навука пра сутнасць, будову, функцыянаванне і эвалюцыю моў. Універсальныя ўласцівасці мовы, як найважнейшага сродку зносін паміж людзьмі, як увасабленне свядомасці, спосаб фіксацыі пазнання, як знакавую сістэму асаблівага роду, а таксама агульныя рысы ўсіх моў або іх груп у плане будовы (структуры), функцыянавання і развіцця, вывучае агульнае мовазнаўства. Асобныя мовы (напр., беларускую мову, старажытнагрэчаскую мову і інш.) даследуе прыватнае М., а групы моў (напр., славянскія мовы, індаеўрапейскія мовы, угра-фінскія мовы і інш.), іх структуру, развіццё вывучае супастаўляльнае і тыпалагічнае М. Паводле характару вынікаў даследавання мовы адрозніваюць тэарэт. і прыкладное М. Вывучэнне моў грунтуецца на 2 падыходах: сінхранічным (гл.Сінхранія), які шырока выкарыстоўваецца для адэкватных апісанняў канкрэтных моў у пэўны перыяд іх функцыянавання, і дыяхранічным (гл.Дыяхранія), які ўжываецца для апісання змен і развіцця мовы, яе адзінак, катэгорый. Функцыянаванне і эвалюцыю мовы ў грамадстве, сувязі мовы з інш.сац. з’явамі, утварэннямі (напр., нацыяй, дзяржавай, культурай, адукацыяй, л-рай, музыкай і г.д.), суадносіны мовы з псіхічным жыццём чалавека даследуе знешняя лінгвістыка. Структуру мовы, яе адзінак, катэгорый, а таксама іх функцыі ў сінхраніі і дыяхраніі вывучае ўнутр. лінгвістыка. Структурная лінгвістыка асаблівую ўвагу надае аналізу мовы як сістэмы, што ўяўляе сабой сукупнасць узаемазвязаных элементаў, адзінак, узроўняў мовы. У межах камп’ютэрнай лінгвістыкі ажыццяўляецца аўтам. апрацоўка тэкстаў каб атрымаць дакладныя звесткі аб іх структуры, адзінках і выкарыстаць атрыманыя дадзеныя для тэарэт. і практычных патрэб (машынны пераклад, аўтам. рэферыраванне тэкстаў, складанне канкардансаў, слоўнікаў і інш.). Матэматычная лінгвістыка распрацоўвае фармальны апарат для апісання будовы натуральных і штучных моў, іх мадэлявання. Стат. лінгвістыка выкарыстоўвае матэм. апарат для вывучэння імавернасных і градуальных з’яў у мове для іх разнастайных падлікаў, вымярэнняў, каб атрымаць больш глыбокія веды пра якасныя ўласцівасці мовы. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства шляхам супастаўлення моў у розныя перыяды іх функцыянавання ўстанаўлівае ступень роднаснасці моў, іх мінулы стан, узнаўляе прамову і яе адзінкі. Тыпалагічнае М. (гл.Тыпалогія лінгвістычная) вывучае еднасныя структурныя рысы розных моў паводле фанетычнага складу, граматычнай будовы, асаблівасцей слоўнікаў, грамадскіх функцый і інш.Супастаўляльнае мовазнаўства даследуе адметнасці канкрэтнай мовы ў параўнанні з інш. мовамі, што дазваляе выявіць некаторыя яе спецыфічныя рысы, важныя пры перакладах, а таксама пры вывучэнні і выкладанні моў і інш.Псіхалінгвістыка аналізуе працэсы спараджэння і ўспрымання маўлення, звязаныя з унутр. станам, псіхікай чалавека, на аснове спец. эксперыментаў з носьбітамі мовы. Сацыялінгвістыка вывучае адносіны паміж грамадствам і мовай, асаблівасці маўлення пэўных груп насельніцтва, двухмоўе як грамадскую з’яву, магчымасці свядомага ўплыву грамадства на мову, праблемы міжнац. зносін, моўных кантактаў і інш.Этналінгвістыка вывучае адлюстраванне ў мовах адметных уласцівасцей розных этн. груп, рытуальнае выкарыстанне мовы і інш.Дыялекталогія і лінгвістычная геаграфія даследуюць асобныя рэгіянальныя гаворкі. варыянтнасць мовы ў прасторы, распрацоўваюць прынцыпы картаграфавання моўных з’яў у лінгвістычных атласах і інш. Адпаведна з вывучэннем асобных адзінак мовы вылучаюцца дысцыпліны ўнутр. лінгвістыкі: фанетыка (гукі маўлення), фаналогія (гукі мовы, што выконваюць сэнсаадрознівальную функцыю), акцэнталогія (націск), арфаэпія (правілы вымаўлення ў літ. мове), арфаграфія (правілы правапісу), марфаналогія (чаргаванне гукаў і асаблівасці іх ужывання на межах марфем), марфалогія (словазмяненне і часціны мовы), сінтаксіс (словазлучэнні, сказы), лексікалогія (словы і іх групоўкі), дэрываталогія (утварэнне слоў), лексікаграфія (тыпы і структура слоўнікаў), семасіялогія (семантыка значымых адзінак мовы), фразеалогія (устойлівыя словазлучэнні), этымалогія (паходжанне і гісторыя асобных слоў), анамастыка (уласныя назвы), стылістыка (функцыян. дыферэнцыяцыя мовы і яе адзінак паводле сферы ўжывання) і інш. М. цесна звязана з літаратуразнаўствам, гісторыяй, логікай, філасофіяй, сацыялогіяй, этнаграфіяй, псіхалогіяй, семіётыкай, геаграфіяй, кібернетыкай, матэматыкай і інш. навукамі.
М. ўзнікае ў сувязі з вынаходніцтвам, станаўленнем і развіццём пісьма і з патрэб вывучэння няродных моў. Ужо ў 3-м тыс. да н.э. ў стараж. Эбле (Паўн. Сірыя) ствараліся спісы слоў з мэтай навучання грамаце. У 5 ст. да н.э. ў Індыі Паніні распрацаваў першую ў свеце падрабязную граматыку стараж.-інд. сакральнай мовы санскрыту. У стараж. Грэцыі ў 6—4 ст. да н.э. Геракліт, Платон, Сакрат і інш. абмяркоўвалі філас. праблемы паходжання і сутнасці мовы. У сваіх творах «Паэтыка» і «Рыторыка» Арыстоцель вызначыў найперш лагічныя падыходы да аналізу мовы, якія пазней былі выкарыстаны пры апісанні мовы ў вучэнні стоікаў, Ф.Бэкана, а таксама ў сучасных працах Н.Хомскага і інш. У 2 ст. да н.э.т.зв. Александрыйскай школай распрацаваны многія паняцці фанетыкі і граматыкі стараж.-грэч. мовы. У 1 ст. да н.э.грэч. лінгвістычныя традыцыі пераняты рымскім М., у нетрах якога створаны граматыкі Варона, Даната і Прысцыяна. Вызначаныя ў гэтых працах адзінкі і катэгорыі мовы паслужылі асновай для стварэння граматык многіх еўрап. моў. У Кітаі ў 3—2 ст. да н.э. былі падрыхтаваны слоўнікі састарэлых і дыялектных слоў, завершаны слоўнік «Шо вэнь» («Тлумачэнне пісьмёнаў»). У 2-й пал. 1-га тыс.н.э. распрацоўваліся граматычныя апісанні на матэрыяле семіцкіх моў у араб. і яўр. лінгвістычных працах. У 1072—83 Махмуд Кашгарскі ў сваім «Слоўніку цюркскіх моў» апісаў фанетыку, граматыку цюркскіх моў, даў звесткі пра гісторыю, этнаграфію, геаграфію, паэзію, фальклор цюркаў і зрабіў класіфікацыю гэтых моў. І.Ю.Скалігер у 1599 вызначыў 4 асн. групы еўрап. моў (лац., грэч., слав. і герм.). У сярэднія вякі ў Еўропе паступова ўдасканальваліся граматыкі, рыторыкі, паляпшаліся слоўнікі. У 14—16 ст. ва ўсх. славян з’явіліся пераклады і кампіляцыі грэч. і лац. граматык. У 1664 франц. тэолагі А.Арно і К.Лансло выдалі «Агульную і рацыянальную граматыку», якая працягвала лагічныя традыцыі Арыстоцеля і паўплывала на далейшае развіццё граматычнай навукі. У 18 ст.ням. філосаф Г.Лейбіц на аснове прыродазнаўчых навук распрацоўваў аб’ектыўныя падыходы да вывучэння і развіцця моў, звярнуў увагу на супастаўленне розных моў і інш. знакавых сістэм. У сярэдзіне 18 ст. М.В.Ламаносаў напісаў першую навук. граматыку рус. мовы, хоць яго працы папярэднічала стварэнне больш за 10 граматычных трактатаў па рус. мове, напісаных пераважна на замежных мовах. У сувязі са станаўленнем гіст. лінгвістыкі ў 19 ст. М. вылучылася ў самаст.навук. дысцыпліну. З’явілася ідэя пра заканамерны характар гукавых адпаведнасцей у роднасных мовах як аснова параўнальна-гіст. метаду ў М. (Ф.Боп, А.Х.Вастокаў, Я.Грым, І.Добраўскі, Р.К.Раск і інш.). Ствараліся працы па тэарэт. асэнсаванні сутнасці, функцыянавання, развіцця моў, іх класіфікацыі на падмурку граматычных прыкмет (В.Гумбальт), выдадзенывял. слоўнікі еўрап. моў, у т. л.бел. (Вастокаў, Н.Уэбстэр, браты Я. і В.Грым, У.І.Даль, С.Б.Ліндэ, І.І.Насовіч і інш.), параўнальна-гіст. граматыкі моў (К.Бругман, Ф.Міклашыч, А.Шляйхер і інш.). У 2-й пал. 19 ст. сфарміраваўся псіхал. кірунак у М. (А.А.Патабня, Г.Штайнталь і інш.), дзе адзінства моў тлумачылася адзінствам чалавечага мыслення і падкрэслівалася роля псіхічных працэсаў у развіцці мовы; узніклі лінгвістычныя школы: натуралізм (Шляйхер і інш.), эстэтызм (К.Фослер і інш.), «Словы і рэчы» (Р.Мерынгер, Г.Шухарт і інш.), лінгвагеаграфія (Г.Венкер, Ж.Жыльерон і інш.), младаграматызм (Бругман, Б.Дэльбрук, А.Лескін, Г.Остгаф, Г.Пауль і інш.). У 20 ст. пашырыліся ідэі пра сац. абумоўленасць моўных з’яў (Ш.Балі, Ж.Вандрыес, Я.Дз.Паліванаў, А.Сешэ і інш.), вядзецца пошук больш аб’ектыўных спосабаў вывучэння моўных з’яў праз іх фармальнае апісанне (П.Ф.Фартунатаў і інш.). У міжваенны перыяд у Еўропе і ЗША сфарміравалася магутная лінгвістычная школа — структуралізм (Л.Ельмслеў, В.Матэзіус, Э.Сепір, Ф. дэ Сасюр, М.С.Трубяцкой, Р.В.Якабсон і інш.), які ў пасляваен. час пашырыўся і спрыяў станаўленню кібернетычнай, а таксама прыкладной і матэм. лінгвістыкі (Ю.Д.Алрэсян, В.У.Мартынаў, І.А.Мяльчук, Р.Г.Піятроўскі і інш.) і лінгвасеміётыкі (Р.Барт, К.Леві-Строс, Ч.Морыс, дэ Сасюр, Ю.С.Сцяпанаў і інш.). У сувязі з вывучэннем новых моў, што не мелі сваёй пісьменнасці, усталявалася школа структуралізму — дэскрыптыўная лінгвістыка (Ф.Боас, Л.Блумфілд, З.Харыс і інш.). У параўнальна-гіст. і апісальным М. пашырыліся ідэі падыходу да моўных з’яў з пазіцый іх сістэмнай арганізацыі, што вядзе сваю традыцыю ад вучэння І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ аб мове (В.У.Іванаў, В.М.Сонцаў, У.М.Тапароў і інш.). У 1980—90-я г. ўсталёўваюцца функцыянальная лінгвістыка, лінгвістыка тэксту, кагнітыўная лінгвістыка і інш., дзе асаблівая ўвага аддаецца зместу моўнай інфармацыі, спосабам яго перадачы і ўспрымання.
У стараж. Беларусі перапісваліся старажытнаслав. лінгвістычныя трактаты (напр., «О письменах» Чарнарызца Храбра, 9—10 ст., бел. копіі 16—17 ст.). У 16—17 ст. створаны рукапісны «Лексис съ толкованіем словенских мов просто» (канец 16 ст.), друкаваныя працы «Лексис, сирчь речен і ...» Л.Зізанія (1596, Вільня), «Лексиконъ славеноросскій...» П.Бярынды (1627, Кіеў; 2-е выд. 1653, Куцейна, пад рэд. І.Труцэвіча), дзе тлумачыліся лексіка і выразы царк.слав. помнікаў. Выдаваліся таксама азбукі, буквары, граматыкі: «Буквар» І.Фёдарава (1574, Львоў), ананімная «Кграматыка словеньска языка...» (1586, Вільня), «Грамматіка Словенска...» Л.Зізанія і яго ж «Лексис», дзе тлумачыцца 1061 стараслав. слова з дапамогай больш як 2 тыс. старабел. слоў (абедзве кнігі 1596, Вільня), «Грамматики Словенския правилная синтагма» М.Сматрыцкага (1619, Еўе), «Буквар» (1631, Куцейна) і «Буквар языка славенска» (1636, Буйнічы) С.Собаля і інш. У гэтых працах апісвалася царк.слав. мова, якая ўжывалася ў сферах культу і навукі; бел. («простая») мова выкарыстоўвалася толькі як матэрыял для «вырозуменья» царк.-слав. мовы. Першая граматыка «простой» мовы («Граматыка словенская») напісана на лац. мове ў 1643 студэнтам Сарбоны І.Ужэвічам (захоўвалася ў рукапісах, выд. ў 1970 у Кіеве, у 1996 у Мінску). У 1-й чвэрці 19 ст. пачалося навук. вывучэнне бел. мовы, што было звязана з павышанай цікавасцю грамадскасці да этнаграфіі, вусна-паэт. творчасці бел. народа. Найб. раннія пісьмовыя звесткі пра сучасную бел. мову (у працах А.К.Кіркора, Я.Чачота, П.М.Шпілеўскага і інш.) падаваліся ў плане агульнага азнаямлення з бел. этнаграфіяй і фальклорам. Бел. мове прысвячаліся і спец. працы (напр., артыкул К.Ф.Калайдовіча «Пра беларускую гаворку», 1822). Грунтоўнае вывучэнне бел. мовы пачалося з сярэдзіны 19 ст. Этнографы і фалькларысты П.А.Бяссонаў, У.М.Дабравольскі, М.В.Доўнар-Запольскі, Я.Карловіч, М.Я.Нікіфароўскі, Е.Р.Раманаў, А.К.Сержпутоўскі, М.Федароўскі, П.В.Шэйн, М.А.Янчук і інш. сабралі і апублікавалі багаты матэрыял пра асаблівасці бел. гаворак. У гэты ж час створаны слоўнікі нар. лексікі і фразеалогіі, найб. буйныя з іх «Збор слоў літоўска-рускай (беларускай мовы)» Ф.С.Шымкевіча (1840, выд. 1995), «Слоўнік беларускай мовы» І.Насовіча (1870). Факты бел. мовы выкарыстоўвалі ў сваіх працах рус. і польскія лінгвісты (К.Ю.Апель, Ф.І.Буслаеў, М.М.Дурнаво, М.А.Коласаў, Ліндэ, Патабня, А.І.Сабалеўскі, І.І.Сразнеўскі, Шахматаў і інш.). Пасля выдання помнікаў бел. пісьменнасці разгарнулася даследаванне іх мовы (летапісаў — Шахматавым, твораў Ф.Скарыны — П.У.Уладзіміравым, перакладных рыцарскіх аповесцей — А.Брукнерам, інтэрмедый — У.М.Перацам). Надрукаваны працы па гіст. граматыцы бел. мовы («Гістарычны агляд важнейшых гукавых і марфалагічных асаблівасцей беларускіх гаворак» І.А.Нядзёшава, 1884, і інш.). Але многія рус. і польск. вучоныя трактавалі бел. мову як дыялект велікарус. або польск. мовы, адмаўлялі яе права на ўжыванне ў грамадска-культ. сферах жыцця беларусаў, вызначалі месца яе выкарыстання толькі ў быт. сферы. Выключных поспехаў у вывучэнні бел. мовы, яе гісторыі, помнікаў бел. пісьменнасці дасягнуў заснавальнік бел. філалогіі Я.Ф.Карскі — аўтар шматлікіх прац па беларусістыцы, у т. л. манаграфіі «Беларусы» (кн. 1—7, 1903—22). Тры яе кнігі ён прысвяціў характарыстыцы фанетычнай сістэмы, словаўтварэння, граматычнага ладу бел. мовы ў яе гіст. развіцці. У пач. 20 ст. з пашырэннем літ. творчасці і кнігавыдання на бел. мове ўзнікла неабходнасць вызначыць характэрныя рысы бел. мовы і замацаваць іх у якасці літ. норм, што ўпершыню зроблена ў «Беларускай граматыцы для школ» Б.А.Тарашкевіча (1918). У 1920-я г. створаны Інбелкульт, які паслужыў базай для арганізацыі АН Беларусі, што ўключала ў свой склад Ін-т мовы, л-ры і мастацтва. У гэты ж час адкрыты БДУ і шэраг пед. ін-таў, дзе рыхтаваліся лінгвістычныя кадры і вяліся даследаванні ў галіне бел. М. Гэтаму спрыяла і правядзенне ў БССРбеларусізацыі. У 1926 адбылася акад. канферэнцыя па рэформе бел. правапісу і азбукі, скіраваная на збліжэнне з правіламі рус. мовы. У выніку збору і сістэматызацыі бел. лексікі створаны 24 тэрміналагічныя зборнікі, апублікаваны «Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік» В.