ВІТРУ́ВІЙ (Vitruvius),

рымскі архітэктар і інжынер 2-й пал. 1 ст. да н.э. Аўтар «Дзесяці кніг пра архітэктуру» — першай буд.-тэхн. энцыклапедыі, што захавалася. Трактат Вітрувія істотна паўплываў на засваенне ант. спадчыны, фарміраванне эстэтыкі і тэорыі архітэктуры ў эпоху Адраджэння; у 19 ст. быў важным дапаможнікам для археолагаў, крыніцай звестак пра ант. помнікі, архітэктараў і іх тэарэт. працы. Ён сфармуляваў «тры законы» архітэктуры, т.зв. трыяду Вітрувія: трываласць, карысць, прыгажосць (firmitas, utilitas, venustas).

Вітрувій. Машыны для падняцця грузаў. Іл. да кнігі «Дзесяць кніг пра архітэктуру». Парыж. 1684.

т. 4, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕГЕ́ЛА Аляксандр Іванавіч (22.7.1891, г. Днепрапятроўск, Украіна — 11.8.1965),

расійскі архітэктар. Віцэ-прэзідэнт Акадэміі архітэктуры СССР (1950—53). Скончыў Ін-т цывільных інжынераў (1920) і АМ (1923) у Петраградзе. Яго творчасць склалася пад уплывам І.А.Фаміна. У 1920—30-я г. ўдзельнічаў у распрацоўцы новых тыпаў грамадскіх будынкаў — дамоў культуры, кінатэатраў і інш.: Палац культуры імя Горкага (1925—27) і кінатэатр «Гігант» (1934—36, з Д.​Крычэўскім), Выбаргскі дом культуры (1925—27, з Р.​Сіманавым), бальніца імя С.​П.​Боткіна (1927—38) у Ленінградзе.

Тв.:

Из творческого опыта. Л., 1962.

т. 5, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГАРО́ВІЧ-БА́РСКІ Іван Рыгоравіч (1713, Кіеў — 1785),

украінскі архітэктар. Вучыўся ў Кіева-Магілянскай акадэміі. Працаваў у традыц. прыёмах укр. барока, часам з выкарыстаннем элементаў ранняга рус. класіцызму. Пабудаваў у Кіеве: гар. водаправод на Падоле з павільёнам-фантанам «Феліцыян» (1748—49, не збярогся), цэрквы Пакроўскую (1766) і Ніколы Набярэжнага (1772—85), гасціны рад (1778), надбрамную званіцу ў Кірылаўскім манастыры (1748—60, не захавалася), а таксама магістрат у г. Казялец (каля 1756).

Літ.:

Заболотний В. Український архітектор XVIII століття Григорович-Барський // Українська література. 1942. № 5—6.

т. 5, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ГМАН Авель Пінхусавіч (12.4.1906, в. Людзяневічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 30.5.1958),

бел. архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1936). Працаваў у Мінску. У 1945—58 кіраўнік майстэрні ін-та «Белдзяржпраект», выкладчык Мінскага арх.-буд. тэхнікума. Сярод работ: гасцініца «Дняпро», жылыя дамы (1931—41, у сааўт.) у Магілёве; ін-т фізкультуры (1938, у сааўт.), жылыя дамы па праспекце Ф.​Скарыны (1948—51), будынкі інтэрната Мінскай вышэйшай парт. школы, «Белпрамсавета», «Прамэнергапраекта» (1953—55), тэхнал. ін-та (1956, у сааўт.) у Мінску. У 1937—41 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.

т. 3, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬБЕ́РЦІ (Alberti) Леон Батыста (18.2.1404, Генуя — 25.4.1472),

італьянскі вучоны, архітэктар, пісьменнік, музыкант; адзін з найб. значных гуманістаў эпохі Адраджэння. Атрымаў адукацыю ў Падуі, працаваў у Рыме і Фларэнцыі. Аўтар тэарэт. трактатаў, якія абагульнялі вопыт тагачаснага мастацтва і ўзбагачалі яго вынікамі навукі («Пра жывапіс», «Пра дойлідства», «Пра статую»). Пабудаваныя паводле яго праектаў цэрквы Сан-Франчэска ў Рыміні (1447—68), Сан-Себасцьяна (1460) і Сант-Андрэа (1472—94) у Мантуі былі вызначальным крокам у асваенні ант.

спадчыны архітэктуры ранняга Адраджэння.

Тв.:

Десять книг о зодчестве. Т. 1—2. М., 1935—37.

