сівас, Бафра.

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЮНГЁЙ-АЛА́-ТО́О, Кунгей-Алатау,

хрыбет на Пн Цянь-Шаня, які абмяжоўвае з Пн Ісык-Кульскую катлавіну ў Казахстане і Кыргызстане. Даўж. каля 280 км. Выш. да 4771 (г. Чок-Тал). Складзены з гранітаў, сланцаў, пясчанікаў. Пераважае высакагорны рэльеф. Ледавікі агульнай пл. 237 км². На паўн. схілах і ў цяснінах — лясы з цянь-шаньскай елкі, на паўд. — горныя стэпы, вышэй — горныя лугі і лугастэпы. Ва ўсх. ч. перавал Сан-Таш.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́НЕ, Лагон (Logone),

рака ў Цэнтр. Афрыцы, у Чадзе і Камеруне, левы прыток р. Шары (бас. воз. Чад). Даўж. 965 км (з р. Мберэ). Утвараецца ад сутокаў рэк Мберэ і Пендэ. Сярэдні расход вады каля г. Бангор (Чад) 540 м³/с. Пры моцных паводках частка сцёку паступае ў бас. Нігера (па сістэме праток у прыток Бенуэ р. Майо-Кебі). Суднаходная ў перыяд дажджоў (чэрв.—жн.) ніжэй г. Бангор.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)