АСТЭ́РВА (Osterwa, сапр. Малюшак) Юльюш (23.6.1885, Кракаў — 10.5.1947), польскі акцёр, рэжысёр, тэатр. дзеяч. Сцэн. дзейнасць пачаў у 1904 у Кракаве. У 1916—18 працаваў у польскіх тэатрах у Маскве і Кіеве. У 1919—39 кіраўнік т-ра «Рэдута» (Варшава, у 1925—29 тэатр знаходзіўся ў Вільні і Гродне). З 1946 кіраваў аб’яднаннем Гар. т-раў Кракава, стварыў драм. школу і быў яе дырэктарам. Ставіў гал. чынам нац. паэтычныя драмы, у якіх стварыў псіхалагічна глыбокія вобразы («Кардыян», «Ліла Венеда», «Князь Нязломны» Ю.Славацкага, «Сулкоўскі» С.Жаромскага, «Вызваленне» С.Выспянскага і інш.).
т. 2, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЧКАІ ((Bocskai) Іштван) (1.1.1557, г. Клаўзенберг, цяпер г. Клуж-Напока, Румынія — 29.12.1606),
венгерскі феадал, кіраўнік антыгабсбургскага руху ў Венгерскім каралеўстве. Пасол Трансільваніі пры габсбургскім двары ў 1576 і 1603. Камандуючы трансільванскімі войскамі ў паспяховым паходзе супраць тур. войск у Валахію (1595). У 1604 узначаліў барацьбу сялян, гараджан і часткі венг. дваранства супраць аўстр. панавання. У выніку перамогі абраны князем Трансільваніі (1605), падпісаў Венскі мір (23.6.1606), паводле якога адноўлена незалежнасць Трансільванскага княства (да яго далучаны венг. камітаты Угоча, Бераг, Сатмар, крэпасць Токай), дадзена свабода веравызнання пратэстантам.
т. 3, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́СТЭР ((Brewster) Дэвід) (11.12.1781, г. Джэдбара, Шатландыя — 10.2.1868),
шатландскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1815). Чл.-кар. Французскай (1825) і Пецярбургскай (1830) АН. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1800). У 1837—59 кіраўнік каледжаў і праф. ун-та ў Сент-Андрусе, Эдынбургу. Навук. працы ў галіне оптыкі. Даследаваў палярызацыю святла. Устанавіў Брустэра закон. Адкрыў кругавую палярызацыю святла, падвойнае праменепраламленне ў асяроддзях са штучнай анізатрапіяй, існаванне двухвосевых крышталёў. Сканструяваў першы калейдаскоп, лінзы для маякоў і інш.
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.
т. 3, с. 270
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ГМАН (Авель Пінхусавіч) (12.4.1906, в. Людзяневічы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 30.5.1958),
бел. архітэктар. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1936). Працаваў у Мінску. У 1945—58 кіраўнік майстэрні ін-та «Белдзяржпраект», выкладчык Мінскага арх.-буд. тэхнікума. Сярод работ: гасцініца «Дняпро», жылыя дамы (1931—41, у сааўт.) у Магілёве; ін-т фізкультуры (1938, у сааўт.), жылыя дамы па праспекце Ф.Скарыны (1948—51), будынкі інтэрната Мінскай вышэйшай парт. школы, «Белпрамсавета», «Прамэнергапраекта» (1953—55), тэхнал. ін-та (1956, у сааўт.) у Мінску. У 1937—41 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.
т. 3, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬТЭР (Walter) Бруна [сапр. Шлезінгер (Schlesinger) Вальтэр Бруна; 15.9.1876, Берлін — 17.2.1962], нямецкі дырыжор; буйнейшы прадстаўнік школы Г.Малера. Вучыўся ў кансерваторыі Штэрна (Берлін). З 1896 працаваў з рознымі еўрап. аркестрамі, у Венскай, Берлінскай дзярж. оперы, т-ры «Ковент-Гардэн». Адзін з заснавальнікаў і неаднаразовы ўдзельнік Зальцбургскіх фестываляў. З 1929 кіраўнік аркестра Гевандхаўза ў Лейпцыгу. З 1933 у Вене, з 1939 у ЗША. У 1941—57 (з перапынкамі) у т-ры «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Выдатны інтэрпрэтатар твораў В.А.Моцарта, Дж.Вердзі, Малера, А.Брукнера, І.Брамса, Л.Бетховена і інш.
