ДЭКАРАТЫ́ЎНЫ ЖЫ́ВАПІС,

жывапіс, які ўваходзіць у склад арх. збудавання ці твора дэкар.-прыкладнога мастацтва, не мае самастойнага ідэйна-вобразнага значэння і прызначаны для аздаблення або акцэнтавання канструкцыі ці функцыі прадмета. Як і манументальны жывапіс выконваецца ў выглядзе мазаікі, пано, размалёўкі.

т. 6, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЦЮКО́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Ільянскім с/с Вілейскага р-на Мінскай вобласці. За 35 км на ПдУ ад Вілейкі, 91 км ад Мінска, 30 км ад чыг. ст. Уша. 122 ж., 50 двароў (1995). Помнік садова-паркавага мастацтва — парк 18 ст.

т. 2, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СЬ»,

штомесячны ілюстраваны грамадска-палітычны часопіс на бел. мове. Засн. ў 1930 пад назвай «Чырвоная Беларусь» (выходзіў да 1933), адноўлены ў студз. 1944 пад назвай «Беларусь». У 1944 выходзіў раз у 2 месяцы спачатку ў Маскве (№ 1—3), потым у Мінску паралельна на бел. і рус. мовах. З 1945 на бел. мове. Асвятляе грамадска-паліт. і эканам. жыццё рэспублікі, узнімае пытанні развіцця нац. культуры, культ. узаемасувязяў з інш. народамі, публікуе нарысы, нататкі пра бел. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва, навукі, культуры, адукацыі, фотарэпартажы, рэпрадукцыі твораў выяўл. мастацтва, папулярныя творы «малых» жанраў (вершы, апавяданні, п’есыаднаактоўкі, нарысы і інш.) бел. пісьменнікаў. Шмат увагі аддае праблемам бел. нац. адраджэння, вяртання народу яго духоўнай і гіст. спадчыны, у т. л. навук. і літ.-маст. здабыткаў, створаных беларусамі за мяжой, рэліг.-хрысціянскіх традыцый.

Вокладкі часопіса «Беларусь».

т. 3, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́К (Эдуард Уладзіслававіч) (псеўд. Э.​Горскі; 1906, Мінск — 1943),

бел. фалькларыст, літ.-знавец і крытык. Сын. У.І.Галубка. Скончыў БДУ (1930). У 1931—33 у Ін-це л-ры і мастацтва, у 1934—41 у Ін-це гісторыі АН БССР. Загінуў на фронце. Даследаваў бел. л-ру, найперш драматургію (арт. «Каштоўны ўклад у беларускую драматургію» і «Праблемы мастацкага росту беларускай драматургіі», 1934), бел. фальклор. Склаў зб. «Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці» (1938), «Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі» (1939, з А.​Калечыцам), «Жанчына ў беларускай народнай творчасці» (1940, з Калечыцам і Н. Багдановіч).

Тв.:

Творчы шлях 3-га Беларускага дзяржаўнага тэатра // Мастацтва і рэвалюцыя. 1932. № 3—4;

Пытанні стылю беларускай савецкай драматургіі // Пісьменнік і мова. Мн., 1934;

Аб маладзёжнай драматургіі БССР // Драматургія. Мн., 1934.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГЕ ((George) Стэфан) (12.7.1868, г. Бюдэсгайм, Германія — 4.12.1933),

нямецкі паэт. Адзін з вядучых прадстаўнікоў ням. сімвалізму. У 1892—1919 выдаваў заснаваны ім элітарны час. «Blátter für die Kunst» («Лісткі мастацтва»), вакол якога гуртаваліся паэты і вучоныя (т.зв. george-Kreis). Аўтар зб-каў вершаў «Гімны» (1890), «Паломніцтвы» (1891), «Кнігі пастухоўскіх і хвалебных вершаў, паданняў і песень» (1895), «Дыван жыцця і песні пра сон і смерць з пралогам» (1905), «Сёмае кола» (1907), «Зорка саюзу» (1914), «Вайна» (1917), «Тры напевы» (1921) і інш. У сваёй творчасці арыентаваўся на самапаглыбленасць мастака і самадастатковасць мастацтва, незалежнага ад рэчаіснасці. Некаторыя матывы ў позняй творчасці Георге (зб. «Новае царства», 1928) былі выкарыстаны ням. нацысцкімі ідэолагамі. Але паэт, адмаўляючы фашызм, эмігрыраваў і памёр у выгнанні.

Тв.:

Рус. пер. — [Стихотворения] // Западноевропейская поэзия XX в. М., 1977.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРПРЭТА́ЦЫЯ ў музыцы,

гукавая рэалізацыя нотнага тэксту ў працэсе выканання. Залежыць ад сістэмы эстэт. прынцыпаў пэўнага кірунку муз. мастацтва і асаблівасцей нац. школы, да якіх належыць выканаўца. Артыст (спявак, дырыжор, інструменталіст) сродкамі выканальніцкага майстэрства на аснове індывід. падыходу і ўласнай творчай канцэпцыі раскрывае сэнс муз. твора, закладзены аўтарам.

Мастацтва І. вядома з сярэдзіны 18 ст., калі музыканты, акрамя ўласных твораў, пачалі выконваць творы інш. аўтараў. Значэнне яго павялічылася ў 19 ст. з развіццём канцэртнай дзейнасці, узнікненнем розных стыляў муз. выканальніцтва і звязаных з імі псіхал., тэхнал. і ідэйна-маст. праблем. Тэорыя муз. І. з’яўляецца адной з галін музыказнаўства. Вывучаюць І. на падставе даследавання мемуарнай і эпісталярнай л-ры, узораў гуказапісу, аналізу транскрыпцый і апрацовак муз. твораў вядомымі выканаўцамі.

