зводныя дакументы сістэматычных гасп. апісанняў у Расіі ў 15—17 ст. Служылі падставай для падатковага зямельнага абкладання (сошнага пісьма). П.к. 1581—93 былі асн. дакументамі, што вызначалі прыналежнасць сялян пэўнаму феад. ўласніку. П.к. складалі спец. камісіі з пісцоў і пад’ячых, якіх урад дасылаў з Масквы на месцы. Іх складанне вялося па гарадах (умацаванні, цэрквы, крамы, двары, насельніцтва і г.д.), паветах, станах, валасцях; асобна апісваліся кожнае сяло і вёска, ворная зямля, сенажаці, лясы. На Беларусі П.к. складаліся ў 1560—70-я г. на тэр. Полацкага ваяв., занятага рас. войскамі ў час Лівонскай вайны 1558—83.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУЖА́НСКАЯ ПУ́ШЧА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1986 з мэтаю захавання прыроднага комплексу з гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 2778 га. Рэльеф хвалісты. Складаныя шыракалістыя і мяшаныя лясы: ялова-грабава-ляшчынава-чарнічныя і кіслічныя дубровы, хвойнікі, асіннікі; на ўзвышшах хвойнікі і бярэзнікі імшыстыя і верасовыя. У расл. покрыве каля 400 відаў раслін, у т. л.лек., дэкар. і гасп.-каштоўныя: ворлікі звычайныя, званочак персікалісты, гладыш шыракалісты, ландыш майскі, наперстаўка буйнакветкавая, чараўнік двухлісты, чына гладкая; жаўтазель германскі, кадзіла сармацкае, купальнік горны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЁХА, Ла-Рыёха (La Rioja),
аўтаномная вобласць і адм. правінцыя на Пн Іспаніі. Пл. 5 тыс.км². Нас. каля 300 тыс.чал. (2000). Адм. ц. — г. Лагроньё. Размешчана ў перадгор’ях Пірэнеяў (на Пн) і Іберыйскіх гор (на Пд); у цэнтр.ч. даліна р. Эбра. Клімат субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў каля 500 мм за год. Захаваліся ўчасткі вечназялёных дубовых лясоў з удзелам хваёвых лясоў і хмызнякоў. У гарах дубовыя лясы. Раён вінаградарства і вінаробства. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, гародніну. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і авечкі). Прам-сць пераважна харч., тэкст., дрэваапрацоўчая. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКВО́Я (Sequoia),
род голанасенных раслін сям. таксодыевых. 1 рэліктавы від — С. вечназялёная (S. sempervirens). Трапляецца на зах. узбярэжжы Паўн. Амерыкі, у гарах Каліфорніі і Паўд. Арэгона (ЗША). Утварае парасткавыя лясы. У Еўропе і Азіі рэшткі С. выяўлены ў юрскіх і ніжнемелавых пластах. Культывуецца.
Вечназялёныя хваёвыя дрэвы з вузкаканічнай кронай. Адносяцца да найвыш. дрэў (выш. ствала 110—112 м, дыяметр 6—10 м). Жывуць больш за 3 тыс. гадоў. Ігліца лінейна-ланцэтная, размешчана грабеньчата. Шышкі амаль шарападобныя, даўж. 2—3 см. Насенне з доўгімі крыльцамі. Драўніна светла-чырв., выкарыстоўваецца для падводных збудаванняў, мэблі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ШЧАРДАЎСКАЕ ЎЗВЫ́ШША,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я, на Пн Віцебскай вобл. (усх. частка Расонскага р-на) і ў Расіі (большая частка). На Беларусі мяжуе з Полацкай нізінай, працягнулася з Пн на Пд на 22 км, з 3 на У на 29 км. Пл. 650 км². Выш. 180—220 м, найб. 224 м (на ПнУ).
