часовыя або пастаянныя сховішчы ў выглядзе рознага тыпу хадоў і камер, зробленых жывёламі ў глебе, драўніне, адкладах вадаёмаў і інш. субстратах.
Адрозніваюць Н. асн., або гнездавыя (для хавання ад непагоды, драпежнікаў, для запасаў корму, як месцы размнажэння і вырошчвання маладняку), і дапаможныя, або часовыя (могуць выконваць адну з функцый асн. Н.). Найб. складаныя па будове і працягласці (да соцень метраў) — Н. млекакормячых, найб. простыя — у птушак, паўзуноў, земнаводных, беспазваночных. Складаная сістэма хадоў, што ўтвараюць насякомыя (шашалі і інш.), уяўляе сабой у асн. кармавыя галерэі. Некат. жывёлы з пакалення ў пакаленне паглыбляюць і перабудоўваюць Н. (т.зв. «гарадкі»). Часта Н. адных жывёл выкарыстоўваюцца іншымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЯЧЫ́ЦЕЛЬСТВА,
форма абароны асабістых і маёмасных правоў і інтарэсаў грамадзян. Устанаўліваецца над непаўналетнімі ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, а таксама над асобамі, абмежаванымі судом у дзеяздольнасці ў выніку злоўжывання спіртнымі напіткамі, наркатычнымі сродкамі або псіхатропнымі рэчывамі. Рэгуляванне адносін па апецы і П. ажыццяўляецца цывільным і сямейным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. П. ўстанаўліваецца па месцы жыхарства падапечнай асобы або папячыцеля. Органамі апекі і П. з’яўляюцца мясц. выканаўчыя і распарадчыя органы і папячыцель можа прызначацца толькі з іх згоды. Папячыцелі аказваюць падапечным садзеянне ў ажыццяўленні імі сваіх правоў і выкананні абавязкаў, а таксама ахоўваюць іх ад злоўжыванняў з боку інш. асоб. Парадак устанаўлення П., кола правоў і абавязкаў папячыцеляў, рэгламентацыя іх адносін з падапечнымі вызначаюцца заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСАНА́ЛЬНАЯ ЭВМ, персанальны камп’ютэр,
малагабарытная мікраЭВМ індывідуальнага карыстання. Дае карыстальніку магчымасць працаваць у дыялогавым рэжыме. Адрозніваюць прафесійныя і бытавыя П. ЭВМ.
Прафесійныя П.ЭВМ па функцыянальных магчымасцях і матэм. забеспячэнні ідэнтычныя ЭВМ агульнага прызначэння сярэдняй прадукцыйнасці, маюць знешнюю памяць вял. ёмістасці, каляровыя графічныя прылады высокай раздзяляльнасці, сродкі для работы з камп’ютэрнымі сеткамі, у т. л.Інтэрнетам, і інш. Пераважна выкарыстоўваюцца як аўтаматызаваныя рабочыя месцы. Бытавыя П.ЭВМ арыентаваны на распрацоўку і рашэнне задач карыстальнікамі без спец. (прафесійнай) падрыхтоўкі ў галіне выліч. тэхнікі і праграмавання. Іх матэм. забеспячэнне мае сродкі навучання, у т. л. саманавучання. карыстальніка. Выкарыстоўваюцца для кіравання быт. тэхнікай, самастойнага навучання і работы, гульняў і інш.
