ТЫШКЕ́ВІЧ Рэгіна Іосіфаўна (н. 20.10.1929, Мінск),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1984), праф. (1986). Засл. работнік нар. адукацыі Рэспублікі Беларусь (1992). Скончыла БДУ (1952), дзе і працуе з 1956. Навук. працы па алгебры, тэорыі графаў, камбінаторным аналізе. Пабудавала асновы агульнай тэорыі дэкампазіцыі графаў, дастасаванай да класіфікацыйных і пералічальных задач пры экспаненцыйна вял. колькасці аб’ектаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Перестановочные матрицы. Мн., 1966 (разам з Дз.А.Супруненкам);
Лекции по теории графов. М., 1990 (у сааўт.);
Decomposition of graphical sequences and unigraphs // Discrete mathematics. 2000. Vol. 220.
т. 16, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМІ́Т (ад грэч. thermē цяпло, гарачыня),
сумесь парашкоў металаў (пераважна алюмінію і магнію) і аксідаў менш актыўных металаў (жалеза Fe2O3 і Fe3O4, медзі CuO, марганцу MnO2 і інш.), якая згарае з вылучэннем вял. колькасці цеплаты. Т-ра загарання найб. пашыранага жалезаалюмініевага Т. (сумесь Al з Fe3O4) 1300 °C, т-ра гарэння 2000—2800 °C. Пры загаранні Т. адбываецца экзатэрмічная акісляльна-аднаўляльная рэакцыя, якая прыводзіць да аднаўлення металу аксіду. Выкарыстоўваюць Т. як загаральныя саставы, для тэрмітнай зваркі, вытв-сці безвугляродзістых металаў (напр., марганцу, хрому; гл. Металатэрмія) і ферасплаваў, драблення руды.
т. 16, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УНІФІКА́ЦЫЯ [ад лац. unus (uni) адзін + facio раблю],
забеспячэнне рацыянальнай аднастайнасці розных відаў аб’ектаў; працэс прывядзення сродкаў вытворчасці або іх элементаў да адзіных формы, памераў, структуры, складу. Накіравана на ўстараненне разнастайнасці тыпаў і тыпапамераў вырабаў, зборачных адзінак, дэталей, канструктыўных элементаў, а таксама тэхнал. працэсаў, спосабаў вырабу, метадаў выпрабавання, кантролю і г.д. Разам са стандартызацыяй павышае ўзровень спецыялізацыі вытв-сці, забяспечвае выкарыстанне рацыянальнай колькасці тыпапамераў вырабаў, іх параметраў, складу выкарыстоўваемых матэрыялаў, тэхнал. працэсаў. Спрашчае праектаванне вырабаў і скарачае тэрміны ўкаранення новай тэхнікі, дазваляе паляпшаць эканам. паказчыкі, павышае прадукцыйнасць працы і якасць прадукцыі.
т. 16, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАУНІСТЫ́ЧНЫ КАДА́СТР,
сістэматызаваны збор звестак аб сукупнасці відаў дзікіх жывёл, якая гістарычна-эвалюцыйна склалася на пэўнай тэрыторыі (акваторыі). Аб’ект уліку — жывёлы, што пастаянна, часова або выпадкова існуюць у стане натуральнай свабоды на тэр. краіны. Уключае звесткі пра катэгорыі колькасці і распаўсюджанасці віду, гасп. статус, тэндэнцыі змены стану. Прызначаны для інфармавання пра аб’екты жывёльнага свету з мэтай захавання іх біял. разнастайнасці, кантролю за зменамі ў жывёльным свеце, распрацоўкі мер па рацыянальным выкарыстанні дзікіх жывёл і ўзнаўленні рэдкіх і знікаючых відаў і інш.
П.І.Лабанок.
т. 16, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНАЛАГІ́ЧНЫЯ КА́РТЫ,
тэматычныя геаграфічныя карты, якія адлюстроўваюць сезонную дынаміку прыродных з’яў. Падзяляюцца на фенакліматычныя (сезонныя змены т-ры, колькасці ападкаў і інш.), фенагідралагічныя (напр., устанаўленне і сыход снегавога покрыва, ледастаў на рэках, паводкі і інш.), фітафеналагічныя (набраканне і раскрыццё пупышак, цвіценне, плоданашэнне раслін), зоафеналагічныя (абуджэнне жывёл ад спячкі, сезонныя міграцыі, гнездаванне птушак), медыкафеналагічныя (сезонныя ачаговыя захворванні). Ф.к. складаюць паводле звестак назіранняў т.зв. феналагічных сетак, якія ўключаюць шматлікія феналагічныя пункты, а таксама паводле дыстанцыйнай здымкі. Маюць практычнае значэнне для сельскай і лясной гаспадаркі, паляўнічага промыслу і інш.