Прымеркавана да Латвійскай седлавіны. Магутнасць асадкавага чахла да 300 м. Вылучаны адклады валдайскай серыі верхняга дакембрыю (пясчаныя і пясчана-гліністыя), ардовіку (вапнякі, мергелі, даламіты), дэвону (стракатаколерная пясчана-гліністая тоўшча). Антрапагенавыя адклады (магутнасць 30—60 м) складзены з валунных супескаў і суглінкаў, участкаў маламагутнага покрыва водна-ледавіковых асадкаў. Фарміраванне ўзвышша звязана з краявой зонай акумуляцыі паазерскага зледзянення.
Сучасны рэльеф сярэднеўзгорысты і ўзгорыста-западзінны, ускладнены камамі і азёрнымі катлавінамі. Ваганні адносных вышынь 10—25 м. Марэнныя ўзгоркі складзены з валунных суглінкаў, супескаў, камавыя — з пяску з уключэннем жвіру і галькі. Трапляюцца озавыя грады з пяскоў, жвіру і валунна-галечнага матэрыялу з марэнным чахлом. Сярэднія т-ры студз. 8,4 °C, ліп. 17,4 °C. Ападкаў 629 мм за год. Н.ў. дрэніруюць р. Дрыса і яе правыя прытокі. Азёры Нешчарда, Усвечча, Валоба, Межава і інш. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя. Пад лесам каля 40% тэрыторыі. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі на вяршынях і стромкіх схілах узгоркаў. Пераважаюць бары, субары, ельнікі, па далінах рэк і азёр з дамешкамі дубу. Па паніжэннях бярозавыя і альховыя лясы. Пад ворывам 15% тэрыторыі.
Нешчардаўскае ўзвышша ў Расонскім раёне Віцебскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛІ́СТЫЯ ГО́РЫ (Rocky Mountains),
усходняя частка сістэмы КардыльерПаўн. Амерыкі на З Канады і ЗША, паміж 60° і 32°паўн. шыраты. Даўж. каля 3200 км, шыр. да 700 км. Сфарміраваліся ў ларамійскую складкаватасць. Паводле характару рэльефу падзяляюцца на 3 часткі: Паўночную (на Пн ад 45°), якая характарызуецца кампактнасцю і працягласцю хрыбтоў, складзеных з гранітаў, шырокім развіццём ледавіковых форм, выш. да 3954 м (г. Робсан); Сярэднюю (паміж 45° і 41°паўн. ш.) з шырокімі хрыбтамі са згладжанымі вяршынямі, падзеленымі шырокімі тэктанічнымі паніжэннямі і плато; Паўднёвую (на Пд ад 41°паўн. ш.) найб. шырокую і высокую (г. Элберт, 4399 м), перасечаную глыбокімі каньёнамі рэк Кароткія хрыбты размешчаны кулісападобна, складзены з вапнякоў, гліністых сланцаў і пясчанікаў, чаргуюцца з вялізнымі басейнамі — «паркамі». Радовішчы малібдэну, фасфарытаў, медзі, золата, серабра, поліметалаў, нафты, каменнага вугалю. Вулканічныя з’явы (гейзеры, тэрмальныя крыніцы), землетрасенні. Клімат кантынент., умераны, на Пд субтрапічны, сухі, асабліва ў паніжэннях і на ўсх. схілах. На вяршынях і зах. схілах ападкаў да 1000 мм за год. Выш. снегавой мяжы 4000 м на Пд, 2500 м на Пн. С.г. — водападзел паміж бас. Ціхага і Атлантычнага акіянаў. Тут бяруць пачатак рэкі: Місуры, Каларада, Рыо-Грандэ, Снейк, Арканзас і інш. Расліннасць — пераважна лясы, на Пн — горнатаежныя, падымаюцца да выш. 1500 м, і рэдкалессі, горная тундра; на Пд хваёвыя лясы — да выш. 3600 м, вышэй субальпійскія, альпійскія лугі і вечныя снягі. У далінах — стэпы і паўпустыні. Буйныя нац. паркі: Джаспер, Банф, Іоха, Глейшэр (Канада), Йелаўстонскі, Рокі-Маўнтын (ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІЛІКА́ТА (Basilicata),
Луканія, адм. вобласць на Пд Італіі. Пл. 10 тыс.км². Нас. 625 тыс.чал. (1990). Уключае правінцыі Матэра і Патэнца. Адм. ц. — г. Патэнца. На ПдУ абмываецца зал. Таранта Іанічнага м., на ПдЗ — зал. Палікастра Тырэнскага м.Зах., паўд. і паўн. часткі занятыя Луканскімі Апенінамі (г. Сірына, 2007 м). На У плато і прыбярэжная нізіна.
