вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл. на р. Котра і на беразе воз. Берштаўскае. Цэнтр сельсавета і дапаможнай гаспадаркі «Бершты» Гродзенскага ВА «Хваля». За 44 км на ПнЗ ад Шчучына, 55 км ад Гродна, 21 км ад чыг. ст. Парэчча. 240 ж., 110 двароў (1995).
Упершыню ўпамінаецца пад 1460. У 15—16 ст. тут быў двор вял. князёў ВКЛ, у 1496 адбыўся сойм ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці Гродзенскага пав. У 1886 — 936 ж., 117 двароў, нар. вучылішча, фельчарскі пункт. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1921 у Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета. У Вял.Айч. вайну акупіраваны ням. фашыстамі. У 1970 у Берштах 387 ж, 140 двароў.
У вёсцы базавая школа, клуб, б-ка, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік драўлянага дойлідства 19 ст. — царква. Каля Берштаў выяўлены стаянкі мезаліту, нёманскай культуры неаліту і бронзавага веку. У 1889 каля Берштаў знойдзены адзін з найб. манетных скарбаў 17 ст. на Беларусі (каля 6 тыс. манет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліп. 1944 у Гродне. Складалася з 6 груп (60 чал.): б. ваеннаслужачых і сав. работнікаў (кіраўнік М.А.Волкаў), рабочых мясакамбіната (В.Д.Разанаў), рабочых з-да па рамонце аўтамаб. тэхнікі (С.П.Лямаў), 3 групы чыгуначнікаў лакаматыўнага дэпо (Н.Н.Багатыроў, С.П.Панасюк, Г.І.Святлічны). Падполле працавала ў цесным кантакце з партызанамі брыгад імя Ленінскага камсамола Баранавіцкай, імя К.Каліноўскага Беластоцкай абл., са спецгрупамі Чырв. Арміі. Падпольшчыкі здабывалі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, перавязачныя сродкі, адзенне, разведданыя аб праціўніку і варожай агентуры, распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі і газеты. Падпольшчыкі групы Лямава вывелі са строю каля 150 машын, шмат абсталявання аўтарамонтных майстэрняў, групы Панасюка знішчылі воданапорную калонку на ст. Гродна; большасць «адрамантаваных» групай чыгуначнікаў паравозаў хутка выходзіла са строю, закладзеныя імі ў тэндэры толавыя шашкі, замаскіраваныя пад вугаль, вывелі са строю каля 20 паравозаў, падарваны таксама 2 эшалоны, учынена крушэнне 2 сустрэчных цягнікоў на ст. Гродна і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́МЯ,
малочныя залозы млекакормячых жывёл. У жвачных і кабыл размяшчаецца ў пахвіннай вобласці, паміж сцёгнамі; у свіней — сіметрычна справа і злева ад «белай» лініі жывата. У самцоў рудыментарныя малочныя залозы ёсць спераду машонкі. Адрозніваюць множнае вымя з 4—8 доляў (напр., у сабакі, свінні). Вымя з 1 пары доляў (у авечкі, казы) або з 2 пар доляў, якія зліліся ў адзінае цэлае (у каровы, кабылы і інш.).
Малако ўтрымліваецца ў вымі дзякуючы капілярнасці, а таксама наяўнасці кругавых запіральных мышцаў (сфінктэраў) у сасках. Лактацыя мае сезонны характар. Рост і развіццё вымя цесна звязаны з дзейнасцю яечнікаў. Пад уплывам іх гармонаў вымя цельнай каровы расце ў 2-й пал. сухастойнага перыяду (за месяц да ацёлу). Росту вымя спрыяе масаж.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫХЛАПНЫ́Я ГА́ЗЫ,
газападобныя і цвёрдыя прадукты, што выкідваюцца ў атмасферу рухавікамі ўнутр. згарання; адна з асн. крыніц забруджвання атмасфернага. Пераважныя інгрэдыенты выхлапных газаў: вокіс вугляроду (CO), вокіслы азоту (NOx), сярністы ангідрыд (SO2), вуглевадароды (CnHm), серавадарод (H2S) і інш. Асобную групу складаюць канцэрагенныя поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды і найб. актыўны з іх — бенз(а)пірэн (індыкатар наяўнасці канцэрагенаў у выхлапных газах). Пры выкарыстанні этыліраванага бензіну ў саставе выхлапных газаў высокатаксічныя злучэнні свінцу. Пад уздзеяннем сонечнай радыяцыі ў выніку фотахім. рэакцый выхлапныя газы ператвараюцца ў таксічныя рэчывы і адмоўна ўплываюць на чалавека, жывёл (павялічваюць успрымальнасць да розных хвароб, пераважна анкалагічных) і расліны (парушаюць працэс фотасінтэзу). Выкіды аўтатранспарту — асн. прычына фотахім. смогу ў гарадах. Узровень выкідаў CO, CnHm, NOx і дымнасці выхлапных газаў рэгулюецца спец. нарматывамі (дапушчальныя выкіды на 1 км пройдзенага шляху) і кантралюецца газааналізатарамі і дымамерамі. На Беларусі выкіды ад аўтатранспарту склалі 1,7 млн.