Ластоўскага (1924), «Беларуска-расійскі слоўнік» (1925) і «Расійска-беларускі слоўнік» (1928) М.Я.Байкова і С.М.Некрашэвіча. Выдаваліся і дыялектныя («краёвыя») слоўнікі: «Віцебскі краёвы слоўнік» М.І.Каспяровіча (1927), «Краёвы слоўнік Чэрвеншчыны» М.В.Шатэрніка (1929). Абагульняльную працу пра гаворкі цэнтр. і ўсх. Беларусі «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» ў 1928 апублікаваў П.А.Бузук. Дыялектны матэрыял, назапашаны Ін-там мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі, загінуў у Вял.Айч. вайну. Некаторыя даваен. запісы пазней выкарыстаны ў выданнях «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Краёвы слоўнік Усходняй Магілёўшчыны» І.К.Бялькевіча (1970), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» П.А.Растаргуева (1973). Гісторыю бел. мовы вывучалі Бузук, І.В.Воўк-Левановіч, М.І.Карнеева-Петрулан, Карскі, Растаргуеў і інш., фанетыку — Я.Лёсік, Воўк-Левановіч і інш. Выйшлі працы па гіст. сінтаксісе «Выражэнне галоўных членаў сказа ў беларускай мове» (1940) і «Даследаванні ў галіне гісторыі беларускага сінтаксісу» (1941) Ц.П.Ломцева, аўтара і рэдактара выдадзенай раней акад. працы «Беларуская граматыка. Фанетыка і правапіс» (1935). Ін-т мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі выдаў даследаванні «Беларуская граматыка. Марфалогія» (1936), «Сінтаксіс беларускай мовы» (1939) і «Курс сучаснай беларускай мовы. Фанетыка, марфалогія, лексіка» (1940), у якіх падагульнены дасягненні бел. М. У пасляваен. час усталяваліся новыя кірункі даследаванняў, створаны новыя падручнікі па бел. мове для школ, тэхнікумаў, ВНУ. Выдадзены «Руска-беларускі слоўнік» пад рэд. Я.Коласа, К.Крапівы, П.Глебкі (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» пад рэд. К.Крапівы, «Падручны польска-беларускі слоўнік» пад рэд. А.Абрэмбскай-Яблонскай і М.В.Бірылы (абодва 1962), «Украінска-беларускі слоўнік» В.П.Лемцюговай (1980), «Беларуска-расійскі слоўнік» Я.Станкевіча (1990, Нью-Йорк) і інш. Выйшла з друку фундаментальная акад. «Граматыка беларускай мовы» пад рэд. К.Крапівы, М.Г.Булахава, П.П.Шубы (т. 1—2, 1962—66), распрацоўваліся гісторыя бел. мовы і гіст. граматыка (А.Я.Баханькоў, А.М.Булыка, А.І.Жураўскі, І.І.Крамко, Л.М.Шакун, Ф.М.Янкоўскі, А.Л.Яновіч, А.А.Яскевіч і інш.). Апублікавана некалькі агульных курсаў сучаснай бел. мовы, манаграфіі, прысвечаныя актуальным пытанням бел. граматыкі (Л.А.Антанюк, М.А.Аўласевіч, Булахаў, Л.І.Бурак, М.С.Васілеўскі, А.П.Груца, М.І.Гурскі, М.А.Жыдовіч, Ю.Ф.Мацкевіч, А.Я.Міхневіч, А.І.Наркевіч, Л.П.Падгайскі, П.У.Сцяцко, Шуба, П.Я.Юргелевіч, М.С.Яўневіч і інш.) і фанетыкі (Н.Т.Вайтовіч, Л.Ц.Выгонная, А.А.Крывіцкі, А.І.Падлужны, Э.Смулкова, В.М.Чэкман і інш.), стылістыкі бел. мовы (А.А.Каўрус, Г.М.Малажай, Лепешаў, Т.І.Тамашэвіч, М.Я.Цікоцкі, А.К.Юрэвіч і інш.), дыялекталогіі (Э.Д.Блінава, Я.М.Камароўскі, Ф.Д.Клімчук, Е.С.Мяцельская, А.А.Станкевіч, І.Я.Я́шкін і інш.), методыкі выкладання бел. мовы (З.Б.Варановіч, В.У.Протчанка, В.І.Рагаўцоў, М.Г.Яленскі і інш.). Вывучаліся бел. лексіка і словаўтварэнне (Антанюк, А.Я.Баханькоў, Бірыла, Булыка, М.Ф.Гуліцкі, В.П.Красней, У.М.Лазоўскі, Лемцюгова, А.А.Лукашанец, Г.М.Мезенка, М.А.Паўленка, М.Р.Прыгодзіч, А.Ф.Рогалеў, В.Д.Старычонак, М.Р.Суднік, Сцяцко, Шакун, В.К.Шчэрбін, Г.Ф.Юрчанка і інш.), фразеалогія (А.С.Аксамітаў, М.А.Даніловіч, У.І.Коваль, І.Я.Лепешаў, Янкоўскі і інш.). Выдадзеныакад. «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» (1996), «Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.М.Бардовіча, Шакуна (1975), «Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў» М.К.Клышкі (1976), «Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы» Лепешава (т. 1—2, 1993), «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» С.М.Грабчыкава (1994), «Слоўнік іншамоўных слоў» Булыкі (т. 1—2, 1999). Працягваецца праца над шматтомнымі «Этымалагічным слоўнікам беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93), «Гістарычным слоўнікам беларускай мовы» (вып. 1—18, 1982—99). Выдадзены «Анамастычны слоўнік твораў Якуба Коласа» (1990), «Фразеалагічны слоўнік мовы твораў Я.Коласа» (1993), «Слоўнік мовы Янкі Купалы» (т. 1, 1997), слоўнікі эпітэтаў бел. мовы М.П.Пазнякова (1988), Н.В.Гаўрош (1998), «Слоўнік мовы Скарыны» У.В.Анічэнкі (т. 1—3, 1977—94), частотны слоўнік бел. мовы Н.С.Мажэйкі, Супруна (т. 1—5, 1976—92). Апублікавана шмат слоўнікаў асобных рэгіёнаў Беларусі, у т. л. «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), першы сярод слав. моў «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963; Дзярж. прэмія СССР 1968). Да найбуйнейшых прац належаць акад. «Беларуская граматыка» пад рэд. Бірылы і Шубы (ч. 1—2, 1985—86), «Фанетыка беларускай літаратурнай мовы» пад рэд. Падлужнага (1989), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» пад рэд. Бірылы і Мацкевіч (т. 1—5, 1993—98), энцыклапедыя «Беларуская мова» (1994; Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1998).
З 1960-х г. на Беларусі даследуюцца і інш.слав. мовы, часам у плане іх супастаўлення з бел. мовай. Выйшлі працы апісальнага і супастаўляльнага характару па праблемах рус. мовы (Булахаў, Т.М.Валынец, А.А.Гіруцкі, Гурскі, М.І.Канюшкевіч, І.І.Козыраў, А.Ф.Манаенкава, В.А.Маслава, Мезенка, Міхневіч, В.М.Нікіцевіч, С.М.Прохарава, І.С.Роўда, Л.М.Чумак, Шуба і інш.). Вядуцца параўнальна-гіст. і супастаўляльна-тыпалагічныя даследаванні слав. моў (Р.М.Казлова, А.А.Кожынава, Мартынаў, Супрун, Г.А.Цыхун, Чэкман і інш.), вывучэнне старасл. мовы, паўд. і зах.-слав. моў, укр. мовы, часта ў параўнанні з бел. (Анічэнка, В.Л.Вярэніч, У.А.Карпаў, В.Ф.Крыўчык, Лемцюгова, Мажэйка, Мячкоўская, Б.Ю.Норман, Б.А.Плотнікаў, Супрун, Г.У.Ярмоленка і інш.). З германскіх моў вывучаецца нямецкая (С.М.Гайдучык, Т.С.Глушак, П.І.Копанеў, Г.Я.Панкрац, Ю.У.Папоў, А.М.Шаранда і інш.) і англійская (Дз.Г.Багушэвіч, Ю.Б.Барысаў, Я.М.Воўшын, Г.П.Кліменка, Л.М.Ляшчова, Я.А.Маслыка, В.А.Няхай, Ю.Г.Панкрац, Т.В.Паплаўская, Т.М.Суша, І.Ф.Ухванава, Л.У.Хвядчэня, З.А.Харытончык і інш.) мовы. З раманскіх моў найб. даследуецца французская (Л.Ф.Кістанава, З.Н.Лявіт, М.І.Лешчанка, У.В.Макараў, Л.М.Скрэліна, А.М.Сцяпанава, С.А.Шашкова і інш.). Распачалося вывучэнне класічных моў, пераважна лацінскай (Н.А.Ганчарова, А.В.Гарнік, Г.І.Шаўчэнка і інш.), моў Усходу (А.М.Гардзей, М.У.Тарэлка і інш.). У галіне агульнага М. даследаваліся праблемы сутнасці і функцыянавання мовы (Гіруцкі, Б.І.Касоўскі, Кіклевіч, Мартынаў, Міхневіч, Мячкоўская, Норман, Плотнікаў, Супрун і інш.), псіхалінгвістыкі (Кліменка, Супрун і інш.), праблемы рыторыкі і кампрэсіі моўнай інфармацыі (А.А.Вейзэ, Міхневіч, Л.А.Мурына і інш.), аспекты сацыялінгвістыкі (Міхневіч, Мячкоўская, Падлужны, Токарава і інш.), праблемы эксперыментальнай фанетыкі (К.К.Барышнікава, Выгонная, Гайдучык, А.Б.Карнеўская, Г.А.Мятлюк, Падлужны, Паплаўская і інш.), культуралагічных сувязей мовы (Маслава, Прохарава і інш.), тэорыі перакладу (Копанеў, В.П.Рагойша і інш.). У галіне матэм. і прыкладной лінгвістыкі вывучаюцца пытанні лінгвастатыстыкі (М.М.Лесохін, К.Ф.Лук’яненкаў, В.В.Нешытой, Плотнікаў і інш.), семіялагічных аспектаў моў (В.В.Грыб, Мартынаў, Плотнікаў і інш.), камп’ютэрнага прадстаўлення моўных фактаў (А.В.Зубаў, Карпаў, Мартынаў і інш.). Лінгвістычныя даследаванні праводзяцца ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нац.АН Беларусі, БДУ, Гомельскім, Гродзенскім, Мінскім лінгвістычным ун-тах, іншых навук. і навуч. установах. Дзейнічае Беларуская асацыяцыя камунікатыўнай лінгвістыкі, якая выдае штогоднік «Палілог». Выходзіць навук. штогоднік Ін-та мовазнаўства імя Я.Коласа «Беларуская лінгвістыка» і інш.
Літ.:
Амирова Т.А., Ольховиков Б.А., Рождественский Ю.В. Очерки по истории лингвистики. М., 1975;
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 1—3. Мн., 1976—78;
Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;
История лингвистических учений. [Вып. 1—4]. Л., 1980—1991;
Плотнікаў Б.А. Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;
Шакун Л.М. Гісторыя беларускага мовазнаўства. Мн., 1995;
Беларускае мовазнаўства: Бібліягр. паказ. [Вып. 1—3]. Мн., 1967—1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ГРЭ́КА-КАТАЛІ́ЦКАЯ ЦАРКВА́,
каталіцкая царква ўсх. абраду на тэр. Беларусі. Усталявалася ў выніку заключэння Брэсцкай уніі 1596, па ўмовах якой правасл. царква (гл.Праваслаўе) прыняла дагматыку каталіцкага веравызнання (гл.Каталіцызм), захаваўшы ўсх. грэка-візант. рытуалы і традыц.правасл. абраднасць. Пры гэтым яна не ўвайшла ў склад польскай каталіцкай царквы, а стала часткай самаст. уніяцкай царквы (гл.Уніяцтва) Рэчы Паспалітай, падпарадкаванай непасрэдна папу рымскаму (гл. таксама Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). Пераход правасл. беларусаў ва уніяцкае веравызнанне адбываўся паступова, пераадольваючы на першым часе значнае непрыняцце і нават супраціўленне з боку часткі правасл. духавенства і яго прыхільнікаў, асабліва мяшчан. Але шырокая асветніцка-адукац. дзейнасць, увага да нац.-культ. традыцый, выкарыстанне ў рэліг. жыцці бел. мовы спрыялі павелічэнню ўплыву Беларускай грэка-каталіцкай царквы, і да канца 18 ст. яна ахоплівала больш за 80% насельніцтва Беларусі. Унутраную арг-цыю Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў 17—18 ст. складалі Наваградска-Літоўская мітрапаліцкая, Полацкая, Пінска-Тураўская і Смаленская епархіі, частка Уладзімірска-Берасцейскай епархіі (Брэсцкае Палессе). Першая з іх ахоплівала Віленскае, Трокскае, Наваградскае, Мінскае і Кіеўскае ваяв. Кафедральнымі саборамі грэка-католікаў былі Барысаглебская царква ў Навагрудку, Успенская царква ў Вільні і Успенская царква ў Мінску. У пач. 18 ст. ў мітрапаліцкай епархіі было каля тысячы уніяцкіх цэркваў, якія знаходзіліся пад кіраўніцтвам мясц. дэканаў (благачынных). Полацкая уніяцкая епархія ўключала Полацкае, Віцебскае, Мсціслаўскае, Курляндскае ваяв. і Лівонію. У Пінска-Тураўскую епархію ўваходзіў толькі Пінскі пав. Смаленская епархія (арганізавана ў 1625) уключала Смаленскае ваяв., Северскую і Чарнігаўскую землі (фактычна перастала існаваць у 1667 пасля далучэння Смаленска да Расіі). У пач. 17 ст. ў Віленскім Троіцкім манастыры быў арганізаваны уніяцкі манаскі ордэн базыльян (гл.Базыльяне), пачалося актыўнае фундаванне уніяцкіх цэркваў і кляштараў, пры многіх з іх ствараліся друкарні, школы, калегіі. Навучанне ў такіх школах і калегіях вялося на бел. мове, нават у самыя неспрыяльныя для яе часы. У друкарнях базыльян было надрукавана шмат катэхізісаў, малітоўнікаў, службоўнікаў, напісаных на бел. мове, а таксама павучанняў, казанняў, палемічных твораў і інш. л-ры на бел., польскай, лац. і царк.-слав. мовах. Перад 1-м падзелам Рэчы Паспалітай (1772) на Беларусі было каля 150 базыльянскіх кляштараў; пасля падзелу шматлікія кляштары і культ.-асв. цэнтры пры іх прыходзілі ў заняпад і ліквідаваліся. 22.4.1794 быў выдадзены ўказ Кацярыны II аб «искоренении Унии» на падставе таго, что бел. сяляне-уніяты і святары актыўна ўдзельнічалі ў паўстанні 1794 пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі. У 1795 скасаваны ўсе уніяцкія епархіі, акрамя Полацкай. Пры Паўле I былі заснаваны 2 новыя епархіі — Брэсцкая і Луцкая (1798), але уніяцкая царква была пазбаўлена самастойнасці і падпарадкавана Рымска-каталіцкай калегіі ў Пецярбургу. У 1809 арганізавана Віленская епархія, а ў 1828 замест існаваўшых 4 епархій створаны Літоўская (цэнтр — Жыровічы) і Беларуская (цэнтр — Полацк). У склад Літоўскай епархіі ўвайшлі уніяты, якія жылі ў Гродзенскай і Віленскай губ., Беластоцкай вобл., у паўн. паветах Валынскай і ў Падольскай губ. У Беларускай епархіі былі уніяцкія цэрквы і уніяты, якія жылі ў Віцебскай і Магілёўскай губ., 8 паветах Мінскай і Валынскай губ., уніяты Кіеўскай губ. і 6 уніяцкіх цэркваў у Курляндыі. У 1832 указам імператара Мікалая I скасаваны ордэн базыльян, зачынены уніяцкія кляштарныя школы, забаронена друкаванне і распаўсюджванне уніяцкіх кніг. У канцы 18 — 1-й трэці 19 ст. да правасл. царквы было далучана каля 2 млн. уніятаў. На Полацкім саборы 1839 была прынята пастанова аб скасаванні Брэсцкай уніі, уз’яднанні з «Праваслаўна-Кафалічнай Усходняй царквой» і падпарадкаванні уніяцкай царквы «Свяцейшаму Кіруючаму Усерасійскаму Сіноду»; гэты акт быў зацверджаны правасл. Сінодам і імператарам. Была задушана спроба спыніць рэліг. ўціск і захаваць уніяцкую царкву ў час паўстання 1863—64 пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага.
Уніяцкімі мітрапалітамі былі Міхаіл Рагоза (1595—99), Ігнацій Пацей (1599—1613), Іосіф Веніямін-Руцкі (1613—37), Рафаіл Корсак (1637—43), Антоній Сялява (1643—45), Гаўрыіл Календа (1656—74), Кіпрыян Жахоўскі (1674—93), Фларыян Грабніцкі (1746—62), Іраклій Лісоўскі (1804—09), Іасафат Булгак (1812—39) і інш.
Пасля 1921, калі Зах. Беларусь увайшла ў склад Польшчы, на яе тэрыторыі пачалося адраджэнне Беларускай грэка-каталіцкай царквы. Было арганізавана 30 уніяцкіх прыходаў, актыўна дзейнічалі Друйскі і Альберцінскі кляштары. Пачаў выдавацца час. «Да злучэння». У 1923 у Ватыкане ўтворана спец. камісія па справах Уніі на тэр.ўсх. Польшчы. Але адм. пакаранні, рэпрэсіі, высяленні вернікаў-уніятаў спынілі працэс аднаўлення грэка-каталіцкай царквы. У 1946 у БССР уніяцтва было ліквідавана, захавалася толькі некалькі абшчын за мяжой.
