ДЗЮ́РЭР ((Dürer) Альбрэхт) (21.5.1471, г. Нюрнберг, Германія — 6.4.1528),
нямецкі жывапісец, рысавальшчык, гравёр, тэарэтык мастацтва. Заснавальнік мастацтва ням. Адраджэння. Вучыўся ювелірнай справе ў свайго бацькі, у 1486—89 — жывапісу ў майстэрні М.Вольгемута ў Нюрнбергу, дзе ўспрыняў прынцыпы ням. і нідэрл. позняй готыкі і азнаёміўся з некат. творамі ранняга італьян. Адраджэння. Праілюстраваў у 1488—90 шэраг нюрнбергскіх, у 1491—92 базельскіх выданняў. У 1490—94 выканаў у познагатычным стылі некалькі станковых гравюр, ілюстраваў кнігу «Карабель дурняў» С.Бранта і інш. Пасля першай (1494—95) і другой (1505—07) паездак у Італію актыўна развіваў маст. прынцыпы Адраджэння. У жывапісе Дз. ўмацоўваюцца дакладнасць вобразнай структуры, імкненне да строга ўпарадкаванага размяшчэння пластычных аб’ёмаў у прасторы, да супастаўлення лакальных колераў (шматфігурныя кампазіцыі «Дрэздэнскі алтар», каля 1496, «Алтар Паўмгартнераў», 1502—04, «Пакланенне Тройцы», 1511). У партрэтах і аўтапартрэтах сцвярджаў новае рэнесансавае разуменне чалавечай асобы і сац. стану мастака («Аўтапартрэт», 1498). Стварыў тып чалавека рэнесансавай эпохі, прасякнутага гордай самасвядомасцю ўласнай асобы, напружанай духоўнай энергіяй і практычнай мэтанакіраванасцю (партрэты: маладога чалавека, 1521, Х.Гольцшуэра, 1526, і інш.). Дасканала вывучаў прапорцыі чалавечага цела («Адам і Ева», 1507). Выканаў шэраг малюнкаў, але найб. ўвагу аддаваў гравюры (каля 350 малюнкаў для дрэварытаў і каля 100 медзярытаў). У серыі дрэварытаў «Апакаліпсіс» (1498), цыклах «Вялікія страсці» (каля 1497—1511), «Жыццё Марыі» (каля 1502—11), «Малыя страсці» (1509—11) адлюстраваў гуманіст. ўяўленні пра сэнс быцця і задачы мастацтва. Вытанчаная распрацоўка суадносін святла і паветранай прасторы, надзвычайная дакладнасць графічнай мовы, якасць ліній і аб’ёму ўласцівы тром т. зв. «майстарскім» медзярытам: «Рыцар, смерць і д’ябал» (1513) — вобраз непахіснага выканання свайго абавязку, стойкасці перад любымі выпрабаваннямі лёсу; «Меланхолія» (1514) — увасабленне ўнутраных канфліктаў і пошукаў неспакойнага творчага духу; «Іеранім у келлі» (1514) — ухваленне гуманіст. даследчай думкі. Ствараў і жыццёва-непасрэдныя нар. вобразы («Сяляне танцуюць», 1514). Аўтар трактатаў «Кіраўніцтва да вымярэння цыркулем і лінейкай» (1525), «Кіраўніцтва па ўмацаванні гарадоў, замкаў і крэпасцей» (1527), «Чатыры кнігі аб прапорцыях чалавека» (1528). Маст. пошукі Дз. завяршыў твор «Чатыры апосталы» (1526), дзе ўвасоблены 4 характары-тэмпераменты людзей, звязаныя з агульным гуманіст. ідэалам незалежнай думкі, сілы волі, стойкасці ў барацьбе за справядлівасць і ісціну.
Літ.:
Либман М.Я. Дюрер и его эпоха. М., 1972;
Львов С.П. А.Дюрер. М., 1977;
Нессельштраус Ц.Г. Альбрехт Дюрер. Л., М., 1961.
