МІКРАНЕ́ЗІЯ,

адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі (каля 1500 дробных астравоў), у зах. ч. Ціхага ак., гал. ч. на Пн ад экватара. Уключае Марыянскія астравы, Каралінскія астравы, Маршалавы астравы, Гілберта астравы, а-вы Ошэн, Банаба, Науру і інш. Пл. 2,6 тыс. км². Нас. каля 500 тыс. ж. (1998). Карэннае нас. — мікранезійцы. Жывуць таксама амерыканцы, англічане, філіпінцы, кітайцы. Большая ч. а-воў — атолы, астатнія вулканічнага паходжання; самы буйны в-аў Гуам. На Марыянскіх а-вах ёсць дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 °C да 28 °C. Ападкі ад 2000 да 6000 мм выпадаюць раўнамерна на працягу ўсяго года. Частыя трапічныя цыклоны (раён Каралінскіх а-воў). Прыроднае покрыва на вулканічных астравах складаюць вечназялёныя трапічныя лясы, радзей — саванны. Расліннасць на каралавых астравах бедная. Буйныя млекакормячыя жывёлы на М. адсутнічаюць. Найбольш пашыраны пацукі, лятучыя мышы, розныя віды яшчарак, птушкі. Трапічнае земляробства; рыбалоўства. Плантацыі цукр. трыснягу, рысу. Радовішчы баксітаў, фасфарытаў (Каралінскія а-вы), здабыча фасфатаў (на в-ве Науру). На а-вах М. размешчаны дзяржавы: Маршалавы Астравы, Мікранезія (Федэратыўныя Штаты Мікранезіі), Науру, Палау, Паўночныя Марыянскія Астравы, асн. частка дзяржавы Кірыбаці (а-вы Гілберта), уладанне ЗША Гуам.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РМЫ МАРА́ЛЬНЫЯ,

формы маральнай свядомасці, а таксама прынцыпы, правілы маральных адносін і паводзін індывіда ў сферах грамадскай дзейнасці. Гэта спецыфічныя формы ўзгаднення свабоды (волевыяўлення) асобы з грамадскімі патрэбамі, інтарэсамі і воляй пэўных сац. супольнасцей (груп, слаёў, калектываў і інш.). Як форма маральнай свядомасці Н.м. праяўляюцца ў выглядзе маральных патрабаванняў, якія аднолькава датычаць усіх людзей і прадугледжваюць безумоўнае іх выкананне. Бываюць вусныя (не маюць устойлівага моўнага афармлення) і пісьмовыя, напр., «Дзесяць запаведзей» Бібліі («Шануй бацькоў сваіх», «Не забі», «Не ўкрадзі» і інш.), шматлікія «кодэксы гонару» (напр., афіцэрскія) і інш. Як прынцыпы маральных адносін Н.м. ўяўляюць правілы паводзін, якія пастаянна ўзнаўляюцца ў аднатыпных учынках людзей як маральны закон, звычай. Падпарадкаванне Н.м. асобнага чалавека заснавана на ўздзеянні грамадскай думкі, шматлікіх прыкладаў і інш. форм грамадскай волі, якія выяўляюцца ў норавах пэўнага грамадства, дысцыпліне. Н.м. класіфікуюць па аналогіі з нормамі сацыяльнымі.

Літ.:

Предмет и система этики. М.;

София, 1973;

Сорокин П.А. Нормативная ли наука этика и может ли она ею быть? // Этическая мысль, 1990. М., 1990;

Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян: Пер. с лат. М., 1994;

Зеленкова И.Л. Основы этики. Мн., 1998;

Основы этических знаний. СПб., 1998.

т. 11, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ З’Я́ВЫ,

сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівасцямі ўласцівасцей паверхняў, што падзяляюць датыкальныя целы (фазы). Адыгрываюць значную ролю ў прыродных працэсах (выветрыванне горных парод, атм. працэсы, глебаўтварэнне і інш.), у біялогіі (функцыянаванне клетачных мембран), у тэхніцы (трэнне, знос, змазачнае дзеянне і інш.).

