комплекс машын і абсталявання для аддзялення выкапанай бульбы ад раслінных рэшткаў і глебы з адначасовым калібраваннем клубняў і падачай іх у тару. Бывае перасоўны (выкарыстоўваецца каля буртоў і бульбасховішчаў) і стацыянарны.
Перасоўны бульбасартавальны пункт КСП-15В мае прыёмны бункер (да 8 т), модулі сепарацыі і калібравальны (на яго вынасных транспарцёрах можна перабіраць бульбу ўручную), загрузачныя канвееры. На калібравальным модулі фуражная бульба (меней за 50 г) і сярэдняя яе фракцыя (50—80 г) правальваюцца ў ячэйкі паміж ролікамі, а буйнейшыя клубні ідуць на транспарцёр ручной пераборкі. Прадукцыйнасць такога пункта 8—18,8 т/гадз. У Беларусі выкарыстоўваюцца таксама стацыянарныя бульбасартавальныя пункты айч. вытв-сці прадукцыйнасцю 25—30 т/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ГІНу супраціўленні матэрыялаў,
від дэфармацыі, які праяўляецца ў скрыўленні восі або пасярэдняй паверхні цела (бэлькі, бруса, пліты, абалонкі і інш.) пад дзеяннем знешняй сілы ці т-ры. У адносінах да прасцейшых цел (напр., бруса) велічыня скрыўлення ў межах пругкасці залежыць ад велічыні выгінальнага моманту і жорсткасці цела.
Адрозніваюць выгіны: просты, або плоскі (знешнія сілы ляжаць у адной плоскасці); складаны (выклікаецца сіламі, што дзейнічаюць у розных плоскасцях); касы (прыватны выпадак складанага выгіну); чысты (дзеянне толькі выгінальных момантаў); папярочны (дзейнічаюць таксама і папярочныя сілы). У інж. практыцы разглядаюцца таксама падоўжныя і падоўжна-папярочныя выгіны. Разлікі на выгіны (у т. л. трываласці матэрыялаў на выгіны) робяць пры праектаванні машын, механізмаў, інж. збудаванняў, даследаванні сістэм будаўнічай механікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПАРТ (англ. import ад лац. importo прывожу),
прывоз у краіну замежных тавараў, тэхналогій, паслуг (платнае карыстанне паслугамі замежных фірм), капіталаў (у форме крэдытаў ці займаў), каштоўных папер і інш. матэрыяльных каштоўнасцей для рэалізацыі (выкарыстання) на ўнутр. рынку, а таксама транзіту ў трэція краіны; расходы фіз. і юрыд. асоб, урада дадзенай краіны на набыццё тавараў і паслуг, зробленых у інш. краінах. Процілеглае значэнне — вываз тавараў, экспарт. Адрозніваюць І. бачны (увоз матэрыяльных каштоўнасцей); І. ускосны (І. камплектуючых вырабаў для машын, паўфабрыкатаў, абсталявання); І. нябачны (затраты на перавозку грузаў, пасажыраў, турызм, грашовыя пераводы і інш.). Структура І. вызначаецца асаблівасцямі прыродных умоў краіны, развіццём яе эканомікі і яе роляй у міжнар. раздзяленні працы. І. рэгулюецца нац. заканадаўствам, паліт.-прававымі абмежаваннямі, мытным тарыфам, сістэмай ліцэнзавання і інш. нетарыфнымі мерамі знешнеэканам. рэгулявання. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі, Знешні гандаль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́БКА ПЕРАДА́Ч, каробка скарасцей,
механізм, з дапамогай якога рэгулююць частату вярчэння выхаднога вала ў сілавых перадачах трансп.машын, станкоў і інш. Размяшчаецца ў асобным корпусе (каробцы) ці ў агульным з інш. механізмамі. Бывае бесступеньчатая (варыятар), ступеньчатая (мае зубчастыя перадачы) і камбінаваная. Канструкцыя залежыць ад прызначэння К.п., спосабу пераключэння перадач і тэхн. характарыстык машыны ці станка. К.п., прызначаная для змены падачы (перамяшчэння інструменту адносна апрацаванай загатоўкі) у металарэзных, дрэваапрацоўчых і каменярэзных станках, наз. каробкай падач.
