вострая вірусная хвароба, падобная прыкметамі да адру ці шкарлятыны. Найчасцей хварэюць дзеці. Заражэнне адбываецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Дае стойкі імунітэт. Інкубацыйны перыяд 5—23 дні.
Адрозніваюць К. набытую і прыроджаную. Сімптомы К. набытай: павелічэнне (да 10—20 мм) патылічных і задняшыйных лімфатычных вузлоў, дробная (5—10 мм) бледна-ружовая высыпка (найбольш на разгібальнай паверхні рук і ног, іншы раз з павышэннем т-ры цела), якая знікае праз 2—4 дні без пігментацыі і лушчэння. Пры прыроджанай К. (калі маці хварэла на К. ў першыя 3 месяцы цяжарнасці) дзеці могуць нараджацца з заганамі: глухата, катаракта, парокі сэрца, пашкоджанне нерв. сістэмы, заганы развіцця мочапалавых органаў, печані і страўнікава-кішачнага тракту. Лячэнне сімптаматычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСАНТО́МА (ад грэч. xanthos жоўты + ...ома),
паталагічнае ўтварэнне, што ўзнікае ў скуры пры парушэннях ліпіднага абмену і ўяўляе сабой назапашванне фагацытаў, якія ўтрымліваюць халестэрын і трыгліцэрыды. Адрозніваюць 3 яе разнавіднасці: ксанталазма (найчасцей бывае ў пажылых жанчын) — сіметрычна размешчаныя каля ўнутр. краю вока плоскія, мяккія ўтварэнні жаўтавата-аранжавага колеру, авоіднай ці стужкападобнай формы; множная вузельчыкавая — бязбольныя, сіметрычна размешчаныя на скуры галавы, твару, каленных і локцевых суставаў, ягадзіцах вузельчыкі ад жоўтага да карычневага адцення (па краях ружова-чырвоныя); туберозная пухлінападобная (бывае ў нованароджаных і малых дзяцей, радзей у дарослых) — бязбольныя, дольчатыя, шчыльныя ўтварэнні на локцевых і каленных суставах памерам з вішню ці грэцкі арэх жоўтага колеру з бурым ці фіялетавым адценнем. Развіваецца павольна, прагрэсіруе. Лячэнне тэрапеўтычнае (печані, падстраўнікавай залозы, нырак), хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПТАСПІРО́З,
вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл. Узбуджальнікі — лептаспіры, перадаецца ад грызуноў, свойскіх і прамысл. жывёл (лісоў, пясцоў і інш.). Заражэнне адбываецца пры спажыванні прадуктаў ці вады, забруджаных лептаспірамі. У чалавека выяўляецца інтаксікацыяй з паражэннем скуры, нырак, печані, нерв. сістэмы. Адрозніваюць жаўтушны Л. (хвароба Вейла—Васільева) і безжаўтушны Л. (водная ліхаманка). Інкубацыйны перыяд да 20 дзён. Прыкметы: дрыжыкі, болі ў спіне, мышцах, т-ра цела 39—40 °C, галаўны боль, адутлаватасць твару, высыпка на скуры, ірвота, адбываюцца змены ў нырках, печані, нерв. сістэме і інш.Лячэнне тэрапеўтычнае. У жывёл да Л. схільны буйная раг. жывёла, свінні, козы, свойскія птушкі і інш. Стан жывёл прыгнечаны, у іх павышаецца т-ра цела, рэзка зніжаецца прадукцыйнасць, пры вострым цячэнні хваробы могуць гінуць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́ГРА [грэч. podagra ад pus (podos) нага + agra пастка],
