Кожнаму тыпу фундаментальных узаемадзеянняў элементарных часціц ставіцца ў адпаведнасць свая калібровачная сіметрыя, спецыфіка якой вызначаецца колькасцю і ўласцівасцямі лакальных параметраў (функцый прасторава-часавых каардынат) адпаведных калібровачных пераўтварэнняў, што дзейнічаюць у прасторы хвалевых функцый разгляданай палявой сістэмы. К.і. забяспечвае наяўнасць захавання законаў дынамічных зарадаў, якія вызначаюць здольнасць элементарных часціц да пэўнага тыпу ўзаемадзеянняў, а таксама адлюстроўвае непазбежнасць генерацыі зараджанымі часціцамі адпаведных калібровачных палёў — пераносчыкаў гэтых ўзаемадзеянняў. На аснове К.і. пабудаваны палявыя тэорыі электрамагнітных ўзаемадзеянняў, злектраслабых узаемадзеянняў і моцных узаемадзеянняў (гл.Квантавая хромадынаміка).
Літ.:
Богуш А.А. Введение в калибровочную полевую теорию электрослабых взаимодействий. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРЦЫ́ЙНЫ КРЭДЫ́Т, таварны крэдыт,
крэдыт. які даецца вытворцамі (прадаўцамі) спажыўцам (пакупнікам) у выглядзе адтэрміноўкі плацяжу (або яго растэрміноўкі) за прададзеныя тавары, выкананыя работы і паслугі. Афармляецца спец. дакументам (напр., вэксалем), які сведчыць абавязацельства пакупніка заплаціць абумоўленую здзелкай грашовую суму. Мэта К.к. — паскорыць рэалізацыю тавару і павялічыць хуткасць абарачэння капіталу. Працэнт па К.к., што ўваходзіць у цану тавару і суму вэксаля, ніжэйшы, чым па банкаўскім крэдыце, мэтай якога з’яўляецца атрыманне прыбытку па пазыках, крэдытах. К.к. магчымы і ў інш. форме, калі спажывец перадае частку сваіх сродкаў (рэсурсаў) пастаўшчыку для аператыўнага і якаснага выканання заказу з далейшым іх залікам у аплату прадукцыі (тавару, паслуг), якую ён атрымлівае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНО́Н (ад грэч. kanōn норма, правіла),
1) сістэма пануючых правіл і норм, якія ў пэўны перыяд часу або ў якім-н. кірунку маюць сілу закону. Кананічнасць найбольш характэрна грамадскай свядомасці стараж. і сярэдніх вякоў. К. можа быць носьбітам пэўных традыцый ў духоўным жыцці грамадства, увасабляць ідэал культуры, а пры пэўных абставінах — тормазам развіцця культуры, мастацтва і інш.Біблейскі К. — сукупнасць кніг Бібліі, якія прызнаюцца царквой «боганатхнёнымі» (у адрозненне ад апокрыфаў) і выкарыстоўваюцца ў богаслужэнні ў якасці «свяшчэннага пісання». К. правасл., каталіцкай, пратэстанцкай цэркваў крыху адрозніваюцца складам твораў. Царкоўны К. — правілы ў галіне дагматыкі, культу, арганізацыі царквы, узведзеныя хрысц. царквой у закон.
2) Усё, што цвёрда ўстаноўлена, стала агульнапрынятым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНОПЛЕАПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,
устаноўкі і агрэгаты для атрымання валакна з канаплянай трасты. Бываюць мяльныя (ломяць і часткова аддзяляюць сухую кастрыцу ад сцёблаў), трапальныя (ачышчаюць доўгае валакно ад кастрыцы і кароткіх валокнаў), трасільныя (аддзяляюць кудзелепадобнае валакно ад адходаў) і камбінаваныя (мяльна-трапальныя і кудзелепрыгатавальныя).
Ільноканоплемялка — стацыянарная машына, мае стол падачы, рыфленыя вальцы, транспарцёр, сістэму пнеўматранспарту, кастрыцаадвод, эл. абсталяванне. Развязаныя снапы канапель кладуць на стол і падаюць да вальцаў, якія мнуць і пераціраюць трасту. Пенькатрапальная машына заціскным транспарцёрам падае папярэдне апрацаваную льноканоплемялкай трасту да 2 трапальных барабанаў, білы якіх вылучаюць з трасты валакно. Кудзелепрыгатавальная машына абчышчае ад кастрыцы валакністыя адходы, што ўтвараюцца на пенькатрапальнай машыне. Мае мяльную, трапальна-расчэсвальную і трасільную часткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАЦЭ́ПЦЫЯ (ад лац. contraceptio літар. процізачацце),
метады і сродкі папярэджання цяжарнасці. Адрозніваюць К. фізіял. і штучную. Фізіял. К. заснавана на палавым устрыманні ў авуляцыйны перыяд (з 12-га да 16-га дня пры 28-дзённым менструальным цыкле), калі зачацце найб. верагоднае. Тэрміны авуляцыі могуць вар’іраваць, што робіць К., заснаваную на фізіял. асаблівасцях, не вельмі надзейнай. Часовая стэрыльнасць (немагчымасць зачацця) бывае ў многіх жанчын пры кармленні грудзьмі, асабліва ў першыя месяцы пасля родаў. Штучная К. ўключае мех., хім., біял., хірург. і камбінаваныя сродкі і метады. К. мае значнае сац. значэнне як адзін з асн. метадаў прафілактыкі аборту, планавання сям’і, рэгулявання росту народанасельніцтва і інш.Гл. таксама Процізачаткавыя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДО́ЎСКІ ХАЛІФА́Т,
