вадкасць з нізкай тэмпературай замярзання, прызначаная для ахаладжэння рухавікоў унутр. згарання, радыёэлектроннай апаратуры, прамысл. цеплаабменнікаў, якія працуюць пры нізкіх т-рах. Як антыфрыз выкарыстоўваюць водныя растворы этыленгліколю, гліцэрыны, спіртоў (метылавага, этылавага і ізапрапілавага), неарган. соляў (пераважна хлорыстага кальцыю); т-ра замярзання залежыць ад прыроды і канцэнтрацыі рэчываў і можа быць ад -10 да -75 °C. У тэхніцы выкарыстоўваюць 52,6 і 66%-ныя растворы этыленгліколю з т-рай замярзання -40 і -65 °C адпаведна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАЗАБЯСПЕ́ЧАНАСЦЬ РАСЛІ́Н,
адносіны запасу прадукцыйнай глебавай вільгаці да яе запасу пры найменшай вільгацяёмістасці глебы або да яе запасу, аптымальнага для дадзенай фазы развіцця с.-г. культуры. Прадукцыйная глебавая вільгаць — частка глебавай вільгаці, пры ўсмоктванні якой расліны захоўваюць жыццядзейнасць і сінтэзуюць арган. рэчывы; яе ніжняя мяжа — вільготнасць устойлівага завядання раслін (гл. ў арт.Вільготнасць глебы). Падтрыманне аптымальнай велічыні водазабяспечанасці раслін — задача меліярацыйных мерапрыемстваў. Пры адносінах менш за адзінку патрабуецца штучнае ўвільгатненне глебы, працяглае вял. перавышэнне яго можа суправаджацца вымаканнем раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАКТУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,
аднаасноўная гексуронавая кіслата, монацукрыд. Утвараецца ў арганізмах з D-галактозы шляхам акіслення яе першаснай гідраксільнай групы да карбаксільнай. Вельмі пашырана ў прыродзе: структурны кампанент многіх вышэйшых поліцукрыдаў, утвараецца ў тканках раслін, уваходзіць у састаў пекцінавых рэчываў, камедзей, слізей, спецыфічных поліцукрыдаў некат. мікробаў і інш. У раслінах пад уздзеяннем ферменту дэкарбаксілазы галактуронавая кіслата ператвараецца ў арабінозу. Пры награванні водных раствораў галактуронавая кіслата ў прысутнасці солей некат. металаў можа дэкарбаксіліравацца з утварэннем L-арабінозы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАТО́РАКС (ад гема... + грэч. thōrax грудзі, грудная клетка),
збіранне вял. колькасці крыві ў плеўральнай поласці. Найчасцей бывае ад унутр.крывацёку пры траўмах грудзей, пасля аперацый на грудной поласці, іншы раз пры злаякасных пухлінах органаў дыхання і інш.Можа спалучацца з пнеўматораксам. Клініка залежыць ад колькасці крыві: пры нязначнай колькасці праяўленні гематораксу адсутнічаюць ці ўзнікае слабы боль у грудзях, кашаль. Пры павелічэнні гематораксу бывае страта крыві, сцісканне лёгкага і зрушэнне органаў міжсцення. Лячэнне сімптаматычна-медыкаментознае, у цяжкіх выпадках хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРТЭРМІ́Я (ад гіпер... + грэч. thermē цяпло),