Падзяляюцца на некалькі груп. Фізічныя П.з.: каалесцэнцыя, змочванне, адгезія, трэнне, капілярныя з’явы, звязаныя з лішкам свабоднай (гл. Паверхневае нацяжэнне) ці поўнай энергіі, энтрапіі або інш. тэрмадынамічных велічынь у паверхневым слоі. Вызначаюць форму кропель вадкасцей, газавых пузыроў, крышталёў у раўнаважным стане, умовы ўзнікнення зародкаў новай фазы. Хімічныя П.з. абумоўлены зменай хім. саставу паверхні ў выніку адсорбцыі. Уплываюць на мех. ўстойлівасць дысперсных сістэм (гл. Паверхнева-актыўныя рэчывы), ліяфільнасць рэчываў (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць), павышаюць хім. ўстойлівасць (напр., супраць карозіі). П.з., звязаныя з фіз.-хім. і структурнымі ўласцівасцямі паверхневых слаёў. Уплываюць на кінетыку гетэрагенных працэсаў (каталіз, гарэнне, фазавыя пераходы). Электрапаверхневыя з’явы: электракінетычныя з’явы, электронная эмісія, паверхневая праводнасць і інш. абумоўлены ўтварэннем падвойнага электрычнага слоя іонаў і ўзнікненнем скачкоў патэнцыялу на паверхні падзелу фаз. На выкарыстанні П.з. заснаваны шматлікія тэхнал. працэсы: флатацыя, фільтрацыя, мех. апрацоўка і ўшчыльненне матэрыялаў, хім. сінтэз з выкарыстаннем гетэрагенных каталізатараў і інш.

Г.​С.​Раманаў.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ПАРАЦІ, папарацепадобныя (Polypodiophyta),

аддзел вышэйшых споравых раслін. 3 кл.: поліпадыяпсіды, маратыяпсіды, вужоўнікавыя, ці офіягласапсіды; 300 родаў, каля 12 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Найб. колькасць відаў, якія адрозніваюцца паводле жыццёвых форм (наземныя, наскальныя, водныя П., эпіфіты, ліяны, дрэвападобныя П.) — у тропіках. На Беларусі 10 сям., 25 відаў. У Чырв. кнігу занесены 7 відаў П.: граздоўнікі віргінскі і рамонкалісты, касцянец пасценны, мнаганожка звычайная, пузырнік судэцкі, сальвінія плывучая, чыставуст каралеўскі.

Пераважна шматгадовыя, травяністыя або дрэвападобныя расліны з прыдаткавымі каранямі, сцёбламі і лісцем выш. ад некалькіх міліметраў да 25—30 м. Лісце (вайі) буйное, расчлененае, радзей суцэльнае, даўж. ад 2—4 мм да 30 м. Часта сумяшчае функцыі фотасінтэзу і споранашэння, у шэрагу П. яно дыферэнцыравана на стэрыльнае (фотасінтэзуючае) і са спарангіямі (фертыльнае), якія сабраны на ніжняй паверхні ліста. Са спор вырастае гаплоіднае палавое пакаленне — гаметафіт. Пасля апладнення, якое адбываецца пры наяўнасці вады, з зіготы ўтвараецца новы дыплоідны спарафіт. Вегетатыўнае размнажэнне — кавалкамі карэнішчаў, прыдаткавымі пупышкамі і інш. Адна з найб. стараж. груп вышэйшых раслін. Важны кампанент у наглебавым покрыве лясоў, вільготных лугоў і балот. Лек., харч., тэхн., дэкар. расліны.

Літ.:

Флора Европейской части СССР. Т. 1. Л., 1974;

Жизнь растений. Т. 4. М., 1978.