У 1990 Беларуская грэка-каталіцкая царква адноўлена і атрымала афіц. прызнанне з боку папы рымскага Іаана Паўла II. У 1994 Ватыканам афіцыйна зацверджаны богаслужэбныя тэксты ў перакладзе на бел. мову, усе святары атрымалі афіц. намінацыі на свае парафіі. Дэканам грэка-каталіцкай царквы Беларусі прызначаны Ян Матусевіч. На Беларусі (на 1.1.1996) дзейнічала 11 грэка-каталіцкіх (уніяцкіх) абшчын. Выдаюцца час. «Унія», грэка-каталіцкія малітоўнікі і календары, інш. духоўна-рэліг.л-ра.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической, государственной и церковной жизни. Ч. 1—3. Буэнос-Айрес, 1966 (репринт. Мн., 1990);
Драгун Ю. Уніяцкая царква Беларусі і дзяржаўная палітыка // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994;
Киркор А.К. Исторические судьбы Белорусского Полесья // Живописная Россия: Литовское и Белорусское Полесье: Репринт. 2 изд. Мн., 1994;
Міхаліна. Жыцьцярыс сьвятое пакутніцы Уніі // Унія. 1990. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАЛОГІЯ
Развіццё петралогіі на Беларусі цесна перапляталася з літалагічнымі і мінералагічнымі даследаваннямі; найчасцей яны праводзіліся ў комплексе. У пач. 20 ст. П.М.Чырвінскі праводзіў мінералага-петраграфічнае вывучэнне метэарытаў, знойдзеных на Беларусі. У 1920-я г. з больш інтэнсіўным вывучэннем нетраў расшырыліся звесткі пра састаў асадкавых тоўшчаў, але іх петраграфічныя даследаванні абмяжоўваліся ў асн. макра- і мікраскапічным апісаннем структурна-тэкстурных асаблівасцей парод і мінералаў. Звесткі пра мінеральна-петраграфічны і хім. састаў антрапагенавых, мелавых і дэвонскіх глін, балотных руд, цэментавай сыравіны, фасфарытаў змешчаны ў працах М.Ф.Бліадухо, Н.Ф.Дзенісюка, А.М.Жырмунскага, В.І.Маеўскага, С.С.Малярэвіча, Г.Ф.Мірчынка, А.М.Розіна, Б.К.Тарлецкага і інш., а пра петраграфічныя асаблівасці і мінер. састаў асобных тыпаў парод крышт. фундаменту — у Дз.М.Собалева. У пасляваенныя гады прадоўжаны і паглыблены петраграфічныя даследаванні асадкавых, магматычных і метамарфічных парод платформавага чахла і крышт. фундаменту. У 1950—52 Я.М.Махлін зрабіў дэталёвае петраграфічнае апісанне парод крышт. фундаменту, ускрытых свідравінамі ў Мінску, Пінску, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на, г.п. Смілавічы. Сістэматычнае комплекснае мінералага-петраграфічнае даследаванне геал. аб’ектаў пачалося з утварэннем у 1955 лабараторыі літалогіі ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (з 1970 Бел.н.-д. геолагаразведачны ін-т Упраўлення геалогіі СМБССР). Пад кіраўніцтвам А.С.Махнача ў лабараторыі дэталёва даследаваны пароды дэвонскага і каменнавугальнага ўзросту з мэтай ацэнкі іх перспектыўнасці на нафту і каменны вугаль, дадэвонскія асадкавыя і вулканагенныя адклады, пароды крышт. фундаменту. У 1957 пры Упраўленні геалогіі СМБССР створана мінералага-петраграфічная лабараторыя для аператыўнай апрацоўкі матэрыялаў геолага-здымачных і пошукава-разведачных экспедыцый і партый. З 1965 ва Упраўленні геалогіі (цяпер РУП «Белгеалогія») пачаты тэматычныя мінералага-петраграфічныя даследаванні, звязаныя з праблемай нафтагазаноснасці тэр. Беларусі і вызначэннем перспектыў крышт. фундаменту і платформавага чахла на метал. карысныя выкапні.
У працэсе глыбіннага геал. карціравання (з 1960-х г.) петралагічныя даследаванні дазволілі вылучыць шэраг разнавіднасцей метамарфічных і магматычных парод, вызначыць умовы іх утварэння і скласці першыя геолага-петраграфічныя карты крышт. фундаменту тэр. Беларусі. Дэталёвае вывучэнне працэсаў метамарфізму дазволіла вылучыць у іх гісторыі некалькі этапаў, вызначыць гал. тыпы зыходных парод, з якіх утварыліся метамарфічныя пароды. Створаны карты пашырэння метамарфічных парод, фармацый магматычных парод, геахімічныя і інш.; выдадзены даведнікі хім. саставу парод і мінералаў крышт. фундаменту, таксама геал. карта крышт. фундаменту Беларусі і суседніх тэрыторый маштабу 1:1 000 000 з тлумачальнай запіскай. У наш час у петралогіі ранняга дакембрыю развіваюцца кірункі: петралогія магматычных, метамарфічных і метасаматычных парод. Для іх распрацавана класіфікацыя, якая аб’ядноўвае дзесяткі разнавіднасцей. Блізкія па часе і нярэдка па ўмовах утварэння, становішчы ў разрэзе і геагр. пашырэнні, падобныя па рэчыўным саставе рознасці парод аб’яднаны ў комплексы магматычных і метасаматычных парод і серыі метамарфічных парод, што з’яўляюцца гал. адзінкамі пры карціраванні крышт. фундаменту. Петралагічныя даследаванні праводзяцца таксама пры пошуках нафты і газу тэматычнай партыяй РУП «Белнафта»; вывучэнне парод крышт. фундаменту, мінер. солей, нафтаносных тоўшчаў і інш. — у Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це і інш. Значная частка даследаванняў па розных напрамках петралогіі сканцэнтравана ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі.
Бел. геолагамі вывучана петраграфія і мінер. састаў парод і жал. руд крышт. фундаменту (Н.В.Аксаментава, А.А.Архіпава, В.Е.Астроўскі, І.П.Бардон, Ю.С.Булкін, Д.А.Дамінікоўская, Г.Г.Дамінікоўскі, Н.А.Кажамякіна, В.Ф.Красоўскі, А.С.Махнач, І.В.Найдзянкоў, А.М.Пап і інш.), асадкавых і вулканагенных утварэнняў верхняга пратэразою (В.Я.Бяссонава, М.В.Вераценнікаў, А.С.Махнач, У.І.Шкуратаў), кембрыю (В.І.Абраменка, А.С.Махнач), ардовіку, сілуру (А.С.Махнач, В.Ф.Ропат і інш.), перспектыўных на нафту, мінер. солі і інш. карысныя выкапні дэвонскіх адкладаў (В.З.Кіслік, В.П.Корзун, В.П.Курачка, Ю.І.Лупіновіч, А.С.Махнач, І.І.Ур’еў, Т.А.Шаўчэнка, В.М.Шчарбіна, Д.М.Ярошына і інш.), надсалявых адкладаў дэвону і карбону, перспектыўных на высокагліназёмную сыравіну, гаручыя сланцы, бурыя вуглі (Л.Ф.Ажгірэвіч, Ф.Л.Дзмітрыеў, В.П.Курачка, Л.М.Палер, Н.А.Саўчанка і інш.), адкладаў пермі і трыясу (З.М.Неўмяржыцкая), мергельна-мелавых парод (Ю.Р.Копысаў), пяскоў (З.А.Гарэлік, Э.А.Ляўкоў, Э.Д.Мішагова).
З раздзелаў петралогіі на Беларусі пераважаюць даследаванні рэчыўнага саставу крышт. парод, вызначэнне параметраў іх метамарфізму, тыпу зыходных парод (для метамарфічных) і іх эвалюцыі ў гісторыі зямной кары Беларусі. Мінералага-петраграфічныя даследаванні з’яўляюцца асновай для вызначэння перспектыўнасці тэр. Беларусі на нафту, гаручыя сланцы, каменны і буры вугаль, калійныя і каменную солі, буд. матэрыялы, руды чорных, каляровых і рэдкіх металаў, аграруды і інш.
Літ.:
Геология и петрография калийных солей Белоруссии. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГРА́ФІЯ (ад этнас + ...графія), этналогія, народазнаўства,
навука, якая даследуе этнічныя супольнасці, іх паходжанне (этнагенез), рассяленне, побыт і культуру, культ.-гіст. сувязі. Сучасная Э. (часцей ужываецца тэрмін «этналогія») вывучае комплекс праблем: этнагенез, этн. гісторыю, этн. (этнакульт., этнасац.) працэсы, нац. ўзаемаадносіны. Асн. метады даследаванняў: мэтавае апытанне мясц. жыхароў, тэкставыя запісы, анкеты, фотаздымкі, відэа- і фоназапісы, іх сістэматызацыя, расшыфроўка, параўн.-тыпалагічны параўн.-гіст. аналіз, рэтраспекцыя, картаграфаванне і інш.Асн. крыніцы — палявыя этнагр. матэрыялы, запісы падарожнікаў, гіст. і нарматыўныя дакументы, інвентарныя кнігі, каталогі, музейныя калекцыі. Цесна звязана з археалогіяй, антрапалогіяй, геаграфіяй, лінгвістыкай, сацыялогіяй, фалькларыстыкай. Сумежныя дысцыпліны: этнагеаграфія, этналінгвістыка, этнамузыкалогія, этнічная псіхалогія, этнапедагогіка.
Найб. даўнія звесткі пра Э. ў пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Асірыі, Персіі, Індыі. Кітая. У творах ант. аўтараў (Герадот, Палібій, Пліній Старэйшы, Страбон, Тацыт, Фукідыд і інш.) ёсць апісанні народаў, спробы асэнсаваць гіст. падзеі і этнакульт. з’явы. Традыцыі ант. л-ры прадаўжаліся ў Візантыі (Пракопій Кесарыйскі, імператар Канстанцін, 10 ст., і інш.). Багаты матэрыял пра народы свету ў апісаннях падарожжаў Дж.Карпіні («Гісторыя манголаў»), М.Пола («Кніга Марка Пола»). Вялікія геаграфічныя адкрыцці (15—17 ст.) паскорылі развіццё этнагр. ведаў. Комплексныя этналагічныя даследаванні Л.Г.Моргана і інш. садзейнічалі параўн. вывучэнню і абагульненню фактычнага матэрыялу. У працэсе пошукаў новых падыходаў у асэнсаванні гісторыі чалавецтва і тлумачэнні этнакульт. разнастайнасці фарміраваліся навук. школы: міфалагічная школа, эвалюцыянісцкая (А.Бастыян, Г.Спенсер, Э.Тайлар), антрапагеагр. (Ф.Ратцэль), культурна-гістарычная школа, функцыян., этнапсіхал. і інш. Узніклі этнагр. ўстановы і т-вы, музеі этнаграфічныя, выдаваліся часопісы, склікаліся міжнар. канферэнцыі і кангрэсы. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст. адзначаны поспехамі слав. Э., з’яўленнем фундаментальных абагульняльных прац па розных кірунках этнагр. навукі (З.Глогер, Дз.К.Зяленін. Я.Ф.Карскі. К.Машынскі. Л.Нідэрле, А.М.Пыпін, П.Шафарык і інш.). У 1948 засн.Міжнар. саюз антраполагаў і этнографаў.
Першыя звесткі пра стараж. насельніцтва Беларусі ёсць у творах ант. аўтараў, стараж. летапісах («Аповесць мінулых гадоў») і інш.гіст. помніках 12—14 ст. У 16—18 ст.этнагр. звесткі пра беларусаў зафіксаваны ў «Баркулабаўскім летапісе», «Хроніцы Быхаўца», «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А.Гваньіні, «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, шматлікіх інвентарах, запісках замежных і рус. паслоў і падарожнікаў (З.Герберштэйн, Т.Карабейнікаў, Я.Ласіцкі, М.Літвін, А.Маерберг, Б.Л.Танер і інш.), этнагр. помніку бел. рэнесансу «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Бел. асветнікі С.Будны. Ф.Скарына, В.Цяпінскі і інш. спалучалі ў сваіх творах хрысц. традыцыі і нац.-патрыят. ідэю, крытычна ставіліся да афіц. рэлігіі. імкнуліся наблізіць яе да народа, чаму садзейнічалі пераклады Бібліі на жывую бел. мову з адпаведнымі каментарыямі, прадмовамі і пасляслоўямі. Каштоўны ўклад у вывучэнне праблем сям’і і грамадства, нар. маралі і звычаёвага права зрабілі аўтары і складальнікі прававых Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (канец 18 ст.) з’явіліся нататкі экспедыцыі на Беларусь у 1773 І.І.Ляпёхіна, этнагр. апісанне бел. губерняў В.М.Севергіна, працы па краязнаўстве і Э. Беларусі Л.Галамбёўскага, А.К.Меера, М.Чарноўскай, І.Шыдлоўскага. Побыт і вусную нар. творчасць беларусаў даследавалі Я.Баршчэўскі, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Т.Зан, Ю.І.Крашэўскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, У.Сыракомля, Я.Чачот і інш. Каштоўныя матэрыялы па краязнаўстве сабралі Я.П. і К.П.Тышкевічы, па Э., гісторыі і фальклоры бел. насельніцтва — І.М.Снегіроў, звесткі пра духоўную культуру беларусаў — П.В.Кірэеўскі. Пазней даследаванні праводзілі чл. Расійскай АН, Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх, Румянцаўскага гуртка.
Актыўнае збіранне этнагр. матэрыялаў на Беларусі пачалося з заснаваннем у 1845 Рус.геагр.т-ва (РГТ) з аддзяленнем Э. У «Этнографических сборниках» т-ва друкаваліся працы па Э. Беларусі М.Анімеле, А.Кіркора, І.Юркевіча і інш. Каштоўныя звесткі пра жыццё беларусаў змешчаны ў працах П.В.Баброўскага, М.В.Без-Карніловіча, І.Зяленскага, творах А.Міцкевіча, Падбярэскага, У.Сыракомлі, Я.Чачота і інш., шматтомным выданні «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба» (1860-я г.), 3-томнай фундаментальнай працы «Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах» (1882—84, пад рэд. А.С.Дамбавецкага) і інш. Значную ролю ў вывучэнні Беларусі адыграў створаны ў 1867 у Вільні Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Выдадзены першыя этнаграфічныя карты і атласы, якія пашырылі звесткі пра этн. склад насельніцтва Беларусі. З канца 1870-х г. распачалося выданне шматтомнай краязнаўчай працы «Жывапісная Расія». Матэрыялы, сабраныя Кіркорам у 1840—50-я г., склалі 2 часткі 3-га т., прысвечанага Беларусі і Літве («Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе», 1882). Побач з назапашваннем этнагр. матэрыялаў ішоў працэс асэнсавання, тэарэт. абагульнення і паглыбленага вывучэння розных бакоў нар. культуры. У час. «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества», «Современник», «Вестник Западной России», «Исторический вестник», «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»), «Athenaeum» («Атэнэум»), «Wisła» («Вісла») і інш.перыяд. выданнях і навук. зборніках публікаваліся працы даследчыкаў бел. Э. М.В.Доўнар-Запольскага, Карскага, Кіркора, М.М.Косіч, І.А.Сербава, А.К.Сержпутоўскага, А.М.Харузіна, П.М.Шпілеўскага, М.А.Янчука і інш.
Трывалыя асновы бел. Э. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. З’явілася плеяда этнографаў, збіральнікаў і даследчыкаў бел. спадчыны. Значны ўклад у вывучэнне побыту і культуры Паўн. Беларусі зрабіў М.Я.Нікіфароўскі. Яго «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895) — першае на Беларусі сістэматычнае і ўсебаковае даследаванне матэрыяльнай культуры. Энцыклапедыяй нар. жыцця з’явіўся «Беларускі зборнік» Е.Р.Раманава (т. 1—9, 1886—1912), у якім адлюстраваны амаль усе бакі матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. Багатыя матэрыялы па Э. беларусаў Смаленскай губ. сабраў У.М.Дабравольскі. Плённай была збіральніцкая дзейнасць П.В.Шэйна, які сістэматызаваў і выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902), а таксама дзейнасць этнографаў, якія публікавалі працы пра Беларусь на польскай мове: Э.Ажэшкі, Глогера, Я.Карловіча, Машынскага, М.Федароўскага. Важнай вяхой у этнагр. вывучэнні Беларусі быў 1-ы ўсерас. перапіс насельніцтва (1897), які даў рэальную карціну этн. сітуацыі на Беларусі. Негатыўна паўплывалі на развіццё бел. Э. як навукі канцэпцыя заходнерусізму і забарона ў афіц. ужытку бел. друкаванага слова. Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны шырокай хваляй нац.-культ. адраджэння (М.Багдановіч, Ф.Багушэвіч, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Купала, Я.Колас). Прыкметную ролю ў выхаванні новай генерацыі даследчыкаў нар. культуры і побыту адыграла газ. «Наша ніва», якая шырока прадстаўляла этнагр. матэрыялы з жыцця бел. вёскі, асвятляла гіст. і культ. падзеі. Праблемы гіст. развіцця бел. народа, этнагенез і этн. гісторыю даследаваў Доўнар-Запольскі, гісторыю і традыц. культуру Беларусі — В.Ю.Ластоўскі. А.А.Смоліч — аўтар першай фундаментальнай працы «Геаграфія Беларусі» (1919), у якой разглядаліся прыродныя ландшафты, этн. склад насельніцтва, яго размяшчэнне, культ. асаблівасці і гасп. заняткі.
Вынікі даследаванняў у галіне бел. Э., славістыкі і мовазнаўства падвяла самая значная абагульняльная праца пра бел. этнас «Беларусы» Карскага (т. 1—3, 1903—22). У 1918 у Маскве створана Беларускае навукова-культурнае таварыства, адкрыты Беларускі народны універсітэт, дзе чытаўся курс лекцый па Э. і гісторыі Беларусі. У 1922 у Мінску на базе Навук.-тэрміналагічнай камісіі створаны Ін-тбел. культуры, у складзе якога працавала этнагр. камісія. Створанае ў 1923 Цэнтральнае бюро краязнаўства пачало выданне гіст.-краязнаўчага час. «Наш край», дзе змяшчаліся этнагр. матэрыялы з розных куткоў Беларусі. Важнай крыніцай этнагр. вывучэння Беларусі былі музейныя калекцыі, экспедыцыйныя матэрыялы. Побач са збіральніцкай дзейнасцю праводзілася даследчая работа (праца «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах», кн. 1—5, 7, 1926—30). Творчая праца многіх даследчыкаў нар. культуры была звязана з Палессем. Грунтоўныя комплексныя даследаванні на багатым фактычным матэрыяле, сабраным на Палессі, апублікавалі Дз.Г.Булгакоўскі, І.І.Жылінскі, І.Я.Забелін, Ю.Крашэўскі, Н.І.Лебедзева, Машынскі, Ч.Пяткевіч, З.Ф.Радчанка, П.П.Чубінскі і інш. Далейшае развіццё Э. атрымала з утварэннем Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоруАН Беларусі. Пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі бел. Э. Даследаваліся праблемы Э.: этнагенез і этн. гісторыя (М.Я.Грынблат, М.Ф.Піліпенка, І.У.Чаквін), матэрыяльная культура вёскі (У.С.Гуркоў, Л.А.Малчанава, Л.І.Мінько, Э.Р.Сабаленка), побыт і культура гар. насельніцтва (В.М.Бялявіна, У.М.Іваноў, Л.В.Ракава), гіст.-этнагр. раянаванне (В.С.Цітоў), сям’я і сямейная абраднасць (А.М.Курыловіч, Т.І.Кухаронак, М.М.Нікольскі, Ракава, Сабаленка), нар. промыслы і рамёствы (І.М.Браім, Н.І.Буракоўская, Курыловіч, С.А.Мілючэнкаў, Цітоў, С.Ф.Цярохін), гісторыя бел. Э. (В.К.Бандарчык, У.А.Васілевіч, Г.А.Каханоўскі, І.У.Саламевіч, А.С.Фядосік, Цітоў, І.К.Цішчанка) і інш.Выдадзеныкалект. працы «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1984), «Палессе: Матэрыяльная культура» (1988), а таксама энцыкл. выданне «Этнаграфія Беларусі» і інш. У 1976 адкрыты Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, у 1977 — Музей старажытна-беларускай культуры.
