ПРА́ЖСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура ранняга сярэднявечча (5—7 ст.) на тэр. Еўропы, абмежаванай з У Дняпром, з З Эльбай, з Пд Дунаем, з Пн Прыпяццю. У самаст. культуру вылучана ў 1940-я г. чэшскім археолагам І.​Баркоўскім пад назвай «кераміка пражскага тыпу». Помнікі П.к. належалі раннім славянам. Вядома больш за 600 яе паселішчаў і могільнікаў. Прадстаўлена пераважна неўмацаванымі селішчамі, часам гарадзішчамі. У міжрэччы Дняпра і Віслы асн. тыпам жылля была квадратная ў плане паўзямлянка пл. 6—20 м² зрубнай ці слупавой канструкцыі з печчу-каменкай у адным з кутоў. На зах. Валыні паўзямлянкі мелі глінабітныя печы, у Беларускім Палессі — агмені, складзеныя з камянёў, металургічнага шлаку і кавалкаў балотнай руды (Петрыкаў, Кажан-Гарадок, Камень, Востраў), або печы, складзеныя з дробных камянёў і гліны (Струга 1-я, Ліпляны). Пахавальныя помнікі П.к. — грунтавыя могільнікі, часам курганы з абрадам трупаспалення па-за магіламі. Рэчавы матэрыял складаецца з керамікі, вырабаў з металу, шкла, косці і каменю. Адметная рыса культуры — высокія гаршкі з усечана-канічным тулавам, крыху звужаным горлам і кароткаю шыйкай. На тэр. Усх. Еўропы вылучаюць карчакскі варыянт П.к. Наконт генезісу П.к. адзінай думкі няма. Існуюць меркаванні аб значнай ролі ў яе фарміраванні кіеўскай культуры, пшэворскай культуры верхнеднястроўскага варыянта і чарняхоўскай культуры. У Бел. Палессі пахаванні паводле абраду трупаспалення ў грунтавых ямах даследаваліся каля в. Хорск, Снядзін і Хотамель.

В.​С.​Вяргей.

т. 12, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ГКАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

раздзел механікі суцэльных асяроддзяў, у якім вывучаюцца перамяшчэнні, дэфармацыі і напружанні, што ўзнікаюць у пругкіх целах пад уздзеяннем нагрузкі. З’яўляецца навук. асновай разлікаў на трываласць, дэфармавальнасць і ўстойлівасць машын, канструкцый, збудаванняў, іх элементаў, геал. структур, частак жывых арганізмаў і інш., што знаходзяцца пад уздзеяннем сіл, т-р, радыеактыўных апрамяненняў і г.д.

Метадамі П.т. вызначаюць: дапушчальныя нагрузкі, пры якіх у аб’екце не ўзнікаюць небяспечныя напружанні ці перамяшчэнні; найб. мэтазгодныя канфігурацыі і памеры збудаванняў і іх дэталей; перагрузкі, што ўзнікаюць пры дынамічных уздзеяннях; амплітуды і частоты ваганняў канструкцый і іх частак, а таксама дынамічныя напружанні, якія ўзнікаюць у іх; сілавыя нагрузкі, пры якіх аб’ект траціць устойлівасць. Гэтыя разлікі выкарыстоўваюцца таксама для вызначэння матэрыялаў, найб. прыдатных для вырабу запраектаванага аб’екта, або матэрыялаў, якімі можна замяніць пэўныя часткі арганізма (касцявыя тканкі, крывяносныя сасуды і інш). Асн. закон П.т. — абагульнены Гука закон, паводле якога напружанні механічныя лінейна залежаць ад дэфармацый. Пругкія ўласцівасці (пругкасць) цел характарызуюцца модулямі пругкасці. Эксперым. метады П.т. (палярызацыйна-аптычны метад даследавання, метады шматпунктавага тэнзаметрыравання, муараў і інш.) дазваляюць у некаторых выпадках непасрэдна вызначаць размеркаванне напружанняў і дэфармацый у доследным аб’екце.

Літ.:

Тимошенко С.П., Гудьер Дж. Теория упругости: Пер. с англ. 2 изд. М., 1979;

Хан Х. Теория упругости: Основы линейной теории и ее применения: Пер. с нем. М., 1988;

Сопротивление материалов с основами теории упругости и пластичности. М., 1995.

І.​І.​Леановіч.

