ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,

вывучэнне і групаванне моў свету (аднясенне да пэўнай групы, сям’і і інш.) на аснове іх падабенства, звязанага з наяўнасцю роднасных сувязей паміж імі. Роднасныя сувязі абумоўлены тым, што мовы пэўнай групы або сям’і ўтвараюцца з адной мовы-асновы (прамовы) шляхам яе распадзення. Прамова — гэта рэальная мова, якая некалі існавала і якую нельга аднавіць поўнасцю, але можна рэканструяваць яе фанетыку, граматыку і лексіку. Рэканструкцыя адбываецца шляхам супастаўлення роднасных моў (гл. Роднасць моў) на падставе параўнальна-гістарычнага метаду. Найб. дакладны матэрыял дае параўнанне граматычнай структуры, што тлумачыцца абмежаванасцю набору граматычных значэнняў у мовах свету і іх устойлівасцю ў адносінах да змянення, а таксама тым, што словазмяняльныя формы амаль не запазычваюцца. Больш складанае выкарыстанне лексічных адпаведнасцей паміж мовамі: вял. колькасць супадзенняў на гэтым узроўні тлумачыцца запазычаннямі (напр., бел. «бурбалка» < літ. burbulas). Для лексікалагічных параўнанняў бяруць словы, якія гістарычна належаць да эпохі прамовы: назвы роднасці і сваяцтва, некаторых жывёл, раслін, прылад працы, частак цела, некаторыя невытворныя займеннікі і інш. Важную ролю адыгрывае і гукавое афармленне таго, што параўноўваецца. Самы надзейны крытэрый роднасці моў — частковыя супадзенне і разыходжанне гукавой абалонкі пры ўмове рэгулярных гукавых адпаведнасцей і ўліку фанетычных законаў кожнай мовы. Напр., лац. ferunt адпавядае рус. «берут», што пацвярджаецца рэгулярным узнікненнем рус. «б» замест лац. «f» («брат» — frater, «боб» — faba). Пры генеалагічнай класіфікацыі моў блізкароднасныя мовы аб’ядноўваюць у падгрупу, потым — групу, сям’ю моў. Існуюць наступныя асн. сем’і моў: у Еўропе і Азіі — індаеўрапейскія мовы, фіна-угорскія мовы, цюркскія мовы, іберыйска-каўказскія мовы; у Азіі і Афрыцы — семіта-хаміцкія мовы; у паўд.-ўсх. і ўсх. Азіі — мангольскія мовы, тунгуса-маньчжурскія мовы, кітайска-тыбецкія мовы, палеаазіяцкая, дравідская; у Акіяніі, Аўстраліі і Новай Зеландыі — малайска-палінезійская, аўстра-азіяцкая; у Афрыцы — нігера-кардафанская, ніла-сахарская; у Паўн. Амерыцы — алгонкіна-масанская, хока-сіў, юкі-пенуці; у Цэнтр. Амерыцы — танаюта-ацтэкская, майя-соке; у Паўд. Амерыцы — аравакская, янамана-панатаканская, тупі-гуарані.

У 2-й пал. 20 ст. ўзнікла гіпотэза пра аб’яднанне сем’яў у больш буйныя сукупнасці — макрасем’і, адна з якіх — настратычныя мовы.

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании. 4 изд. М., 1954;

Иванов В.В. Генеалогическая классификация языков и понятие языкового родства. М., 1954;

Иллич-Свитыч В.М. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. [Т. 1—3]. М., 1976—84;

Реформатский А.А. Введение в языковедение. 4 изд. М., 1967.

А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРКУ́ЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на Пд Усх. Сібіры, у складзе Расійскай Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 767,9 тыс. км². Нас. 2795 тыс. чал., гарадскога 79% (1996). У складзе І.в. Усць-Ардынская Бурацкая аўтаномная акруга. Цэнтр — г. Іркуцк. Найб. гарады: Ангарск, Брацк, Усолле-Сібірскае, Усць-Ілімск, Усць-Кут, Чарамхова, Тулун.

