НЕ́ЕДЛЫ ((Nejedly) Здэнак) (10.2.1878, г. Літамішль, Чэхія — 9.3.1962),

чэхаславацкі гісторык культуры, грамадскі дзеяч. Чл. Чэш. акадэміі навук і мастацтваў (1907). Замежны чл.-кар. АН СССР (1947), шэрагу інш. замежных АН. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1899), выкладаў у ім (у 1909—39, з 1945 праф.). Ініцыятар заснавання (1925) і старшыня «Т-ва культ. і эканам. збліжэння з Новай Расіяй». Адзін з кіраўнікоў створанай у 1930 арг-цыі сав.чэхаславацкай дружбы «Саюз сяброў СССР». Змагаўся супраць пагрозы фашызму і вайны. У 1939 эмігрыраваў у СССР. У 1939—45 праф. Маскоўскага ун-та і навук. супрацоўнік Ін-та гісторыі АН СССР. У 1945—53 на міністэрскіх пасадах, у 1953 нам. прэм’ер-міністра, потым чл. урада (міністр без партфеля) Чэхаславакіі. Заснавальнік і прэзідэнт (з 1952) Чэхаславацкай АН. Старшыня Саюза чэхаславацка-сав. дружбы, Славянскага к-та Чэхаславакіі (з 1945). Аўтар манаграфій пра Б.​Сметану, З.​Фібіха, даследаванняў па гісторыі чэш. гусіцкіх песень, прац па гісторыі чэш. і інш. слав. народаў, чэхаславацкай культуры, гісторыі музыкі, па эстэтыцы, выяўл. і тэатр. мастацтве. У 1920-я г. ў Празе выступаў на літ. вечарах, прысвечаных Я.​Купалу, Я.​Коласу, Ц.​Гартнаму, з лекцыямі і дакладамі пра Беларусь, бел. нар. песню. У 1925 сустракаўся ў Празе з Я.​Купалам і М.​Чаротам, у 1927 прыязджаў у Мінск. Нам. старшыні Усеславянскага к-та (з 1939), працаваў разам з Я.​Купалам, Я.​Коласам, К.​Крапівой, М.​Лыньковым. Аўтар артыкулаў пра Беларусь, яе гісторыю і культуру: «Беларусы» (1927), «БССР» (1929), «Нашы блізкія сябры», «Прывітанне беларусам» (абодва 1944). Падпісаў «Пратэст чэхаславацкіх інтэлігентаў» (1927) супраць расправы над Беларускай сялянска-работніцкай грамадой. Дзярж. прэмія Чэхаславакіі 1951.

Тв.: Рус. пер. — История чешского народа. Т. І. М., 1952; Избр. труды. М., 1960; Статьи об искусстве. Л.; М., 1960.

Літ.:

Зденек Неедлы — выдающийся общественный деятель и ученый. М., 1964;

Мажэйка А. Здэнек Неедлы пра Беларусь // Беларусь. 1962. №12;

Z.Nejedly. Praha, 1980.

Дз.​Дз.​Воран.

З.Неедлы.

т. 11, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРО́ЎСКІ (Барыс Аляксандравіч) (н. 23.1.1912, Масква),