т. 16, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЕМАСО́РБЦЫЯ (ад хема... + сорбцыя),
паглынанне рэчыва паверхняй цвёрдага цела (хемасарбента). Адбываецца ў выніку ўтварэння хім. сувязі паміж іх малекуламі. Можа спалучацца з абарачальным працэсам — дэсорбцыяй.
Суправаджаецца вылучэннем значнай колькасці цеплаты, што замаруджвае дэсорбцыю і робіць Х. практычна неабарачальнай. Характэрная асаблівасць Х. — адчувальнасць да хім. паходжання паглынальніка (хемасарбента) і чысціні паверхні. Цвердафазную і вадкасную Х. ажыццяўляюць у калонных апаратах, на эфектыўнасць працэсу ўплываюць іх тып, канструкцыя і гідрадынамічныя ўмовы работы. Выкарыстоўваюць для раздзялення газавых сумесей, пры ачыстцы газаў ад вышэйшых вуглевадародаў, сярністых злучэнняў і інш., у электравакуумнай тэхніцы.
т. 17, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМПА́НСКАЕ,
пеністае вінаграднае віно, насычанае вуглякіслым газам эндагеннага паходжання. Атрымліваюць другасным браджэннем шампанскіх вінаматэрыялаў са спец. сартоў вінаграду ў герметычна закаркаваных бутэльках ці рэзервуарах, што стварае залішні ціск не менш за 350 кПа. Паводле колькасці цукру адрозніваюць маркі Ш.: брут (да 1,5 г/100 см³), сухое (2—2,5 г/см³), паўсухое (4—4,5 г/100 см³), паўсалодкае (6—6,5 г/100 см³), салодкае (8—8,5 г/100 см³). Назва ад правінцыі Шампань (Францыя), дзе яно ўпершыню было прыгатавана ў 17 ст.
К.А.Алексанян.
т. 17, с. 366
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАДЗЕ́ЛЫ ЗЯМЕ́ЛЬНЫЯ у Расійскай імперыі,
спосаб перыядычнага аднаўлення сельскай абшчыннай ураўняльнасці землекарыстання, якая пастаянна парушалася зменай складу сям’і і колькасці двароў абшчыннікаў. Пры феадалізме П.з. праводзілі або кантралявалі памешчыкі. Пасля сялянскай рэформы 1861 яны сталі выключнай функцыяй пазямельнай абшчыны і вызначаліся патрабаваннем 2/3 гаспадароў дамоў на сельскім сходзе. П.з. падзяляліся на агульныя, прыватныя і т.зв. перавёрсткі. Агульныя (усіх двароў) П.з. праводзіліся праз шэраг гадоў, прыватныя (перадача зямлі з адной сям’і ў другую пры змене іх люднасці або канфіскацыі надзелаў нядоімшчыкаў) — штогод. Перавёрсткі азначалі прымусовы абмен раўнацэннымі зямельнымі ўчасткамі, каб зменшыць цераспалосіцу. Паводле правіл 1893 агульныя П.з. праводзіліся пад кантролем земскіх участковых начальнікаў не часцей як праз 12 гадоў, а прыватныя дапускаліся толькі ў выключных выпадках. На Беларусі П.з. праводзіліся ва ўсх. паветах, дзе часткова існавала абшчыннае ўладанне ворнай зямлёй і сенажацямі. Размеркаванне надзельных зямель адбывалася пераважна па колькасці наяўных работнікаў (мужчын ці ўсіх) у сям’і. Пасля адмены прыгону агульныя і прыватныя П.з. не атрымалі ў бел. паветах значнага пашырэння і адсутнічалі ў большасці паселішчаў з абшчынным землеўладаннем, што ўзмацняла працэс разлажэння сялянства. У ходзе сталыпінскай аграрнай рэформы ў адпаведнасці з законам ад 14.6.1910 усе абшчыны, у якіх не было агульных П.з. з часу іх надзялення зямлёй, былі абавязаны перайсці да падворнага землеўладання. П.з. адрадзіліся пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 з ажыццяўленнем дэкрэта аб зямлі ад 27.10(9.11). 1917 у вёсцы. Спыніліся з ліквідацыяй сельскай пазямельнай абшчыны ў ходзе суцэльнай калектывізацыі.
В.П.Панюціч.
