РЫ́МША (Андрэй) (каля 1550, в. Пенчын Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — пасля 1599),
бел.паэт. Заснавальнік панегірычнай паэзіі ў стараж.бел. л-ры. Паводле некат. звестак вучыўся ў Астрожскай школе на Валыні. З 1572 служыў у кн. Радзівілаў. Удзельнік ваен. паходаў. З 1582 жыў у маёнтку Дзявенішкі Ашмянскага пав., пасля быў падстаростам у мяст. Біржы. У 1581 выдаў у Астрогу на Валыні вершаваную «Храналогію» (фактычна памесячны каляндар) на бел. мове. Аўтар панегірычных вершаў на гербы магнатаў А.Валовіча (1585), Л.Сапегі (1588), Ф.Скуміна (1591), паэмы на польскай мове «Дзесяцігадовая аповесць пра ваенныя справы... Крыштофа Радзівіла...» (Вільня, 1585). Паэма — значная з’ява ў бел. паэзіі канца 16 ст. Яна сведчыць пра ўменне Р. ствараць буйнамаштабныя, складаныя па кампазіцыі творы. Пераклаў з лац. на польскую мову і выдаў твор А.Поляка «Хараграфія, або Тапаграфія... святой зямлі» (Вільня, 1595). На лац. мову вершы Р. пераклаў С.Рысінскі (у «Дзвюх кнігах пісьмаў Саламона Пантэра» 1587).
Тв.:
У кн.: Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры Мн., 1959. С. 327—330;
У кн.: Archiwum literackie. T. 16. Miscellanea staropolskie. 4. Wroclaw etc., 1972.
Літ.:
Порецкий Я. Неизвестные стихи Андрея Рымши // Нёман. 1969. № 2;
Кавалеў С.В. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст.Мн., 1993;
Sajkowski A. Od Sierotki do Rybenki: W kręgu radziwiłłowskicgo mecenatu. Poznań, 1965. S. 9—22.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСКРЫ́ПТЫ АЛЯКСА́НДРА II 1857па сялянскім пытанні ў Расійскай імперыі,
прадпісанні імператара Аляксандра II ген.-губернатарам аб утварэнні дваранскіх губ. к-таў па падрыхтоўцы праектаў сялянскай рэформы 1861. Вызначалі арганізац. структуру і гал. прынцыпы дзейнасці гэтых к-таў, якія распрацоўвалі асн. палажэнні адмены прыгоннага права. 2.12.1857 Аляксандр II падпісаў рэскрыпт на імя віленскага ген.-губернатара У.А.Назімава, згодна з якім у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губ. дазвалялася стварыць дваранскія к-ты з выбарных ад памешчыкаў кожнага павета і 2 памешчыкаў, прызначаных мясц. губернатарам, а потым агульную камісію ген.-губернатарства ў Вільні. 17.12.1857 такі ж рэскрыпт накіраваны пецярбургскаму ген.-губернатару графу П.М.Ігнацьеву. Гэтыя рэскрыпты — першыя афіц. апублікаваныя акты царскага ўрада пра ўмовы вызвалення сялян. На працягу 1858, паводле аналагічных рэскрыптаў, створаны дваранскія к-ты амаль ва ўсіх губернях Еўрап. Расіі. У адпаведнасці з іх праектамі за памешчыкамі захоўвалася права ўласнасці на ўсю зямлю панскіх маёнткаў, за сялянамі — права карыстання зямельнымі надзеламі, за якія яны па-ранейшаму былі абавязаны адбываць паншчыну або плаціць аброк. Памешчыкі таксама захоўвалі права паліцэйскага нагляду за прыгоннымі ў маёнтках. Пасля ўнясення выкупу за сядзібу (не пазней як праз 12 гадоў) сяляне станавіліся асабіста вольнымі. Абвяшчэнне рэскрыптаў прывяло да масавага абеззямельвання сялян памешчыкамі, узмацнення палярызацыі насельніцтва вёскі напярэдадні ліквідацыі прыгонніцтва.