А.Дзюрэр. Аўтапартрэт. 1498.А.Дзюрэр. Меланхолія. Гравюра разцом на медзі. 1514.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫ́Н (Аляксандр Іванавіч) (7.9.1870, с. Нараўчат Пензенскай вобл., Расія — 25.8.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (Масква, 1890). Быў на ваен. службе, з 1894 у адстаўцы, жыў у Кіеве, шмат ездзіў па Расіі. У 1903 зблізіўся з М.Горкім, супрацоўнічаў у яго выд-ве «Знание». У 1919 эмігрыраваў у Францыю, з 1937 на радзіме. Друкаваўся з 1889. Раннія апавяданні (зб. «Мініяцюры», 1897) — псіхал. эцюды, прысвечаныя даследаванню розных станаў чалавечай душы. У апавяданнях «Дазнанне», «У паходзе», аповесцях «Прапаршчык армейскі» (1897), «На пераломе (Кадэты)» (1900), «Паядынак» (1905) і інш.рэаліст. паказ жахлівага ваен. побыту, пратэст супраць жорсткасці і падаўлення асобы. Аповесць «Малох» (1896) — спроба з дапамогай іншасказання і сімвалаў паказаць бесчалавечнасць вытворчага прагрэсу. Пасля паездкі на Палессе (1897) напісаў цыкл апавяданняў («У лясной глушы», «На глушцоў» і інш.), аповесць «Алеся» (1898), у якіх упершыню моцна загучала тэма вял. кахання, характэрная для наступных яго твораў («Суламіф», 1908; «Гранатавы бранзалет», 1911; і інш.). Аўтар аповесцей навукова-фантаст. «Вадкае сонца» (1913), напаўфантаст. «Зорка Саламона» (1917), цыкла нарысаў «Кіеўскія тыпы» (1895—98), «Лістрыгоны» (1907—11) і інш. Аповесць «Яма» (ч. 1—2, 1909—15) пра амаральнасць грамадства, якое апраўдвае прастытуцыю. У эміграцыі стварыў нарысы аб Францыі, аповесці «Купал св. Ісакія Далмацкага» (1928), «Кола часу» (1929), «Жанета» (1932—33), казачныя («Кісмет») і гіст. («Аднарукі камедыянт», «Цень імператара») апавяданні, успаміны пра цыркавых артыстаў, рус. прыроду і інш.Асн. эмігранцкі твор — аўтабіягр. раман «Юнкеры» (1928—32). Многія творы К. экранізаваны («Паядынак», «Алеся» і інш.). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі І.Шамякін, Л.Салавей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
Рассказы и повести. Мн., 1997;
Бел.пер. — Выбранае Мн., 1985;
Выбр. проза. Мн., 1992. Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПУРЫ́ (ад франц. pot-pourri мяшаная страва, усякая ўсячына),
інструментальны (радзей вак.) твор, пабудаваны на чаргаванні папулярных тэм з опер, аперэт, балетаў, песень, танцаў, музыкі з кінафільмаў і інш., мелодый ці песень пэўнага кампазітара. Тэмы ў П. не развіваюцца, а ідуць паслядоўна адна за адной, паміж асобнымі мелодыямі ўводзяцца кароткія звязкі для мадулявання і тэматычнага пераключэння. Найб. пашыраны П. для духавога і эстр. аркестраў.
Узніклі ў 18 ст. ў Францыі, у пач. 19 ст. распаўсюдзіліся ў Еўропе (найб. раннія творы належаць ням. кампазітару І.Б.Крамеру). Сярод узораў: «Бліскучае папуры на любімыя тэмы з оперы Шпора «Фауст» К.Чэрні, «Папуры на тэмы Бетховена» А.Дыябелі, «Фантазія на польскія тэмы» Ф.Шапэна. У Расіі ў канцы 19 ст. былі пашыраны П. для т.зв. садовых аркестраў, заснаваныя на папулярных танц. мелодыях.
На Беларусі ў пач. 19 ст. былі вядомы П. на тэмы маршавых і танц. мелодый Няльгоўскага, І.Дабравольскага, Вуса і інш. (у рэпертуары Магілёўскага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Дабравольскага), папуры В.Стафановіча на тэмы сімфоній, уверцюр Л.Бетховена, І.Гайдна, Ш.Гуно, Л.Керубіні, В.А.Моцарта, Дж.Расіні, Д.Чымарозы, Р.Крэйцэра, М.Глінкі, вальсаў, кадрыляў і полек І.Штрауса, Лябіцкага, маршаў Ф.Мендэльсона, Б.Більзе (у рэпертуары Мінскага гар. аркестра), П. на мелодыі з італьян. опер выконваў духавы аркестр Мінскай мужч. гімназіі і інш. У пач. 20 ст. П. на тэмы італьян. кампазітараў выконвалі Мінскі гар. духавы аркестр і аркестр ваен. духавой музыкі кавалерыйскай дывізіі, «Маларасійскія папуры» — аперэтачна-драм. трупа пад кіраўніцтвам І.Канеўскага ў т-ры мініяцюр у Оршы і трупа т-ва маларасійскіх артыстаў пад кіраўніцгвам Ф.Максімовіча ў Мінскім гар. т-ры. У 1920-я г. былі пашыраны папуры У.Тэраўскага і В.Яфімава для арк. на тэмы рэв. песень. Сярод найб. вядомых П. ў рэпертуары бел.прафес. і аматарскіх аркестравых калектываў — «Сябры-аднапалчане» на тэмы песень Вял.Айч. вайны М.Вахуцінскага, «Беларуская старонка» на тэмы бел.нар. мелодый для духавога арк. М.Нарко і інш.; на тэмы твораў сучасных бел. (П. на тэмы песень У.Алоўнікава, Я.Глебава, І.Лучанка, «Калейдаскоп эстрадных мелодый В.Волкава і інш.) і замежных (папуры Л.Кеэра на тэмы класічных джазавых мелодый «Караван» Х.Цізола і Э.Элінгтана, «Фламінга» Г.Гроя, «Бразілія» А.Барэса) кампазітараў.
