ЛАНЖЭВЭ́Н ((Langevin) Поль) (23.1.1872, Парыж — 19.12.1946),

французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1934). Замежны чл.-кар. Рас. АН (1924) і ганаровы чл. АН СССР (1929). Скончыў Школу фізікі і хіміі (1891) і Нармальную школу (1897) у Парыжы. З 1902 у Калеж дэ Франс (з 1902 праф.), адначасова з 1905 у Школе фізікі і хіміі (з 1925 дырэктар). Навук. працы па іанізацыі газаў, квантавай тэорыі, тэорыі адноснасці, магнетызме і ультраакустыцы. Стварыў статыстычную тэорыю дыя- і парамагнетызму (1903—05). Незалежна ад А.​Эйнштэйна ўстанавіў сувязь паміж масай і энергіяй (1906) і выявіў існаванне дэфекту масы (1913). Распрацаваў асновы гідралакацыі, першым выкарыстаў ультрагук для падводнай сігналізацыі і выяўлення падводных лодак (1916). Актыўны антыфашыст і прыхільнік Народнага фронту Францыі.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. труды. М., 1960.

Літ.:

Старосельская-Никитина О.А. Поль Ланжевен. М., 1962.

П.Ланжэвэн.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХАЧО́Ў (Мікалай Пятровіч) (24.4.1862, г. Чыстапаль, Татарстан — 14.4.1936),

расійскі гісторык і мастацтвазнавец. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902), акад. АН СССР (1925). Д-р гіст. н. (1892). Скончыў Казанскі ун-т (1884). З 1894 чл. Археаграфічнай камісіі, праф. Пецярбургскага археал. ін-та. З 1902 пам. дырэктара Публічнай б-кі ў Пецярбургу. Працы Л. па крыніцазнаўстве і дапаможных гіст. дысцыплінах (сфрагістыцы, палеаграфіі, генеалогіі і інш.), гісторыі кнігі, стараж.-рус. і візант. мастацтва вызначаюцца багаццем фактычнага матэрыялу. Даследаванні Л. ў галіне ўсх., візант. і асабліва стараж.-рус. сфрагістыкі («З лекцый па сфрагістыцы», 1899; «Найстаражытнейшая сфрагістыка», 1906; «Матэрыялы для гісторыі візантыйскай і рускай сфрагістыкі», вып. 1, 1928) дазваляюць лічыць яго заснавальнікам рас. сфрагістыкі. У 1925 перадаў АН СССР створаны ім унікальны Музей палеаграфіі, у т. л. больш як 600 стараж.-рус. пячатак.

т. 9, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫСЕ́НКА (Трафім Дзянісавіч) (29.9. 1898, г. Карлаўка Палтаўскай вобл., Украіна —20.11.1976),

савецкі вучоны-аграном. Акад. АН Украіны (1934), УАСГНІЛ (1935), АН СССР (1939). Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Кіеўскі с.-г. ін-т (1925). У 1934—38 дырэктар Усесаюзнага селекцыйна-генет. ін-та, у 1940—65 — Ін-та генетыкі АН СССР. Прэзідэнт УАСГНІЛ у 1938—56 і 1961—62. Стваральнік псеўданавук. канцэпцыі спадчыннасці, зменлівасці і відаўтварэння. Адмаўляў класічную генетыку, сцвярджаў магчымасць наследавання набытых прыкмет. У 1930—64 дзейнасць Л. падтрымлівалася І.​В.​Сталіным, М.​С.​Хрушчовым. Вучэнне і практычныя рэкамендацыі Л. былі неабгрунтаваныя і ўкараняліся адміністрацыйна, што нанесла вял. эканам. шкоду. Былі разгромлены навук. генет. школы, рэпрэсіраваны многія вучоныя, што прывяло да дэградацыі с.-г. і біял. адукацыі, прыпынення развіцця біялогіі і сельскай гаспадаркі. Дзярж. прэміі 1941, 1943, 1949.

т. 9, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЛЬЦАЎ (Анатоль Іванавіч) (27.11. 1909, г.п. Мішаронскі Шатурскага р-на Маскоўскай вобл. — 7.7.1967),

расійскі матэматык; адзін са стваральнікаў агульнай тэорыі мадэлей. Акад. АН СССР (1958; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (1931). З 1932 у Іванаўскім пед. ін-це (з 1943 праф.), адначасова з 1942 у Матэм. ін-це АН СССР; з 1960 у Ін-це матэматыкі Сібірскага аддз. АН СССР і Новасібірскім ун-це. Навук. працы па матэм. логіцы, тэорыі груп, тэорыі кольцаў і лінейнай алгебры, тэорыі алгарытмаў. Даследаванні М. далі пачатак сістэматычнаму выкарыстанню метадаў матэм. логікі ў алгебры. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэмія СССР 1946.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1976;

Алгоритмы и рекурсивные функции. 2 изд. М., 1986.

Літ.:

А.И. Мальцев // Успехи мат. наук. 1968. Т. 23, вып. 3.

А.І.Мальцаў.

т. 10, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЦ (Ісаак Ізраілевіч) (3.2.1896, г.п. Крынічкі Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 5.4.1991),

савецкі гісторык. Акад. АН СССР (1946). Герой Сац. Працы (1976). Скончыў Маскоўскі ін-т чырвонай прафесуры (1926). У час грамадз. вайны 1918—20 на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі. У 1932—72 заг. кафедры ў Маскоўскім ун-це і інш. ВНУ Масквы. З 1954 у Ін-це гісторыі АН СССР. З 1962 старшыня Навук. савета АН СССР па комплекснай праблеме «Гісторыя Вял. Кастр. сацыяліст. рэвалюцыі». Асн. працы прысвечаны гісторыі КПСС, сав. улады, грамадз. вайны (у т. л. разгледжаны падзеі ў Беларусі), міжнар. адносін СССР. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1946, Ленінская прэмія 1974.