Прырода. І.в. размешчана на ПдУ Сярэднесібірскага пласкагор’я (выш. 500—700 м). У яе межах на ПнУ Паўночна-Байкальскае і Патамскае нагор’і (выш. да 1720 м), на Пд хрыбты Усх. Саяна (выш. да 2875 м) і Прыбайкалля (Прыморскі, выш. 1728 м, і Байкальскі, выш. 2572 м). Карысныя выкапні: каменны вугаль, жал. руда, золата, слюда, магнезіт, графіт, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат рэзка кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -15 °C (на Пд) да -33 °C (на Пн), ліп. 17—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў на пласкагор’і 400 мм, на паўн.-зах. і зах. схілах гор да 800 мм. Пашырана шматгадовая мерзлата. Рэкі належаць да бас. Енісея і Лены; найб. Ангара (з прытокамі Іркут, Кітой, Белая, Ака, Ія, Уда, Біруса, Ілім); Ніжняя Тунгуска, Лена (з прытокамі Віцім і Кірэнга). Уздоўж паўд.-ўсх. мяжы вобласці воз. Байкал з в-вам Альхон. Глебы пераважна падзолістыя, на Пд у лесастэпавых раёнах шэрыя лясныя і чарназёмы, у гарах горныя лясныя і горныя тундравыя. Пад лесам каля 80% тэр. вобласці (хвоя, лістоўніца). Прыбайкальскі нац. прыродны парк.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці: паліўная (Іркуцкі і Чарамхоўскі вугальныя басейны), энергетыка (Брацкая, Іркуцкая, Мамаканская, Усць-Ілімская ГЭС, вытв-сць электраэнергіі 55,2 млрд. кВт-гадз, 1996), лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, лесахім., чорная і каляровая металургія (сталь, алюміній); горназдаб. (жал. руда, каменны вугаль, золата, слюда, тальк, соль), маш.-буд. і металаапр. (абсталяванне для горназдаб. прам-сці і каляровай металургіі, станкі), хім. і нафтахім., буд. матэрыялаў, харчовая, мукамольна-крупяная і камбікормавая, лёгкая, шкляная і фарфора-фаянсавая. С.-г. ўгоддзі займаюць 2,6 млн. га, у т. л. пад ворывам 1,8 млн. га. Пасевы збожжавых (пшаніца, ячмень, авёс) і кармавых культур; вырошчваюць бульбу, гародніну. Малочнамясная жывёлагадоўля, авечка- і свінагадоўля, на Пн пушны промысел, алене- і зверагадоўля. На воз. Байкал, рэках Ангара і Лена — рыбалоўства. Тэр. І.в. перасякае Транссібірская чыг. магістраль, зах. ўчастак Байкала-Амурскай магістралі. Гал. аўтадарогі: Маскоўскі тракт, Култук — мяжа Манголіі, Тулун—Брацк—Усць-Ілімск, Іркуцк—Качуг. Трубаправод Туймазы—Ангарск. Суднаходства па рэках Лена, Віцім, Ангара, воз. Байкал. Курорты: Ангара, Усолле, Усць-Кут.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 7, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

творы пра з’явы прыроды, аб’екты навакольнага свету, навук. праблемы, пра вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў, адрасаваныя шырокім масам; своеасаблівае спалучэнне навук. дакладнасці і мастацкасці. Жанры Н.-пл.: публіцыстычны артыкул, праблемны нарыс, дакумент. аповесць, успаміны, біяграфія, апавяданне, падарожны дзённік, навук.-маст. твор.

Першы твор Н.-пл. — «Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя Кара (1 ст. да н.э.). Да твораў гэтага жанру належаць «Ліст пра карыснасць шкла» М.​В.​Ламаносава, «Жыццё жывёл» А.​Э.​Брэма (т. 1—6, 1863—69), «Жыццё расліны» К.​А.​Ціміразева (1878), «Фізіялагічныя нарысы» І.​М.​Сечанава (1884), «Загадкі свету» Э.​Гекеля (1899) і інш. У 20 ст. шэраг навук.папулярных твораў стварылі К.​Паустоўскі, С.​Вавілаў, В.​Біянкі, Б.​Жыткоў, Я.​І.​Перэльман, А.​Азімаў, Л. дэ Бройль, М.​Гарднер, А.​Кларк, Ж.​І.​Кусто, Т.​Хеердал і інш.

