СЕБУ́ (Cebú),

востраў у цэнтр. ч. Філіпінскага архіпелага. Пл. 4,4 тыс. км² (з прылеглымі астравамі, што ўваходзяць у аднайм. правінцыю, каля 5,1 тыс. км²), даўж. каля 220 км. Рэльеф пераважна горны, выш. да 1073 м. Складзены ў асн. з дыярыту і крышт. сланцаў, перакрытых пясчанікамі, гліністымі сланцамі, вапнякамі. Уздоўж узбярэжжаў каралавыя рыфы. Клімат субэкватарыяльны. Аладкаў 1500 мм за год. У гарах цэнтр. ч. — вільготныя трапічныя лясы, па перыферыі — лугі. Трапічнае земляробства (вырошчванне кукурузы, цукр. трыснягу, рысу, тытуню, манга). Рыбалоўства. Порт — Себу.

т. 14, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Т’Е́РА ТЭМПЛА́ДА (ісп. tierra templada умераная зямля),

сярэдні вышынны ландшафтны пояс у гарах Цэнтр. Амерыкі і нізкіх шырот Паўд. Амерыкі. Размешчаны адпаведна на выш. 800—1700 м і 1000—2800 м. Характэрны стромкія схілы, вузкія цясніны. Клімат умерана цёплы. Сярэднямесячныя т-ры 17—24 °C. Значныя сутачныя ваганні т-р. На наветраных схілах ападкаў больш за 3000 мм за год, вечназялёныя лясы з папараццю, бамбукам, эпіфітамі; на падветраных схілах — лістападна-вечназялёныя лясы. У Т.т. асн. маса насельніцтва Калумбіі, Венесуэлы, Эквадора. Плантацыі кавы, кукурузы.

т. 15, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Т’Е́РА ФРЫ́Я (ісп. tierra fria халодная зямля),

верхні вышынны ландшафтны пояс у гарах Цэнтр. Амерыкі і нізкіх шырот Паўд. Амерыкі. Размешчаны адпаведна на выш. 1700—3000 м і 2200—3500 м. Пераважаюць стромкія схілы. Клімат умерана халодны. Сярэднямесячныя т-ры 11—18 °C. Ападкаў 700—800 мм на падветраных схілах, 1500—2000 мм за год на наветраных схілах. Вільготныя высакагорныя мяшаныя лясы з папараццю, бамбукам, эпіфітамі. З выш. 3000 м — нефелагілея. Т.ф. — гал. раён вырошчвання зернебабовых культур і бульбы; лугавыя пашы.

т. 15, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУРНЭ́ПС, кармавая рэпа (Brassica rapa rapa),

кветкавая расліна сям. крыжакветных; падвід рэпы. Як кармавая расліна культывуецца ў Еўропе (у т. л. на Беларусі), Паўн. Амерыцы і Аўстраліі.

Двухгадовая травяністая расліна. У 1-ы год развівае прыкаранёвую разетку лісця і караняплоды. на 2-і — сцёблы, суквецці і плады. Сцёблы выш. да 1 м. Лісце светла-зялёнае, апушанае. Кветкі жоўтыя. сабраныя ў суквецце шчыток. Плод — стручок. Форма караняплодаў падоўжаная, шарападобная, белага, фіялетавага ці жоўтага колеру. Мякаць белая ці жоўтая.

В.​М.​Прохараў.

Турнэпс.

т. 16, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́ТУЛЬНЫ ЛІСТ, тытул (ад лац. titulus надпіс, загаловак),

загаловачны ліст выдання (кнігі), на якім змяшчаюцца асноўныя (выхадныя) звесткі: загаловак, прозвішча аўтара, назва выдавецтва, год і месца выдання.

Бывае адзінарны (першая старонка кніжнага блока з адваротам), падвойны (з 4 старонак) разваротны або расхінны (левая частка яго наз. контртытулам, адваротная старонка контртытула — авантытулам). Паводле афармлення Т.л. бывае шрыфтавы, дэкаратыўна-шрыфтавы і сюжэтны. У папірусных і пергаментных скрутках ролю Т.л. выконваў ярлык з загалоўкам, прывязаны да скрутка шнурком. Першы поўны Т.л. з’явіўся ў 1476 (Венецыя).

