ГАІ́ЦІ (Haïti),

Рэспубліка Гаіці (République d’Haïti), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае зах. частку в-ва Гаіці і суседнія дробныя астравы. На У мяжуе з Дамініканскай Рэспублікай. Аддзелена ад Кубы Наветраным пралівам, ад Ямайкі — прал. Ямайка. Падзяляецца на 9 дэпартаментаў. Пл. 27,8 тыс. км². Нас. 6,9 млн. чал. (1993). Сталіца — г. Порт-о-Прэнс. Дзярж. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).

Прырода. Большая частка паверхні — чаргаванне горных масіваў (хр. Паўночны, Мато, Сель, От, Мантань-Нуар) выш. да 2680 м (г. Ла-Сель) з міжгорнымі далінамі і ўпадзінамі (Паўн. раўніна, даліна р. Артыбаніт, Цэнтр. плато, упадзіна Кюль-дэ-Сак). Ёсць радовішчы баксітаў, меднай руды. Клімат трапічны пасатны. Т-ра паветра ад 23—25 °C у студз. да 29 °C у ліп. Ападкаў 1000—2000 мм за год, у закрытых горных далінах каля 500 мм; вільготны сезон (май—верасень). Бываюць ураганы. Рэкі кароткія, часткова выкарыстоўваюцца на арашэнне. Пад вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі засталося 4% тэрыторыі.

Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — гаіцяне, нашчадкі рабоў, вывезены з Афрыкі ў 16—18 ст. Паводле расавага складу негры (95%) і мулаты (5%). Большасць вернікаў — католікі, шырока распаўсюджаны афра-хрысціянскі культ ваду́. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 248 чал. на 1 км². Значная частка яго сканцэнтравана ў прыбярэжных раёнах, асабліва на Пд і ПнУ, у міжгорных далінах. Гар. насельніцтва 30%. Найб. горад Порт-о-Прэнс — 753 тыс. ж., затым Кап-Аіцьен 92 тыс. ж., Ганаіў — 63 тыс. ж. (1992). У сельскай гаспадарцы занята 66% насельніцтва, у абслуговых галінах — 25%, у прам-сці — 9%.

Гаспадарка. Гаіці — самая бедная краіна Лац. Амерыкі, уваходзіць у лік 7 найменш развітых краін свету. Эканоміка базіруецца на с.-г. вытв-сці. Сярэднегадавы даход на душу насельніцтва каля 450 дол. ЗША. У эканоміцы пераважае замежны капітал. Для сельскай гаспадаркі характэрны шматлікія карлікавыя сял. гаспадаркі і буйныя плантацыі таварных культур. Апрацоўваецца каля 33% плошчы краіны, пад лугамі і пашай — каля 20%. Вырошчваюцца экспартныя культуры: кава (займае 11% апрацаваных зямель), сізаль, какава, цукр. трыснёг, бавоўнік, тытунь, эфіраалейныя культуры; харчовыя: кукуруза, рыс, бананы, маніёк, проса. Жывёлагадоўля пераважна ў гарах. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, аслоў і мулаў. Лоўля рыбы, крабаў, крэветак, амараў. Прам-сць развіта слаба. Некалькі невялікіх ЦЭС працуюць на імпартным паліве. Горназдабыўная прам-сць: здабыча баксітаў і гліназёмны з (каля г. Мірагаан), невял. здабыча меднай руды і цэментнай сыравіны. Параўнальна развіта тэкст. прам-сць. Ёсць асобныя прадпрыемствы гарбарна-абутковай, харчасмакавай прам-сці, цукр. з, сізалевыя ф-кі, цэментны з, фармацэўтычныя прадпрыемствы, саматужныя майстэрні. Амаль усе прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў сталіцы. Транспарт пераважна аўтамабільны. Ёсць 4000 км аўтадарог, 950 км з іх асфальтаваныя. Гал. марскі порт і міжнар. аэрапорт Порт-о-Прэнс. Гаіці экспартуе вырабы тэкст. прам-сці, каву, інш. с.-г. прадукты; імпартуе прамысл. і харч. тавары, паліва, хімікаты. Гал. гандл. партнёр ЗША (каля 84% экспарту і 65% імпарту). Імпарт перавышае экспарт у 2 разы. Краіна выкарыстоўвае дапамогу развітых краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — гурд.

Гісторыя. В-аў Гаіці адкрыты Х.​Калумбам у 1492, названы ім Эспаньёлай. Спачатку каланізаваны іспанцамі, якія амаль поўнасцю знішчылі карэннае насельніцтва — індзейцаў-аравакаў. З пач. 16 ст. пачаўся масавы ўвоз неграў-рабоў з Афрыкі для работы на плантацыях. У 17 ст. ў зах. ч. Пасяліліся франц. піраты, з 1697 гэта ч. вострава афіцыйна адышла да Францыі і атрымала назву Сан-Дамінга. Тут развівалася вытв-сць цукру, кавы, какава, бавоўны. Гаіці лічылася самай багатай франц. калоніяй. Разам з тым негры-рабы (90% насельніцтва) жорстка эксплуатаваліся і жылі ў галечы, моцна былі абмежаваны правы свабодных мулатаў. У канцы 18 ст. пад уплывам франц. рэвалюцыі 1789—99 пачаўся бурны ўздым нац.-вызв. руху. Паўстанне рабоў у 1791 перарасло ў вайну за незалежнасць. На чале паўстанцаў стаяў Ф.Д.Тусэн-Луверцюр, які нанёс паражэнне англ. і ісп. войскам, адмяніў рабства, у 1801 абвешчаны пажыццёвым кіраўніком усяго вострава, уключаючы і яго ўсх. частку. Пасля яго паланення французамі барацьбу ўзначаліў ген. Ж.Ж.Дэсалін. 1.1.1804 ён абвясціў незалежнасць калоніі, аднавіўшы старую індзейскую назву — Гаіці. Значная ч. зямель плантатараў была перададзена б. рабам. На працягу ўсяго 19 ст. ў краіне ішла барацьба за ўладу паміж прадстаўнікамі мулацкіх і негрыцянскіх вярхоў, частымі былі змовы і дзярж. перавароты. У 1844 усх. ч. в-ва Гаіці (Санта-Дамінга) аддзялілася, утварыўшы Дамініканскую Рэспубліку. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Гаіці ўзмацніўся прыток замежнага капіталу. У 1915—34 Гаіці акупіравана ЗША, стала фактычна іх пратэктаратам. У 1957 у выніку выбараў, якія праходзілі ў абставінах дэстабілізацыі, прэзідэнтам стаў Ф.Дзювалье, які ў 1964 абвясціў сябе «пажыццёвым прэзідэнтам» і ўстанавіў жорсткі рэжым тэрору і гвалту. Пасля смерці Ф.​Дзювалье ў 1971 пост прэзідэнта перайшоў да яго сына Жан Клода, які прадоўжыў умацаванне рэжыму жорсткай дыктатуры. Задушэнне апазіцыі, расправы і пакаранні, дзеянні тайнай паліцыі выклікалі шырокі пратэст у свеце, што прывяло да ізаляцыі краіны, скарачэння замежных інвестыцый, спынення турызму. Рэзка пагоршылася эканам. становішча Гаіці, у сярэдзіне 1980-х г. па краіне пракацілася хваля пратэсту, узначаленая каталіцкім духавенствам. У час нар. паўстання ў лют. 1986 Ж.​К.​Дзювалье ўцёк з краіны. У 1987 прынята новая канстытуцыя Гаіці, а ў 1990 на першых свабодных выбарах прэзідэнтам стаў левы паліт. дзеяч святар Ж.​Б.​Арыстыд. Рэформы, якія ён стаў праводзіць, выклікалі незадаволенасць ваен. алігархіі. 30.9.1991 прэзідэнт быў скінуты і высланы з краіны. Арг-цыя Амер. дзяржаў (ААД) і ААН асудзілі пераварот і запатрабавалі вярнуць да ўлады законна выбранага прэзідэнта. Супраць ваен. рэжыму былі ўведзены міжнар. санкцыі. У кастр. 1994 Арыстыд вярнуўся на Гаіці. У пач. 1996 яго змяніў на пасадзе прэзідэнта паплечнік, б. прэм’ер-міністр Р.​Прэваль. Гаіці — чл. ААН з 1945, чл. ААД, Лац.-амер. эканам. супольнасці. Найб. паліт. партыі — Нац. фронт за дэмакратыю і перамены, Рух за аднаўленне дэмакратыі і інш. Вядучыя прафс. аб’яднанні — Канфедэрацыя дэмакр. адзінства, Прафс. цэнтр працоўных Гаіці.

І.​В.​Загарэц (гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Гаіці.

т. 4, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НЗА (франц. bronze),

1) у тэхніцы — сплаў на аснове медзі, у якім асн. дабаўкамі з’яўляюцца волава, алюміній, берылій, крэмній, свінец, хром і інш. элементы, за выключэннем цынку (яго сплаў з меддзю наз. латунь) і нікелю (медна-нікелевы сплаў). Адпаведна бронза называецца алавянай, алюмініевай і г.д. Бронза мае значную трываласць, пластычнасць, цвёрдасць, высокія антыкаразійныя і антыфрыкцыйныя ўласцівасці.

Алавяная бронза мае да 11% волава і невялікія дабаўкі цынку, свінцу, фосфару, нікелю. Вызначаецца малым каэф. трэння па сталі. З яе робяць рабочы слой падшыпнікаў слізгання і антыкаразійную арматуру. Алюмініевая бронза мае 11% алюмінію і дабаўкі жалеза, нікелю і марганцу, якія павялічваюць трываласць сплаву. Устойлівая да сернай і большасці арган. кіслот. З яе робяць стужкі, палосы на спружыны, пруткі, трубы і фасонныя адліўкі. Берыліевая бронза мае да 2,4% берылію. Ідзе на выраб мембран, спружын, кантактаў, шасцерняў. Крэмніевая бронза мае 1—3% крэмнію, а таксама нікель, цынк, свінец, марганец. Вызначаецца высокімі мех. характарыстыкамі, антыфрыкцыйнымі ўласцівасцямі, добра зварваецца, паяецца і апрацоўваецца рэзаннем. З яе робяць пруткі, стужкі, сеткі, рашоткі, электроды. Марганцавая бронза вызначаецца павышанай каразійнай устойлівасцю, гарачатрываласцю. Свінцовістая бронза можа мець да 60% свінцу. Ёю ўкрываюць (тонкім слоем) укладышы і ўтулкі, якія працуюць у рэжыме слізгання. Хромістая бронза вызначаецца высокай электра- і цеплаправоднасцю. Ідзе на выраб калектараў эл. рухавікоў, электродаў.

2) У мастацтве — адзін з найб. пашыраных матэрыялаў для дэкар.-прыкладных вырабаў і скульптуры. Ліццё з алавянай бронзы (сплаў медзі з волавам, часам з дадаткамі інш. металаў) дае магчымасць з макс. дакладнасцю ўзнаўляць найдрабнейшыя дэталі мадэлі. Добра паддаецца апрацоўцы (чаканцы, паліроўцы, таніроўцы). Матэрыял пластычна вельмі выразны, на паверхні скульптуры (манум., дэкар., станковай) стварае своеасаблівыя святлоценявыя эфекты. Пад дзеяннем атм. з’яў набывае спецыфічныя адценні (паціну).

Вырабы з бронзы вядомы ў мастацтве Месапатаміі (3-е тыс. да н.э.), Стараж. Егіпта (2-е тыс. да н.э.); час росквіту — эпоха італьян. Адраджэння. З 17 ст. маст. ліццё з бронзы пашырана ў Францыі. Вядомыя творы з бронзы ў бел. мастацтве: помнікі Я.​Коласу (1972, скульпт. З.​Азгур), Я.​Купалу (1972, А.​Анікейчык, Л.​Гумілеўскі, А.​Заспіцкі), М.​Багдановічу (1981, С.​Вакар) у Мінску, Ф.​Скарыне (1974, А.​Глебаў) у Полацку, С.​Буднаму (1980, С.​Гарбунова) у Нясвіжы і інш.

Да арт. Бронза. Барыс і Глеб. Сярэдзіна 12 ст. Гарадскі пасёлак Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобл.
Да арт. Бронза. Статуэтка Асірыса. 2-я пал. 1-га тыс. да н.э.

