зборная назва запаленчых і запаленча-дыстрафічных, а ў шырокім сэнсе і інш. хвароб суставаў. Адрозніваюць артрыты першасныя (напр., спандылаартрыт) і другасныя або спадарожныя (пасля рэўматызму), вострыя і хранічныя, лакалізаваныя ў адным суставе і множныя (поліартрыт). Выклікаюцца інфекцыяй пры туберкулёзе, бруцэлёзе, парушэннямі абмену рэчываў і жыўлення суставаў, траўмамі і інш. Прыкметы: боль у суставах, пачырваненне скуры над імі, абмежаваная гнуткасць, змена формы суставаў, прыпухласць. Лячэнне медыкаментознае, санаторна-курортнае, пры цяжкіх ускладненнях хірургічнае.
бел. кардыёлаг і рэўматолаг. Д-рмед.н. (1983), праф. (1985). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1958), з 1963 у гэтым ін-це. Навук. працы па дыягностыцы і лячэнні рэўматызму, парокаў сэрца ў цяжарных жанчын, рэабілітацыі хворых на розныя формы ішэмічнай хваробы сэрца.
Тв.:
Практические навыки терапевта: Практич. пособие. Мн., 1993 (у сааўт.);
Даведнік напісання дыягназаў асноўных захворванняў унутраных органаў на беларускай, расійскай і лацінскай мовах. Мн., 1994 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭНСБУ́РГСКАЯ КУЛЬТУ́РА (Ahrensburgian),
археалагічная культура познапалеалітычных плямёнаў, якія ў 10—9 тысячагоддзях да нашай эры насялялі Поўнач сучаснай тэрыторыі Германіі і Нідэрланды. Назва ад мясцовасці Арэнсбург (ФРГ), дзе выяўлены рэшткі познапалеалітычных і мезалітычных стаянак. Асобныя групы носьбітаў Арэнсбургскай культуры праніклі на тэрыторыю Усходняй Еўропы і, як мяркуюць, далі пачатак грэнскай культуры. Насельніцтва жыло на кароткачасовых стаянках з наземнымі жытламі круглаватай, авальнай ці трохвугольнай формы, займалася паляваннем на паўночнага аленя. Большасць прылад працы вырабляла з крамянёвых адшчэпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНДРЫ́Т (ад грэч. dendron дрэва),
крышталічнае ўтварэнне некат. мінералаў, металаў, сплаваў, штучных злучэнняў, якое мае дрэва-, папарце-, моха-, зоркападобную і інш.формы. Утвараецца з расплаву, раствору, пары або газу пры хуткай крышталізацыі рэчыва ва ўмовах сціснутасці росту (напр., у тонкіх трэшчынах, грыфонах — месцах выхаду газавых струменяў), у вязкім, перанасычаным або рыхлым гліністым асяроддзі, пры металургічных працэсах, штучным вырошчванні крышталёў. У прыродзе Д. звычайна — самародная медзь, золата, серабро, таксама лёд, нашатыр, піралюзіт і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСП’Ё ((Despiau) Шарль) (4.11.1874, г. Мон-дэ-Марсан, Францыя — 28.10.1946),
французскі скульптар; майстар партрэта. Вучыўся ў Парыжы ў Школе дэкар. мастацтваў і ў Школе прыгожых мастацтваў (з 1891). У 1907—14 памочнік А.Радэна. Творы адметныя паэтычнасцю вобразаў, тонкасцю мадэліроўкі, якая стварае гульню святлаценяў, яснасцю і цэласнасцю пластычнай формы («Дзяўчынка з Ланд», 1907, партрэт Аньес Меер, 1929, партрэт мадам Фантэн, 1930-я г.). Аўтар «Помніка паўшым» у Мон-дэ-Марсане (1920—22).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВАНАСТЭРЭАТЫ́ПІЯ (ад гальвана... + стэрэатыпія),
спосаб вырабу копій друкарскіх формаў (стэрэатыпаў) метадам гальванапластыкі. Ужываецца ў высокім друку для друкавання кніг і часопісаў з вял. колькасцю ілюстрацый, шматтыражных каляровых рэпрадукцый.