Клімат міжземнаморскі. Расліннасць — ксерафітныя лясы і хмызнякі. Нафтахім., пракатныя, машынабуд., папяровыя, харч., дрэваапр., швейныя прадпрыемствы. Невялікая здабыча прыроднага газу і лігнітаў. Гал.с.-г. культуры — пшаніца, авёс; вырошчваюць таксама бабовыя, капусту, перац, раннюю гародніну. Садоўніцтва і вінаградарства. Жывёлагадоўля пераважна горнапашавая (авечкі і козы). Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,
на ПдЗ Бураціі, у цэнтр.ч. хрыбта Хамар-Дабан (выш. да 2300 м) і на берагавых тэрасах воз. Байкал. Засн. ў 1969. Пл. 165,7 тыс.га (пад лесам больш за 117 тыс.га, вадаёмаў 1552 га, астатняя пл. пад бязлесымі высакагор’ямі — гальцамі). Расліннасць горна-таежнага прыроднага комплексу: елка, кедр, піхта, хвоя, лістоўніца; у далінах рэк бярозавыя і асінавыя лясы; у падгальцавым поясе зараснікі рададэндранаў і субальпійскія лугі. Жывёльны свет — 37 відаў млекакормячых (звычайныя собаль, буры мядзведзь, каланок, гарнастай, ізюбр, паўн. алень) і 260 відаў птушак (шматлікія глушцы, курапаткі, ястрабы, рабчык, кедраўка, сойка; з рэдкіх відаў — скапа, арлан-белахвост).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКАЯ ГРАДА́,
паласа ўзгорыста-градавага рэльефу з азёрнымі катлавінамі ўздоўж паўд. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжаў Балтыйскага м. ад Даніі на З да р.Зах. Дзвіна на У (у межах Германіі, Польшчы, краін Балтыі і часткова Беларусі). Даўж. каля 1500 км, шыр. 80—90 км, выш. да 329 м (г. Вяжыца недалёка ад г. Гданьск, Польшча). Пашыраны канцова-марэнны рэльеф, озы, друмліны, азёры (найб. Мюрыц, Снярдвы, Мамры).
Утварылася ў час апошняга зледзянення плейстацэну. На Пд да Балтыйскай грады прымыкаюць зандравыя раўніны, падзеленыя далінамі рэк на Мекленбургскае, Паморскае і Мазурскае паазер’і. У Беларусі да Балтыйскай грады адносяць Браслаўскую граду і ўсх.ч.Латгальскага ўзвышша. Расліннасць — мяшаныя і хваёвыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́РЫ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ, бар’еры пашырэння,
любыя перашкоды (геагр., фіз., хім і біял. характару) на шляху пашырэння віду або згуртавання папуляцый жывёл і раслін. Напрыклад, моры, акіяны, горы з’яўляюцца геагр. перашкодамі на шляху пашырэння наземных (мацерыковых, астраўных) жывёл або раслін; лясы перашкаджаюць пашырэнню стэпаў; адсутнасць насякомых (апыляльнікаў) пашырэнню энтамафільных раслін і інш.
Бар’еры біягеаграфічныя — адна з гал. прычын узнікнення і існавання эндэмікаў (гл., напрыклад, Аўстралійская біягеаграфічная вобласць). Высокая ступень эндэмізму фауны воз. Байкал (80—100%) тлумачыцца працяглай адарванасцю (з трацічнага перыяду) гэтага возера ад інш. цэнтраў відаўтварэння. Гасп. дзейнасць чалавека садзейнічае ўтварэнню новых, відазмяняе або ўстараняе існуючыя бар’еры біягеаграфічныя і садзейнічае пашырэнню карысных і шкодных відаў жывых арганізмаў.