сукупнасць анатамічна, функцыянальна і генетычна звязаных органаў мочавыдзялення (нырак, мачаточнікаў) і палавой сістэмы ў беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. У земнаводных і большасці рыб мача і палавыя прадукты выводзяцца праз мезанефральныя пратокі. У самцоў паўзуноў, птушак, млекакормячых жывёл і чалавека першасная нырка ператвараецца ў прыдатак семянніка, а яе праток (вольфаў) — у семяправод; у самак палавыя прадукты выводзяцца праз яйцаводы. М.с. мае агульную вывадную трубку (мочаспускальны канал у мужчын) ці адкрываецца ў адзіную агульную прастору (пераддзвер’е похвы ў жанчын). У мочапалавыя каналы ўпадаюць пратокі дадатковых залоз: у самцоў — семянныя пузыркі і прастата, цыбуліна-бульбаурэтральныя залозы; у самак — вял. залозы пераддзвер’я похвы. Рост і фарміраванне органаў М.с. адбываецца найб. інтэнсіўна пры палавым выспяванні. Пры старэнні назіраецца характэрнае для парэнхіматозных органаў (ныркі, палавыя залозы) замяшчэнне парэнхіматозных клетак злучальнай тканкай, змяншэнне іх памераў і зніжэнне функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУКО́ВЫ КАМІТЭ́Т ПА ПРАБЛЕ́МАХ НАВАКО́ЛЬНАГА АСЯРО́ДДЗЯ (Scientific Committee on Problems of the Environment; СКОПЕ),
адзін з камітэтаў Міжнароднага савета навуковых саюзаў. Засн. ў 1969 з мэтай аб’яднання і каардынацыі міжнар. дзейнасці па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. Займаецца зборам, апрацоўкай і распаўсюджваннем інфармацыі па зменах у навакольным асяроддзі пад уплывам дзейнасці чалавека і вывучае ўплыў гэтых змен на чалавека; распрацоўвае метадалогію ацэнкі параметраў навакольнага асяроддзя; забяспечвае аператыўнай інфармацыяй навук. цэнтры і арг-цыі па вывучэнні навакольнага асяроддзя і інш. У рабоце к-та прымаюць удзел 35 краін-членаў, 22 саюзы, навук. к-ты і асацыяцыі. Вышэйшы орган СКОПЕ — Ген. асамблея, якая склікаецца раз у 3 гады, паміж сесіямі асамблеі яго дзейнасцю кіруе выканаўчы к-т з прадстаўнікоў розных краін. У 1981 у Мінску адбыўся міжнар. семінар СКОПЕ—ЮНЕП паводле праекта «Дынаміка экасістэм пераўвільготненых зямель і малых прэснаводных вадаёмаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОТ,
бясколерная салёная вадкасць, якая выдзяляецца потавымі залозамі. Састаў П. залежыць ад віду жывёлы, тыпу яго потавых залоз, стану арганізма, інтэнсіўнасці потавыдзялення і колькасці розных рэчываў у крыві. У чалавека П. мае 98—99% вады, каля 0,1% мачавіны, арган. к-ты, аміяк, тлушчы, хлорысты натрый (каля 0,3%) і інш. Рэакцыя П. бывае кіслай (pH 3,8—6,2) або шчолачнай (пры раскладанні мачавіны і выдзяленні аміяку). У капытных з П. выдзяляюцца бялкі (таму спацелы конь мае «запенены» выгляд). У некат. жывёл П. мае пігменты (напр., у бегемота і самца вял. кенгуру ён чырвоны). У чалавека выдзяляецца 0,5—12 л П. за суткі ў залежнасці ад мышачнай нагрузкі, т-ры навакольнага асяроддзя, колькасці выпітай вады. Пры паталаг. стане П. можа мець глюкозу (цукр. дыябет), жоўцевыя пігменты, цысцін (цыстынурыя), часам эрытрацыты — крывавы П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
прыродная складаючая ч. асяроддзя існавання і вытв. дзейнасці чалавецтва; частка навакольнага асяроддзя. Уключае сукупнасць прыродных і змененых чалавечай дзейнасцю аб’ектаў жывой і нежывой прыроды, якія часткова або поўнасцю захавалі ўласцівасць самаразвіцця (напр., лясныя высечкі, аблогі, часткова знішчаныя папуляцыі дзікіх жывёл). П.а. не залежыць ад непасрэднага кантакту з чалавекам, можа разглядацца ў адносінах да жывёл, раслін і інш. Блізкае да П.а. ў вял. маштабе паняцце геаграфічнага асяроддзя. Існуюць таксама паняцці вонкавае асяроддзе (сілы і з’явы прыроды, яе рэчыва і прастора, дзейнасць чалавека, якія знаходзяцца па-за разглядаемым аб’ектам, аднак ўзаемадзейнічаюць з ім) і экалагічнае асяроддзе (у дачыненні толькі да жывых істот). Мадыфікацыі П.а., створаныя людзьмі (гасп. зямельныя ўгоддзі, зялёныя насаджэнні, с.-г. жывёлы і інш.), наз.асяроддзем развіцця. Яно не здольна самападтрымлівацца і без рэгулявальнага ўздзеяння чалавека паступова разбураецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПАЗНАВА́ННЕ ВУ́СНАЙ МО́ВЫ,
раздзел кібернетыкі, які распрацоўвае тэорыю, метады, алгарытмы і камп’ютэрныя тэхналогіі аўтам. распазнавання і разумення мовы чалавека.