т. 13, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРОДАКАРЫСТА́ННЕ,

сукупнасць усіх форм і відаў выкарыстання прыродных рэсурсаў, уздзеяння чалавецтва на геаграфічную абалонку Зямлі і мерапрыемстваў па захаванні прыродна-рэсурснага патэнцыялу ў грамадскай вытворчасці. Паводле накіраванасці і эфектыўнасці ўздзеяння на прыроду П. падзяляюць на рацыянальнае і нерацыянальнае. Рацыянальнае П. забяспечвае эканомную эксплуатацыю прыродных рэсурсаў і ўмоў, раўнавагу паміж эканам. развіццём грамадства і ўстойлівасцю навакольнага асяроддзя, захаванне здароўя людзей, ахову і ўзнаўленне эстэт. уласцівасцей ландшафтаў, урадлівасці глебы, чысціні паверхневых і падземных вод, расліннага покрыва, жывёльнага свету і інш. Нерацыянальнае П. выклікае зніжэнне якасці і спусташэнне прыродных рэсурсаў, узнаўленчых сіл прыроды, пагаршэнне і забруджванне навакольнага асяроддзя. Бывае таксама інтэнсіўнае П. — эксплуатацыя прыродных рэсурсаў з хуткасцю, блізкай да хуткасці іх самааднаўлення (для аднаўляльных рэсурсаў), або эксплуатацыя значнай ч. агульнага запасу неаднаўляльных рэсурсаў; і экстэнсіўнае П., калі аднаўляльныя прыродныя рэсурсы выкарыстоўваюцца з хуткасцю значна меншай, чым хуткасць іх самааднаўлення, а неаднаўляльныя — выкарыстоўваюцца ў нязначнай ч. ад іх агульнага запасу. Таксама П. — комплексны навуковы кірунак, які вывучае агульныя прынцыпы рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў грамадствам, узаемаадносіны паміж прыроднымі рэсурсамі і ўмовамі жыцця і дзейнасці чалавека, аптымізацыю гэтых адносін і мерапрыемствы па захаванні і ўзнаўленні асяроддзя жыцця. П. ўключае элементы прыродазнаўчых, грамадскіх і тэхн. навук, дзе гал. значэнне мае аналіз антрапагенных уздзеянняў на прыроду з пункту гледжання захавання прыроды і здароўя людзей. Гл. таксама Прыродаахоўныя нормы, Прыродных рэсурсаў кадастр.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРУЧЭ́ННЕ ЖЫВЁЛ.

адамашніванне жывёл, працяглы працэс пераўтварэння дзікіх жывёл у свойскіх, якіх расплоджваюць для задавальнення патрэб чалавека; першы этап узнікнення жывёлагадоўлі. Пад уплывам П.ж. і штучнага адбору жывёлы паступова страчваюць некат. рэфлексы, змяняюцца іх паводзіны, унутр. і знешняя будова. У параўнанні з дзікімі жывёламі, у свойскіх больш лёгкі шкілет, менш трывалыя косці, больш тонкая скура, знікла ахоўная афарбоўка, менш развіты галаўны мозг, органы пачуццяў, лёгкія, сэрца, ныркі. Лепш функцыянуюць млечныя залозы, органы размнажэння (свойскія жывёлы больш пладавітыя), у многіх знікла сезоннасць у расплоджванні.

Паводле звестак археалогіі, раней за інш. былі прыручаны сабака (каля 20—50 тыс. г. да н.э.), свіння, авечка, каза, буйн. раг. жывёла (8—3 тыс. г. да н.э.), пазней конь. Найб. буйныя ачагі П.ж. — Блізкі і Пярэдні Усход (Паўд. Турцыя, Палесціна, Ірак, Іран, Сярэдняя Азія), пазней раёны стараж. культур у бас. рэк. Ніл, Тыгр, Еўфрат, Ганг, Інд, Амудар’я і інш. Працэс П.ж. не спыняецца, працягваюцца спробы па прыручэнні і развядзенні ў няволі аленяў, ласёў, маралаў, антылоп, пушных звяроў, рэптылій (змей, кракадзілаў), амфібій і інш. Асаблівае значэнне набывае развядзенне ў няволі (зоакультура) жывёл, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння з мэтай узнаўлення іх колькасці ў прыродзе; драпежных і паразітычных беспазваночных для барацьбы са шкоднікамі; насякомых-апыляльнікаў, глебавых арганізмаў, гідрабіёнтаў-фільтрантаў для выкарыстання ў біягеацэналагічнай меліярацыі і ахове прыроды.

