МАЗЫ́РСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30 і 1935—38. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Мазыр. Пл. 16 268 км², нас. 319,2 тыс. чал. (1924). Уключала 10 раёнаў: Азарыцкі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Капаткевіцкі, Каралінскі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі і Тураўскі; раёны падзяляліся на 128 сельсаветаў. У М.а. ўваходзілі 3 гарады (Калінкавічы, Мазыр, Петрыкаў), 4 мястэчкі (Жыткавічы, Капаткевічы, Нароўля, Тураў). 9.6.1927 да М.а. далучаны Юравіцкі р-н скасаванай Рэчыцкай акр. На 1.1.1930 у М.а. 10 раёнаў, 3 гарады, 5 мястэчак і 124 сельсаветы. Акруговая газ. «Чырвонае Палессе». 26.10.1930 акруга скасавана. Зноў утворана 21.6.1935, уключала 9 раёнаў: Даманавіцкі, Ельскі, Жыткавіцкі, Капаткевіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі, Петрыкаўскі, Тураўскі. Акруговая газ. «Бальшавік Палесся». 20.2.1938 М.а. скасавана, тэр. ўключана ў Палескую вобласць.
т. 9, с. 514
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛУ́КСКІЯ АСТРАВЬІ (Moluccas, Maluku),
група астравоў ва ўсх. ч. Малайскага архіпелага, паміж а-вамі Сулавесі і Новая Гвінея. Тэр. Інданезіі. Пл. 83,7 тыс. км². Нас. 1,8 млн. ж. (1989). Асн. астравы — Хальмахера, Серам, Буру. Раён М.а. адзін з найб. актыўных раёнаў, дзе фарміруецца альпійская геасінклінальная вобласць Паўд.-Усх. Азіі. Астравы гарыстыя, пераважаюць выш. ад 1000 да 2000 м (найб. — 3019 м, г. Біная). Каля 10 дзеючых вулканаў. Клімат экватарыяльны, на Пд — субэкватарыяльны. Сярэднія т-ры ад 25 °C да 27 °C. Ападкаў ад 1500—2000 мм у нізінах, да 4000—5000 мм у гарах. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Больш за 80% тэрыторыі ўкрыта вечназялёнымі і лістападнымі трапічнымі лясамі. Вырошчваюць рыс, кукурузу, вострыя прыправы. Асн. порт — Амбон.
т. 10, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РКЕ (Marche),
адм. вобласць у Цэнтр. Італіі, на ПнУ Апенінскага п-ва. Уключае правінцыі Анкона, Пезара і Урбіна, Аскалі-Пічэна, Мачэрата. Пл. 9,7 тыс. км². Нас. каля 1,5 млн. чал. (1997). Гал. горад і порт — Анкона. Рэльеф пераважна горны і ўзгорысты (Умбра-Маркскія Апеніны з найвыш. пунктам г. Веторэ, 2478 м). Раўнінныя ўчасткі на ўзбярэжжы і ў далінах рэк Тронта, Метаўра, Патэнца. Клімат у гарах умераны, на ўзбярэжжы субтрапічны міжземнаморскі. Ападкаў каля 800 мм за год. Развіты сельская гаспадарка і прам-сць. Вырошчваюць пераважна пшаніцу і цукр. буракі. Вінаградарства. Мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні, авечкі). Шаўкаводства. Рыбалоўства. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр., суднабуд., хім., папяровая, цэм., шаўковая, тытунёвая, керамічная, дрэваапр., харчовая. ГЭС. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Турызм, на ўзбярэжжы — курортная зона.
т. 10, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭ́ЙДЖЫНГАВАЯ РАДЫЁСУ́ВЯЗЬ,
від радыёсувязі, які забяспечвае аднабаковую перадачу інфармацыі, прызначанай для пэўнага абанента. Прыём інфармацыі ажыццяўляецца з дапамогай пэйджэра. Часам нараўне з тэрмінам «П.р.» карыстаюцца тэрмінам «сістэма персанальнага радыёвыкліку».