пераграванне, намнажэнне цяпла ў арганізме цеплакроўных жывёл і чалавека ў выніку перавышэння цеплапрадукцыі над цеплааддачай. Пры выяўленым напружанні фізіял. механізмаў тэрмарэгуляцыі (потавыдзяленне, расшырэнне скурных сасудаў і інш.) гіпертэрмія суправаджаецца ўзмацненнем і якаснымі парушэннямі абмену рэчываў, стратай вільгаці і солей, парушэннем кровазвароту і забеспячэння мозга кіслародам, што выклікае ўзбуджэнне, зрэдку сутаргі і непрытомнасць. Пры тэмпературы цела 41—42 °Cможа здарыцца цеплавы ўдар. Штучная гіпертэрмія выкарыстоўваецца пры лячэнні некаторых нервовых і хранічных хвароб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТГУС (Grotthuss, Grothuß) Крысціян Іаган Дзітрых (Тэадор) фон (20.1.1785, г. Лейпцыг, Германія — 26.3.1822), фізік і хімік. У 1803—08 вучыўся ў Лейпцыгу, Парыжы, Рыме. З 1808 праводзіў навук. даследаванні ў сваім маёнтку Гедучай у Літве. Навук. працы па электра- і фотахіміі, будове рэчыва. Прапанаваў тэорыю электролізу (1805), сфармуляваў першы закон фотахіміі (закон Гротгуса): фотахім. рэакцыю ў рэчыве можа выклікаць толькі тая частка падаючага на яго святла, якую рэчыва паглынае (1818).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ПЫТ,
следчае або судовае дзеянне, якое заключаецца ў атрыманні ад сведкі, пацярпелага, падазронага, абвінавачанага або падсуднага вуснага паказання пра вядомыя яму акалічнасці дадзенай справы. Адзін з спосабаў набыцця і замацавання доказаў судовых. Правілы Д. вызначаны працэсуальным заканадаўствам. Д. правамоцны праводзіць толькі работнікі органаў дазнання і папярэдняга следства, пракуроры і суд, а ў цывільным працэсе — таксама істцы і адказчыкі ці іх прадстаўнікі. Вынікі Д. фіксуюцца ў адпаведных следчых або суд. пратаколах, Д. можа суправаджацца аўдыё- або відэазапісам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫЛЬ (ад ням. drillen свідраваць),
ручны інструмент або машына для свідравання і апрацоўкі адтулін у метале, дрэве, пластмасе і інш. Бываюць эл., пнеўматычныя (ратацыйныя, з пнеўматычным лопасцевым рухавіком) і ручныя. Электрадрыль складаецца з эл. рухавіка, зубчастай перадачы і патрона для свердла. Скорасць вярчэння да 2200 аб/мін і болей. З рознымі прыстасаваннямі можа выкарыстоўвацца для фрэзеравання, шліфавання, паліравання і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСГЕНІТАЛІ́ЗМ (ад дыс... + лац. genitalis дзетародны, палавы),
агульная назва парушэнняў развіцця палавых органаў, пры якіх яны маюць празмерна вял. ці малыя памеры. Д. можа мець дачыненне да розных аддзелаў палавых органаў, аднак у плане сексуальных узаемаадносін вядучую ролю адыгрываюць змяненні формы і памераў геніталій (палавога члена, вульвы, похвы, шыйкі маткі), дзе ёсць эрагенныя зоны. Д. адрозніваюць ад набытых змяненняў формы і велічыні палавых органаў у выніку мех. пашкоджанняў, запаленчых, сасудзістых і інш. захворванняў, пухлін, парушэнняў лімфаадтоку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗОКСІРЫБАНУКЛЕАПРАТЭІ́ДЫ,
бялкі, здольныя звязвацца з малекуламі ДНК праз утварэнне вадародных сувязей. Звязванне можа адбывацца па ўсёй даўжыні малекулы (гістонавыя бялкі) ці на працягу пэўных кароткіх яе паслядоўнасцей (сайт-спецыфічныя бялкі). Удзельнічаюць у працэсах рэпліцыравання і счытвання інфармацыі з малекул ДНК, іх упакоўкі ў храмацін, згортвання малекул ДНК з утварэннем розных даменаў, у кантролі за транскрыпцыяй генаў і інш. Кожнаму тыпу клетак жывых арганізмаў уласцівы пэўны набор Д. негістонавай прыроды, які ў сукупнасці вызначае характар экспрэсіі генаў.