захворванне арганізма, якое абумоўлена парушэннем пурынавага абмену. Праявы: прыступападобны артрыт, пашкоджанне нырак і інш. органаў у выніку адкладання ў тканках солей мачавой к-ты, павышаны ўзровень мачавой к-ты ў крыві. Прыкметы: прыступы моцнага болю ў адным ці некалькіх суставах, прыпухласць сустава, пачырваненне скуры над ім, павышаная т-ра цела, немагчымасць рухаў і інш. Прыступы П. паўтараюцца, пашкоджваюцца новыя суставы. Вострыя прыступы бываюць ад фіз. нагрузкі, траўмы, ужывання алкаголю і інш. Паступова П. набывае хранічнае цячэнне: акрамя артрыту з’яўляюцца намнажэнні солей мачавой к-ты (тофусы) у вобл. вушных ракавін, суставаў і інш. Часта П. спадарожнічае атлушчэнне, парушэнне вугляводнага абмену і інш.Лячэнне: дыета, тэрапеўт., фізкультура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЯДЭРМІ́Я (ад грэч. pion гной + дэрма),
гнайнічковыя хваробы скуры, агульная назва пашкоджанняў скуры, выкліканых уздзеяннем гнаяродных мікраарганізмаў (стафілакокаў, стрэптакокаў, зрэдку вульгарнага пратэю, кішачнай і сінягнойнай палачкі і інш.). Бывае першаснай і другаснай (як ускладненне інш. захворванняў скуры). Развіццю П. спрыяюць прафес. і быт. забруджанні скуры, мікратраўмы, пераграванне або пераахаладжэнне, парушэнне функцый унутр. органаў, ц. н. с., абмену рэчываў. Некат. формы часцей назіраюцца ў дзяцей (псеўдафурункулёз), інш. ў дарослых (сікоз). Адрозніваюць стафіла-, стрэпта- і стафіластрэптапіядэрміі. Пры стафілапіядэрміі найчасцей пашкоджваюцца валасяныя фалікулы і потавыя залозы (гідрадэніт, карбункул, фурункул і інш). Стрэптакокапіядэрміі (заеда, імпеціга, хранічная параніхія і інш.) выклікаюць паверхневае або глыбокае запаленне скуры. Да стрэптастафілакокавых адносяць хранічную глыбокую язвавую і язвава-вегетуючую П. Лячэнне: тэрапеўтычнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКСАПАТАЛО́ГІЯ (секс + ...паталогія),
галіна клінічнай медыцыны, якая вывучае палавыя расстройствы, распрацоўвае метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі; раздзел мед.сексалогіі. Вывучае функцыян., эмацыянальныя, асабістыя, сац.-адаптацыйныя аспекты сексуальных расстройстваў. Звязана з уралогіяй, гінекалогіяй, андралогіяй, эндакрыналогіяй, неўрапаталогіяй, псіхіятрыяй. Падзяляецца на агульную і прыватную. Агульная С. вывучае асн. заканамернасці суадносін і дыферэнцыяцыі полаў, анатама-фізіял. асновы палавой сферы і інш.; прыватная — канкрэтныя захворванні, якія парушаюць сексуальную функцыю, іх лячэнне з улікам спецыфічных псіхасексуальных асаблівасцей хворага. У С. вял. роля належыць прынцыпу партнёрства, які ўлічваецца ў дыягностыцы, паходжанні парушэнняў і іх лячэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ФІЛІС, люэс,
хранічная венерычная хвароба, якая выклікаецца бледнай трэпанемай. Пашкоджвае ўсе органы і тканкі арганізма чалавека, мае шматгадовы хвалепадобны характар цячэння з перыядамі затухання і абвастрэння. Перадаецца пераважна палавым шляхам, бывае бытавы С. і ўнутрывантробны (прыроджаны, які можа развівацца ў любым узросце). Крыніца інфекцыі — хворы на С.
