род вымерлых трохпальцых коней атр. няпарнакапытных. Больш за 50 відаў. Існавалі з верхняга міяцэну да ранняга плейстацэну. Сфарміраваліся ў Паўн. Амерыцы, потым засялілі ўсе мацерыкі, акрамя Паўд. Амерыкі і Аўстраліі. Жылі вял. табунамі (да некалькіх тысяч галоў) на травяністых раўнінах тыпу саваннаў.
Былі памерам з невял. каня (выш. ў карку да 1,5 м). Мелі карэнныя зубы больш нізкія, чым у сучасных коней. Бакавыя пальцы (2-і і 4-ы) невял., маглі шырока рассоўвацца ў бакі. Гіпарыёна змянілі аднапальцыя коні, якія лепш прыстасаваліся да жыцця ў стэпах і рассяліліся з Паўн. Амерыкі на інш. кантыненты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЯЗДО́ЎКА (Nidularia),
род базідыяльных грыбоў-гастэраміцэтаў сям. гняздоўкавых. Вядома каля 30 відаў, пашыраных па ўсім зямным шары. На Беларусі — гняздоўка запоўненая (N. farcta). Сапратроф. Расце групамі ў лясах, парках, садах на адмерлай драўніне, зрэдку на глебе. Пладаносіць у ліп.—кастрычніку.
Пладовыя целы дыяметрам 0,5—0,7 см, няроўнашарападобныя, прыплясканыя, сядзячыя, з шырокай асновай, унутры з круглаватымі цельцамі (у іх развіваюцца базідыі са спорамі), адкрываюцца зверху шчылінай. Абалонка таўстасценная, часта лямцаватая, звонку напачатку белаватая, потым карычневая, унутры гладкая, бліскучая. Споры кароткаэліпсоідныя, гладкія, бясколерныя.
Гняздоўка запоўненая: 1 — вонкавы выгляд пладовага цела; 2 — пладовае цела ў разрэзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛОС МИНУ́ВШЕГО»,
расійскі гіст.-літ. часопіс ліберальна-народніцкага кірунку. Выдаваўся ў 1913—23 у Маскве на рус. мове. Да 1919 выходзіў штомесяц, потым нерэгулярна (усяго 65 нумароў). Друкаваў: даследаванні і матэрыялы па рас. і ўсеагульнай гісторыі, археалогіі, літаратуразнаўстве; мемуары, запіскі, дзённікі і пісьмы сучаснікаў; анатацыі на новыя гіст. і літ. працы; партрэты гіст. дзеячаў і інш. Сярод супрацоўнікаў выдання быў У.І.Пічэта. Пасля закрыцця часопіса сав. Ўладамі С.П.Мельгуноў і частка б. супрацоўнікаў выдавалі за мяжой у 1923—25 час. «На чужой стороне» (Берлін—Прага), у 1926—28 — «Голос минувшего на чужой стороне» (Парыж).
Засн. ў 1929 як дрэваапрацоўчы камбінат разам з фабр.-зав. вучылішчам. Выпускаў мэблю, паркет, драбіны, піламатэрыялы, тару. У 1941 вырабляў лыжы для самалётаў, скрыні для снарадаў, рыштунак для ваенізаваных абозаў, потым эвакуіраваны ў Сталінград, дзе выпускаў прадукцыю для фронту. У 1944 адноўлены ў Гомелі. У 1971 на базе камбіната (галаўное прадпрыемства) створана дрэваапр. аб’яднанне з філіяламі. Асн. прадукцыя (1997): корпусная і офісная мэбля, камплекты для гасцінай, сталовай, спальныя гарнітуры, шафы для абутку, тумбы для радыё-, відэа- і тэлеапаратуры, сталы абедзенныя і пісьмовыя, мяккая мэбля, багет, карнізы, запалкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСА́РАЎ (Мікалай Іванавіч) (3.8.1905, г. Нікалаеўск, Расія — 17.3.1985),
савецкі парт. і дзярж. дзеяч. Вучыўся ў Маскоўскім авіяц. ін-це (1931—33, 1937—38). У 1922—27 на камсам. рабоце. У 1925 уступіў у Камуніст. партыю. З 1938 1-ы сакратар Пермскага абкома ВКП(б), з 1946 інспектар Сакратарыята ЦКВКП(б). З 7.3.1947 да 3.6.1950 1-ы сакратар ЦККП(б)Б, чл. Бюро ЦККП(б)Б. Потым на парт. рабоце ў Туле, у ЦККПСС, у Савеце Міністраў РСФСР. Канд. у чл.ЦКВКП(б) у 1939—52. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1937—50.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБУЛЯ́ВІЧУС ((Dobulavičus) Андрус) (19.7.1896, б. маёнтак Паравеяй, Біржайскі р-н, Літва — 20.6.1938),
