КАЗАКО́Ў (Юрый Паўлавіч) (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),
рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ.ін-т імя М.Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.Жук.
Тв.:
Избранное. М., 1985;
Две ночи. М., 1986;
Бел.пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.
Літ.:
Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЙДО́ВІЧ (Канстанцін Фёдаравіч) (1.6.1792, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 1.5.1832),
рускі гісторык, археограф, філолаг, даследчык бел. мовы. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1825). Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). Працаваў выкладчыкам гімназіі, з 1817 у архіве Мін-ва замежных спраў. У 1813 на вайск. пасадзе знаходзіўся ў Беларусі, вывучаў мову і побыт беларусаў. З 1815 прымаў удзел у Румянцаўскім гуртку, збіраў і даследаваў стараж.ўсх.-слав. помнікі. У 1817—18 разам з П.М.Строевым адшукаў «Ізборнік Святаслава 1070», выдаў творы К.Тураўскага ў «Помніках расійскай славеснасці XII ст.» (1821). Выявіў і апісаў старадрукі Ф.Скарыны, І.Фёдарава, П.Мсціслаўца. Даследаваў «Слова аб палку Ігаравым» і адстойваў яго стараж. паходжанне. Склаў кароткі слоўнік бел. мовы і апублікаваў яго ў працы «Пра беларускую гаворку» (1822). Найб. вядомыя яго творы «Іаан Экзарх Балгарскі» (1824), «Дакладнае апісанне славяна-расійскіх рукапісаў, якія зберагаюцца... у б-цы... Ф.А.Талстога» (1825, з Строевым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЭ́СА (Філарэт Міхайлавіч) (17.7.1871, с. Пясчавы Стрыйскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 3.3.1947),
украінскі музыказнавец-фалькларыст, этнограф, кампазітар, літаратуразнавец. Акад.АН Украіны (1929). Бацька М.Ф.Калэсы. Скончыў Львоўскі ун-т (1896). Музыказнаўчую адукацыю атрымаў у Вене ў А.Брукнера, Г.Адлера. З 1939 праф. і адначасова (з 1940) дырэктар этнагр. музея Львоўскага ун-та. Заснавальнік укр.муз. этнаграфіі. Вывучаў суадносіны лакальнага і агульнанац. стылю ў фальклоры, гісторыю ўкр. дум, слав.фалькл. сувязі. У 1932 з К.Машынскім запісваў бел. фальклор на Палессі (матэрыялы апубл. ў арт. «Народная музыка на Палессі», 1939, дзе К. падкрэсліваў цесную сувязь укр. і бел. фальклору). Аўтар працы «Рытміка ўкраінскіх народных песень» (1907), хар. твораў, апрацовак нар. песень, літаратуразнаўчых прац на творчасці М.Лысенкі, Т.Шаўчэнкі, І.Франко, Л.Украінкі інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРАБА́С (італьян. contrabasso),
1) струнны смыковы муз. інструмент найвялікшага памеру (даўж. каля 2 м) і самага нізкага гучання. 4 метал. струны настройваюцца па квартах (E1—A1—D—G). Дыяпазон 4 актавы (пашыраецца пры дапамозе флажалетаў). Гучанне глухаватае, але густое і мяккае.
Створаны ў сярэдзіне 17 ст.італьян. майстрам М.Тадзіні на аснове віёлы да гамба. Выкарыстоўваўся як ансамблевы, з 18 ст. таксама як аркестравы, з 20 ст. і сольны інструмент. У эстр. практыцы пашыраны электра-К. На Беларусі К. вядомы з 2-й пал. 18 ст. (прыдворныя капэлы Нясвіжа, Слоніма, Гродна; кантрабасісты Райскі, В.Блажэўскі, П.Станкевіч, Л.Шышкоўскі, Ф.Янкоўскі). Творы для К. пісалі бел. кампазітары А Багатыроў, Л.Шлег, П.Падкавыраў, Я.Дзягцярык і інш. У Бел. акадэміі музыкі і муз. вучылішчах Беларусі існуюць класы К.