т (77% ад агульных выкідаў у атмасферу; 1995). Таксічнасць выхлапных газаў зніжаецца пры выкарыстанні неэтыліраванага бензіну і экалагічна чыстых відаў паліва — прыроднага і звадкаванага газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЕ ПАСО́ЛЬСТВА,
дыпламатычная місія Расіі ў краіны Зах. Еўропы ў 1697—98. Мела на мэце ўмацаванне і пашырэнне саюзу Расіі з еўрап. дзяржавамі для барацьбы супраць Турцыі за паўн. ўзбярэжжа Чорнага м., запрашэнне на рус. службу спецыялістаў, заказ і закуп ваен. матэрыялаў і ўзбраення. Афіцыйна ўзначальвалася «вялікімі пасламі» Ф.Я.Лефортам, Ф.А.Галавіным, П.Б.Вазніцыным, фактычна — Пятром I (знаходзіўся ў яго складзе пад імем Пятра Міхайлавіча). У Курляндыі Пётр I вёў перагаворы з герцагам, у Кёнігсбергу заключыў саюз з брандэнбургскім курфюрстам, у Галандыі Вялікае пасольства абмежавалася закупкай амуніцыі і наймам спецыялістаў. Пётр I з часткай пасольства на 3 мес. выязджаў у Англію, дзе вёў перагаворы з англ. каралём Вільгельмам III, знаёміўся з суднабудаваннем і артыл. справай. Вялікае пасольства вяло безвыніковыя перагаворы ў Вене, каб папярэдзіць заключэнне сепаратнага міру Аўстрыі з Турцыяй. Па дарозе ў Расію Пётр I правёў з польск. каралём Аўгустам II перагаворы, якія заклалі аснову будучага саюзу супраць Швецыі.
Літ.:
Молчанов Н.Н. Дипломатия Петра Великого. 3 изд. М., 1990. С. 67—119.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КА-ТЫ́РНАВА,
горад на Пн Балгарыі, на р. Янтра. 65 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Машынабудаванне (вытв-сць электрарухавікоў, электратэльфераў, радыётэхнікі і інш.), тэкст., хім., дрэваапр., харчасмакавая прам-сць. Ун-т «Кірыла і Мяфодзій». Арх. музей. У горадзе — рэшткі сярэдневяковых умацаванняў, палаца; цэрквы (12—19 ст.), манастыры ў стылі Балгарскага Адраджэння. Горад-запаведнік. Турызм.
Вядома як вял. паселішча ў 11—12 ст.пад назвай Тырнаўград, пазней — Тырнава (да 1965). У 1185 упамінаецца як цэнтр паўстання балгараў супраць візант. панавання. У 1187—1393 сталіца Другога Балг. царства, рэзідэнцыя балг. архіепіскапа (з 1235 — патрыярха). У 1393 захоплены і разрабаваны туркамі. З 16 ст. развіваецца як цэнтр рамеснай вытв-сці. У 1598 і 1686 — цэнтр антытур. паўстанняў. У 1767 скасавана тырнаўская патрыярхія. У 1869 В.Леўскі ў Вяліка-Тырнаве стварыў рэв.к-т. У час падрыхтоўкі Красавіцкага паўстання 1876 Вяліка-Тырнава — цэнтр 1-й рэв. акругі. Вызвалены рус. войскамі ў 1877 у ходзе руска-тур. вайны 1877—78. У лют.—крас. 1879 тут працаваў Устаноўчы сход, які прыняў Тырнаўскую канстытуцыю 1879. 5.10.1908 у Вяліка-Тырнаве абвешчана незалежнасць Балгарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗАСТРУМЕ́ННЫЯ ВЫПРАМЯНЯ́ЛЬНІКІ,
механічныя генератары гукавых (або ультрагукавых) ваганняў, крыніцай энергіі якіх з’яўляецца высокаскарасны газавы струмень. Адрозніваюць свісткі (напр., Гальтана свісток), генератары (Гартмана генератар) і сірэны. Выкарыстоўваюцца ў кантрольна-вымяральнай і сігналізавальнай апаратуры, для распылення вадкасцей, атрымання або асаджэння аэразоляў, у розных тэхнал. устаноўках для інтэнсіфікацыі цепла- і масаабмену і інш.