т. 3, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІПР (грэч. Kypros, тур. Kibris),

Рэспубліка Кіпр (грэч. Kypriakē Dēmokratia, тур. Kibris Cumhuriyeti), дзяржава ў Зах. Азіі на аднайм. востраве ва ўсх. ч. Міжземнага м. Пл. 9251 км². Нас. 752,8 тыс. чал. (1997), у т. л. ў тур. частцы на Пн вострава каля 180 тыс. чал. (разам з 80 тыс. перасяленцамі з Турцыі). Дзярж. мовы — грэч. і турэцкая. Сталіца — г. Нікасія Падзяляецца на 6 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 кастр.). Паўн. ч. вострава (3355 км²) кантралюецца Турцыяй. На Пд вострава пад суверэнітэтам Вялікабрытаніі 2 ваен. базы пл. 280 км².

Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1960. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Пасаду прэзідэнта займае прадстаўнік грэчаскай, віцэ-прэзідэнта — прадстаўнік турэцкай часткі насельніцтва. Прэзідэнт і віцэ-прэзідэнт ствараюць урад, падсправаздачны ім. Вышэйшы орган заканад. улады — Палата прадстаўнікоў, якую выбірае насельніцтва на 5 гадоў (у яе складзе 70% прадстаўнікоў ад грэкаў і 30% — ад туркаў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту, віцэ-прэзідэнту і ўраду.

Прырода. Уздоўж вострава цягнуцца 2 горныя ланцугі: паўночны — горы Кірэнія (да 1023 м) і Карпас, паўднёвы — горы Траодас (да 1951 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна. З карысных выкапняў ёсць медныя і жал. руды, азбест, буд. матэрыялы і інш. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэднія т-ры на раўніне і ўзбярэжжах у лют. каля 12 °C, у жн. да 28 °C. Ападкаў да 600 мм на ўзбярэжжах, да 1000—1300 мм у гарах (выпадаюць пераважна зімой). Рэчышчы запаўняюцца вадой толькі пасля зімовых дажджоў. Расліннасць: да выш. 500 м вечназялёныя хмызнякі (маквіс, фрыгана), вышэй — лясы (займаюць 18% тэрыторыі) з дубу, кіпарысу, алепскай хвоі. Некалькі рэзерватаў і ахоўных тэрыторый.

Насельніцтва 78% складаюць грэкі, 18% — туркі. Жывуць таксама армяне, арабы і інш. Вернікі — праваслаўныя (грэкі) і мусульмане (туркі). Сярэднегадавы прырост каля 1,1%. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 81 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы. У гарадах 55% насельніцтва (1997). У г. Нікасія 186,4 тыс. ж. (1994). Значныя гарады — Лімасол (больш за 100 тыс. ж.), Фамагуста, Ларнака. У прам-сці занята 26% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 12,5, у абслуговых галінах — 61,5%.

Гісторыя. На тэр. К. выяўлены рэшткі неалітычных пасяленняў (6-е тыс. да н.э.). У канцы 15—11 ст. да н.э. востраў каланізаваны ахейцамі, у 9 ст. да н.э. — фінікійцамі; быў адным з цэнтраў мікенскай культуры. У канцы 8 ст. да н.э. падпарадкаваны Асірыяй, каля 560 да н.э. Егіптам, у сярэдзіне 6 ст. — дзяржавай Ахеменідаў. У 333—323 да н.э. ў складзе дзяржавы Аляксандра Македонскага, у 294—58 — дзяржавы Пталамеяў, у 58 да н.э. заваяваны Стараж. Рымам У канцы 4 ст. н.э. адышоў да Візантыі, у 648 заваяваны арабамі, у 965 — Візантыяй. У 1191 востраў захапілі крыжакі і стварылі Кіпрскае каралеўства, якім у 1192—1297 валодала дынастыя Лузіньянаў, потым Антыёхаў-Лузіньянаў. З 1485 К. належаў Венецыі, у 1571 заваяваны Асманскай імперыяй. У 19 ст. тут зарадзіўся рух грэкаў-кіпрыётаў за аб’яднанне К. з Грэцыяй (энозіс). У час Грэчаскай нацыянальна-вызваленчай рэвалюцыі 1821—29 туркі абвінавацілі правасл. духавенства ў падтрымцы паўстанцаў і арганізавалі разню хрысц. насельніцтва ў г. Нікасія, канфіскавалі ўласнасць манастыроў. У 1878 Вялікабрытанія на падставе падпісанай з Турцыяй сакрэтнай канвенцыі акупіравала К., а ў пач. 1-й сусв. вайны (1914) анексіравала яго, што паводле Лазанскага дагавора 1923 прызнана Турцыяй. У 1925 К. атрымаў статус брыт калоніі. У 1930-я г. тут адбываліся антыбрыт хваляванні, папулярнасць набыла ідэя ўз’яднання К. з Грэцыяй У 1950 архіепіскап Макарыяс III стаў кіраўніком кіпрскай правасл. царквы і ўзначаліў рух за энозіс. У 1955 створана Кіпрская арг-цыя нац. вызвалення (ЭОКА), мэтай якой была ўзбр. барацьба за вызваленне К. з-пад брыт. улады і далучэнне да Грэцыі. У сваёй дзейнасці яна выкарыстоўвала тэрарыст. метады, што прывяло да ўвядзення на К. надзвычайнага становішча. Адначасова абвастрыўся канфлікт паміж грэч. і тур. абшчынамі вострава, у якім актыўна ўдзельнічалі Грэцыя і Турцыя. Барацьба кіпрыётаў завяршылася падпісаннем Цюрыхска-Лонданскіх пагадненняў 1959, якія прадугледжвалі прадастаўленне дзярж. незалежнасці К., вызначылі асновы яго дзярж. ладу, але абмежавалі суверэнітэт: Грэцыя і Турцыя атрымалі права трымаць на востраве свае войскі, Вялікабрытанія — 2 вайск. базы.

16.8.1960 К. абвешчаны незалежнай рэспублікай. Першым прэзідэнтам абраны архіепіскап Макарыяс III, віцэ-прэзідэнтам — прадстаўнік тур. абшчыны Ф.​Кучук. Канстытуцыя 1960 вызначыла прынцыпы сумеснага пражывання на востраве грэч. і тур. абшчын, але ў 1963 паміж імі пачаліся адкрытыя сутычкі. У 1964 ААН увяла на К. свае войскі. З вяртаннем у 1971 на востраў лідэра ЭОКА ген. Г.​Грываса ўзмацніўся паліт. націск грэч. ўрада з мэтай далучэння К. да Грэцыі. У 1974 адбылася спроба дзярж. перавароту, падтрыманага грэч. ваен. хунтай. У адказ Турцыя пад выглядам аднаўлення канстытуцыйнага ладу і абароны туркаў-кіпрыётаў увяла на востраў свае войскі, акупіравала 37% яго тэр.. што прывяло да фактычнага расколу К. на 2 адасобленыя часткі. У 1975 на акупіраванай Турцыяй тэр. абвешчана Федэратыўная тур. дзяржава Рэспубліка К. У 1977 прэзідэнтам К. абраны С.Кіпрыяну. У 1983 ААН заклікала Турцыю вывесці свае войскі з К. У адказ тур. бок ператварыў акупіраваную частку К. ў Тур. рэспубліку Паўночнага К. на чале з прэзідэнтам Р.​Дэнкташам. Абвяшчэнне сепаратысцкай дзяржавы туркаў-кіпрыётаў асудзіў Савет Бяспекі ААН. У 1984 туркі-кіпрыёты ўвялі ўласную валюту і пашпарты. Прэзідэнт Рэспублікі К. з 1993 Г.​Клірыдыс. К. — чл. ААН (з 1960), Садружнасці (з 1961). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 9.4.1992. Дзейнічаюць партыі: Дэмакр. збор, Партыя лібералаў, Прагрэс. партыя працоўнага народа К., Дэмакр. партыя, Адзіны дэмакр. саюз цэнтра і інш.

Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна з моцна развітой сферай міжнар. турызму і адпачынку. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 7,8 млрд. дол., больш за 10 тыс. дол. на 1 чал. Палітыка кіраўніцтва краіны накіравана на ператварэнне К. ў гандл., фін. і турыстычны цэнтр Усх. Міжземнамор’я з прыцягненнем замежных капіталаўкладанняў. Апрацоўчая прам-сць дае каля 17% даходаў, сельская гаспадарка — каля 8, сфера паслуг (у т. л. замежны турызм) — каля 47%. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы. Здабыча медных, жал. і хромавых руд, азбесту, кухоннай солі, гіпсу, вохры, мармуру. Вытв-сць электраэнергіі 2,6 млрд. кВтгадз (1995). ЦЭС працуюць на імпартнай нафце. Развіта харчасмакавая (віны, аліўкавы алей, кансерваваныя фрукты, агародніна, тытунёвыя вырабы) і лёгкая (тэкст., швейная, дрэваапр., парфумерная, гарбарна-абутковая) прам-сць. Асобныя прадпрыемствы машынабудавання. Вытв-сць буд. матэрыялаў, хімікатаў. У г. Ларнака нафтаперапр. з. У г. Лімасол выраб він і каньякоў. Саматужна-рамесніцкія промыслы (кераміка, метызы), вытв-сць сувеніраў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 600 тыс. га зямель, у т. л. пад ворывам каля 350 тыс. га (каля 100 тыс. га арашаецца). Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі (2/3 пасяўных зямель). Існуюць збытавыя, крэдытныя і спажывецкія кааператывы. Некаторыя з іх маюць невял. прамысл. прадпрыемствы. На свае патрэбы вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, авёс), бабовыя, агародніну. Экспартныя культуры: цытрусавыя (апельсіны, лімоны, грэйпфруты), вінаград, ранняя бульба. Тэхн. культуры: тытунь, бавоўна, лён. Садоўніцтва: вырошчваюць яблыкі, грушы, міндаль, персікі, грэцкія арэхі, ражкі (плады ражковага дрэва). Жывёлагадоўля развіта слаба (авечкі, козы, свінні). Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Марскія промыслы. Пчалярства і шаўкаводства. Вял. роля ў эканоміцы належыць замежнаму турызму і адпачынку. К. прываблівае турыстаў мяккім кліматам, выдатнымі пляжамі, цёплым морам, горнымі курортамі, шматлікімі помнікамі гісторыі і культуры, развітой сеткай пансіянатаў і атэляў. Штогод краіну наведвае каля 2,5 млн. замежных грамадзян. У 1994 замежны турызм і адпачынак прынеслі краіне 1,7 млрд. дол. даходу. Найб. турыстаў бывае з Вялікабрытаніі, Германіі, рэспублік б. СССР, арабскіх краін. На К. дзейнічаюць 17 тыс. афшорных кампаній, якія карыстаюцца падатковымі льготамі і прыносяць краіне штогадовы даход каля 200 млн. долараў. Транспарт аўтамабільны, марскі, паветраны. Працягласць аўтадарог каля 12 тыс. км. У краіне 220 тыс. легкавых аўтамабіляў, 104 тыс. грузавікоў і аўтобусаў (1995). К. належыць да краін адкрытай рэгістрацыі марскога флоту. Замежным мараходным кампаніям выгадна рэгістраваць свае судны ў К. (абкладаюцца нізкім падаткам), таму фармальна К. мае гандл. флот у 18 млн. рэг. т. Гал. парты: Ларнака, Фамагуста, Лімасол. К. — вузел міжнар. авіяц. шляхоў. У міжнар. аэрапорце Ларнака перакрыжоўваюцца паветр. лініі, якія злучаюць блізкаўсх., паўн.-афр. і еўрап. краіны. У 1995 экспарт склаў 1,23 млрд. дол., імпарт — 3,69 млрд. долараў. К. экспартуе цытрусавыя, прадукцыю вінаробства, горназдабыўной і лёгкай прам-сці; імпартуе нафтапрадукты, спажывецкія тавары, машыны і абсталяванне. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, Расія, Італія, Японія, Ліван. Грашовая адзінка — кіпрскі фунт. Для тур. часткі вострава характэрна скарачэнне прамысл. вытв-сці і аб’ёмаў капіталаўкладанняў, рост бюджэтнага дэфіцыту. Асн. ролю ў эканоміцы адыгрывае сфера паслуг — 70% ВУП, доля сельскай гаспадаркі складае 7,5, прам-сці — 13,5, турызму — 5%. Узровень жыцця значна ніжэйшы, чым на Пд. У 1984 тур. ліра аб’яўлена афіц. грашовай адзінкай на тур. ч. вострава.