Літ.:
Способий И.В. Музыкальная форма. 6 изд. М., 1980. С. 251—252.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЗА́К ((Balzac) Анарэ дэ) (20.5.1799, г. Тур, Францыя — 18.8.1850),
французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму 19 ст. Вучыўся ў Вандомскім каледжы; у 1819 скончыў парыжскую Школу права, адначасова праслухаў курс л-ры ў Сарбоне. Першы твор — класіцыстычная трагедыя ў вершах «Кромвель» (1820). Поспех і прызнанне прыйшлі з выхадам гіст. рамана «Шуаны» (1829). Прыярытэтам эстэт. сістэмы пісьменніка стаў матэрыяльны свет і будзённае жыццё. Гэта выходзіла па-за межы рамантызму, які панаваў у л-ры да 1830-х г. Аднак традыцыі рамант. мастацтва заўсёды прысутнічалі ў творчасці Бальзака, выяўляліся пры адлюстраванні ўсёпаглынальнай страсці герояў. Назіральнасць і празорлівасць пісьменніка дазволілі зразумець гал. тэндэнцыю эпохі — эканам. пераразмеркаванне багацця, уласнасці і выхад на авансцэну новых уладароў жыцця — фінансістаў, спекулянтаў, ліхвяроў, дзялкоў, якія вырашалі лёс грамадства, стваралі жывую гісторыю. Так нарадзіліся вобразы Габсэка, Грандэ, Гарыо, Нусінгена. Адчуванне свету ў яго цэласнасці і ўнутранай узаемазвязанасці прывяло Бальзака ў 1834 да задумы стварыць «грандыёзны раман пра грамадства», людзей і падзеі 19 ст., якая рэалізавана ў вялізным цыкле раманаў і навел (каля 100) пад назвай «Чалавечая камедыя» пра Францыю перыяду Рэстаўрацыі і Ліпеньскай манархіі. Вылучаюцца 3 яго часткі (эцюды). «Эцюды звычаяў» падзяляліся на сцэны прыватнага («Габсэк», 1830; «Трыццацігадовая жанчына», 1831—34, канчатковая рэд. 1842; «Бацька Гарыо», 1834—35, і інш.), правінцыяльнага («Яўгенія Грандэ», 1833; «Музей старажытнасцяў», 1836—38; «Страчаныя ілюзіі», 1837—43, і інш.), парыжскага («Бляск і ўбоства куртызанак», 1838—47; «Кузіна Бэта», 1846; «Кузэн Понс», 1847, і інш.), ваеннага («Шуаны» і інш.), паліт. («Цёмная справа», 1841, і інш.) і вясковага («Вясковы лекар», 1833, і інш.) жыцця. «Філасофскія эцюды» склалі «Шчыгрынавая скура» (1830—31), «Элексір даўгалецця» (1830), «Пошукі абсалюту» (1834) і інш. У «аналітычныя эцюды» ўвайшлі «Фізіялогія шлюбу» (1829), «Дробныя нягоды сямейнага жыцця» (1845—46) і інш. Творы аб’ядноўваліся агульнымі героямі, якія ўяўлялі сабой розныя тыпы: узроставыя, прафесійныя, сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя і гэтак далей. Бальзак абараняў манархію, каталіцызм і адначасова захапляўся бурж. прагрэсам. Аднак ніхто лепш за яго не паказаў заганы грамадства, у якім грошы і асабісты інтарэс вынішчаюць усё лепшае, натуральнае з чалавечых адносін і здольныя ператварыць чалавека ў монстра. Творчая манера Бальзака вызначаецца апісальнасцю, стыль — дэталёвасцю, жывапіснасцю. Яму належаць таксама збор навел «Свавольныя апавяданні» (1832—37), п’есы («Мачаха», 1848, і інш.), крытычныя артыкулы («Эцюд пра Бейля», прадмова да «Чалавечай камедыі» і інш.). На бел. сцэне ставіліся спектаклі па п’есах Бальзака «Мачаха», «Драпежніца», раманах «Яўгенія Грандэ», «Баламутка» («Жыццё халасцяка»).
Тв.:
Бел.пер. — Габсэк. Мн., 1993;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—24. М., 1960.
Літ.:
Реизов Б.Г. Бальзак: Сб. статей. Л., 1960;
Бальзак в воспоминаниях современников. М., 1986;
Моруа А. Прометей, или Жизнь Бальзака: Пер. с фр.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬНЮСКАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА БІБЛІЯТЭ́КА.
Засн. ў 1570 як б-каВіленскага езуіцкага калегіума. Значна расшырылася пасля 1579, калі калегіум быў пераўтвораны ў акадэмію. Аснову яе склалі зборы кніг, што падаравалі калегіуму польскі кароль і вял.кн.літ. Жыгімонт II Аўгуст, віленскі біскуп В.Пратасевіч, падканцлер Казімір Леў Сапега. У 1579 налічвала 4,5 тыс. тамоў, у 1773 — 11 тысяч. Б-ка атрымлівала абавязковы экз. з друкарні ун-та, з 1780 — з усіх друкарняў Вял.кн. Літоўскага. Пераважалі рэліг. тэалагічныя кнігі. Зберагаліся рэдкія выданні і рукапісы, у т. л.твор М.Каперніка «Пра абарачэнні нябесных сфер», працы Пталамея, Арыстоцеля, Р.Дэкарта, стараж. пергаментны Псалтыр на царк.