На Беларусі рысы асветнага і папулярызатарскага падыходу да важных філас.-светапоглядных і грамадска-паліт. праблем выяўляліся ў прадмовах Ф.​Скарыны, «Катэхізісе» С.​Буднага (1562), творах М.​Сматрыцкага, гіст. хранографах 17—18 ст. У 19 ст. элементы Н.-пл. мелі краязн. працы К.​Тышкевіча «Вілія і яе берагі», Ю.​Крашэўскага «Пінск і яго ваколіцы», У.​Сыракомлі «Вандроўю па маіх былых ваколіцах», П.​Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» і інш. Развіццё Н.-пл. на пач. 20 ст. звязана з газ. «Наша ніва», дзе друкаваліся матэрыялы пра родны край, яго гісторыю, славутых дзеячаў. У час, «Лучынка» (1914) Цётка (А.​Пашкевіч) змясціла нарысы «Пералётныя птушкі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі». У 1914—15 М.​Багдановіч выдаў шэраг брашур, у якіх паказаў роднасць слав. народаў. Сярод твораў Н.-пл. пасля 1917 — аповесць Я.​Маўра «Чалавек ідзе!..» (1926—27), Ю.​Віцьбіча «Плыве з-пад Святое гары Нёман...» (ч. 1, 1956), кнігі В.​Вольскага «Афрыканскае падарожжа» (1963) і «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), У.​Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», П.​І.​Клімука «Зоры — побач», В.​Рабцэвіча «Аб чым расказваюць манеты» (2-е выд.; усе 1977) і інш. Н.-пл. апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена творамі У.​Арлова «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая», А.​Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі» (абодва 1989), М.​Гайдука «Паратунак» (1993), У.​Емяльянчыка «Паланез для касінераў», К.​Тарасава «Памяць пра легенды» (2-е выд.; абодва 1994), С.​Цярохіна «Многія прыйдуць пад імем маім» (1995), В.​Чаропкі «Уладары Вялікага княства» (1996) і інш.

т. 11, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПУРЫ́ (ад франц. pot-pourri мяшаная страва, усякая ўсячына),

інструментальны (радзей вак.) твор, пабудаваны на чаргаванні папулярных тэм з опер, аперэт, балетаў, песень, танцаў, музыкі з кінафільмаў і інш., мелодый ці песень пэўнага кампазітара. Тэмы ў П. не развіваюцца, а ідуць паслядоўна адна за адной, паміж асобнымі мелодыямі ўводзяцца кароткія звязкі для мадулявання і тэматычнага пераключэння. Найб. пашыраны П. для духавога і эстр. аркестраў.

Узніклі ў 18 ст. ў Францыі, у пач. 19 ст. распаўсюдзіліся ў Еўропе (найб. раннія творы належаць ням. кампазітару І.​Б.​Крамеру). Сярод узораў: «Бліскучае папуры на любімыя тэмы з оперы Шпора «Фауст» К.​Чэрні, «Папуры на тэмы Бетховена» А.​Дыябелі, «Фантазія на польскія тэмы» Ф.​Шапэна. У Расіі ў канцы 19 ст. былі пашыраны П. для т.зв. садовых аркестраў, заснаваныя на папулярных танц. мелодыях.

На Беларусі ў пач. 19 ст. былі вядомы П. на тэмы маршавых і танц. мелодый Няльгоўскага, І.​Дабравольскага, Вуса і інш. (у рэпертуары Магілёўскага духавога аркестра пад кіраўніцтвам Дабравольскага), папуры В.​Стафановіча на тэмы сімфоній, уверцюр Л.​Бетховена, І.​Гайдна, Ш.​Гуно, Л.​Керубіні, В.​А.​Моцарта, Дж.​Расіні, Д.​Чымарозы, Р.​Крэйцэра, М.​Глінкі, вальсаў, кадрыляў і полек І.​Штрауса, Лябіцкага, маршаў Ф.​Мендэльсона, Б.​Більзе (у рэпертуары Мінскага гар. аркестра), П. на мелодыі з італьян. опер выконваў духавы аркестр Мінскай мужч. гімназіі і інш. У пач. 20 ст. П. на тэмы італьян. кампазітараў выконвалі Мінскі гар. духавы аркестр і аркестр ваен. духавой музыкі кавалерыйскай дывізіі, «Маларасійскія папуры» — аперэтачна-драм. трупа пад кіраўніцтвам І.​Канеўскага ў т-ры мініяцюр у Оршы і трупа т-ва маларасійскіх артыстаў пад кіраўніцгвам Ф.​Максімовіча ў Мінскім гар. т-ры. У 1920-я г. былі пашыраны папуры У.​Тэраўскага і В.​Яфімава для арк. на тэмы рэв. песень. Сярод найб. вядомых П. ў рэпертуары бел. прафес. і аматарскіх аркестравых калектываў — «Сябры-аднапалчане» на тэмы песень Вял. Айч. вайны М.​Вахуцінскага, «Беларуская старонка» на тэмы бел. нар. мелодый для духавога арк. М.​Нарко і інш.; на тэмы твораў сучасных бел. (П. на тэмы песень У.​Алоўнікава, Я.​Глебава, І.​Лучанка, «Калейдаскоп эстрадных мелодый В.​Волкава і інш.) і замежных (папуры Л.​Кеэра на тэмы класічных джазавых мелодый «Караван» Х.​Цізола і Э.​Элінгтана, «Фламінга» Г.​Гроя, «Бразілія» А.​Барэса) кампазітараў.