Літ.:

Шпаро О.Б. Захват Кипра Англией. М., 1974;

Анисимов Л.Н. Проблема Кипра: Ист. и междунар.-правовой аспекты. М., 1986.

Н.​А.​Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя).

Герб і сцяг Кіпра.
Да арт. Кіпр. Ландшафт у цэнтральнай частцы вострава.

т. 8, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭНА́ДА (Grenada),

дзяржава на в-ве Грэнада і ў паўд. ч. а-воў Грэнадзіны, у архіпелагу М. Антыльскія а-вы ў Вест-Індыі. Падзяляецца на 7 раёнаў. Пл. 344 км². Нас. 92 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Сент-Джорджэс. Афіц. мова — англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (7 лют.).

Дзяржаўны лад. Грэнада — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1974. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены генерал-губернатарам. Заканад. ўлада належыць парламенту (15 дэпутатаў), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Востраў Грэнада (пл. 311 км²) гарысты (выш. да 840 м, гара Сент-Катэрын). На У невял. нізіна. Астравы Грэнадзіны пераважна нізінныя. Клімат субэкватарыяльны, пасатны, марскі. Сярэднямесячная т-ра паветра 25—28 °C. Ападкаў больш за 1500 мм (у гарах да 5000 мм) за год, дажджлівы перыяд май—кастрычнік. Шмат невял. рэчак і ручаёў. У гарах захаваліся вільготныя трапічныя лясы. Заказнік Гранд-Этан.

Насельніцтва. Пераважаюць негры (53%) і мулаты (42%). Невял. колькасць англічан, французаў, карэнных жыхароў — індзейцаў карыбаў. Паводле веравызнання пераважаюць католікі і англікане. Сярэдняя шчыльн. 267 чал. на 1 км², на ўзбярэжжах да 500—800 чал. на 1 км². У гарадах жыве каля 50% насельніцтва. Найбольшыя гарады: Сент-Джорджэс (каля 7,5 тыс. ж.), Гуяў, Грэнвіл, Вікторыя. Характэрна эміграцыя ў суседнія краіны.

Гісторыя. Найб. стараж. насельніцтва Грэнады — індзейцы аравакі — называлі в-аў Камахонь. У 15 ст. іх выцеснілі адсюль індзейцы карыбы. У 1498 востраў адкрыў Х.​Калумб і назваў яго Кансепсьён. З 1650 каланізаваны французамі, якія стварылі тут плантацыйную гаспадарку, заснаваную на рабскай працы (рабоў прывозілі з Афрыкі). У Сямігадовую вайну 1756—63 на востраве высадзіліся англічане (1762), паводле Парыжскага мірнага дагавора 1763 ён стаў брыт. калоніяй і атрымаў назву Грэнада. У час вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 востраў зноў захапіла Францыя (1778), аднак паводле Версальскага мірнага дагавора 1783 уступіла яго Вялікабрытаніі. У вайну паміж Англіяй і Францыяй (пачалася ў 1794) на Грэнадзе ў 1795 адбылося антыангл. паўстанне пад кіраўніцтвам Ж.​Федона (нац. герой Грэнады), задушанае брыт. войскамі. У 1834—38 тут скасавана рабства. У 1885—1958 Грэнада ў складзе брыт. калоніі Падветраныя астравы.

Ва ўмовах узмацнення мясц. руху за аўтаномію на чале з Э.​Гейры (з 1950) калан. ўлады ўвялі ў Грэнадзе ўсеагульнае выбарчае права (1951) і абмежаваную аўтаномію (1958). У 1958—62 Грэнада ў складзе Вест-Індскай федэрацыі. З сак. 1967 «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава» з поўным унутр. самакіраваннем (прэм’ер-міністр Гейры). З 7.2.1974 незалежная дзяржава ў складзе брыт. Садружнасці. Напачатку яе прэм’ер-міністр Гейры (1974—79) прытрымліваўся нацыянал-рэфармісцкага курсу, потым устанавіў дыктатуру, што выклікала рэвалюцыю (сак. 1979). Новы ўрад на чале з М.​Бішапам (1979—83) праводзіў палітыку дэмакратызацыі і дыверсіфікацыю эканомікі, наладзіў сувязі з сацыяліст. краінамі, у т. л. з Кубай. У кастр. 1983 узнік канфлікт сярод лідэраў кіруючай партыі Новы рух ДЖУЭЛ, што прывяло да ўзбр. сутыкнення, у час якога загінулі Бішап і шэраг яго міністраў. 25.10.1983 пад выглядам аднаўлення законнасці і бяспекі амер. грамадзян на Грэнадзе супраць краіны распачалі ваен. аперацыю ЗША. У ходзе яе востраў з ліст. 1983 да чэрв. 1985 акупіравалі амер. войскі. Пасля выбараў у снеж. 1984 створаны пераходны ўрад на чале з Х.​Блейзам. У 1990 яго змяніў урад Н.​Брэтвейта. З 1995 прэм’ер-міністр Грэнады — К.​Мітчэл. Грэнада — чл. ААН (з 1974), брыт. Садружнасці, Арг-цыі амер. дзяржаў, Карыбскага супольніцтва, Лаціна-амер. эканам. сістэмы, удзельнічае ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Аб’яднаная лейбарысцкая партыя. Нац. партыя Грэнады, Патрыят. рух імя М.​Бішапа, Нац.-дэмакр. кангрэс, Савет прафсаюзаў Грэнады.

Гаспадарка. Пераважае сельская гаспадарка і абслугоўванне турыстаў. Краіна спецыялізуецца на вытв-сці спецый: мускатнага арэха (каля 2 тыс. т штогод, ​1/3 сусв. вытв-сці), гваздзікі, карыцы, ванілі. Вырошчваюць таксама какаву, бананы, цукр. трыснёг, какосавую пальму, цытрусавыя, бавоўну, харч. культуры. На схілах гор гаі мускатнага арэха, ніжэй какавы, потым бананаў і інш. культур. Разводзяць буйн. раг. жывёлу, свіней, коз, авечак. Птушкагадоўля. Рыбалоўства. Ёсць прадпрыемствы па перапрацоўцы мускатных арэхаў (г. Гуйяў), копры, цукр. трыснягу, піваварны з, бавоўнаачышчальная, швейная, мэблевая ф-кі і інш. На востраве штогод бывае каля 100 тыс. турыстаў і адпачываючых пераважна з ЗША і Канады. Транспарт аўтамаб. (746 км дарог з цвёрдым пакрыццём) і марскі. Гал. порт Сент-Джорджэс. Паблізу міжнар. аэрапорт. Грэнада экспартуе мускатны арэх, какава-зярняты, бананы, гваздзіку, карыцу, ваніль, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Асн. гандл. партнёры: ЗША, краіны Зах. Еўропы, суседнія краіны, Канада. Грашовая адзінка — усходнекарыбскі долар.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка), У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Герб і сцяг Грэнады.

т. 5, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЫБУ́ЦІ (Djibouti),

Рэспубліка Джыбуці (Republique de Djibouti), дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Эрытрэяй, на З і Пд з Эфіопіяй, на ПдУ з Самалі. На У абмываецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам і Адэнскім зал. Індыйскага ак. Падзяляецца на 5 акруг. Пл. 22 тыс. км². Нас. 557 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Джыбуці. Афіц. мова — арабская і французская.

Нац. свята — Дзень незалежнасці (27 чэрв).

Дзяржаўны лад. Дж. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 6 гадоў. Вышэйшы прадстаўнічы орган — аднапалатны Нац. сход (65 дэпутатаў), выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам.

Прырода. Для рэльефу характэрна чаргаванне горных масіваў з патухлымі вулканамі і нізкіх лававых плато. Цэнтр. ч. краіны займаюць камяністыя, пясчаныя або гліністыя раўніны. На ПнУ адгор’і хр. Данакіль (г. Муса-Алі, 2022 м). У глыбокай тэктанічнай упадзіне воз. Асаль (на 153 м ніжэй узр. м.). Клімат трапічны, сухі і гарачы. Сярэднямесячныя т-ры 27—35 °C. Ападкаў 45—130 мм за год. Пастаянных рэк няма. Расліннасць пустынная і паўпустынная. Нац. паркі Дай, Маскалі-Мусша, некалькі рэзерватаў.

Насельніцтва Рэспубліку насяляюць 2 народы, якія размаўляюць на мовах кушыцкай групы семіта-хаміцкай сям’і: іса (блізкія да самалійцаў, 50%) і афары (40%). Жывуць таксама самалійцы, арабы, выхадцы з Еўропы (французы, грэкі, італьянцы) і інш. 94% вернікаў мусульмане. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 25,3 чал. на 1 км². 82% яго пражывае ў гарадах і пасёлках на ўзбярэжжы і на ПдУ, у т. л. больш за палавіну ў г. Джыбуці. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць качэўнікі і паўкачэўнікі.

Гісторыя. У 1880-я г. тэр. п-ва Самалі падзелена паміж Англіяй і Францыяй. Калонія Франц. Самалі ў 1946 атрымала статус «заморскай тэр. Францыі», у 1956 — частковую аўтаномію. У ходзе рэферэндуму 1967 большасць насельніцтва выказалася за аўтаномію ў рамках Франц. Рэспублікі і краіна з чэрв. 1967 стала афіцыйна наз. Франц. тэр. афараў і іса. У 1970-я г. ў краіне і за мяжой узнік моцны незалежніцкі рух сярод іса, дыскрымінаваных французамі на карысць афараў. У 1972 створана Афр. нар. ліга (з 1975 Афр. нар. ліга за незалежнасць). У эміграцыі дзейнічалі вызв. партыі, у т. л. тыя, што выступалі за аб’яднанне з Самалі ці Эфіопіяй.

8.5.1977 абвешчана незалежная дзяржава пад назвай Рэспубліка Джыбуці; ролю канстытуцыі ў краіне выконвалі «арганічныя законы». Унутрыпаліт. напружанасць у 1990—92 выклікала сутыкненні кланава-племянных інтарэсаў афараў і іса. Афарская апазіцыя стварыла Фронт за аднаўленне адзінства і дэмакратыі, разгарнула антыўрадавыя ўзбр. выступленні. У чэрв. 1992 гэты Фронт разам з інш. апазіцыйнымі партыямі і рухамі, у т. л. і прадстаўнікамі інтарэсаў іса, утварылі Аб’яднаны фронт апазіцыі. 4.9.1992 на рэферэндуме ўпершыню прынята канстытуцыя. У маі 1993 прэзідэнтам краіны выбраны Х.​Гулед Апцідон. Дж. — чл. ААН з 1977. Паліт. партыі — Нар. аб’яднанне за прагрэс (правячая), Партыя дэмакр. абнаўлення, Нац.-дэмакр. партыя.

Гаспадарка. Дж. — адна з найменш развітых краін свету. Штогадовы даход на душу насельніцтва каля 300 долараў. Гасп. дзейнасць абмежавана неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі. Доля ў валавым унутр. прадукце: транспарту і сферы паслуг — каля 85%, прам-сці — каля 10%, сельскай гаспадаркі — каля 4%. Найб. развіта абслугоўванне трансп. аперацый праз порт Джыбуці, дзе канчаецца чыгунка і аўтадарога, якія злучаюць Эфіопію з узбярэжжам. ​3/4 грузаабароту порта — транзітныя грузы, праз яго праходзіць каля палавіны знешняга гандлю Эфіопіі. Даўж. чыгункі 106 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 283 км. Каля г. Джыбуці міжнар. аэрапорт. Прам-сць прадстаўлена невял. паўсаматужнымі прадпрыемствамі па вытв-сці харч. прадуктаў, скураных вырабаў, буд. матэрыялаў, мех. і швейнымі майстэрнямі. Ёсць некалькі невял. электрастанцый, з мінер. вод, малаказавод, камбікормавы з, тэкст. прадпрыемствы. Суднарамонт і буд-ва невял. суднаў. Лоўля рыбы і крабаў, збор жэмчугу і перламутру, каралаў, губак. Здабыча кухоннай солі з марской вады, вапняку, перліту. Саматужныя промыслы: ювелірны (вырабы з серабра, упрыгожаныя жэмчугам, перламутрам, караламі), гарбарны (вырабы з ціснёнай скуры — сёдлы, збруя, бурдзюкі і інш.). Гал. крыніца існавання сельскага насельніцтва — качавая і паўкачавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. гал.): авечак і коз каля 1000, вярблюдаў каля 40, буйн. раг. жывёлы каля 50. Пад пашай каля 12% тэрыторыі. Выкарыстоўваюцца таксама сезонныя пашы па-за межамі краіны, пераважна ў Эфіопіі. Для земляробства прыдатныя толькі 7 тыс. га зямель у аазісах. Вырошчваюць фінікавую пальму, каву, агародніну. Дж. экспартуе жывёлу і скуры, імпартуе харч. і прамысл. тавары. Імпарт перавышае экспарт у 10 разоў. Асн. гандл. партнёры: Францыя (57% экспарту, 26% імпарту), Йемен, Саудаўская Аравія. Краіна атрымлівае штогадовую дапамогу ад міжнар. арг-цый і Францыі. Грашовая адзінка — джыбуційскі франк.

