Існаваў у 1605—1830. Засн. луцкім біскупам М.Шышкоўскім у Валынскім прадмесці Брэста пры ўпадзенні р. Мухавец у Буг. Побач з драўлянымі будынкамі была і мураваная капліца св. Дароты. Пасля пажару 1617 кляштар адбудаваны на сродкі ваяводы мсціслаўскага і старосты берасцейскага Г.Хадкевіча. У 1623 Я.Галімскі пры фін. падтрымцы канцлера ВКЛ Л.Сапегі збудаваў мураваны касцёл Яна Хрысціцеля і св. Ганны — трохнефавая базіліка з закрытай галерэяй. Да касцёла прылягаў мураваны будынак кляштара, у 1647 у ім жыло 30 манахаў. У спецыяльна прыбудаванай да касцёла капліцы знаходзілася копія абраза «Маці Божая» з рымскага храма Санта-Марыя Маджорэ, атрыманая П.Пацеем ад папы рымскага Клімента VIII разам з візантыйскім абразом «Хрыстос». Кляштар значна пацярпеў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У якасці кампенсацыі кляштар атрымаў з дзярж. скарбу 80 тыс. злотых, датацыі караля Яна Казіміра і П.Сапегі, які завяшчаў пахаваць яго ў адбудаваным касцёле. У 18 ст. праведзена рэстаўрацыя (тут працаваў архітэктар і мастак Б.Мазуркевіч, алтары аднаўляў разьбяр Я.Бяляўскі). З пач. 19 ст. пры кляштары дзейнічала школа. У час будаўніцтва Брэсцкай крэпасці ў 1830 памяшканні кляштара і касцёла заняты пад Брэсцкі кадэцкі корпус. Разбураны ў час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭТА́НЬ (Bretagne),
гістарычная вобласць і сучасны эканам. раён на З Францыі, на п-ве Брэтань. Уключае дэпартаменты Фіністэр, Марбіян, Котдзю-Нор, Іль і Вілен. Пл. 27,2 тыс.км². Нас. 2,8 млн.чал. (1990). Гал. горад — Рэн. Рэльеф раўнінны і ўзвышаны (да 391 м). Клімат умераны акіянскі (ападкаў 800—1200 мм за год). Натуральная расліннасць — верасоўнікі, дубовыя і букавыя лясы. Прам-сць: суднабудаванне, перапрацоўка рыбы і с.-г. прадукцыі. Значны цэнтр аўтамаб. прам-сці — г. Рэн. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Значныя пасевы збожжавых, бульбы, ранняй агародніны. Садоўніцтва (традыц.вытв-сць сідру). Рыбалоўства. Турызм.
Назва ад племя брытаў, якія засялілі Брэтань у 6 ст., пакінуўшы заваяваную англасаксамі Брытанію. З канца 8 да сярэдзіны 9 ст. насельніцтва Брэтані ў васальнай залежнасці ад франкаў. У 845—849 утварылася самаст. Брэтонскае герцагства (каралеўства). Пасля спусташальнай нарманскай акупацыі (919—937) герцагства адноўлена (з канца 10 ст. сталіца — Рэн). У 1040—1223 на тэр. Брэтані вяліся міжусобныя «баронскія войны». З 1213 уладанне дынастыі Капетынгаў, з 1237 княства. У 1491 утворана асабістая унія паміж Брэтаню і Францыяй. У 1515 канчаткова далучана да Францыі каралём Францыскам I і стала яе правінцыяй. У час.франц. рэвалюцыі 1789—99 падзелена на дэпартаменты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДСЛАЎСКІ КЛЯ́ШТАР БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Упершыню ўпамінаецца ў дакументах у 1504, калі вял.кн.ВКЛ Аляксандр даў віленскім бернардзінцам 6 тыс. маргоў лесу ў Мінскім пав. Манахі жылі па 2—4 чал. ў шалашах («будах»), мелі капліцу. У 1591 пабудаваны драўляны касцёл Наведання Марыяй Елізаветы, у якім знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай, прывезены ў 1598 Я.Пацам з Рыма (дар папы Клімента VIII) і ў 1613 перададзены ў храм. У 1643 пабудаваны новы касцёл, у 1750 — жылы корпус кляштара. 29.6.1767 закладзены новы касцёл, у яго аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўвайшоў як бакавая капліца касцёл св. Варвары, пабудаваны ў 1643. У 1783 касцёл асвячоны ў гонар Успення Маці Божай. На працягу 2-й пал. 18 ст. прыбудаваны розныя кляштарныя памяшканні. З 1756 пры кляштары працавала муз. школа (15 вучняў), у 1793—1842 — 2-класная школа (15 вучняў) і шпіталь, у 1731—97 у духоўнай школе кляштара 7—10 слухачоў вывучалі маральную тэалогію і рыторыку. Манахаў было 4—17 чал.