В.​В.​Маўрышчаў.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГРЭ́С у жывой прыродзе,

удасканаленне і ўскладненне арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца ў біялогіі ў некалькіх значэннях. Біялагічны П. (паводле А.М.Северцава, 1925) — вынік поспеху групы арганізмаў у барацьбе за існаванне, які характарызуецца павелічэннем колькасці асобін таксона, пашырэннем арэала і распадзеннем на падпарадкаваныя сістэм. групы. Морфафізіялагічны П. (арамарфоз) — эвалюцыя арганізмаў у кірунку ўскладнення і ўдасканалення іх арганізацыі. Характэрны для груп арганізмаў, якія вядуць найб. актыўны спосаб жыцця (у першую чаргу, членістаногія і пазваночныя). Біятэхнічны П. — адзін з аспектаў морфафізіял. П., ацэньваецца эфектыўнасцю, эканамічнасцю, ккдз жывых сістэм. Падзяляецца на неабмежаваны і абмежаваны (Дж.С.Хакслі).

Неабмежаваны П. ахоплівае эвалюцыю ад прасцейшых да разумнай істоты (чалавека); характарызуецца павышэннем узроўню кантролю арганізмаў над знешнім асяроддзем і павелічэннем незалежнасці іх унутр. асяроддзя ад вонкавых умоў. Абмежаваны П. меў месца ў большасці паслядоўных ліній (пакаленняў) арганізмаў, у якіх асаблівасці арганізацыі і прыстасавання перашкаджалі эвалюцыі ў кірунку неабмежаванага П. Па сутнасці ідэя неабмежаванага П. антрапацэнтрычная; проціпастаўленне неабмежаванага і абмежаванага П. ўмоўнае. Шэраг аспектаў праблемы П. ў біялогіі застаецца дыскусійным.

Літ.:

Северцов А.Н. Морфологические закономерности эволюции // Собр. соч. М.; Л., 1949. Т. 5;

Закономерности прогрессивной эволюции. Л., 1972.

т. 12, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОК-О́ПЕРА (ад англ. rock + опера),

сцэнічна-музычны жанр. Узнікла ў сярэдзіне 20 ст. ў ЗША і Вялікабрытаніі ў выніку спалучэння традыцый оперы і рок-музыкі на аснове форм, уласцівых для оперы-буф, аперэты, мюзікла, часткова джаза. Вытокамі лічаць оперу Дж.​Гершвіна «Поргі і Бес» (1935) і рэгтайм-оперы С.​Джопліна (пач. 20 ст). Далейшае развіццё набыла ў канцэптуальных альбомах некат. рок-груп 2-й пал. 1960-х г. («Муды Блюз», «Кінкс», «Бітлз)». Р.-о. папярэднічалі мюзіклы «Вестсайдская гісторыя» Л.​Бернстайна (1957), «Хэло, Долі!» Дж.​Германа (1964), «Валасы» Г.​Макдэрмата (1967), «Томі» П.​Таўшэнда (1970), «Годспел» С.​Шуарца (1971). Першы ўзор уласна Р.-о. — «Ісус Хрыстос» — суперзорка» Э.​Л.​Уэбера (паст. 1971, экранізацыя 1972), які мае ўсе прыкметы оперы, але вакальныя партыі пазначаны выразнай рокавай стылістыкай. Да твораў гэтага жанру належаць «Фантом у оперы» Уэбера і Ц.​Райса (1987), «Мурашнік» М.​Алашэўскага і М.​Скаларскага, «Naga» групы аўтараў. У СССР сярод першых Р.-о. — «Арфей і Эўрыдыка» А.​Журбіна (1975), «Зорка і смерць Хаакіна Мур’еты» (1976) і ««Юнона» і «Авось»» (1981) А.​Рыбнікава, «Стадыён» А.​Градскага (1982). На Беларусі да жанру Р.-о. можна аднесці «Курган» І.​Лучанка ў выкананні «Песняроў» (1977).

Дз.​А.​Падбярэзскі.

