МАЛДАВА́НЕ (саманазва малдавень),

народ, асн. насельніцтва Малдовы (2,8 млн. чал.). Жывуць таксама на Украіне (324,5 тыс. чал.), у Расіі (172,7 тыс. чал., 1992). Агульная колькасць 3,35 млн. чал. Гавораць на малдаўскай мове. Вернікі — праваслаўныя. У 1996 на Беларусі створана абшчына М. «Малдова».

т. 10, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІФЛЯ́НДЫЯ (ням. Livland краіна ліваў),

1) нямецкая назва Лівоніі ў 13—16 ст. 2) Афіцыйная назва тэр. Паўн. Латвіі і Паўд. Эстоніі (лат. Відземе, эст. Ліівімаа) у 17 — пач. 20 ст. ў складзе Швецыі (1629—1721, правінцыя) і Расіі (1721—1917, Ліфляндская губ.).

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МЛЕВА (Габрыэла Трафімаўна) (н. 27.12.1938, С.-Пецярбург),

расійская артыстка балета, педагог, балетмайстар. Нар. арт. Расіі (1975). Нар. арт. СССР (1983). Скончыла Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1957; у 1971—78 выкладала ў ім), балетмайстарскае аддз. Ленінградскай кансерваторыі (1984). У 1957—88 салістка Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. Педагог Марыінскага т-ра (з 1979) і Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі (з 1987, праф. з 1994). У яе творчасці віртуозная дасканаласць танца спалучалася з яркім акцёрскім талентам. Сярод створаных ёю вобразаў: Аўрора, Адэта-Адылія («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.​Мінкуса), Пахіта («Пахіта» Э.​Дэльдэвеза), Жызэль («Жызэль» А.​Адана), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), 7-ы вальс («Шапэніяна» на муз. Ф.​Шапэна), Жар-птушка («Жар-птушка» І.​Стравінскага), Асіят («Гаранка» М.​Кажлаева; Дзярж. прэмія Расіі імя М.​Глінкі 1976), Мехменэ Бану («Легенда аб каханні» А.​Мелікава), Гаспадыня Меднай гары («Каменная кветка» С.​Пракоф’ева), Сары («Сцежкаю грому» К.​Караева), Дзяўчына («Ленінградская сімфонія» на муз. Дз.​Шастаковіча). Здымалася ў тэлефільмах-канцэртах, тэлеэкранізацыях балетаў. Ставіць балеты ў Расіі і за мяжой. Прэміі Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1966, Балгарыя), Усесаюзнага конкурсу новых харэагр. нумароў (1967).

Літ.:

Быстров П. Г.​Комлева. Л., 1984.

Г.Комлева ў ролі Нікіі.

т. 8, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАСЛАВЯНАФІ́ЛЬСТВА,

плынь у рас. філасофіі канца 19 ст., заснаваная на новым тэарэт. абгрунтаванні ідэі славянафілаў аб процілеглым грамадскім развіцці Усходу і Захаду і асобай гіст. ролі славян, асабліва Расіі. Прадстаўнікі Н. (М.Данілеўскі, М.​Страхаў, К.​Лявонцьеў, У.Салаўёў) выступалі супраць ідэй франц. матэрыялістаў і рас. рэв. дэмакратаў, адмаўлялі прынцыпы дарвінізму, магчымасць развіцця Расіі па шляху еўрап. цывілізацыі, падтрымлівалі рас. самадзяржаўе, абгрунтоўвалі тэзіс пра «асаблівыя пачаткі» рас. гісторыі. Імкнуліся даказаць «богаабранасць Расіі», лічылі яе вольнай ад сац. варожасці і рэвалюцыянізму, сцвярджалі, што толькі моцная царская ўлада і рэліг.-этычны пачатак (праваслаўе) уратуюць краіну ад «згубнага ўплыву гніючага Захаду». Данілеўскі прапанаваў тэорыю адасобленых «культурна-гіст. тыпаў» (цывілізацый), якія развіваюцца на ўзор біял. арганізмаў і праходзяць праз этнагр., племянны (юнацтва), дзярж. (сталасць) і цывілізаваны (старасць, заняпад) перыяды. Якасна новым ён лічыў «славянскі» тып, паколькі Расія ўступіла ў перыяд росквіту, а еўрапейскі тып перажывае перыяд заняпаду, таму славянскае супольніцтва на чале з Расіяй будзе садзейнічаць «усяму высокаму» ў чалавецтве. Прыхільнікам ідэі месіянізму быў і Салаўёў. Лявонцьеў і Страхаў з пазіцый Н. прапагандавалі тэорыю «почвеніцтва», засн. на ідэі збліжэння народа («глебы») і «адукаваных саслоўяў». Ідэі Н. крытыкавалі М.​Чарнышэўскі, Дз.​Пісараў, М.​Салтыкоў-Шчадрын, К.​Ціміразеў і інш. прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку ў філасофіі.