Пасля закрыцця кляштара (1852) некаторыя яго манахі (Г.Т.Вольскі, Манстовіч, П.Багдановіч, Загорскі, Маркевіч) бралі ўдзел у паўстанні 1863—64. Касцёл захаваўся як парафіяльны (гл.Будслаўскі касцёл бернардзінцаў). Побач з ім захаваўся будынак плябаніі 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЙНА́Я РАГА́ТАЯ ЖЫВЁЛА,
парнакапытная жвачная жывёла сям. пустарогіх. Належыць да жвачных (ператраўляе корм, багаты клятчаткай, — сена, салому, зялёны корм, караняплоды і інш.). Уключае свойскія формы (быкі і каровы), якія належаць да роду сапраўдных быкоў, а таксама якаў, гаялаў, бізонаў, зуброў. Свойская буйная рагатая жывёла (паходзіць ад тура, прыручанага каля 8 тыс.г. назад) дае малако і мяса, сыравіну для лёгкай прам-сці, угнаенні для сельскай гаспадаркі. Асаблівасці экстэр’еру буйнай рагатай жывёлы звязаны з кірункам прадукцыйнасці (малочным або мясным), кліматычнымі зонамі і тэхналогіяй гадоўлі. На Беларусі асн. планавая парода — чорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя). Гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, сіментальскую, швіцкую, кастрамскую, галандскую, з мясных — шаралезскую, лімузінскую, мен-анжу і герафордскую.
Каровы жывуць каля 20 гадоў, рэдка 35, быкі 15—20 гадоў. Палавая спеласць у цялушак настае ў 9—10, у быкоў у 9—11 месяцаў. Першы ацёл ва ўзросце 26—30 месяцаў. Працягласць цельнасці 280—290 сутак. Тэрмін гасп. выкарыстання малочных кароў 5—10, племянных жывёл для ўзнаўлення статка 8—10 гадоў. Маладняк на мяса забіваюць пасля адкорму або нагулу ў 16—20 месяцаў. Гл. таксама Буйной рагатай жывёлы гадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЫ́НІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл., на р. Друць. За 44 км ад Магілёва, на аўтадарозе Мінск—Магілёў. 10,7 тыс.ж. (1995).
Паводле пісьмовых крыніц Бялынічы вядомы з сярэдзіны 16 ст. як сяло ў Аршанскім пав. Віцебскага ваяв.ВКЛ. У 1577 кн. С.А.Збаражскі заснаваў тут замак і мястэчка. З пач. 17 ст. ўласнасць Сапегаў, якія заснавалі ў Бялынічах кляштар кармелітаў і пры ім друкарню і касцёл (гл.Бялыніцкі касцёл і кляштар кармелітаў). З 1685 належалі Радзівілам, Агінскім. З 1772 у Магілёўскім пав. Расійскай імперыі. У 1785 у Бялынічах 831 ж., 108 двароў, млын, 4 кірмашы на год. Пасля 1861 цэнтр воласці Магілёўскага пав. У 1897 — 2215 ж. З 1924 цэнтр раёна. З 27.9.1938 гар. пасёлак. З 6.7.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія разбурылі Бялынічы, загубілі ў гар. пасёлку і раёне каля 2 тыс.чал. Дзейнічала Бялыніцкае патрыятычнае падполле. У вер. 1943 партызаны разграмілі ў Бялынічах варожы гарнізон (гл.Бялыніцкія аперацыі 1943). У 1977 — 6,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. З сярэднія і муз. школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік В.К.Бялыніцкаму-Бірулю, Бялыніцкі мастацкі музей імя Бялыніцкага-Бірулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ, ВРК Заходняга фронту,