Літ.:
Мячев А.А. Персональные ЭВМ: краткий энцикл. справ. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШЫ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Першы чырвонаармейскі паказальны тэатр пры Палітаддзеле 16-й арміі Зах. фронту. Існаваў з восені 1919 да 1920 (аб’яднаны з Другім паказальным тэатрам і Трэцім паказальным тэатрам). Сфарміраваны ў Магілёве з прафес. акцёраў і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Рэжысёры; Г.Бранікоўскі, М.Дняпроў, І.Яфімаў. Ставіліся п’есы, імправізацыі, мініяцюры, інсцэніроўкі рознай тэматыкі. Сярод пастановак: «Чырвоная праўда» А.Вермішава, «Легенда пра камунара» П.Казлова, «Да перамогі», «Генерал Барклаеў», «Пачуццё абавязку», «Так было» Бранікоўскага (апошні з Яфімавым), «Рэвалюцыйнае вяселле» С.Мікаэліса, «Кароль Арлекін» Р.Латара, «Жаніцьба» М.Гогаля, «На бойкім месцы» А.Астроўскага, «Свеціць ды не грэе», «Жаніцьба Бялугіна» Астроўскага і М.Салаўёва, «Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна, «На дне» М.Горкага, «Карчмарка» К.Гальдоні, «Патоп» Ю.Бергера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКІ КАСЦЁЛ КА́РЛА БАРАМЕ́ЎША помнік архітэктуры барока 18 ст. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1770—82 з цэглы ў б. прадмесці Пінска Каралін на месцы драўлянага касцёла 1695. Асвячоны ў 1784. Адначасова з касцёлам існавалі драўляныя кляштарны корпус і гасп. пабудовы (не захаваліся). Будынак касцёла 1-нефавы, з невял. трансептам. Алтарная частка не вылучана, сакрысціі размешчаны за гал. алтаром нефа. Да касцёла прылягае 2-ярусная званіца з шатровым дахам і купалам. Асаблівасць збудавання — моцныя канструкцыі сцен (таўшчыня больш за 2 м). Бакавыя сцены прарэзаны невял. арачнымі аконнымі праёмамі і расчлянёны лапаткамі. Нешматлікія элементы барочнай аздобы (пілястры, нішы, паяскі і інш.) выкарыстаны пераважна ў званіцы. У 1992 касцёл прыстасаваны пад канцэртную залу арганнай музыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗМЕ́ТКА,
1) слясарная аперацыя нанясення на загатоўкі метак (кропак і ліній), якія паказваюць контуры паверхняў, што падлягаюць мех. апрацоўцы, а таксама восевых і дапаможных ліній, цэнтравых знакаў для выверкі загатовак пры ўстаноўцы на станках.
Робіцца на спец. разметачнай пліце з дапамогай разнастайных разметачных інструментаў. Асн. спосабы Р.: па чарцяжы, шаблоне, узоры, па месцы (па памерах адной дэталі размячаюць памеры спалучанай з ёй дэталі). Для правільнай устаноўкі загатовак на разметачнай пліце карыстаюцца спец. прызмамі, дамкратамі, падкладкамі і інш. 2) Р. дарожная — лініі і абазначэнні на праезнай частцы вуліц і дарог, на апорах мастоў, бардзюрах і інш. Устанаўліваюць парадак дарожнага руху, дапамагаюць арыентавацца ў дарожных абставінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬЧЫЦКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у 12 — 1-й пал. 20 ст. на месцы рэзідэнцыі полацкіх князёў у б. прадмесці Полацка Бельчыцы, за км ад Верхняга замка, на левым беразе р.Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка. Унікальны культавы комплекс 12 ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манум. жывапісе Стараж. Русі. Уключаў 4 мураваныя храмы (захаваліся фундаменты 3 цэркваў), пабудаваныя ў 12 ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.
Вялікі сабор (пабудаваны ў 1120—30-я г., назва невядома) — крыжова-купальны 3-апсідны храм, падзелены 6 стаўпамі на 3 нефы, меў 3 прытворы. Вынесеная ў асобную зону алтарная частка, далучаная да асн. аб’ёму, надавала храму ўзнёслы цэнтрычны выгляд. Фасады дэкарыраваны плоскімі лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, сцены размаляваны фрэскамі (зберагліся фрагменты). Барысаглебская царква — 3-нефавы 1-апсідны храм. Да невял. квадратнага ў плане 4-стаўповага асн. аб’ёму з З далучаўся нартэкс, які з хорамі ўтвараў паніжаны адносна ўсёй кампазіцыі аб’ём. Сцены ўнутры былі ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі святых, арнаментам. Пятніцкая царква — падоўжаная ў плане вузкая пабудова, паніжаная зах. частка якой (магчыма, 18 ст.) стаяла на месцы першапач. прамавугольнай апсіды. Мела таксама прытвор і крыпту (верагодна, пахавальня кн. Барыса Усяславіча). Сцены былі размаляваны фрэскамі. Храм-трыконх паводле малюнка канца 18 ст. — падоўжаны па восі У—З прамавугольнік з паўкруглай апсідай, дзе быў прастол. Бакавыя апсіды ўтваралі своеасаблівы трансепт, на 4 слупы якога абапіраўся барабан з купалам. Падобную планіроўку маюць храмы Афона, Балгарыі і Сербіі.
