прыкметы, якія прысутнічаюць пры нараджэнні. Адрозніваюць спадчынныя і няспадчынныя. Спадчынныя падзяляюцца на нармальныя П.п. і прыроджаныя хваробы. Нармальныя П.п. (напр., першасныя палавыя прыкметы ў чалавека) з’яўляюцца вынікам уздзеяння аднаго або многіх генаў. Прыроджаныя хваробы абумоўлены геннымі, геномнымі або храмасомнымі мутацыямі, што атрыманы ад бацькоў (напр., праяўленне мутантнага гена, які перадаецца ў спадчыну ў пэўнай сям’і з пашкоджаннем тканак, органаў або сістэм органаў і інш.). Няспадчынныя П.п. развіваюцца пры ўздзеянні неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя пры эмбрыягенезе (напр., павышаныя дозы радыяцыі, інфекц. захворванні, ужыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, наркотыкаў) і характарызуюцца адхіленнямі ад нормы, напр., заганы развіцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. ratificatio вырашаны, зацверджаны + facere рабіць). 1) зацвярджэнне вярх. органам улады пэўнай краіны дагавора міжнароднага. заключанага яе ўпаўнаважаным. Р. падлягаюць звычайна найб. важныя міжнар. дагаворы. Канстытуцыі большасці дзяржаў адносяць права Р. міжнар. дагавораў да кампетэнцыі кіраўніка дзяржавы (з санкцыі вышэйшага заканад. органа або без яе) або непасрэдна да кампетэнцыі вышэйшага заканад. органа. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь права Р. міжнар. дагавораў належыць Палаце прадстаўнікоў Нац. сходу.
2) У некаторых краінах (напр., ЗША, Расія і інш.) зацвярджэнне суб’ектамі федэрацыі, рэферэндумам або спецыяльна скліканымі органамі змен ці дапаўненняў да тэксту канстытуцыі, прынятых парламентам краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЗІДЭНТУ́РА,
заканспіраванае структурнае падраздзяленне знешняй разведкі, якое па даручэнні цэнтра ажыццяўляе разведвальную дзейнасць за мяжой. Складаецца з кадравых супрацоўнікаў разведкі або агентаў на чале з рэзідэнтам. Супрацоўнікі Р. ўтойваюць сваю прыналежнасць да знешняй разведкі і дзейнічаюць пад прыкрыццём якой-н. установы (арг-цыі, кампаніі і інш.). У залежнасці ад віду прыкрыцця Р. падзяляюцца на легальныя (ствараюцца пад прыкрыццём дзярж. установы або прыватнага прадпрыемства, што належыць краіне, у інтарэсах якой ажыццяўляецца развед. дзейнасць) і нелегальныя (арганізуецца з разведчыкаў-нелегалаў і ў якасці прыкрыцця можа выбірацца любая ўстанова абоарг-цыя краіны знаходжання).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААДНАЎЛЕ́ННЕ,
працэс аднаўлення цэлага з разрозненых частак або надбудовы недастаючых яго элементаў пасля разбурэння цэлага ці страты ч. яго элементаў. У прыродных сістэмах — працэс бесперапыннага аднаўлення або ўзнаўлення структуры, уласцівасцей, колькаснага і якаснага складу прыродных сістэм, які адбываецца без удзелу чалавека; самастойнае вяртанне прыродных сістэм да стану дынамічнай раўнавагі, з якога яны былі выведзены ўздзеяннем прыродных ці антрапагенных фактараў. Напр., складанне занава гідры з фрагментаў яе цела, рэгенерацыя хваста ў яшчаркі, сукцэсія, якая вядзе да С. заканамернага шэрагу экасістэм і завяршаецца клімаксам як апошнім звяном паслядоўных змен біягеацэнозаўабо фарміраваннем вузлавых згуртаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАДА́НАЕ СЛО́ВА, кампозіт,
слова, утворанае шляхам злучэння двух ці некалькіх слоў або ўтваральных асноў (гл.Словаскладанне). Асновы злучаюцца інтэрфіксамі — галоснымі «а», «о», «е», «я» («вадохрышча», «глыбокапаважаны», «палявод») або непасрэдна («двухмесны», «сабекошт»). Шырока прадстаўлены сярод назоўнікаў і прыметнікаў, радзей — сярод дзеясловаў і прыслоўяў. Адносіны паміж кампанентамі С.с. суадносныя са злучальнымі («беларуска-нямецкі») або падпарадкавальнымі («дрэваапрацоўка») адносінамі ў свабодных сінтакс. словазлучэннях. Шматскладовыя С.с. могуць мець дадатковы націск («рыбало́ў», але «ле́санарыхто́ўшчык»). Да С.с. адносяцца і падваенні («сіні-сіні», «ледзь-ледзь»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛОГ (Crataegus),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 1000 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі трапляюцца 2 дзікарослыя віды: глог адагнутачашалісцікавы (C. curvisepala), глог аднапесцікавы (C. monogyna). Растуць на схілах у далінах рэк і катлавінах азёр, у хмызняках, мяшаных лясах і на ўзлесках. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукавана каля 140 відаў, 25 формаў і сартоў. На азеляненне выкарыстоўваюцца каля 20 відаў.