часовы рэв. орган па правядзенні ўзбр. паўстання на Беларусі і Зах. фронце ў кастр.—ліст. 1917. Утвораны 8.11.1917 бальшавікамі Мінска. Старшыня бюро ВРК К.І.Ландар, чл. І.Я.Алібегаў, С.І.Берсан, М.І.Калмановіч, В.В.Каменшчыкаў, В.Г.Кнорын, М.І.Крывашэін, А.Ф.Мяснікоў, М.У.Рагазінскі і інш. Выдаваў «Бюллетень Военно-революционного комитета Западного фронта». Меў аддзелы: грамадз., ваен., гасп., забеспячэння, арганізац. і сувязі, мандатны, інфармацыйны. 17.11.1917 ВРК распусціў эсэра-меншавіцкі К-т выратавання рэвалюцыі Зах. фронту, арыштаваў ваен. камісара Часовага ўрада на Зах. фронце, зняў галоўнакамандуючага Зах. фронту ген. П.С.Балуева, які адмовіўся падпарадкавацца сав. уладзе, і назначыў на яго месца Каменшчыкава, удзельнічаў у ліквідацыі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага ў Магілёве, накіраваў у штаб герм.Усх. фронту дэлегацыю, якая 4.12.1917 падпісала ў мяст. Солы дагавор пра перамір’е на Зах. фронце. Падрыхтаваў і склікаў з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. Вобласці, 3-і з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., 2-і з’езд армій Зах. фронту, якія выбралі органы сав. улады. Спыніў дзейнасць 9.12.1917 пасля стварэння Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту і Савета Народных Камісараў Заходняй вобласці і фронту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕЙБО́Л (англ. volley-ball),
камандная спартыўная гульня з мячом. Гуляюць 2 каманды па 6 чал. на пляцоўцы 9 × 18 м, падзеленай на 2 роўныя ч. сеткай (выш. 2,43 м для мужчын і 2,24 м для жанчын). Пасля падачы мяча на пляцоўку саперніка той, скарыстаўшы не больш як 3 удары рукамі па мячы, прычым розных гульцоў, накіроўвае яго над сеткай на процілеглую пляцоўку так, каб мяч апусціўся на зямлю ў межах пляцоўкі ці сапернік у час прыёму мяча парушыў правілы. Гульня складаецца з 3—5 партый, у кожнай з якіх перамагае той, хто першы набярэ 15 ачкоў. Пры ліку 14:14 гульня доўжыцца да перавагі адной з камандаў у 2 ачкі.
Зарадзіўся валейбол у ЗША (1895), пазней пашырыўся ў краінах Усходу (Японія, Кітай), Еўропы. З 1947 дзейнічае Міжнар. федэрацыя валейбола (ФІВБ), з 1948 праводзяцца чэмпіянат Еўропы, з 1949 — свету. У праграме Алімпійскіх гульняў з 1964. У апошнія гады пашырыўся т.зв. пляжны валейбол.
На Беларусі развіваецца з пач. 1920-х г. (Віцебск, Гомель, Мінск). Жаночыя клубы з Мінска займалі 3-е месца ў чэмпіянатах СССР: «Спартак» (1966—67), «Камунальнік» (1986—87), апошні валодаў Кубкам уладальнікаў кубкаў еўрап. краін (1987). Сярод выхаванцаў бел. валейбола чэмпіён Алімпійскіх гульняў (1988), свету (1977) А.Сапега, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў (1988) Ю.Сапега.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЦО́ВЫ,
дваранскі, графскі і княжацкі род у Расіі.
Родапачынальнік — Фёдар па мянушцы Варанец. З яго прапраўнука Сямёна Іванавіча (п. у 1518) пачалося ўзвышэнне роду. Яго сыны: Фёдар (Дзямід) Сямёнавіч (п. 21.7.1546), баярын (1544), пасля паражэння Шуйскіх у 1543 заняў кіруючае становішча ва ўрадзе малалетняга Івана IV Грознага, пад націскам Глінскіх абвінавачаны ў здрадзе і пакараны смерцю; Міхаіл Сямёнавіч (п. у 1539), баярын (з 1531), у час праўлення Алены Глінскай (1533—38) адзін з бліжэйшых памочнікаў М.Глінскага, у 1534 разам з ім пасаджаны ў цямніцу, у 1535 памілаваны, удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць ВКЛ; Іларыён Гаўрылавіч (1674—25.5.1750), сенатар з 1742, яго сыны — Раман Іларыёнавіч (28.7.1707—12.12.1883), дзярж. дзеяч, з 1760 сенатар, Міхаіл Іларыёнавіч (23.7.1714—26.2.1767), дзярж. дзеяч, дыпламат, актыўны ўдзельнік дварцовага перавароту ў ліст. 1741, у 1758—62 канцлер. Сыны Рамана Іларыёнавіча: Аляксандр Раманавіч (15.9.1741—14.12.1805), дзярж. дзеяч і дыпламат, удзельнічаў у заключэнні важнейшых дагавораў Расіі з Францыяй (1786), Швецыяй (1790) і Турцыяй (Яскі мір 1791), з 1779 сенатар; Сямён Раманавіч (26.6.1744—1832), дзярж. дзеяч, дыпламат. Сын апошняга Міхаіл Сямёнавіч (30.5.1782—18.11.1856), дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал, удзельнік вайны 1812. З 1823 ген.-губернатар новарасійскі, у 1828—44 і бесарабскі. У 1844—54 намеснік на Каўказе і галоўнакаманд. Асобным каўказскім корпусам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЙМАРСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА,
