НАМСАРА́ЕЎ (Хоца Намсараевіч) (9.5.1889, Кіжынгінскі аймак, Бурація — 28.7.1959),
бурацкі пісьменнік. Друкаваўся з 1919. Аповесць «Цырэмпіл» (1935) і раман «На досвітку» (1950) пра ўстанаўленне сав. улады. Падзеям Вял. Айч. вайны прысвечаны аповесці «Прамень перамогі» (1942), «Залатая страла» (1944), зб. вершаў «Перамога» (1942). Аўтар зб. апавяданняў па матывах бурацкай нар. творчасці «Так было...» (1935), п’ес «Цемра» (1919), «Цёмнае жыццё» (1921), аповесцей для дзяцей «Юнакі» (1949), «Тры таварышы» (1950) і інш. Збіраў і даследаваў бурацкі фальклор.
Тв.:
Рус. пер. — Цыремпил. М., 1989;
На утренней заре. Так было. Однажды ночью. Улан-Удэ, 1989;
Сагадай Мэрген. М., 1990.
Літ.:
Соктоев А.Б. Хоца Намсараев. Улан-Удэ, 1971.
т. 11, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ДЗУ (Ясудзіра) (12.12.1903—12.12.1963),
японскі рэжысёр. Здымаў пераважна сумныя і лірычныя з мяккім гумарам фільмы, якія ўводзілі гледача ў паўсядзённае жыццё, паказвалі ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей. Сярод «нямых» фільмаў — «Універсітэт-то я скончыў...» (1929), «Такійскі хор» (1931), «Нарадзіцца-то я нарадзіўся...» (1932), «Аповесць пра плывучую ваду» (1934), «Такійская гасцініца» (1935); гукавых — «Адзіны сын» (1936), «Позняя вясна» (1949), «Час збору ўраджаю» (1951), «Смак простай ежы» (1952), «Такійская аповесць» (1953), «Кветкі Хіган» (1958), «Смак сайры» (1962). Рэжысёрскі стыль О. стаў адной з асноў традыц. школы яп. кіно: спакойная кампазіцыя, запаволенасць дзеяння, адсутнасць вострых драм. калізій, доўгія агульныя планы. З 1955 ген. сакратар Асацыяцыі кінарэжысёраў Японіі.
т. 11, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШКО́ЎСКІ (Леанід Сямёнавіч) (9.1.1937, г. Барысаў Мінскай вобл. — 31.5.1994),
бел. паэт. Вучыўся ў БДУ (1964—68). Друкаваўся з 1955. Пісаў на бел. і рус. мовах. Героі вершаў са зб-каў «Няхай не паміраюць зоркі» (1968), «Лівень» (1975), «Пераадоленне» (1979) — няскораныя і моцныя духам людзі, якія вераць ў свае сілы. Аўтар кніг паэзіі для дзяцей «Як пінгвіну шылі фрак» (1970), «Трубач» (1976), «На вясёлай каруселі» (1984) і інш. На рус. мову пераклаў асобныя творы П.Броўкі, С.Грахоўскага, Е.Лось, У.Нядзведскага, А.Сербантовіча. На бел. мову яго рус. вершы пераклалі Грахоўскі, М.Калачынскі, К.Камейша, Нядзведскі, Ю.Свірка.
Тв.:
Откровение Мн., 1987.
Л.М.Гарэлік.
т. 13, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБА́К (Алесь) (Аляксандр Пятровіч; н. 7.11.1934, в. Макаўчыцы Дзяржынскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1958). Працаваў у час. «Вожык», «Бярозка», газ. «Калгасная праўда», на Бел. радыё. У 1966—72 у сакратарыяце Прэзідыума Вярх. савета СССР, адначасова выкладаў бел. мову ў Літ. ін-це імя М.Горкага. З 1972 нам. адказнага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1978—95 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1953. У цэнтры ўвагі яго твораў маральна-этычныя праблемы. Аўтар зб. апавяд. і гумарэсак «Дарогі бываюць розныя» (1972), рамана «Трэба было жыць» (1990), кн. для дзяцей «Сёння прыедзе тата» (1976).
Тв.:
Што пасееш...: Аповесць, апавяданні. Мн., 1982.
т. 13, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАРБІ́НАВАЯ КІСЛАТА́, вітамін C,
C6H8O6, вытворнае L-гулонавай к-ты; водарастваральны вітамін. Мал. м. 176,3. Сінтэзуецца раслінамі і жывёламі (за выключэннем прыматаў і інш. жывёл, якія атрымліваюць яе з кормам). Асноўная крыніца сінтэзу аскарбінавай кіслаты ў раслін — галактоза, у жывёл — глюкоза. У арганізме ўдзельнічае ў акісляльна-аднаўленчых працэсах, стымулюе ўнутр. сакрэцыю, нармальнае развіццё і супраціўляльнасць арганізма, садзейнічае рэгенерацыі тканак. Адсутнасць або недахоп аскарбінавай кіслаты ў ежы чалавека выклікае цынгу, зніжае супраціўляльнасць да захворванняў. Сутачная патрэба дарослага чалавека ў аскарбінавай кіслаце — 50—100 мг, дзяцей — 30—70 мг. Найб. аскарбінавай кіслаты ў свежай садавіне і гародніне: пладах шыпшыны, чырвонага перцу, цытрусаў, чорных парэчак, у цыбулі, ліставой гародніне. Выкарыстоўваецца ў медыцыне.