У 1990-я г. даследаваліся пытанні шматвяковай гісторыі і традыц. культуры народа: нар. дойлідства (Т.В.Габрусь, Гуркоў, А.М.Кулагін, А.І.Лакотка, С.А.Сергачоў, Ю.А.Якімовіч), нар. мастацтва (В.А.Лабачэўская, М.Ф.Раманюк, Я.М.Сахута, В.Я.Фадзеева), духоўныя традыцыі і абрады (Г.А.Барташэвіч, Т.Б.Варфаламеева, Васілевіч, П.А.Гуд, А.У.Гурко, Э.С.Дубянецкі, І.І.Крук, Кухаронак, А.С.Ліс, З.Я.Мажэйка, А.В.Мальдзіс, Л.Ф.Салавей), гісторыя культуры (Г.Я.Галенчанка, В.П.Грыцкевіч, Э.К.Дарашэвіч, А.К.Каўка, Каханоўскі, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, Л.М.Лыч, С.А.Падокшын, Саламевіч, Чаквін, І.А.Юхо). Апублікаваны калект. праца «Беларусы» (1998), энцыкл. выданне «Народная культура Беларусі» (2002). Працягваецца праца над шматтомным выданнем «Беларусы» (т. 1—6, 1995—2002), якое асвятляе разнастайнасць шматвяковых традыцый бел. народа ў матэрыяльнай, духоўнай і інш. сферах нац. культуры. Праблемы бел. Э. даследуюцца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы і Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, Ін-це праблем культуры, Бел.навук.-адукац. цэнтры, на кафедрах ВНУ, у музеях, цэнтрах і дамах нар. творчасці і інш.
Літ.:
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 1—4. СПб., 1890—92;
Харузина В.Н. Введение в этнографию: Описание и классификация народов земного шара. М., 1941;
Токарев С.А. История русской этнографии. М., 1966;
Чебоксаров Н.Н.Чебоксарова И.А. Народы, расы. культуры. М., 1971;
Беларуская народная творчасць. Т. 1—45. Мн., 1970—2001;
Бромлей Ю.В. Этнос и этнография. М., 1973;
Зеленин Д.К. Восточнославянская этнография. М., 1991;
Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;
Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў 19 і пач. 20 ст. 2 выд.Мн., 1993;
Цітоў В.С. Народная спадчына: Матэр. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці. Мн., 1994;
Яго ж. Этнаграфічная спадчына: Беларусь. Традыцыйна-бытавая культура. Мн., 2001;
Говард М. Сучасная культурная антрапалогія. Мн., 1995;
Сахута Я.М. Народнае мастацгва Беларусі. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́РМАНТАЎ Міхаіл Юр’евіч (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),
рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус.рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш.Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.Рахманінава, «Тры пальмы» А.Спендыярава) і рамансавай (А.Даргамыжскі, М.Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).
Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял.Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.Колас, А.Зарыцкі, А.Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.Зуёнак, П.Макаль, Я.Міклашэўскі (Я.Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.Броўка, М.Танк, Я.Брыль, С.Грахоўскі і інш.
Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.К.Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл.драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж.рус.драм.т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел.т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл.драм.т-р (1955).
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—4. М., 1986;
Соч.Т. 1—2. М., 1988—90;
Избр. соч. М., 1994;
Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.
Літ.:
М.Ю.Лермонтов в русской критике. М., 1985;
Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́ХАЎ Антон Паўлавіч (29.1.1860, г. Таганрог, Расія — 15.7.1904),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1884). Ганаровы акад. Пецярбургскай АН (1900; у знак пратэсту супраць адмены царом выбрання М.Горкага ганаровым акадэмікам разам з У.Караленкам у 1902 адмовіўся ад звання). Працаваў земскім урачом. Ездзіў на в-аў Сахалін (1890), дзе вывучаў жыццё катаржан і ссыльнапасяленцаў. З 1892 жыў у в. Меліхава пад Масквой, у 1899 па стане здароўя пераехаў у Ялту. Літ. творчасць пачынаў з фельетонаў і гумарыст. апавяданняў. Першае апавяданне — «Ліст да вучонага суседа» (1880), першыя зб-кі — «Казкі Мельпамены» (1884) і «Стракатыя апавяданні» (1886). У ранніх творах тэма «маленькага» чалавека, роздум над прыродай рабскай псіхалогіі («Смерць чыноўніка», «Тоўсты і тонкі», абодва 1883; «Хамелеон», 1884; «Унтэр Прышыбееў», 1885). Матывы драматызму, трагізму жыцця ўзмацніліся ў творах сярэдзіны 1880-х г. («Ванька», 1886, «Спаць хочацца», 1888, і інш.). У апавяданнях «Бабіна царства» (1894), «Мужыкі» (1897), «У яры» (1900) паказаў дзікунства і жорсткасць вясковага жыцця. У сталы перыяд творчасці глыбока аналізаваў уплыў сац. абставін на чалавечыя характары, тонка высвечваў душу чалавека, драматызм і трагізм змякчаў лірызмам і гумарам. Героі многіх яго твораў — самазадаволеныя абывацелі або змучаныя жыццём цёмныя людзі, даведзеныя да душэўнай тупасці («Чалавек у футарале», «Агрэст», «Іоныч», усе 1898). Вял. сілы сац.-псіхал. аналізу і маст. абагульнення дасягнуў у аповесцях «Стэп» (1888), «Палата №6» (1892), апавяданнях «Дама з сабачкам» (1899), «Архірэй» (1902) і інш. Апавяданні «Чорны манах», «Студэнт» (абодва 1894) пра таямнічую сувязь часоў і глыбіні падсвядомасці чалавека. Найвялікшы ўплыў на развіццё сусв. драматургіі зрабілі яго лірычна-псіхал. п’есы «Чайка» (паст. 1896), «Дзядзька Ваня» (паст. 1897), «Тры сястры» (паст. 1901, Грыбаедаўская прэмія), «Вішнёвы сад» (паст. 1904). Унёс новае ў разуменне трагічнага як звычайнага і будзённага, перанёс цэнтр цяжару з сюжэтнай інтрыгі на аналіз душы, на псіхал. сюжэт, спалучыў журбу, іронію і сарказм з лірыкай і сцішанай патэтыкай. Выключны ўплыў Ч. на сусв. л-ру 20 ст. адзначалі многія пісьменнікі свету. Творы Ч. часта перадрукоўваліся ў рус. газетах, што выходзілі на Беларусі («Минский листок», «Витебский голос» і інш.). Газ. «Северо-Западный край» публікавала матэрыялы, прысвечаныя творчасці Ч., «Голос провинции» падкрэсліваў сац.-выхаваўчыя функцыі яго твораў, «Гомельская мысль» прапагандавала літ. спадчыну пісьменніка. З рэцэнзіяй на кн. «Пісьмы А.П.Чэхава» выступіў М.Багдановіч (1916). Першы пераклад Ч. на бел. мову — вадэвіль «Сватанне» (пераклаў Н.Чарноцкі), выдадзены ў 1910 выд-вам «Загляне сонца і ў наша аконца»; у 1913 у гэтым выд-ве выйшаў вадэвіль «Мядзведзь». «Наша ніва» апублікавала пераклады апавяд. «Пераапранутыя», «Мянтуз». На бел. мову творы Ч. перакладалі Я.Брыль, А.Васілевіч, І.Грамовіч, А.Звонак, В.Каваль, К.Крапіва, М.Лужанін, Я.Маўр, П.Пестрак, Я.Рамановіч, Т.Хадкевіч, І.Шамякін, В.Шашалевіч, А.Якімовіч і інш. Пра дабратворны ўплыў Ч. на іх творчасць сведчылі Я.Колас, М.Лынькоў, Брыль і інш. П’есы Ч. ставіліся і ставяцца на Беларусі. На прафес. і аматарскай сцэне да 1917 ішлі «Дзядзька Ваня», «Чайка», вадэвілі «Мядзведзь», «Сватанне», «Юбілей», інсцэніроўкі апавяданняў «Хірургія», «Зламыснік» і інш., паст. на рус. мове мясц. і заезджымі трупамі. «Сватанне» доўгія гады было ў рэпертуары трупы І.Буйніцкага. Творы Ч. ставілі т-ры Беларусі: «Ведзьма» БДТ (1923); «Мядзведзь» БДТ-1 (1933); «Дзядзька Ваня» Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі (1949), Бел.т-р імя Я.Купалы (1965), Бел.т-р імя Я.Коласа (1996); «Вішнёвы сад» т-р імя Я.Купалы (1951), Нац.т-р імя Я.Коласа (1981, 2001), рус.драм.т-р (1981), Гродзенскі абл.драм.т-р (1982), Бел.дзярж.т-р лялек (2001, пад назвай «З Парыжам скончана!»); «Чайка» Нац.т-р імя Я.Купалы (1954; пад назвай «Больш, чым дождж», 2001), Брэсцкі абл.драм.т-р (1954), Бел.рэсп.т-р юнага гледача, Гродзенскі абл.драм.т-р (абодва 1977), Гомельскі абл.драм.т-р (1997); «Тры сястры» рус.драм.т-р (1944), т-р імя Я.Коласа (1951), Гродзенскі і Брэсцкі абл.драм. т-ры (абодва 1960), т-р імя Я.Купалы (1992); «Тры жарты» («Вядзьмарка», «Юбілей», «Прапанова») Брэсцкі абл.драм.т-р (1956); «Іванаў» Брэсцкі т-р драмы і музыкі (1996, пад назвай «Іванаў, Сара і Шурачка»), т-р «Дзе-Я?» (2000); «Драма на паляванні» Гродзенскі абл.драм.т-р (1963); «Каштанка» Бел.дзярж.т-р лялек (1941, 1952) і інш. Многія творы Ч. экранізаваны. Кінастудыя «Беларусьфільм» паст. фільмы «Мядзведзь» (1938), «Чалавек у футарале» (1939).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРЫФТ (ням. Schrift ад schreiben пісаць),
графічная сістэма літар, лічбаў і інш. моўных знакаў, форма якіх падпарадкавана функцыянальным, мастацкім або тэхнічным патрабаванням. Базіс усякага графічнага моўнага знака — графема, па якой вызначаюцца літары. Ш. з’яўляецца графічнай інтэрпрэтацыяй алфавітнага ладу. На форму Ш. прама ці ўскосна ўздзейнічаюць розныя фактары: традыцыі, мова, інфарм. патрэба, тэхн. сродкі, культ. ўзровень, індывід. асаблівасці стваральніка. У вузкім сэнсе Ш. — камплект друкарскіх літар, прызначаны для набору ў паліграфіі (наз.гарнітура). Тэрмін «Ш.» з’явіўся з пачаткам кнігадрукавання. Усх. славяне карыстаюцца ім з пач. 18 ст., да гэтага часу друкарскія і рукапісныя алфавітыназ.азбукай.
Грэч. і этрускі алфавіты сталі крыніцай лацінскага пісьма. Найб. дасканалы Ш. прапісных манум. літар надпісаў вядомы з 2 ст.н.э. (надпіс на калоне Траяна ў Рыме, 114). Сярод розных народаў свету пашыралася пісьмо капітальнае (5 ст.), унцыяльнае (6 ст.), мінускульнае (з канца 8 ст.). У сярэднія вякі склаўся гатычны Ш. (тэкстура, фактура, ратонда, швабах); у эпоху Адраджэння — гуманіст. антыква (стараж., пераходная, новая, пазней егіп., італійская, гратэск, мадэрн), якія сталі асновай цяперашніх друкарскіх лац. Ш. Развіццё друкарскіх Ш. на аснове кірыліцы (канец 15 — пач. 18 ст.) адбывалася пад уздзеяннем рукапісных кірыліцкіх азбук устава, паўустава, вязі, грамадз. пісьма, скорапісу і друкарскіх Ш. Зах. Еўропы.
Бел. Ш., як і пісьмо ў цэлым, бярэ пачатак ад рунічных знакаў (гл.Рунічнае пісьмо). З прыняццем хрысціянства царк. кнігі перапісваліся ўстаўнымі (кірыліцкімі) літарамі (магчыма, і глаголіцай). Кнігі 11 ст., напісаныя ў розных месцах, маюць пэўную адметнасць. Напр., для Тураўскага евангелля характэрны аптымальная мера суадносін прасторы і графікі, амаль абсалютная рытмічная правільнасць, яснасць і ўстойлівасць літар, нетаропкае пісьмо з вял. густам.
Графічны строй Астрамірава евангелля прынята лічыць эталонам. У 14 ст. пашырылася новая графіка літар — паўустаў, вязь, скорапіс, што значна паскарала працэс пісання. Гіст. з’ява пач. 16 ст. — шрыфты Ф.Скарыны (ініцыяльныя, тытульныя, тэкставыя). Скарына ўжо ў першым сваім выданні прыстасаваў зах.-рус. літары да друкарскага набору. Выдадзены ім «Псалтыр» (Прага, 1517) вызначаўся гармоніяй выяў, арнаменту і тэкставага матэрыялу, роўнай тонавай насычанасцю старонак, багатай разнастайнасцю форм і аздаблення ініцыялаў, што мела вял. значэнне для семантычнай сувязі тэксту і ілюстрацый. У 2-й пал. 16 ст. працу над Ш. прадоўжылі С.Будны і В.Цяпінскі. На тэр.ВКЛ Ш., падобнымі на рукапісныя, друкавалі кнігі Мамонічы (гл.Мамонічаў друкарня). Высокімі графічнымі якасцямі вызначаліся Ш., створаныя на аснове ўстава і паўустава П.Мсціслаўцам. Іх капіравалі і выкарыстоўвалі інш. друкарні. У графіцы літар Статута ВКЛ (1588) своеасабліва ўвасоблена спалучэнне бел. скорапісу, друкарскай тэхналогіі са зручнасцю чытання, што надае Ш. вял. арыгінальнасць. Высокае майстэрства выкарыстання Ш. праявілася ў кнігах для навучання: павялічаныя памеры і высокая яснасць літар, ужыванне арнаментыкі вылучаюць кнігі Л.Зізанія «Азбука» і «Граматыка Славенска» (1596), «Буквар» М.Сматрыцкага (1618) і інш. Пашырэнне мелі і лац. Ш. (польская графіка, ці т.зв. лацінка), якімі друкавалі свецкія і рэліг. кнігі (Брэсцкая біблія); яны існавалі да пач. 20 ст.
На развіццё бел. НІ. (рукапісных і друкарскіх) у розныя часы ў пэўнай ступені ўплывалі памежныя культуры Захаду і Усходу. Рэформа пісьма 1708 у Расіі (у выніку устаў, паўустаў і вязь ужываліся толькі для царк. л-ры, новая спрошчаная графіка Ш. — т.зв. грамадзянскі шрыфт — для свецкіх патрэб), далучэнне бел. зямель да Расіі ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай 18 ст. адбіліся на графічных сродках пісьма. З 19 ст. вяліся пошукі форм Ш., ствараліся і шырока выкарыстоўваліся новыя Ш. (егіп., італьян., дэкар.) пад уплывам стыляў класіцызму, мадэрну. У пач. 20 ст. пачалося друкаванне легальных выданняў на бел. мове рускім грамадз. Ш. са сваёй арфаграфічнай асаблівасцю (творы М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш.). У наш час у галіне шрыфтавой справы працуюць навукоўцы, пісьменнікі, мастакі (Ю.Бокая, У.Лукашык, Г.Мацур, Р.Найдзін, П.Семчанка). Ёсць значныя дасягненні ў шрыфтавым афармленні кніг, спроба стварыць бел.нац. друкарскі Ш. У 1972 у Бел.АМ створаны курс маст. Ш. (заснавальнік Семчанка). У 1994 арганізавана суполка «Літарт», якая сістэматычна праводзіць выставы Ш. і каліграфіі, выдае манаграфіі.
Літ.:
Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983;
Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001;
Кликушин Г. Шрифты. 2 изд Мн., 1984;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993;
Павленко Н. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Семченко П. Основы шрифтовой графики. Мн., 1978;
Шматов В. Искусство книги. М., 1990;
Дюрер А. Трактат о шрифте: Пер. с нем. М., 1981;
Тоотс В. Современный шрифт.
М., 1966; Большаков М., Гречихо Г., Шицгал А. Книжный шрифт. М., 1964; Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985; Різник М.Г. Письмо і шрифт. Київ, 1978; Kapr A. Schrift und Buchkunst. Leipzig, 1982.
П.А.Семчанка.
Шрыфты: 1—3 — друкарскія Ф.Скарыны. 1517—19; 4 — графічнае супастаўленне літар «В» — сучаснай і з «Бібліі» Ф.Скарыны; 5 — друкарскі П.Мсціслаўца. 1575; 6 — фрагмент Статута ВКЛ 1588; 7 — графічныя асаблівасці сучасных друкарскіх шрыфтоў; 8 — графічная пабудова лацінскай літары, выкананая Леанарда да Вінчы; 9 — тытульны ліст Брэсцкай бібліі. 1563; 10 — сучасны шрыфт, выкананы паводле друкарскага наборнага шрыфту Ф.Скарыны (аўтар Г.Мацур. 1985).Шрыфты: 1 — антыква эпохі Адраджэння; 2 — сучасны (аўтар П.Семчанка).Элементы і параметры шрыфту: 1 — міжлітарны прасвет; 2 — унутрылітарны прасвет; 3 — лінія крутлявых літар; 4 — лінія шрыфту; 5 — вышыня прамых вялікіх літар; 6 — засечкі; 7 — злучальныя штрыхі; 8 — асноўныя штрыхі; 9 — надлітарны значок; 10 — выступаючыя элементы, 11 — аднабаковая засечка; 12 — кропка; 13 — вышыня круглявых малых літар; 14 — падлітарны значок, 15 — звіслыя элементы; 16 — вышыня малых літар; 17 — вертыкальная засечка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСОФІЯ
Навук. даследаванні ў галіне філасофіі на Беларусі праводзяцца з пачатку 1920-х г. У 1923 створана кафедра дыялект. і гіст. матэрыялізму ў БДУ, у 1925 — кафедра гіст. матэрыялізму пры Камуніст. ун-це Беларусі. З 1922 даследаванні па філасофіі вяліся ў Інбелкульце. У 1922 у Мінску выдадзены першы ў СССР падручнік па дыялект. матэрыялізму С.Я.Вальфсона. З 1931 цэнтрамі філас. даследаванняў сталі створаныя на базе кафедры марксізму-ленінізму АНБССРІн-т філасофіі АН Беларусі, філас. кафедры ВНУ. У сучасны перыяд вывучэнне актуальных праблем філас. навукі ажыццяўляецца ў Ін-це філасофіі Нац.АН Беларусі, на кафедрах філасофіі БДУ, Бел.нац.тэхн. ун-та, Бел.пед. ун-та, Бел. ун-та інфарматыкі і радыёэлектронікі, Бел.эканам. ун-та, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, Брэсцкага, Гродзенскага, Магілёўскага, Віцебскага ун-таў, БСГА, Міжнар.гуманіт.-эканам. ін-та і інш.