Герб і сцяг Джыбуці.

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

т. 6, с. 94

т. 6, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЦЬКАЎШЧЫНА, Айчына, Радзіма,

1) гіст.-культуралагічнае і філасафічнае паняцце, якое азначае пэўную этнакультурную супольнасць, адносіны чалавека да яе, патрыятызм; сінонімы — родная краіна, родная зямля. У гісторыі бел. грамадскай думкі і л-ры прайшло шматвяковую эвалюцыю, зместам і формай адпаведную канкрэтна-гіст. умовам. У стараж. пісьмовых крыніцах паняцце Бацькаўшчына перадавалася выразамі «зямля», «руская зямля», «атчына», «атчызна», радзей — «материзна». Па меры фарміравання цэнтралізаванай дзяржавы, узмацнення этнакансалідацыйных працэсаў пашыраўся і паглыбляўся змест паняцця «айчына» як увасаблення агульнадзярж., агульнаграмадскіх інтарэсаў: «отчызна наша Великое князство Литовское» (Устаўная грамата вял. князя Аляксандра 1501); ужываліся і сінанімічныя выразы: «панство», «гаспадарства», «княства». У афіц. практыцы феад. грамадства ідэя Бацькаўшчыны найчасцей атаясамлівалася з ідэяй дзяржавы, народа ў іх саслоўна-прывілеяваным разуменні.

З актывізацыяй гуманіст. думкі на Беларусі ў эпоху Адраджэння пашырылася і дэмакр. канцэпцыя паняцця Бацькаўшчына, заснаваная на прынцыпах раўнапраўя людзей розных сац. станаў, нац. і канфесійнай прыналежнасці, на ідэі самаахвярнага служэння чалавека сваёй Радзіме. У творчасці Ф.Скарыны вылучаецца ідэя справядліва арганізаванага грамадства на аснове гарманічнасці асабістых і супольных інтарэсаў, усебаковага сац., культ.-духоўнага развіцця народа, адданасці ўсіх і кожнага роднай зямлі. Скарынаўская патрыят. традыцыя знайшла працяг у творчасці і грамадскай дзейнасці С.​Буднага, В.​Цяпінскага, Ф.​Кміты-Чарнабыльскага, Л.​Сапегі, Ф.​Еўлашоўскага, Я.​Цадроўскага, аўтараў Хронікі Быхаўца, Баркулабаўскага летапісу, «Прамовы Мялешкі», Магілёўскай хронікі і інш.

Паняцце Бацькаўшчыны паглыблена і ўзбагачана ў канцы 18 — пач. 20 ст., у эпоху нац. кансалідацыі, змагання за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску (гл. ў арт. Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух). У новай бел. л-ры («Песня беларускіх жаўнераў», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, К.Каліноўскага, нарадавольцаў групы «Гоман», Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, пісьменнікаў-нашаніўцаў) выказаны адвечныя патрыят. імкненні, абуджэнне гіст., нац. свядомасці бел. народа, замілаванне сваёй Бацькаўшчынай, рашучасць бараніць яе. Рознабаковы, цэласны змест паняцце Бацькаўшчына, з улікам гал. кампанентаў (геагр.-тэр. абшар, народ, дзяржава, паліт. і эканам. лад, культура, мова, гіст. спадчына), набыло пасля рэвалюцыі 1905—07. Пад сцягам адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі кансалідаваліся літ., культ.-асветныя, парт., сац.-рэв. аб’яднанні, плыні, рухі, што праявілася ў дзейнасці Беларускай сацыялістычнай грамады, газ. «Наша доля»; «Наша ніва», бел. выдавецкіх суполак, Усебеларускага з’езда 1917 і інш. Барацьба за нац. адраджэнне Бацькаўшчыны ўкаранавана абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, затым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Паняцце Бацькаўшчыны як спрадвечнага абшару ў этнічных, дзярж. межах бел. народа, як свабоднага дэмакр. грамадства, уладкаванага паводле сац.-паліт. і нац. раўнапраўя, бесперашкоднага духоўнага развіцця, прыязнасці з суседнімі і ўсімі інш. народамі свету, грамадства, гарантаванага ў сваіх правах і жыццёвых інтарэсах уласнай незалежнай дзяржавай, стала кансалідуючай ідэяй бел. адраджэнскага руху (гл. ў арт. Адраджэнне нацыянальнае). Яна знайшла сваё адлюстраванне ў творах А. і І.​Луцкевічаў, А.​М.​Уласава, В.​Ю.​Ластоўскага, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Цёткі, З.​Бядулі, А.​Гаруна, Л.​Гмырака, М.​Гарэцкага, Я.​Лёсіка, І.​Канчэўскага, асабліва Я.​Купалы. У купалаўскай публіцыстыцы далей развіты скарынаўскі ідэал Бацькаўшчыны — справядлівай маці ўсіх людзей краіны, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання, што пры нац. і канфесіянальнай неаднароднасці бел. грамадства мела і мае прынцыповае значэнне. Ідэя Бацькаўшчыны адыграла ролю ў змаганні народа супраць падзелу бел. зямлі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921, за ўз’яднанне падзеленых частак краіны ў адзінай бел. дзяржаве, супраць ням.-фаш. захопнікаў у гады 2-й сусв. вайны, служыла і служыць незаменным духоўным стымулам у процідзеянні нацыянальна свядомых сіл грамадства асіміляцыі бел. народа з боку парт.-наменклатурнай дыктатуры. З канца 1980-х г. дзеля новага адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі, адбудовы яе паліт.-дзярж. незалежнасці і суверэнітэту, пераадолення сац.-эканам. крызісу, заняпаду бел. мовы, нац. культуры гуртуюцца патрыят. сілы бел. этнасу, уключна з бел. эміграцыяй. Нац.-адраджэнскай ідэяй прасякнуты Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990), Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1994), праграмныя дакументы бел. дэмакр. партый і арг-цый.

2) Родны куток, месца, дзе нарадзіўся і вырас хто-небудзь.

3) Набытак бацькоў, спадчынная маёмасць.

А.​К.​Каўка.

т. 2, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЕ САМО́А (самаанскае Samoa i Sisifo, англ. Western Samoa),

Незалежная Дзяржава Заходняе Самоа (самаанскае Malo Sa’oloto Tuto’atasi o Samoa i Sisifo, англ. Independent State of Western Samoa), дзяржава ў зах. ч. архіпелага Самоа ў Ціхім ак. (усх. ч. архіпелага займае ўладанне ЗША — Усходняе Самоа). Уключае а-вы Савайі (1,7 тыс. км²), Уполу (1,1 тыс. км²) і 7 дробных. Падзяляецца на 11 акруг. Пл. 2831 км². Нас. 167 тыс. чал. (1993). Сталіца — г. Апія. Дзярж. мовы — самаанская і англійская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 ліп.).

Дзяржаўны лад. З.С. — канстытуцыйная манархія. Член Садружнасці. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Пажыццёвы кіраўнік дзяржавы — кароль. Паводле канстытуцыі пасля смерці караля манархія ў краіне будзе ліквідавана і Асамблея выбера кіраўніка дзяржавы тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. орган — Заканад. Асамблея з 47 членаў, выбраных насельніцтвам на 3 гады (45 ад карэннага, 2 ад некарэннага насельніцтва). Асамблея выбірае прэм’ер-міністра, якія фарміруе кабінет міністраў з членаў Асамблеі.

Прырода. Астравы вулканічнага паходжання, гарыстыя (выш. да 1885 м, в-аў Савайі). Шмат патухлых вулканаў, на в-ве Савайі дзеючы вулкан Матавану. Берагі ў многіх месцах акаймаваны каралавымі рыфамі. Клімат субэкватарыяльны і трапічны пасатны, вільготны. Сярэднямесячныя т-ры 25—27 °C. Ападкаў 2000—3000 мм, на вяршынях гор да 7000 мм; частыя ўраганы. Шмат горных рэчак і ручаёў. Густыя вільготныя трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў займаюць 47% тэрыторыі. Мора багатае рыбай. Нац. парк Оле-Пупу-Пуэ на в-ве Уполу.

Насельніцтва. Самаанцы, народ палінезійскага паходжання, складаюць 90%. Жывуць таксама еўрапейска-самаанскія метысы (каля 9%), невял. групы кітайцаў і еўрапейцаў. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (71%) і католікі (22%). Сярэдняя шчыльн. нас. 59 чал. на 1 км², найб. населены ўзбярэжжы. 72% нас. жыве на в-ве Уполу. Гарадскога нас. 59% (1993). Моцная эміграцыя пераважна ў Новую Зеландыю. За мяжой жыве каля 90 тыс. самаанцаў.

Гісторыя. Астравы Самоа са стараж. часоў былі заселены палінезійцамі (на мяжы 2-га і 1-га тысячагоддзяў да н.э.). Адкрыты ў 1722 галандскім мараплаўцам Я.​Рогевенам. Іх даследавалі франц. экспедыцыі Л.​Бугенвіля (1768) і Ж.​Лаперуза (1787). У 1830 англ. місіянеры заснавалі тут евангелічную місію. У 1889 ЗША, Германія і Вялікабрытанія ўстанавілі трохбаковы пратэктарат пад Самоа, а ў 1899 ажыццявілі іх падзел, зах. частку атрымала Германія, усх. — ЗША; Вялікабрытанія адмовілася ад сваёй часткі на карысць Германіі за яе нейтралітэт у бурскай вайне. У 1914 акупіравана Новай Зеландыяй, якая ў 1920 атрымала ад Лігі нацый мандат на кіраванне З.С. З 1946 падапечная тэр. ААН пад кіраваннем Новай Зеландыі. З 1962 незалежная дзяржава.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка (занята больш за 70% працаздольнага насельніцтва). Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае 700—900 дол. ЗША за год. Апрацаваныя землі займаюць 42% пл. краіны. Гал. таварныя культуры: какосавая пальма (штогадовая вытв-сць копры 20—30 тыс. т), бананы (каля 25 тыс. т), какава (каля 2 тыс. т). Меншае значэнне маюць мускатны арэх, чорны перац, кава. На свае патрэбы вырошчваюць тара, ямс, батат, кукурузу, рыс, плады хлебнага дрэва, агародніну, апельсіны, ананасы, папайю, манга. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (каля 30 тыс. галоў), свіней (каля 70 тыс. галоў). Птушкагадоўля. Рыбалоўства і марскія промыслы. Прам-сць прадстаўлена прадпрыемствамі па перапрацоўцы прадукцыі сельскай гаспадаркі, вытв-сці адзення, абутку, харч. прадуктаў, сувеніраў, тытунёвых вырабаў, запалак і інш. Ёсць мылаварны і піваварны з-ды, швейная, мэблевая, тытунёвая, какосавага алею, кандытарская, марожанага, кока-колы ф-кі. Лесапрамысл. комплекс на в-ве Савайі. Народныя маст. промыслы і выраб сувеніраў. Штогод краіну наведвае каля 30—50 тыс. турыстаў пераважна з Новай Зеландыі і Аўстраліі. Агульная працягласць аўтадарог 1800 км, з іх 260 км з цвёрдым пакрыццём. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца ў асноўным марскім транспартам. Гал. порт — Апія. Гал. экспартныя тавары — какосавыя крэм і алей, копра, какава, кава, бананы, тара, піва, сокі, цыгарэты, драўніна. У імпарце пераважаюць прадукты харчавання, прамысл. і хім. тавары, паліва. Асн. гандл. партнёры: Аўстралія, Новая Зеландыя, Германія, Японія. Вял. ролю адыгрываюць замежная дапамога і грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — тала (заходнесамаанскі долар).

І.​Я.​Афнагель (прырода, гаспадарка).

Заходняе Самоа. Вёска на ўзбярэжжы.