Функцыі П.р. развіваліся ад аднабаковай перадачы сігналу выкліку да перадачы лічбавым спосабам моўных і факсімільных паведамленняў, даных з камп’ютэра і інш., а таксама да двухбаковай сувязі з магчымасцю пасылаць адказ на прынятае паведамленне, перадаваць інфармацыю з аднаго пэйджэра на другі і інш. П.р. бывае ведамасная і агульнага прызначэння, паводле тэрыторыі абслугоўвання — лакальная, занальная (напр., у межах нас. пункта), нац. і міжнародная. Сеткі П.р. будуюцца па радыяльным ці сотавым прынцыпе. Паведамленні, адрасаваныя абаненту па-за межамі зоны абслугоўвання, назапашваюцца ў сетцы сувязі і перадаюцца абаненту, калі ён ізноў апынецца ў гэтай зоне.
А.П.Ткачэнка.
т. 13, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),
правінцыя на Пд цэнтр. ч. Канады. Пл. 651,9 тыс. км². Нас. 990,2 тыс. чал. (1996). Адм. ц. — г. Рэджайна. Правінцыя знаходзіцца ў межах Лаўрэнційскага ўзвышша на Пн і Вялікіх раўнін на Пд. На Пн і ПнУ хвойныя лясы, на Пд і ПдЗ лесастэп і стэп (прэрыя). У С. каля 30% с.-г. зямель краіны, правінцыя дае амаль 50% збору пшаніцы, больш за 60% жыта і аўса. Значныя зборы ячменю, лёну і рапсу. Развіта жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінні). Птушкагадоўля. С.-г. вытв-сць сканцэнтравана на буйных высокамеханізаваных фермах. Буйная здабыча калійных солей, нафты, гелію, медзі, урану. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: харч. (мукамольная, мясакансервавая, масларобчая), хім., чорная металургія, с.-г. машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
т. 14, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЫЧУА́НЬ,
правінцыя на ПдЗ Кітая, у бас. верхняга цячэння р. Янцзы. Пл. 570 тыс. км². Нас. каля 110 млн. чал. (2000). Адм. цэнтр г. Чэнду. Усх. яе ч. — узгорыстая Сычуаньская катлавіна, акаймаваная гарамі; на З — ч. Тыбецкага нагор’я выш. да 7590 м (г. Гунгашань). Клімат субтрапічны мусонны, вільготны. Рэкі (Янцзы і яе прытокі) мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Асн. земляробчы раён — Сычуаньская катлавіна.
Гал. збожжавая культура — рыс. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, ячмень, бабовыя, батат, рапс, цукр. трыснёг, чай, бавоўнік, тунг, цытрусавыя. Шаўкаводства. Гадуюць на З якаў, авечак, коз, на У буйвалаў, свіней. Здабыча нафты, каменнай солі, каменнага вугалю, жал. руды, азбесту і інш. Прам-сць: маш.-буд., хім., баваўняная, харчовая; чорная і каляровая металургія. Асн. прамысл. цэнтры: Чунцын, Чэнду, Цзыгун. Транспарт чыг. і рачны.