-слав. мове, Слуцкі спіс 16 ст. Статута ВКЛ 1529 і інш. З канца 18 ст. ствараліся адносна самаст. кніжныя зборы ф-таў. Пасля паўстання 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве ун-т зачынены (1832), кніжныя фонды падзелены паміж Віленскай медыка-хірургічнай акадэміяй і Духоўнай рымска-каталіцкай акадэміяй, частка кніг перададзена Беларускай навучальнай акрузе, Кіеўскаму і Харкаўскаму ун-там. Пасля аднаўлення ун-та (1919) у б-ку паступілі некат. зборы Віленскай публічнай б-кі. У 1930-я г.б-ка налічвала каля 200 тыс. тамоў. У канцы 1940-х г. — 1950-я г. папоўнілася кнігамі з б. Каўнаскага ун-та, з б-к Масквы і Ленінграда. У 1995 налічвала больш за 5 млн. адз. захавання, у т. л. 180 тыс. старадрукаў (322 інкунабулы), больш за 212 тыс. рукапісаў на розных мовах, калекцыя графікі (75 тыс. адз.), бібліягр. і інфарм. выданні і інш. У фондах рукапіснага аддзела стараж. кодэксы, дакумент. і актавыя матэрыялы 14—20 ст., асабістыя архівы прафесараў Віленскага ун-та, матэрыялы прыватных архіваў Сапегаў, Тышкевічаў, Копцяў, інвентары і гасп. кнігі маёнткаў, гаспадарскіх уладанняў, гарадоў, мястэчак (Кобрын, Любча, Дзярэчын і інш.), царк. устаноў (Лаўрышаўскага і Супрасльскага манастыроў, Гродзенскага канвента, каталіцкіх ордэнаў), архіва Віленскага універсітэта, архіў Паўн.-Зах. аддзела Рус.геагр.т-ва (у т. л. адказы мясц. карэспандэнтаў на анкету, распаўсюджаную ў пач. 1870-х г., са звесткамі пра сельскую гаспадарку, побыт і культуру беларусаў). Сярод старадрукаў Брэсцкая біблія 1563, «Апостал» Ф.Скарыны 1525, выданні Мамонічаў, Віленскага брацтва, унікальныя экзэмпляры кніг К.Каяловіча, «Абарона Вялікага княства Літоўскага» А.Ружоўскага (каля 1649), юрыд., Навук. і царк.-палемічныя выданні. Многія інкунабулы захоўваюць запісы бел. чытачоў, каля 200 тамоў паходзяць з кнігазбору Казіміра Льва Сапегі. Асобную калекцыю складаюць зборы картаграфічных матэрыялаў і атласаў, іканаграфіі. Выдае «Летапіс бібліятэкі Вільнюскага універсітэта». З’яўляецца дэпазітнай б-кай ААН (з 1965). Падтрымлівае сувязі з 383 б-камі і навук. ўстановамі ў 55 краінах свету. Размяшчаецца ў будынках б. Віленскага ун-та.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́НКА (Уладзімір Галакціёнавіч) (27.7.1853, г. Жытомір, Украіна — 25.12.1921),
рускі пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч. Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900, у 1902 адмовіўся ад звання). Вучыўся ў Тэхналагічным (1871—73) і Горным (1877—78) ін-тах у Пецярбургу, у Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі (1874—76) у Маскве. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам ідэй рус.рэв. народнікаў. У 1876—77 у ссылцы ў Кранштаце, у 1879 у Вяцкай губ., у 1881—84 у Якуціі. З 1885 жыў у Н. Ноўгарадзе, з 1896 у Пецярбургу, з 1894 чл. рэдакцыі народніцкага час. «Русское богатство», у 1904—18 (з перапынкамі) яго рэдактар, з 1900 у Палтаве. Друкаваўся з 1878. Жыццё народа. яго духоўнае багацце, неабходнасць яднання інтэлігенцыі з народам — асн. матывы творчасці К. У апавяданнях «Дзіўная» (1880, апубл. 1905), «Забойца», «Сон Макара» (абодва 1885), «Сляпы музыка» (1886, 2-я рэд. 1898), «Марусіна заімка» (1889, апубл. 1899), «Рака гуляе», «Ат-Даван» (абодва 1892), «Агеньчыкі» (1901) і інш. выступаў супраць беззаконня самадзяржаўных улад, раскрыў станаўленне новых рыс нац. характару рус. чалавека. Водгукам на актуальныя з’явы і праблемы грамадска- паліт. жыцця былі яго нарысы «У галодны год» (1893), «Мултанскае ахвярапрынашэнне» (1895—96), «Гомельская судовая драма» (1905), «Сарачынская трагедыя» (1907), «Бытавая з’ява» (1910) і інш. Аповесць «Без языка» (1895, 2-я рэд. 1902, прататып гал. героя — рабочы-беларус) — назіранні пісьменніка ад падарожжа ў Амерыку. Мемуары «Гісторыя майго сучасніка» (кн. 1—4, 1906—22) — маст. летапіс пакалення 1870-х г. Творчасць К. вызначаецца рэалістычнасцю, спалучэннем эпічных і лірычных плыняў, паглыбленым псіхалагізмам, гуманізмам. Перамога чалавечага духа над матэрыяльнай абалонкай — адзін з гал. матываў яго твораў. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў пра рус. пісьменнікаў. Захавалася 6 лістоў К. да А.В.Луначарскага ад 1920, у якіх ён выказаў свае рэзка адмоўныя адносіны да Кастр. рэв 1917 і яе вынікаў. Асобныя творы К. тэматычна звязаны з Беларуссю. Быў асабіста знаёмы з Я.Купалам. Яго творы друкаваліся ў бел.газ. «Наша ніва», у 1920—30-я г. на бел. мове былі выдадзены яго аповесці «Сляпы музыка», «Судны дзень», «Лес шуміць», «Дзеці падзямелля» і інш. У 1922 у т-ры імя Я.Купалы (БДТ-1) інсцэніраваны яго твор «Лес шуміць». На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Александровіч, С.Дарожны, М.Краўцоў, А Кудравец, К.Чорны, Я.Шарахоўскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