т. 7, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯКРА́САЎ (Мікалай Аляксеевіч) (10.12.1821, в. Сінькі Ульянаўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 8.1.1878),

рускі паэт. Вучыўся ў Яраслаўскай гімназіі (1832—37). У 1839—40 вольнаслухач Пецярбургскага ун-та. Першы зб. вершаў — «Мары і гукі» (1840). У 1845 выдаў зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2), у 1846 — «Пецярбургскі зборнік», у якіх змешчаны творы пісьменнікаў натуральнай шкалы. Выдаваў і фактычна рэдагаваў час. «Современник» (1847—66), з 1868 рэдактар час. «Отечественные записки». Збліжэнне з В.​Бялінскім, пазней супрацоўніцтва з М.​Чарнышэўскім і М.​Дабралюбавым зрабілі ўплыў на фарміраванне яго рэв.-дэмакр. светапогляду і глыбока нар. рэаліст. творчасць. Вершы 1840-х г. востра сацыяльныя, у іх спалучаецца пранікнёны лірызм з бязлітаснай сатырай. Праз усю творчасць Н. праходзіць тэма народа, увасобленая ў разнастайнасці тыпаў і характараў: цыкл вершаў «Пра надвор’е», вершы «Роздум каля параднага пад’езда», «На Волзе», «Плач дзяцей», «Чыгунка», «Песня пра свабоднае слова», паэмы «Мароз, Чырвоны нос» (1863—64), «Каму на Русі жыць добра» (1866—81, не завершана; на бел. мову пераклаў А.​Якімовіч, 1940) і інш. Аўтар паэм «Няшчасныя» (1858, не завершана), «Дзядуля» (1870), «Рускія жанчыны» (1872—73; прысвечана жонкам дзекабрыстаў), сатыр. «Сучаснікі» (ч. 1—2, 1875—76), раманаў «Тры краіны свету» (1848—49), «Мёртвае возера» (1851, абодва ў сааўт. з А.​Панаевай) і інш. Пісаў апавяданні, нарысы, фельетоны, драм. творы, публіцыстычныя і крытычныя артыкулы, творы для дзяцей і інш. Адзін з першых звярнуў увагу на гаротнае жыццё бел. народа, стварыў вобраз беларуса («Чыгунка» і «Каму на Русі жыць добра»), Грамадзянская, дэмакр., цесна звязаная з фальклорам, паэзія Н. зрабіла вял. ўплыў на развіццё рус. л-ры і л-ры інш. народаў, у т. л. беларускай. Бел. паэты развівалі някрасаўскую павагу да мужыка, заклікалі народ да барацьбы за сац. і духоўнае вызваленне. Пад знакам ідэй «песняра гора народнага» развівалася паэзія У.​Сыракомлі, Ф.​Багушэвіча, Я.​Лучыны. А.​Гурыновіч шырока выкарыстоўваў вобразнасць Н. ў сваіх вершах, пераклаў на бел. мову паэму «Мароз, Чырвоны нос». Новым этапам у асваенні традыцый Н. з’явілася творчасць Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча, Цёткі. Агульнасць маральна-этычных пазіцый Я.​Купалы і Н. адчуваецца ў вершах «Пашкадуй мужыка», «Жніво», паэме «Яна і я». Коласаўскія вобразы сялян — працаўнікоў, праўдашукальнікаў — блізкія да вобразаў паэмы «Каму на Русі жыць добра». У 2-й пал. 19 ст. на Беларусі ставіліся прасякнутыя сац.-дэмакр. матывамі вадэвілі Н. «Вось што значыць пакахаць актрысу», «Шыла ў мяшку не ўтоіш, а дзяўчыну пад замком не ўтрымаеш», «Акцёр», меладрама «Мацярынскае благаславенне, або Беднасць і гонар» (пераклад-пераробка франц. п’есы А.​Дэнеры і Г.​Лемуана), драма «Асенні сум». Паэтызацыя працы (асабліва сялянскай), прыроды, гуманізм, прага дабра і справядлівасці — гэтыя рысы паэзіі Н. паўплывалі на фарміраванне эстэт. ідэалу бел. паэзіі. Бел. паэты выкарыстоўвалі вопыт Н. па збліжэнні паэзіі з прозай (празаізацыя паэзіі), з інш. літ. жанрамі. Бліскучыя ўзоры ўзаемапранікнення лірычнага і публіцыстычнага пачаткаў у творах Н. садзейнічалі творчаму росту многіх бел. паэтаў (П.​Броўка, А.​Куляшоў, М.​Танк, П.​Панчанка, Г.​Бураўкін, А.​Вялюгін, А.​Вярцінскі, Н.​Гілевіч, А.​Русецкі і інш.). На бел. мову асобныя творы Н. пераклалі Я.​Купала, Броўка, М.​Танк, Р.​Барадулін, А.​Бачыла, Бураўкін, Вярцінскі, М.​Лужанін, Я.​Семяжон і інш.

Тв.:

Полн. собр. соч. и писем. Т. 1—12. М., 1948—53;

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990;

Стихотворения и поэмы. Мн., 1980;

Дедушка Мазай и зайцы: Поэмы, стихи. Мн., 1997;

Бел. пер. — Генерал Таптыгін. 3 выд. Мн., 1952;

Сялянскія дзеці. 2 выд. Мн., 1955;

Дзядуля Мазай і зайцы. 3 выд. Мн., 1957;

Дзецям. Мн., 1971;

Лірыка. Мн., 1971.

Літ.:

Евгеньев-Максимов В. Жизнь и деятельность Н.​А.​Некрасова. Т. 1—3. М.; Л., 1947—52;

Некрасовские традиции в истории русской и советской литературы. Ярославль, 1985;

Прийма Ф.Л. Некрасов и русская литература. Л., 1987;

Трофимов И.В., Гаркави А.М. Идейно-художественное своеобразие лирики Н.​А.​Некрасова. Киев, 1989.

У.​В.​Гніламёдаў.

М.А.Някрасаў.

т. 11, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ГРАБ (Zagreb),

горад, сталіца Харватыі, на р. Сава, каля падножжа хр. Мядзведніца. 868 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог з Цэнтр. і Зах. Еўропы да Адрыятычнага м. і на Балканскі п-аў. Рачны порт. Міжнар. аэрапорт. Эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (аўтамабілі, чыг. вагоны, эл. машыны, трансфарматары, акумулятары, мед. тэхніка і інструменты), хім., нафтаперапр., лёгкая, фармацэўтычная, дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч., паліграфічная. Акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т. Штогадовыя міжнар. гандл. кірмашы і фестывалі фальклору.

Стараж.-рымская Андаўтонія. З канца 11 ст. належаў Венгрыі; рэзідэнцыя епіскапства (засн. да 1094). З 1242 свабодны каралеўскі горад, стаў эканам. цэнтрам Харватыі. З 1527 З. (пад ням. назвай Аграм) у складзе Габсбургскай манархіі. З сярэдзіны 17 ст. тут знаходзіўся харвацкі бан (намеснік караля). У 1606 у З. з’явіліся езуіты, якія заснавалі акадэмію (1669) і друкарню (1664). Эканам. і культ. развіццё горада актывізавалася ў 19 ст.; цэнтр нац. адраджэння харватаў (гл. Ілірызм). У 1846 у З. створаны Нац. музей, у 1867 — Югаславянская акадэмія навук і мастацтваў, у 1874 — універсітэт. 29.10.1918 у З. харвацкі сейм абвясціў незалежнасць Харватыі і ўступленне яе ў Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У перыяд паміж сусв. войнамі адзін з найб. прамыслова развітых гарадоў краіны. У 1941—45 сталіца створанай харвацкімі фашыстамі (усташамі) Незалежнай дзяржавы харватаў. У час ням.-фаш. акупацыі адзін з гал. цэнтраў Руху Супраціўлення. Вызвалены 8.5.1945 войскамі Нар.вызв. арміі Югаславіі. З 1991 сталіца незалежнай Харватыі.

Гіст. ядро З. — раёны Каптол і Градзец, размешчаныя на ўзгорках (Верхні горад): рэшткі ўмацаванняў (13—18 ст), гатычны сабор св. Сцяпана (13—19 ст.) і гатычная царква св. Марка (14—19 ст., у інтэр’еры работы скульпт. І.​Мештравіча), барочныя царква св. Кацярыны (1620—19 ст.) і епіскапскі палац (каля 1730—19 ст.), у стылі класіцызму — палац Елачычаў (19 ст., фасад — 1831, арх. Б.​Фелбінгер). З 2-й пал. 19 ст. на Пд складваецца новы цэнтр З. з кварталамі, скверамі, параднымі пабудовамі з рысамі эклектызму і неакласіцызму: Харвацкі нар. тэатр (1894—95), біржа (1923—27), жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. З 2-й пал. 1940-х г. будуюцца грамадскія будынкі, новыя жылыя раёны, спарт. комплексы. Музеі: Галерэя старых майстроў (галерэя Штросмаера), Музей мастацтваў і рамёстваў, Гар. галерэя сучаснага мастацтва і Галерэя прымітывістаў, археал. і этнагр. музей.

Літ.:

Маркова Е.С. Загреб в XVI в.: Из истории социально-экон. отношений в феод. городе. М., 1976;

Яе ж. Из истории социально-экономического развития славянского города XIII—XVII вв. М., 1980.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя).

Заграб.

т. 6, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́БА (Cuba),

Рэспубліка Куба (República de Cuba), дзяржава ў Вест-Індыі. Размешчана на а-вах Куба (105 тыс. км²), Хувентуд (2,2 тыс. км²) і на суседніх дробных астраўках і рыфах. На ПдУ К., у раёне бухты Гуантанама — аднайменная ваен.-марская база ЗША. Пл. 110,9 тыс. км². Нас. 11 млн. чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г. Гавана. К. падзяляецца на 14 правінцый і спец. муніцыпію (в-аў Хувентуд). Нац. святы: Дзень вызвалення (1 студз.), Міжнар. дзень працоўных (1 Мая), Дзень нац. паўстання (26 ліп.), пачатак барацьбы за незалежнасць Кубы ад Іспаніі (10 кастр.).

Дзяржаўны лад. К. — сацыяліст. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1976 са зменамі і дапаўненнямі 1992. Вышэйшы орган дзярж. улады — аднапалатны парламент (Нац. асамблея нар. улады), які выбіраецца насельніцтвам на 5 гадоў (у 1993—589 дэпутатаў). У перыяд паміж сесіямі функцыі ўлады ажыццяўляе Дзярж. савет (31 член выбіраецца на асамблеі з ліку яе дэпутатаў). Старшыня Дзяж. савета з’яўляецца кіраўніком дзяржавы і ўрада (Савета міністраў). Дзярж. савет і ўрад падсправаздачны Нац. асамблеі. У правінцыях і муніцыпіі мясц. ўладу ажыццяўляюць правінцыяльныя і муніцыпальная асамблеі.

Прырода. Большая ч. тэрыторыі занята раўнінамі. На ПдУ в-ва Куба горы Сьера-Маэстра (г. Туркіна, 1974 м). Невысокія горы ёсць у цэнтр. (да 1108 м) і зах. (да 692 м) ч. вострава. Пашыраны карст. К. багатая нікелевымі рудамі. Ёсць невял. запасы хромавых, медных, жал., марганцавых руд, нафты, золата і інш. Клімат трапічны, пасатны. Сярэднемесячная т-ра на раўнінах у студз. каля 22 °C, у жн. каля 28 °C. Ападкаў за год 1400—1600 мм, найб. у гарах (да 2300 мм), найменш на ПдУ (900—800 мм). Дажджлівы сезон май—кастрычнік (80% гадавой сумы ападкаў). У жн.кастр. бываюць ураганы. Рэкі кароткія, найб.р. Каута (370 км). У раслінным і жывёльным свеце шмат эндэмікаў. Пад лесам 10% (пальмы, хвоі, эўкаліпты, чырвонае дрэва), ёсць участкі саваннаў, хмызнякі, на ўзбярэжжах мангравыя зараснікі. Для жывёльнага свету характэрна адсутнасць буйных жывёл. Запаведнікі: Эль-Каба, Купеяль і інш.; рэзерваты Сьенага-дэ-Сапата, Сьенагадэ-Ланьер.