т. 12, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫ́Я ГАСПАДА́РЧЫЯ СУ́ВЯЗІ,
сукупнасць эканам. арганізацыйных і прававых узаемаадносін, што ўзнікаюць паміж пастаўшчыкамі і спажыўцамі (прадпрыемствамі, арг-цыямі, фірмамі і інш.), у сувязі з абменам прадуктамі працы на доўгатэрміновай аснове. Фарміраванне П.г.с. ва ўмовах рынку ажыццяўляецца партнёрамі па іх уласнай ініцыятыве, якая залежыць ад эканам. мэтазгоднасці і зацікаўленасці ў наменклатуры вырабу (набыцці) прадукцыі, тэрмінаў яе пастаўкі, якасці і віду выканання. Такія сувязі рэалізуюцца на аснове гасп. дагавораў і не прадугледжваюць якіх-н. форм рэгламентавання адносін партнёраў па пастаўках матэрыяльных каштоўнасцей, апрача неабходнасці падпарадкоўвання агульнадзярж. нормам гасп. права. Пры заключэнні прамога гасп. дагавора пастаўшчык і пакупнік самастойна вызначаюць асартымент прадукцыі, тэрміны пастаўкі, патрабаванні да якасці, парадак разлікаў, узаемную адказнасць бакоў і інш. П.г.с. выгадныя і мэтазгодныя ва ўмовах спажывання матэрыяльных рэсурсаў у значных памерах, дазваляюць аператыўна ўлічваць змены попыту і прапановы. Доля рэсурсаў, рух якіх ажыццяўляецца праз П.т.с., залежыць таксама ад характару і перыядычнасці спажывання прадукту працы, стабільнасці асартыменту, умоў транспарціроўкі і захоўвання. У выпадках, калі прадпрыемствы выкарыстоўваюць іх у нязначнай колькасці, якая не дасягае транзітнай формы адгрузкі, то, каб не ствараць лішнія іх запасы, могуць быць эфектыўнымі і сувязі праз паслугі пасрэднікаў. Разумнае спалучэнне П.г.с. і пасрэдніцтва, няўхільнае выкананне гасп. дагавораў — важная ўмова развіцця рыначных адносін. Рацыяналізацыя сістэмы П.г.с. прадугледжвае мінімізацыю выдаткаў вытв-сці і абарачэння, поўную адпаведнасць колькасці, якасці і наменклатуры пастаўленых рэсурсаў патрэбам вытв-сці, своечасовасць і камплектнасць іх паступлення.
Літ.:
Кожемякин Г.Я., Синица Л.М. Организация производства. Мн., 1998;
Макаренко М.В., Махалина О.М. Производственный менеджмент. М., 1998.
У.Р.Залатагораў.
т. 13, с. 11
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПІРТЫ́, алкаголі, алканолы,
арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць адну або некалькі гідраксільных (—OH) груп пры насычаных атамах вугляроду. Паводле колькасці OH-груп адрозніваюць С. аднаатамныя (напр., метылавы спірт, этылавы спірт), двухатамныя, ці гліколі, трохатамныя (напр., гліцэрына) і шмататамныя, ці паліолы [напр., C(CH2OH)4 пентаэрытрыт]. Аліфатычныя аднаатамныя С. паводле характару вуглевадароднага радыкала, злучанага з OH-групай, падзяляюць на першасныя RCH2OH, другасныя R2CHOH і трацічныя R3COH. Злучэнні з OH-групай пры падвойнай вуглярод-вугляроднай сувязі наз. еноламі (звычайна няўстойлівыя), пры атамах вугляроду араматычнага кальца — феноламі. У прыродзе С. ў выглядзе складаных эфіраў ёсць у ліпідах, восках, эфірных алеях, трапляюцца і ў свабодным стане (напр., у язмінным алеі ёсць бензілавы спірт, у ружавым — фенетылавы C6H5CH2CH2OH).
Бясколерныя вадкасці або цвёрдыя рэчывы, добра растваральныя ў большасці арган. растваральнікаў. Аднаатамныя аліфатычныя С. з 1—3 атамамі вугляроду ў малекуле змешваюцца з вадой у любых суадносінах, вышэйшыя (маюць больш за 6 атамаў вугляроду) практычна нерастваральныя. Пры павелічэнні колькасці OH-груп у малекуле растваральнасць С. узрастае; паліолы раствараюцца ў вадзе неабмежавана. С. праяўляюць слабыя кіслотныя ўласцівасці — з актыўнымі металамі ўтвараюць солі — алкагаляты. Для С. характэрныя рэакцыі акіслення, дэгідратацыі, утварэння простых і складаных эфіраў. Атрымліваюць С. гідратацыяй алкенаў, гідролізам галагеналканаў, аднаўленнем аксіду вугляроду, альдэгідаў, кетонаў і інш. спосабамі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сінт. валокнаў, фарбавальнікаў, пахучых рэчываў, лек. прэпаратаў, мыйных сродкаў і інш., як растваральнікі. Гл. таксама Амілавыя спірты, Бутылавыя спірты, Ізапрапілавы спірт, Цыклагексанол, Этыленгліколь.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 15, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)