Літ.:
Захарова Л.Г. Самодержавие и отмена крепостного права в России, 1856—1861. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ВІНКАЎ (Барыс Віктаравіч) (7.19.1879, г. Харкаў, Украіна —7.5.1925),
расійскі паліт. дзеяч, літаратар. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (выключаны за ўдзел у студэнцкіх выступленнях). З 1898 у с.-д. групе «Рабочы сцяг». У 1901 сасланы ў Волагду, адкуль уцёк за мяжу. У 1903 уступіў у партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў), нам. кіраўніка іх баявой арганізацыі. Удзельнічаў у забойствах міністра ўнутр. спраў В.К.Плеве (1904) і вял. князя Сяргея Аляксандравіча (1905). У 1906 арыштаваны і прыгавораны да смяротнага пакарання, але ўцёк за мяжу. Пад псеўданімам В.Ропшын выпусціў аповесць «Конь бледны» (1909) і раман «Тое, чаго не было» (1914), у якіх узняў маральна-этычныя праблемы, звязаныя з тэрорам. З крас. 1917 у Расіі, камісар Часовага ўрада. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у падрыхтоўцы контррэв. змоў. Разам з С.Н.Булак-Балаховічам у пач. 1920-х г. арганізаваў рэйды ваен. атрадаў у Сав. Беларусь з тэр. Польшчы. Свае ўражанні пра Беларусь адлюстраваў у аповесці «Конь вараны» (1923). У жн. 1924 нелегальна перабраўся ў СССР. Арыштаваны ў Мінску. Прыгавораны да пакарання смерцю, замененага 10 гадамі турэмнага зняволення. У пісьмах з турмы заклікаў сваіх паплечнікаў адмовіцца ад барацьбы супраць сав. улады. Паводлеафіц. версіі, скончыў самагубствам.
Тв.:
Воспоминания террориста;
Конь бледный;
Конь вороной. М., 1990.
Літ.:
История терроризма в России в документах, биографиях, исследованиях. 2 изд. Ростов н/Д, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САДО́ЎСКІ (сапр.Табілевіч) Мікалай Карпавіч
(18.3.1856, с. Каменна-Каставатае Брацкага р-на Мікалаеўскай вобл., Украіна — 7.2.1933),
украінскі акцёр, рэжысёр. Брат І.Карпенкі-Карага, П.Саксаганскага. У 1881 пачаў дзейнасць у прафес. т-ры; працаваў у трупах М.Крапіўніцкага, М.Старыцкага і інш. У 1888 узначаліў (з М.Занькавецкай) сваю трупу (у 1898 аб’ядналася з трупай Саксаганскага, у 1900 — Крапіўніцкага), якая стала адным з лепшых укр.тэатр. калектываў. У 1906 арганізаваў першы ўкр. стацыянарны прафес.т-р (працаваў у Палтаве, пасля да 1920 у Кіеве). У 1921—23 узначальваў прафес.т-р у Ужгарадзе. Некат. час жыў у Чэхіі. З 1926 на радзіме, гастраліраваў у розных тэатр. калектывах. Самабытны акцёр, сцэн. творчасць якога засн. на глыбокім веданні жыцця, побыту і гісторыі народа. Сярод роляў: Багдан Хмяльніцкі, Тарас Бульба (аднайм. драмы Старыцкага), Гнат, Тарас, Апанас, Мартын Баруля, Сава («Абяздоленая», «Бандароўна», «Бурлака», «Мартын Баруля», «Сава Чалы» Карпенкі-Карага), Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Старшына («Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Камандор («Каменны гаспадар» Л.Украінкі). Ставіў п’есы Б.Грынчанкі, Л.Яноўскай, Л.Украінкі, С.Васільчанкі, Гогаля, А.Астроўскага, Л.Талстога, оперы М.Лысенкі, Р.Казачэнкі, Дз.Січынскага, С.Манюшкі, Б.Сметаны і інш. Аўтар лібрэта да оперы Лысенкі «Энеіда» (паводле І.Катлярэўскага), мемуараў «Успаміны з руска-турэцкай вайны» (1917), «Мае тэатральныя ўспаміны» (1907—29).
