ПІ́ФАС (грэч. pithos),

вялікая гліняная пасудзіна, пашыраная ў крыта-мікенскую і антычную эпохі для захоўвання збожжа і інш. гасп. прыпасаў. П. мелі яйцападобную форму і ў вышыню дасягалі 1,5—2 м. Эгейскія П. ўпрыгожвалі рэльефным фрызападобным арнаментам. Звычайна П. укопвалі ў глебу і зверху клалі на яго каменную ці гліняную накрыўку.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПО́НСАРСТВА (ад лац. spondeo ручаюся, гарантую),

добраахвотнае фінансаванне якой-н. фізічнай або юрыд. асобай пэўнай дзейнасці канкрэтных прадпрыемстваў, арг-цый, т-ваў, фіз. асоб. Ажыццяўленнем такога фінансавання спонсар гарантуе плацежаздольнасць гэтых асоб. Звычайна С. практыкуецца для падтрымкі мерапрыемстваў дабрачыннага характару, творчай, спартыўнай, экалагічнай дзейнасці і да т.п. Гл. таксама Мецэнацтва.

т. 15, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫ́ПЦІХ (ад грэч. triptychos трайны) у мастацтве, 1) трохстворкавы складзень.

2) Тры творы мастацтва (карціны, малюнкі, рэльефы і інш.), аб’яднаныя адзінай задумай і выкананыя ў адзіным стылі. У жывапісных творах сярэдняя частка Т. звычайна большага памеру, нясе асн. сэнсавую нагрузку.

Часам Т. выконваюць на адным палатне, падзеленым аправай на 3 часткі.

т. 16, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАСЕ́ТАЧНЫЯ ВО́ЧЫ,

складаныя зроку органы многіх членістаногіх: насякомых, ракападобных, некат. мнаганожак.

Складаюцца з вял. колькасці асобных, ізаляваных праслойкамі пігменту, простых вочак — аматыдыяў, рагавічная лінза якіх мае выгляд выпуклага 6-гранніка — фасеткі (адсюль назва). Ф.в. звычайна 1 пара. У насякомых колькасць аматыдыяў да 30 тыс. Мяркуюць, што Ф.в. насякомых могуць успрымаць колер.

т. 16, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ШАЧКА,

вонкавая частка падвоенага калякветніка, звычайна зялёная. Бывае раздзельналістая (калі чашалісцікі, што яе ўтвараюць, свабодныя) і зрослалістая (у ёй адрозніваюць трубку і зубцы). Асн. функцыя — ахова інш. ч. кветкі, таму Ч. вельмі рана развіваецца. Мае лісцевае паходжанне. У некат. раслін (напр., верас, гартэнзія) Ч. буйная, яркаафарбаваная для прываблівання насякомых, замест вяночка.

т. 17, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЗІНАЦЦАЦІСКЛАДО́ВІК,

вершаваная форма з 11 складоў. У метрычным вершаскладанні вядомы адзінаццаціскладовік алкееў (першыя 2 радкі алкеевай страфы), сапфічны (першыя 3 радкі сапфічнай страфы) і інш. У сілабічным вершаскладанні самы пашыраны памер, якім карысталіся ў санетах і паэмах, напісаных тэрцынамі і актавамі. Меў сталы націск на 10-м складзе і звычайна жаночую клаўзулу.

т. 1, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́РКА,

фігурная арх. дэталь з цэглы або каменю найчасцей у выглядзе перакуленай пірамідкі. Шырока выкарыстоўвалася ў рус. архітэктуры 16—17 ст. у дэкоры брам, ганкаў, аконных праёмаў. Падвешвалася на схаваным у муроўцы жал. стрыжні і служыла апорай для дэкар. арачак, звычайна размешчаных пад адной вял. аркай.

Гірка.
Гіркі на фасадзе кальвінскага збору ў Смаргоні.

т. 5, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЯ КРАІ́НА,

вялізны ўчастак зямной паверхні з рэзкімі ваганнямі вышынь, значна (на сотні, тысячы метраў) падняты над навакольнымі раўнінамі. Фарміруецца звычайна ў выніку адзінага этапу тэктанічнага развіцця, якое суправаджаецца перавагай узыходных рухаў. Часам выцягнута на некалькі тысяч км, складаецца з шэрагу ланцугоў і хрыбтоў, падзеленых міжгорнымі ўпадзінамі і рачнымі далінамі. Гл. таксама Горная сістэма.

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАКАМІ́Т (ад назвы прав. Атакама ў Чылі),

мінерал, гідраксілхларыд медзі 4[Cu2Cl(OH)3]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна ў выглядзе агрэгатаў тонкіх крышталёў, валакністых або зярністых агрэгатаў. Колер травяніста-зялёны. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск алмазны да шклянога. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 3,75—3,77 г/см³. Мінерал зоны акіслення медных радовішчаў у арыдных абласцях. Другарадная руда медзі.

т. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІКАЛЬЦЫ́Т,

дробназярністая метамарфізаваная горная парода, якая складаецца з кальцыту і хрызатылу і звычайна мае гнёзды, плямы і жылы высакароднага серпенціну (гл. Змеявік). Колер жоўты, зеленаваты, блакітны і інш. са шматлікімі жылкамі і ўзорамі. Утвараецца пераважна ў выніку кантактавага метамарфізму даламітавых парод. У паліраваным выглядзе выкарыстоўваецца для ўнутранага аздаблення будынкаў і розных вырабаў.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)