т. 15, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАМІЛНА́Д,
штат на Пд Індыі, абмываецца Бенгальскім залівам. Пл. 130 тыс. км², Нас. каля 60 млн. чал. (2001), пераважна тамілы. Адм., прамысл. і культ. цэнтр, гал. порт — г. Мадрас. На ўзбярэжжы — алювіяльная раўніна, на З — частка Дэканскага пласкагор’я, асобныя горныя масівы. Клімат трапічны мусонны. Ападкаў 600—1200 мм за год, у гарах да 2500 мм. Лістападныя трапічныя лясы займаюць 10% тэр. З галін гаспадаркі пераважае земляробства. Гал. харч. культуры — рыс, пшаніца, кукуруза, прасяныя, бабовыя, агародніна; тэхн. — арахіс, бавоўнік, цукр. трыснёг, тытунь, каўчуканосы, кава, чай, спецыі, какосавая пальма. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, коз. Рыбалоўства. Лесанарыхтоўкі. Саляны промысел (з марской вады). Здабыча лігнітаў, баксітаў, магнезіту. Прам-сць: тэкст., харчасмакавая, гарбарная, маш.буд., чорная металургія, буд. матэрыялаў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
т. 15, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАСМА́НІЯ (Tasmania),
штат Аўстраліі. Займае в-аў Тасманію і прылеглыя а-вы. Пл. 68,3 тыс. км². Нас. 473,5 тыс. чал. (1997), пераважна англа-аўстралійцы, невял. колькасць выхадцаў з Вялікабрытаніі і інш. еўрап. краін. Абарыгены-тасманійцы не захаваліся, ёсць невял. група метысаў. Адм. і прамысл. ц., галоўны порт — г. Хобарт. Гал. галіна гаспадаркі — прамысловасць. Здабыча медных, жал., цынкавых, свінцовых, алавяных руд, золата, серабра, каменнага вугалю. На базе багатых гідрарэсурсаў развіты энергаёмістыя галіны (атрыманне электралітнай медзі, цынку, свінцу, кадмію, кобальту, аксіду тытану, алюмінію, ферамарганцу). Прадпрыемствы цэлюлозна-папяровай, тэкст., харч., цэм., дрэваапр. прам-сці. Лесанарыхтоўкі. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (каля 4 млн. авечак, 1 млн. галоў буйн. раг. жывёлы). У земляробстве пераважае вырошчванне кармавых культур, агародніны. Садоўніцтва. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі.
т. 15, с. 450
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧУЙКО́Ў Сямён Апанасавіч (30.10.1902, Бішкек — 18.5.1980),
кіргізскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1963). Правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў М.Хлудава ў г. Алматы, у Маскоўскім вышэйшым маст.-тэхн. ін-це (1924—30). У 1930—32 выкладаў у Ленінградскай АМ, у 1947—48 у Маскоўскім маст. ін-це. Абапіраючыся на традыцыі рус. выяўл. мастацтва, распрацоўваў жанравы і пейзажны кірг. жывапіс; у 1950—60-я г. звяртаўся да інд. тэматыкі. Творы вылучаюцца строгасцю кампазіцыі, тонкай распрацоўкай колеравых суадносін: цыклы «Кіргізская калгасная сюіта» (1939—48), «У нас у Кіргізіі» (1946—67), «Нашы браты» (1952—67), работы «Дачка савецкай Кіргізіі» (1948), «Дачка чабана» (1956), «Дакрананне да вечнасці» (1973), «Мары» (1975), «Аўтапартрэт са статуяй» (1979). Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951. Дзярж. прэмія Кыргызстана імя І.Сатылганава 1972.
т. 17, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТА́ЎТЭ (Staudte) Вольфганг Георг (9.10.1906, г. Саарбрукен, Германія — 19.1.1984),
нямецкі кінарэжысёр. З 1926 акцёр т-ра «Фольксбюнэ» ў Берліне. Працаваў у трупах М.Райнгарта і Э.Піскатара. З 1931 здымаўся ў кіно, ставіў рэкламныя фільмы. Адзін са стваральнікаў кінастудыі «ДЭФА» (1946). З 1966 праф. кінашколы ў Зах. Берліне. Яго лепшыя фільмы антыфаш. накіраванасці: «Забойцы сярод нас» (1946, у сав. пракаце «Яны не схаваюцца»), «Ратацыя» (1949, у сав. пракаце «Карычневая павуціна»), «Вернападданы» (1951, паводле Г.Мана), «Ружы для пана пракурора» (1959, за абодва прэміі Міжнар. кінафестываляў у Карлавых Варах), «Кірмаш» (1960), «Мужчынская кампанія» (1964) і інш. У іх спалучэнне жорсткай рэаліст. манеры і элементаў экспрэсіянісцкай стылізацыі, якая падкрэслівае неўладкаванасць чалавечых лёсаў, спустошанасць і разгубленасць людзей, якія перажылі вайну.
т. 17, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)