т. 16, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭЛЕНО́МУСЫ (Telenomus),

род насякомых сям. сцэліянідаў атр. перапончатакрылых. 7 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. Паразітуюць у яйцах (яйцаеды) матылёў, клапоў, мух. Т. зграбнага (T. gracilis), роўнага (T. Iaeviusculus), шарнірнага (T. verticillatus) выкарыстоўваюць для барацьбы з хваёвым і кольчатым коканапрадамі.

Цела даўж. 0,7—1,5 мм, чорнае. Брушка з яйцакладам на канцы. Развіццё з поўным ператварэннем. За год да 10 пакаленняў. Зімуюць лічынкі ў яйцах гаспадара. Разводзяць і выкарыстоўваюць як рэгулятары колькасці шкодных насякомых, у т. л. сляпнёў, шкоднай чарапашкі.

Тэленомус зграбны.

т. 16, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКЛА́Д,

грашовыя сродкі, якія на пэўных умовах унесены ў банк ці інш. фін. ўстанову з мэтай захавання і атрымання даходаў у выглядзе працэнтаў. Існуюць У.: імянныя, на прад’яўніка (можа карыстацца асоба, якая мае дакумент аб укладзеных сродках), нумарны (гарантуе асобую канфідэнцыяльнасць). Адрозніваюць таксама У.: да запатрабавання (без пазначэння тэрміну захоўвання), тэрміновы (на пэўны тэрмін, звычайна не менш як на год), мэтавы — уносіцца з пэўнай мэтай (напр., для накаплення сродкаў на куплю дома); выйгрышны (даход выплачваецца ў форме выйгрышу па тыражах) і інш.

т. 16, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСХО́ДНІЯ КАРДЫЛЬЕ́РЫ А́НДАЎ (Cordilleras Orientales de los Andes),

хрыбты, якія ўтвараюць усх. краявыя ланцугі горнай сістэмы Андаў, пераважна ў Калумбіі і Эквадоры; у Перу і Балівіі прадстаўлены Субандыйскімі Кардыльерамі. Месцамі перавышаюць 5000 м (5897 м — вулкан Катапахі), найб. высокія вяршыні ўкрыты снегам; уздоўж разломаў дзеючыя і патухлыя вулканы. Усх. наветраныя схілы глыбока расчлянёныя рэкамі, моцна ўвільготнены (ападкаў да 4000—5000 мм за год), укрыты вечназялёнымі лясамі (горнай гілеяй); на паўн. і паўд. ускраінах і зах. схілах — лістападна-вечназялёныя лясы і рэдкалессі.

т. 16, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЦЮ́РТ,

сталовае плато ў межах Туранскай нізіны, ва Узбекістане і Казахстане. Размешчана паміж Аральскім м. і дэльтай Амудар’і на У, п-вам Мангышлак і б. зал. Кара-Багаз-Год на 3. Выш. да 370 м. Па краях — стромкія ўступы (чынкі) выш. 150 м і больш. Складзены пераважна з вапнякоў, мергелю, глін, пясчанікаў. Радовішчы нафты і газу. Карставыя формы рэльефу. Пакатыя ўвалы (Музбель, Карабаур і інш.) чаргуюцца з замкнёнымі паніжэннямі, масівамі пяскоў, саланчакамі. Пераважаюць гліністыя палыновыя і палынова-салянкавыя пустыні, якія выкарыстоўваюцца пад пашы.

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУ́ТА-ДЖАЛО́Н (Fouta-Djallon),

плато ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі. Уздымаецца прыступкамі ад 300 м каля раўнін і ўзбярэжжа Атлантычнага ак. да 1000 м і больш у цэнтр. ч. краіны. Найб. выш. 1537 м (г. Тамге). Складзена пераважна з пясчанікаў, пранізаных базальтамі, далерытамі і габра. Ападкаў да 1500 мм за год. На Ф.-Дж. бяруць пачатак рэкі Гамбія, Бафінг (верхняе цячэнне р. Сенегал) і інш. Ландшафты другасных саваннаў, участкі вільготных вечназялёных лясоў. Развіты земляробства (проса, рыс і інш.) і жывёлагадоўля.

т. 16, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)