ГАН ((Hahn) Ота) (8.3.1879, г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 28.7.1968),
нямецкі фізік і радыяхімік. Чл. Берлінскай АН (1924). Скончыў Марбургскі ун-т (1901). У 1906—34 у Берлінскім ун-це (з 1910 праф.), адначасова (1912—45) у Ін-це хіміі кайзера Вільгельма (з 1928 дырэктар). У красавіку 1945 вывезены ў Англію, з 1946 у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па даследаванні радыеактыўнасці і радыеактыўных рэчываў. Адкрыў радыяторый (1905), пратактыній (1917, разам з Л.Майтнер), ядзерную ізамерыю ў прыродных радыеактыўных элементаў (1921), дзяленне ядраў урану пад уздзеяннем нейтронаў (1938, разам з Ф.Штрасманам). Нобелеўская прэмія 1944.
Літ.:
Гернек Ф. Пионеры атомного века: Великие исследователи от Максвелла до Гейзенберга. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІІ ІНТАРЭ́САЎ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная канцэпцыя, якая трактавала капіталізм як адзіны магчымы стан грамадства. Узнікла ў сярэдзіне 19 ст.; найб. вядомыя прадстаўнікі: Ф.Бастыя (Францыя), Г.Ч.Кэры (ЗША). У сваіх творах развівалі ідэі аб капіталізме як адзіным магчымым натуральным стане грамадства. Ідэю эканам. гармоніі Бастыя пашырыў і на вытв-сць, і на размеркавальныя адносіны грамадства; лічыў, што гармонію можа парушыць толькі ўмяшанне дзяржавы ў эканам. адносіны людзей. Кэры абгрунтоўваў існаванне «самай поўнай гармоніі ўсіх рэальных інтарэсаў» розных слаёў грамадства, сцвярджаў, што рабочыя атрымліваюць поўны прадукт сваёй працы, а прыбытак ствараецца капіталам, які ён атаясамліваў са сродкамі вытв-сці. Паслядоўнікі гэтай тэорыі — Г.Джордж (ЗША), Я.Дзюрынг (Германія), М.Х.Бунге (Расія) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙГЕР, Гайгер (Geiger) Ганс Іаган; 30.9.1882, г. Нойштат-ан-дэр-Вайнштрасэ, Германія — 24.9 1945),
нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Берлінскай АН (1937). Вучыўся ў Эрлангенскім, Мюнхенскім і Манчэстэрскім ун-тах. З 1907 выкладаў у Манчэстэрскім, Кільскім, Цюбінгенскім, Берлінскім ун-тах. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў. У 1908 вызначыў зарад электрона; разам з Э.Рэзерфардам вынайшаў прыладу для падліку асобных мікрачасціц (гл.Гейгераўскі лічыльнік); разам з англ. фізікам Дж.Неталам прапанаваў эмпірычную формулу сувязі пастаяннай распаду з энергіяй альфа-часціц (1911—12; закон Гейгера—Нетала); разам з В.Ботэ даказаў справядлівасць законаў захавання энергіі і імпульсу пры сутыкненнях элементарных часціц; разам з англ. фізікам Э.Марсдэнам эксперыментальна пацвердзіў формулу Рэзерфарда па рассейванні альфа-часціц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВЫ́Д ГАРАДЗЕ́НСКІ (?—1326),
ваенны і дзярж. дзеяч ВКЛ, гал. ваявода вял. князя Гедзіміна. У ням. хроніках наз. кашталянам або старастам Гродзенскага замка і зяцем Гедзіміна, у пскоўскім летапісе — князем. На думку В.М.Тацішчава, быў сынам пскоўскага кн.Даўмонта. Упершыню ўпамінаецца ў хроніцы П.Дусбурга ў 1314, калі паспяхова ўзначальваў абарону Новагародка супраць крыжакоў Тэўтонскага ордэна. У 1319 узначальваў паход войска ВКЛ у Прусію, у 1323 двойчы прыходзіў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з Даніяй і Лівонскім ордэнам, а таксама зрабіў паход у Добжынскую зямлю ў Польшчы, у 1324 — у Мазовію, у 1326 дапамагаў польскаму каралю Уладзіславу Лакетаку супраць маркграфства Брандэнбург (Германія). У апошнім паходзе па-здрадніцку забіты мазавецкім рыцарам, верагодна, падкупленым крыжакамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІРЫХЛЕ́ ((Dirichlet) Іаган Петэр Густаў) (13.2.1805, г. Дзюрэн, Германія — 5.5.1859),
нямецкі матэматык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай (1837) і чл. Парыжскай (1854) АН, чл. Берлінскай АН, Лонданскага каралеўскага т-ва (1855). Праф. Берлінскага (1831—55), Гётынгенскага ун-таў (з 1855). Навук. працы па тэорыі лікаў, матэм. аналізе, механіцы, матэм. фізіцы. Даказаў тэарэму пра існаванне бясконца вялікай колькасці простых лікаў у кожнай арыфметычнай прагрэсіі з цэлых лікаў, першы член і рознасць якой — лікі ўзаемна простыя. Сфармуляваў і даследаваў паняцце ўмоўнай збежнасці шэрагу, устанавіў прыкмету збежнасці шэрагу (прыкмета Дз.); даказаў магчымасць раскладання ў шэраг Фур’е функцыі, якая мае канечную колькасць максімумаў і мінімумаў (інтэграл Дз.).