літоўскі паэт і публіцыст. Вучыўся ў Маскве ў Камуніст. ін-це нац. меншасцей Захаду (1922—25), Акадэміі камуніст. выхавання (1929—31), потым у Ін-це чырв. прафесуры. З 1927 жыў і працаваў у Беларусі. З 1935 у Мінску. У 1935 арыштаваны і беспадстаўна прыгавораны да 5 гадоў зняволення, дзе і загінуў. Рэабілітаваны ў 1957. Літ. дзейнасць пачаў у 1922. Аўтар зб. вершаў «Мая радзіма» (1936, Мінск, на літ. мове). Лірыцы Дабулявічуса ўласцівы песеннасць, пошукі новых выяўл. сродкаў. У нарысах узнімаў бел. тэматыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ЎМАН (Анс Эрнеставіч) (26.11.1885, хутар Крэйпі, Рыжскі р-н, Латвія — 2.8.1920),
савецкі ваен. дзеяч. Скончыў Пскоўскае каморніцкае вучылішча (1906). Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1914 на фронце, прапаршчык. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 гар. галава, потым старшыня выканкома Нарвенскага Савета, старшыня Нарвенскага ВРК. З 1918 на камандных і паліт. пасадах у Чырв. Арміі. У кастр. 1919 — жн. 1920 чл.РВС 16-й арміі ў Беларусі, адначасова ў чэрв. — ліп. 1920 нач. 10-й стралк. дывізіі, удзельнік вызвалення Пухавіч, Клецка, Чэрвеня, Бярозы, Кобрына, Брэста ад польск. войск. Загінуў у Брэсце. Узнаг. 2 ордэнамі Чырв. Сцяга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХА́ННЕ РАСЛІ́Н,
працэс акісляльнага распаду вугляводаў (або інш. дыхальных субстратаў) да дыяксіду вугляроду (CO2) і вады, які ідзе з паглынаннем кіслароду. Пры гэтым вызваляецца энергія, што раней назапашваецца пры фотасінтэзе, і выкарыстоўваецца на ўтварэнне багатых энергіяй злучэнняў (часцей у форме АТФ). У ніжэйшых раслін абмен газаў пры дыханні ідзе шляхам дыфузіі праз паверхню клетак, у вышэйшых раслін — праз міжклетнікі, якія пранізваюць усё цела. Найб. інтэнсіўнасцю дыхання вызначаюцца маладыя, хутка растучыя органы і тканкі. У расліны найб. актыўна дыхаюць рэпрадукцыйныя органы, потым лісце, слабей — сцёблы і карані. З заканчэннем перыяду актыўнага росту Д.р. аслабляецца, што звязана з працэсамі старэння пратаплазмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗУІ́ЦКІЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
навучальныя ўстановы, якія засноўваліся езуітамі ў Беларусі, Украіне і Літве. Існавалі з 2-й пал. 16 ст. да пач. 19 ст. Былі пач., сярэднія (калегіумы) і вышэйшыя (акадэміі: Віленская, гл.Віленскі універсітэт; Полацкая езуіцкая акадэмія) школы. Першая Е.н. ў. — езуіцкі калегіум у Вільні (1570). Потым Е.н.ў. з’явіліся ў іншых гарадах Беларусі, была створана шырокая сетка такіх устаноў. Найчасцей яны размяшчаліся ў прыгожых светлых будынках (захаваліся ў Пінску, часткова ў Полацку), дзе падтрымліваўся ўзорны парадак (гл.Езуіцкае выхаванне). У 1870-я г. Е.н.ў. перададзены Адукацыйнай камісіі. Існавалі на Беларусі да 1820.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛУ́ДАЧКІ ГАЛАЎНО́ГА МО́ЗГА,
поласці ўнутры галаўнога мозга, дзе размешчаны сасудзістыя спляценні, што выпрацоўваюць цэрэбраспінальную вадкасць. Яна запаўняе Ж.г.м., потым па ліквораправодных шляхах выходзіць на аснову мозга і распаўсюджваецца па вонкавай паверхні галаўнога і спіннога мозга. Усяго Ж.г.м. — 4, поласці іх сазлучаныя. Пры паталогіі (вентрыкуліты, менінгаэнцэфаліты, кровазліцці, пухліны і інш.) парушаецца цыркуляцыя цэрэбраспінальнай вадкасці з частковай ці поўнай аклюзіяй ліквораправоднай сістэмы. Прыкметы: моцны галаўны боль, моташнасць, ірвота, галавакружэнне, павышаны артэрыяльны ціск і тэмпература цела, вокарухальныя і вестыбулярныя парушэнні. У цяжкіх выпадках — сімптомы ўшчымлення ствала галаўнога мозга, прыступы дэцэрэбрацыйнай рыгіднасці і інш.