У 1930—40-я г. даследаванні бел. філосафаў былі скіраваны на асэнсаванне магчымасці перабудовы эканам. і сац.-паліт. грамадскіх адносін на сацыяліст. прынцыпах, распрацоўку пытанняў развіцця бел. грамадства, вызначэнне адносін да культ. спадчыны мінулых эпох, вывучэнне сутнасці дыялектыка-матэрыяліст. светапогляду і метадаў пазнання рэчаіснасці (Б.Э.Быхоўскі, С.Я.Вальфсон, І.М.Ільюшын, У.М.Іваноўскі, С.З.Кацэнбоген і інш.). З пач. 1950-х г тэматыка філас. распрацовак пашыралася за кошт пытанняў сац.-эканам. і сац.-культ. развіцця грамадства, нац. адносін, выхавання чалавека, асабліва моладзі, аналізу тэндэнцый развіцця грамадскіх адносін, вывучэння іх структуры і зместу (Я.М.Бабосаў, В.М.Кавалгін, А.С.Карлюк, У.І.Горбач, Б.С.Сцяпанаў, У.М.Сікорскі) і інш. У 1970—80-я г. праводзіліся комплексныя даследаванні па сутнасці грамадскіх змен, якія адбыліся пад уздзеяннем навук.-тэхн. рэвалюцыі і яе дасягненняў, пытанняў фарміравання адпаведнага ладу жыцця, культуры, сац. планавання і прагназіравання. Сістэмны характар набыла распрацоўка гісторыка-філас. тэматыкі (К.П.Буслаў, А.І.Галаўнёў, М.І.Бароўскі, Э.К.Дарашэвіч, М.С.Купчын, Н.М.Махнач, А.І.Савасцюк) і інш. Аб’ектам аналізу сучасных даследчыкаў філасофіі сталі тэарэтыка-метадалагічныя праблемы станаўлення грамадз. супольнасці і нац.-культ. развіцця Беларусі, духоўнай культуры і гуманізацыі грамадскіх адносін, развіцця прыродных і сац. працэсаў у кантэксце глабалізацыі, пашырэння рэальных магчымасцей чалавека ў яго ўзаемадзеянні з навакольным светам, гісторыі філасофскай і грамадскай думкі.
Дыялектыка і тэорыя пазнання. Адным з гал. кірункаў навук. даследаванняў у галіне філасофіі з’яўляецца распрацоўка дыялектыкі і тэорыі пазнання, філас. метадалогіі, зместу і ўзаемасувязі катэгорый навукі, суадносін фармальнай і дыялект. логікі, форм лагічнага мыслення, сувязі філасофіі і прыродазнаўства, праблем дэтэрмінізму. Метадам пазнання рэчаіснасці, сутнасці дыялектыка-матэрыяліст. светапогляду былі прысвечаны апублікаваныя ў 1923 працы С.Я.Вальфсона «Дыялектычны матэрыялізм» і У.М.Іваноўскага «Метадалагічныя ўводзіны ў навуку і філасофію». У 1962 у Ін-це філасофіі АН Беларусі створаны спец. сектар дыялект. матэрыялізму і філас. пытанняў прыродазнаўства (у 1991 пераўтвораны ў аддзел логікі і метадалогіі навук. пазнання). Бел. вучоныя даследавалі законы і катэгорыі дыялектыкі (Г.Ф.Аляксандраў, У.І.Горбач, В.М.Кавалгін, Р.А.Левін, В.Дз.Марозаў, Дз.І.Шыраканаў, Ю.А.Харын і інш.), праблемы паходжання свядомасці (П.Ф.Пратасеня), дыялектыкі і яе ўзаемаадносін з інш. метадамі і навукамі (П.Дз.Пузікаў, А.К.Манееў, Я.М.Бабосаў, Л.В.Увараў і інш.). Пытанні навук. метадалогіі ў кантэксце пераасэнсавання ролі дыялектыкі распрацоўвалі Г.Ф.Аляксандраў, М.А.Ельяшэвіч, Б.І.Сцяпанаў, Ф.І.Фёдараў, М.В.Турбін, П.Ф.Капуцкі, В.С.Сцёпін.
Значныя вынікі атрыманы ў распрацоўцы праблем філасофіі і метадалогіі навукі, спецыфікі пазнання і навук. творчасці (У.А.Гераіменка, У.К.Лукашэвіч, А.І.Осіпаў, М.А.Слямнёў, Р.А.Смірнова), развіцця катэгарыяльнага апарату мыслення, філас. асноў логікі, рыторыкі і тэорыі аргументацыі, матэм. і кібернетычных сістэм (Дз.І.Шыраканаў, Ч.В.Дзмітрыеў, М.І.Жукаў, А.П.Хількевіч, В.І.Чуяшоў), логіка-гнасеалагічных праблем маст. творчасці (Ю.А.Гусеў), тэорыі і метадалогіі гуманіт. пазнання (Т.М.Тузава), дыялектыкі кіравання і ролі навук. ведаў у кіраванні грамадскімі працэсамі (Я.А.Крыштаповіч, А.А.Лазарэвіч, С.А.Яцкевіч), метадаў даследавання складаных прыродных сістэм (П.А.Вадап’янаў, Т.А.Гаралевіч, П.Ф.Ракіцкі, М.В.Турбін), дыялектыкі суб’ектыўнага і аб’ектыўнага ў чалавечай дзейнасці (М.Ф.Печанко, С.А.Радзько) і інш. Вынікі даследаванняў знайшлі адлюстраванне ў калект. манаграфіях «Заканамернасці развіцця і метады пазнання сучаснай навукі» (1978), «Метадалагічныя аспекты навуковага пазнання і сацыяльнага дзеяння» (1985), «Стэрэатыпы і дынаміка мыслення» (1993), кнігах «Дыялектыка пазнання і катэгорыя субстанцыі» Дз.І.Шыраканава (1974), «Сацыяльна-светапоглядныя асновы навуковага пазнання» Р.А.Смірновай (1984), «Навуковы метад (структура, абгрунтаванне, развіццё)» У.К.Лукашэвіча (1991), «Філасофія прыродазнаўства: Сав. і постсав. перыяды» Т.А.Гаралевіч (1996), «Гнасеолага-метадалагічныя асновы навукова-даследчай дзейнасці» У.М.Крукава (2003), у працах К.А.Аляксеевай, І.І.Жбанковай, Г.С.Славінскага, А.У.Самускевіча, А.П.Трафіменкі, В.І.Паўлюкевіча і інш.
У апошнія гады на Беларусі атрымаў развіццё новы філас. кірунак — даследаванні ў галіне сістэмалогіі як навукі аб заканамернасцях эвалюцыі, формах і спосабах станаўлення цэласнасці, структурнай гармоніі сістэм, кіраванні развіццём складаных сац.-эканам. і сацыяпрыродных сістэм. Вывучаюцца пытанні новага сац.-камунікатыўнага, інтэлектуальна-тэхнал., духоўна.-культ. і індывід.псіхал. ўзроўню арганізацыі быцця ў інфармацыйным грамадстве, праблемы самаарганізацыі ў прыродных і сац. сістэмах, інтэгратыўных працэсах стварэння новых якасцей з апорай на такую філас.-светапоглядную і метадалагічную базу, як сінергетыка (Э.М.Сарока, Ю.А.Харын, А.А.Лазарэвіч, Р.А.Жэбіт).
Сацыяльная філасофія. У 1920—80-я г. развівалася ў межах гіст. матэрыялізму. Бел. філосафы даследавалі дыялектыку прадукц. сіл і вытворчых адносін, ролю нар. мас і асобы ў гісторыі, прапагандавалі ідэю саюзу рабочага класа і сялянства, ленінскае вучэнне аб дзяржаве і дыктатуры пралетарыяту. У пасляваенныя гады вывучаліся характар супярэчнасцей пры сацыялізме, рухальныя сілы сав. грамадства, заканамернасці сацыяліст. будаўніцтва, праблемы развіцця міжнар. рэвалюцыйнага руху (М.Р.Круцько, В.М.Панкратаў, А.Ф.Яцкевіч), пытанні сцірання адрозненняў паміж разумовай і фіз. працай, сац. актыўнасці моладзі, ролі калектыву ў камуніст. выхаванні, інтэрнац. выхавання (Р.П.Платонаў, Т.П.Багданава і інш.), крытыкі зах.філас.-сацыялагічных канцэпцый (У.М.Сікорскі, Г.П.Давідзюк, І.І.Антановіч). Распрацоўваліся пытанні комплекснага падыходу да выхавання, вольнага часу, сямейных адносін (Л.А.Гуцаленка, С.В.Кузьмін, У.Н.Семянькоў, А.А.Тырын), духоўнай культуры і ладу жыцця (Я.М.Бабосаў, І.Я.Жыбуль, У.М.Калмыкоў), маральнага і ідэйна-паліт. выхавання (С.П.Вінакурава, У.У.Каклюхін, С.Ф.Дубянецкі, К.А.Баркоўская, В.М.Мамінаў), узаемадзеяння грамадскіх і асабістых інтарэсаў (А.Дз.Гусеў, В.І.Русецкая, А.А.Тырын).
Прадметам паглыбленага філас. аналізу сталі праблемы прычыннасці сац. дзеяння, сутнасці, механізмаў і форм праяўлення сац. практыкі (М.В.Рабаконь, Ю.А.Харын, А.І.Лойка, В.П.Старжынская), сац. дыялектыкі і сац. сінергіі (А.А.Бародзіч, М.А.Мажэйка), універсалізацыі, гуманізацыі і перспектыў сац. прагрэсу, супярэчлівага адзінства працэсаў глабалізацыі і рэгіяналізацыі (І.І.Антановіч, Ч.С.Кірвель, В.М.Новікаў), новых тэхналогій як фактару сац. дынамікі (М.К.Буслава, С.А.Яцкевіч), сац. заканамернасцей ва ўмовах сучасных трансфармацыйных працэсаў (А.А.Бародзіч, В.П.Карпінскі, Ч.С.Кірвель, Л.Л.Мельнікава, А.А.Раманаў). Вывучаюцца філас. і спец.-навук. аспекты праблемы свядомасці, узаемасувязі рацыянальнасці і свядомасці (Е.А.Аляксеева, М.І.Жукаў), дынамікі фарміравання навук. светапогляду, рэліг. свядомасці (Д.І.Савасцеева, М.Ц.Аўсіевіч, Л.Я.Землякоў, П.М.Савасцёнак, А.А.Цітавец), феномены сучаснай масавай свядомасці і масавых паводзін, сац. міфаў (Т.М.Алпеева, Ч.С.Кірвель, А.У.Рубанаў).
У ліку прыярытэтнага кірунку н.-д. дзейнасці бел. філосафаў стала даследаванне праблем нац. адносін, развіцця нац. традыцый і культуры, фарміравання нац. самасвядомасці, патрыятызму, адаптацыі чалавека ва ўмовах пераходнага перыяду развіцця грамадства (В.І.Боўш, А.І.Галаўнёў, А.І.Зелянкоў, У.М.Конан, І.І.Сярова, А.І.Осіпаў, С.Ф.Дубянецкі, С.А.Яцкевіч), узаемадзеяння патрэбнасцей асобы з сацыякульт. асяроддзем і сістэмай выхавання (Р.В.Грабеннікаў, В.І.Русецкая). Арганізавана комплекснае вывучэнне пытанняў станаўлення бел. дзяржаўнасці ў кантэксце сучаснага цывілізацыйнага і чалавечага развіцця (Я.М.Бабосаў, В.І.Боўш, А.С.Майхровіч, У.А.Мельнік, Я.С.Яцкевіч і інш.). Апубл. фундаментальныя навук. працы: «Прырода сацыяльнай рэальнасці. Быццё і пазнанне» Р.А.Смірновай (1992), «Філасофія ў сістэме духоўнай культуры»: праблема сацыяльнага функцыянавання Т.І.Адулы (1992), «Новыя тэхналогіі як фактар сацыяльнай дынамікі» М.К.Буславай (1996), «Сацыяльны прагрэс і перспектывы чалавецтва» В.М.Новікава (1999), «Ідэалогія. Сутнасць, прызначэнне, магчымасці» А.С.Майхровіча (2003) і інш.
Філасофскія праблемы чалавека. Фундаментальныя асновы філас. антрапалогіі на Беларусі былі закладзены ў 1930-я г. (С.Я.Вальфсон, І.М.Ільюшын). У пасляваенныя, і асабліва ў 1970—80-я г. даследаваліся логіка-метадалагічны (Дз.І.Шыраканаў), гісторыка-філас. (А.С.Майхровіч), сацыялагічны (К.П.Буслаў, Я.М.Бабосаў) і культуралагічны (Т.І.Адула, А.І.Галаўнёў, У.М.Конан) аспекты вывучэння чалавека. З 1990-х г. распрацоўваецца дыялектыка ўзаемадзеяння знешнебыційных і ўнутранапсіхал. фактараў духоўнага жыцця чалавека, вывучаюцца пытанні сістэмнага характару і канкрэтна-гіст. спецыфікі развіцця чалавека ў сучасных умовах, сац.-філас. і прыродазнаўча-навук. аспекты існавання чалавечага роду ва ўмовах усеагульнай глабалізацыі (Т.І.Адула, А.А.Домжа, Л.Я.Крыштаповіч, А.С.Майхровіч, В.А.Паўлоўская). Выдадзена калект. манаграфія «Чалавек: філасофскія аспекты свядомасці і дзейнасці» (1989), кн. «Пошук ісціннага быцця і чалавека: 3 гісторыі філасофіі і культуры Беларусі» А.С.Майхровіча (1992), «Прырода і сутнасць чалавека» Б.С.Трыбулева (1999) і інш.
Сацыяльная экалогія. Даследаванні вядуцца з пач. 1980-х г. з улікам агульнай экалаг. сітуацыі ў Беларусі, неабходнасці выпрацоўкі пэўнай метадалогіі дзейнасці, асэнсавання стратэгіі экалаг. адукацыі і выжывання, фарміравання экалаг. свядомасці, светапогляду і культуры. Вывучаюцца актуальныя праблемы аптымізацыі адносін грамадства і прыроды, дынамікі экалагічных патрэбнасцей і механізму фарміравання экалагічных каштоўнасцей сучаснага чалавека на аснове аналізу ўплыву сацыяпрыродных і сацыяпсіхал. фактараў на свядомасць асобы (П.А.Вадап’янаў, А.І.Зелянкоў, І.Я.Жыбуль, Н.Е.Захарава, Н.А.Лазарэвіч, С.П.Анупрыенка). Даследуюцца пытанні якасці жыцця сям’і на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях Беларусі, ролі аздараўленчых мерапрыемстваў сярод насельніцтва, выхавання экалаг. свядомасці, узаемасувязі дэмаграфічнага развіцця са змяненнем сац.-экалагічнага асяроддзя (В.І.Галь, Н.І.Снытко), перспектывы станаўлення духоўна-экалаг. цывілізацыі (Ч.С.Кірвель). Вынікі даследаванняў эколага-сац. праблем прадстаўлены ў калект. манаграфіях «Экалагічныя і сацыякультурныя аспекты ўстойлівага развіцця» (1997), «Беларусь: сацыяльна-экалагічныя праблемы» (1999), «Экалогія і сацыяльнае развіццё» (2001) і інш.
У 1990 — пач. 2000-х г.выдадзенынавуч. дапаможнікі, курсы лекцый, вучэбна-метадычныя комплексы, тэсты па філасофіі, аўтарамі якіх з’яўляюцца вучоныя-філосафы В.Л.Акулаў, Р.І.Бліхароў, Е.З.Волчак, А.І.Зелянкоў, Н.К.Кісель, І.А.Мядзведзева, Е.І.Янчук, У.Ф.Беркаў, У.М.Калмыкоў, М.І.Мартынаў, Л.Г.Краўчанка, С.А.Кісялёва, В.І.Чуяшоў, І.І.Таркан і інш. Апублікаваны падручнікі і навуч. дапаможнікі пад рэд. М.І.Жукава, У.К.Лукашэвіча, Ю.А. Харына, А.С.Цернавога і інш. Выйшлі з друку «Найноўшы філасофскі слоўнік» (1999) і «Сусветная энцыклапедыя. Філасофія» (2001) пад рэд. А.А.Грыцанава.
Літ.:
Морозов В.Д. Проблема развития в философии и естествознании. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫДАВЕЦКАЯ СПРАВА
Гісторыя развіцця. Пачатак выдавецкай справы на Беларусі звязаны з імем бел. першадрукара і асветніка эпохі Адраджэння Ф.Скарыны. Пры падтрымцы віленскіх мецэнатаў Я.Бабіча і Б.Онкава ён стварыў у Празе (Чэхія) першае бел. выдавецтва і 6.8.1517 выдаў там першую бел. друкаваную кнігу кірылічнага шрыфту «Псалтыр». У 1517—19 у перакладзе на старабел. мову ён выпусціў 23 кнігі Бібліі пад агульным загалоўкам «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». У пачатку 1520-х г. Ф.Скарына пераехаў у Вільню, абсталяваў тут друкарню (у доме Бабіча) і арганізаваў новае выдавецтва. Каля 1522 ён выдаў некалькі кніг на царкоўнаслав. мове з каментарыем пад агульнай назвай «Малая падарожная кніжка», куды ўвайшлі «Псалтыр», «Часасловец», «Шасцідневец», 8 акафістаў, 10 канонаў, «Саборнік» (уключаў «Святцы» і Пасхалію са звесткамі з астраноміі і грамадзянскага календара, пасляслоўе), у 1525 — «Апостал». Кнігавыдавецкая дзейнасць Ф.Скарыны мела гуманістычны, культурна-асветніцкі і нац.-патрыятычны характар. Высокі еўрап. ўзровень паліграфічнага афармлення яго выданняў (шрыфт, гравюры, застаўкі) значна паўплываў на развіццё кірылічнага кнігадрукавання ў ВКЛ і за яго межамі.