У 1928 напаўразбураныя Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы даследаваў І.М.Хозераў. Вялікі сабор даследавалі ў 1965 М.К.Каргер, у 1970-я г. П.А.Рапапорт, у 1990 А.А.Трусаў.
Літ.:
Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992.
Г.А.Лаўрэцкі.
Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Барысаглебская царква. З гравюры. 19 ст.Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Акварэль І.Трутнева. 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «АКО́ПЫ» Засн. 5.9.1989 у Лагойскім р-не Мінскай вобл. з цэнтрам у в. Харужанцы. Адкрыты 29.8.1992. Агульная пл. 6,64 га. Складаецца з літ.-маст. (в. Харужанцы) і мемар. (б. хутар Акопы) частак. Хутар Акопы з 1909 арандавала маці Я.Купалы. Сюды штогод прыязджаў Я.Купала ў час вучобы ў Пецярбургу, з Вільні і Мінска. Пасля 1917 Акопы перайшлі ва ўласнасць маці, якая жыла тут да 1926, і сясцёр (да 1929) паэта. Ваколіцы хутара сталі для Я.Купалы месцам літ. сустрэч, дыскусій, спасціжэння культ.-гіст. традыцый. Тут паэт напісаў больш за 80 вершаў, паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», «Гарыслава», камедыі «Паўлінка», «Прымакі», драму «Раскіданае гняздо», трагікамедыю «Тутэйшыя». У в. Харужанцы адноўлена тыпавая пабудова пач. 20 ст. (на месцыб. хутара Міхалішкі), у 5 залах якой размешчана літ.-маст. экспазіцыя (аўтары — мастакі Э.Агуновіч, А.Грачоў, У.Пратасеня). У ёй прадстаўлена больш за 230 экспанатаў, у т. л. работы мастакоў Агуновіча, В.Александровіча, М.Басалыгі, А.Волкава, А.Кашкурэвіча, М.Купавы, Г.Паплаўскага, У.Савіча, В.Шаранговіча, дакументы, фотаздымкі, кнігі і ўспаміны пра Я.Купалу, матэрыялы пра купалаўскія мясціны на Лагойшчыне і Міншчыне. Тут пастаўлены помнік «Малады Купала» (1992, скульптары А.Заспіцкі і Г.Мурамцаў), зроблена адкрытая эстрада для масавых мерапрыемстваў. На месцыб. хутара Акопы падмуркі пабудоў, валун, на якім у 1982 устаноўлены мемар. знак са словамі з верша Я.Купалы «З кутка жаданняў».
Літ.:
Содаль У. Акопы // Содаль У. Пуцявінамі сейбіта. Мн., 1982;
Лойка А. Акопы // Лойка А. Як агонь, як вада...: Раман-эсэ пра Янку Купалу. Мн., 1984;
Купалаўскія сцежкі Лагойшчыны. Мн., 1993;
Купалавым гасцінцам. Мн., 1996.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы».Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы». Мемарыяльны валун.Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы». Помнік «Малады Купала».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧО́СКАЯ НІЗІ́НА, Лучосы нізіна,
фізіка-геаграфічны раён Беларускага Паазер’я на ПдУ Віцебскай вобл. На Пд мяжуе з Горацка-Мсціслаўскай узвышанай раўнінай і Аршанскім узвышшам, на З — з Чашніцкай раўнінай, на Пн — з Віцебскім узвышшам, на У заходзіць у межы Расіі. 3 Пн на Пд працягнулася на 50 км, з 3 на У — 50—60 км. Пл. 2,3 км². Выш. 155—175 м.
Л.н. прымеркавана да Аршанскай упадзіны. Асадкавы чахол складзены з парод сярэднерыфейска-ніжнявендскага комплексу, сярэдняга і верхняга дэвону. Для антрапагенавай тоўшчы (магутнасць каля 60 м) характэрны адклады дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. У эпоху паазерскага зледзянення на месцы Л.н. існаваў прыледавіковы вадаём. Пры адступленні ледавіка на Пн узнікла мелкаводнае Лучоскае воз., на месцы якога пасля спуску вод р. Лучосай утварылася азёрна-ледавіковая нізіна з рэшткавымі азёрамі.