расійскі оперны рэжысёр, педагог. Нар. арт Беларусі (1955). Нар. арт. СССР (1961). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1937). Ў 1937—43 рэжысёр (з 1939 маст. кіраўнік) Горкаўскага т-ра оперы і балета. З 1943 рэж., у 1952—63 і 1967—82 гал. рэж. Вял. т-ра ў Маскве. З 1954 праф. Рас. акадэміі тэатр. мастацтва. Заснавальнік (1972), маст. кіраўнік і рэжысёр Маскоўскага музычнага камернага тэатра. Яго пастаноўкам уласцівы высокая маст. культура, падкрэсленая тэатральнасць, смелы рэжысёрскі пошук. Сярод пастаўленых ім спектакляў: у Горкаўскім т-ры — «Ніжагародцы» Э.​Напраўніка (1942); у Ленінградскім малым т-ры оперы і балета — «Вайна і мір» С.​Пракоф’ева (1946), «Ваявода» П.​Чайкоўскага (1949); у Вял. т-ры — «Варожая сіла» А.​Сярова (1947), «Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны (1948), «Садко» М.​Рымскага-Корсакава і «Галька» С.​Манюшкі (абодва 1949), «Аіда» (1951), «Травіята» (1953), «Фальстаф» (1962), «Атэла» (1978) Дж.​Вердзі, «Снягурачка» Рымскага-Корсакава (1954), «Сямён Катко» (1970) і «Гулец» (1974) Пракоф’ева, «Руслан і Людміла» М Глінкі (1972), «Выкраданне месяца» А.​Тактакішвілі і «Мёртвыя душы» Р.​Шчадрына (1977), «Арлеанская дзева» Чайкоўскага (1990), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1993), «Хаваншчына» М.​Мусаргскага (1995), «Франчэска да Рыміні» С.​Рахманінава (1998) і інш. Шэраг спектакляў паставіў за мяжой, у т. л. «Вогненны анёл» Пракоф’ева (1981, Прага). У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі паставіў оперы «Алеся» Я.​Цікоцкага (1944, вызначалася нац. своеасаблівасцю) і «Кармэн» Ж.​Бізэ (1945). Аўтар кніг па пытаннях муз. т-ра. Дзярж. прэміі СССР 1947, 1948, 1949, 1950. Ленінская прэмія 1980. Дзярж. прэмія Расіі 1994.

Літ. тв.: Об оперной режиссуре. М., 1973; Размышления об опере. М., 1979; Беседы об опере М., 1981; Ступени профессии. М., 1984; Сотворение оперного спектакля. М., 1985; Введение в оперную режиссуру. М., 1985.

Літ.:

Чудновский М.А. Режиссер ставит оперу... М., 1967;

Б.​А.​Покровский ставит советскую оперу. М., 1989.

І.​В.​Глушакоў.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМЕ́СНАЯ СІСТЭ́МА,

забеспячэнне зямельнымі ўладаннямі (памесцямі) феадалаў за нясенне ваен. і адм. службы ў Расіі ў канцы 15 ст. — 1714. Узнікла ў выглядзе раздачы вял. князем (з 1547 царом) зямель з сялянамі ў карыстанне дваранам пры ўмове нясення імі дзярж., пераважна ваен., службы. Першая масавая раздача зямель у выглядзе памесцяў адбылася пры Іване III у Наўгародскай і інш. далучаных да Маскоўскага вял. княства землях. Пазней аб’ектам раздачы сталі паўд. стэпавыя землі т.зв. Дзікага поля. Эканам. значэнне П.с. было ў гасп. асваенні новых зямель, асабліва на Пд краіны, яе сац.-паліт. роля заключалася ў матэрыяльным забеспячэнні дваранстваасн. сац. сілы дзяржавы ў барацьбе з феад. раздробленасцю. Юрыд. асновы П.с. замацаваны ў Судзебніку 1497. П.с. дасягнула росквіту ў сярэдзіне 16 ст., калі Улажэннем аб службе 1556 была рэгламентавана ваен. служба памешчыкаў і вотчыннікаў: кожны памешчык з кожных 100 чвэрцей (50 дзес.) сваёй зямлі выстаўляў у войска цара аднаго ўзбр. конніка. Пытаннямі службы дваран-памешчыкаў і іх зямельным забеспячэннем займаліся Разрадны прыказ і Памесны прыказ. П.с. расла за кошт раздачы дваранам канфіскаваных баярскіх і царк. зямель, а таксама дварцовых і чарнасошных зямель, з яе пашырэннем звязана развіццё паншчыны і прыгоннага права. Многія памесці, пераходзячы з пакалення ў пакаленне ў адной сям’і, фактычна ператвараліся ў спадчынную ўласнасць — вотчыну. Гэты працэс адлюстравала Саборнае ўлажэнне 1649, якое дазваляла абмен памесцяў на вотчыны. Урад надаваў асобным памесцям статус вотчын у якасці ўзнагароды іх уладальнікам або шляхам продажу. Адначасова была рэзка абмежавана раздача новых памесцяў. П.с. спыніла існаванне пасля выдання Пятром I Указа аб адзінаспадчыннасці (1714), які юрыдычна замацаваў зліццё памесцяў з вотчынамі. Дваране пачалі атрымліваць за службу грашовае жалаванне.

