КРЭ́ЎСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы з в. Крэва Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. Промысел вядомы з 14 ст. Найб. развіцця дасягнуў у 19—1-й пал. 20 ст. Вылепленыя вырабы дапрацоўвалі на ручным ганчарным крузе з наступным гартаваннем або дымленнем; у 20 ст. посуд рабілі на нажным крузе і глазуравалі, часам аздаблялі падглазурнай ангобнай размалёўкай у выглядзе простых расл. матываў. Посуд вызначаецца ўстойлівымі формамі, выразным S-падобным профілем сценак. З 1950-х г. быт. глазураваныя вырабы нешырокага асартыменту вырабляе кафляны цэх Астравецкага камбіната буд. матэрыялаў (Гродзенская вобл.).
Я.М.Сахута.
т. 8, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Анатоль Васілевіч) (н. 14.1.1940, г. Горлаўка Данецкай вобл., Украіна),
бел. спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыў Мінскае муз. вучылішча (1969). З 1962 саліст Дзярж. нар. хору БССР, з 1964 артыст хору Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1969 саліст хору ансамбля песні і танца Цэнтр групы войск, з 1973 саліст Ансамбля песні і танца Узбр. сіл Рэспублікі Беларусь. Выступае сола і ў дуэце. Валодае тонкай музыкальнасцю, пачуццём ансамбля. У рэпертуары творы ваен.-патрыят. тэматыкі, бел., рус. і ўкр. нар. песні, творы бел. кампазітараў.
т. 8, с. 561
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЗНЯЦО́Ў (Мікалай Дзмітрыевіч) (23.6.1911, г. Акцюбінск, Казахстан — 1995),
расійскі вучоны і канструктар у галіне рэактыўных авіяц. рухавікоў. Акад. Рас. АН (1974, чл.-кар. з 1968). Генерал-лейтэнант-інжынер (1968). Двойчы Герой Сац. Працы (1957, 1981). Скончыў Ваенна-паветраную акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1938). З 1943 нам. Гал. канструктара, з 1946 гал. канструктар, з 1956 ген. канструктар. Пад кіраўніцтвам К. створаны рэактыўныя рухавікі для самалётаў Ан-22, Ту-114, Ту-144, Ту-154, Іл-62, Іл-86 і інш. Ленінская прэмія 1956, Дзярж. прэмія СССР 1965.
т. 8, с. 562
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РА МІКРААРГАНІ́ЗМАЎ,
сукупнасць жыццяздольных мікраарганізмаў на пажыўным асяроддзі, якая знаходзіцца ў стане размнажэння або закончыла яго. Адрозніваюць К.м. чыстую (складаецца з арганізмаў аднаго віду), змешаную (складаецца з некалькіх відаў, што вылучаюцца з вады, глебы, паветра і інш.) і электыўную (назапашвальную, у якой з вял. колькасці форм расце пераважна адзін від). Для К.м. неабходны вадкія і цвёрдыя пажыўныя асяроддзі, спец. апаратура, якая падтрымлівае аптымальныя для росту мікраарганізмаў фіз.-хім. ўмовы (аэрацыя, газавае асяроддзе, кіслотнасць, т-ра і інш.). Выкарыстоўваецца для вывучэння мікраарганізмаў, у мікрабіял. прам-сці.
т. 9, с. 12
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАЧКІН (Юрый Андрэевіч) (н. 13.5.1950, г.п. Свіслач Гродзенскай вобл.),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1998). Скончыў Гродзенскі пед. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Прапанаваў новы метад рашэння задач рэлятывісцкай кінематыкі, заснаваны на сувязі алг. кватэрніёнаў і бікватэрніёнаў з геаметрыяй прастораў Лабачэўскага. Разам з інш. даў тлумачэнне прыроды выраджэння спектраў энергій задач Кеплера ў прасторах пастаяннай крывізны.