Літ.:

Способий И.В. Музыкальная форма. 6 изд. М., 1980. С. 251—252.

А.​Л.​Карацееў.

т. 12, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́ННЫЯ ПЕ́СНІ, хрэсьбінныя песні,

жанр сямейна-абрадавага фальклору. Вядомы многім славянскім народам. Спяваліся ў час сямейнага святкавання радзін. Найб. даўнія Р.п. захавалі сляды магічнага светапогляду эпохі першабытнаабшчыннага ладу, імкнення сілай слова абараніць дзіця ад злых сіл і забяспечыць яму шчаслівую долю. У іх па-мастацку адлюстраваліся светапогляд, глыбокая нар. філасофія, пачуцці, духоўна-жыццёвы вопыт народа; яны асабліва цесна звязаны з вясковым побытам. Да Р.п. далучаюцца застольныя і бяседныя песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам, але прымеркаваныя да яго. Разам з валачобнымі песнямі, восеньскімі песнямі і жніўнымі песнямі належаць да спецыфічных з’яў бел. фальклору, у якім найб. захаваліся. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі, асабліва на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Большасць Р.п. групуецца вакол найважнейшых удзельнікаў сямейнай урачыстасці. Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на песні-велічанні да парадзіхі і бацькі, песні-зычэнні да дзіцяці, песні апавядальнага характару пра бабку, песні-велічанні і жартоўныя песні да бабкі і кумоў — самых шаноўных гасцей.

Напевы Р.п. уяўляюць сабой сістэму, якая ў сямейна-абрадавым цыкле вылучаецца сваёй спецыфікай. Ядро сістэмы ўтвараюць 6 асн. тыпавых політэкставых напеваў, адной частцы якіх уласціва стылістыка напеваў-формул, другой — больш індывідуалізаваных напеваў лірычнай вобразнасці. Тыпавыя напевы распаўсюджаны ў межах агульнага арэала пашырэння ўласна радзінных напеваў (ахоплівае ўсю Віцебскую вобл., паўн. ч. Гродзеншчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны). Да ўласна радзінных адносяцца таксама абрадавыя па функцыі формульныя або лірызаваныя па стылістыцы полі- і монатэкставыя напевы вузкалакальнага або нават пунктавага пашырэння, а таксама напевы, што маюць рассеяны характар распаўсюджання. Другая група Р.п. — бяседныя і застольныя, частка якіх звязана толькі з абрадам радзін, інш. могуць выконвацца ў любой адпаведнай сітуацыі. Трэцяя група — лірычныя песні пераважна сямейна-быт. тэматыкі. Найб. месца ў абрадзе яны займаюць у той ч. Беларусі, дзе адсутнічаюць тыповыя радзінныя напевы.

Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Радзінная паэзія. Мн., 1971; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974. С. 311—358; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Радзіны. Мн., 1998; Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998; Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, вып. 1. С. 206—225;

Гілевіч Н. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 69—74;

Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 193—201;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993. С. 92—95.

М.​Я.​Грынблат, Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛЬЗА́К ((Balzac) Анарэ дэ) (20.5.1799, г. Тур, Францыя — 18.8.1850),