мусульманская дзяржава на Пірэнейскім п-ве ў 929—1031. Засн. апошнім эмірам Кардоўскага эмірата Абдарахманам III з дынастыі Амеядаў, які значна пашырыў і ўмацаваў тэр. дзяржавы і абвясціў сябе халіфам (929). Сталіца — г.Кордава. Быў цэнтралізаванай дэспатыяй, у якой панавалі араба-берберская і частка мясц. ісламізаванай знаці; аснову эканомікі складала буйное землеўладанне. Найб. росквіту дасягнуў у 2-й пал. 10 ст. (развіццё рамёстваў, сельскай гаспадаркі, суднабудавання і знешняга гандлю, рост гарадоў). Меў значныя армію і флот, якія атрымалі шэраг перамог над каралеўствам Леон і інш.хрысц. дзяржавамі на Пн паўвострава. Міжусобныя войны ў пач. 11 ст., што суправаджаліся спусташэннямі і разбурэннем многіх гарадоў, і спыненне ў 1031 дынастыі Амеядаў прывялі да распаду К.х.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РДЭНАС, Кардэнас-і-Дэль-Рыо; (Cárdenas у de Rio) Ласара (21.5.1895, г. Хікільпан, штат Мічаакан, Мексіка — 19.10.1970), ваенны, дзярж. і паліт. дзеяч Мексікі. Дывізійны генерал (1928). Удзельнік Мексіканскай рэвалюцыі 1910—17. У 1928—32 губернатар штата Мічаакан, з 1931 міністр унутр. спраў, з 1933 ваен. міністр. У 1934—40 прэзідэнт Мексікі. Яго ўрад нацыяналізаваў уласнасць амер. і англа-галандскіх нафтавых кампаній, чыгункі, што належалі англа-амер. трэстам, праводзіў агр. рэформу. У 1943—45 міністр нац. абароны. З 1949 актыўны ўдзельнік Руху прыхільнікаў міру, з 1950 віцэ-старшыня Сусв. Савета Міру (з 1969 ганаровы старшыня). З 1966 член т. зв. трыбунала Расела, які займаўся расследаваннем злачынстваў ЗША у В’етнаме.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛАВЫ ВА́РЫ (Karlovy Vary),
горад на З Чэхіі. Засн. Карлам IV. У мінулым вядомы як Карлсбад. 56 тыс.ж. (1991). Чыг. станцыя. Аэрапорт. Вытв-сцьмаст. шкла і фарфоравых вырабаў, з пач. 18 ст. — натуральнай карлаварскай солі з тэрмальных вуглякіслых мінер водных крыніц. Міжнар. кінафестывалі (з 1950). Турызм. Музеі фарфору, шкла і інш.; маст. галерэя. Арх. помнікі: замкавая вежа (1605), касцёлы св. Андрэя (16 ст.), св. Марыі Магдаліны (1733—37), св. Лукаша (19 ст.). Бальнеалагічны курорт, вядомы з 16 ст. Славуты крыніцамі гарачых тэрмальных вод (42—73 °C) з мінералізацыяй да 7 г/л і карлаварскай (карлсбадскай) соллю, што выкарыстоўваюць для лячэння хвароб органаў стрававання, пры дыябеце, атлусценні і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РЛІКАВЫ РОСТ, нанізм,
паталагічны стан чалавека, які характарызуецца адставаннем у росце ў параўнанні з сярэдняй нормай для ўзросту, полу, папуляцыі, расы. Праяўленне К.р. — адзін з сімптомаў генет. парушэнняў росту арганізма, шэрагу эндакрынных і неэндакрынных хвароб. У жанчын карлікавым лічыцца рост меншы за 120 см, у мужчын меншы за 130 см. Віды К.р. ўмоўна падзяляюць на прапарцыянальны і непрапарцыянальны. Клінічныя праяўленні залежаць ад віду захворвання. Напр., пры гіпафізарным К.р. (псіхіка амаль нармальная) прапорцыі і памеры цела застаюцца дзіцячыя, палавыя залозы недаразвітыя, бывае атлусценне, старэчая, маршчыністая скура твару. Пры сістэмных захворваннях шкілета рост канечнасцей значна адстае ад росту тулава, эндакрынныя і псіхічныя расстройствы адсутнічаюць. Лячэнне (да спынення росту цела) накіравана на ўстараненне прычыны, што абумоўлівае К.р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНЕ́ЕВА (Ніна Аляксееўна) (н. 23.7.1920, г. Рцішчава Саратаўскай вобл., Расія),
бел. актрыса. Нар.арт. Беларусі (1990). Скончыла тэатр. студыю Маск. камернага т-ра (1946). Працавала ў т-рах Тулы, Масквы, Алматы. З 1957 у Гомельскім абл.драм. т-ры. Выканаўца вострахарактарных, камед. роляў. Творчасць вызначаецца глыбокім раскрыццём унутр. свету гераінь, імкненнем да яркай сцэн. формы. Сярод роляў: Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча), княгіня Вольга [«Гора і слава» («Русь Кіеўская») А.Петрашкевіча], Мігачова («Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.Астроўскага), Акуліна Іванаўна («Мяшчане» М.Горкага), Мар’я («Любоў Яравая» К.Транёва), Жанна («Чаму ўсміхаліся зоркі» К.Карнейчука), Заначаалава («Кафедра» В.Урублеўскай), Нуйкіна («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана) і інш.