Тв.:
Кватернионы в релятивистской физике. Мн., 1989 (разам з А.В.Бярэзіным, Я.А.Талкачовым).
А.І.Болсун.
т. 9, с. 44
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ВАЧКІН (Сямён Аляксеевіч) (11.9.1900, Смаленск, Расія —9.6.1960),
савецкі авіяканструктар. Чл.-кар. АН СССР (1958). Ген.-маёр інж.-тэхн. службы (1944). Двойчы Герой Сац. Працы (1943, 1956). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1927). З 1929 працаваў у розных авіяц. КБ, з 1935 гал. канструктар па самалётабудаванні, з 1939 узначаліў КБ. Пад яго кіраўніцтвам створаны самалёты-знішчальнікі Ла-5, -7, -9, -11, -15, -176, -190, -200, ЛаГГ-1, -3 (разам з В.П.Гарбуновым і М.І.Гудковым) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943, 1946, 1948.
т. 9, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЗА́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1923 Падпісаны 24.7.1923 на заключным пасяджэнні Лазанскай канферэнцыі 1922—23 прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Японіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з аднаго боку, і Турцыі — з другога. Замяніў Сеўрскі мірны дагавор 1920. Устанавіў сучасныя межы Турцыі (акрамя яе мяжы з Іракам з-за спрэчкі вакол тэрыторыі, прылеглай да г. Масул), адмяніў рэжым капітуляцый, эканам. і паліт. Прывілеі іншаземцаў у краіне, міжнар. фінансавы кантроль над Турцыяй. Замацаваў вынікі Кемалісцкай рэвалюцыі ў Турцыі і грэка-турэцкай вайны 1919—22. Не быў ратыфікаваны Каралеўствам сербаў, харватаў і славенцаў.
т. 9, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ПАЎ (Барыс Сцяпанавіч) (28.9.1925, Мінск — 13.8.1967),
бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1955). Скончыў БДУ (1951). Працаваў у Друку, з 1955 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1964 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы бел. сінтаксісу, стылістыкі і ўзаемадзеянне бел. мовы з інш. мовамі. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы па бел. мовазнаўстве і творы бел. маст. л-ры. Сааўтар «Нарысаў па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Сінтаксіс» (1959), «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66).
І.К.Германовіч.
т. 9, с. 132
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТУ́ШКА, латка,
1) традыцыйны ганчарны выраб у беларусаў і інш. слав. народаў. Глыбокая гліняная пасудзіна з шырокім тулавам і вусцем, гартаваная, радзей паліваная. Выкарыстоўвалася для гатавання ежы, часта замест сталовай міскі для вадкіх страў, разліўкі студзіны. На Беларусі ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. выраблялі прамасценныя з круглым ці падоўжаным (авальным) дном (паўн. і зах. раёны) або з пукатымі сценкамі накшталт міскі (Падняпроўе). З масавага ўжытку выйшлі ў 1-й пал. 20 ст. 2) Кароткая світка на паўн.-зах. Палессі.
С.А.Мілючэнкаў.
т. 9, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНО́ВІЧ (Антаніна Лаўрэнцьеўна) (н. 15.1.1929, г. Барысаў Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне неўрапаталогіі. Д-р мед. н. (1968), праф. (1972). Скончыла Мінскі мед. ін-т (1951). З 1961 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (у 1973—91 заг. кафедры), з 1992 у Мінскім наркалагічным дыспансеры. Навук. працы па патагенезе, дыягностыцы і лячэнні рассеянага склерозу, першапачатковых энцэфаламіэлітаў, полірадыкуланеўрытаў; класіфікацыі, прафілактыцы і лячэнні неўралагічных ускладненняў сіндрому алкагольнай залежнасці.
Тв.:
Рассеянный склероз. М., 1976 (разам з Д.А.Маркавым);
Невропатология: Справ. пособие. Мн., 1996 (разам з В.У.Казаковай).
т. 9, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)