Гальтана свісток мае сапло з вузкай кальцавой шчылінай, перад якой размешчаны пустацелы цыліндрычны рэзанатар з вострымі клінападобнымі краямі. Газ, што выходзіць пад невял. ціскам, накіроўваецца на востры край рэзанатара і ўзбуджае ў ім перыядычныя віхры. У Гартмана генератары з сапла выцякае звышгукавы газавы струмень. Рэзанатар размешчаны сувосна з саплом у зоне няўстойлівасці газавага струменя. Частата выпрамененага гуку залежыць ад памераў рэзанатара і адлегласці паміж ім і саплом. Прынцып дзеяння сірэн заснаваны на мех. перыядычным перарыванні газавага (або вадкаснага) струменя з дапамогай заслонкі, цыліндра або дыска з адтулінамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЛЕ́МА (ад ды... + лема),
форма вываду, разнавіднасць сілагізму, пасылкамі (зыходнымі дапушчэннямі) якога з’яўляюцца 2 гіпатэтычныя (умоўныя) і 1 дыз’юнктыўнае (раздзяляльнае) суджэнні. Адрозніваюць Д. канструктыўную (сцвярджальную) і дэструктыўную (адмоўную). Будова канструктыўнай Д. ў традыц. логіцы выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць Д. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але A ёсць B і E ёсць F. Адсюль C ёсць D». Будова скарочанай дэструктыўнай Д. выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць D. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але C не ёсць D. Значыць, A не ёсць B і E не ёсць F». Усе гэтыя формы Д. даказальныя (або з’яўляюцца аксіёмамі) у сучаснай фармальнай (матэм.) логіцы, а дэструктыўная Д. часта выкарыстоўваецца ў лагічных абвяржэннях. Розныя віды сувязі суджэнняў, якія ўтвараюць паняцце Д., былі ўстаноўлены стараж.-грэч. філосафамі (гл.Стаіцызм), яны шырока выкарыстоўваліся ў схаластычнай логіцы. У пераносным сэнсе (у звычайнай свядомасці) пад Д. разумеюць стан, у якім апынаецца чалавек, калі яму неабходна зрабіць выбар паміж двума супрацьлеглымі роўна непрымальнымі для яго магчымасцямі (рашэннямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕРСІ́ЙНЫЯ ФІ́ЛЬТРЫ,
аптычныя прылады, якія прапускаюць параўнальна вузкі ўчастак спектра выпрамянення і прынцып дзеяння якіх заснаваны на выбіральным рассеянні святла. Існуюць Д.ф. з кампанентаў крышталь—вадкасць, крышталь—паветра, а таксама з розных крышт. матэрыялаў, палімераў і інш.
Паказчыкі пераламлення 2 кампанентаў Д.ф. аднолькавыя для некаторай частаты святла ω0, таму пасля праходжання праз такую сістэму святло становіцца амаль монахраматычным (частата, блізкая да ω0). Светлавыя пучкі іншых частот (ω ≠ ω0) рассейваюцца. На Беларусі ў 1970-я г. ў Ін-це фізікі АНпад кіраўніцтвам М.А.Барысевіча распрацаваны Д.ф., двума кампанентамі якіх з’яўляюцца крышт. матэрыялы або палімеры. Д.ф. крышталь—крышталь маюць высокую мех. трываласць і кантрастнасць; спектральныя характарыстыкі ў іх стабільныя ў шырокім інтэрвале т-р, адсутнічаюць пабочныя палосы прапускання, параўнальна простая тэхналогія вырабу. Выкарыстоўваюцца ў спектраскапіі, квантавай электроніцы, плазмавай фотаметрыі, піраметрыі, біялогіі, медыцыне, астрафізіцы, метэаралогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭІДЭАЛАГІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + ідэалогія),
1) плынь у зах. грамадска-паліт. і філас. думцы 2-й пал. 20 ст. Узнікла на глебе адмаўлення ідэалагізаваных форм інтэрпрэтацыі сучасных грамадска-гіст. працэсаў, сцвярджэння непрыдатнасці ідэалогіі ў якасці сродку пазнання грамадства. Тэарэт. падставай Д. сталі погляды ням. сацыёлага К.Мангейма аб супрацьпастаўленні навукі і ідэалогіі, дзе апошняя траціць права на валоданне навук. ісцінай. У 1950—60-я г. ў працах Р.Арона, Д.Бела, К.Попера і інш. Д. набыла рысы паліт. канцэпцыі. На падставе паляпшэння матэрыяльных умоў жыцця ў высокаразвітых краінах Захаду абвешчана выснова пра «згасанне» ў гэтых краінах класавай барацьбы і паступовае знікненне саміх класаў. Канцэнтраваным увасабленнем канцэпцыі Д. лічыцца палажэнне аб «канцы веку ідэалогіі», якое дапаўняе тэорыі індустрыяльнага грамадства і постіндустрыяльнага грамадства. Паводле гэтых тэорый, змены тыпу грамадскай арг-цыі пад уплывам навук.-тэхн. рэвалюцыі, становішча класаў, сац. груп і нацый вядуць да стварэння «новага светапогляду», які абапіраецца выключна на «факты навукі» і адмаўляе навук. вартасць і значэнне абстрактна-тэарэт. ідэй.
2) У шырокім сэнсе Д. — незалежнасць ад уплыву пэўных ідэалаг. прынцыпаў.