род раслін сям. кутравых. 3 віды ў Міжземнамор’і і субтропіках Азіі. Алеандр звычайны (N. oleander) вырошчваюць на Пд Крыма, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа, у Закаўказзі, Сярэдняй Азіі; на Беларусі — як пакаёвую расліну.
Вечназялёныя кусты выш. 2—6 м. Лісце вузкае, ланцэтападобнае, супраціўнае. Кветкі яркія, простыя або махровыя, буйныя, духмяныя, у шчыткападобных суквеццях. Венчык чырвоны, ружовы, белы ці жоўты. Плады — шматнасенныя лістоўкі. Размнажаюцца чаранкамі і насеннем. Дэкар. віды. Атрутныя. Прэпараты з лісця алеандра звычайнага выкарыстоўваюцца пры парушэннях сардэчна-сасудзістай дзейнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАСАПРО́БЫ (ад аліга... + грэч. sapros гнілы + bios жыццё),
арганізмы, якія жывуць у чыстых або слаба забруджаных арган. рэчывамі водах з лішкам растворанага кіслароду. Для алігасапробаў характэрна вял. відавая разнастайнасць пры павольнай змене згуртаванняў. Да іх належаць: зялёныя і дыятомавыя водарасці і кветкавыя расліны (напр., гарлачык белы); некаторыя калаўроткі, лічынкі стракоз і аўсянікаў, дафніі; сцерлядзь, фарэль; трытоны. Сярод алігасапробаў шмат драпежнікаў, але мала сапратрофаў, у т. л. бактэрый і арганізмаў, якія кормяцца бактэрыямі. Выкарыстоўваюцца як біял. індыкатары ступені забруджанасці вадаёмаў шкоднымі рэчывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБАТРО́СЫ (Diomedeidae),
сямейства птушак атр. Буравеснікападобных. 2 роды, 13 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках Ціхага, Атлантычнага і Індыйскага акіянаў.
Даўж. 0,85—1,4 м, маса да 8 кг. Апярэнне шэра-белае, крылы вузкія, доўгія, у размаху да 4,25 м. Узнімаюцца ў паветра толькі з грэбеня хвалі або берагавога абрыву. Нястомныя летуны, добра плаваюць. Гняздуюцца калоніямі на акіянічных астравах. Размнажаюцца ва ўзросце 5—10 гадоў. Кормяцца беспазваночнымі і рыбай. Альбатрос беласпінны (Diomedea albatrus) занесены ў Чырвоную кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́РДЗІ ((Alberti) Хуан Баўтыста) (29.8.1810, г. Тукуман, Аргенціна — 18.6.1884),
аргенцінскі паліт. і грамадскі дзеяч, філосаф, пісьменнік. У 1838 удзельнічаў у стварэнні тайнага т-ва «Маладая Аргенціна». У 1839—52 у эміграцыі. Пасля падзення дыктатуры Х.М.Росаса (1852) на дыпламат. службе ў краінах Еўропы і ЗША. Аўтар працы «Асновы і зыходныя палажэнні для палітычнай арганізацыі Аргенцінскай Рэспублікі» (1852), кнігі «Злачынства вайны» (1870), драм. хронікі «Майская рэвалюцыя» (1839), паліт. рамана «Паломніцтва Светача дня, або Падарожжа і прыгоды Праўды ў Новым Свеце» (1878) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНЯМЁТ,
зброя, прызначаная для паражэння жывой сілы праціўніка струменем агню запаленай сумесі, падпалу тэхн. сродкаў і матэрыяльных запасаў, стварэння ачагоў пажару. Складаецца з рэзервуара, брандспойта і запальніцы. Адрозніваюць агнямёты ранцавыя (пераносныя), цяжкія пяхотныя (на двухколавым лафеце), механізаваныя (на самаходным шасі), танкавыя (асн.або дадатковае ўзбраенне), фугасныя (стацыянарныя з выкідам агнясумесі парахавым зарадам) і рэактыўныя (пераносныя — ружжо з рэактыўным снарадам з агнясумессю). Адлегласць вогнемятання ранцавых да 70 м, рэактыўных — да 800 м, астатніх — да 200 м. Упершыню агнямёты выкарыстаны герм. войскамі ў 1915.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЫЯ́НТУМ (Adiantum),
род папарацяў сям. адыянтавых. Каля 200 відаў, пашыраных у цяністых вільготных лясах трапічных (найб. разнастайнасць відаў у Паўд. Амерыцы), субтрапічных, радзей умераных паясоў амаль усяго зямнога шара. Растуць на зямлі або на скалах. На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях як дэкар. расліну адыянтум венерын волас (Adiantum capillus veneris).