абагульнены тып літ. твораў, які выяўляецца праз асэнсаванасць маст. фактаў у выглядзе пэўнай заканамернасці. Упершыню пра Р.л. ўпамінае Платон у трактаце «Дзяржава». Больш поўна тэорыю Р.л. распрацаваў у сваёй «Паэтыцы» Арыстоцель. Асн. Р.л. тры — эпас, лірыка і драма. Эпасам называюцца творы аб’ектыўна-апавядальнага характару, у якіх паказваецца чалавек у шматлікіх сувязях з грамадствам і прыродай. У лірыцы раскрываюцца пачуцці асобы, яе ўнутр. свет. У драме супрацьстаяць характары, перадаюцца адносіны і канфлікты паміж персанажамі, яны паказваюцца ў дзеяннях, учынках, перажываннях. У залежнасці ад тэматыкі ці інш. прыкметы Р.л. падзяляюцца на віды літаратурныя (або формы) і жанры. Эпас апісвае падзеі, знешнія ў адносінах да аўтара. У залежнасці ад часу дзеяння, ахопу падзей, колькасці персанажаў адрозніваюць вял. (эпапея, раман), сярэднія (аповесць, нарыс), малыя (навела, апавяданне, казка, байка, легенда) формы эпасу. Эпас паказвае аб’ектыўную карціну свету. Акрамя ўчынкаў герояў, значнае месца адводзіцца апісанням: партрэтам, рэчам, пейзажу. Ад лірыкі і драмы эпас адрозніваецца шырынёй і багаццем адлюстравання жыцця, яго пераасэнсаваннем. Лірыка аб’ядноўвае творы, у аснове якіх думкі, пачуцці, настроі, перажыванні чалавека. Віды лірыкі пераважна невял. па памеры: ода, раманс, песня, балада, верш, элегія, гімн. Самая вял. форма лірыкі — паэма, якая можа быць эпічнаю («Курган» Я.Купалы) або сумяшчаць рысы эпасу і лірыкі («Тарасова доля» Я.Купалы, «Сцяг брыгады» А.Куляшова). Звычайна лірыку падзяляюць па тэматычных лініях або жанрава: лірыка грамадз., пейзажная, філас., інтымная. Драма, як і эпас, паказвае знешнюю рэальнасць — адносіны і канфлікты паміж людзьмі. Аднак паказ адбываецца праз размоўную форму. Як і ў лірыцы, тут выражаюцца думкі, пачуцці, перажыванні, але не адной асобы, а некалькіх. Падзел л-ры на роды не супадае з яе падзелам на паэзію і прозу. У побытавай мове лірычны твор звычайна суадносіцца з паэзіяй, а эпічны — з прозай. Але кожны Р.л. ўключае ў сябе і паэтычныя (вершаваныя), і празаічныя творы. Эпас на ранніх этапах мастацтва быў пераважна вершаваны. Вершаваны эпас характэрны і для бел. л-ры («Новая зямля» Я.Коласа).
Словы «эпічнае» («эпічнасць»), «драматычнае» («драматызм»), «лірычнае» («лірызм») абазначаюць не толькі родавыя асаблівасці твораў, але і інш. якасці. Напр., эпічнасцю называюць велічна-спакойнае, нетаропкае сузіранне жыцця ў яго складанасці і шматпланавасці, шырыню поглядаў аўтара на свет і яго прыняцце як нейкай цэласнасці. Эпічнасць як ідэйна-эмацыянальная настраёвасць можа мець месца ва ўсіх Р.л. Драматызмам прынята называць стан, звязаны з напружаным перажываннем нейкіх супярэчнасцей, з усхваляванасцю і трывогай. Лірызм — узвышаная эмацыянальнасць, выяўленая ў мове аўтара, апавядальніка, персанажаў. Драматызм і лірызм таксама могуць прысутнічаць ва ўсіх Р.л.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Уводзіны ў літаратуразнаўства. 2 выд.Мн., 1982;
Рагойша В.П. Паэтычны слоўнік. 2 выд.Мн., 1987;
Беларуская літаратура, XI—XX стст. 2 выд.Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКІ РАМА́Н,
жанр сярэдневяковай свецкай рыцарскай л-ры. Узнік у рамана-германскім культ. рэгіёне, на ПнЗ Францыі і частцы тэр. Англіі, дзе спалучыліся раманскія, герм. і кельцкія ўплывы Вытокі Р.р. — сярэдневяковыя паданні кельтаў, германцаў, народаў з Усходу, гіст. хронікі (лац. «Гісторыя каралёў Брытаніі» Гальфрыда Монмаўцкага, 12 ст.), з ант. л-ры (паданні пра Аляксандра Македонскага, авантурны раман «Метамарфозы» Авідзія). Пашырыўся ў 12—14 ст. (час росквіту рыцарства). Эвалюцыя жанру звязана з адыходам ад крыніц і развіццём апавяд. форм (з 13 ст. з’яўляюцца празаічныя апрацоўкі), у якіх адлюстроўваецца новы гіст.-культ. кантэкст. У цэнтры традыц. Р.