т. 3, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЧЫ́ЛА (Васіль Мацвеевіч) (1690, в. Лобжа Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 28.8.1744),
кіраўнік сял. руху і антыфеад. Крычаўскага паўстання 1743—44. Быў войтам в. Селішчы Крычаўскага староства Радзівілаў. У маі 1740 узначаліў узбр. атрад з некалькіх сотняў сялян, да якога пазней далучыліся сяляне з інш. шляхецкіх уладанняў і з-за мяжы. Пасля задушэння паўстання Вашчылу ўдалося ўцячы на рас. мяжу, дзе ён выдаў сябе за рас. падданага. Г.Радзівіл патрабаваў яго выдаць. Пакуль ішло следства, Вашчыла сядзеў у Кіева-Пячэрскай крэпасці, захварэў на дызентэрыю і неўзабаве памёр.
т. 4, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ГЕНЕР ((Wegener) Альфрэд Лотар) (1.11.1880, Берлін — канец ліст. 1930),
нямецкі геафізік. Праф. ун-та ў Грацы (1924). Удзельнік (1906—08, 1912—13) і кіраўнік (1929—30) экспедыцый па даследаванні Грэнландыі. Апошняя экспедыцыя здзейснена для стварэння ў цэнтр. Грэнландыі на выш. каля 3000 м круглагадовай даследчай станцыі «Айсмітэ». Пры вяртанні з яе загінуў у льдах. Навук. працы па тэрмадынаміцы атмасферы і палеакліматалогіі. Аўтар тэорыі дрэйфу мацерыкоў — першай гіпотэзы мабілізму; гл. Вегенера гіпотэза (1912).
Тв.:
Рус. пер. — Возникновение материков и океанов. М.; Л., 1925;
Термодинамика атмосферы. М.; Л., 1935.
т. 4, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕКІ́ЛАВА (Лейла Махат кызы) (н. 29.1.1927, Баку),
азербайджанская балерына. Нар. арт. СССР (1967). Скончыла Бакінскае харэагр. вучылішча (1943), з 1953 выкладала ў ім. У 1943—76 салістка Азерб. т-ра оперы і балета імя М.Ф.Ахундава. Сярод партый у нац. балетах: Гюльянак («Дзявочая вежа» А.Бадалбейлі), Айша («Сем прыгажуняў» К.Караева), Гюльшэн («Гюльшэн» С.Гаджыбекава); у класічных — Адэта—Адылія, Аўрора, Маша («Лебядзінае возера», «Спячая прыгажуня», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Лаўрэнсія («Лаўрэнсія» А.Крэйна), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева). З 1976 кіраўнік Ансамбля танца Азербайджана.
т. 4, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЫНГ ((Bering) Вітус Іонасен) (1680, г. Хорсенс, Данія — 19.12.1741),
дацкі і рускі мараплавец. Запрошаны на рус. флот у 1703. Капітан-камандор. Кіраўнік 1-й (1725—30) і 2-й (1733-43) Камчацкіх экспедыцый, разам з памочнікам А.І.Чырыкавым абследаваў берагі Камчаткі, Чукоткі, прайшоў паміж Азіяй і Амерыкай, адкрыў некаторыя з Алеуцкіх а-воў, дасягнуў узбярэжжа Паўн. Амерыкі. Імем Берынга названы мора на Пн Ціхага ак., праліў, мыс на ўзбярэжжы Ахоцкага м., востраў з групы Камандорскіх а-воў, на якім Берынг памёр ад цынгі ў час вымушанай зімоўкі.
т. 3, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫТАШВІ́ЛІ (Берытаў) Іван Саламонавіч
(10.1.1885, в. Веджыні, Сігнахскі р-н, Грузія — 30.12.1974),
савецкі грузінскі фізіёлаг; заснавальнік груз. школы фізіёлагаў. Акад. АН СССР (1939), АН Грузіі (1941), АМН СССР (1944). Герой Сац. Працы (1964). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1910). З 1915 у Новарасійскім (Адэса), з 1919 у Тбіліскім ун-тах. З 1941 дырэктар, з 1951 навук. кіраўнік Ін-та фізіялогіі АН Грузіі. Навук. працы па фізіялогіі ц. н. с. і вышэйшай нерв. дзейнасці. Даследаваў фізіялагічныя, псіхал. і фіз.-хім. асновы памяці. Дзярж. прэмія СССР 1941.
т. 3, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)