парламенцкая дэмакр. рэспубліка ў Германіі ў 1919—33. Узнікла ў выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918. Юрыдычна аформлена Устаноўчым сходам у г.Веймар (6.2.1919—21.5.1920). У гістарыяграфіі ФРГ неафіцыйна наз. 1-й Герм. рэспублікай (2-й рэспублікай лічыцца ФРГ). Дзейнічала канстытуцыя 31.7.1919, паводле якой абвяшчаліся дэмакр. свабоды, усеагульнае выбарчае права, надзяляўся вял. паўнамоцтвамі прэзідэнт краіны, прадстаўніцтва партый у парламенце (рэйхстагу) было прапарцыянальна атрыманым галасам выбаршчыкаў, захаваліся традыцыі федэралізму (дзяржава складалася з аўтаномных 15 рэспублік-зямель і 3 вольных гарадоў), парламент быў двухпалатны — ніжняя палата (рэйхстаг) выбіралася ўсеагульна, верхняя (рэйхсрат) складалася з прадстаўнікоў урадаў зямель. У эканоміцы захоўвалася панаванне буйных землеўладальнікаў, прамыслоўцаў і банкіраў. Кіраўнічыя колы, вымушаныя пад націскам працоўных пагадзіцца з дэмакр. канстытуцыяй, на справе не прынялі парламенцкую дэмакратыю. У жыцці краіны пераважалі правыя і рэакц. тэндэнцыі. Левыя сілы (сацыял-дэмакраты і камуністы), канфліктуючы паміж сабой, не здолелі абараніць парламенцкую дэмакратыю. Схільнасць лібералаў да кансерватызму і рэакцыі садзейнічала пашырэнню ўплыву нацыянал-сацыялісцкай партыі, якая пасля прыходу да ўлады (1933) знішчыла Веймарскую рэспубліку.
Літ.:
Руге В. Германия в 1917—1933 гг.: От Вел. От Вел. Окт. соц. революции до конца Веймарской республики: Пер. с нем. М., 1974;
Драбкин Я.С. Становление Веймарской республики. М., 1978;
Mocht und Ohnmacht der Weimarer Republik. Berlin, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІРУСАЛО́ГІЯ (ад вірусы + ...логія),
медыка-біял. навука аб вірусах. Агульная вірусалогія вывучае прыроду вірусаў, іх будову, размнажэнне, біяхімію, генетыку, паходжанне і пашырэнне ў прыродзе. Мед., вет. і с.-г. вірусалогія даследуе патагенныя вірусы, іх інфекцыйныя ўласцівасці, распрацоўвае меры папярэджання, дыягностыкі і лячэння захворванняў, якія імі выклікаюцца.
Сфарміравалася ў канцы 19 ст.пасля адкрыцця рус. вучоным Дз.І.Іваноўскім (1892) віруса тытунёвай мазаікі. Былі вызначаны вірусы яшчуру (1898) і жоўтай ліхаманкі (1901), потым вірусы — узбуджальнікі шаленства, воспы, поліяміэліту, адру, герпесу. Сучаснай вірусалогіі вядома больш за 500 вірусаў, патагенных для чалавека і жывёл.
На Беларусі распрацоўка пытанняў вірусалогіі пачалася ў 1924 і звязана з вырабам і выкарыстаннем вакцын супраць воспы і шаленства. Асн.навук. цэнтры па мед. і ветэрынарнай вірусалогіі — Бел.НДІ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, эксперым. ветэрынарыі, рыбнай гаспадаркі, БДУ і інш. Распрацаваны актыўныя злучэнні супраць вірусаў грыпу, энцэфаліту і інш., удасканалена сістэма аховы пры даследаванні патагенных узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл (В.І.Вацякоў, П.Р.Рыцік, Э.У.Фельдман, Б.П.Савіцкі, І.І.Протас, М.А.Кавалёў, Л.М.Галаўнёў і інш.). Асаблівае значэнне набываюць праблемы вывучэння вірусаў, якія выклікаюць пухлінныя працэсы, латэнтных вірусных інфекцый і ВІЧ-інфекцыі.
Літ.:
Зуев В.А. Медленные вирусные инфекции человека и животных. М., 1988.