р. — апісанне подзвігаў героя, якія здзяйсняюцца дзеля ўласнай славы і кахання да Панны. Кодэкс рыцарскай дабрачыннасці склалі гераічны (ваен. майстэрства, мастацтва бою) і эстэт. (свецкае, прыдворнае выхаванне) ідэалы. Рыцарскае каханне ідэалізаванае. Індывідуалізуюцца пачуццёвы свет, мова герояў. У сюжэце пераважаюць фантаст. матывы як казачнага, так і незвычайнага, пазабудзённага зместу, экзатычныя апісанні, партрэтныя характарыстыкі, наяўнасць дыялогаў і маналогаў. Вылучаюць сюжэты Р.р.: ант. («Александрыя», «Раман пра Энея», «Троя»), брэтонскі ці артураўскі (раманы пра рыцараў «Круглага стала», пра Трыстана і Ізольду — версіі Тама, Беруля, Марыі Французскай, Готфрыда Страсбургскага, раманы Крэцьена дэ Труа, Вольфрама фон Эшэнбаха, раман Т.Мэлары «Смерць Артура», 15 ст.), візант. («Флуар і Бланшэфлёр», «Акасен і Нікалет»). Тыпалагічныя паралелі Р.р.: прыдворная аповесць (яп. «Гэндзі-Манагатары»), рыцарская паэма (Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры», перс. і тадж. паэта 11 ст. Гургані «Віс і Рамін»). Пародыяй на стылізаваныя перапрацоўкі Р.р., якія былі пашыраны ў ісп. л-ры Адраджэння, стаў «Дон Кіхот» М.Сервантэса. На Беларусі першыя пераклады Р.р. з’явіліся ў 15 ст. — «Александрыя» (сербская рэд.). У 16 ст. перакладзены на бел. мову лац. рэдакцыя гэтага твора, а таксама з польскай крыніцы раман пра Траянскую вайну італьян. пісьменніка 13 ст. Гвіда дэ Калоны (Калумны) «Гісторыя разбурэння Троі». У бел. спісе прыблізна 1580 захавалася бел. рэдакцыя Р.р. — «Аповесць пра Трышчана», у якой вял. пачуццё, сапраўднае каханне перамагае нормы і ўмоўнасці феад. саслоўнай маралі, што часткова выводзіць гэты твор за жорсткія рамкі куртуазнай дактрыны. Багатырскую казку нагадвае «Аповесць пра Баву». Адзін з апошніх бел. перакладных твораў, блізкіх да Р.р., — «Гісторыя пра Апалона Тырскага». Творы Р.р. бытавалі на Беларусі пераважна ў асяроддзі шляхты. Р.р. садзейнічаў секулярызацыі бел. л-ры, развіццю маст. вымыслу, белетрызацыі гіст. прозы, а таксама служыў задавальненню павялічанага чытацкага попыту бел. грамадства таго часу на творы свецкага зместу.
Літ.:
Мелетинский Е.М. Введение в историческую поэтику эпоса и романа. М., 1986;
История всемирной литературы. Т. 2. М., 1984;
Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд.Мн., 1998;
Адамовіч Г.Я. З крыніц сусветнай літаратуры Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСО́ЎСКІ (Мікола) (1470-я г. — пасля 1533),
паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Нарадзіўся, найб. верагодна, у в. Уса (Усава) цэнтр. Беларусі, у сям’і лоўчага (паляўнічага). Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў бел. пушчаў. У сталыя гады жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), які ў 1492—99 працаваў сакратаром велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні. Як сведчыць нядаўна выяўлены ў Варшаве тастамент С.Гальшанскай, складзены ў 1518 у Воўпе пад Ваўкавыскам і засведчаны Гусоўскім, ён у той час меў духоўны сан (называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі) і часам выконваў абавязкі публічнага натарыуса. У 1520—22 у складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў на лац. мове паэму «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») і шэраг вершаў (выд. ў зб. «Песня пра зубра», Кракаў, 1523). Вярнуўшыся ў Польшчу, напісаў і апублікаваў у Кракаве паэмы «Новая і слаўная перамога над туркамі» (1524) і «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў нястачы, хваробах, пошуках мецэнатаў і сталага заробку. Неапубл. творы не захаваліся.
Гусоўскі — заснавальнік лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі і Літвы. Быў таленавітай высокаадукаванай асобаю, выхаванай на лепшых нац. і агульнахрысц. культ. традыцыях, шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Дасведчанасць у ант. і еўрап. сярэдневяковай л-ры, выдатнае валоданне латынню сведчаць, што паэт набыў веды ў адным з тагачасных ун-таў. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культ. інтарэсамі і гуманіст. поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. Першыя яго літ. спробы з’явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці.