т. 13, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ВА ЛЯСО́Ў,

комплекс дзярж., гасп.-адм. і грамадскіх мерапрыемстваў па захаванні, аднаўленні і рацыянальным выкарыстанні лясоў; састаўная ч. аховы прыроды. Прадугледжвае заканадаўча абумоўлены рэгламент высечак лясоў розных катэгорый, аднаўленне лясоў, іх ахову ад пажараў, хвароб і шкоднікаў шляхам уключэння адпаведных палажэнняў у праекты леса- і землеўпарадкавання. На Беларусі ахова лясоў рэгулюецца нормамі ляснога заканадаўства, а таксама адпаведнымі палажэннямі агульнага прыродаахоўнага зямельнага, воднага і інш. раздзелаў заканадаўства. Дзярж. Ахову лясоў і агульны кантроль за ёю ажыццяўляюць Мін-ва лясной гаспадаркі і Мін-ва прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь з залучэннем грамадскасці. Ахова і абарона лясной расліннасці, якая не ўваходзіць у дзярж. лясны фонд, ускладаецца на землекарыстальнікаў. У мэтах аховы і рацыянальнага выкарыстання лясных рэсурсаў лясны фонд рэспублікі падзелены на 2 групы, для кожнай з якіх устаноўлены адпаведны рэжым карыстання. У адпаведнасці з пастановамі ўрада на тэр. Беларусі ў лясах 1-й і 2-й груп могуць быць вылучаны асобныя ўчасткі з гранічна абмежаваным рэжымам лесакарыстання. Ахова лясоў як экасістэмы ажыццяўляецца таксама ў запаведніках, нацыянальных парках, комплексных ландшафтных, спецыялізаваных біялагічных лясных і інш. заказніках, таксама як помнікаў прыроды рэсп. значэння (гл. Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі і аб’екты).

Літ.:

Основы природопользования. Мн., 1980;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

Т.​А.​Філюкова.

т. 2, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАЛАГІ́ЧНЫЯ ТЫ́ПЫ,

у расавай класіфікацыі — групы людзей з комплексам пэўных марфал. прыкмет (будова цела, шкілета, чэрапа, колер скуры, вачэй, валасоў і інш.); дробныя адзінкі адной расы. Антрапалагічныя тыпы фарміруюцца як спадчынныя асаблівасці, што склаліся пад уздзеяннем прыродных і сац. фактараў за многія пакаленні. Арэалы пашырэння антрапалагічных тыпаў звычайна не супадаюць з этнічнымі ці дзярж. межамі, бо не супадаюць час і заканамернасці фарміравання гэтых супольнасцяў. Да аднаго антрапалагічнага тыпу могуць належаць некалькі розных народаў (гэта сведчыць пра іх фарміраванне на генетычна роднаснай аснове) або адзін народ можа складацца з некалькіх антрапалагічных тыпаў з прычыны неаднароднасці яго паходжання. Адносная стабільнасць антрапалагічных тыпаў у часе і прасторы ўлічваецца пры вызначэнні генетычнай роднасці пэўных этнатэрытарыяльных груп або выяўленні напрамку і ступені іншароднай прымесі ў выніку гіст. перамяшчэнняў і скрыжаванняў розных плямёнаў і народаў. На тэр. Беларусі вылучаюць верхнедняпроўскі (паўн.) і палескі (паўд.) антрапалагічныя тыпы. Сярод першага тыпу часцей сустракаюцца людзі са светлымі адценнямі вачэй і валасоў, увагнутай спінкай носа, з больш высокім ростам. Акрамя таго, з ПдЗ на ПнУ Беларусі ў насельніцтва назіраецца невялікае паслабленне еўрапеоідных рыс: больш нізкая і шырокая пераносіца, змешаныя адценні колеру вачэй, менш густая барада. Асаблівасці будовы твару, цела, звязаныя з тэр. размеркаваннем, і інш. прыкметы дазваляюць аднесці беларусаў да ўсходнееўрап. варыянта (балтыйскага тыпу) еўрапеоіднай расы.

І.​І.​Салівон.