Літ.:

Павлов-Сильванский Н.П. Феодализм в России. М., 1988;

Кобрин В.Б. Власть и собственность в средневековой России (XV—XVI вв.). М., 1985.

т. 12, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў КІНАФОТАДАКУМЕ́НТАЎ у Краснагорску

(Маскоўская вобл.). Бярэ пачатак са збораў кінадакументаў Маскоўскага і Петраградскага кінакамітэтаў пры Наркамасветы РСФСР (з 1918). Фотадакументы з 1919 канцэнтраваліся ў 8-й секцыі Адзінага дзярж. архіўнага фонду ў іканаграфічным аддзеле Архіва Кастр. рэвалюцыі. У 1926 створаны Цэнтр. архіў кінафотадакументаў РСФСР, з 1934 — Цэнтр. фотафонакінаархіў СССР, з 1941 Цэнтр. дзярж. архіў кінафотафонадакументаў СССР, з 1967 Цэнтр. дзярж. архіў кінафотадакументаў СССР, з 1992 сучасная назва. У 1978 у г. Уладзімір створаны Цэнтр. дзярж. архіў кінафотадакументаў РСФСР, які ў 1992 падпарадкаваны як філіял архіва ў Краснагорску; у 1998 спыніў існаванне ў сувязі з перамяшчэннем дакументаў у Краснагорск. Захоўвае 38 806 адзінак уліку (назваў),

што складае 217 982 адзінкі захоўвання (скрыні) кінадакументаў з 1896 да нашага часу; 1 018 140 адзінак захоўвання фотадакументаў з 1855; 217 адзінак захоўвання відэафанаграм з 1988. Зберагае хроніка-дакумент. фільмы і фотаздымкі, якія асвятляюць гісторыю Расіі і СССР з сярэдзіны 19 ст., у т. л. Крымскую, рус.-японскую, 1-ю сусв., грамадз., сав.-фінл. войны, Вял. Айч. вайну (больш за 80 500 фотаздымкаў); ваен. вучэнні, парады; паліт. падзеі і мерапрыемствы (жыццё імператарскага двара, пратакольныя прыёмы, з’езды, паліт. працэсы і інш.); новабудоўлі, асваенне космасу, развіццё навукі. Асн. крыніцы камплектавання архіва: Цэнтр. студыя дакумент. фільмаў, акц. т-ва «Фармат», кінастудыі «Бацькаўшчына», «Юнацтва», «Сучаснік» і інш., агенцтва Фота—ІТАР—ТАСС, Рас. інфарм. агенцтва «Весці», «Фатаграфія» Упраўлення справамі Прэзідэнта Рас. Федэрацыі, Дырэкцыя Міжнар. фотавыставак, рэдакцыі рас. газет і часопісаў і інш. Кінафотадакументы архіва асвятляюць і гісторыю Беларусі 1920—80-х г. У пач. 1990-х г. бел. ўлады выкупілі ў архіва шэраг кінафільмаў і сюжэтаў з кіначасопісаў пра падзеі на Беларусі ў пач. — сярэдзіне 20 ст.

Літ.:

Российский государственный архив кинофотодокументов: (Краткий док. обзор). Красногорск, 1994;

Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 190—195.

т. 13, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРДЗЯ́ЕЎ (Мікалай Аляксандравіч) (6.3.1874, Кіеў — 23.3.1948),