У літ. спадчыне Гусоўскага самы значны і яркі твор — «Песня пра зубра», першая рэаліст. ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. Адрасаваная найперш еўрап. лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыят. песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невял. твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай бел. рэчаіснасцю. З вял.маст. сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. Сцэны палявання поўныя напружанасці і драматызму, выпісаны з вял. майстэрствам, эмацыянальна і маляўніча, так рэалістычна і дакладна, што могуць служыць своеасаблівым вершаваным падручнікам для паляўнічых. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага — сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэт. натхнення. З горыччу піша ён пра цяжкае становішча свайго народа з прычыны бесперапынных войнаў і сац. прыгнёту, асуджае эгаістычную, антынар. палітыку ўладароў, няздольных арганізаваць абарону краіны ад знешніх ворагаў, заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання перад турэцкай пагрозаю. У эпічных традыцыях Гусоўскі стварыў велічны вобраз вял.кн. Вітаўта як магутнага і справядлівага валадара, таленавітага палкаводца і мужнага воіна, сапраўднага патрыёта сваёй дзяржавы, які клапаціўся пра чысціню нораваў людзей, высокі маральны дух і баяздольнасць воінаў, які ўсе сілы аддаваў умацаванню магутнасці, незалежнасці і высокага міжнар. аўтарытэту сваёй краіны. У паэме выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал паэта з яго верай у дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага, гістарычна і нацыянальна свядомага чалавека. Гэтыя ідэі Гусоўскага аб патрыят. служэнні свайму народу і Бацькаўшчыне, аб дасканалым чалавеку і грамадстве, яго клопат аб развіцці культуры ў краіне пераклікаюцца з ідэямі Ф.Скарыны і паслужылі ідэалагічнай асновай першага бел. Адраджэння. У празаічнай прадмове, звернутай да каралевы Боны, паэт асабліва падкрэслівае непасрэдную сувязь магутнасці дзяржавы са станам навукі, л-ры і мастацтваў, з духоўным абліччам яе грамадзян. «Песня пра зубра» — каштоўная крыніца для вывучэння біяграфіі аўтара, яго поглядаў і творчых прынцыпаў, для пазнання эпохі, у якую ён жыў, этнаграфіі, асаблівасцей духоўнага жыцця і побыту нашых продкаў, прыроды і гісторыі Беларусі позняга сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння. Ідэі хрысц. гуманізму гучаць у інш. вершаваных творах Гусоўскага, прысвечаных розным актуальным тэмам, праблемам і падзеям свайго часу. Паэта глыбока хвалявалі сац. няроўнасць і неспакой у грамадстве, падзенне нораваў і аслабленне веры ў Бога, а таксама небяспека хрысц. царкве, што зыходзіла ад рэфармацыі, якая пачалася ў Еўропе. У гэтым ключы напісана паэма «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта». У творы ў сярэдневяковых агіяграфічных традыцыях выведзены вобраз польск. місіянера 13 ст., які вандраваў па землях Польшчы, Літвы і Русі, паказваючы ўласным прыкладам жыцця, паводзін і ўчынкаў узор самаахвярнага служэння царкве і людзям у духу хрысціянскіх ідэалаў. Асобныя творы Гусоўскага перакладзены на польскую (Я.Каспровіч), літ. (Б.Казлаўскас), рус. (Я.Парэцкі) і інш. мовы. На бел. мову іх перакладалі Я.Семяжон, У.Шатон, Н.Арсеннева. Да творчасці Гусоўскага звярталіся бел. мастакі Э.Агуновіч, У.Басалыга, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Марачкін, М.Селяшчук і інш., драматургі (А.Петрашкевіч), кінематаграфісты. Імем Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.
Тв.:
Песня пра зубра. Мн., 1973;
Песня пра зубра. Мн., 1980;
Песьня пра зубра. Мн., 1994.
Літ.:
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Порецкий Я.И. Николай Гусовский. Мн., 1984;
Калеснік У.А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры: Старажыт. перыяд. 2 выд.Мн., 1996.
В.А.Чамярыцкі.
Да арт. М.Гусоўскі. Вокладка кнігі «Песня пра зубра». Кракаў. 1523.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́НІН-МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (Вікенцій Іванавіч; 4.2.1808, фальварак Панюшкавічы, Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. — 29.12.1884),
паэт, драматург, класік бел. л-ры 19 ст. Лічыцца, што ў 1824 скончыў Бабруйскае пав. вучылішча, працягваў вучобу ў Пецярбургу пад апекай сваяка С.І.Богуш-Сестранцэвіча. З 1828 каморнік Мінскага межавога суда, служачы палаты крымінальнага суда, перакладчык пры каталіцкай духоўнай кансісторыі. У 1840 набыў маёнтак Люцынка (Люцінка, Валожынскі р-н) і пакінуў дзярж. службу. У час паўстання 1863—64 паліцыя прыпісвала Д.-М. аўтарства антыўрадавых выданняў (напр., «Гутаркі старога дзеда»). З кастр. 1864 да снеж. 1865 зняволены ў мінскую турму, потым быў пад наглядам паліцыі (зняты ў 1872—74, зноў устаноўлены ў 1876), яго дачка Каміла з 1863 адбывала ссылку ў Салікамску. Як драматург і акцёр дэбютаваў у Мінску, паставіўшы аперэту «Рэкруцкі яўрэйскі набор» (1841) і выканаўшы ў ёй адну з гал. роляў. У 1846 апубл.муз.-драм.твор «Сялянка» («Ідылія»), у якім сяляне гавораць па-беларуску. Опера была паст. 9.2.1852 на мінскай сцэне створаным ім тэатр. калектывам (гл.