З 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. на Беларусі ствараліся прыватныя друкарні, уладальнікамі якіх былі буйныя магнаты (Радзівілы, А.Валовіч, Р.Хадкевіч, К.Астрожскі), шляхта і гараджане (Мамонічы, М., Г. і А. Кавячынскія, Я. і Л. Кішкі, В.Гарабурда і інш.). Першая друкарня ў межах сучаснай Беларусі заснавана ў 1553 у Брэсце канцлерам ВКЛ М.Радзівілам Чорным і вучоным-гуманістам Б.Ваяводкам. У 1558 у ёй выйшаў першы ў ВКЛ друкаваны нотны зборнік «Песні хвал боскіх»; у 1563 выдадзена Біблія (вядома як Радзівілаўская), дзе ўпершыню змешчаны прадметны паказальнік. У Брэсцкай друкарні выйшла больш за 50 выданняў на польскай і лац. мовах, якія адлюстроўвалі духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэсіўных дзеячаў бел., польскай і літоўскай культур. У 1575 М.К.Радзівіл Сіротка перавёз абсталяванне і матэрыялы пратэстанцкай друкарні з Брэста ў Вільню, дзе яна перададзена езуіцкаму калегіуму. Гэта была першая каталіцкая друкарня на тэр.ВКЛ, у якой выдадзена 58 назваў кніг. У 1560-я г. С.Будны, М.Кавячынскі і Л.Крышкоўскі пры падтрымцы М.Радзівіла Чорнага і А.Валовіча распачалі кнігавыдавецкую справу ў Нясвіжы. Тут выйшлі першыя кнігі на бел. мове: «Катэхізіс» і «Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам» (абедзве 1562). У 1568—70 пры ўдзеле гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча арганізавана друкарня ў мяст. Заблудава (цяпер тэр. Польшчы), куды былі запрошаны друкары І.Фёдараў і П.Мсціславец. У ёй выдадзены «Евангелле вучыцельнае» (1569), «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570) з анатацыямі, адметныя выкарыстаннем новай арнаментыкі, буйной ксілаграфіі, тытульнага ліста з выхаднымі звесткамі. 1570-я г. адзначаны дзейнасцю прыватнай друкарні В.Цяпінскага (відаць, у яго родавым маёнтку Цяпіна на Полаччыне). Каля 1570 у ёй надрукавана «Евангелле» (паралельна на царкоўнаслав. і старабел. мовах), у якое ўвайшлі евангеллі ад Матфея, Марка і часткова ад Лукі; «Евангелле» змяшчала прадмову, напісаную В.Цяпінскім, 210 глосаў (слоў-перакладаў), якія на палях кнігі тлумачылі незразумелыя словы. У 1572 С.Кішка выкупіў абсталяванне Нясвіжскай друкарні і размясціў яго ў сваім замку ў мяст. Лоск (Валожынскі раён), які стаў цэнтрам арыянскага кнігадрукавання ў ВКЛ. Друкарамі тут працавалі С.Будны, Д.Лянчыцкі, пазней Я.Карцан, Ф.Балямоўскі. Вядома каля 20 іх выданняў на польскай і лац. мовах, адметных вострай палемічнай накіраванасцю. У 1574—76 выйшлі першыя кірылічныя кнігі ў друкарні Мамонічаў у Вільні: «Евангелле напрастольнае» (1575), «Часоўнік» (1574—76), «Псалтыр» (1576). Іх выдаўцом быў П.Мсціславец. Самастойна Мамонічы выпусцілі першыя кнігі па праве, у т. л. «Трыбунал» (1586) і «Статут Вялікага княства Літоўскага» (1588), па граматыцы («Кграматыка словеньска языка», 1586); надрукавалі больш за 50 кірылічных і 35 польскамоўных (лац. шрыфтам) выданняў. Першая поўная кананічна дакладная слав. Біблія на царкоўнаслав. мове ў старабел. рэдакцыі пад назвай «Астрожская Біблія» выдадзена К.Астрожскім у 1581 у г. Астрог (на Валыні). Друкарскую справу тут вёў І.Фёдараў. За 1578—1612 у ёй надрукавана каля 25 кірылічных кніг. Над аздабленнем і пісьмовай графікай кніг працаваў бел. майстар Г.Івановіч. Каля 1580—82 прыватнай выдавецкай дзейнасцю ў Вільні займаўся В.Гарабурда (вядомы 2 кірылічныя выданні). У 1612—40 па запрашэнні кн. К.Радзівіла выдавецкую дзейнасць у мяст. Любча (Навагрудскі раён) вялі П. і Я. Кміты, якія выпускалі свецкія творы па гісторыі, маст. літаратуры, практычныя дапаможнікі па медыцыне, ветэрынарыі, школьнай справе на польскай і лац. мовах (больш за 80 кніг). У 1640—50 тут выдаваліся пераважна панегірыкі і літургічныя кнігі для пратэстанцкіх абшчын. З Любчанскай друкарняй супрацоўнічаў гравёр К.Гётке, які ўпершыню ў бел. кнігадрукаванні выкарыстаў гравюры на медзі (медзярыты). Каля 1672 працавала Радзівілаўская друкарня ў г. Слуцк. Вядома 29 назваў кніг, надрукаваных тут на польскай мове пераважна рэліг. (кальвінісцкай) тэматыкі.
З канца 16 ст. вядучае месца ў бел. кнігавыданні займалі праваслаўныя брацтвы, што звязана з дзейнасцю Віленскай, Еўінскай (цяпер тэр. Літвы), Куцеінскай (пад Оршай), Магілёўскай брацкіх друкарняў. Іх выданні вызначаліся разнастайнасцю тэматыкі і мастацка-паліграфічнага афармлення. У Віленскай і Еўінскай друкарнях у 1-й трэці 17 ст. выкарыстоўваліся (побач з інш.) сапраўдныя дошкі Ф.Скарыны. З 127 выданняў, што захаваліся да нашага часу, у т. л. выданні, надрукаваныя пры падтрымцы брацтваў у Куцейне, Буйнічах (Магілёўскі раён), Мінску, 16 належалі да навучальных (пераважалі буквары і граматыкі), 12 — да гісторыка-публіцыстычных і палемічных, 16 — да панегірыкаў і казанняў, 20 — чэцці і інш. нелітургічныя выданні. Больш за 70% усіх кніг выдадзены на слав. і бел. мовах (або на слав. у бел. рэдакцыі), 25 выданняў — на польскай. Брацкія кнігавыдавецтвы адыгралі вялікую ролю ў развіцці розных сфер бел. культуры, мовы, пісьменства. Творы С. і Л. Зізаніяў, Л.Карповіча, М.Сматрыцкага і інш., якія выдаваліся ў брацкіх друкарнях, выкарыстоўваліся ў ідэалагічнай і паліт. барацьбе, у процідзеянні каталіцкай экспансіі і царк. уніі. У 2-й чвэрці 17 ст. цэнтрамі кірылічнага кнігавыдання сталі Магілёў і Куцейна, дзе працавалі перасоўныя прыватныя друкарні С.Собаля і І.Труцэвіча, дзейнасць якіх цесна звязана з брацтвамі. У канцы 17 — пач. 18 ст. выдавецкай дзейнасцю ў Магілёве займаліся М. і В. Вашчанкі, Ф.Ангілейка, якія выкарыстоўвалі глыбокі друк з металагравюр. У 18 ст. ў Магілёўскай брацкай друкарні выдадзены 33 кнігі на стараслав. мове, пераважала літургічная і агіяграфічная літаратура.
У 16 — пач. 19 ст. ў кнігавыдавецкай справе вылучалася дзейнасць каталіцкіх і уніяцкіх ордэнаў, асабліва ордэна езуітаў. Найб. значным цэнтрам кнігадрукавання была Віленская друкарня езуіцкай акадэміі (1586—1805). Яна штогод выпускала каля 15 выданняў на польскай і лац. мовах: падручнікі, палемічную літаратуру, царкоўнае права, жыціі святых, тэалагічна-філас. творы, а таксама свецкую літаратуру пра дзеячаў ВКЛ. У іх упершыню ў мастацтве ВКЛ выкарыстаны кніжны медзярыт. Выдавецкай дзейнасцю займаліся таксама ордэны францысканцаў (1671—1781) і піяраў (1754—1840) у Вільні, піяраў у Полацку (1824—31), езуіцкія калегіумы ў Пінску (1729—35) і Нясвіжы (1751—90), калегіум і акадэмія ў Полацку (1787—1820). Вядома каля 150 іх выданняў на польскай, лац., франц. мовах свецкага і рэліг. зместу (белетрыстыка, палемічная, навучальная літаратура, панегірыкі). Вынікам дзейнасці друкарні дамініканцаў у Слоніме (каля 1777—82) з’явіліся больш за 30 кніг на польскай, лац., італьян. і рус. мовах. Кнігавыдавецкай дзейнасцю вызначаўся уніяцкі (базыльянскі) ордэн. Віленская Троіцкая (базыльянская) друкарня (дзейнічала да пач. 19 ст. пры манастыры св. Тройцы) выдавала богаслужэбныя, тэалагічныя творы, панегірыкі, падручнікі, паэзію, маст. прозу, драматычныя творы на слав., польскай, лац. і франц. мовах. З друкарняй супрацоўнічаў гравёр Л.Тарасевіч. Найб. значным цэнтрам кірылічнага кнігадрукавання з канца 17 ст. быў уніяцкі манастыр у мяст. Супрасль (Польшча), дзе К.Радзівіл і мітрапаліт Ц.Жахоўскі арганізавалі друкарню. За час сваёй дзейнасці Супрасльская друкарня выпусціла больш за 420 кніг на царкоўнаслав., бел., рус., польскай, лац. і літ. мовах. Вядомы 22 выданні уніяцкага ордэна базыльян у Мінску, асноўную частку якіх складала афіц. літаратура на польскай і лац. мовах.
У 18 ст. на тэр. Беларусі ўзніклі першыя выдавецтвы, у якіх выявіліся рысы прадпрыемстваў дзярж. характару. Магілёўская прыдворная друкарня (1774—1844), якой кіраваў С.Богуш-Сестранцэвіч, выдавала пераважна афіц. матэрыялы, рэліг. і інш. свецкую літаратуру. Вядома 350 назваў кніг, выдадзеных у гэтай друкарні на польскай, рус., лац., франц. і ням. мовах. У 1775—96(?) дзейнічала Гродзенская каралеўская друкарня, якой напачатку кіраваў А.Тызенгаўз. Яна выпусціла каля 100 кніг арыгінальнай і перакладной літаратуры, у т. л. падручнікі, малітоўнікі, афіц. і юрыдычныя дакументы на польскай і лац. мовах. Выдавалася таксама навук., навукова-папулярная і маст. літаратура.
У 18 ст. выдавецкай справай на Беларусі займаліся і стараверы, якія выкарыстоўвалі паліграфічныя магчымасці Супрасльскай і Віленскай базыльянскіх друкарняў, а таксама Гродзенскай каралеўскай друкарні.
У канцы 18 — пач. 19 ст. на Беларусі існавалі яўр. друкарні ў Шклове (з 1783), Гродне (з 1788), Копысі (з 1797), Дуброўне (з 1802), Лядах (з 1805), Мінску (з 1807), Вільні (з 1821), Магілёве (з 1825) (гл.табл. 1).
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай і далучэння Беларусі да Рас. імперыі ў канцы 18 ст. адкрываліся губернскія друкарні, якія сталі асноўным тыпам прадпрыемстваў дзярж. характару: Мінская (1795—1917), Віцебская (1797—1917), Гродзенская (1820—1915), Магілёўская (1833—1917). Вядучае месца займала Мінская губернская друкарня (330 выд.). Сярод першых выданняў, якія пачалі друкавацца грамадзянскім шрыфтам: «Лёгкі спосаб навучыцца чытаць па-руску і па-польску» (Мінск, 1799), «Арлы і шпакі» П.Сумарокава (Віцебск, 1806). Значны ўклад у развіццё дзярж. кнігавыдання зрабілі губернскія статыстычныя камітэты (з 1860-х г.), якія выдавалі «Працы...» і «Справаздачы...» губернскіх статыстычных камітэтаў, «Агляды...» і «Памятныя кніжкі...» губерняў.
Развіццю прыватных кнігавыдавецтваў, на якія прыпадала асноўная частка выпуску кніжнай прадукцыі, паспрыялі скасаванне ўказа 1796 аб закрыцці вольных (прыватных) друкарняў і правядзенне ў 1801—04 паліятыўных рэформ друку і кнігавыдання. У 1-й пал. 19 ст. актыўнай дзейнасцю вызначаліся мінскія прыватныя выдаўцы І.Стафановіч (22 выд.), Ё.Дворац (22 выд.), А.Валіцкі (29 выд.); у 2-й пал. 19 ст. — выдавецтвы Б.Саламонава (234 выд.), Тасьманаў (226 выд.), Дворжацаў (больш за 90 выд.) у Мінску; Я.Падземскага (102 выд.), Ш.Фрыдланда (100 выд.) у Магілёве; М.Неймана (88 выд.) у Віцебску і інш. Дзякуючы ім на Беларусі пашырылася колькасць кніг навук, характару па айч. гісторыі, медыцыне, ветэрынарыі, сельскай гаспадарцы, дамаводстве, маляванні і інш. Універсальны характар іх выданняў садзейнічаў пашырэнню кнігі сярод розных слаёў насельніцтва, асабліва стымуляваў дзейнасць творчай інтэлігенцыі. Усяго на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст. дзейнічала каля 250 прыватных друкарняў.
2-я пал. 19 — пач. 20 ст. характарызаваліся актыўным развіццём грамадскіх кнігавыдавецтваў: таварыствы выдаўцоў і тыпографаў; выдавецтвы паліт. арганізацый; прамысловых, спажывецкіх, крэдытных і страхавых т-ваў; культурна-асветніцкіх і навук. т-ваў; т-ваў дабрачыннасці, сац. і мед. дапамогі; спарт. і ахоўных т-ваў; рэліг. устаноў і інш. Значны ўклад у кнігавыданне Беларусі зрабілі археаграфічныя ўстановы: Віленская камісія па разборы і выданні стараж. актаў (1864—1915), Віцебскі архіў стараж. актаў (1871—1906), Мінскі царк. гісторыка-археалагічны камітэт (1908—15), якія падрыхтавалі і выпусцілі шматтомныя зборы гіст. дакументаў. Вызначаліся ў кнігавыданні т-вы сельскай гаспадаркі (Мінск, Віцебск), т-вы ўрачоў (Мінск).
У 19 — пач. 20 ст. выдавецкая справа вялася ў 39 гарадах і мястэчках Беларусі. Найб. буйнымі кнігавыдавецкімі цэнтрамі былі Мінск (3125 выданняў на розных мовах), Магілёў (1319 на рус. мове), Віцебск (1007 на рус. мове), Гродна (586 на рус. мове). Да сярэдзіны 19 ст. асноўнай мовай выданняў была польская. Пасля ўвядзення забароны на польскамоўны друк з 1864 пачала дамінаваць рус. мова (усяго ўлічана 6536 назваў на рус. мове). Выданні свецкага зместу складалі каля 85%. У іх пераважала гіст., сац.-эканам., сельскагаспадарчая, медыцынская тэматыка. У гэты перыяд сфарміраваліся асноўныя тыпы выданняў: афіц., навук., навукова-папулярныя, літаратурна-маст., даведачныя; вызначыліся тэндэнцыі да фарміравання масава-паліт. і вытворча-практычных выданняў. Самых высокіх паказчыкаў кнігавыданне Беларусі дасягнула напярэдадні 1-й сусв. вайны. У 1913 у Мінску выйшла 224 выданні, у т. л. 216 на рус., 5 на бел. мовах. Першая вядомая друкаваная кніга амаль цалкам на бел. мове (лацінкай) — «Кароткі збор навукі хрысціянскай. Для вяскоўцаў, якія гавораць мовай польска-рускай вызнання рымска-каталіцкага» (Вільня, 1835). У 1855—57 у Мінску выйшлі беларускамоўныя творы (лацінкай) В.Дуніна-Марцінкевіча: «Вечарніцы», «Гапон», «Цікавішся? — Прачытай!», «Дудар беларускі». Шэраг бел. кніг, надрукаваных лац. шрыфтам за мяжой, нелегальна дастаўляўся на Беларусь: «Пра багацтва ды беднасць» (Жэнева, 1881) і «Дзядзька Антон» (Тыльзіт, 1892) С.Падалінскага, «Дудка беларуская» (Кракаў, 1891) і «Смык беларускі» (Познань, 1894) Ф.Багушэвіча, «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (у пер.
А.Ельскага, Львоў, 1892) і інш. Ажыццяўляліся сумесныя праекты мінска-варшаўскіх і мінска-кракаўскіх выдаўцоў па друку польскамоўных твораў Ю.Крашэўскага, К.Вярыгі-Дарэўскай, Б.Адамовіча, Ю.Вяжбіцкага, М.Ельскага і інш. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бел. Друку з’явіліся выданні на бел. мове кірыліцай: «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902; Мінск, 1917), «Нашы перасяленцы» А.Ельскага (Віцебск, 1896). На Беларусі дзейнічалі і падп. выдавецтвы: народнікаў «Чорны перадзел» (Мінск), Бел.сац. грамада (Мінск), РСДРП (Бабруйск, Барысаў, Гомель, Гродна, Магілёў, Мінск, Орша і інш.), якія выпускалі нелегальную літаратуру, пераважна брашуры і лістоўкі.