рускі філосаф і публіцыст. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1894—98). З 1917 праф. філасофіі Маскоўскага ун-та. Арганізатар «Вольнай акадэміі духоўнай культуры ў Маскве» (1919). У 1922 высланы з СССР, жыў у Берліне, Парыжы. Знаходзячыся пад уплывам філасофіі І.​Канта, Я.​Бёме, А.​Шапенгаўэра, Ф.​Ніцшэ, У.​Салаўёва, В.​Разанава, абараняў ідэі экзістэнцыялізму, прапагандаваў прымат свабоды над быццём і чалавека над светам, адстойваў абсалютную каштоўнасць любой асобы і любой культуры. У працах «Філасофія свабоды» (1911), «Дух і рэальнасць» (1937), «Экзістэнцыяльная дыялектыка боскага і чалавечага» (1952) і інш. абгрунтаваў канцэпцыю т.зв. новай рэлігійнай свядомасці, або хрысціянскага персаналізму. Паводле Бярдзяева, задача чалавека ў вызваленні свайго духу з палону ўяўнага быцця і «выхадзе з рабства ў свабоду», з варожасці свету ў «касмічную любоў»; гэта магчыма толькі пры выкананні строгіх правіл і норм паводзін, сфармуляваных у Старым запавеце (этыка закону), перайманні подзвігу Ісуса Хрыста (этыка збавення), выхаванні святасці, духоўным узвышэнні асобы і яе свабоднай любові да Бога-творцы (этыка творчасці). Бярдзяеў лічыў неапраўданымі сац. рэвалюцыі, якія прыводзяць «да вынішчэння святасці», гібелі духоўнай культуры. Ён сцвярджаў, што марксізм «засланіў» чалавека класам і не здольны вырашыць праблему свабоды і актыўнасці асобы, асуджаў бесчалавечнасць, насілле і тэрор, якія сталі штодзённай практыкай таталітарных рэжымаў, у т. л. і сталінскага рэжыму ў СССР. Даследаваў праблемы інтэлектуальнай гісторыі Расіі, распрацаваў канцэпцыю т.зв. «камюнатарнасці» (абшчыннасці) або рускай самабытнасці, за мяжой выступаў як патрыёт, прадстаўнік рус. культуры і праціўнік розных формаў месіянскай і шавіністычнай ідэалогіі.

Тв.:

Новое религиозное сознание и общественность. СПб., 1907;

Душа России. М., 1915;

Судьба России: Опыты по психологии войны и национальности. М., 1918 (репр. изд. М., 1990);

Смысл истории. Берлин, 1923;

Тое ж. М., 1990;

О назначении человека. Париж, 1931;

Тое ж. М., 1993;

Русская идея: Осн. проблемы рус. мысли XIX — нач. XX в. Париж, 1946;

Истоки и смысл русского коммунизма. Париж., 1955 (репр. изд. М., 1990);

Философия неравенства. М., 1990;

Самопознание: (Опыт филос. автобиогр.). М., 1991;

Философия творчества, культуры и искусства. Т. 1—2. М., 1994;

Царстви Духа и царство Кесаря. М., 1995.

С.​Ф.​Дубянецкі.

М.А.Бярдзяеў.

т. 3, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́ЛЬКАВІЧЫ (Алелькі, Слуцкія),

княжацкі род герба «Пагоня» ў ВКЛ, адна з галін Гедзімінавічаў. Яго прадстаўнікі ў 15—16 ст. адыгрывалі значную ролю ў грамадскім і дзярж.-паліт. жыцці Беларусі, Украіны, Літвы і Польшчы. Найб. вядомыя Алелькавічы:

Аляксандр (Алелька, ? — 1454), заснавальнік роду, сын кіеўскага князя Уладзіміра Альгердавіча. Князь капыльскі, слуцкі з 1394, кіеўскі з 1441. Вёў войны супраць татараў. Як военачальнік і дыпламат карыстаўся вял. аўтарытэтам у бел., літ. і ўкр. знаці, пасля смерці Вітаўта яго кандыдатура была вылучана на велікакняжацкі пасад. Удзельнічаў у міжусобнай барацьбе паміж прэтэндэнтамі на велікакняжацкі пасад Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам (напачатку падтрымліваў першага, потым другога). Жыгімонт Кейстутавіч, атрымаўшы перамогу, адабраў у Аляксандра Слуцкае княства, а яго самога зняволіў у астрог. Вял. кн. Казімір IV у 1441 вярнуў яму Слуцк і даў Кіеўскае княства. Сямён (1420—3.12.1470), старэйшы сын Аляксандра, князь кіеўскі. Прэтэндаваў на велікакняжацкі пасад у 1454 і 1456, шукаў падтрымкі ў Маскве. Яго ўдава Марыя Гаштольд атрымала ад вял. кн. Пінскае княства ўзамен за Кіеўскае. Міхал (каля 1425—30.8.1481), малодшы сын Аляксандра, князь слуцкі і капыльскі. У 1470—71 намеснік вял. кн. ВКЛ у Вял. Ноўгарадзе. З мэтай скінуць Ягелонаў і стаць вял. кн. ВКЛ стварыў групоўку магнацкіх родаў. Пры няўдачы намерваўся аддзяліць ад ВКЛ усх. землі Беларусі і Украіны і перайсці з імі пад апеку вял. князя маскоўскага. За арганізацыю змовы супраць вял. кн. Казіміра IV пакараны смерцю. Васіль (каля 1425—4.6.1495), сын Сямёна, князь пінскі. Сямён (каля 1460—14.11.1505), сын Міхала, князь слуцкі. У 1502 і 1503 разбіў татараў у бітвах на р. Уза і Прыпяць. Юрый (1492—17.4.1542), сын Сямёна, князь слуцкі. Удзельнік абароны Слуцка ў час Глінскіх мяцяжу 1508, бітвы з татарамі ў 1511, Аршанскай бітвы 1514. Юрый (каля 1531—9.11.1578), сын Юрыя, князь слуцкі. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Юрый (17.8.1559 — 6.5.1586), сын Юрыя Юр’евіча, князь слуцкі, адзін з апошніх Алелькавічаў па мужчынскай лініі. Яго дачка Соф’я ў 1600 выйшла замуж за Я.​Радзівіла. Пасля яе смерці (1612) Слуцкае і Капыльскае княствы перайшлі да Радзівілаў.

П.​Р.​Казлоўскі.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕЯЗНА́ЎСТВА, музеялогія,

комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спец. ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навук. дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхн. навукамі.

Першыя спробы тэарэт. асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам М. лічыцца ням. калекцыянер І.​Д.​Маёр — аўтар кн. «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт франц. музеязнаўцаў канца 18 — пач. 19 ст былі пераняты большасцю еўрап. краін. У 2-й пал. 19 ст. М. сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960—70-я г., калі аформіліся ням., польская і чэш. музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне М. як самаст. навук. дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнар. савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Сав. школа М. склалася ў 1960—70-я г. Яе тэарэт. і навук.-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі ін-т культуралогіі).

На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па М. (Б.​Р.​Брэжга, А.​П.​Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус н.-д. устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.​Ю.​Ластоўскі). З пач. 1930-х бел. музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы сав. М. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самаст. бел. школы М. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і М. ў БДУ, у 1994 — кафедра этналогіі і М. ў Бел. ун-це культуры. З 1993 у Бел. ін-це праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа М. для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.

Літ.:

Музееведение: Вопр. теории и методики. М., 1987 (1988);

Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. Мн., 1998.

А.​А.​Гужалоўскі.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́ДЫ АЛЬГЕ́РДА НА МАСКВУ́ 1368—72,