Т.​Я.​Паўлюшчык.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯТРУ́ЛЬ (Людміла Іванаўна) (н. 15.9.1947, в. Мацвееўцы Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак, педагог. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). У 1971—73 мастак-афарміцель тканін Баранавіцкага баваўнянага камбіната, з 1976 мастак-афарміцель Дома літаратара ў Мінску. З 1980 выкладчык дзіцячых маст. школ у Мінску, у 1989—95 адначасова выкладала ў Бел. АМ. Працуе ў дэкар.-прыкладным мастацтве (габелен, батык), графіцы. Творчасці ўласцівы канструктыўна-асацыятыўны падыход да вырашэння тэмы, выкарыстанне традыцый бел. нар. мастацтва, фальклорных і літ. матываў, яркая індывідуальнасць тэхнік ткацтва, гарманічная ўраўнаважанасць кампазіцыі і каларыту. Аўтар габеленаў: «Хлеб» і «Лён» для Дома культуры ў в. Перхавічы Баранавіцкага р-на (1973—74), «Хатынь» (1975), «Лучынка», «Стану песняй у народзе» (абодва 1976), «Памяці дзядоў маіх» (1977), «У зачараваным царстве» (1981), «Сказ пра бульбу» (серыя; 1983—84), «Яблыня. 1941 год» (1985), «Сугучнасць» (1987), «Вярба» (1994), «Блуканне па раі» (1997), «Скрыпачы» (1999), «Парваныя пацеркі» (серыя, 2000); габеленавых партрэтаў: «М.​Багдановіч», «А.​Міцкевіч», «М.​Цвятаева» (цыкл), «Маці», «Сын», аўтапартрэт (усе 1994—98); серый батыкаў: «Старыя, старыя багі», «Крымскія акварэлі» (абедзве 1987—88), «Адвечнае» (1994); манатыпій паводле лірыкі Цвятаевай (1970), «Анатомія кляновага ліста», «Жыццё — рух» (усе 1996), «Партрэт сына», «Гарбузы» (усе 1997), «Кветкі», «Чалавек у горадзе» (усе 1999—2000); грызайляў «Мастак і яго муза» (1970—71) і інш. Піша вершы. Цыкл вершаў «Ля веснічак» уключаны ў зб. паэзіі «Сцяжына» (1983).

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Пятруль. Парваныя пацеркі. 2000.

т. 13, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБАТЫЗАВА́НЫ ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ КО́МПЛЕКС (РТК),

сукупнасць тэхнал. абсталявання, прамысловых робатаў і сродкаў іх аснашчэння, якая функцыянуе аўтаномна. Структура РТК залежыць ад прызначэння, выбару абсталявання і робатаў, характару вытв-сці. Паводле віду тэхнал. працэсу адрозніваюць РТК для мех. апрацоўкі вырабаў, халоднай штампоўкі, коўкі, ліцця, прасавання пластмас, тэрмічнай апрацоўкі, зваркі, зборкі, кантролю і г.д. РТК для работы ў складзе гібкіх вытв. сістэм (напр., гібкі вытворчы модуль, дапоўнены прамысл. робатам) павінны аўтаматызавана пераналаджвацца.

Асн. крытэрый адбору тэхнал. абсталявання пры арганізацыі РТК — ступень яго аўтаматызацыі: яна павінна быць дастатковай, каб без значных канструкцыйных пераробак забяспечыць работу ў аўтам. рэжыме, а прамысл. робат — у макс. ступені змяншаць удзел чалавека ў выкананні аперацый. У сістэмах кіравання звычайна выкарыстоўваюць многапрацэсарныя прыстасаванні лічбавага праграмнага кіравання, якія даюць магчымасць лёгка і хутка прыстасоўваць РТК да змены ўмоў работы. Работа РТК характарызуецца аб’ёмам партый прадукцыі, якія могуць выпускацца без пераналадкі комплексу, і наменклатурай (пералікам) выпускаемых відаў прадукцыі.

Літ.:

Роботизированные производственные комплексы. М., 1987;

Белянин П.Н., Идзон М.Ф., Жогин А.С. Гибкие производственные системы. М., 1988;

Черпаков Б.И., Великович В.Б. Робототехнические комплексы. М., 1989;

Робототехника и гибкие автоматизированные производства. Кн. 1—9. М., 1986.

А.​В.​Самойленка.