Літ.:
Рыбников К.А. История математики. 2 изд. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНІ́ШАЎ (Алібек Мусаевіч) (н. 30.7.1951, Алматы),
казахскі спявак (тэнар). Нар.арт. Казахстана (1981), нар.арт.СССР (1986). Скончыў Алма-Ацінскую кансерваторыю (1976). З 1976 саліст Каз. філармоніі, з 1978 — Каз.т-ра оперы і балета. Мае моцны голас прыгожага мяккага тэмбру, вял. дыяпазону. Выконвае гал. партыі тэнаровага рэпертуару ў операх класікаў, сучасных айч. і замежных кампазітараў. Сярод іх: Тулеген («Кыз Жыбек» Я.Брусілоўскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі) і інш. У канцэртным рэпертуары неапалітанскія, рус.нар. песні, рамансы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (1975), міжнар. конкурсаў імя Р.Шумана (г. Цвікаў, Германія, 1977), вакалістаў у Рыо-дэ-Жанейра (1979). Прэмія Ленінскага камсамола 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ЦГЕН ((Dietzgen) Іосіф) (9.12.1828, г. Бланкенбург, Германія — 15.4.1888),
нямецкі філосаф. Самастойна авалодаў асновамі філас. навукі і развіваў матэрыяліст. дыялектыку. Знаходзіўся пад уплывам ідэй Л.Феербаха, К.Маркса і Ф.Энгельса. Жыў і працаваў у Германіі, Расіі і ЗША. Асн. працы «Сутнасць галаўной работы чалавека» (1869), «Экскурсія сацыяліста ў галіну тэорыі пазнання» (1887), «Аквізіт філасофіі» (1895) і інш. прысвечаны гнасеалогіі, якую Д. лічыў тэарэт. падставай даследавання сац.-эканам. праблем. Цэнтр. месца ў яго філас. поглядах займае выснова, што мысліцельная здольнасць чалавека з’яўляецца прыроднай функцыяй яго мозга. Вывучаў таксама формы, ступені і супярэчнасці працэсу пазнання, магчымасці адлюстравання бясконцага універсуму ў формах адноснай і канкрэтнай ісціны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗАРА́НКА»,
бел. выдавецтва ў эміграцыі. Засн. ў 1946 Я.Гладкім у г. Ватэнштэт (Германія). Выпусціла «лемантар» (1946), падручнік геаграфіі (1947), чытанкі «Родны палетак» і «Малюнкі мінулага» (1947), «Наша краіна» і «Помнікі старажытнасці» (1948), зборнікі нар. песень і казак. Пасля пераезду Гладкага ў ЗША аднавіла дзейнасць на пач. 1960-х г. у Нью-Йорку. Выйшла больш за 10 кніжак і брашур, у т. л. «Лемантар для школаў і хатняга навучання» (1964), «Для малых дзетак» (1965), зб-к нар. песень «Дудар» (2-е выд. 1970); А.Варлыгі (псеўданім Гладкага) «Прыказкі Лагойшчыны» (1966), «Краёвы слоўнік Лагойшчыны» (1970), «Забабоны Лагойшчыны» (1972) і інш. Спыніла дзейнасць у 1972 у сувязі са смерцю Гладкага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́МБАРТ ((Sombart) Вернер) (19.1.1863, г. Эрмслебен, Германія — 18.5.1941),
нямецкі эканаміст, сацыёлаг і гісторык, філосаф культуры. Адзін са стваральнікаў тэорыі «арганізаванага капіталізму». У 1890 праф. у Вроцлаве, з 1906 — у Берліне. Працы З. прысвечаны даследаванню эканам. гісторыі Зах. Еўропы, у прыватнасці, узнікненню капіталізму, праблемам сац. стратыфікацыі і сац. мабільнасці. З. распрацаваў катэгорыю «эканамічнай сістэмы» ў сэнсе акрэсленай цэласнасці, якая ўключае спецыфічныя эканам. ін-ты, што ў сваю чаргу з’яўляюцца ўвасабленнем «духу грамадства». Вядучая ідэя яго творчасці — ідэя аб паступовай мірнай эвалюцыі капіталізму ў грамадства «сацыяльнага плюралізму», дзе доўгі час побач суіснуюць элементы капіталізму і сацыялізму. Асн. працы З.: «Сацыялізм і сацыяльны рух у 19 ст.» (1896), «Будучыня капіталізму» (1932).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАСПО́РТ,
спорт сярод інвалідаў. Заняткі І. садзейнічаюць рэабілітацыі інвалідаў і іх інтэграцыі ў грамадстве. На Беларусі 3 рэсп. федэрацыі І.: інвалідаў апорна-рухальнага апарату, па зроку, па слыху, якія ўваходзяць у Параалімпійскі Камітэт Рэспублікі Беларусь, створаны ў 1996. У ліст. 1997 прыняты ў Міжнар. Параалімпійскі Камітэт (штаб-кватэра ў г. Бон, Германія). У федэрацыях культывуюцца 18 відаў спорту, па іх праводзяцца рэсп. чэмпіянаты. У відах І. ўстаноўлены нарматывы, па якіх інвалідам прысвойваюцца спарт. разрады і званні, у т. л. майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнар. класа. Бел. спартсмены-інваліды ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. На X Параалімпійскіх гульнях у г. Атланта, ЗША (1996) яны заваявалі 13 медалёў (3 залатыя, 3 сярэбраныя, 7 бронзавых).