Насельніцтва. 95% складаюць кубінцы — нацыя, якая склалася ад змяшання ісп. перасяленцаў з неграмі і ў невял. ступені з карэннымі жыхарамі — індзейцамі. Каля 66% — белыя, 12% — негры, 22% — мулаты і метысы. Жывуць таксама выхадцы з в-ва Гаіці, кітайцы, японцы і інш. Каля 90% вернікаў — католікі, ёсць пратэстанты і прыхільнікі розных афра-хрысц. сінкрэтычных культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 0,6%. Сярэдняя шчыльн. 99,2 чал. на 1 км². Найб. шчыльн. (да 300 чал. на 1 км²) у прав. Гавана, дзе жыве каля 25% насельніцтва К. У гарадах 76% насельніцтва. Найб. горад — Гавана, 2221 тыс. ж. (1994). Больш за 300 тыс. ж. у гарадах Сант’яга-дэ-Куба і Камагуэй. У прам-сці і гандлі занята 33% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 20%, у абслуговых галінах і кіраванні — 30%.

Гісторыя. Да каланізацыі еўрапейцамі К. насялялі індзейцы сібанеі, таінас і інш. 28.10.1492 адкрыта Х.​Калумбам. У 1510—11 заваявана іспанцамі, якія да сярэдзіны 16 ст. знішчылі мясц. індзейцаў. З пач. 18 ст. пачаўся хуткі рост г. Гавана, які ператварыўся ў адзін з буйнейшых гандл. партоў Карыбскага бас. З 2-й пал. 18 ст. асновай эканомікі К. стала вытв-сць цукр. трыснягу, якая ў 1850 давала ​1/3 сусв. вытв-сці цукру і 89% кубінскага экспарту. Гэта спрыяла росту насельніцтва (150 тыс. чал. у 1763, 1,3 млн. ў 1860). Дробныя сял. гаспадаркі выцясняліся буйнымі плантацыямі, для працы на якіх толькі ў 1800—65 завезена больш за 400 тыс. неграў-рабоў (рабства скасавана ў 1886). 83% экспарту К. ішло ў ЗША, якія з 1860-х г. пачалі ўмешвацца ва ўнутр. справы К. Незадаволенасць ісп. панаваннем прывяла ў кастр. 1868 да паўстання кубінцаў, якое перарасло ў вайну за незалежнасць (1868—78). У крас. 1869 абвешчана 1-я Кубінская рэспубліка, але ў лют. 1878 б.ч. яе кіраўнікоў згадзілася на аднаўленне ўлады Іспаніі ў абмен на шырокую аўтаномію (т. зв. «Санхонскі пакт»). Аднак ісп. ўлады не стрымалі абяцання, 24.2.1895 кубінскія патрыёты на чале з Х.Марці ўзнялі новае паўстанне. Рэпрэсіі ісп. калан. улад супраць мірных жыхароў К. і выбух на амер. караблі «Мейн» каля Гаваны далі ўраду ЗША падставу абвясціць у крас. 1898 вайну Іспаніі (гл. Іспана-амерыканская вайна 1898) і акупіраваць К. У снеж. 1898 Іспанія прызнала незалежнасць К. Аднак амер. акупацыя яе працягвалася да 20.5.1902. Пад націскам ЗША у 1901 у канстытуцыю К. ўнесена т. зв. «папраўка Плата», якая дазваляла ім умешвацца ў яе ўнутр. і знешнія справы (адменена ў 1934). У 1903 ЗША навязалі кубінскаму прэзідэнту Т.​Эстраду Пальму (1902—06) дагавор аб арэндзе бухты Гуантанама пад ваен. базу. Пры прэзідэнтах Х.​М.​Гомесе (1909—13), М.​Менакалі (1913—21), А.​Саясе (1921—25), Х.​Мачада (1925—33), Ф.​Батысце-і-Сальдывары (1940—44, 1952—58), Р.​Грау Сан-Марціне (1944—48) і К.​Прыо Сакарасе (1948—52) у органах дзярж. улады значныя памеры набыла карупцыя. Ключавыя пазіцыі ў эканоміцы К. займалі замежныя фірмы, пераважна з ЗША. Пасля звяржэння ў жн. 1933 дыктатуры Мачала праведзены шэраг дэмакр. рэформ, у 1940 прынята ліберальная канстытуцыя, але гэта не зменшыла сац. напружанасць у грамадстве, якая рэзка ўзмацнілася пасля ўсталявання ў сак. 1952 дыктатуры ген. Батысты.

У выніку Кубінскай рэвалюцыі 1959 да ўлады прыйшоў урад на чале з Ф.Кастра Русам, прэзідэнтам краіны стаў А.​Дартыкос Тарада (1959—76). Быў распушчаны парламент, адменена дзейнасць канстытуцыі 1940, замест якой уведзены Асн. закон. 17.5.1959 прыняты закон аб агр. рэформе, летам і восенню 1960 без кампенсацыі нацыяналізавана маёмасць кампаній ЗША, у снеж. 1960 абвешчаны курс на пабудову сацыялізму. У адказ ЗША у студз. 1961 разарвалі дыпламат. адносіны з К., спынілі закупкі кубінскага цукру і ўвялі супраць яе эканам. санкцыі, садзейнічалі высадцы ўзбр. кубінскіх эмігрантаў у зал. Качынас (крас. 1961, разбіты ў раёне Плая-Хіран). У 1962 ЗША прымусілі Лігу амер. дзяржаў (ЛАД) пазбавіць К. членства ў гэтай арг-цыі і разарваць з ёй дыпламат. адносіны (не падпарадкавалася толькі Мексіка). У гэтых умовах К. пашырыла сувязі з СССР і інш. сацыяліст. краінамі (дагавор аб сав.-кубінскім эканам. супрацоўніцтве і пастаўках на К. сав. нафты падпісаны ў лют. 1960). Размяшчэнне сав. ракет на К. для яе абароны прывяло да Карыбскага крызісу 1962. У ліп. 1963 на базе аб’яднаных рэв. арг-цый створана Адзіная партыя сацыяліст. рэвалюцыі К. (з кастр. 1965 Камуністычная партыя Кубы, КПК). У 1960—70-я г. К. падтрымлівала шэраг рэв. рухаў у Лац. Амерыцы, яе войскі дапамагалі ўрадам Анголы (1976—90) і Эфіопіі (1977—78). На 1-м з’ездзе КПК (снеж. 1975) прынята канстытуцыя К. У кастр. 1976 адбыліся выбары ў 169 муніцыпальных асамблей, якія выбралі дэпутатаў Нац. асамблеі нар. улады (НАНУ), што выбрала Дзярж. савет (старшыня Кастра). З 1975 ЛАД спыніла эканам. санкцыі супраць К. З канца 1980-х г. СССР спыніў эканам. дапамогу К., што пагоршыла яе эканам. становішча. Пад націскам ЗША ў вер. 1991 СССР адклікаў з К. ўсіх ваен. і цывільных саветнікаў. У кастр. 1992 кангрэс ЗША прыняў т. зв. «закон Тарычэлі» па ўзмацненні рэжыму санкцый супраць К. У гэтых умовах 4-ы з’езд КПК у кастр. 1991 абвясціў шэраг рэформ. У ліп. 1992 прыняты папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх 24.2.1993 адбыліся прамыя выбары ў НАНУ (Кастра зноў выбраны старшынёй Дзярж. савета). Пачалася і эканам. лібералізацыя: у ліп. 1993 скасавана забарона на валоданне валютай, у вер. 1993 дазволена прыватнапрадпрымальніцкая дзейнасць, актывізавана развіццё турызму. К. — член ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Палітычныя і грамадскія арганізацыі. Камуністычная партыя Кубы, Саюз маладых камуністаў Кубы, Прафс. цэнтр працоўных Кубы, К-ты абароны рэвалюцыі, Федэрацыя кубінскіх жанчын, Нац. асацыяцыя дробных земляробаў.

Гаспадарка. К. — аграрна-індустр. краіна. Валавы нац. прадукт на 1 чал. каля 1300 дол. за год. Прам-сць дае каля 43% нац. даходу, сельская і лясная гаспадаркі, рыбалоўства — каля 14%, гандаль — каля 30%, буд-ва — каля 8%. Аснова эканомікі — аграпрамысл. комплекс, які ўключае цукр. прам-сць і вырошчванне цукр. трыснягу. Дзярж. сектар ахоплівае ўсю прамысл. вытв-сць, буд-ва, гандаль, 98% транспарту, 80% зямельных угоддзяў. Слабая матэрыяльна-тэхн. база нар. гаспадаркі, нізкая яе эфектыўнасць, гандлёва-эканам. блакада ЗША, рэзкае скарачэнне гандлёва-эканам. сувязяў пасля распаду СССР прывялі да вельмі цяжкага эканам. становішча. У сельскай гаспадарцы назіраецца зніжэнне аб’ёмаў вытв-сці раслінаводчай і жывёлагадоўчай прадукцыі. 70% с.-r. прадукцыі даюць дзярж. гаспадаркі (нар. маёнткі). Плошча с.-г. угоддзяў каля 4,8 млн. га, у т. л. арашальных зямель 1 млн. га. Пад ворнымі землямі каля 3 млн. га, у т. л. пад цукр. трыснягом 1,5 млн. га, пад тытунём 70 тыс. га, пад цытрусавымі і інш. фруктамі 100 тыс. га, пад рысам 200 тыс. га, маніёкам, бататам і ямсам 100 тыс. га. Вырошчваюць таксама кукурузу, бульбу, бабовыя (пераважна фасолю), каву і какаву, алейныя культуры (у т. л. арахіс і алейная пальма), агародніну, бавоўнік, хенекен і кенаф. Штогод збіраюць каля 20—30 млн. т цукр. трыснягу, каля 0,5 млн. т рысу, каля 1 млн. т цытрусавых, каля 50 тыс. т тытуню. Жывёлагадоўля дае менш за 30% кошту с.-г. прадукцыі. У 1996 было 4,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы, 1,7 млн. свіней. Птушкагадоўля (каля 10 млн. курэй). Рыбалоўства (93,4 тыс. т, 1993) і промысел ракападобных. Вядучая галіна прамысловасці — перапрацоўка цукру. Працуе больш за 150 цукр. з-даў, 20 з іх выпускаюць рафінаваны цукар, астатнія — цукар-сырэц, які ідзе на экспарт. У 1980—90 выраблялася штогод 7—8 млн. т цукру-сырцу, потым вытв-сць стала зніжацца, у 1995 атрымана 3,3 млн. т. На базе адходаў цукр. прам-сці створана вытв-сць кармоў, цэлюлозы, пластмас і паперы. Развіта горназдабыўная прам-сць, асабліва здабыча і абагачэнне нікелевых, медных, хромавых руд. Па здабычы нікелевай руды К. ў 1980—90 займала 3—4-е месца ў свеце (каля 36 тыс. т нікелю штогод), у 1995 здабыта (у пераліку на метал) 3,1 тыс. т, хромавай руды — 14 тыс. т, меднай — 2 тыс. т. Асн. раён здабычы — прав. Ар’ентэ. Здабываюць таксама каменную соль, буд. матэрыялы, цэм. сыравіну, нафту (каля 0,5 млн. т). Электраэнергетыка засн. на імпартнай нафце. У 1995 атрымана 10,1 млрд. кВтгадз (у 1990—14,7 млрд. кВтгадз.). Працуюць ЦЭС каля г. Гавана, Камагуэй, Сант’яга-дэ-Куба і інш., АЭС каля г. Сьенфуэгас. Харч. прам-сць прадстаўлена мукамольнай, мяса-малочнай, спіртагарэлачнай, піваварнай і вінаробчай галінамі, вытв-сцю алею, фруктовых і рыбных кансерваў, перапрацоўкай кавы і какавы. У Гаване 4 буйныя тытунёвыя ф-кі, 2 нафтаперапр. з-ды (Гавана і Сант’яга-дэ-Куба). Вытв-сць угнаенняў, штучных валокнаў, пластмас, гумава-тэхн. вырабаў і інш.; гал. цэнтры: Гавана, Пінар-дэль-Рыо, Матансас, Сьенфуэгас, Камагуэй. Лёгкая прам-сць прадстаўлена тэкст. і швейнай галінамі (Гавана, Альгін), вытв-сцю абутку (Гавана), канатаў і мяшкоў (Санта-Клара). Вытв-сць цэменту 1456 тыс. т. (1995, асн. з-ды каля Гаваны і Сант’яга-дэ-Кубы), панельнае домабудаванне, выпуск жалезабетонных вырабаў (Гавана). Прадпрыемствы машынабудавання выпускаюць с.-г. тэхніку (Альгін), дызельныя маторы (Сьенфуэгас), веласіпеды (Гавана, Кайбар’ен), гандл. і рыбалавецкія судны (Гавана, Кардэнас, Мансанільё). У Гаване металургічны камбінат. Асн. цэнтры каляровай металургіі ў Нікара, Моа. Есць прадпрыемствы дрэваапр., мэблевай, шкляной, цэлюлознапапяровай, фармацэўтычнай і інш. галін прам-сці. Больш за палавіну прамысл. прадпрыемстваў у Гаване. Развіваецца міжнар. турызм, які займае 1-е месца па валютных паступленнях (у 1995 К. наведала 750 тыс. чал., даход склаў 1 млрд. дол.). Развіты аўтамаб., чыг., марскі транспарт, Даўж. аўтадарог каля 35 тыс. км, у т. л. каля 15 тыс. км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак каля 5 тыс. км. Каля 0,5 млн. аўтамашын. Танаж гандл. флоту 1 млн. дэдвейт т (1991). Гал. парты: Гавана (60% грузаабароту), Сант’яга-дэ-Куба, Сьенфуэгас, Нуэвітас, Матансас. На К. 14 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л. міжнар. аэрапорт у Гаване. У 1995 экспарт склаў 1,6 млрд. дол., імпарт — 2,4 млрд. долараў. К. экспартуе цукар-сырэц, нікель, тытунь, каву, імпартуе нафту, разнастайныя харч. і прамысл. тавары. Гал. гандл. партнёры: Іспанія, Канада, Кітай, Расія, Мексіка. У 1996 Беларусь экспартавала на К. тавараў на 1,6 млн. дол., імпартавала на 27,2 млн. долараў. К. набывае на Беларусі с.-г. тэхніку і калійныя ўгнаенні, пастаўляе пераважна цукар-сырэц. Знешняя запазычанасць К. — 9,1 млрд. дол. (без даўгоў краінам Усх. Еўропы і б. СССР). Грашовая адзінка — кубінскае песа.

Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (сілы дзярж. бяспекі, пагран. войскі). Агульная колькасць 79 тыс. чал. (1998). Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках 38 тыс. чал., на ўзбраенні каля 1,5 тыс. танкаў, 1,1 тыс. баявых машын пяхоты і бронетранспарцёраў, 1,6 тыс. пераносных зенітных ракетных комплексаў і пускавых установак зенітных кіроўных ракет, 1 тыс. мінамётаў, каля 700 гармат, якія буксіруюцца, 300 сістэм рэактыўнага залпавага агню і інш. У ВПС 10 тыс. чал., 130 баявых самалётаў і 45 баявых верталётаў. У ВМС 5 тыс. чал., у т. л. 550 чал. у марской пяхоце, 2 падводныя лодкі, 12 баявых караблёў, 30 дапаможных суднаў, 5 катэраў і інш. У ваенізаваных фарміраваннях 19 тыс. чал., у т. л. 15 тыс. у сілах дзярж. бяспекі і 4 тыс. чал. у пагран. войсках.

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 72,8, жанчын 77,7 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 134 чал., урачамі — 1 на 231 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 9 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета. Сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя дзіцячыя ўстановы (яслі і сады для дзяцей да 5 гадоў), 9-гадовую базавую (асноўную) і сярэднюю агульнаадук. школу, прафес.-тэхн., сярэднія спец. (для працуючай моладзі) і вышэйшыя навуч. ўстановы. Абавязковая базавая 9-гадовая школа для дзяцей ад 6 да 16 гадоў мае 2 ступені: 1-я — 6-гадовая пачатковая, 2-я — 3-гадовая няпоўная сярэдняя школа (7—9 кл.). Атрыманне базавай адукацыі дае права паступаць у сярэднія навуч. ўстановы. 3-я ступень агульнай адукацыі — 3-гадовая поўная сярэдняя агульнаадук. школа на базе асноўнай школы. Яе заканчэнне дае права паступаць у ВНУ. Асн. прынцып у рабоце агульнаадук. школы — працоўнае выхаванне і прафес. арыентацыя навучэнцаў. Прафес. падрыхтоўка вядзецца на базе асн. школы ў прафес.-тэхн. вучылішчах, політэхн. навуч. цэнтрах (рыхтуюць кваліфікаваных рабочых; тэрмін навучання 1—2 гады) і ў політэхн. ін-тах (тэхнікумах), рыхтуюць спецыялістаў з сярэдняй спец. адукацыяй; тэрмін навучання — 3—4 гады. У сістэме вышэйшай адукацыі 4 тыпы ВНУ: ун-ты, вышэйшыя політэхн. і спец. ін-ты, універсітэцкія цэнтры (маюць пераходны характар, на іх базе ствараюцца самастойныя ВНУ). Буйнейшыя ВНУ: Гаванскі ун-т (з 1728, рэарганізаваны ў 1960—62, 1976), ун-т Ар’ентэ (з 1947) у г. Сант’яга-дэ-Куба, Цэнтр. ун-т Лас-Вільяс (з 1953) у г. Санта-Клара, ун-т г. Камагуэй (з 1974), Вышэйшы політэхн. ін-т імя Хасэ А.​Эчэверыі (з 1976) і інш. Буйнейшыя б-кі: Нац. б-ка «Хасэ Марці» (з 1901) у Гаване і б-ка Гаванскага ун-та (з 1728). Музеі: Нац. музей выяўл. мастацтва (з 1913), Музей Рэвалюцыі, Музей Х.​Марці (з 1925), Антрапалагічны музей (з 1847), Музей Хемінгуэя і інш. Навук. даследаванні на К. праводзяць н.-д. цэнтры і ін-ты Акадэміі навук К. (з 1962), навук. т-вы, ун-ты. З 1902 працуе Нац. абсерваторыя.

Друк, радыё, тэлебачанне. Найб. значныя перыяд. выданні: штодзённыя газеты «Granma» («Гранма», з 1965), «Juventud Rebelde» («Паўстанцкая моладзь», з 1965). Выходзяць таксама правінцыяльныя газ. «Adelante» («Наперад», з 1959), «Vanguardia» («Авангард», з 1962) і інш. Інфарм. агенцтвы: Прэнса Лаціна (з 1959) і Нац. агенцтва інфармацыі. Радыёвяшчанне з 1914. Найбуйнейшыя радыёстанцыі: Радыё ліберасьён, Радыё прагрэса, Радыё Гавана-Куба, Радыё рэбельдэ і інш. Трансліруюцца перадачы для замежжа на англ., франц., араб. і інш. мовах. Тэлебачанне з 1950, працуюць 2 агульнанац. каналы. Радыё і тэлебачанне падпарадкаваны і кантралююцца Кубінскім ін-там радыёвяшчання.

Літаратура. Л-ра індзейцаў дакалумбавай эпохі не захавалася. У 1-й пал. 16 ст. на К. была пашырана місіянерская л-ра: падручнікі па евангелістыцы і этнагр. нарысы. У 16—18 ст. развівалася крэольская нар. паэзія, якая ўзнікла на аснове ісп. паэт. форм (апісальная паэма «Зярцала цярплівасці» С. дэ Бальбоа, 1608). З канца 18 ст. побач з духоўнай і свецкай паэзіяй развіваюцца жанры гіст. хронікі, літ.-філас. і паліт. публіцыстыкі. У пач. 19 ст. створана першае літ. аб’яднанне кубінскіх пісьменнікаў, удзельнікі якога (Ф.​Варэла-і-Маралес, Х.​А.​Сака, Д. дэль Монтэ-і-Апонтэ і інш.) выступалі супраць схаластыкі і ўстарэлых літ. форм. Ідэі нац. самасвядомасці развіваліся ў асветніцкай публіцыстыцы Варэлы-і-Маралеса, вершах Х.​М.​Эрэдыі — пачынальніка кубінскага рамантызму. Прозе рамантыкаў 19 ст. Х.​Гомес дэ Авельянеды, А.​Суарэса-і-Рамера, С.​Вільявердэ ўласціва бытаапісальнасць, т.зв. кастумбрызм. Прадвесцем мадэрнізму ў л-ры К. з’явілася творчасць Х.Марці (раман «Гібельнае каханне», паэт. зб-кі «Простыя вершы», «Верлібры», «Кветкі выгнання»). Пад уплывам антрапалагічных прац Ф.​Ортыса аб афр. каранях кубінскай культуры ў канцы 1920-х г. развіваўся т.зв. «негрызм»: паэзія Н.Гільена, Э.​Бальягаса, Х.​С.​Тальета і інш., проза Л.​Кабрэры. На перакрыжаванні афра-кубінскай культуры і еўрап. авангарду знаходзілася творчасць А.Карпенцьера. У 1940—50-х г. асобнае месца займала творчасць Х.​Лесамы Лімы, якая развівалася ў стылі літ. барока, а таксама А.​Аўх’ера, што ўнёс у інтымную лірыку сац. матывы. ’Проза гэтага перыяду адзначана матывамі сац. крытыцызму (Ф.​Піта Радрыгес, А.​Х.​Кардоса і інш.).

У 1959 створана грамадска-літ. арг-цыя Дом Амерык, у 1961 — Саюз пісьменнікаў і мастакоў К. Значнае месца пачала займаць героіка-рэв. тэматыка, якая стала асноўнай у творчасці празаікаў Х.​Салера Пуіга, Л.​Атэра Гансалеса, М.​Кафіньё і інш., паэтаў М.​Навара Луны, Э.​Дыега, С.​Віцьера і інш. У апошнія дзесяцігоддзі ў л-ру прыйшло новае пакаленне: Р.​Фернандэс Рэтамар, Ф.​Хаміс, Л.​Марэ і інш., для якіх характэрны пошукі новых форм і маст. сродкаў, адэкватных рэчаіснасці. На бел. мове выдадзены асобныя творы Гільена, Дыега, Хаміса, Аўх’ера і інш. у перакладах Р.​Барадуліна, А.​Вярцінскага, Х.​Жычкі і інш.

Архітэктура. У дакалумбійскі перыяд індзейцы будавалі каркасныя хаціны («боіо»), платформы на палях для захоўвання прадуктаў. З драўніны пальмы рабілі каркас, з кары і трыснягу — сцены, дах накрывалі пальмавым лісцем. Змацоўвалі пабудовы ліянамі. У працэсе ісп. каланізацыі (з канца 15 ст.) узніклі гарады (Гавана, Сант’яга-дэ-Куба, Трынідад і інш.) з магутнымі ўмацаваннямі, прамавугольнай сеткай вуліц, царквой, ратушай і асабнякамі знаці на цэнтр. плошчах. Для абароны ад піратаў будавалі крэпасці. Эканам. развіццё К. ў 18 ст. выклікала рост грамадз. архітэктуры ў стылі мудэхар. Пад уплывам ісп. і мекс. дойлідства барока склаліся тыпы кубінскага мураванага жылога дома (1—2-павярховага, з унутр. дваром-паціо, беленымі і фарбаванымі сценамі, аддзелкай з каляровай глазураванай пліткі, драўлянымі і метал. рашоткамі на вокнах і балконах) і царквы [1-нефавай, з 1—2 прамавугольнымі вежамі, столлю з кесонамі (артэсанада) ці скляпеннем]. Фасады аздаблялі калонамі, аркамі, каляровымі вітражамі. У канцы 18 — пач. 19 ст. створаны арх. ансамблі гал. плошчаў у Гаване і Трынідадзе. Нац. адметнасць кубінскага барока абумоўлена трапічным кліматам і выкарыстаннем мясц. порыстага каменю-ракушачніку з яго багатымі святлоценявымі эфектамі, мяккімі абрысамі. З пач. 20 ст. ў Гаване будавалі шматпавярховыя дамы ў духу эклектыкі і ў стылі мадэрн, у 1920—30-я г. — у стылі сучаснай еўрап. і амер. архітэктуры (арх. Э.​Радрыгес Кастэльс). У 1940—50-я г. арх. А.​Кінтана, А.​Радрыгес Пічарда, А.​Капабланка стваралі пабудовы з маналітнага жалезабетону ў духу функцыяналізму (гасцініцы, курортныя комплексы), адметныя навізной аб’ёмнай і планіровачнай кампазіцый, трапным выкарыстаннем колеру. У 1950-я г. на месцы трушчоб выраслі добраўпарадкаваныя раёны з жалезабетоннымі дамамі (жылы масіў Гавана-дэль-Эстэ ў Гаване, арх. Р.​Каранса і інш.), гандл. і культ. цэнтрамі (Універсітэцкі гарадок, Школа мастацтва). У 1960—80-я г. ўзмацніліся індустрыялізацыя і тыпізацыя гар. буд-ва, шырока выкарыстоўваецца зборны і маналітны жалезабетон (арх. Х.​Рэбельён, Р.​М.​Франка, Ф.​Салінас, Р.​Пора). Архітэктура вылучаецца манум. характарам, у ёй спалучэнне тыпавых секцый, характэрныя для К. галерэі, лоджыі, адкрытыя лесвіцы, балконы, казыркі, багацце колеравых вырашэнняў. У 1916 засн. Калегія архітэктараў Гаваны.

