АБЛАМЕ́ЙКА (Сяргей Уладзіміравіч) (н. 24.9.1956, г.п. Воранава Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1992). Скончыў БДУ (1978). З 1978 у Ін-це тэхн. кібернетыкі АН Беларусі, адначасова з 1987 у БДУ. Навук. працы па штучным інтэлекце, апрацоўцы відарысаў і распазнаванні вобразаў, сістэмах машыннага зроку.

Тв.:

Обработка и отображение информации в растровых графических системах. Мн., 1989 (у сааўт.).

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВА́НС (франц. avance),

грашовая сума або маёмасная каштоўнасць, якая выдаецца папярэдне ў лік будучых плацяжоў за прадукцыю, работу ці паслугі. Аванс атрымліваюць работнікі як частку заработнай платы, на камандзіровачныя ці гасп. затраты. Аванс могуць атрымліваць прадпрыемствы, установы, прадпрымальнікі пры заключэнні дагавораў і камерцыйных здзелак (у гэтым выпадку аванс можа пераводзіцца і па безнаяўным разліку). У выпадку невыканання дагавора, паводле якога выдадзены аванс, ён павінен быць вернуты.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАРЫ́ЙНЫ ВЫ́КІД у экалогіі,

ненаўмысны выкід забруджвальных рэчываў у прыроднае асяроддзе пры аварыях на прамысл. прадпрыемствах, ачышчальных збудаваннях і інш. тэхн. сістэмах. Па характары блізкі да залпавага выкіду. Можа ствараць небяспечныя рэгіянальныя экалагічныя сітуацыі (катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, аварыі трубаправодаў, буйных нафтаналіўных танкераў), часцей выклікае лакальнае забруджванне. Вынікам аварыйнага выкіду з Чарнобыльскай АЭС было суцэльнае і плямістае забруджванне земляў Беларусі, Украіны і далёкіх тэрыторый.

т. 1, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ГА (Bufo marinus),

рапуха атр. бясхвостых. Сустракаецца ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы.

Даўж. цела да 25 см. Па баках галавы вял. калявушныя залозы (паратыды). Мае найб. развітыя сярод земнаводных лёгкія. Актыўная ноччу. Самка адкладвае да 35 тыс. ікрынак. Вельмі пражэрлівая: корміцца насякомымі, малюскамі і інш. дробнымі жывёламі. Разводзяць для знішчэння шкоднікаў на плантацыях цукр. трыснягу. Атрутнымі выдзяленнямі скурных залоз ага змазваюць наканечнікі стрэл.

Ага.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТРАПЛА́СТЫКА (ад грэч. arthron сустаў + пластыка),

аперацыі па аднаўленні функцый сустава пры анкілозах, артрозах, няправільным зрастанні ўнутрысустаўных пераломаў. Асн. этапы: раз’яднанне сустаўных канцоў, мадэляванне новых сустаўных паверхняў і размяшчэнне паміж імі пракладак са скуры або фасцый хворага. Выкарыстоўваюць таксама каўпачкі з храсткоў або плодных абалонак, кансерваваныя канцы касцявых суставаў, штучныя метал. або пластмасавыя суставы ці галоўкі суставаў. Пасля артпластыкі патрабуецца працяглае функцыянальнае лячэнне, фізіятэрапія, масаж.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІМЕ́ДА ЗАКО́Н,

асноўны закон гідрастатыкі і аэрастатыкі, паводле якога на кожнае цела, апушчанае ў вадкасць (газ), дзейнічае выштурхная сіла, накіраваная ўверх, роўная па модулі вазе выціснутай гэтым целам вадкасці (газу) і прыкладзеная да цэнтра цяжару апушчанай у вадкасць (газ) часткі цела. Адкрыты ў 3 ст. да н.э. Архімедам. Архімеда закон — аснова тэорыі і практыкі плавання целаў. З яго ўлікам будуюцца аэрастаты, дырыжаблі, падводныя лодкі і інш.

т. 1, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІМЕ́ДАЎ ВІНТ,

водападымальная машына, вынайдзеная Архімедам у 3 ст. да н.э. Уяўляе сабой вал з вінтавой паверхняй, устаноўлены ў нахіленай трубе, ніжні канец якой апушчаны ў ваду. Пры вярчэнні (напр., ад ветравога кола ці інш. рухавіка) вінтавая паверхня вала перамяшчае ваду ўверх па трубе (на вышыню да 3—4 м).

Выкарыстанне архімедавага вінта для перамяшчэння вады: 1 — труба; 2 — архімедаў вінт; 3 — ветравы рухавік.

т. 1, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЦЕ́М’ЕЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 5.7.1928, в. Залацькова Вярэйскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1979), праф. (1980). Скончыў Маскоўскі ін-т нар. гаспадаркі (1953). У 1953—58 у мін-вах гандлю і дзярж. кантролю БССР. З 1961 у Ін-це эканомікі АН Беларусі, з 1962 у Бел. дзярж. эканам. ун-це. Навук. працы па сац.-эканам. праблемах грамадскага харчавання.

т. 1, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЫФМЕТЫ́ЧНАЯ ПРАГРЭ́СІЯ,

паслядоўнасць лікаў (a1, a2, ..., an, ...), кожны наступны з якіх атрымліваецца з папярэдняга дадаваннем пастаяннага ліку d (рознасць арыфметычнай прагрэсіі). Напрыклад, 2, 5, 8, 11, ..., d = 3. Калі d>0 (d<0), то арыфметычная прагрэсія нарастальная (спадальная). Любы член арыфметычнай прагрэсіі вылічваецца па формуле an = a1 + d(n−1) ; сума Sn першых n членаў — Sn = n ( a1 + an ) / 2 .

т. 2, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАБІ́СТЫЯ НЕМАЁМАСНЫЯ ПРАВЫ́,

суб’ектыўныя правы грамадзян, якія не маюць матэрыяльнага зместу і неаддзельныя ад асобы чалавека. Адрозніваюць 2 іх разнавіднасці: звязаныя з маёмаснымі правамі (напр., прадукцыя інтэлектуальнай творчасці, якая пры пэўных абставінах можа пераходзіць да іншых асоб па дагаворы з аўтарам, у парадку атрымання ў спадчыну; гл. Аўтарскае права, Спадчыннае права) і не звязаныя (іх адчужэнне ад асобы немагчымае, напрыклад, права на імя, гонар, годнасць).

т. 2, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)