Адрозніваюць інкубацыйны, першасны, другасны і трацічны перыяды хваробы. У першасны перыяд на месцы пранікнення ўзбуджальніка развіваецца першасная язва (цвёрды шанкер), павялічваюцца бліжэйшыя лімфатычныя вузлы. Другасны перыяд найб. кантагіёзны, на скуры і слізістых абалонках хворага пашыраецца разнастайная высыпка (плямістая, вузельчыкавая, гнайнічковая), бывае пляшывасць. Трацічны ўзнікае, калі С. не лечаць. Утвараюцца гумы (спецыфічныя бугаркі і вузлы) у скуры, касцях, унутр. органах, нерв. сістэме. Лячэнне тэрапеўтычнае Гл. таксама Венерычныя хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАТЭРАПІ́Я (ад аэра... + тэрапія),
метад клімататэрапіі, заснаваны на выкарыстанні лек.-прафілактычных уласцівасцяў атм. паветра. Асн. працэдуры аэратэрапіі — паветраныя ванны (кароткатэрміновае ўздзеянне паветра на аголенае цела); «веранднае лячэнне» (працяглае знаходжанне на адкрытых верандах, балконах, у аэрасалярыях, спец. кліматапавільёнах), дзённы і начны сон на адкрытым паветры і інш. Як сродак загартоўвання арганізма аэратэрапія асабліва карысная дзецям. Хворым і людзям старэй за 60 гадоў назначаюць з асцярожнасцю. Аэратэрапія павышае ўстойлівасць арганізма да неспрыяльных умоў у хворых з расстройствамі сардэчна-сасудзістай і дыхальнай сістэм, пры малакроўі і функцыянальных парушэннях нерв. дзейнасці. Спецыфічны кірунак аэратэрапіі — аэраіонатэрапія, асабліва эфектыўная там, дзе паветра насычана лёгкімі аэраіонамі (у гарах, паблізу вадаспадаў, каля месцаў марскога прыбою, пад кронамі дрэў). Яна выкарыстоўваецца як метад агульнага ўздзеяння (аэраінгаляцыі), а таксама як мясц. працэдура (аэраіонны масаж), у штучна створаных умовах — як метад фізіятэрапіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЕНАРЭ́Я (ад грэч. blennos слізь + rheō цяку),
вострае гнойнае запаленне слізістай абалонкі (кан’юнктывы) вока інфекц. паходжання. Адрозніваюць бленарэю нованароджаных, дзіцячую і дарослых.
Заражэнне бленарэяй нованароджаных адбываецца пры родах, калі галоўка плода праходзіць праз родавыя шляхі хворай на ганарэю маці. Хвароба праяўляецца на 2—3-і дзень ацёкам і зацвярдзеннем павекаў абодвух вокаў, гіперэміяй кан’юнктывы, серозна-крывяністымі выдзяленнямі. Праз 3—4 дні з’яўляюцца густыя гнойныя выдзяленні (найб. небяспечны перыяд, цягнецца 2—3 дні). У цяжкіх выпадках пашкоджваецца рагавіца. Пры заражэнні дзяцей бленарэяй ад маці (дзіцячая бленарэя) хвароба прымае больш цяжкую форму, чым у нованароджаных. Працэс звычайна аднабаковы. Бленарэя ў дарослых пачынаецца звычайна з аднаго павека пры занясенні ў яго інфекцыі самім хворым на ганарэю мочапалавых шляхоў. Клінічна падобная на бленарэю нованароджаных, але з больш цяжкім цячэннем і частым пашкоджаннем урэтры. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЯЛА́ (Viscum),
род паўпаразітных кветкавых раслін сям. амяловых. Каля 100 відаў. Пашыраны ў трапічнай і субтрапічнай Афрыцы і Азіі, на Пн Аўстраліі; амяла белая (V. album) трапляецца ў Еўропе і на Каўказе, амяла афарбаваная (V. coloratum) — на Д. Усходзе. На Беларусі амяла белая расце ў зах. і паўд. раёнах пераважна на старых лісцевых дрэвах, асобны падвід (ssp. austriacum) на хвоі.
Двухдомны шматгадовазялёны шарападобны куст дыям. да 1,2 м. Лісце прадаўгавата-авальнае, супраціўнае, скурыстае, жоўта-зялёнае, размешчана папарна на канцах галінак. Кветкі дробныя жоўта-зялёныя, сабраны ў пучкі. Плод — белая аднанасенная ягада з клейкай мякаццю. Размнажаецца насеннем, якое птушкі заносяць на галіны дрэў, дзе яно і прарастае. Выкарыстоўваецца на лячэнне гіпертаніі і неўралгіі, як танізоўны сродак (прэпараты амялен, віскулен, акафіт), у нар. медыцыне пры хваробах сэрца і лёгкіх.