Паверхня нізіны спадзіста-хвалістая, месцамі плоская, парэзаная далінамі рэк, лагчынамі сцёку і катлавінамі. Ваганні адносных выш. да 3 м. Аднастайнасць рэльефу парушаецца дзюнамі, радзей озамі. На Пн і У захаваліся астанцы марэннай раўніны і размытыя марэнныя ўзгоркі з адноснымі выш. 5—15 м. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, буд. пяскі, торф. Асн.р. Лучоса з прытокамі Абалянка, Чарніца, Сухадроўка; на Пд працякае р. Аршыца (прыток Дняпра). Лучоса выкарыстоўвалася на водным шляху (шлях «з варагаў у грэкі») ад Зах. Дзвіны да Дняпра. Азёры: Вял. Арэхаўскае, Серакаротня, Дзевінскае, Казённае, Зелянское, Скрыдлева, Кічына і інш. Сярэднія т-ры студз. -7,8 °C, ліп. 18 °C, ападкаў 620 мм за год. Глебы дзярнова-падзолістыя слаба і сярэдне ападзоленыя, дзярновыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 40% тэрыторыі. На Пн і ПдУ пераважаюць буйныя масівы драбналістых лясоў (бародаўчатабярозавыя, шэраальховыя, асінавыя), уздоўж рэк Лучоса і Чарніца — хваёвыя; невял. масівамі трапляюцца яловыя лясы. Балоты вярховага і нізіннага тыпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЛЁТЫ ПТУ́ШАК,
штогадовыя рэгулярныя масавыя перамяшчэнні птушак з гнездавання ў месцы зімовак і наадварот; адна з форм міграцыі жывёл. Склаліся гістарычна і генетычна (спадчынна) замацаваны. Маюць зменлівы характар: папуляцыі аднаго віду могуць быць пералётнымі і аселымі (напр., галка ва Усх. Еўропе аселая, у Сібіры пералётная). Асн. прычыны П.п. — змена сезоннай і сутачнай фотаперыядычнасці, змены т-ры, прыстасаванне да сезонных ваганняў клімату і залежных фактараў (забеспячэнне кормам і інш.). Адлегласці, шляхі і скорасці П.п. розныя: ад 400 км (дразды, пуначкі і інш.) да 30 тыс.км у крачкі палярнай; за суткі пераадольваюць ад 30 км (сініцы) да 300 км (мухалоўкі, сітаўкі і інш.). На Беларусі сістэм. назіранні за П.п. вядуцца з 1960-х г.
Месцы гнездавання і зімовак птушак пастаянныя. Большасць еўрап. відаў зімуе ў Паўд, Паўд.-Зах. Еўропе і Афрыцы, заходнесібірскіх — у Зах. Азіі і ва ўсх.ч. Афрыкі, усходнесібірскіх і далёкаўсходніх — у Індыі, Аўстраліі, Амерыцы. У арыентацыі птушак вял. значэнне мае рэцэпторная сістэма, пачуццё геагр. размяшчэння, звязанае з магн. з’явамі на Зямлі і інш П.п. адбываюцца ўдзень (берасцянкі, буслы, жураўлі, шпакі), уначы (валасянкі, некат. кулікі, пастушкі), удзень і ўначы (гагары, гусі і інш.). Большасць птушак ляціць чародамі рознай канфігурацыі (гусі — ключом або клінам, жураўлі — клінам, качкі — шарэнгай, шпакі — шматслойнай чарадой), некат. віды — па адной ці невял. групамі. У час пералётаў птушкі ляцяць на выш. ад 100 да 1000 м, зрэдку большай. Вясной птушкі ляцяць хутчэй, чым восенню. Вывучаюць П.п. метадамі кальцавання птушак, радыёлакацыі, тэлеметрыі і інш. На пералётах мае вял. значэнне міжнар. ахова птушак.
Літ.:
Дольник В.Р. Таинственные перелеты. М., 1968;
Михеев А.В. Перелеты птиц. 2 изд. М., 1981;
Карри-Линдал К. Птицы над сушей и морем: Пер. со швед.М., 1984.