шэраг войнаў ВКЛ супраць Маскоўскага вял. княства, выкліканых саперніцтвам паміж гэтымі дзяржавамі за паліт. гегемонію ў рэгіёне, у т. л. за ўплыў на Цвярское княства. У жн. 1368 вял. кн. маскоўскі Дзмітрый не прызнаў пераход велікакняжацкай улады да цвярскога кн. Міхаіла Аляксандравіча (брата жонкі Альгерда Ульяны), прыхільніка ўмацавання дзярж. самастойнасці Цверы і збліжэння яго з ВКЛ, што вымусіла яго ўцячы ў ВКЛ. Увосень 1368 войскі Альгерда пры падтрымцы Смаленска разбілі маск. войскі ў Тросненскай бітве 1368 і падступілі да Масквы. Аблога была беспаспяховай, але ўлада Міхаіла над Цвярскім княствам была адноўлена, а ў склад ВКЛ уключаны г. Ржэў. У жн. 1370 маск. войскі зноў напалі на Цвер, і Міхаіл Аляксандравіч у чарговы раз уцёк у ВКЛ, потым у Арду. Каб захаваць Цвер як процівагу Маскве, Альгерд у ліст. 1370 пачаў 2-і паход. I на гэты раз аблога Масквы (8—16 снежня) была няўдалай. У выніку заключана перамір’е да 29.6.1371. Для заключэння трывалага міру ў чэрв. 1371 Альгерд накіраваў у Маскву пасольства, якое дамовілася падоўжыць перамір’е да 26.10.1371. Аднак вясной 1372 Масква пачала падрыхтоўку да паходу на Цвер. Каб прадухіліць яго, 7.4.1372 войскі ВКЛ на чале з Кейстутам і Андрэем Альгердавічам напалі на г. Пераяслаўль-Залескі, разам з цвярскім войскам учынілі паход на спрэчныя паміж Цвер’ю і Масквой г. Кашын і Таржок. Войскі ВКЛ на чале з Альгердам 12.7.1372 злучыліся каля г. Любуцка з цвярскім войскам для 3-га паходу на Маскву. Туды ж падышлі асн. сілы маск. войска. Не маючы дастаткова сіл, каб схіліць ваенны поспех на свой бок, у сярэдзіне ліпеня ВКЛ, Цвер і Масква падпісалі Любуцкі дагавор 1372. У выніку паходаў Альгерда было праведзена размежаванне сфер уплыву паміж ВКЛ і Масквой; ваенныя дзеянні паміж якімі не вяліся да 1406.

Літ.:

Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3;

Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994.

А.​В.​Белы.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ З’ЕЗД РСДРП.

Адбыўся нелегальна 1—3.3.1898 у Мінску, абвясціў заснаванне Рас. с.-д. партыі (РСДРП). На ім прысутнічала 9 дэлегатаў ад 6 мясц. с.-д. арг-цый: Пецярбургскага (С.​І.​Радчанка), Маскоўскага (А.​А.​Ванноўскі), Кіеўскага (П.​Л.​Тучапскі) і Екацярынаслаўскага (К.​А.​Петрусевіч) «Саюзаў барацьбы за вызваленне рабочага класа», два ад кіеўскай «Рабочай газеты» (Б.​Л.​Эйдэльман і М.​А.​Вігдорчык), трое ад Бунда (А.​І.​Крэмер, А.​Мутнік, Ш.​Кац). За 3 дні работы з’езда было праведзена 6 пасяджэнняў. Пратаколы не вяліся, запісваліся толькі рэзалюцыі з’езда. Партыю вырашылі назваць Расійскай сацыял-дэмакратычнай партыяй. Пазней пры складанні Маніфеста ў назву было ўнесена слова «рабочая». Было вырашана, што вышэйшым органам партыі з’яўляецца з’езд, а выканаўчым — ЦК, які выбіраецца з’ездамі і падсправаздачны яму. У рэзалюцыі па нац. пытанні запісана, што партыя прызнае за кожнай нацыянальнасцю права на самавызначэнне, у т. л. і права на нац. аўтаномію с.-д. рухаў. З’езд адхіліў ідэю цэнтралізму ў кіраўніцтве партыяй. Выбраў ЦК з 3 чл. (Радчанка, Эйдэльман, Крэмер), прызнаў «Рабочую газету» афіц. органам партыі, прыняў рашэнне пра выданне Маніфеста партыі і даручыў яго рэдагаванне ЦК. Гэты дакумент быў напісаны П.​Струвэ і надрукаваны ў падп. друкарні ў Бабруйску. Пазней Маніфест апублікаваны ў с.-д. газетах Берліна, Парыжа, Лондана, Жэневы. Адразу пасля з’езда «Саюзы барацьбы» і с.-д. групы пачалі пераўтварацца ў парт. к-ты. Аднак партыя як адзіная с.-д. арг-цыя яшчэ не была створана: не былі прыняты статут і праграма, 8 з 9 дэлегатаў пасля з’езда былі арыштаваны, друкарню і 3-і нумар «Рабочей газеты» захапіла паліцыя. На II з’ездзе РСДРП (1903) рас. сацыял-дэмакратыя раскалолася на бальшавікоў і меншавікоў. У Мінску ў доме, дзе адбыўся I з’езд РСДРП, створаны Дом-музей з’езда РСДРП.