Працэс гальванастэрэатыпіі ўключае матрыцаванне (выраб з пластычнага матэрыялу копіі друкарскай формы), электралітычнае нарошчванне на матрыцу слоя металу (звычайна медзі), апрацоўку атрыманага стэрэатыпу. Гальванастэрэатыпы, у параўнанні з літымі, адрозніваюцца дакладнасцю, выразнасцю і трываласцю (медныя вытрымліваюць да 200—250 тыс., а пасля дадатковага нанясення жалеза або нікелю — да мільёна адбіткаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСІЛА́СА ДЭ ЛА ВЭ́ГА (Garcilaso de la Vega; 6.2.1503, г. Таледа, Іспанія — 14.10.1536),
іспанскі паэт, буйнейшы прадстаўнік ранняга ісп. Адраджэння. Быў дыпламатам пры двары Карла V, удзельнічаў у ваен. паходах, доўгі час жыў у Неапалі. Рэфармаваў ісп. верш, шырока ўводзіў італьян. памеры і цвёрдыя страфічныя формы (актава, санет, канцона). У лепшых сваіх творах — санетах і эклогах — апяваў прыгажосць свету і чалавечых пачуццяў (выд. ў 1543).
Тв.:
Рус.пер. [Стихи);
Сонеты // Поэзия испанского возрождения. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХРАДКО́ЎЕ,
найбольш просты від страфы, які складаецца з двух радкоў, звязаных сумежнай рыфмоўкай ці клаўзацыяй (у белым вершы). З’яўляецца асновай монастрафічнага верша-двухрадковіка. У ант. паэзіі Д. пэўнага памеру ўтваралі асобую страфу — элегічны двуверш. У паэзіі народаў Б. і Сярэдняга Усходу Д. мае назву бейт. Нярэдка ўваходзіць састаўной ч. у больш буйныя страфічныя формы (чатырохрадкоўі, шасцірадкоўі, васьмірадкоўі — аабб, ааббвв, ааббввгг), служыць кодай у некат. класічных відах строф (санеце шэкспіраўскага тыпу, актаве, анегінскай страфе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРНАВА́ННЕ (ад ням. Dorn метал. шып, дорн),
1) утварэнне адтуліны («прашыванне») у нагрэтым злітку для атрымання загатоўкі трубы.
2) Апрацоўка адтулін (каліброўка) для павышэння дакладнасці іх формы і памеру, памяншэння шурпатасці і ўмацавання паверхневага слоя. Робіцца ратацыйным дорнам на такарных, расточных і інш. станках. Асн. элемент ратацыйнага дорна — шарыкі (або ролікі) з загартаванай сталі, якія пры абкочванні бесперапынна прыціскаюцца да паверхні, што апрацоўваецца. На Беларусі комплекс ратацыйных дорнаў створаны пад кіраўніцтвам Я.Р.Канавалава (Залаты медаль на Лейпцыгскім кірмашы ў 1967).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТАТЫ́ЧНЫ ПАРАДО́КС,
несупадзенне вагі вадкасці, налітай у пасудзіну, з сілай ціску на дно гэтай пасудзіны. Выяўлены Б.Паскалем (1654). У пасудзіне, пашыранай зверху, вага вадкасці меншая за сілу ціску; у звужанай зверху — большая; у цыліндрычнай — аднолькавая. Калі адну і тую ж вадкасць наліць да аднаго і таго ж узроўню ў пасудзіны рознай формы, але з аднолькавай плошчай дна, сіла ціску на дно будзе аднолькавая для ўсіх пасудзін і роўная вазе вадкасці ў цыліндрычнай пасудзіне.