З 1905 з разгортваннем нац.-вызваленчага руху і ўступленнем у дзеянне закона аб свабодзе друку на Беларусі легалізавана кнігавыданне на мясц. мовах і афіцыйна пацверджаны яго разнамоўны характар. Акрамя дамінуючых у мясц. друку рускамоўных выданняў, выходзіла літаратура на бел., польскай і яўр. мовах. Узніклі бел. выдавецтвы: «Загляне сонца і ў наша аконца» (Пецярбург, 1906—14), «Наша ніва» (Вільня, 1906—15), друкарня М.Кухты (Вільня, 1906—17), «Мінчук» (Мінск, 1907—09), «Наша хата» (Вільня, 1908—11), Бел. выдавецкае т-ва (Вільня, 1913—15, 1919—30), «Лучынка» (Мінск, 1914), «Вясёлка» (Мінск, 1915), выдавецтва В.Ластоўскага (Вільня, 1916—18), «Вольная Беларусь» (Мінск, 1917) і інш.Найб. вызначалася выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца», дзе выйшлі падручнікі («Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» К.Каганца, «Першае чытанне для дзетак беларусаў» Цёткі, «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» Я.Коласа), падпісная серыя «Беларускія песняры» (творы В.Дуніна-Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, пераклад паэмы А.Міцкевіча «Пан Тадэвуш»), творы Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, К.Каганца, З.Бядулі, У.Галубка, А.Чэхава, М.Крапіўніцкага, Э.Ажэшкі і інш.; выдаваўся час. «Маладая Беларусь». У выд-ве «Наша ніва» выйшлі «Беларускія казкі», «Апавяданні» Я.Коласа, кн. «Бярозка» Ядвігіна Ш.; пры ўдзеле газ. «Наша ніва» — зб-кі «Песні-жальбы» Я.Коласа, «Вянок» М.Багдановіча. У выд-ве «Наша хата» друкаваліся бел. падручнікі, дзіцячая літаратура, паэма «Тарас на Парнасе» і інш. У Бел. выдавецкім т-ве выйшлі кнігі «Родныя з’явы» Т.Гушчы (Я.Коласа), «Рунь» М.Гарэцкага, «Васількі» Ядвігіна Ш., «Курганная кветка» К.Буйло, «Беларускі каляндар» на 1914, 1915, 1916. У прыватным выд-ве А.Грыневіча ў Пецярбургу ў 1910—14 выдадзены 2 тамы «Беларускіх песень з нотамі», зб. «Гусляр» і паэма «Адвечная песня» Я.Купалы, апавяданні Я.Коласа і У.Галубка. Усяго ў канцы 19 — пач. 20 ст. на бел. мове кірыліцай і лацінкай выйшлі 423 выданні, у т. л. кнігі на інш. мовах з бел. тэкстамі. Пераважная іх большасць выдадзена па-за межамі Беларусі (Вільня, Пецярбург, Масква, Кракаў, Варшава і інш.). У Мінску працавалі яўр.выд-ва «Культура» (1905—06), польскія — «Асвета» (1907), Польская выдавецкая суполка (1916—18). Т-ва польскіх ведаў вайсковых (1917) і інш.
Са зменай грамадска-паліт. становішча Беларусі ў 1917—20 змяніліся кнігавыдавецкая палітыка і структура выдавецтваў. У часы германскай і польскай акупацыі (калі была абвешчана БНР) найб. інтэнсіўна працавалі выдавецтвы «Вольная Беларусь» (Мінск), Б.Клецкіна, В.Ластоўскага, «Гоман», Бел. выдавецкае т-ва (усе ў Вільні), імя Ф.Скарыны (у Коўне). Кніжную прадукцыю выдавалі таксама Рада і Нар. сакратарыят БНР, Міністэрства бел. спраў у Літве, Бел. культурна-асветніцкае т-ва «Бацькаўшчына» і інш. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны і ваеннай інтэрвенцыі большасць з іх дзейнічалі ў Зах. Беларусі, Літве і Латвіі; у 1917—23 вядома 247 іх выданняў на бел. мове.
У кнігавыданні БССР асноўная роля адводзілася парт. друку. Напр., выд-ва «Звязда», створанае ў 1917 пры Мінскім камітэце РСДРП(б), выдавала творы класікаў марксізму, парт. дакументы, маст. і масава-паліт. літаратуру. У 1917—20 кнігавыдавецкай справай займаліся Бел.нац. камісарыят, выдавецкія аддзелы пры мясц.парт. камітэтах і органах сав. улады. У 1921 на базе аддзялення Дзярж.выд-ва РСФСР створана Дзярж.выд-ваБССР, якое выпускала ўласныя выданні і рэгулявала ўсю выдавецкую дзейнасць у рэспубліцы. Ім за год выдадзена 196 кніг агульным тыражом 1526 экзэмпляраў, у т. л.маст. і дзіцячай літаратуры 13 кніг. На сродкі дзярж. і грамадскіх устаноў у красавіку 1922 створана кааператыўнае выд-ва «Адраджэнне» (з канца 1922 «Савецкая Беларусь»), якое выдавала творы бел.маст. літаратуры, падручнікі, навук. літаратуру на роднай мове. У снежні 1922 Дзярж.выд-ваБССР з шэрагам інш. прадпрыемстваў аб’яднаны ў Дзярж. трэст выдавецкай справы і паліграфічнай прамысловасці Беларусі («Белтрэстдрук»). У перыяд індустрыялізацыі і калектывізацыі сельскай гаспадаркі кнігавыдавецкая справа ў БССР цэнтралізавана. У ліпені 1924 «Белтрэстдрук» і кааператыўнае выд-ва «Савецкая Беларусь» аб’яднаны ў Бел.дзярж.выд-ва, якое стала найбуйнейшай выдавецкай установай рэспублікі. Яно мела сваю паліграфічную базу, кнігагандлёвую сетку, выпускала асноўныя віды літаратуры, садзейнічала пашырэнню тэматыкі і павышэнню ідэйнага ўзроўню выданняў. У 1927 асноўнымі выдавецтвамі рэспублікі былі Белдзяржвыдавецтва (у 1934 перайменавана ў Дзярж.выд-ваБССР), выд-ва Інбелкульта (1924—32; з 1932 выд-ваАНБССР) і рэдакцыйна-выдавецкі аддзел Цэнтр. савета прафсаюзаў Беларусі. Дзейнічалі таксама спецыялізаваныя выдавецтвы: Дзярж.выд-ва па выпуску навукова-тэхнічнай літаратуры (1931—34), Ваеннае выд-ва Беларусі (1932—35), Партыйнае выд-ваЦККП(б)Б (1932—38). Выдавецкай дзейнасцю займаліся асобныя наркаматы, парт. і сав. органы, грамадскія арганізацыі. У перыяд беларусізацыі значнае месца ў кніжнай прадукцыі займала нацыянальна арыентаваная літаратура: падручнікі, тэрміналагічныя слоўнікі, маст. творы. Важнае значэнне мелі выданні літаратурных твораў Я.Купалы («Спадчына»), С.Некрашэвіча («Беларускі лемантар», абодва 1922), К.Чорнага («Апавяданні», 1925), Я.Коласа («Казкі жыцця»), Ц.Гартнага («Сокі цаліны»), М.Гарэцкага («У чым яго крыўда»), З.Бядулі («Апавяданні»; усе 1926), А.Гаруна («Матчын дар», 1929), Я.Маўра («Палескія рабінзоны», 1930), Ю.Гаўрука (аўтар першага на Беларусі зборніка перакладаў замежнай паэзіі «Кветкі з чужых палёў», 1928). У той жа час паводле палажэння СНКБССР аб цэнзуры кніжнай прадукцыі (ад 5.1.1923) былі складзены «Спісы твораў друку, забароненых да продажу і распаўсюджвання» (у 1937 у такі спіс занесена 399 выданняў на бел. і рус. мовах). Найбольшыя паказчыкі па тыражах і колькасці назваў у БССР належалі выданням твораў У.І.Леніна (225 назваў кніг, тыраж 2 млн. 200 тыс.экз.). У 1920—30-я г. даволі актыўна развівалася кнігавыданне на яўр. мове.
Кнігавыдавецкая справа ў Зах. Беларусі прадстаўлена пераважна польскамоўнымі выданнямі. У 1924 ім належала 80,7% ад агульнай колькасці назваў, у 1925—84,8%; беларускамоўным выданням адпаведна 0,5% і 0,2%. Беларускамоўны друк у Зах. Беларусі ажыццяўлялі Бел. выдавецкае т-ва, выдавецтвы Бел. інстытута гаспадаркі і культуры, Бел. сялянска-работніцкага клуба, Т-вабел. школы, У.Знамяроўскага, «Вызваленне», Бел. каталіцкае выд-ва (усе ў Вільні), імя Ф.Скарыны (у Коўне). У 1926—40 вядучыя пазіцыі ў выданні кніг на бел. мове належалі Бел. друкарні імя Ф.Скарыны ў Вільні (уладальнік, выдавец і рэдактар ксёндз А.Станкевіч); у ёй выйшла больш за 146 кніг. Найб. прыкметныя кнігі зах.-бел. выдавецтваў: «Беларусь» Л.Родзевіча (друкарня «Друк», 1922), «На ростані» У.Жылкі, «Мая ліра» К.Сваяка (абедзве 1924) і «Рунь веснаходу: Зборнік твораў паэтаў і пісьменнікаў Заходняй Беларусі» (1928; усе Бел. выдавецкае т-ва), «Шум баровы» М.Васілька (выданне Н.Ільяшэвіч, 1929), «Журавінавы цвет» М.Танка (выданне Ф.Стацкевіча і Р.Шырмы, 1937). Да канца 1936 з-за недахопу сродкаў, узмацнення паланізацыі і цэнзуры дзейнасць большасці бел. кнігавыдавецтваў у Зах. Беларусі амаль поўнасцю спынена. Да 1939 працавала толькі Бел. каталіцкае выд-ва, якое выпускала рэліг. літаратуру для беларусаў-католікаў.
У Вял.Айч. вайну на тэр. Беларусі, акупіраванай ням. фашыстамі, у падполлі і ў партыз. атрадах дзейнічалі перасоўныя друкарні, якія выдавалі пераважна лістоўкі. Вядома 21 назва выдадзеных імі кніг, аўтарамі якіх у большасці былі партызаны: Л.Абах, Е.Аўсянік, В.Кулікоў, Л.Лясная, А.Міхайлаў, Я.Мрамараў, В.Скараходаў і інш. У пач. 1943 выйшаў зборнік твораў партыз. аўтараў «Жалязняк». У друкарнях партыз. брыгад імя Панамарэнкі і імя Чапаева асобнымі кнігамі выдадзена паэма Я.Коласа «Адплата», у друкарні Слуцкай падп.газ. «Народны мсцівец» — кн. вершаў А.Астрэйкі «Слуцкі пояс». У кастрычніку 1942 у Маскве аднавіла дзейнасць Дзярж.выд-ваБССР. У 1943 яно выпусціла 29 назваў кніг і брашур, у т. л. кнігі «Суд у лесе» і «Голас зямлі» Я.Коласа, «Янук Сяліба» М.Танка, «Сцяг брыгады» А.Куляшова, «Дарога вайны» П.Панчанкі і інш., распачало выданне падручнікаў для школ Беларусі. У Ташкенце выйшлі асобныя выданні АН Беларусі. Усяго за ваенны перыяд ЦККП(б)Б, абкомамі і райкомамі выдадзена больш за 1 млн. 201 тыс.экз. лістовак і брашур.
Аднаўленне выдавецкай дзейнасці ў вызваленай Беларусі ішло ў складаных умовах. Паліграфічная база была амаль поўнасцю знішчана. З 200 даваенных прадпрыемстваў часткова ўцалелі Дом друку (Мінск), некаторыя абл. і гарадскія друкарні. У 1944 у Мінску аднавіла работу Дзярж.выд-ваБССР (з 1963 «Беларусь»), у 1947 — выд-ваАН Беларусі (з 1963 «Навука і тэхніка», з 1996 «Беларуская навука»). У 1951 створана Дзярж. вучэбна-педагагічнае выд-ва Міністэрства культуры Беларусі (з 1963 «Народная асвета»), у 1954 — выд-ваБДУ (з 1983 «Універсітэцкае»), у 1960 — «Звязда» (з 1992 «Беларускі Дом друку»), у 1961 — выд-ва «Сельгасвыд БССР» (з 1963 «Ураджай») і Выд-ва вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі БССР (з 1963 «Вышэйшая школа»), у 1963 — «Полымя», у 1967 — Гал. рэдакцыя Бел.Сав. Энцыклапедыі АН Беларусі (з 1980 выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі), у 1972 — «Мастацкая літаратура», у 1981 — «Юнацтва» і інш. Для ўпарадкавання выдавецкай справы і павышэння ролі выдавецтваў у гасп. і культурным будаўніцтве ў 1963 створаны Дзярж. камітэт СМБССР па друку (з 1978 Дзярж. камітэт БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю, з 1995 Дзярж. камітэт Рэспублікі Беларусь па друку), якому падпарадкоўваліся ўсе дзярж. кніжныя выдавецтвы. На 1.1.1979 на Беларусі дзейнічалі 10 выдавецтваў. У рэспубліцы склалася сетка прадпрыемстваў паліграфічнай прамысловасці.
За перыяд з 1918 па 1990 бел.дзярж. кнігавыданне дасягнула значных поспехаў, а па маст. афармленні, раскрыцці нац.-культурнай спадчыны выйшла на вядучыя пазіцыі ў свеце. Вялікая роля ў бел. кнігавыданні належала бел.маст. літаратуры. Выдавецтвы выпускалі шматтомныя зборы твораў вядучых бел. пісьменнікаў, у т. л. К.Чорнага, М.Лынькова, В.Быкава, І.Шамякіна, І.Мележа, П.Броўкі, Я.Брыля, А.Куляшова, У.Караткевіча. Выд-ва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі стварыла і выдала першую універсальную 12-томную «Беларускую Савецкую Энцыклапедыю» (1969—75; Дзярж. прэмія Беларусі 1976), 5-томныя «Энцыклапедыю прыроды Беларусі» (1983—86; адзначана сярэбраным медалём ЮНЕП) і «Энцыклапедыю літаратуры і мастацтва Беларусі» (1984—87), 7-томны «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984—88; Дзярж. прэмія Беларусі 1990), а таксама значную колькасць галіновых, рэгіянальных і персанальных аднатомных энцыклапедый. Выд-ва «Мастацкая літаратура» выдавала серыі «Бібліятэка беларускай драматургіі» (1968—75), «Бібліятэка беларускай прозы» і «Бібліятэка беларускай паэзіі» (абедзве 1968—93), «Паэзія народаў СССР» (1971—92), «Рэспубліка. Час. Людзі» (1977—93), «Проза народаў СССР» (1983—92), «Кніга перакладчыка» (1986—95) і інш., а ў 1989 распачало беларускамоўную 100-томную серыю «Скарбы сусветнай літаратуры». Выд-ва «Навука і тэхніка» пачало выдаваць шматтомнае навук. выданне «Беларуская народная творчасць» (з 1970; выдадзена 45 тамоў), выдала 3-томную «Гісторыю беларускага тэатра» (1983—87), 6-томную «Гісторыю беларускага мастацтва» (1987—94), 4-томны «Музычны тэатр Беларусі» (1990—97; Дзярж. прэмія 1998) і інш.Выд-ва «Юнацтва» выдала 15-томную «Бібліятэку дзіцячай літаратуры народаў СССР» (1981—94, Дзярж. прэмія 1996), «Бібліятэку прыгод і фантастыкі» (1982—2002), «Бібліятэку беларускай дзіцячай літаратуры» (1991—2000), «Бібліятэку замежнай дзіцячай літаратуры» (1992—2002).
Усяго за гэты перыяд выдавецтвы Беларусі выпусцілі 103 933 тыс. кніг і брашур тыражом 1 373 253 тыс. экзэмпляраў. Найбольшая колькасць выданняў выйшла ў 1985 (3431 назва), самы вялікі тыраж у 1989 (59 030 тыс.экз.). Назіралася памяншэнне выпуску кніг на бел. мове. Калі ў 1930 выхад кніг на бел. мове складаў 88,4% (1170 назваў, тыраж 7842,4 тыс.экз.), на рус. — 4,2% (56 назваў, тыраж 147,1 тыс.экз.), на інш. мовах — 2,4% (31 назва, тыраж 131 тыс.экз.), то ў 1990 выпуск кніг на бел. мове склаў 15,4% (435 назваў, тыраж 9238,3 тыс.экз.), на рус. — 81,7% (2307 назваў, тыраж 44 793 тыс.экз.), на інш. мовах — 2,9% (81 назва, тыраж 877,5 тыс.экз.). На 1.1.1990 на Беларусі дзейнічалі 11 дзярж. выдавецтваў (гл.табл. 2).
1970—90-я г. на Беларусі адзначаны з’яўленнем самавыдавецкага друку. Вядома прыкладна 20 выданняў рэтраспектыўных дакументаў і больш за 10 арыгінальных перыядычных і монавыданняў, якія выдадзены шляхам самвыдату.
Сучасны стан выдавецкай справы. З пач. 1990-х г. у Рэспубліцы Беларусь пачаўся новы этап кнігавыдання, адметны актыўным перавыданнем нац. кніжнай спадчыны, стварэннем выдавецтваў прыватнага характару і павелічэннем долі недзярж. кнігавыдання. Выдавецкія прадпрыемствы поўнасцю забяспечвалі краіну высакаякаснай друкаванай прадукцыяй, выпускалі навук., навучальную, маст., даведачную і інш. літаратуру, перыёдыку. Найбуйнейшыя цэнтры паліграфіі на Беларусі — Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфкамбінат імя Я.Коласа», Мінская фабрыка каляровага друку, Адкрытае акцыянернае т-ва «Паліграфічнае прадпрыемства «Чырвоная Зорка», гомельская фабрыка «Палесдрук», маладзечанская друкарня «Перамога», Бабруйская, Баранавіцкая, Барысаўская ўзбуйненыя друкарні і інш. У 1993 адзначаны самы высокі паказчык тыражу выданняў, які застаецца найвышэйшым у гісторыі кнігавыдавецкай справы, — 98 351 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.1999 на Беларусі працавалі 11 дзярж. выдавецтваў і 352 прадпрыемствы з правам выдавецкай дзейнасці. У 1999 выдадзена 6064 назвы кніг агульным тыражом 63 300 тыс.экз., у т. л. на бел. мове — 647 назваў тыражом 5100 тыс. экзэмпляраў. На 1.1.2002 дзейнічалі 12 дзярж. выдавецтваў: «Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларускі Дом друку», «Дом прэсы» (з 1996), «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Полымя», «Універсітэцкае», «Ураджай», «Юнацтва». У ліпені 2002 шляхам зліцця рэарганізаваны выд-вы «Вышэйшая школа» і «Універсітэцкае» (цяпер «Вышэйшая школа»), «Мастацкая літаратура» і «Юнацтва» (цяпер «Мастацкая літаратура»), «Беларусь», «Ураджай» і «Полымя» (цяпер «Беларусь»).