т. 2, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання хлопчыкаў і юнакоў (дзяцей свабодных грамадзян) у Стараж. Афінах у 7—5 ст. да нашай эры. Мэта афінскага выхавання — дасягненне «гармоніі душы і цела» (інтэлектуальнага, маральнага, эстэт. і фіз. развіцця). Прадугледжвала выхаванне да 7 гадоў у сям’і пад кіраўніцтвам маці або мамкі, пазней — педагога; з 7 да 16 гадоў — навучанне ў прыватных мусічных школах чытанню, пісьму, лічэнню (школа граматыста), музыцы, спевам, дэкламацыі (школа кіфарыста), з 12 гадоў дадаткова — гімнастыцы (палестра); з 16 да 18 юнакі са знатных сем’яў вывучалі філасофію, л-ру, палітыку, фіз. ўдасканаленне праходзіла ў дзярж. гімназіі; з 18 да 20 праводзілася ваеннае навучанне і набывалася паліт. адукацыя ў эфебіі. Фізічная праца выключалася.
Г.В.Сегянюк.
т. 2, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КАМІТЭ́Т «ДЗЕ́ЦІ ЧАРНО́БЫЛЯ»,
незалежная няўрадавая гуманіт. арг-цыя. Створана ў 1989 пры аргкамітэце БНФ, з 1990 незалежная арг-цыя. Гал. кірунак дзейнасці — прафілактыка захворванняў дзяцей-чарнобыльцаў. З гэтай мэтай арганізавана іх аздараўленне на спец. базах, дзе спецыялісты кансультацыйна-дыягнастычнай лабараторыі к-та праводзяць паглыбленае абследаванне. К-там створаны таксама лабараторыі радыелагічнай бяспекі (вырошчванне экалагічна чыстай прадукцыі на забруджаных землях) і сац.-псіхал. рэабілітацыі. Праводзіць сімпозіумы, семінары, канферэнцыі, «круглыя сталы», па матэрыялах якіх выдае зборнікі, памяткі для насельніцтва. Удзельнічае ў міжнар. чарнобыльскіх акцыях, быў арганізатарам на Беларусі Міжнар. маршу «За бяз’ядзерны свет — 1995». Мае абласныя арг-цыі, мінскую гар. і некалькі раённых. Дэвіз к-та «Здаровыя дзеці — здаровая нацыя».
т. 2, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРУЛА́ВА (Хута Міхайлавіч) (н. 10.12.1924, г. Зугдыды, Грузія),
грузінскі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1952). Друкуецца з 1941. Піша на груз. і рус. мовах. Аўтар зб-каў вершаў «Дні» (1950), «Гэтыя дваццаць гадоў...» (1963), «Эпітафія дойліду Светыцхавелі» (1974), «Родныя імёны: Успаміны» (1979), паэм «Рускае сэрца» (1950), «Калхецкая легенда» (1943—55), «Бурная цішыня» (1981) і інш. У творах каларытныя карціны прыроды, жыцця і побыту грузінскай вёскі. Піша для дзяцей. На груз. мову пераклаў творы Г.Бураўкіна, А.Грачанікава. Беларусі прысвяціў паэму «Хвалі Нёмана. Дванаццаць песень пра Беларусь» (1973). На бел. мову творы Берулавы перакладалі Р.Барадулін, А.Вольскі, Грачанікаў, Х.Жычка, В.Зуёнак, В.Лукша, У.Паўлаў, Я.Семяжон і інш.
т. 3, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯ́НКІ (Віталь Валянцінавіч) (11.2.1894, С.-Пецярбург — 10.6.1959),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Петраградскім ун-це. Аўтар навук.-мастацкіх кніг для дзяцей пра прыроду, яе таямніцы, жыццё звяроў і птушак: «Лясная газета на кожны год» (1928, 11-е выд. 1969), «Краіна звяроў» (1935), «Нашы птушкі» (1938, выд. 1967) і інш., зб-каў апавяданняў «Заечыя хітрыкі» (1941), «Кулець» і іншыя апавяданні» (1953), «Выпадковыя сустрэчы» (1947), «Птушкі свету» (1960), а таксама аповесцяў і казак. Творы Біянкі на бел. мову перакладалі З.Верас, К.Кірэенка, С.Міхальчук, М.Цэлеш, А.Чаркасаў, А.Якімовіч і інш.
Тв.:
Собр. соч. Т. 1—4. Л., 1972—75.
Літ.:
Гроденский Г. Виталий Бианки. 2 изд. М., 1966.
т. 3, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ПА,
горад у Расіі, у Краснадарскім краі. 50,3 тыс. ж. (1994). Порт на Чорным м. Чыг. станцыя. Прыморскі кліматычны і бальнеагразевы курорт. Як курорт развіваецца з 19 ст. Славуты паласой дробназярністага пясчанага пляжа даўж. каля 6 км з прылеглым мелкаводдзем, вельмі прыдатным для адпачынку і лячэння дзяцей. Клімат міжземнаморскі, з найб. працяглым на чарнаморскім узбярэжжы перыядам сонечнага ззяння. Марскія брызы, купанні з сярэдзіны мая да сярэдзіны кастрычніка. Выдатныя ўмовы для аэра-, гелія- і таласатэрапіі. Ліманныя, азёрныя і сопкавыя гразі на лячэнне органаў стрававання, гінекалагічных і нерв. хвароб. Радовішчы мінеральных, сталовых і лекавых водаў. Мноства пансіянатаў, дзіцячыя санаторыі, летнія і санаторныя лагеры, дамы адпачынку, турбазы. Археал. музей-запаведнік.
Літ.:
Аванесов В.Н., Погосов Ю.А. Анапа. Краснодар, 1973.
т. 1, с. 338
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)