ВАХТА́НГАЎ (Яўген Багратыёнавіч) (13.2.1883, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 29.5.1922),
рускі рэжысёр, акцёр, педагог. З 1901 удзельнічаў у аматарскіх драм. гуртках Уладзікаўказа і Масквы. У 1911 скончыў Школу драмы А.Адашава (Масква) і быў прыняты ў МХТ, працаваў у яго 1-й Студыі. Дакладнасць і строгасць сцэн. формы, псіхал. глыбіня выявіліся ў ролях Тэкльтона («Цвыркун на печы» паводле Ч.Дзікенса), Блазна («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра) і інш., у пастаноўках «Свята міру» Г.Гаўптмана (1913), «Патоп» Ю.Бергера (1915, і роля Фрэзера). У 1913 заснаваў і быў кіраўніком Студэнцкай драм. студыі (з 1921 3-я Студыя МХТ, з 1926 Тэатр імя Я.Вахтангава). У акцёрскай і рэжысёрскай дзейнасці выкарыстоўваў Станіслаўскага сістэму. Абвясціў праграму «фантастычнага рэалізму», які ствараў асаблівую тэатр. рэальнасць; імкнуўся пранікнуць у сутнасць з’явы і адлюстраваць свае перажыванні ў яркай форме, раскрыць унутраны сэнс драм. твора сродкамі гратэску: «Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка (1916, 2-я рэдакцыя 1921), «Вяселле» А.Чэхава (1920), «Эрык XIV» А.Стрындберга (1921), «Гадзібук» С.П.Рапапорта (1922). Апошняя пастаноўка Вахтангава — «Прынцэса Турандот» К.Гоцы (1922) азнаменавала сабой узнікненне цэлай школы ў тэатр. мастацтве, стала своеасаблівым маніфестам Вахтангаўскага т-ра (і цяпер у рэпертуары). Гэтую казку Вахтангаў ператварыў у сучасны па светаадчуванні, прасякнуты жыццярадаснасцю, паэзіяй і гумарам святочны спектакль. Асноўныя прынцыпы рэжысёрскага мастацтва Вахтангава знайшлі свой працяг і развіццё ў творчасці яго вучняў і паслядоўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НСІЯ (Valencia),
горад на У Іспаніі, пры ўпадзенні р. Турыя ў Валенсійскі зал. Міжземнага м.Адм. д. аўт. вобласці Валенсія і аднайм. Правінцыі. 752,9 тыс.ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Марскі порт. Міжнар. аэрапорт. Судна- і маторабудаванне, вытв-сць чыгуначнага абсталявання. Пладова-агароднінная, тытунёвая, тэкст. (у т. л. джутавая), хім., дрэваапр.прам-сць. Цэнтр с.-г. раёна (цытрусавыя, агародніна, рыс). Саматужныя промыслы. 2 ун-ты (адзін з іх з 1500). Музей прыгожых мастацтваў (з археал. музеем). Арх. помнікі 13—18 ст.
Засн. ў 2 ст. да н.э. рымлянамі. У 11 ст. цэнтр аднаго з араб. эміратаў. У 1238 адваявана ў арабаў і стала сталіцай каралеўства Валенсія. У 1808—12 змагалася з франц. войскамі, у 1812—13 пад уладай французаў. У грамадз. вайну 1936—39 у Валенсіі знаходзіўся рэсп. ўрад (1936—37, 1939).
Унутры бульварнага кальца (на месцы стараж. сцен) — стыхійная забудова Старога горада са шматлікімі садамі, помнікамі маўрытанскага дойлідства, з каляровай маёлікавай абліцоўкай, цэрквамі і палацамі, упрыгожанымі багатай скульпт. разьбой. Гатычны сабор (13—18 ст.; інтэр’ер у стылі «чурыгерэска», 17—18 ст.), шаўковая біржа «Лонха дэ Седа» (15 ст.), Калехіо дэль Патрыярка (1586—97, праект арх. Х.Б. дэ Эрэры), палац Агуас (цяпер Музей керамікі; 1740—46). На Пд ад Старога горада — рэгулярная забудова раёнаў 19—20 ст.Манум. скульптура 19—20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІТА́ЙСКАЯ МО́ВА,
адна з кітайска-тыбецкіх моў. Афіц. мова Кітая, адна з афіц. моў ААН. Пашырана таксама ў Камбоджы, Лаосе, В’етнаме, М’янме, Малайзіі, Тайландзе, Сінгапуры і інш. дзяржавах Паўд.-Усх. Азіі. Існуе ў 2 формах — пісьмовай і вуснай, якія не маюць адпаведнасцей. У пісьмовай К.м. выкарыстоўваюцца іерогліфы, якія забяспечваюць цэласнасць арэала распаўсюджання К.м. і часта з’яўляюцца адзіным сродкам міждыялектных зносін. Вылучаюць 7 асн. дыялектных груп: паўн., у, сян, гань, хакка, юэ, мінь. Літ. мова абапіраецца на паўн. дыялекты, у аснову літ. вымаўлення пакладзена пекінская гаворка. Галосныя і зычныя вуснай К.м. арганізаваны ў таніраваныя склады; усяго ў К.м. 4 тоны (узыходны, сыходны, высокі і нізкі). У безнаціскным становішчы тон страчваецца. У К.м. адсутнічае словазмяненне; у словаўтварэнні дамінуе коранескладанне. Часціны мовы прадстаўлены 2 вял. класамі слоў, якія абазначаюць прадмет або яго прыкмету. Сінтаксіс характарызуецца жорсткім парадкам членаў сказа.