Схемы рабатызаваных тэхналагічных комплексаў з прамысловым робатам: а — убудаваным у станок (1, 3 — сістэмы кіравання робата 4 і станка 2; 5 — тактавы стол); б — убудаваным у гібкі вытворчы модуль (1 — станок, 2 — робат, 3 — стэлаж з загатоўкамі і апрацаванымі дэталямі).

т. 13, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДА́РЫ ((Rodari) Джані) (23.10.1920, г. Аменья, Італія — 14.4.1980),

італьянскі дзіцячы пісьменнік. Друкаваўся з 1948. Аўтар зб-каў «Кніжка вясёлых вершаў» (1951), «Вершы ў небе і на зямлі» (1960), аповесцей-казак «Прыгоды Чыпаліна» (1951), «Блакітная Страла» (1954), «Джэльсаміна ў Краіне лгуноў» (1959), «Казкі па тэлефоне» (1962), «Торт у небе» (1966), кніг «Граматыка фантазіі» (1973), «Марыянеткі на волі» (1974), зб. навел-казак «Гульня ў домікі» (1980) і інш. Яго творы адметныя спалучэннем фантазіі і гумару, сац. сатыры і аптымізму. На бел. сцэне паводле казак Р. пастаўлены спектаклі «Прыгоды Чыпаліна» (1955, Дзярж. т-р лялек; 1957, 1960, Т-р юнага гледача), «Чароўнае падарожжа ў ноч» (1991, абодва Т-р юнага гледача), «Чыпаліна і яго сябры» (1990, Т-р юнага гледача), балет «Чыпаліна» (1978, Дзярж. т-р оперы і балета). На бел. мову яго творы пераклалі П.​Марціновіч, П.​Прыходзька, П.​Рунец, Я.​Семяжон, А.​Шаўня.

Тв.:

Бел. пер. — Неапаль без сонца: Вершы. Мн., 1955;

Прыгоды Чыпаліна. Мн., 1957;

У кн.: Ад вежаў Ферары. Мн., 1974;

У кн.: Семяжон Я. Сем цудаў свету: Выбр. пераклады паэзіі. Мн., 1977;

Рус. пер. — Здравствуйте, дети! М., 1957;

Всемирный хоровод. М., 1962;

Путешествие Голубой Стрелы. М., 1972;

Грамматика фантазии: Введение в искусство придумывания историй. М., 1978;

Приключения Чиполлино... Мн., 1986;

Джельсомино в Стране лгунов. Почему? Отчего? Зачем? Мн., 1992.

Літ.:

Брандис Е.П. От Эзопа до Джанни Родари. М., 1965.

А.​А.​Шаўня.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́НСКІ (Эдвард Станіслававіч) (н. 23.9.1936, Масква),

рускі пісьменнік, драматург. Скончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны ін-т (1959). Першая п’еса — «Мара мая... Індыя» (1960). П’есы на сучасныя тэмы «104 старонкі пра каханне» (паст. 1964, другая назва «Яшчэ раз пра каханне», экранізавана 1968), «Турбаза» (паст. 1974), «Спартыўныя сцэны 1981 года» (1986), «Я стаю каля рэстарана...» (1987), «Наш Дэкамерон» (1989), гіст. «Размовы з Сакратам» (паст. 1975), «Тэатр часоў Нерона і Сенекі» (1982), «Апошняя ноч апошняга цара» (1997). Мастацка-гіст. даследаванне «Божа..., выратуй і ўціхамір Расію». Мікалай II: жыццё і смерць» (1993) засн. на раней малавядомых фактах. Аўтар зб-каў прозы «Загадкі гісторыі» (1996), «Загадкі кахання» (1997), аповесцей «Маналог пра шлюб» (1970), «Некалькі сустрэч з нябожчыкам панам Моцартам» (1992), дакумент.-біягр. кн. «Сталін» (1997), кінасцэнарыяў, тэлеапавяданняў пра персанажаў рус. і еўрап. гісторыі. П’есы Р. ставіліся на Беларусі: «Яшчэ раз пра каханне» ў Бел. т-ры імя Я.​Купалы (1965), Гродзенскім абл. драм. т-ры (1967), «Рулетка» (паводле Ф.​Дастаеўскага) у Дзярж. рус. драм. т-ры (1996), «Яна ў адсутнасці кахання і смерці» ў Брэсцкім абл. драм. т-ры (1980).