т. 1, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАМІ́НІ (Borromini),

Бараміна (Borromino; сапр. Кастэлі; Castelli) Франчэска (25.9.1599, Бісанэ, кантон Тэсін, Швейцарыя — 3.8.1667), італьянскі архітэктар. Прадстаўнік барока. Вучыўся ў Мілане. Пабудовы Бараміні характарызуюцца крывалінейнымі абрысамі аб’ёмаў, разнастайным спалучэннем выпуклых і ўвагнутых формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, выразным дынамізмам. Пабудаваў цэрквы Сан-Карла але Куатра Фантане (1634—67), Сант-Іва ала Сапіенца (1642—60) і Сант-Андрэа дэле Фратэ (1656; фасад — 1816), палацы Фальканьеры (1639—41) і Барберыні (1625—63; разам з К.​Мадэрна і Л.​Берніні, усе ў Рыме) і інш.

Ф.Бараміні. Царква Сант-Іва ала Сапіенца. 1642—60.

т. 2, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ШКІН Аляксей Мікалаевіч (24.12.1903, в. Аляксандраўка Харкаўскай вобл., Украіна — 1.10.1977),

расійскі архітэктар. Скончыў Харкаўскі буд. ін-т (1930). Выкладаў у Маскоўскім арх. ін-це (1947—77; праф. 1966). З 1934 удзельнічаў у праектаванні станцый метрапалітэна ў Маскве («Крапоткінская», 1935, з арх. Я.​Ліхтэнбергам; Дзярж. прэмія СССР 1941; «Аўтазаводская», 1940—43; Дзярж. прэмія СССР 1946, і інш.). Аўтар праектаў чыг. вакзалаў у Сімферопалі (1951), Сочы (1952) і інш., вышыннага будынка на Лермантаўскай пл. (1947—53, з Б.​Мезенцавым; Дзярж. прэмія СССР 1949) і універмага «Дзіцячы свет» (1953—57) у Маскве.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАФА́Н Барыс Міхайлавіч (28.4.1891, г. Адэса, Украіна — 10.3.1976),

расійскі архітэктар; прадстаўнік канструктывізму. Нар. арх. СССР (1970). Скончыў Вышэйшы ін-т прыгожых мастацтваў (1916) і Школу інжынераў (1919) у Рыме. З 1924 працаваў у Маскве: комплексы Нафтавага і Горнага ін-таў (1947—50), Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1972—81); кіраваў забудовай буйных жылых масіваў (Ізмайлава, Мар’іна Рошча; 1955—66), будаваў клінічны санаторый у Барвісе пад Масквой (1931—35). Аформіў павільёны СССР на Міжнар. выстаўках у Парыжы (1937, скульпт. В.​Мухіна; Дзярж. прэмія СССР 1941) і Нью-Йорку (1939, у сааўт.).

т. 7, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ДА Ірына Антонаўна (н. 5.10.1932, Мінск),

бел. архітэктар. Д-р архітэктуры (1987), праф. (1989). Скончыла БПІ (1959). Працавала ў праектных ін-тах, з 1981 у Бел. дзярж. н.-д. і праектным ін-це горадабудаўніцтва Дзяржбуда Беларусі, адначасова (з 1967) выкладчык БПА. Навук. працы па тэарэт. і метадалагічных асновах горадабудаўніцтва. Адзін з аўтараў ген. плана Мінска (1963), «Генеральнай схемы комплекснай тэрытарыяльнай арганізацыі БССР» (1987), праектаў планіроўкі і забудовы гарадоў Беларусі.

Тв.:

Основы градостроительства: Теория, методология. Мн., 1983;

Градостроительство Белоруссии. Мн., 1988 (у сааўт.).

С.​А.​Сергачоў.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКО́РЫНАЎ Аляксандр Піліпавіч (10.7.1726, г. Табольск, Расія — 21.3.1772),

рускі архітэктар. Вучыўся ў Табольску (з 1740), у Маскоўскай арх. школе Дз.​В.​Ухтамскага. З 1754 жыў у Пецярбургу, з 1761 дырэктар, з 1765 праф., з 1769 рэктар АМ. Раннія творы звязаны з архітэктурай барока (палац-сядзіба К.​Р.​Разумоўскага ў Пятроўска-Разумоўскім у Маскве, 1752—53, перабудавана), больш познія ў духу ранняга класіцызму (палац Разумоўскага, 1762—66, і Акадэмія мастацтваў, 1764—88, з Ж.Б.​М.​Вален-Дэламотам — у Пецярбургу). Творчая манера вылучаецца рацыянальнасцю, геам. строгасцю планаў, стрыманасцю дэкар. прыёмаў апрацоўкі фасадаў.

т. 7, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)