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫФАШЫ́СЦКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну,

падпольныя патрыятычныя арг-цыі, якія дзейнічалі пераважна ў зах. абласцях акупіраванай Беларусі. Узнікалі найчасцей па ініцыятыве і пад кіраўніцтвам б. членаў КПЗБ і КСМЗБ. Асновай антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі была ячэйка (група) з З—5 чал. на чале з сакратаром; 5—7 ячэек аб’ядноўваліся ў падраёны, 3—4 падраёны — у падп. раённую арг-цыю, якой кіраваў камітэт. На тэр. Беларусі дзейнічалі 2 абласныя (Беластоцкая і Брэсцкая), 3 акруговыя (Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая), 4 гарадскія (Беластоцкая, Брэсцкая, Гродзенская, Слонімская), 27 раённых антыфашысцкіх арганізацый, якія аб’ядноўвалі сотні груп, больш за 12 тыс. чал. Вакол іх групаваліся «сімпатыкі» (спачувальнікі), якія дапамагалі арганізоўваць барацьбу насельніцтва з акупантамі. Антыфашысцкія арганізацыі ўзаемадзейнічалі з партызанамі, дастаўлялі ім зброю, боепрыпасы, адзенне, медыкаменты, прадукты, здабывалі для іх разведінфармацыю, накіроўвалі да партызанаў мясц. жыхароў, вызваленых ваеннапалонных. Пасля стварэння падп. парт. органаў дзейнасць антыфашысцкіх арганізацый на Беларусі ўскладнілася, парт. к-ты часам вымушалі арг-цыі да самароспуску. Кіраўнікамі антыфаш. падполля былі І.П.Урбановіч, А.С.Азончык, М.Е.Крыштафовіч, Д.К.Сукачоў, Я.​М.​Афанасьеў, Б.​І.​Гардзейчык, А.​М.​Дурэйка, І.​І.​Жышко, А.​Ф.​Манкевіч, Ф.​З.​Місько, М.​А.​Несцярук, М.​І.​Паўлоўскі, М.​М.​Уладыка, М.​Ф.​Трында, В.​В.​Янушка і інш.

т. 1, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЬБА́,

від спорту, адзінаборства 2 спартсменаў паводле пэўных правілаў. Вядомая са старажытнасці ў многіх народаў. Існуюць шматлікія віды нац. барацьбы — азерб. гулеш, груз. гідаабан, тадж. гаўштан, узб. кураш, яп. джыу-джыцу, сумо і інш. На Беларусі былі пашыраны барацьба «да крыжа» і барацьба «на крыжы». Элементы некаторых відаў нац. барацьбы выкарыстаны ў сучаснай спарт. барацьбе. Найб. пашыраныя і прынятыя ў міжнар. спорце віды барацьбы: грэка-рымская (былая класічная), вольная, дзюдо, самба (гл. пра кожную асобны арт.). Яны з’яўляюцца алімпійскімі відамі спорту (акрамя самба), па іх праводзяцца сусв., еўрап. і рэгіянальныя першынствы. Удзельнічаюць мужчыны і жанчыны. Спаборніцтвы адбываюцца на спец. дыване (у дзюдо — татамі) пэўных памераў. Час паядынку абмежаваны, можа падзяляцца на некалькі перыядаў. Сутычкі праходзяць у «стойцы» або «партэры» (адзін з барцоў знаходзіцца на каленях, лежачы на грудзях ці на баку, на «мосце»). Спартсмены падзяляюцца паводле ўзроставых груп і вагавых катэгорый. У 1921 створана Міжнар. аматарская федэрацыя барацьбы (ФІЛА). На Беларусі першыя спаборніцтвы па барацьбе праведзены ў 1914 у Мінску т-вам «Санітас». У Мінску праходзілі чэмпіянаты свету і Еўропы па розных відах барацьбы, з 1970 праводзіцца буйны Міжнар. турнір па вольнай барацьбе на прызы А.В.Мядзведзя. У 1993 у Мінску створана добраахвотнае т-ва барцоў імя А.Караваева. Гл. таксама Адзінаборствы ўсходнія.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)