В.А.Сяргеенка.
Схема трохступеньчатай каробкі перадач: 1 — вядучы вал; 2 — вядучая шасцярня пастаяннага зачаплення; 3 — кулачковая муфта; 4 — шасцярня 2-й перадачы; 5 — шасцярня 1-й перадачы і задняга ходу; 6 — выхадны вал; 7 — прамежкавая шасцярня задняга ходу; 8, 9, 10 — вядучыя шасцерні задняга ходу, 1-й і 2-й перадач; 11 — прамежкавы вал; 12 — выхадная шасцярня пастаяннага зачаплення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́ЎЗІУС ((Clausius) Рудольф Юліус Эмануэль) (2.1.1822, г. Кашалін, Польшча — 24.8.1888),
нямецкі фізік, адзін з заснавальнікаў тэрмадынамікі і кінетычнай тэорыі газаў. Чл.-кар. Берлінскай АН (1876), замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1878). Скончыў Берлінскі ун-т (1848). Праф. Цюрыхскага (з 1857), Вюрцбургскага (з 1867) і Бонскага (з 1869) ун-таў. Навук. працы ў галіне малекулярнай фізікі, тэорыі цеплавых машын, тэарэт. механікі і матэм. фізікі. Адначасова з У.Томсанам даў адну з першых фармулёвак другога закону тэрмадынамікі (1850), увёў паняцце энтрапіі, тэарэтычна абгрунтаваў сувязь паміж зменай т-ры плаўлення (кіпення) і зменай ціску (гл.Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне). Распрацаваў тэорыю палярызацыі дыэлектрыкаў, сфармуляваў гіпотэзу «цеплавой смерці» Сусвету.
Літ.:
Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 159—202;
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 235—238.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́ЎЛЕНД (Cleveland),
горад на ПнУ ЗША, у штаце Агайо, порт на паўд. беразе воз. Эры. Засн. ў 1796. 492,9 тыс.ж., з прыгарадамі больш за 2,8 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны гандлёва-фін. і культ. цэнтр краіны. Адзін з буйнейшых у ЗША цэнтраў чорнай і каляровай металургіі, металаапрацоўкі, машынабудавання. Найб. развіта аўтамаб. і ваен.прам-сць. Вытв-сць штампаваных дэталей, буд. канструкцый, станкоў і інструментаў, кампанентаў для ракет і самалётаў, прамысл. і быт. электрапрылад, дарожна-буд. машын, абсталявання для горнай, харч., паліграф. прам-сці, кантрольна-вымяральных прылад, рознага прамысл. абсталявання. Прадпрыемствы хім., паліграф., харч. прам-сці. Метрапалітэн. 8 ун-таў і каледжаў. Музеі. Тэатры, у т. л. адзін з старэйшых у краіне. У К. працуе некалькі арг-цый бел. эміграцыі.
Літ.:
Кушнер В., Сяргеева Г. Беларусы ў Кліўлендзе // Бел.гіст.часоп. 1993. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛГАВА (Jelgava),
горад у Латвіі, прыстань на р. Ліелупе. 73,9 тыс.ж. (1992). Чыг. вузел. Прам-сць: машынабуд. (з-ды «РАФ», с.-г.машын), металаапр., лёгкая і харчовая. С.-г. акадэмія. Музеі: краязнаўчы, гіст. і мастацкі. Арх. помнікі: касцёл св. Ганны (1573—1641), барочны палац Бірона (18 ст., арх. В.Растрэлі, перабудаваны ў 19 і 20 ст., на месцы замка 13 ст.), т.зв. Акадэмія Пятра (1771, цяпер музей), т.зв. Віла Медэма ў стылі класіцызму (пач. 19 ст.).