Літ.:
Василько В.С. Микола Садовський та його театр. Київ, 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НІЯ-А́НГАЛЬТ (Sachsen-Anhalt),
зямля (адм. адзінка) на У Германіі. Пл. 20,4 тыс.км². Нас. каля 2,9 млн.чал. (2000). Адм. ц. — г.Магдэбург, найб. гарады Гале, Дэсаў, Вітэнберг. Пераважае нізінны і раўнінны рэльеф Паўн.-Германскай нізіны. На ПдЗ горы Гарц (выш. да 1141 м). Клімат умераны, пераходны да кантынентальнага. Т-ры паветра ў студз. каля 0 °C, у ліп. каля 18 °C. Ападкаў 700—800 мм за год. Захаваліся ўчасткі лясоў (хвоя, бук, дуб). Здабыча бурага вугалю, калійных солей, меднай руды, прыроднага газу. Гал. галіны прам-сці: электраэнергетыка (буйныя ЦЭС), хім. (Лейна, Бітэрфельд, Вольфен), машынабудаванне (Магдэбург, Гале), чорная металургія (у гарах Гарц), электратэхніка (Гале) і інш. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне збожжа, цукр. буракоў, бульбы, агародніны. Жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., унутраны водны, у т. л. Сярэднегерманскі канал. Турызм (асабліва ў гарах Гарц).
Да 1945 частка гіст. вобласці Саксонія. У канцы 2-й сусв. вайны занята амер. і брыт. (да 1.7.1945), потым сав.акупац. войскамі. У ліп. 1945 паводле рашэння Сав.ваен. адміністрацыі ў Германіі тут утворана прав. Саксонія (з 1946 наз. С.-А.). З кастр. 1949 зямля ў складзе Герм.Дэмакр. Рэспублікі (ГДР). У ліп. 1952 падзелена на акругі Магдэбург і Гале, частка тэр. далучана да акруг Лейпцыг і Котбус. З кастр. 1990 у складзе аб’яднанай Германіі (ФРГ), адна з яе новаўтвораных (усх.) зямель [увайшлі б. акругі ГДР Магдэбург, Гале (б.ч.), Котбус (частка)].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАТЭ́ВІЧЫ, Самацеевічы,
б. вёска, цэнтр сельсавета і калгаса (да вер. 1991) у Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., на аўтадарозе Касцюковічы—Красная Гара. За 30 км на ПдЗ ад Касцюковіч, 33 км ад чыг. ст. Камунары. Паводле пісьмовых крыніц вядома з 1585 як сяло Крычаўскай вол. і староства Мсціслаўскага ваяв.ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1795 сяло Чэрыкаўскага пав. Магілёўскай губ., 220 ж., 46 двароў. У 1842 пабудавана Троіцкая царква, у 1864 адкрыта нар. вучылішча. З 1867 праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1888 мяст. С. (яно ж Дзімітраўск) — уласнасць Дз.С.Галынскага; цэнтр воласці, 744 ж., 97 двароў, валасное праўленне, царква, касцёл, школа, бальніца, вятрак, заезны двор, вінакурны завод, 6 крам, Гайдукоўскае паштовае аддзяленне. З 20.8.1924 цэнтр сельсавета Касцюковіцкага р-на Калінінскай акр., з 20.2.1938 — Магілёўскай вобл. У Вял.Айч. вайну ў снеж. 1942 ням. фашысты загубілі 283 жыхары і ў 1943 часткова спалілі вёску. Вёска С. — радзіма нар. паэта Беларусі А.Куляшова, дзе ў 1984 быў адкрыты літ. музей паэта. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС (26.4.1986) жыхары вёскі ў 1991 сселены ў пабудаваны пасёлак у Бялынкавіцкім с/с, які атрымаў назву Новыя Саматэвічы. Новыя С. — цэнтр калгаса. За 7 км на ПдУ ад г. Касцюковічы, 10 км ад чыг. ст. Камунары, 167 км ад Магілёва. 890 ж., 330 двароў (2001). Філіял жыллёва-камунальнага камбіната. Сярэдняя школа, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САРДЗІ́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