Выяўленчае мастацтва. Стараж. мастацтва індзейцаў прадстаўлена пячорнымі размалёўкамі, размаляванымі пасудзінамі, статуэткамі людзей і жывёл, каменнымі і драўлянымі ідаламі («семі»). Першыя помнікі выяўл. мастацтва К. — царк. драўляная скульптура і жывапіс, алтарная разьба 18 ст. У канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам ісп. мастацтва сфарміраваліся гравюра (Ф.​Х.​Баэс — рэліг. эстампы, ілюстрацыі) і жывапіс (рэліг. карціны Х.Н. дэ ла Эскалеры, рэаліст. партрэты В.​Эскавара, класіцыстычныя гіст. карціны Х.​Б.​Вермая). У 1818 у Гаване засн. АМ Сан-Алехандра. У 1-й пал. 19 ст. пашырыўся кастумбрызм, у 2-й пал. пераважалі акад. і рамант. традыцыі ў пейзажы (Ф.​Сіснерас, В.​Санс Карта) і гіст. жывапісе (М.​Мелера). Пач. 20 ст. — уздым нац.-патрыятычнай тэматыкі. Развіваліся гіст. і батальная карціна (А.​Менакаль), рэаліст. жанравы жывапіс (Л.​Раманьяч, Р.​Лой) і скульптура (Х.​Х.​Сікрэ). У 1920—30-я г. на мастацтва К. ўплывалі мексіканскае мастацтва, традыцыі кастумбрызму, еўрап. маст. кірункаў (жывапісцы Э.​Авела, А.​Гаторна, К.​Бермудэс, М.​Карэньё, скульптар Д.​Равенет і інш.). У 1940—50-я г. пашырыліся абстрактнае мастацтва і сюррэалізм (В.​Лам і інш.). Пасля 1959 пераважае рэв. і паліт.-агітацыйная тэматыка, што паўплывала на інтэнсіўнае развіццё графікі, асабліва плаката (К.​Гансалес, Р.​Кінтана, Р.​Партакарэра і інш.). Сярод жывапісцаў: С.​Кабрэра Марэна, О.​Янес, А.​Бенітэс і інш. У 1961 засн. Саюз пісьменнікаў і мастакоў К.

Музыка. У нар. музыцы К. адрозніваюць крэольскую, афра-кубінскую і афр. музыку Шырока вядомы крэольскія песенныя жанры крыолья, гуахіра, песня і танец хабанера. Сярод песенна-танц. форм афра-амер. музыкі найб. пашыраны сон, гуачара, конга, румба; сярод муз. інструментаў сем’і барабанаў — бата, бембе, конга. Захавалася т.зв. чыстая афр. музыка — рытуальныя гімны-песнапенні, танцы, строга рэгламентаваная музыка «свяшчэнных» барабанаў. У 16—17 ст. пашырыліся ваен. аркестры, вулічныя тэатралізаваныя відовішчы з муз. суправаджэннем, свецкае музіцыраванне. У 2-й пал. 18 ст. росквіту дасягнула царк. музыка (Э.​Салас-і-Кастра). У 1776 у Гаване адкрыты першы пастаянны т-р «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), у 1814 — муз. школа, у 1816 — муз. акадэмія «Санта-Сесілія». Нац. кампазітарская школа склалася ў сярэдзіне 19 ст. (М.​Саўмель Рабрэда, І.​Сервантэс Каванаг, Н.​Р.​Эспадэра). У канцы 19-га — 1-й пал. 20-га ст. створаны нац. оперы «Юмуры» Э.​Санчэса дэ Фуэнтэса (1898), «Нявольніца» Х.​Мауры Эстэве (1921), балеты «Рэбамбарамба» (1928) і «Цуд у Анакільі» (1929) А.​Ральдана. Заснаваны Т-ва класічнай музыкі (1866), Нац. кансерваторыя (1885), сімфанічны (1908) і філарманічны (1923) аркестры ў Гаване, Бетховенскае т-ва (1872) і Т-ва камернай музыкі (1888) у Сант’яга-дэ-Куба. Лепшыя ўзоры кубінскай музыкі 1-й пал. 20 ст. стварылі заснавальнікі афра-кубінскага кірунку Ральдан і А.​Гарсія Катурла. Удзельнікі «Групы музычнага абнаўлення» (з 1943) Х.​Ардэваль, А.​Граматхес, Э.​Марцін, А.​Леон і інш. выступаюць за асваенне і ўвасабленне нац. фальклору. У 1960-я г. створаны дзярж. муз. ўстановы, у т. л. Генеральная дырэкцыя музыкі, Дэпартамент музыкі Нац. б-кі «Хасэ Марці», Дом Амерык, які аб’ядноўвае музыкантаў і інш. дзеячаў мастацтва. У 1960—70-я г. побач з кампазітарамі традыц. кірункаў вылучылася новае пакаленне аўтараў, што арыентуюцца на муз. авангард (алеаторыка, санорыка, канкрэтная і электронная музыка), у т. л. Х.​Бланка, К.​Фарыньяс, Л.​Браўэр і інш. Сучасная прафес. муз. творчасць К. разнастайная паводле жанраў і форм (ад сімфоній і кантат да масавых песень) і ўяўляе сабой даволі складаную стылістычную карціну. Сярод выканаўцаў: скрыпачы Х.​Уайт, К.Х.​Д.​Брындзіс дэ Салас, дырыжоры Э.​Гансалес Манцічы, М.​Дучэсне Кусан, Р.​Санчэс Ферэр, піяніст С.​Цьелес, гітарысты Л.​Браўэр, Х.​Артэга. Сярод харэографаў і артыстаў балета Алісія, Альберта і Фернанда Алонса, Х.​Банегас, Х.​Парэс, Л.​Араўха. Працуюць: Нац. сімф. аркестр (з 1960), сімф. аркестр Нац. т-ра, Квартэт імя А.​Ральдана, Нац. поліфанічны хор, хары мадрыгалістаў (у Гаване і Сант’яга-дэ-Куба), «Арфеон», Ансамбль нац. танца і Нац. балет (з 1959), Нац. фальклорны ансамбль (з 1962), балет Камагуэя (з 1967). Кансерваторыі ў Гаване, Сант’яга і інш., муз. ф-т Вышэйшага ін-та мастацтваў (з 1976), школы хар. спеваў і павышэння муз. майстэрства ў Гаване і інш. Праводзяцца нац. і міжнар. фестывалі музыкі.

Тэатр. Паяўленне т-ра К. звязана з ісп. т-рам і фальклорным мастацтвам неграў-рабоў (паказы на плошчах, у цэрквах, прыватных дамах, карнавальныя шэсці, рытуалы). У 1776 у Гаване пабудавана тэатр. памяшканне «Калісеа» (з 1803 «Прынсіпаль»), дзе ставіліся п’есы пераважна ісп. драматургаў. Пачатак нац. т-ру далі муз. паказы сайнетэ (п’есы з музыкай і спевамі) акцёра і драматурга Ф.​Каваруўяса. Фарміраванне нац. т-ра актывізавалася ў 1-й пал. 20 ст.: створана «Т-ва садзеяння развіццю т-ра» (1910), пачалі выдавацца тэатр. часопісы, ствараліся новыя трупы, у т. л. т-р «Куэва» ў Гаване (1936—37), Нар. т-р (1943—45). У 1941 заснаваны Кубінская акадэмія драм. мастацтва і тэатр. школа пры Гаванскім ун-це. Пасля 1959 ствараюцца дзярж. трупы і т-ры, арганізуюцца т-ры ў правінцыі. Ставяцца п’есы Х.​Марці, Ф.​Гарсіі Лоркі, А.​Чэхава, Ж.​П.​Сартра, Х.​Брэне, Э.​Кінтэра, Х.​Трыяны, Р.​Ферэра, А.​Эстарына.

Кіно. З 1897 на К. здымаліся кінахроніка і дакумент. фільмы. Асновы рэгулярнай кінавытворчасці заклалі ў 1910—20-я г. рэж. Э.​Д.​Кеседа і Р.​Пеан. Здымаліся фільмы на актуальныя праблемы, дэтэктывы, камедыйныя фільмы-буф, фарсы і інш. У 1937 створаны першы паўнаметражны гукавы фільм (рэж. Э.​Капарас). З 1930-х г. набылі папулярнасць муз. фільмы з выкарыстаннем нар. музыкі (Х.​Сальвадор і інш.). 1940—50-я г. — перыяд заняпаду кубінскага кіно, фільмы здымаліся пераважна з мексіканскімі кінавытворцамі. У 1959 створаны Кубінскі ін-т кінамастацтва і кінапрамысловасці. Найб. развіццё атрымала дакумент. кіно. У 1960-я г. пачалі выходзіць «Лацінаамерыканская хроніка інстытута кінамастацтва і кінапрамысловасці», серыя «Народная энцыклапедыя». На дакумент. кінематограф К. паўплывалі І.​Івенс (Нідэрланды), Р.​Кармэн, М.​Калатозаў, С.​Урусеўскі (СССР). Гал. тэма кубінскай кінематаграфіі — «Сто гадоў барацьбы» (паказ асобных яе этапаў) — стала вызначальнай для гісторыка-рэв. дакумент. («Гэта наша зямля», 1959; рэж. Т.​Гуцьерэс Алеа) і маст. («Лусія», 1968; рэж. У.​Солас) фільмаў.

Ствараліся біяграфічныя («Часы маладога Марці», 1960; рэж. Х.​Масіп), сацыялагічныя («З кубінскімі жанчынамі», 1974; рэж. А.​Картасар; «Кайіта — легенда і быль», 1981; рэж. Л.​Ф.​Бернаса) і інш. фільмы. Сярод рэжысёраў дакументалістаў: С.​Альварэс, О.​Вальдэс, П.​Вега, Х.​Дыяс, Ф.​Перэс, М.​Флейтас, Б.​Эрнандэс. Фільмы на сучасную тэматыку здымалі Гуцьерэс Алеа («Смерць бюракрата», 1966), Картасар («Настаўнік», 1977), М.​А.​Гомес («Жанчына, мужчына, горад...», 1978), Вега («Партрэт Тэрэсы», 1979), П.​Гусман («Ружа вятроў», 1983) і інш. Сярод акцёраў: І.​Андрэус, М.​Бальмаседа, А.​Віньяс, С.​Вуд, Д.​Гранадас, С.​Клакстан, А.​Легра, Р.​Міравальес, Э.​Нуньес. Здымаюцца таксама анімацыйныя фільмы. З 1979 у Гаване штогод праходзіць Міжнар. кінафестываль лац.-амер. «новага кіно».

Літ.:

Очерки истории Кубы. М., 1978;

Гавриков Ю.П. Куба: страницы истории. М., 1979;

Ларин Е.А. Куба конца XVIII — первой трети XIX в. М., 1989;

Шустов К.С. Освободительная война на Кубе (1895—1898) и политика США. М., 1970;

Мамонтов С.П. Испаноязычная литература стран Латинской Америки XX в. М., 1972;

Филиповская Н. Архитектура революционной Кубы. М., 1965;

Пичугин П. Краткий очерк истории кубинской музыки // Музыкальная культура стран Латинской Америки. М., 1974;

Культура Кубы: Сб. ст. М., 1979;

Быкова И.С. Кино Кубы. М., 1984.

Ю.​В.​Ляшковіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), С.​В.​Логіш (літаратура), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Кубы.
Да арт. Куба. Тыповы ландшафт на раўнінах вострава.
Краявід на захадзе Кубы ў правінцыі Пінар-дэль-Рыо.
Да арт. Куба. Бухта порта Сант’яга-дэ-Куба.
Да арт. Куба. Крыж на ўшанаванне памяці ахвяр урагану 1930-х г. у г. Санта-Крус-дэль-Сур.
Да арт. Куба. Будынак Дома-музея Э.​Хемінгуэя ў Гаване.
Да арт. Куба. Адна з цэнтральных плошчаў Гаваны.
Да арт. Куба. Ганчар за работай.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)