французскі пісьменнік, пачынальнік рэалізму 19 ст. Вучыўся ў Вандомскім каледжы; у 1819 скончыў парыжскую Школу права, адначасова праслухаў курс л-ры ў Сарбоне. Першы твор — класіцыстычная трагедыя ў вершах «Кромвель» (1820). Поспех і прызнанне прыйшлі з выхадам гіст. рамана «Шуаны» (1829). Прыярытэтам эстэт. сістэмы пісьменніка стаў матэрыяльны свет і будзённае жыццё. Гэта выходзіла па-за межы рамантызму, які панаваў у л-ры да 1830-х г. Аднак традыцыі рамант. мастацтва заўсёды прысутнічалі ў творчасці Бальзака, выяўляліся пры адлюстраванні ўсёпаглынальнай страсці герояў. Назіральнасць і празорлівасць пісьменніка дазволілі зразумець гал. тэндэнцыю эпохі — эканам. пераразмеркаванне багацця, уласнасці і выхад на авансцэну новых уладароў жыцця — фінансістаў, спекулянтаў, ліхвяроў, дзялкоў, якія вырашалі лёс грамадства, стваралі жывую гісторыю. Так нарадзіліся вобразы Габсэка, Грандэ, Гарыо, Нусінгена. Адчуванне свету ў яго цэласнасці і ўнутранай узаемазвязанасці прывяло Бальзака ў 1834 да задумы стварыць «грандыёзны раман пра грамадства», людзей і падзеі 19 ст., якая рэалізавана ў вялізным цыкле раманаў і навел (каля 100) пад назвай «Чалавечая камедыя» пра Францыю перыяду Рэстаўрацыі і Ліпеньскай манархіі. Вылучаюцца 3 яго часткі (эцюды). «Эцюды звычаяў» падзяляліся на сцэны прыватнага («Габсэк», 1830; «Трыццацігадовая жанчына», 1831—34, канчатковая рэд. 1842; «Бацька Гарыо», 1834—35, і інш.), правінцыяльнага («Яўгенія Грандэ», 1833; «Музей старажытнасцяў», 1836—38; «Страчаныя ілюзіі», 1837—43, і інш.), парыжскага («Бляск і ўбоства куртызанак», 1838—47; «Кузіна Бэта», 1846; «Кузэн Понс», 1847, і інш.), ваеннага («Шуаны» і інш.), паліт. («Цёмная справа», 1841, і інш.) і вясковага («Вясковы лекар», 1833, і інш.) жыцця. «Філасофскія эцюды» склалі «Шчыгрынавая скура» (1830—31), «Элексір даўгалецця» (1830), «Пошукі абсалюту» (1834) і інш. У «аналітычныя эцюды» ўвайшлі «Фізіялогія шлюбу» (1829), «Дробныя нягоды сямейнага жыцця» (1845—46) і інш. Творы аб’ядноўваліся агульнымі героямі, якія ўяўлялі сабой розныя тыпы: узроставыя, прафесійныя, сацыяльныя, маральныя, псіхалагічныя і гэтак далей. Бальзак абараняў манархію, каталіцызм і адначасова захапляўся бурж. прагрэсам. Аднак ніхто лепш за яго не паказаў заганы грамадства, у якім грошы і асабісты інтарэс вынішчаюць усё лепшае, натуральнае з чалавечых адносін і здольныя ператварыць чалавека ў монстра. Творчая манера Бальзака вызначаецца апісальнасцю, стыль — дэталёвасцю, жывапіснасцю. Яму належаць таксама збор навел «Свавольныя апавяданні» (1832—37), п’есы («Мачаха», 1848, і інш.), крытычныя артыкулы («Эцюд пра Бейля», прадмова да «Чалавечай камедыі» і інш.). На бел. сцэне ставіліся спектаклі па п’есах Бальзака «Мачаха», «Драпежніца», раманах «Яўгенія Грандэ», «Баламутка» («Жыццё халасцяка»).

Тв.:

Бел. пер. — Габсэк. Мн., 1993;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—24. М., 1960.

Літ.:

Реизов Б.Г. Бальзак: Сб. статей. Л., 1960;

Бальзак в воспоминаниях современников. М., 1986;

Моруа А. Прометей, или Жизнь Бальзака: Пер. с фр. М., 1988.

С.​Д.​Малюковіч.