Літ.:

Маркова Р И. Первый съезд РСДРП. М., 1965;

Король А.С. Соединяясь в партию. Мн., 1988;

Симанюков С.М. Дом-музей I съезда РСДРП. Мн., 1998.

С.​М.​Сіманюкоў.

Дом-музей Першага з’езда РСДРП.

т. 12, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТАНІ́ЧНЫ САД,

навукова-даследчая, навуч.-дапаможная і культ.-асветная ўстанова, у якой культывуюцца і вывучаюцца расліны мясц. і іншаземнай флоры, прапагандуюцца бат. веды. Уключаюць калекцыі раслін адкрытага грунту (дэндрарыі, альпінарыі, участкі сістэматыкі, экспазіцыі лек., харч., дэкар. і інш. раслін) і аранжарэі. Размяшчэнне раслін пераважна па геагр. і сістэматычным прынцыпе, радзей па экалагічным і інш. Асн. даследчая задача — пошук новых карысных раслін, іх выпрабаванне і ўвядзенне у культуру. Адначасова батанічныя сады з’яўляюцца аб’ектамі рэкрэацыі.

Папярэднікі батанічных садоў — манастырскія сады (у Зах. Еўропе з 4 ст.), аптэкарскія агароды. Першыя батанічныя сады заснаваны ў Італіі (Салерна, 1309; Венецыя, 1333), потым у Германіі (Берлін, 1647), Францыі (Парыж, 1635), Швецыі (Упсала, 1655), Вялікабрытаніі (Эдынбург) пераважна для развядзення лек. раслін. У эпоху вял. геагр. адкрыццяў батанічныя сады пачалі актыўна займацца выпрабаваннямі прывезеных раслін: праз батанічны сад ў К’ю (Вялікабрытанія) ішло размеркаванне па трапічных раёнах кавы, гевеі, хіннага дрэва; праз батанічны сад Францыі распаўсюджваліся віды айланту, сафоры, туі, гінкга. У 18—19 ст. батанічны сад ў Калькуце (Індыя), Богары (Інданезія) адыгралі значную ролю ў інтрадукцыі трапічных раслін у розныя раёны. У Расіі папярэднікамі батанічных садоў былі «аптэкарскія агароды» ў Маскве (1706, цяпер філіял батанічнага саду Маскоўскага ун-та), Пецярбургу (1714, цяпер батанічны сад Бат. ін-та Рас. АН). У 19 ст. батанічныя сады існавалі пераважна пры ун-тах (Вільня і Тарту, 1803; Харкаў, 1804, Масква і Казань, 1806; Кіеў, 1835; Адэса, 1865; Томск, 1880, і інш.), лясных і с.-г. ін-тах. Нікіцкі батанічны сад (Крым, 1812), Сухумскі (1840) і Батумскі (1912) батанічныя сады сталі цэнтрамі інтрадукцыі субтрапічных раслін.

На Беларусі аднымі з першых былі Гродзенскі батанічны сад (18 ст.) і дыдактычны батанічны сад пры Шчучынскім кляштары (засн. садаводам С.​Юндзілам). Працуюць Вялікалятчанскі батанічны сад, батанічныя сады пры ВНУ і АН Беларусі: гл. Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта, Цэнтральны батанічны сад АН Беларусі, Батанічны сад БДУ, Батанічны сад Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага універсітэта, Батанічны сад Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі.

Літ.:

Антипов В.Г. Об истории создания ботанических коллекций в Белоруссии // Ботаника. 1964. Вып. 6;

Цицин Н.В. Ботанические сады СССР. М., 1974;

Федорук А.Т. Древесные растения садов и парков Белоруссии. Мн., 1980;

Головкин Б.Н. История интродукции растений в ботанических садах. М., 1981;

Лапин П.И. Ботанические сады СССР: [Фотаальбом]. М., 1984.

т. 2, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)