КАРАТЫ́ШКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ПЯСКО́Ў,

у Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., каля в. Каратышкі. Пластападобны паклад звязаны з марэннымі адкладамі сожскага зледзянення. Пяскі жаўтавата-шэрыя, месцамі бураватыя, абжалезненыя, пераважна дробназярністыя, палевашпатава-кварцавыя, участкамі жвірыстыя і гліністыя. Разведаныя запасы 5,66 млн. м³, перспектыўныя — 17,1 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 11,8—17,4 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,2—4,5 м. Пяскі прыдатныя на выраб бетону, буд. раствораў, у дарожным буд-ве.

А.​П.​Шчураў.

т. 8, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛ АЛЬБЕ́РТ (Carlo Alberto; 2.10.1798, г. Турын, Італія —28.8.1849),

кароль Сардзінскага каралеўства (П’емонта) у 1831—49. З Савойскай дынастыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўвёў у П’емонце памяркоўна-ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут 1848), абвясціў вайну Аўстрыі (гл. Аўстра-італьянская вайна 1848—49); пасля паражэнняў каля Кустоцы (25.7.1848) і Навары (23.3.1849) адрокся ад прастола на карысць сына Віктара Эмануіла II, эмігрыраваў у Партугалію, дзе і памёр.

т. 8, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСА́К (Vulpes corsae),

млекакормячае роду лісоў сям. сабачых. Пашыраны ў стэпах і пустынях Еўразіі. Жыве ў норах.

Падобны на звычайнага ліса, але драбнейшы. Даўж. цела да 60 см, хваста да 35 см, выш. ў карку каля 30 см. Морда вострая, вушы вялікія. Афарбоўка рыжавата-шэрая, канец хваста цёмны. Манагам. Нараджае ад 2 да 16, звычайна 3—6 лісянят. Драпежнік, корміцца дробнымі грызунамі, птушкамі, паўзунамі, насякомымі. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Карсак.

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРАМА́ (Аляксандр Якаўлевіч) (14.10.1921, в. Першае Мая Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 13.2.1993),

поўны кавалер ордэна Славы. З 1940 працаваў на чыгунцы ў Магілёве. У Вял. Айч. вайну партызан-падрыўнік, з ліст. 1943 на фронце, кулямётчык. Вызначыўся ў 1943 у баі каля г.п. Парычы Гомельскай вобл., у 1944 пры фарсіраванні воднага рубяжа і ў баях на плацдарме ў Польшчы, у 1945 у баях ва Усх. Прусіі. Пасля вайны працаваў на радзіме.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎКА́ЗСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Краснадарскім краі, Расія, на схілах Гал. хр. Вял. Каўказа (выш. каля 3350 м). Засн. ў 1924 для аховы пласкагорных прыродных комплексаў Каўказа. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 263,5 тыс. га і 300 га — Хосцінскі ціса-самшытавы гай (філіял). Вышынныя паясы ад альпійскіх лугоў да шыракалістых лясоў. Шмат эндэмічных раслін — каўк. піхта, явар, рададэндран. У фауне звычайныя тур, сарна, праметэева палёўка, каўк. цецярук, буры мядзведзь і інш. Рэакліматызаваны зубр.

т. 8, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́РЗАН ((Curzon) Джордж Натаніел) (11.1.1859, Кедлстан-Хол каля г. Дэрбі, Вялікабрытанія — 20.3.1925),

дзяржаўны дзеяч Вялікабрытаніі, дыпламат. У 1886—89 чл. палаты абшчын ад Кансерватыўнай партыі. У 1899—1905 віцэ-кароль Індыі. У 1916—24 старшыня палаты лордаў, у 1919—24 міністр замежных спраў. Адыграў гал. ролю ў заключэнні Лазанскага мірнага дагавора 1923 з Турцыяй, паспрыяў стварэнню міжнар. камісіі па распрацоўцы рэпарацыйнага плана для Германіі (гл. Даўэса план). Гл. таксама «Керзана лінія».

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́МІЯ,

гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры каля в. Кімія Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Помнік датуецца 6 ст. да н.э. — 4 ст. н.э. Выяўлены рэшткі наземнага жытла, каменная пляцоўка, агнішча з пляскатых камянёў, горнаў для выплаўкі жалеза і інш. Знойдзены жал. сярпы, нож, посахападобныя шпількі, бронзавы бранзалет, касцяныя шпілька і вастрыё, гліняныя прасліцы, грузікі дзякаўскага тыпу, камяні зерняцёрак і інш. Ляпная штрыхаваная кераміка формай падобна да керамікі мілаградскай культуры.

т. 8, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНО́БЕЛЬСДОРФ ((Knobelsdorf) Георг Венцэслаўс фон) (17.2.1699, маёнтак Кукедэль, каля г. Кросен, Германія — 16.9.1753),

нямецкі архітэктар; папярэднік ранняга класіцызму. З 1740 гал. хавальнік прускіх каралеўскіх палацаў і паркаў. У творчасці К. рацыянальная структура планаў, строгае ўбранне фасадаў у духу паладыянства спалучаюцца з вытанчаным дэкорам інтэр’ераў у формах ракако: Оперны т-р у Берліне (цяпер Дзярж. опера; 1741—43), палац Сан-Сусі (1745—47) і Гар. палац (1745—51) у Патсдаме і інш.

т. 8, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́КАРАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі верхняга палеаліту (каля 15—10-га тыс. да н.э.) у верхнім цячэнні р. Енісей, на Пд Краснаярскага краю. Назва ад стаянкі Кокарава. Асн. занятак насельніцтва — паляванне на паўн. і высакароднага аленяў, зайца-беляка, зубра, горнага барана, пясца і інш. З крамянёвых пласцін яно вырабляла нажы, скрэблы, востраканечнікі; з косці і рогу — нажы, наканечнікі коп’яў і дроцікаў, матыкі, шылы, іголкі, пацеркі і інш.

А.​В.​Іоў.

т. 8, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛЬЦЫ САТУ́РНА,

яркія плоскія канцэнтрычныя кольцы вакол планеты Сатурн, утвораныя мноствам цвёрдых ледзяных ці пакрытых лёдам цел, якія адбіваюць сонечнае святло. Цвёрдыя целы, што ўтвараюць К.С., маюць памеры ад некалькіх міліметраў да 15 м, рухаюцца па кругавых і эліптычных арбітах і пастаянна сутыкаюцца адно з адным. Таўшчыня К.С. 1,5 км, знешні дыяметр каля 250 тыс. км. У кольцах назіраюцца цёмныя шчыліны, самыя буйныя з якіх наз. шчылінамі Касіні і Эйнке.

т. 8, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)