Засн. ў 1226. Наз. Мітава (да 1917) ад аднайм. замка. пабудаванага Лівонскім ордэнам у 1265. У 1561—1795 сталіца Курляндскага герцагства (з 1573 горад). У 1795 далучана да Расіі, цэнтр Курляндскай губ. У 1920—40 і з 1991 горад у Латв. рэспубліцы, у 1940—90 у Латв. ССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—44).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІЎНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ КО́МПЛЕКСНЫ ПРАЕ́КТНА-ПО́ШУКАВЫ І НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДІпалівапраект) канцэрна Белпалівагаз. Засн. ў 1928 у Мінску. У 1960—77 Белдзіпраторф. З 1978 БелНДІпалівапраект, з 2000 рэсп. унітарнае прадпрыемства БелНДІпалівапраект. Асн. кірункі дзейнасці: вывучэнне рэсурсаў мясц. цвёрдага паліва і распрацоўка кірункаў рацыянальнага і эфектыўнага іх выкарыстання; распрацоўка новых і ўдасканаленне існуючых тэхнал. працэсаў здабычы торфу, вытв-сці новых відаў цвёрдага паліва на аснове бурага вугалю, торфу, лігніну і інш.; распрацоўка тэхнал. працэсаў і стварэнне сродкаў механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці торфабрыкетаў, аўтаматызаванага абсталявання па вытв-сці прадукцыі для сельскай гаспадаркі і насельніцтва на аснове торфу; выпрабаванне новых машын і абсталявання; комплексныя вышуканні радовішчаў торфу і інш.інж. вышуканні; праектаванне прадпрыемстваў па здабычы і перапрацоўцы торфу, бурага вугалю і сланцаў; праектаванне жылых пасёлкаў і аб’ектаў культ.-быт. прызначэння для прадпрыемстваў паліўнай прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ЙНЫЯ СРО́ДКІ,
рэчывы ці сумесі рэчываў, якія ў растворах аказваюць мыйнае дзеянне і выкарыстоўваюцца для ачысткі ад забруджванняў паверхняў розных рэчаў.
Аснова М.с. — паверхнева-актыўныя рэчывы, здольныя да міцэлаўтварэння (гл.Міцэлы). Найб. важнымі з’яўляюцца М.с., прызначаныя да выкарыстання ў водным асяроддзі. Да іх адносяць мылы і шматкампанентныя кампазіцыі сінт. М.с. (СМС), якія не трацяць мыйнай здольнасці ў жорсткай вадзе. Аснова большасці з іх — солі сульфакіслот (найб. пашыраны алкілбензолсульфанаты) і кіслых сульфаэфіраў. Кампазіцыі СМС уключаюць дапаможныя рэчывы (неарган. электраліты), што паляпшаюць мыйнае дзеянне, а таксама спец. дабаўкі (ферменты, бактэрыцыды, стабілізатары пены, пахучыя рэчывы, антыаксіданты і інш.). Вырабляюць М.с. вадкія, пастападобныя, цвёрдыя (кавалкі, гранулы, парашкі). Выкарыстоўваюць у быце для мыцця бялізны, посуду, шкла, керамічных і інш. вырабаў, як сродкі асабістай гігіены (шампунь, зубная паста), у тэхніцы (тэхн. М.с.) для мыцця розных механізмаў і машын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЗА́РАЎ (Сяргей Іванавіч) (14.10.1928, в. Барадзіно Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. — 11.8.1999),
бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Акад. УАСГНІЛ (1988, чл.-кар. з 1982; з 1992 — Рас. акадэмія с.-г. навук), Акадэміі агр. навук Беларусі (1992). Д-ртэхн.н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1981). Скончыў БСГА (1953). З 1962 у Цэнтр.НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (у 1968—80 нам. дырэктара), у 1980—93 рэктар БСГА. Навук. працы па тэхніцы і тэхналогіі ўнясення мінер. і арган. угнаенняў, інш. праблемах механізацыі с.-г. вытв-сці. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана больш як 20 с.-г.машын, якія выпускаюцца прам-сцю Беларусі.
Тв.:
Механизация обработки и внесение органических удобрений. Мн., 1993 (разам з В.А.Шаршуновым);
Механизация уборки и послеуборочной обработки семян кормовых культур и трав. Мн., 1997 (з ім жа).