МЕСХЕ́ТЫ, Месхетыя,

гісторыка-геаграфічная вобласць у Паўд. Грузіі (Ахалцыхскі край). Цэнтр — Ахалцыхе. З 2-й пал. 13 ст. ў складзе княства Самцхе-Саатабага. У 16 ст. заваявана Турцыяй. Паводле Адрыянопальскага міру 1829 паўн. ч. далучана да Рас. імперыі.

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЫ́ТАВЫЯ АДКЛА́ДЫ,

мелкаводныя асадкі дна мораў і акіянаў, якія ўтвараюцца ў межах мацерыковай водмелі на глыб. да 200 м. Пераважаюць галечнікі, ракушачнікі, радзей аалітавыя і фарамініферавыя пяскі, ілістыя і хемагенныя асадкі з арган. рэшткамі. Гл. таксама Нерытавая вобласць.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЛА́НДЫЯ,

прыродная вобласць на Пн Еўропы, у Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі і на З Кольскага п-ва (Расія). Размешчана паміж 64—66° паўн. ш. Таежныя і тундравыя ландшафты. Асн. раён рассялення саамаў (лапары, або лапландцы). На З Кольскага п-ва Лапландскі запаведнік.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЙ (ад агульнаслав. краяци — рэзаць),

1) першапачаткова мясцовасць на ўскраіне дзяржавы (адсюль назва), пазней — краіна, вобласць, мясцовасць, вял. геагр. вобласць. Тэрмін ужываецца таксама ў сэнсе радзіма, родны кут (вывучае краязнаўства); як сінонім назвы ўсёй тэр. (Беларусь — Беларускі К.) або асобных яе частак (Палескі К., азёрны К., партызанскі К.).

2) У Расіі 18 — пач. 20 ст. назва ўскраінных тэр. імперыі, якія складаліся з некалькіх губерняў або абласцей пад агульным кіраўніцтвам. Афіцыйна адносілася да Каўказа (Каўказскі К. у 1882—1905) і Туркестана (Туркестанскі К. у 1886—1917). У 19 — пач. 20 ст. тэрыторыя, куды ўваходзілі бел. і літ. губерні, называлася Паўн.-Зах. К.

3) У Расіі з 1924 буйная адм.-тэр. адзінка (Алтайскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Прыморскі, Стаўрапольскі, Хабараўскі краі).

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НЬЯ (Romagna),

гістарычная вобласць на Пн Італіі. Як Р. вядома з 6 ст., калі так называлі візант. ўладанні ў Італіі. З 8 ст. пад уладай лангабардаў, потым рым. пап. З 962 у складзе «Свяшчэннай Рым. імперыі». У 1278 імператары прызналі сюзерэнітэт папства над Р., аднак папская ўлада ўмацавалася тут толькі ў 16 ст. У 1796 акупіравана франц. войскамі, уваходзіла ў Цыспаданскую, з 1797 у Цызальпінскую рэспублікі, потым у інш. дзярж. ўтварэнні часоў франц. ўладарання ў Італіі. У 1815—59 зноў у Папскай дзяржаве (апрача 1831, калі Р. ўваходзіла ў Аб’яднаныя італьян. правінцыі). У 1860 у выніку рэферэндуму 1859 увайшла ў склад Сардзінскага (з 1861 Італьянскага) каралеўства. Паводле канстытуцыі Італьян. рэспублікі 1947 тэр. Р. ўключана ў адм. вобласць Эмілія-Раманья.

т. 13, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРБАНЭ́ (Bourbonnais),

гістарычная вобласць у цэнтр. ч. Францыі. Пл. 7 тыс. км². Нас. каля 400 тыс. чал. (1990). Гал. горад — Мулен. У рэльефе пераважаюць паўн. адгор’і Цэнтр. Франц. масіву. Клімат умераны, блізкі да марскога. Бальнеалагічны курорт — раён (на базе мінер. крыніц) з цэнтрам Вішы.

т. 3, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕНЕМХЕ́Т I,

егіпецкі фараон [каля 1991—1962 да н.э.]. Заснавальнік XII дынастыі (Сярэдняе царства). Вёў барацьбу за аслабленне ўлады мясц. правіцеляў-манархаў, здзейсніў паход у Палесціну, у вайне з лівійцамі заваяваў вобласць Вават. Загінуў у час палацавага перавароту. Захавалася «Павучанне» Аменехета I яго сыну Сенусерту I.

т. 1, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКВІТА́НІЯ (лац. Aguitania),

гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі. У старажытнасці рымская правінцыя ў Галіі. З 507 належала Франкскаму каралеўству, у 2-й пал. 7 — 1-й пал. 8 ст. — герцагства. У 1154—1453 англ. ўладанне. З 13 ст. мела назву Гіень. У 1472 канчаткова далучана да Францыі.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНТА́НЬЯ (Montaña). Ла-Мантанья, вобласць усх. перадгор’яў Андаў у Перу, на У ад р. Укаялі, якая прымыкае да раўнін Амазоніі. Спадзістыя хрыбты т. зв. Субандыйскіх Кардыльераў (выш. 400—600 м) падзелены шырокімі раўніннымі паніжэннямі. Ападкаў больш як 3000 мм за год. Густыя вільготныя экватарыяльныя лясы. Радовішча нафты.

т. 10, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕ́ДЫ, венеты (лац. Venedi, Veneti),

старажытны індаеўрапейскі народ, роднасны, верагодна, ілірыйцам і лацінянам. Упершыню ўпамінаецца ў «Іліядзе» Гамера, пазней у творах Карнелія Непота, Ціта Лівія, Герадота, Страбона і інш. Найб. распаўсюджаны погляд, што найстаражытнейшым венедам належала археал. лужыцкая культура ў Цэнтр. і Паўн. Еўропе. У 2—1-м тыс. да н.э. яе носьбіты рассяліліся і фіксуюцца на Балканах, у М. Азіі (энеты), Адрыятыцы (пазнейшая вобласць і горад Венецыя), на Пн і Пд Германіі, у Галіі (пазнейшая вобласць Вандэя), Брытаніі, на Ютландскім п-ве, у Прыбалтыцы. На ўсіх тэр. рассялення венедаў асіміляваны. У першых ст. н.э. венеды ўпамінаюцца Плініем Старэйшым, Тацытам, Пталамеем па цячэнні Віслы, дзе яны асіміляваны славянамі, на якіх у сярэднявеччы перайшла назва венеды (у форме вендэн, віндэн). Ад венедаў паходзяць сучасныя назвы рускіх з боку эстонцаў (венеласед), фінаў (веная).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)