А. дэ Бальзак.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКА-ВАЛДА́ЙСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

фізіка-геаграфічная правінцыя на Пн Беларусі. Займае Віцебскую, ПнУ Гродзенскай і Пн Мінскай абласцей. Мяжуе на Пд з Зах.-Бел., Перадпалескай і Усх.-Бел. правінцыямі, на ПнЗ з правінцыяй Усх. Прыбалтыкі. Працягнулася з З на У на 340 км, з Пн на Пд на 160—240 км; пл. 57,6 тыс. км². У межах Беларуска-Валдайскай правінцыі вылучаюцца акругі Беларускае Паазер’е і Беларуская града. У тэктанічных адносінах прымеркавана да Беларускай антэклізы на ПдЗ, Балтыйскай сінеклізы на ПнЗ, Латвійскай седлавіны на Пн і Аршанскай упадзіны на У і ПдУ. Асадкавыя пароды, пераважна дэвонскія даламіты, вапнякі, пясчанікі, перакрыты адкладамі антрапагенавай сістэмы — марэннымі супескамі, суглінкамі і глінамі, лёсападобнымі пародамі, торфам, сапрапелітамі і інш. У рэльефе вылучаюцца Ашмянскае, Мінскае, Аршанскае ўзвышшы, утвораныя ў час сярэднеплейстацэнавага зледзянення, Віцебскае, Гарадоцкае, Свянцянскае і інш. ўзвышшы, Чашніцкая раўніна, а таксама Полацкая, Нарачана-Вілейская і інш. нізіны, якія ўзніклі пасля дэградацыі познаплейстацэнавага зледзянення. Для ўзвышшаў Бел. грады характэрны градавы і буйнаўзгорысты дэнудацыйны марэнны рэльеф, на якім пашыраны яры і суфазійныя западзіны на лёсападобных пародах. У межах яе на Мінскім узв. знаходзяцца найвышэйшы пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м над узр. м.). Рэльеф Бел. Паазер’я больш малады, пераважна плоскі нізінны і спадзістахвалісты раўнінны, на ўзвышшах канцова-марэнны градавы і ўзгорысты, са шматлікімі азёрнымі катлавінамі і тэрмакарставымі западзінамі. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, даламіты, торф, сапрапелі. Клімат умерана кантынентальны, вільготны, найб. халодны на Беларусі. Сярэдняя т-ра студз. -6,5 — -8,2 °C, ліп. 17,2—18 °C, ападкаў 560—650 мм за год. Вегет. перыяд самы кароткі на Беларусі — 180—185 сутак.

Па вял. узвышшах на Пд Беларуска-Валдайскай правінцыі праходзіць частка водападзелу паміж рэкамі Балтыйскага м.Зах. Дзвіной, Віліяй (бас. Нёмана), Ловаццю (бас. Нявы) і Чорнага м. — Бярэзінай з Свіслаччу (бас. Дняпра) і інш. Басейны Нёмана і Дняпра злучаны праз Вілейска-Мінскую водную сістэму. Глебава-расліннае покрыва характарызуецца дробнымі контурамі, што звязана са стракатасцю рэльефу і грунтоў. Глебы на ўзвышшах дзярнова-падзолістыя лёгкасугліністыя на марэне і лёсападобных суглінках, у нізінах дзярнова-падзолістыя аглееныя цяжкасугліністыя на азёрна-ледавіковых і пясчаныя на водна-ледавіковых адкладах, а таксама дзярнова-палева-падзолістыя лёгка- і сярэднесугліністыя на лёсападобных пародах, у паніжэннях рэльефу забалочаныя і тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў. Лясы займаюць 35% тэрыторыі, належаць да падзоны дубова-цемнахвойных лясоў. Буйныя хваёвыя і драбналістыя з прымессю шыракалістых парод лясныя масівы захаваліся на нізінах (складаюць да 50% агульнай плошчы лясоў). На ўзвышшах лясы з перавагай елкі, дубу, вольхі (менш за 20% плошчы). Балоты пераважна нізінныя і вярховыя на Пн. Пад ворывам больш за 30% тэрыторыі. У межах Беларуска-Валдайскай правінцыі Бярэзінскі біясферны запаведнік, нац. парк Браслаўскія азёры і шматлікія заказнікі.

В.​П.​Якушка.

т. 2, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.​Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.​Гюго («Эрнані», 1844), У.​Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.​Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.​Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.​Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.​Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст. муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв. муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян. нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».

Тв.:

26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);

«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;

вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);

струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;

песні, рамансы і інш.

Літ. тв.: Рус. пер. — Избр. письма. М., 1959.

Літ.:

Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;

Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;

Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;

Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.

Л.​А.​Сівалобчык.