Лісце звычайна бліскучае, цёмнае і пругкае, перыстае, на доўгіх цёмна-бурых чаранках, асаблівасць іх — воданепранікальнасць. Карэнішча тонкае, паўзучае, укрытае вузкімі карычняватымі лускавінкамі. Размнажаюцца спорамі і дзяленнем кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБТУРА́ТАР (франц. obturater ад лац. obturare зачыняць),
1) прылада, з дапамогай якой у кінаапаратах перыядычна (на час, неабходны для змены кадра) перакрываецца светлавы паток, а таксама ажыццяўляецца мадуляцыя святла ў некаторых оптыка-мех. і фотаэл. прыборах. Адрозніваюць абтуратар з вярчальным рухам — дыскавыя, конусныя, цыліндрычныя і са зваротна-паступальным — шторныя; з люстраным пакрыццём або без яго. Абтуратар мае светлавыя адтуліны, праз якія святло праходзіць да кінаплёнкі.
2) Пругкі элемент у затворах гармат, які прыціскаецца пры выстрале да сценкі камеры і прадухіляе прарыў парахавых газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЦІСКА́ННЕў металаапрацоўцы,
аперацыя коўкіабоштампоўкі, у выніку якой памяншаецца плошча папярочнага сячэння загатоўкі і павялічваецца яе даўжыня. Дасягаецца пластычнай дэфармацыяй матэрыялу пад уздзеяннем радыяльных сціскальных намаганняў. Абцісканне прутковых і таўстасценных трубчастых загатовак атрымліваюць рэдукаваныя пруткі, фасонныя канічныя вырабы, ступеньчатыя суцэльныя і полыя валы. Танкасценныя полыя загатоўкі абціскаюць у штампах з пустотнай матрыцай, каб надаць краявой частцы загатоўкі канічную, цыліндра-канічную, сферычную і інш. форму.
Віды паверхні краявой часткі загатовак пасля абціскання: а — канічная; б — цыліндра-канічная; в — сферычная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАЛІЦЫЯНІ́СЦКАЯ ЛІТАРАТУ́РА,
літаратура 1830—60-х г. у ЗША, звязаная з грамадска-паліт. рухам за адмену рабства (гл.Абаліцыянізм). Пачынальнік і буйнейшы дзеяч руху — журналіст і паэт У.Л.Гарысан, выдавец газ. «Liberator» («Вызваліцель», выходзіла ў Бостане ў 1831—65). Найб. вядомыя творы абаліцыянісцкай літаратуры — раманы Р.Хілдрэта «Раб, або Успаміны Арчы Мура» (1836); Г.Бічэр-Стоу «Хаціна дзядзькі Тома» (1852). Тэмы і ідэі абаліцыянізму знайшлі адлюстраванне ў творчасці амер. пісьменнікаў Г.У.Лангфела, Р.У.Эмерсана, У.Уітмена і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬГАДЫСМЕНАРЭ́Я (ад грэч. algos боль + дысменарэя),
альгаменарэя, менструацыя з болямі ў нізе жывата, галавы, ірвотай, слабасцю, стратай прытомнасці, сэрцабіццем, паніжэннем або стратай працаздольнасці. Назіраецца ў 10—20% жанчын. Першасная альгадысменарэя абумоўлена эндакрыннымі парушэннямі, захворваннямі цэнтр. звёнаў рэгуляцыі менструальнага цыкла (гіпофіза, гіпаталамуса), паталогіяй палавой спеласці. Пры балючых менструацыях у жанчын часта назіраецца адставанне не толькі ў палавым, але і ў фіз. развіцці. Выяўляюцца гарманальныя і абменныя парушэнні, паталогія працэсаў простагландзінагенезу. Другасная альгадысменарэя развіваецца пасля перанесеных захворванняў палавых органаў і агульнасаматычных захворванняў.