Дуніна-Марцінкевіча тэатр; паўторна паст. ў Мінску ў 1994). Д.-М. выконваў ролю Навума Прыгаворкі (адсюль яго псеўданім). Першыя вядомыя паэт. творы Д.-М. на польск. мове («Малітва на памінальны дзень», «Дзіця і маці», «Вясна») прасякнуты сентыменталізмам і рэліг. матывамі. У 1850-я г. распрацоўваў новыя жанравыя формы — вершаванае апавяданне і аповесць, баладу, вытрыманыя ў павучальна-дыдакт. духу («Вечарніцы», «Гапон», 1855, «Купала», 1855, «Шчароўскія дажынкі», 1857, «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума», нап. 1857). У гэтых творах сплавіліся рамант. цікавасць да нар. звычаяў, традыцый і рэаліст. імкненне перанесці на грунт рэальнага жыцця матывы, вобразы нар. легенд, казак, паданняў. У творчасці Д.-М. сфарміраваўся своеасаблівы метад рамант. этнаграфізму, які адпавядаў пач. этапу развіцця бел. л-ры 19 ст. Адыход ад сентыментальна-ідылічных форм і жанраў выявіўся ў структуры вершаваных твораў, іх вострай канфліктнасці, імкненні вылучыць на першы план маральна-бытавую праблематыку, у спробах асэнсаваць некат. надзённыя з’явы сац.-гіст. рэчаіснасці. У «Стаўроўскіх дзядах» (2-я ч. «Вечарніц») побач са звычаёвымі рэаліямі выразна гучаць агульнагуманіст. і сац. матывы. Ідэя маральнай чысціні народа выяўлена ў вершаванай аповесці «Купала». З пазіцый нар. этыкі зыходзіў аўтар і ў паэме «Гапон», паказаўшы барацьбу героя за асабістае шчасце, шырыню яго натуры, моцнае пачуццё чалавечай годнасці. У творы адлюстраваны і характэрныя сац.-псіхал. з’явы часу — нарастанне стыхійнага бунту сялян, трагедыя рэкрутчыны, маральны заняпад феад. грамадства. Этнагр.-бытавая праблематыка вызначальная і для вершаванай аповесці «Шчароўскія дажынкі», вершаванага апавядання «Быліцы, расказы Навума», балады «Травіца брат-сястрыца» і інш. У іх асн. матывіроўкай паводзін і ўчынкаў сталі нар. крытэрыі працавітасці і сумленнасці чалавека. Паэтызацыя земляробчай працы, узвышэнне чалавека з народа — сведчанне сувязі творчасці пачынальніка бел. л-ры з перадавымі традыцыямі слав. л-р, глыбокага дэмакратызму яго эстэтыкі. У «Быліцах, расказах Навума» п’янства, маральная разбэшчанасць матывуюцца адмоўным уплывам феад. культуры. Ідэя абнаўлення жыцця на больш гуманных, дэмакр. прынцыпах выразна выяўлена ў «Халімоне на каранацыі» (нап. 1857, апубл. 1946). Твор праўдзіва адлюстраваў супярэчнасці ў свядомасці сял. масы напярэдадні рэформы 1861: нягледзячы на расчараванне спадарожнікаў Халімона пасля каранацыі, у іх усё ж застаецца вера ў «добрага» цара. У распрацоўцы жанру балады паэт апіраўся на багатыя традыцыі рамантызму слав. л-р, яе вытокі бачыў у нар. творчасці. Пра шырыню і плённасць творчых інтарэсаў Д.-М. сведчаць яго вершаваныя апавяданні на польскай мове, прысвечаныя актуальным з’явам грамадскага жыцця («Благаславёная сям’я», 1856), гіст. падзеям («Славяне ў XIX стагоддзі», 1856, «Люцынка, або Шведы на Літве», нап. 1857). Пра арыентацыю на здабыткі А.Міцкевіча і яго рамант. школы сведчаць і творы на польск. мове, і пераклад Д.-М. на бел. моду «Пана Тадэвуша» (1859), забароненыя царскай цэнзурай (выйшлі толькі 2 «быліцы»). У камедыі «Пінская шляхта» (аўтарскае вызначэнне: фарс-вадэвіль, нап. 1866, апубл. 1918) аўтар выкрывае паразітычную сутнасць царскага чыноўніцтва. Тут многа камедыйна-бытавых сцэн, дзеянне часта суправаджаецца песнямі і танцамі, але вядучыя прынцыпы — сатыр. выкрыццё «чыноўных п’явак». Высмейваецца каставая абмежаванасць пінскай шляхты. Сатыр. камедыя «Залёты» (нап. 1870, апубл. 1918) напісана ў традыцыях двухмоўя і прысвечана праблеме расслаення парэформеннай вёскі. У цэнтры п’есы вобраз вясковага гандляра Антона Сабковіча, асн. прынцыпы якога індывідуалізм, цынічны разлік, эгаізм. Творчае станаўленне Д.М. складанае. Ён паэтызаваў жыццё і побыт селяніна як носьбіта высокіх маральных і эстэт. каштоўнасцей, што садзейнічала нараджэнню новых дэмакр. ідэй у бел. л-ры. Вял. заслуга Д.-М. ў развіцці бел.літ. мовы, сілабічнага вершаскладання, у выпрацоўцы новых жанрава-стылістычных форм (ідылія, вершаванае апавяданне і аповесць, балада, камедыя). Імя пісьменніка прысвоена Магілёўскаму абл. тэатру драмы і камедыі ў Бабруйску.
Тв.:
Творы. Мн., 1984.
Літ.:
Купала Я. Памяці Вінцука Марцінкевіча // Зб.тв.Мн., 1973. Т. 2;
Багдановіч М. Белорусское возрождение // Поўны зб.тв.Мн., 1995. Т. 2;
Семянов і ч А.А. Беларуская драматургія (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1961;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Яго ж. Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча: Спроба навук. сістэматызацыі дак. і матэрыялаў. Мн., 1988;
Грынчык М.М. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн.. 1969;
Пачынальнікі: З гісторыка-літ. матэрыялаў XIX ст.Мн., 1977;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд.Мн., 1989;
Гісторыя беларускай літаратуры, XIX — пачатак XX ст.Мн., 1981;
Янушкевіч Я.Я. Беларускі Дудар: Праблема слав. традыцый і ўплываў у творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1991;