Партрэт Дж.Вердзі. Мастак Ламбардзіні.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАЙКА́ЛЛЕ,

прыродная тэрыторыі, размешчаная на У ад воз. Байкал (Расія). Распасціраецца амаль на 1000 км з Пн на Пд ад Патамскага і Паўн.-Байкальскага нагор’яў да дзярж. мяжы Расіі з Манголіяй і Кітаем і больш чым на 1000 км з 3 на У ад берагоў Байкала да зліцця рэк Шылка і Аргунь. Пераважаюць сярэдневышынныя горы (выш. 1200—1800 м), акаймаваныя з Пн і З поясам высокіх гор (выш. да 2999 м). Сярэднягорныя хрыбты (Даурскі, Малханскі, Алёкмінскі Станавік) чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі байкальскага тыпу (Баргузінская, Верхнеангарская, Муйска-Куандзінская і інш.). На Пн і З вылучаюцца моцна расчлянёныя высакагорныя хрыбты Станавога нагор’я (Каларскі, Паўн.- і Паўд.-Муйскі, Удакан і інш.) з сучаснымі ледавікамі. Пашырана шматгадовая мерзлата і звязаныя з ёй формы рэльефу. У геал. будове З. вылучаюцца рознаўзроставыя складкавыя сістэмы паўн.-ўсх. распасцірання, якія змяняюцца з ПнЗ на ПдУ: байкальская (рыфейскія граніты і метамарфізаваныя пароды рыфею і ніжняга пратэразою); ніжнепратэразойская (глыбокаметамарфізаваныя пароды архею і ніжняга пратэразою); каледонская (ніжнепалеазойскія граніты, тэрыгенна-карбанатна-вулканагенныя адклады кембрыю); герцынская (тэрыгенныя і тэрыгенна-карбанатная вулканагенныя тоўшчы палеазою). Каледонская і герцынская складкавасці перакрыты вузкімі ўпадзінамі, запоўненымі тэрыгенна-вулканагеннымі адкладамі юры і мелу. Цэнтр. ч. з каледонскай складкавасцю перакрыта кайназойскімі платобазальтамі. У тэктоніцы З. вял. значэнне маюць стараж. і маладыя разломы паўн. ўсх. напрамку. Радовішчы золата, тытану, жал. руды, цынку, вальфраму, малібдэну, бурага і каменнага вуглёў і інш. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма працяглая і суровая. Сярэднія т-ры студз. ад -23 °C на Пд да -33 °C на Пн і ПдУ, абс. мінімум дасягае -58 °C. Лета цёплае, у высакагор’ях халаднаватае. Сярэдняя т-ра ліп. ў катлавінах ад 10 да 20 °C, у гарах (на выш. 2500 м) — ад 5 да 7 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца ў напрамку з ПдУ на ПнЗ і ад днішчаў катлавін (250—300 мм) да верхняй ч. хрыбтоў (700—1000 мм за год). Рэкі належаць да бас. Байкала, Лены і Амура; найб. — Віцім, Алёкма, Селенга, Шылка, Аргунь. Самыя вял. азёры — Байкал, Гусінае, Ераўнінскае і інш. Большая ч. З. размешчана ў зоне тайгі, якая на Пд суседнічае з лесастэпамі і сухімі стэпамі. Характэрна цеснае перапляценне гарыз. занальнасці і вышыннай пояснасці ландшафтаў. Нізкагор’і і раўніны ў паўд.-ўсх. ч. З., а таксама некаторыя катлавіны заняты стэпамі (пераважна злакава-разнатраўнымі). На ўскраінах міжгорных катлавін і ў ніжняй ч. схілаў (да выш. 1000—1200 м) горны лесастэп, вышэй (да 1900 м на Пд і 1400 на Пн) горная тайга. Пераважаюць лясы з лістоўніцы даурскай, трапляецца кедр, вышэй за 1600—2000 м — зараснікі кедравага сланіку, лішайнікавая тундра, на Пд — лістоўнічна-бярозавыя і хваёвыя лясы. У фаўне З. тыповыя для стэпаў грызуны; у лясах — касуля, лось, вавёрка, собаль, бурундук, кабарга, ізюбр, мядзведзь. Трапляюцца паўночныя алені, горныя казлы, бараны. У межах З. Байкальскі, Баргузінскі і Сахандзінскі запаведнікі, Забайкальскі прыродны нац. парк. На тэр. З. размешчаны Бурація, Чыцінская і Іркуцкая вобл. Расіі.

т. 6, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МЕРАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана ў Расійскай Федэрацыі на ПдУ Зах. Сібіры. Утворана 26.1.1943. Пл. 95,5 тыс. км². Нас. 3037 тыс. чал. (1997), гарадскога 87%. Цэнтр — г. Кемерава. Найб. гарады: Новакузнецк, Пракоп’еўск, Бялова, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Анжэра-Суджанск.