дзяржава ў Італіі ў 1720—1861. Утварылася ў выніку далучэння в-ва Сардзінія да Савойскага герцагства, герцагі якога прынялі тытул сардзінскіх каралёў (гл.Савойская дынастыя). Сталіца — г.Турын, тэр. ядро — вобласць П’емонт, назва якой стала неафіц. назвай усяго каралеўства. З 1792 С.к. ўдзельнічала ў антыфранц. кааліцыі. У 1792 Францыя акупіравала і анексіравала прыналежныя С.к. вобласць Савоя і г. Ніца з наваколлем, у 1798 — П’емонт. Улада Савойскай дынастыі захавалася толькі на Сардзініі. Паводле рашэння Венскага кангрэса 1814—15 С.к. адноўлена ў ранейшых межах і да яго далучана вобласць Лігурыя з г.Генуя. У 1821 аўстр. войскі задушылі ў П’емонце ўзначаленую карбанарыямі антыабсалютысцкую рэвалюцыю. У 1840-я г. ў выніку прамысл. перавароту С.к. ператварылася ў эканам. развітую дзяржаву, якая праводзіла незалежную знешнюю палітыку, была адным з цэнтраў барацьбы за вызваленне і аб’яднанне Італіі (рысарджымента). У рэвалюцыю 1848—49 у Італіі ў С.к. ў сак. 1848 абвешчана ліберальная канстытуцыя. Італьян. войскі пацярпелі паражэнне ў аўстра-італьянскай вайне 1848—49, у час якой спрабавалі вызваліць ад аўстр. панавання Ламбардыю і Венецыю. С.к. ўдзельнічала на баку антырас. кааліцыі ў Крымскай вайне 1853—56. У выніку аўстра-італа-французскай вайны 1859 і рэвалюцыі 1859—60 у Італіі да С.к. далучана амаль уся тэр. Італіі, акрамя Рымскай і Венецыянскай абласцей. 17.3.1861 замест С.к. абвешчана Італьян. каралеўства на чале з апошнім сардзінскім каралём Віктарам Эмануілам II.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФО́КЛ (Sophoklēs; каля 496 да н.э., Калон, каля Афін — 406 да н.э.),
старажытнагрэчаскі драматург. Займаў важныя дзярж. пасады, прымыкаў да групоўкі Перыкла. Паводлеант. крыніц, аўтар 123 драм. твораў (каля 90 трагедый і каля 25 сатыраўскіх драм). Перамагаў у шматлікіх (да 24) спаборніцтвах трагічных паэтаў. Цалкам зберагліся 7 трагедый: «Аякс» (да 422), «Антыгона» (каля 441), «Трахінянкі», «Эдып-цар» (каля 425), «Электра», «Філактэт» (паст. 409), «Эдып у Калоне» (паст. 401); часткова — сатыраўская драма «Следапыты» (апубл. 1912) і каля 1100 фрагментаў інш. твораў. Тэматыка твораў С. засн. на вядомых цыклах стараж.-грэч. міфаў: траянскага, фіванскага, міфаў пра атрыдаў і Геракла. У трагедыях дамінуе герой, які ў поўнай меры адказвае за свае паводзіны; канфлікт трагедый вынікае з яго характару, прынятых ім рашэнняў і зробленых учынкаў; ход падзей залежыць ад гэтага, а не ад знешніх абставін. У пакутах герояў С. бачыў не толькі здзяйсненне боскай кары, але і крыніцу маральнага ачышчэння, верыў у магчымасць боскай справядлівасці. С. — рэфарматар стараж.-грэч. трагедыі: увёў на сцэну трэцяга акцёра, павялічыў склад хору (ад 12 да 15), узмацніў у ім ролю карыфея. Трагедыі С. (найперш «Эдып-цар» і «Антыгона») і сёння ўваходзяць у рэпертуар т-раў свету. На бел. мову яго трагедыі пераклаў Ю.Дрэйзін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЮ́З КАМУНІ́СТАЎ,
першая міжнар.камуніст.арг-цыя, якая нелегальна існавала ў сярэдзіне 19 ст.; папярэднік Інтэрнацыянала 1-га. Засн. ў Лондане 2—9.6.1847 Ф.Энгельсам, В.Вольфам і інш. на кангрэсе «Саюза справядлівых», рэарганізаванага ў С.к. Стаў цэнтрам прапаганды марксізму, барацьбы К.Маркса і Энгельса супраць утапічнага сацыялізму і сектанцтва (выключаны прыхільнікі В.Вейтлінга). Паводле статута (прыняты на 2-м кангрэсе ў Лондане 29.11—8.12.1847) гал. мэта саюза — звяржэнне панавання буржуазіі, усталяванне ўлады пралетарыяту, заснаванне грамадства без класаў і прыватнай уласнасці. Дэвіз арг-цыі — прапанаваны Марксам заклік «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» (замест б. дэвіза «Саюза справядлівых» «Усе людзі — браты!»), праграма — «Маніфест Камуністычнай партыі», напісаны Марксам і Энгельсам у пач. 1848.