Стараж.-кіт. мова (гувэнь) узнікла ў 1-м тыс. да н. э. У 4—3 ст. да н. э. склалася яе літ. норма (вэньянь), якая са зменамі выкарыстоўвалася як пісьмовая літ. норма да 20 ст. У 1-й пал. 20 ст. незразумелы на слых вэньянь быў выцеснены ў пісьмовых зносінах «агульназразумелай мовай» (путунхуа), якая сталанац.літ. мовай. К.м. карыстаецца кітайскім пісьмом. Стараж.літ. помнікі датуюцца 1-й пал. 1-га тыс. да н. э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПУЦЫ́НЫ (італьян. cappuccino ад cappuccio капюшон),
каталіцкі манаскі ордэн. Засн. ў Італіі ў 1525 як адна з трох галін ордэна францысканцаў. Заснавальнік Матэо Серафіні з Баскіо імкнуўся надаць ордэну характар аскетызму часоў св. Францыска Асізскага (13 ст.), пашырыць уплыў на ніжэйшыя слаі грамадства. У 1619 папа Павел V зацвердзіў ордэн як самастойны. У апошняй чвэрці 16 ст. К. распаўсюдзіліся ў Францыі, Іспаніі, Швейцарыі, у 17 ст. праніклі ў Бразілію, Цэнтр. Амерыку, Індыю і інш. У адрозненне ад адукаваных езуітаў К. вялі місіянерскую дзейнасць сярод простага люду, іх называлі пралетарыямі сярод манахаў. У ВКЛ яны аселі ў Любяшове (1756, цяпер Валынская вобл. Украіны) і Юравічах (1781, цяпер Калінкавіцкі р-н Гомельскай вобл.). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай з канца 18 ст. дзейнасць К. у Рас. імперыі стала затухаць, у 1888 іх кляштары зачынены. Жаночая галіна ордэна — капуцынкі — засн. ў 1538. Іх кляштары былі ў Германіі, Швейцарыі, Перу. У 2-ю сусв. вайну ордэн моцна пацярпеў, але аднавіўся. У 1965 у свеце былі 93 адм.-тэр. адзінкі К. (правінцыі, віцэ-правінцыі і інш.). З 1940 у Рыме дзейнічае Гістарычны ін-т, які даследуе гісторыю францысканцаў, у т. л. К.; з 1931 выдаецца квартальнік «Collectanea Franciscana» («Францысканскія зборнікі»).
Літ.:
Dydycz A.P. Dzieje zakonu braci mniejszych Kapucynów na Litwie (1756—1993). Rzym, 1994;
Kdscioł katolicki w Polsce 1918—1990: Rocznik statysiyczny. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗО́ВІЯ (Mazowsze),
гістарычная вобласць Польшчы, у сярэднім цячэнні Віслы і ніжнім цячэнні Нарава і Буга. У раннім сярэдневякоўі тэр. рассялення польскага племя мазаўшан. У склад польскай дзяржавы ўключана, верагодна, у час панавання Мешкі 7, у 10 ст. цэнтр М. — г. Плоцк. У выніку падзелу ў 1138 Польшчы на ўдзелы (паводле завяшчання Баляслава III Крывавустага) узнікла Мазавецкае княства, якое ў 13 ст. распалася на больш дробныя ўдзелы. У 1351—70 і 1388—1526 мазавецкія князі ў леннай залежнасці ад Польшчы. У выніку вымірання мясц. княжацкіх родаў асобныя ўдзелы М. ўключаны ў склад Кароны ў якасці ваяводстваў — Раўскага (1462), Плоцкага (1495), Мазавецкага (1526, цэнтр — г. Варшава). Да 1540 М. захоўвала ўласны сейм, да 1577 — асобнае заканадаўства. У 14—17 ст. дробная шляхта і сяляне каланізавалі суседнія тэр. Прусіі (гл.Мазуры) і Падляшша, заснавалі пасяленні на бел., літ. і ўкр. землях. У выніку Люблінскай уніі 1569 М. сталацэнтр. рэгіёнам Рэчы Паспалітай, Варшава — месцам правядзення агульных сеймаў, з 1569 — сталіцай дзяржавы. У выніку 2-га і 3-га падзелаў Рэчы Паспалітай (1793, 1795) б.ч. М. адышла да Прусіі, меншая — да Аўстрыі. У 1807 і 1809 М. ў межах Варшаўскага герцагства, у 1815 — Каралеўства Польскага. У 1918 увайшла ў склад адноўленай Польскай дзяржавы ў межах Варшаўскага, часткова Беластоцкага і Люблінскага ваяводстваў, з 1999 — у межах Мазавецкага ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА,