На 1.1.2004 на Беларусі 7 дзярж. выдавецтваў («Беларусь», «Беларуская Энцыклапедыя», «Беларуская навука», «Вышэйшая школа», «Мастацкая літаратура», «Народная асвета», «Беларускі Дом друку»). Выдавецкай дзейнасцю займаюцца больш за 500 выдавецкіх прадпрыемстваў розных форм уласнасці, міністэрствы і ведамствы. У 2003 дзярж. выдавецтвы выдалі 527 (5,7%) назваў кніг і брашур агульным тыражом 4513 (9,3%) тыс.экз., недзярж. — 5713 (62,4%) назваў тыражом 41 579 (85,8%) тыс.экз.; міністэрствы і ведамствы — 2908 (31,7%) назваў тыражом 2318 (4,7%) тыс.экз. (гл.табл. 3). Усяго выдадзена 9148 назваў кніг і брашур агульным тыражом 48 410 тыс.экз., у т. л. на бел. мове — 857 (9,4%) назваў тыражом 3414 (7,1%) тыс.экз., на рус. — 7804 (85,3%) назвы тыражом 43 426 (89,7%) тыс.экз., на інш. мовах — 487 (5,3%) назваў тыражом 1571 (3,2%) тыс. экзэмпляраў. Галоўны выдавецкі цэнтр на Беларусі — Мінск (выдадзена каля 90% ад усёй колькасці кніг і брашур краіны).
Сярод дзярж. выдавецтваў першынство па колькасці выдадзенай кніжнай прадукцыі ў 2003 належала выд-вам «Народная асвета» (219 назваў, тыраж 3282,2 тыс.экз.), «Вышэйшая школа» (85 назваў, тыраж 401,7 тыс.экз.), «Мастацкая літаратура» (75 назваў, тыраж 173,1 тыс.экз.). У ліку грамадска значных выданняў апошніх гадоў: «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (т. 1—6, 1993—2003), «Беларусь на мяжы тысячагоддзяў» (2000), «Тэатральная Беларусь» (т. 1—2, 2002—03), «Жывапіс барока Беларусі» (2003; усе «Беларуская Энцыклапедыя»); «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча (1998), «Славутыя імёны Бацькаўшчыны» (т. 1—2, 2000—03), «Новая зямля» Я.Коласа (2002; усе Бел. фонд культуры); «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» (2001), «Гісторыя кінамастацтва Беларусі» (т. 1—3, 2001—04), «Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. №43» (2003; усе «Беларуская навука»); «Мінск незнаёмы. 1920—1940 гг.» (2002, «Ураджай»); «Санеты» Я.Купалы (2002, «Мастацкая літаратура»); «Скарбы прыроды Беларусі», «Повязь часоў — Беларускі ручнік» В.Лабачэўскай, «Мірскі замак» В.Калніна (усе 2002), «Страчаная спадчына» (2003; усе «Беларусь»).
Сярод недзярж. выдавецкіх прадпрыемстваў вядучыя пазіцыі ў 2003 займалі выд-вы «Харвест» (2514 назваў, тыраж 21 688 тыс.экз.), «Белы вецер» (307 назваў, тыраж 748,3 тыс.экз.), «Сучасны літаратар» (269 назваў, тыраж 2608,7 тыс.экз.), «Папуры» (230 назваў, тыраж 2467,5 тыс.экз.) і інш. Вылучыліся выдавецкія прадпрыемствы, якія зрабілі значны ўклад у развіццё беларускамоўнага кнігавыдання: «Беларускі кнігазбор» (кнігі з аднайменнай серыі); «Беллітфонд» («Дзяды» А.Міцкевіча, 2001; альбом-манаграфія «Язэп Драздовіч», 2002), «Тэхналогія» («Aurea med iocritas: Кніжна-пісьмовая культура Беларусі» І.Саверчанкі, 1998; «Мастацтва беларускіх старадрукаў (XVI—XVIII стст.)» В.Шматава, 2000; серыя «Нашы славутыя землякі», з 1988).
Прыярытэтнымі для дзярж. патрэб у 2003 былі выданні: універсальная 18-томная Беларуская энцыклапедыя, з 1996; выдадзена 18 тамоў), хронікі «Памяць» пра кожны раён Беларусі (з 1985; выдадзена 126 кніг), навучальная літаратура (выдадзены 134 падручнікі і навучальныя дапаможнікі), кнігі серыі «Школьная бібліятэка», асобныя найменні для папаўнення фондаў публічных бібліятэк і рэалізацыі розных дзярж. праграм. Выдаюцца серыі: «Музыка старажытных сядзіб» («Паліфакт») і «Нашы духоўныя каштоўнасці» («Чатыры чвэрці»; абедзве з 1995), «Беларускі кнігазбор» (з 1996, аднайменнае выд-ва), «Беларуская проза XX стагоддзя» і «Беларуская паэзія XX стагоддзя» (абедзве з 1998), «Беларусь літаратурная» (з 2003; усе «Мастацкая літаратура»), «Беларускі гістарычны раман» (з 2000), «Мастакі Беларусі» (з 2002; абедзве «Беллітфонд») і інш.
Бел. кнігавыдаўцы ўдзельнічаюць у Міжнар. кніжных кірмашах і конкурсах у Франкфурце-на-Майне, Балонні, Браціславе, Варшаве, Маскве, С.-Пецярбургу, Кіеве, Кішынёве. Сярод бел. выдаўцоў штогод праводзіцца рэсп. конкурс «Мастацтва кнігі» (з 1960). Лепшыя бел. кнігі на конкурсах вызначаюцца па намінацыях: «Кніга года», «За лепшае ўвасабленне беларускай тэматыкі», «За лепшую кнігу для дзяцей». З 1967 пераможцам прысуджаецца Дыплом імя Ф.Скарыны. У 1997 Бел. асацыяцыяй кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў і выд-вам «Кавалер Паблішэрс» арганізаваны рэсп. конкурс «Мастак і Кніга» (з 2000 праводзяцца ў межах Бел. кірмашу, з 2001 сумесна з Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь). З 1993 у Мінску штогод праводзіцца Міжнар. кніжная выстаўка-кірмаш.
З 2001 кіраўніцтва кнігавыдавецкай справай ажыццяўляе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Выдавецкую дзейнасць на Беларусі рэгламентуюць Закон Рэспублікі Беларусь «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» і Пастанова Кабінета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мінімальных стаўках аўтарскага ўзнагароджання за выданне твораў навукі, культуры і мастацтва» (ад 1.11.1996), Закон Рэспублікі Беларусь «Аб рэкламе» (ад 18.2.1997), Палажэнні аб ліцэнзаванні выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці, зацверджаныя Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2003, і інш. нарматыўныя дакументы. Выпуск выданняў, якія змяшчаюць заклікі да гвалтоўнага захопу ўлады ці змене канстытуцыйнага ладу, прапаганду вайны, гвалту, жорсткасці, расавай, нац., рэлігійнай варожасці, парнаграфіі, не дапускаецца. На Беларусі дзейнічае Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды ў друку парнаграфіі, гвалту і жорсткасці. Цэнтрам дзярж. статыстычнага ўліку друкаванай прадукцыі з’яўляецца Нац. кніжная палата Беларусі (з 1922), якая выконвае функцыі нац. цэнтра па стандартнай нумарацыі кніг і брашур (ISBN), прысвойвае ідэнтыфікатары выдавецтвам і выдаўцам.
Спецыялістаў для галіны рыхтуюць на факультэце журналістыкі БДУ, на факультэце выдавецкай справы і паліграфіі ў Бел. тэхналагічным універсітэце, у Мінскім паліграфічным каледжы.
Навукова-даследчую работу ў галіне кнігавыдавецкай справы вядуць Нац. кніжная палата Беларусі (выдае статыстычны зб. «Друк Беларусі»), Нац. бібліятэка Беларусі (праводзіць з 1998 «Кнігазнаўчыя чытанні»), Бел. універсітэт культуры (арганізаваў у 1996 міжнар. канферэнцыю «Недзяржаўная выдавецкая дзейнасць на Беларусі: гісторыя і сучаснасць»).
У 1994 створана Бел. асацыяцыя кнігавыдаўцоў і кнігараспаўсюджвальнікаў (БелАКК). У 2003 у яе складзе 150 членаў, якія прадстаўляюць усе вобласці Беларусі і Мінск.
Літ.:
Чатырохсотлецце беларускага друку, 1525—1925. Мн., 1926;
Міністэрствы, ведамствы, к-ты і інш. арганізацыі з правам выдання
1981—90
16 637
12 806
Табліца 3 Выпуск кніг і брашур за 1991—2003
Гады
Дзярж. выдавецтвы
Недзярж. выдавецтвы
Міністэрствы, ведамствы, к-ты і інш. арганізацыі з правам выдавецкай дзейнасці
колькасць назваў
тыраж, тыс.экз.
колькасць назваў
тыраж, тыс.экз.
колькасць назваў
тыраж, тыс.экз.
1991
1041
37 483
—
—
1391
15 427
1992
1013
35 427
254
34 728
1097
1785
1993
917
35 849
749
60 650
1260
1851
1994
835
29 076
1043
50 562
1468
968
1995
654
19 552
1459
42 422
1092
886
1996
523
11 405
1913
46 682
1373
987
1997
691
11 223
3013
55 296
1627
1113
1998
816
13 007
2973
45 298
2284
1717
1999
665
8959
3272
52 764
2127
1582
2000
722
9753
4379
48 333
2585
3541
2001
741
10 178
4769
42 085
2434
2742
2002
569
6998
4737
35 429
2447
1825
2003
527
4513
5713
41 579
2908
2318
Тытульны ліст «Псалтыра» Ф.Скарыны. Прага 1517.«Зборнік «Нашай нівы». Вып. 1. Вільня. Друкарня М.Кухты. 1912.Кнігі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя П.Броўкі. 2000-я г.Будынак Адкрытага акцыянернага таварыства «Паліграфкамбінат імя Я.Коласа». Мінск.Кнігі беларускіх выдавецтваў 1990—2000-я г.На Міжнародным кніжным кірмашы ў Франкфурце-на-Майне (Германія). Стэнд беларускіх кнігавыдаўцоў. 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯЛОГІЯ
Асноўныя кампаненты сацыялагічных ведаў на Беларусі закладваліся ў 19 ст. ў творах Ф.Багушэвіча, К.Каліноўскага, А.Пашкевіч (Цёткі) і інш. У 1921 у БДУ створана кафедра сацыялогіі і першабытнай культуры, якую ўзначальваў С.З.Кацэнбоген. З заснаваннем Ін-та бел. культуры (1922) і наступным пераўтварэннем яго ў Бел.АН (1929) сацыялагічныя даследаванні набылі большую маштабнасць і глыбіню. Даследаваліся праблемы сац.-эканам. і культ. развіцця бел. нацыі, адукацыі, культуры (М.В.Доўнар-Запольскі, У.М.Іваноўскі, У.М.Ігнатоўскі, Я.Ф.Карскі, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, С.М.Васілейскі, С.Я.Вальфсон і інш.). Быў назапашаны каштоўны вопыт арганізацыі і правядзення эмпірычных сацыялаг. даследаванняў, тэарэт. асэнсавання іх вынікаў, падрыхтоўкі нац. кадраў сацыёлагаў. У канцы 1930-х г. сацыялогія была абвешчана шкоднай бурж. плынню, а многія яе прадстаўнікі разам з інш. навукоўцамі і дзеячамі культуры рэпрэсіраваны. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця сацыялаг. навукі ў Беларусі. У 1965 створаны грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў пры ЦККПБ (дырэктар А.Дз.Малочка), які выконваў функцыі рэсп.навук. цэнтра па каардынацыі такіх даследаванняў. У 1967 грамадскі ін-т скасаваны, а яго функцыі перададзены Праблемнай н.-д. лабараторыі сацыялаг. даследаванняў БДУ. У 1970 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі арганізаваны сектар, а потым аддзел сац. даследаванняў. У 1974 пры кафедры філасофіі гуманіт. ф-таў БДУ створаны сектар прыкладной сацыялогіі. У 1960—70-я г. сацыялаг. групы функцыянавалі ва ўсіх вядучых ВНУ і рэгіёнах Беларусі, пачалі фарміравацца галіновыя кірункі сацыялогіі (працы, сям’і, адукацыі, рэлігіі, асобы, моладзі, дэвіянтных паводзін). Апублікаваны падрыхтаваныя Г.П.Давідзюком падручнікі для ВНУ «Уводзіны ў прыкладную сацыялогію» (1975) і «Прыкладная сацыялогія» (1979). У 1977 у БДУ адбыўся 1-ы выпуск спецыялістаў у галіне прыкладной сацыялогіі. Атрымала развіццё заводская сацыялогія (І.І.Голуб, Л.М.Злотнікава, М.Н.Камінскі, А.П Корбут, Э.І.Скорабагаты, М.Н Тухто, К.В.Шульга і інш.). Абагульняльныя вынікі гэтых даследаванняў выкладзены ў кнігах «Сацыяльнае планаванне ў першасным калектыве» І.Я.Пісарэнкі (1973), «Вытворчы калектыў: праца, асяроддзе, выхаванне» У.Н.Семянькова (1975), «Новае ў распрацоўцы комплексных планаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця працоўных калектываў» К.Л.Патаенкі (1978), калект. манаграфіі «Устойлівасць і развіццё вытворчага калектыву» (1975). У 1984 выйшаў «Слоўнік прыкладной сацыялогіі», які быў у 1991 перавыдадзены ў дапоўненым выглядзе пад назвай «Сацыялагічны слоўнік» У 1989 адкрыты аддзяленне і кафедра сацыялогіі БДУ (заг. кафедры А.М.Елсукоў). У АН Беларусі арганізаваны Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў, на базе якога ў 1990 створаны Ін-т сацыялогіі АН Беларусі (дырэктар-арганізатар Я.М.Бабосаў). Ін-т стаў галаўной арганізацыяй па дзярж. праграме фундаментальных даследаванняў «Дынаміка сацыяльных працэсаў ва ўмовах дзярж. незалежнасці Беларусі: сацыялагічны аналіз і прагназіраванне». У 1996 засн. Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ (кіраўнік Д.Г.Ротман). Выдадзены падручнікі і навуч. дапаможнікі: «Гісторыя сацыялогіі» (1993, 1997), «Прыкладная сацыялогія» (2000) і «Агульная сацыялогія» (2002) Я.М.Бабосава, «Эканамічная сацыялогія» (2000) і «Сацыялогія працы» (2002) Г.М.Сакаловай, «Сацыялогія» (2002, пад рэд. А.М.Елсукова).
У канцы 1980 — пач. 1990-х г. даследаваліся праблемы сац. трансфармацый бел. грамадства, каштоўнасных арыентацый і паліт. актыўнасці розных сац. груп насельніцтва, стратыфікацыі і дэмаграфічных характарыстык пераходнага грамадства пад уздзеяннем сац., эканам., сац.-псіхал. фактараў (І.І.Антановіч, А.М.Данілаў, А.Г.Злотнікаў, Т.М.Кучынскі, М.Е.Ліхачоў, А.Б.Міскевіч, А.А.Ракаў, В.І.Русецкая, В.І.Секун, Л.П.Шахоцька і інш.). Праблематыка эканам. сацыялогіі і сацыялогіі працы ўсё больш узаемадзейнічае з пытаннямі сац. экалогіі, сацыялогіі катастроф і экстрэмальных сітуацый, пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.М.Бабосаў, П.А.Вадап’янаў, А.П.Лімарэнка, У.А.Палікарпаў, С.В.Сівуха і інш.). Актуальныя праблемы сацыялогіі сям’і, дэмаграфіі, гендэрнай сацыялогіі даследуюць Ю.М.Бубнаў, С.Н.Бурава, А.К.Воднева, С.Д.Лапцёнак, М.М.Урбан, Л.Р.Цітарэнка, З.М.Юк і інш. Распрацоўваюцца пытанні функцыянавання навукі ў кантэксце глабальных сац. і сацыякульт. змен, развіцця новай інавацыйнай сістэмы, стварэння рынку новых тэхналогій, маніторынгу міграцыі навук. кадраў краіны (М.І.Арцюхін, І.Ф.Багданава, В.Я.Качаргін, Г.А.Несвятайлаў, А.А.Шчэрскі, І.М.Шарый, В.К.Шчэрбін). Сацыёлагі І.М.Андрэева, Т.Н.Гацукевіч, У.А.Дунаеў, Д.Г.Ротман, В.А.Кліменка, А.І.Ляўко, Л.Р.Новікава і інш. вывучаюць актуальныя праблемы вышэйшай школы, эвалюцыі нац. сістэмы адукацыі, яе сац.-культ. асаблівасці. Сістэмныя даследаванні праводзяцца па пытаннях сацыядынамікі культуры ў яе нац. традыцыях і асаблівасцях, узаемасувязі са станаўленнем спецыфічна бел. менталітэту і нац. самасвядомасці (Э.К.Дарашэвіч, А.М.Елсукоў, П.Г.Ігнатовіч, С.В.Лапіна і інш.), міжнац. адносін ва ўмовах станаўлення суверэнітэту краіны, рэгіянальнай палітыкі, развіцця мясц. самакіравання (Я.М.Бабосаў, А.Я.Кучко, Л.І.Навуменка, В.І.Русецкая, В.А.Сімховіч, П.П.Украінец і інш.), электаральных паводзін розных груп насельніцтва (Д.Г.Ротман, А.П.Вардамацкі, Я.І.Дзмітрыеў, І.В.Катляроў, Л.Н.Міхейчыкаў, Р.А.Смірнова, Г.М.Явелькін і інш.). Паказчыкам высокага ўзроўню развіцця сацыялаг. навукі на Беларусі сталі выданне навук.-тэарэт.час. «Сацыялогія» (з 1997), першай айч. «Сацыялагічнай энцыклапедыі» (пад рэд. А.М.Данілава; 2003) і энцыклапедыі «Сацыялогія» (складальнік і гал. рэдактар А.А.Грыцанаў; 2003).
Літ.:
Антонович И.И. Буржуазная социологическая теория. Ч. 1—2. Мн., 1980—81;
Шавель С.А. Социальная сфера и личность. Мн., 1988;
Методологические основы социологии. Социология как наука Мн., 1992;
Бабосов Е.М. Катастрофы: Социол. анализ. М., 1995;
Яго ж. Социально-стратификационная панорама современной Беларуси. Мн., 2002;
Лапина С.В. Социологическое познание. Мн., 1998;
Данилов А.Н. Переходное общество: Проблемы систем. трансформации. 2 изд. Мн., 1998;
Яго ж. Социология власти: теория и практика глобализма. Мн., 2001;
Оперативные социологические исследования: методика и опыт организации. Мн., 2001;
Бабосов Е.М. Социально-стратификационная панорама современной партии. Мн., 2002;