Грунтуецца на агульнай тэорыі распазнавання вобразаў, метадах прыкладной фанетыкі і лінгвістыкі, тэорыях лічбавай апрацоўкі сігналаў, маркаўскіх мадэлей, моваўтварэння і ўспрымання мовы чалавекам. Выкарыстоўваецца ў сістэмах штучнага інтэлекту як натуральна-моўны інтэрфейс чалавека і машыны, сістэмах кіравання, камп’ютэрнай тэлефаніі, тэлеф. дыялогавых інфармацыйна-даведачных сістэмах, сістэмах аховы баз даных («галасавы ключ»), дыспетчарскіх сістэмах кіравання паветр. і наземным транспартам і інш.
На Беларусі даследаванні па праблемах Р.м. вядуцца з сярэдзіны 1960-х г. у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Распрацаваны сінтэзатары бел. і рус. моўнага ўзнаўлення друкаванага тэксту, шэраг прыкладных тэхналогій з выкарыстаннем сістэм распазнавання і сінтэзу мовы.
Літ.:
Искусственный интеллект: Справ. М., 1990. Кн. 1. С. 95—139.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНХАЦЭРКО́ЗЫ,
гельмінтозныя хваробы буйн. раг. жывёлы, коней, вярблюдаў, козаў, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца нематодамі з роду анхацэрка. Пры анхацэркозах назіраюцца пухліны з гноем, намулы, дэрматыты, кульгавасць і інш. Заражэнне адбываецца на забалочанай пашы і каля вады. Лячэнне растворам Люголя, хірургічнае.
Да арт.Анхацэркозы: 1 — фрагмент цела анхацэркі; 2 — інвазійная лічынка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАФІ́ТЫ [ад апа... + ...фіт(ы)],
абарыгенныя расліны, якія з прыродных лясных, лугавых, балотных і інш. згуртаванняў перайшлі на тэрыторыі, звязаныя з гасп. дзейнасцю чалавека (палі, падвор’і, месцы здабычы карысных выкапняў і інш.). У новых месцах апафіты — пустазелле. На Беларусі да апафітаў належаць блюшчык плюшчападобны, крапіва двухдомная, купкоўка зборная, снітка звычайная, чальчак вербалісты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАГІПНО́З (ад аўта... + гіпноз),
гіпнатычны стан (гл.Гіпноз), выкліканы самаўнушэннем, у процілегласць гетэрагіпнозу, выкліканаму ўздзеяннем інш.чалавека; адзін з прыёмаў у аўтагеннай трэніроўцы. Мэтанакіраванае ўвядзенне самога сябе ў гіпнатычны стан дасягаецца пэўнымі прыёмамі. Схільнасць да аўтагіпнозу залежыць ад фіз. і эмацыянальнага стану, асобасных асаблівасцяў, здольнасці да самакіравання фізіял. і псіхічнымі функцыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́СІ ((Grassi) Джавані Батыста) (27.5.1854, Равеласка, каля г. Кома, Італія — 10.5.1925),
італьянскі заолаг. Праф. Рымскага ун-та (1895). Працаваў у Павіі, Катаніі, Рыме. Апісаў (разам з іншымі) поўны цыкл развіцця малярыйнага плазмодыю, метамарфоз рачнога вугра, умовы заражэння чалавека некат. гельмінтамі, у т. л. аскарыдай. Прапанаваў практычныя мерапрыемствы па барацьбе з малярыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДДТ, дыхлордыфенілтрыхлорэтан,
хімічны прэпарат для барацьбы са шкоднымі насякомымі (інсектыцыд). Шырока выкарыстоўваўся ў 1940—60-я г. ў многіх краінах свету. Устойлівае злучэнне, якое здольна назапашвацца ў навакольным асяроддзі, забруджваць яго і парушаць біял. раўнавагу ў прыродзе; небяспечнае для чалавека і жывёл (выклікае хранічнае атручэнне). Забаронены (на Беларусі — з 1970).