Прырода. К.в. займае Кузнецкую катлавіну (выш. да 500 м), размешчаную паміж Салаірскім кражам (выш. да 590 м) і Кузнецкім Алатау (выш. да 2178 м). На Пд хрыбты Горнай Шорыі, на Пн частка Зах.-Сіб. раўніны. Карысныя выкапні: каменны вугаль (найбуйнейшы ў Расіі Кузнецкі вугальны басейн), буры вугаль (зах. ч. Канска-Ачынскага вугальнага басейна), сідэрытавыя (на ПнУ), магнетытавыя (радовішча Таштагол і Шэрэгеш у Горнай Шорыі), марганцавыя (Усінскае), поліметал. (Салаір) руды, золата, нефеліны (Кія-Шалтыр), вермікуліт, трэмаліты, баксіты, фасфарыты, тальк, прыродныя цэаліты, буд. матэрыялы (больш за 135 радовішчаў, з іх 50 эксплуатуюцца). Крыніцы мінер. вод. Клімат кантынентальны з працяглай зімой і кароткім цёплым летам. Сярэдняя т-ра студз. ад -17 °C да -22 °C, ліп. 17—20 °C. Ападкаў 300—500 мм, у гарах да 900 мм за год. Рэкі належаць да бас. р. Об (найб. Том, Іня, Кія, Яя, Чумыш), багатыя гідраэнергіяй (гідрарэсурсы 261 тыс. кВт гадз на 1 км², 2-е месца ў Расіі пасля Іркуцкай вобл.). Глебы на раўніне ў Кузнецкай катлавіне чарназёмныя, у перадгорнай і горнай частках шэрыя лясныя, падзолістыя, у далінах рэк алювіяльныя. Пад лесам 4,5 млн. га (запасы драўніны 598 млн. м³), пераважаюць хвойныя (піхта, кедр, хвоя), лесастэпы з бярозава-асінавымі колкамі, стэпы — кавыльна-ціпчаковыя.

Гаспадарка. Гал. галіна прам-сці — вугальная, сканцэнтравана ў Кузбасе (94,4 млн. т, 1996, 40% здабычы Расіі). Асн. цэнтры здабычы: Пракоп’еўск, Новакузнецк, Анжэра-Суджанск, Ленінск-Кузнецкі, Кісялёўск, Бялова, Междурэчанск і інш. Вытв-сць электраэнергіі 27 млрд. кВт гадз (1996). Кемераўская, Том-Усінская, Паўд.-Кузбаская, Бялоўская ДРЭС. Вытв-сць чорных металаў на Кузнецкім металургічным камбінаце, з-дах: Зах.-Сібірскім поўнага цыкла, Новакузнецкім ферасплаваў і металургічным няпоўнага цыкла ў Гур’еўску. Каляровая металургія прадстаўлена вытв-сцю алюмінію і цынку. Хім. прам-сць пашырана ў Кемераўскім вузле: коксахім. з-д, Новакемераўскі хім. камбінат, азотна-тукавы з-д, аніліна-фарбавы, капронавай пражы. Металаёмістае машынабудаванне арыентавана на патрэбы вугальнай, металургічнай і хім. прам-сці. Прам-сць буд. матэрыялаў (вытв-сць цэменту, шыферу, шкла, жалезабетонных канструкцый і дэталяў). Развіта лясная, дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч. і лёгкая прам-сць. Сельская гаспадарка прыгараднага характару. Больш за 65% с.-г. прадукцыі дае малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля. Развіты пчалярства, пушны промысел, зверагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 2,7 млн. га (60% займаюць ворныя землі). Вырошчваюць збожжавыя культуры (пшаніца, ячмень, авёс), бульбу, агародніну. Аснову трансп. сеткі складаюць чыгункі. Транскантынентальная чыг. магістраль, Паўладар—Барнаул—Новасібірск—Абакан і шэраг чыг. ліній на Кузбас: Новасібірск—Бялова—Новакузнецк з адгалінаваннямі на Кемерава, Гур’еўск, Таштагол. Даўж. чыгунак 1,8 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 8,7 тыс. км. Суднаходства па р. Том. Нафтаправод Ніжнявартаўск—Анжэра-Суджанск—Краснаярск.

В.​М.​Корзун.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)