дзяржава, якая існавала ў 14—19 ст. на сумежных тэр. сучасных Румыніі, Малдовы і Украіны, паміж Усх. Карпатамі і р. Днестр. Узнікла ў 1-й пал. 14 ст. як васальнае княства Венгрыі ў даліне р. Малдова (цяпер тэр. Румыніі), у 1359 пры гаспадару (князю) Багдане Iстала фактычна незалежным. З 1387 фармальна васал Польшчы. З канца 14 ст. ўключала гіст. вобласці Малдова, Букавіна і Бесарабія. Сталіцы — гарады Бая, Сучава (з канца 14 ст.), Ясы (з 2-й пал. 16 ст.). Дзярж. мова слав., з 17 ст. малдаўская. Падзялялася на Верхнюю і Ніжнюю «землі» і на малыя акругі (цынуты). Улада гаспадара была абмежавана баярскай думай (дыванам). Да 1552 у М.к. правілі нашчадкі Багдана I, у 1552—1629 гаспадароў выбіралі баяры. З пач. 16 ст. М.к. — васал Турцыі, якая адарвала ад яго і непасрэдна ўключыла ў склад сваіх уладанняў паўд.ч. Бесарабіі з гарадамі Бендэр, Кілія, Белгарад-Днястроўскі. Тур. султан зацвярджаў, а з 1629 прызначаў і пазбаўляў прастола малд. гаспадароў (у 1711—1821 выключна прадстаўнікоў грэч. знаці — фанарыётаў). У выніку рус.-тур. войнаў 18—19 ст.тур. панаванне ў М.к. аслаблена. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну, у 1812 да Расіі адышла Бесарабія. Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1856 Расія вярнула М.к. паўд.-зах.ч. Бесарабіі. У 1859—62 М.к. аб’ядналася з Валахіяй у адзіную дзяржаву Румынію. Гл. таксама раздзелы Гісторыя ў арт.Румынія і Малдова (рэспубліка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НТАСА ПАЎСТА́ННЕ,
узброеная барацьба старажытных прусаў у 1260—73 пад кіраўніцтвам князя племя натангаў Геркуса Мантаса супраць Тэўтонскага ордэна. Першае паўстанне 1243, нягледзячы на падтрымку яго Міндоўгам і войскамі ВКЛ, было безвыніковым. Штуршком для новага выступлення прусаў стала паражэнне ў 1260 крыжакоў у бітве каля воз. Дурбе (цяпер Латвія). 22.1.1261 войска Мантаса нанесла паражэнне крыжакам каля Пакарбена, аднак двухгадовая аблога замка Кёнігсберг (засн. у 1255) поспеху не мела. Апошняй буйной перамогай Мантаса была бітва пад Любавай (1263). Дапамога крыжакам з ням. зямель, гал. чынам з Брандэнбурга, змяніла суадносіны сіл. У 1273 войска Мантаса было разбіта, а ён сам узяты ў палон і павешаны. У 1275 узята апошняе ўмацаванне прусаў Каменівіке (у раёне сучаснага г. Чарняхоўск у Калінінградскай вобл. Расіі). Прусы масава сыходзілі ў Жамойць, Літву, слав. землі, у т. л. сяліліся каля Гродна, Слоніма (у 1283 ад’ехаў са сваімі воінамі апошні князь Скурда). Лаўрэнцьеўскі летапіс 1276 і інш. тагачасныя крыніцы адзначаюць мужнасць прусаў у дружынах князёў ВКЛ, у т. л. ў Гродне, Слоніме і інш. гарадах. М.п. і наступная барацьба прусаў адыгралі важную ролю ў супраціўленні крыжовым паходам супраць славян і балтаў у 12—15 ст.
Літ.:
Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;
Насевіч В.Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁМАНСКІЯ ШКЛОЗАВО́ДЫ.