Тв.:

Соч.: В 7 т. Т. 1—5. М. 1998—99;

Беседы с Сократом: Пьесы. М., 1982;

«Последняя из дома Романовых»: Повести в диалогах: (Торопливая проза). М. 1989;

Наш Декамерон. М., 1990;

Николай II: жизнь и смерть. М. 2000.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЫЙ (лац. Radium),

Ra, радыеактыўны хім. элемент II групы перыяд. сістэмы, ат н. 88, ат. м. 226,0254, адносіцца да шчолачназямельных металаў. У прыродзе трапляюцца ізатопы з масавымі лікамі 223, 224, 226, 228, якія з’яўляюцца членамі прыродных радыеактыўных радоў. Найб. устойлівы ізатоп ​226Ra (перыяд паўраспаду 1600 гадоў, α-выпрамяняльнік); прадукт распаду Р. — радон. Рэдкі і рассеяны элемент; у зямной кары 10​−10% па масе. Адкрыты ў 1898 П.Кюры і М.Складоўскай-Кюры; назва ад лац. radius — прамень.

Серабрыста-белы бліскучы метал, tпл 969 °C, шчыльн. 5500—6000 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей падобны на барый, але больш актыўны. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з азотам, кіслародам (у паветры метал. Р. хутка пакрываецца цёмнай плёнкай з сумесі нітрыду і аксіду), вадой [утвараецца водарастваральны гідраксід Ra(OH)2 і вылучаецца вадарод], растворамі кіслот, галагенамі. Вылучаюць Р. у выглядзе хларыду RaCl, і інш. солей як пабочны прадукт перапрацоўкі уранавых руд (пасля вылучэння з іх урану; у рудзе на 1 т урану прыпадае не больш за 0,34 г Р.); метал. Р. атрымліваюць электролізам раствору RaCl2 на ртутным катодзе. Выкарыстоўваюць у медыцыне як крыніцу радону для радонавых ваннаў, у сумесі з берыліем у ампульных крыніцах нейтронаў, у геалогіі ​228Ra для вызначэння ўзросту акіянічных асадкавых парод і мінералаў. Вельмі таксічны; дапушчальная канцэнтрацыя ў атм. паветры ​226Ra 3,1∙10​−5 Бк/л.

Літ.:

Погодин С.А., Либман Э.П. Как добыли советский радий. 2 изд. М., 1977.

т. 13, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗМНАЖЭ́ННЕ,

характэрная для ўсіх жывых арганізмаў уласцівасць узнаўлення сабе падобных, якая забяспечвае бесперапыннасць і пераемнасць жыцця. Адрозніваюць 3 асн. формы: бясполае размнажэнне (у прасцейшых — дзяленне папалам, шызаганія, у вышэйшых раслін — з дапамогай спор), вегетатыўнае размнажэнне (у шматклетачных арганізмаў шляхам адасаблення ч. цела і аднаўлення іх ад цэлага індывідуума, пачкаванне) і палавое размнажэнне (двухполае, г.зн. у выніку апладнення, і аднаполае нявіннае — партэнагенез). З-за адсутнасці палавога працэсу бясполае і вегетатыўнае Р. часта мае агульную назву — бясполае Р., хаця прырода і паходжанне іх неаднолькавыя: пры бясполым Р. асобіна развіваецца з адной клеткі, не дыферэнцыраванай паводле полу, а пры вегетатыўным — новай асобіне даюць пачатак шматклетачныя зачаткі рознага паходжання. Палавому Р. шматклетачных папярэднічае ўтварэнне гамет (шляхам меёзу), якія зліваюцца пры апладненні ў зіготу, і спадчынная інфармацыя, што знаходзіцца ў ДНК храмасом, аб’ядноўваецца. На працягу жыцця Р. бывае аднаразовае (такія арганізмы наз. монацыклічнымі і звычайна прыносяць шматлікае патомства) і шматразовае (поліцыклічныя арганізмы менш пладавітыя). Для жыццёвага цыкла многіх відаў жывёл характэрна чаргаванне розных форм Р., якое спалучаецца з чаргаваннем марфалагічна розных пакаленняў: палавое і бясполае, двухполае і партэнагенез, двухполае і вегетатыўнае. Чаргаванне палавога (гаметафіт) і бясполага (спарафіт) пакаленняў бывае і ў раслін. На інтэнсіўнасць Р. ўплываюць умовы навакольнага асяроддзя — т-ра, даўж. светлавога дня, ежа і інш. У вышэйшых жывёл дзейнасць органаў Р. знаходзіцца пад кантролем нерв. сістэмы і эндакрынных залоз.

Р.​Г.​Заяц.

т. 13, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)