І.​В.​Катляроў.

т. 11, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХАЛКО́Ў (Мікіта Сяргеевіч) (н. 21.10. 1945, Масква),

расійскі рэжысёр, акцёр. Нар. арт. Расіі (1984). Сын С.У.Міхалкова, брат А.С.Міхалкова-Канчалоўскага. Вучыўся ў тэатр. вучылішчы імя Б.​Шчукіна (1963—66). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1971). У кіно з 1961 (фільм «Хмары над Борскам»). Паставіў фільмы: «Спакойны дзень у канцы вайны» (1971), «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх» (1974), «Раба кахання» (1976), «Няскончаная п’еса для механічнага піяніна» (паводле А.​Чэхава, 1977; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне; паставіў таксама ў Рымскім т-ры «Арджанціна» з удзелам М.​Мастраяні, 1987), «Пяць вечароў» (паводле аднайм. п’есы А.​Валодзіна, 1979), «Некалькі дзён з жыцця І.​І.​Абломава» (паводле рамана «Абломаў» І.​Ганчарова, 1980), «Радня» (1982), «Вочы чорныя» (1987, Італія—СССР), «Урга — тэрыторыя кахання» (1991, Францыя — СССР, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кёльне), «Стомленыя сонцам» (1994, Францыя—Расія, «Оскар» 1995), «Сібірскі цырульнік» (1999) і інш. Здымаўся ў сваіх фільмах і ў фільмах інш. рэжысёраў; «Я крочу па Маскве», «Жорсткі раманс», «Прыніжаныя і зняважаныя», «Сібірыяда», «Рэвізор» і інш. Творчасць М. адметная высокім прафесіяналізмам, разнастайнасцю жанрава-стылявых вырашэнняў, майстэрскім выкарыстаннем выразных сродкаў, вастрынёй пастаноўкі маральных праблем. Аўтар кінасцэнарыяў. Старшыня Саюза кінематаграфістаў Расіі (з 1998). Дзярж. прэмія Казахстана 1978. Дзярж. прэміі Расіі 1993, 1995.

Літ.:

Никита Михалков: Сб. М., 1989.

М.С.Міхалкоў.

т. 10, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІРЭ́ЙСКІЯ ШКО́ЛЫ, епархіяльныя школы,

ніжэйшыя агульнаадукацыйныя саслоўныя (пераважна для дзяцей святароў) навуч. ўстановы. Існавалі ў Расіі ў 1721—37. Выкладаліся: чытанне, граматыка, рэлігія, у некаторых школах — таксама арыфметыка, лац., грэч., славянская, стараж.-яўрэйская мовы. З 1737 паступова пераўтвораны ў духоўныя семінарыі.

Г.​В.​Сегянюк.

т. 1, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХА́,

горад у Расіі, цэнтр раёна Сахалінскай вобл., у паўн.-ўсх. частцы в-ва Сахалін. Вядомы з 1880. 35,6 тыс. ж. (1994). Звязаны чыг. лініяй з портам Маскальво. Цэнтр нафтавай і газавай прам-сці Сахаліна. Металаапр., дрэваапр., харч. прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́Ў-ДЗЮРСО́ (ад абх. абраў правал + дзюрдсу чатыры крыніцы),

пасёлак гар. тыпу ў Краснадарскім краі Расіі, за 14 км на З ад Новарасійска, на беразе воз. Абраў. Засн. ў 1871. Вінаграднікі, вытв-сць высакаякасных шампанскіх і сталовых він, маркі якіх атрымалі шырокую вядомасць. Турызм.

т. 1, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУСЛА́ЕЎ (сапр. Бутэнка) Аляксандр Мікалаевіч

(11.4.1894, г. Міргарад, Украіна — 12.8.1976),

артыст цырка, дрэсіроўшчык ільвоў. Нар. арт. Расіі (1963). У 1929 стварыў паветраны атракцыён «Палёт на санках з-пад купала цырка» (разам з І.М.Бугрымавай). У 1940—63 працаваў з драпежнікамі. Аўтар успамінаў «Запіскі дрэсіроўшчыка ільвоў» (1965).

т. 3, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРГ,

горад у Расіі, цэнтр раёна ў Ленінградскай вобл. Засн. ў 1293. 80,3 тыс. ж. (1994). Порт на Фінскім заліве.

Чыг. вузел. Машынабудаванне і металаапрацоўка (рыбаапрацоўчае абсталяванне, суднабудаванне, электраінструмент), лёгкая, харч. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Кліматычны курорт. Цэнтр міжнар. турызму. Краязнаўчы музей.

т. 4, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)