Першы шклозавод засн. ў 1883 у маёнтку Заенчыцы Лідскага пав. Віленскай губ. (цяпер урочышча Устронь Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл., за 6 км ад г. Бярозаўка Лідскага р-на). Уладальнік памешчык З.А.Ленскі. Існаваў да 1898 (з 1891 як фірма «Краеўскі—Столле»). У 1897 меў лакамабіль, ручны прэс, шліфавальню; працавала 164 рабочыя. Вырабляў шкляны сталовы посуд, лямпавае і аптэкарскае шкло, прадметы раскошы. У 1895 В.А.Краеўскі і Ю.А.Столле пабудавалі «Новую гуту» за 4 км ад «Старой гуты» ва ўрочышчы Малодзіна Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка). У 1897 «Новая гута» мела 3 шклоплавільныя печы, 2 паравыя машыны, 2 шліфавальні, 20 прэсаў, працавала 636 чалавек. У 1898 Краеўскі і Столле набылі гуту, пабудаваную ў 1894—95 каля пас. Бярозаўка Лідскага пав. (цяпер г. Бярозаўка), якая сталагал. прадпрыемствам кампаніі «Краеўскі і Столле» і наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-А», «Новая гута» наз. «Хрусталёвая ф-ка Нёман-Б»; «Старая гута» ліквідавана. З 1905 уладальнік фірмы Столле. Паводле прэйскуранта, выдадзенага фірмай у 1911, ф-кі выраблялі 1828 узораў шклавырабаў, у т. л. сталовыя сервізы, шклянкі, чаркі, бакалы, фужэры, чашкі, сподачкі, талеркі, краманкі, вазы, падсвечнікі, туалетныя флаконы і інш. У 1914 наладжана вытв-сць ізалятараў для рас. арміі. У 1-ю сусв. вайну хрусталёвыя ф-кі спалены. Каштоўнае абсталяванне перавезена на шклозавод фірмы ў Ганцавічах. У 1921 адноўлены і працуюць як шклозавод «Нёман».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКІЯ ДЫВІ́ЗІІ,
вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919—20. Першая Л.-б. д. фарміравалася на тэр. Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губ. з добраахвотнікаў палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Складалася з 3 стралк. брыгад і палка ўланаў. Дывізія і палкі мелі толькі свае геагр. назвы без агульнай нумарацыі. Дзейнічала на бел.-літ. фронце польскіх войск. У лютым 1919 заняла Беласток, у крас. правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліп.—жн. дзейнічала супраць войск 16-й арміі Зах. фронту, наступала на Мір і Стоўбцы, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Л.-б. д., якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. У ліп. 1920 у час наступлення Чырв. Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы вер. 1920 пасля адступлення Чырв. Арміі камандзірам 1-й Л.-б. д. прызначаны ген. Л.Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Л.-б. д. 8.10.1920 паводле загаду Ю.Пілсудскага Жалігоўскі ў знак нязгоды перадачы Вільні і Віленскага краю Літве ўзняў т.зв. «бунт» 1-й Л.-б. д. 9.10.1920 заняў Вільню, 12.10.1920 абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. Дывізіі атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Л.-б. д. стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІ́ТЫКА З ПАЗІ́ЦЫІ СІ́ЛЫ,
палітычны курс дзяржавы, ваенна-паліт. саюзу або міжнар. супольнасці, пры якім выкарыстанне сілы ў розных формах становіцца гал. сродкам дасягнення паліт. мэт. Найб. актыўна выкарыстоўваецца ў перадваенны перыяд і ў ходзе вайны. Узнікла ў стараж. часы ў выглядзе агрэсіўных памкненняў адной дзяржавы супраць другой (гл.Агрэсія). Мела пашырэнне і ў славян, у т. л. ва ўзаемаадносінах княстваў і гарадоў Полацкай зямлі з суседзямі і паміж сабой. Такая палітыка прывяла да шматлікіх войнаў у Еўропе, у т. л. паміж Рэччу Паспалітай і Рус. дзяржавай, у час якіх адбываліся вял. разбурэнні і страты насельніцтва Беларусі. Яна стала адной з прычын 1-й і 2-й сусв. войнаў, амаль усіх ваен.-паліт. канфліктаў у пасляваен. перыяд. Формы і метады такой палітыкі: пагроза скарыстання ваен. сілы, эканам. націск, рэжым блакады, інфарм.-псіхал. ўздзеянне, паліт. шантаж, «палітыка кананерак» і інш. У адпаведнасці са Статутам ААН Савет Бяспекі ўпаўнаважаны выкарыстоўваць ваен. сілу для прадухілення пагрозы міру (парушэння міру) і актаў агрэсіі; можа ўключаць таксама дэманстрацыі, блакады, інш. аперацыі. Унутры краіны такая палітыка можа выкарыстоўвацца ўрадам як сродак сілавога задушэння сепаратысцкіх тэндэнцый (напр., падзеі ў Паўн. Ірландыі, Турцыі, Расіі), а таксама паліт. суб’ектамі ў працэсе іх барацьбы за ўладу.
Літ.:
Военная политология. Мн., 1993;
Игнатов В.А., Шульгин В.В. Организация Объединенных Наций: Краткий справ. 2 изд. М., 1975.