Літ.:

Корыхалова Н.П. Интерпретация музыки. Л., 1979.

Э.​А.​Алейнікава.

т. 7, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЁТА,

горад у Японіі, у цэнтр. частцы в-ва Хонсю каля воз. Біва. Адм. ц. прэфектуры Кіёта. Засн. ў канцы 8 ст.; да 1868 сталіца Японіі, рэзідэнцыя імператараў. 1703 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Важны прамысл., культ., гіст. і рэліг. цэнтр Японіі. Прам-сць: маш.-буд. (асабліва эл.-тэхн. і с.-г.), каляровая металургія, тэкст., швейная, хім., шкляная, керамічная, харчовая. Традыцыйныя рамёствы: вытв-сць лакавых і бронзавых вырабаў, фарфору, карункаў, вышывак, прадметаў рэліг. культу. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Мед. акадэмія, маст. школы. Нац. музей «Кіёта». Бат. сад. Помнікі яп. класічнай архітэктуры і мастацтва 8—17 ст., у т. л. комплекс старога палаца імператараў Дайдайры, Нідзё — стары замак ваен. адміністрацыі, будысцкія храмы: Сайходзі, Кінкакудзі («Залаты Храм»), Карудзі, Кіёмідзу; сінтаісцкія свяцілішчы і інш. Нац. музей сучаснага мастацтва. Гал. цэнтр нац. і міжнар. турызму.

т. 8, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РШЧЫНА (Тамара Іосіфаўна) (н. 5.1.1950, г. Калінкавічы Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). У 1982—86 гал. мастак Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Працуе ў галіне маст. керамікі. Творы вызначаюцца выразнай пластыкай, высокім майстэрствам выканання: станковыя кампазіцыі «Няўлоўная», «Лявоніха на арбіце» (абедзве 1972), «Балельшчыкі», «Дзівакі» (абедзве 1973), «Пан» (1974); дэкар. афармленне інтэр’ераў кафэ «Арбат» (1979, з А.​Кішчанкам), муз. вучылішча (1975), кампазіцыя «Дрэва жыцця» (1980) у сауне і пано (1981, з Кішчанкам) над уваходам у гасцініцы «Кастрычніцкая», пано «Белая Русь» («Песня пра Палессе») і дэкар. скульптура «Па слядах беларускага эпасу» (1986) у гасцініцы «Беларусь» — у Мінску, пано «Песня пра Радзіму» (1991) у Палацы Мазырскага нафтаперапр. з-да і інш.

Т.Кіршчына. Песня пра Радзіму. Керамічнае пано ў Палацы Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода. Фрагмент. 1991.

т. 8, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІСЕ́ВІЧ ((Kulisiewicz) Тадэвуш) (13.11.1899, г. Каліш, Польшча 18.8.1988),

польскі графік. Вучыўся ў школах дэкар. і выяўл. мастацтва ў Познані (1922) і прыгожых мастацтваў у Варшаве (1923—27). З 1933 выкладаў у АМ у Варшаве (з 1946 праф.). Да 1940-х г. рабіў дрэварыты на тэмы жыцця польскіх горцаў; творы вызначаліся драм. выразнасцю абагульненага лінейнага рытму, экспрэсіяністычнымі святлоценявымі кантрастамі: цыклы «Шлембарк» (1931), «Бацувка» (1932), «Метады», «Вёска ў гарах» (абодва 1936) і інш. У трактоўцы нар. персанажаў выкарыстоўваў традыцыі гатычнай разьбы і нар. дрэварыту. З 1945 працаваў пераважна ў тэхніцы малюнка тушшу, праз фармальныя эксперыменты шукаў новыя выяўл. і вобразныя сродкі графічнай выразнасці. Сярод твораў: цыклы «Варшава. 1945» (1945—46), «Францыя і Галандыя» (1949), «Чэхаславакія» (1951), «Кітай» (1953), «Індыя» (1956), «Мексіка» (1957—60), «Мая гісторыя мастацтва» (1975) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАЧЫ́ЦКАЯ (Тамара Мікалаеўна) (н. 28.3.1949, г.п. Калінава Папаснянскага р-на Луганскай вобл., Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). З 1975 на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. У 1993—96 выкладала ў маст. школе-ліцэі ў Мінску. Працуе ў галіне керамікі. Творы вызначаюцца абагульненасцю і стылізаванасцю пластычных форм, спалучэннем натуральнай фактуры матэрыялу з ангобнай размалёўкай. Аформіла інтэр’еры праф.-тэхн. вучылішча мантажных і спец. работ № 31 у Мінску (1979—80), дзіцячых садкоў № 31 у Барысаве (1981) і № 401 у Мінску (1983), загс у г.п. Іўе Гродзенскай вобл. (1990—91) і інш. Сярод станковых твораў: дэкар. пластыка «Сны зімовага лесу» (1987), вазы «Нектар» (1980), «Палессе» (1987), дробная пластыка.

Т.Курачыцкая. Керамічнае пано «Юнацтва» ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы мантажных і спецыяльных работ № 31 у Мінску. 1979—80.

т. 9, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)