Тв.:

Великая Октябрьская социалистическая революция и прогресс человечества. М., 1967;

История Великого Октября. Т. 1—3. М., 1977—79.

П.​Ц.​Петрыкаў.

А.Л.Мінц.

т. 10, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХА́ЙЛАЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (26.4.1888, г. Маршанск Тамбоўскай вобл., Расія — 29.9.1983),

расійскі астраном і гравіметрыст. Акад. АН СССР (1964; чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў Маскоўскі ун-т (1911), дзе і працаваў з 1914 (у 1918—48 праф.). З 1947 у Гал. астр. абсерваторыі АН СССР (да 1964 дырэктар). У 1939—62 старшыня Астр. савета АН СССР, у 1934—60 прэзідэнт Усесаюзнага астранома-геад. т-ва. Навук. працы па тэорыі зацьменняў, тэорыі фігуры Зямлі, складанні зорных карт і каталогаў. Распрацаваў тэорыю зацьменняў Сонца, перадвылічыў абставіны 8 зацьменняў, праходжання планет па дыску Сонца, пакрыцця зорак Месяцам і інш. Удзельнік многіх гравіметрычных даследаванняў і экспедыцый па назіранні сонечных зацьменняў.

Тв.:

Теория затмений. 2 изд. М., 1954;

Звездный атлас, содержащий звезды до 8,25 величины. 3 изд. Л., 1969.

Аляксандр Аляксандравіч Міхайлаў.

т. 10, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІКАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 20.3.1938, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

расійскі матэматык. Акад. АН Расіі (1981; чл.-кар. 1966). Сын П.С.Новікава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1960) і працаваў у ім. З 1963 у Матэм. ін-це імя У.​А.​Сцяклова (з 1983 заг. аддзела), з 1971 у Ін-це тэарэт. фізікі АН Расіі. Навук. працы па геаметрыі і тапалогіі, тэорыі салітонаў і агульнай тэорыі адноснасці. Даказаў тапалагічную інварыянтнасць характарыстычных класаў Пантрагіна, стварыў якасную тэорыю слаенняў і мнагазначных функцый, ’якасную тэорыю касмалагічных мадэлей, тэорыю канечназонных рашэнняў нелінейных сістэм. Ленінская прэмія 1967. Міжнар. прэмія імя М.​І.​Лабачэўскага АН СССР (1981). Залаты медаль і прэмія Дж.​Філдса (1970).

Тв.:

Теория солитонов. М., 1980 (у сааўт.);

Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986 (разам з Б.​А.​Дубровіным, А.​Ц.​Фаменкам).

С.П.Новікаў.

т. 11, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІСАРЖЭ́ЎСКІ (Леў Уладзіміравіч) (13.2.1874, Кішынёў — 23.3.1938),

украінскі хімік. Акад. АН Украіны (1925), акад. АН СССР (1930, чл.-кар. 1928). Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1896), дзе і працаваў. З 1904 праф. Юр’еўскага (Тартускага) ун-та, з 1908 Кіеўскага політэхн. ін-та, у 1913—32 — Горнага і Хіміка-тэхнал. ін-таў у Екацярынаславе (Днепрапятроўску). З 1927 дырэктар створанага па яго ініцыятыве Укр. ін-та фіз. хіміі (цяпер Ін-т фіз. хіміі Нац. АН Украіны імя П.). Навук. працы па тэрмадынаміцы рэакцый у растворах, тэорыі раўнаважных электродных працэсаў. Распрацаваў асновы электроннай тэорыі гетэрагеннага каталізу. Прэмія імя У.​І.​Леніна 1930.

Тв.:

Избр. тр. в области катализа. Киев, 1955;

Электрон в химии;

Избр. тр. Киев, 1956.

Літ.:

Ляликов Ю.С. Человек, который «видел» электроны. Кишинев, 1978.

Л.У.Пісаржэўскі.

т. 12, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАШЭ́ТНІКАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 6.1.1938, в. Халопенічы Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізіялогіі і біяхіміі раслін. Акад. Нац. АН Беларусі (2000, чл.-кар. 1991). Д-р біял. н. (1987), праф. (1992). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1959). З 1966 у Ін-це эксперым. батанікі АН Беларусі (з 1977 вуч. сакратар, з 1978 нам. дырэктара), з 1997 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі (дырэктар і заг. лабараторыі). Навук. працы па пабудове, біягенезе і функцыян. актыўнасці клетачных ядраў і пластыд расліннай клеткі, надмалекулярных нуклеапратэідных комплексах, бялках і ліпідных рэчывах пры экспрэсіі і рэканструкцыі геному раслін, прыкладных пытаннях перапрацоўкі лек. і пахучых раслін.

Тв.:

Пластиды и клеточные ядра высших растений: (Биохим. аспекты). Мн., 1982;

Клеточные ядра высших растений: состав, структура, функции. Мн., 1992.

У.М.Рашэтнікаў.

т. 13, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІ́МАЎ (Георгій Уладзіміравіч) (23.4.1901, Масква — 23.1.1953),

рускі фізікахімік. Чл.-кар. АН СССР (1939). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1926). Працаваў у авіяц. прам-сці (1927—47). З 1949 дырэктар Ін-та фіз. хіміі АН СССР. Распрацаваў тэорыю карозіі металаў (1933—38), класіфікацыю метадаў выпрабавання на карозію, стварыў тэхналогію атрымання гарачатрывалага сплаву для дэталяў авіяц. рухавікоў і шэраг марак нержавейнай сталі. Тры Дзярж. прэміі СССР.

Тв.:

Основы учения о коррозии и защите металлов. М., 1946.

т. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)