Будаваўся на прынцыпах выбарнасці кіраўнікоў у спалучэнні з цэнтралізмам. Пярвічныя арг-цыі (абшчыны) аб’ядноўваліся ў акругі на чале з акруговымі к-тамі. Вярх. орган — кангрэс, паміж кангрэсамі выканаўчую ўладу ажыццяўляў ЦК. Налічваў каля 400 чл., пераважна ням. рабочых-эмігрантаў. Апіраўся на легальныя рабочыя т-вы і асацыяцыі ў Бруселі, Лондане, Парыжы, Германіі і Швейцарыі. Кантактаваў з англ. чартыстамі (гл. Чартызм) і франц. бланкістамі (гл. ў арт. Бланкі Л.А.). Яго члены ўдзельнічалі ў агульнаеўрап. рэвалюцыі 1848—49. Распушчаны згодна з прапановай Маркса пасля інспіраванага прускімі ўладамі працэсу супраць камуністаў у г. Кёльн (Германія, 1852).
Літ.:
Союз коммунистов — предшественник I Интернационала. М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНО́Д (ад грэч. synodos сход),
сход вышэйшых духоўных асоб у хрысц. царкве. У 1721—1917 Свяцейшы Усерас. С. — вышэйшы орган кіравання ў Рускай праваслаўнай царкве (РПЦ). Усталяваны вярх. самадзярж. уладай замест скасаванага патрыяршаства, падпарадкоўваўся імператару. Паводле рэгламенту, у склад С. ўваходзіла 12 іерархаў царквы. Дзярж. нагляд над С. ажыццяўляў свецкі чыноўнік, прызначаны імператарам, — обер-пракурор. Праз яго падтрымліваліся ўсе сувязі С. з дзярж. органамі. Пасля аднаўлення патрыяршаства (1917) С. у РПЦ дзейнічае як царк. дарадчы орган пры патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі. У наш час у склад С. ўваходзяць пастаянныя члены: мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Украіны, мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт санкт-пецярбургскі і ладажскі, мітрапаліт круціцкі і каломенскі, старшыня аддзела знешніх царк. зносін, кіраўнік спраў Маскоўскай патрыярхіі; і часовыя члены — епархіяльныя архірэі, якія па чарзе ўдзельнічаюць у рабоце С. На Беларусі з усталяваннем у 1989 Бел. экзархата дзейнічае Сінод Беларускай праваслаўнай царквы. У інш.правасл. цэрквах таксама існуюць С. з рознымі функцыямі. У каталіцкай царкве з 1960-х г. дзейнічае С. біскупаў як орган пры папе рымскім. С. на чале з патрыярхамі ёсць і ў некат. усх. цэрквах ва уніі з Ватыканам — копцкага, халдзейскага і інш. абрадаў. У пратэстантызме С. — сход духоўных і свецкіх асоб, які перыядычна склікаецца для прыняцця рашэнняў па рэліг. справах.