2) Самы нізкі па гучанні інструмент адной сям’і (балалайка-кантрабас, кларнет-кантрабас і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВЕ́ЛАЎ (Любен) (каля 1834, г. Капрыўшціца, Балгарыя — 2.2.1879),
балгарскі пісьменнік і грамадскі дзеяч, адзін з пачынальнікаў рэаліст. кірунку ў балг. л-ры. Вучыўся ў Плоўдзіўскай грэч. гімназіі (1850—53). У 1857—66 вольны слухач Маскоўскага ун-та. Зазнаў уплыў рус. рэвалюцыянераў-дэмакратаў. З 1867 у Бялградзе, з 1869 у Бухарэсце. Зблізіўся з В.Леўскім і Х.Боцевым. Займаўся рэв.-прапагандысцкай і асв. дзейнасцю. Друкаваўся з 1860. Выдаў «Помнікі народнага побыту балгар» (т. 1, 1861), зб.апавяд. і аповесцей «Старонкі з кнігі пакут балгарскага племя» (1868). Аўтар аповесцей «Ваявода» (1860), «Донча» (1864), «Балгары старых часоў» (1867), «Горкі лёс» (1869), «Пакутнік» (1870), «Мамчын сынок» (1875), вершаў, фельетонаў, памфлетаў, дарожных нататак, якія вызначаюцца рэв. накіраванасцю, эмацыянальнасцю, каларытнасцю мовы. Перакладаў з рус. і ўкр. моў. Асобныя яго вершы на бел. мову пераклалі Н.Гілевіч, А.Разанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМА́НАЎ (Яўген Аляксандравіч) (н. 2.3.1935, г. Аляксандраўск-Сахалінскі Сахалінскай вобл., Расія),
бел. мастак. Скончыў Ленінградскі ваен.ін-т фізкультуры і спорту (1960), Бел. тэатр.маст. ін-т (1967, вучань А.Кішчанкі). Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве і жывапісе. Асн. творы: дэкар.метал. сцены «Лясныя прыгажуні» і «Падводнае царства» для кінатэатра «Піянер» (1965), манум.-дэкар. рэльефы «Беларускае вяселле» і «Раніца» для рэстарана «Журавінка» (1968, усе ў Мінску), «Брэст — 41-ы год» для шпіталя ў пас. Бараўляны Мінскага р-на (1969); аформіў санаторый «Сосны» на воз. Нарач (1973—74), шэраг устаноў у г. Наваполацк Віцебскай вобл. і інш. У творчасці пераважаюць тэмы гісторыі рас. і сав. армій: 12 рэльефаў «Памром, але з крэпасці не пойдзем» (1985), манум.-жывапісная работа «Рассеяныя, але сувязі не страцілі» для Музея воінскай доблесці ў Маскве (1992). Працуе ў жанрах партрэта, нацюрморта, пейзажа («Вясеннія ручаі», «Яблыні цвітуць», «Стары млын», «Вясна ранняя», «У дзень нараджэння», «Аксакаўшчына», «Рака Іслачка» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́РПАЎ (Уладзімір Барысавіч) (13.2.1912, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 6.8.1977),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1941). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Звязда», «Советская Белоруссия», «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя». Літ. дзейнасць пачаў у 1944 як крытык. Аўтар зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Па шляху сталасці» (1952), «Крылаты ўзлёт» (1966). З 1949 выступаў як празаік. Творы прысвечаны барацьбе бел. партызан і падпольшчыкаў Мінска супраць ням.-фаш. захопнікаў, жыццю рабочых і інтэлігенцыі: аповесць «Без нейтральнай паласы» (1949), раманы «За годам год» (1955—56), «Вясеннія ліўні» (1959—60), «Нямігі крывавыя берагі» (1962), «Сотая маладосць» (1969). Аўтар кн. ўспамінаў і апавяданняў «Прызнанне ў нянавісці і любві» (1976). Даследаваў творчасць К.Чорнага, М.Лынькова, К.Крапівы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1983—85.
Літ.:
Успаміны пра Уладзіміра Карпава. Мн., 1991;
Грамовіч І. Адчуваў пульс жыцця // Грамовіч І. У сховах памяці і сэрца. Мн., 1983;
Грахоўскі С. Недапіты бярозавік // Грахоўскі С. Так і было. Мн., 1986;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́Л (Гай Валерый) (Caius Valerius Catullus; 87 ці 84 да н. э., г. Верона, Італія — каля 54 да н. э.),
рымскі паэт. Прадстаўнік гуртка «паэтаў-неатэарэтыкаў» «паэтаў-неатэрыкаў», якія лічылі за ўзор александрыйскую паэзію. Вучыўся ў Рыме. Захавалася яго 116 вершаў. У лірычным цыкле да Лесбіі (Клодыі) паказаў глыбокае, шчырае каханне як высакароднае адухоўленае пачуццё. Аўтар эпіграм супраць Цэзара і яго паплечнікаў, вершаў, прысвечаных сябрам, кароткіх паэм (эпіліяў) «Вяселле Пелея і Фетыды», «Атыс» і інш. Стыль К. адметны маст. выразнасцю, музычнасцю, кантрастамі высокага і грубага, паэт. і прастамоўнага. Перакладаў з грэч. мовы блізкіх па духу Сапфо, Калімаха. На бел. мову яго вершы пераклаў У.Караткевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАТКО́Ў (Рыгор Аляксеевіч) (1.2.1904, в. Шмялёўка Цяцюшскага р-на, Татарстан — 15.10.1968),
бел. акцёр. Нар.арт. Узбекістана (1946). Нар.арт. Беларусі (1954). Скончыў тэатр. вучылішча пры Яраслаўскім драм. т-ры (1924). Працаваў у т-рах Іванава, Ташкента, Валгаграда, Фрунзе, Масквы, Вільнюса і інш. З 1950 у Дзярж.рус. т-ры Беларусі, У 1962—67 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Выконваў драм. і характарныя ролі. Артыстычны густ і мастацтва выкарыстання грыму рабілі яго вобразы натуральнымі і партрэтна завершанымі. Сярод роляў у Дзярж.рус. т-ры Беларусі: Калеснікаў і Карнілаў («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Траян («Пад адным небам» А.Маўзона), Чарнуха («Што пасееш, тое і пажнеш» В.Палескага), Кенг («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Ягор Булычоў, Цыганоў («Ягор Булычоў і іншыя», «Варвары» М.Горкага), Мітрыч («Улада цемры» Л.Талстога), Шадрын («Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна), Гадун («Разлом» Б.Лаўранёва), Сілаты («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага), Фаюнін («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МПЕ (Kempe; сапр.Найкоўская) Мірдза Янаўна
(9.1.1907, г. Ліепая, Латвія — 12.4.1974),
латышская паэтэса. Нар. паэтэса Латвіі (1967). Засл. дз. культ. Латвіі (1957). Чл.-кар.АН Латвіі (1973). Вучылася ў Латвійскім ун-це (1927—28). Друкавалася з 1923. У зб-ках вершаў «Ранішні вецер» (1946), «Словы сябра» (1950), «Каханне» (1957, Дзярж. прэмія Латвіі 1958), «Я не магу маўчаць» (1959), «Вечнасць імгненняў» (1964, Дзярж. прэмія СССР 1967), «Шлях чалавека» (1969), «Шыпшына» (1972) і інш. сцвярджэнне гуманіст. ідэалаў, адзінства чалавека і прыроды, асэнсаванне сац. супярэчнасцей сучаснай эпохі. Яе лірыка адметная публіцыстычнай палымянасцю, тонкім лірызмам. Некалькі вершаў прысвяціла Беларусі. Пераклала на лат. мову асобныя творы С.Грахоўскага, М.Калачынскага, П.Панчанкі, М.Танка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Э.Агняцвет, М.Аўрамчык, А.Кавалюк, Калачынскі, І.Калеснік, В.Лукша, Ю.Свірка, М.Танк, У.Шахавец.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Ветрык, вей! Мн., 1959;
Рус.пер. — Избранное: Стихотворения, лирические миниатюры. М., 1982.