Лістападныя, рэдка шматгадовазялёныя кусты і невял. дрэвы выш. да 15 м, з парасткамі, укрытымі калючкамі даўж. 0,5—15 см. Лісце ад суцэльнага да перыста-лопасцевага і перыста-рассечанага. Кветкі двухполыя, пераважна белыя або ружова-белыя (у садовых формаў іншы раз ружовыя або чырвоныя), у паўпарасонікавых або шчыткападобных суквеццях. Цвітуць у канцы мая — пачатку чэрвеня. Плады яблыкападобныя, чырв., амаль чорныя, жоўтыя або зеленавата-жоўтыя, выспяваюць у вер. — кастрычніку. Дэкар., фітамеліярац., вітамінаносныя, харч., тэхн., меданосныя і лек. (экстракт з пладоў або настой з кветак выкарыстоўваюць пры сасудзістых захворваннях) расліны. Плады многіх відаў ядомыя, корм для птушак і звяроў. Размнажаюцца насеннем і атожылкамі. Выкарыстоўваецца як дэкар. ў адзіночных і групавых пасадках, для стварэння жывых агароджаў, узлескаў, падлеску, замацавання яроў і адхонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЭНСА́ЦЫЯ (ад позналац. condensatio ушчыльненне, згушчэнне),
пераход рэчыва з газападобнага стану ў вадкі або крышталічны. Адбываецца пры т-рах, меншых за крытычную тэмпературу, і адносіцца да фазавых пераходаў першага роду.
Пры К. ў інтэрвале т-р ад крытычнай да т-ры трайнога пункта рэчыва пераходзіць у вадкі стан (адваротны працэс — выпарэннеабокіпенне), пры больш нізкіх т-рах — у крышталічны (адваротны працэс — сублімацыя). Суправаджаецца вылучэннем цеплаты параўтварэння або сублімацыі (узгонкі). Для раўнаважнай К. неабходна прысутнасць кандэнсаванай фазы (вадкасць, крышталі) абот.зв. цэнтраў К. (напр., пылінкі). На нязмочвальных паверхнях вадкая фаза выпадае ў выглядзе кропель (кропельная К.), на поўнасцю змочвальных — у выглядзе плёнак (плёначная К.). Выкарыстоўваецца ў энергетыцы (цеплаабменныя апараты), у хім. тэхналогіі для раздзялення шматкампанентных газавых сумесей на фракцыі (фракцыйная К.), у апрасняльных устаноўках, халадзільнай і крыягеннай тэхніцы.
К. вадзяной пары ў атмасферы, працэс пераходу вадзяной пары, якая знаходзіцца ў паветры, у вадкі або цвёрды стан з утварэннем кропель і крышталёў воблакаў і туманаў, а таксама з вылучэннем вады і лёду на наземных прадметах. Адбываецца на ядрах кандэнсацыі пры ахаладжэнні паветра да пункта расы, у выніку яго цеплаабмену з зямной паверхняй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЮШЫ́НА (Trifolium),
род двухдольных кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 200 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных абласцях Паўн. паўшар’я, некат. віды ёсць ў гарах Паўд. Амерыкі і трапічнай Афрыкі. На Беларусі 15 дзікарослых. Найб. вядомыя К.: гібрыдная, або ружовая (T. hybridum), лутавая, або чырвоная (T. pratense), паўзучая, або белая (T. repens). 8 інтрадукаваных: К. александрыйская, або егіпецкая, бурсіма (T. alexandrinum), бледна-жоўтая (T. ochroleucum), валасістагаловая (T. trichocephalum), каўказская (T. caucasicum), мяса-чырв. (T. incarnatum) і інш. Растуць на лугах, пашах, у лясах, акультураныя часам дзічэюць. К. лубінавая (T. lupinaster) і чырванаватая (T. rubens) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з узыходнымі, прамастойнымі або распасцёртымі аблісцелымі сцёбламі, стрыжнёвымі, цыліндрычнымі ці верацёнападобна патоўшчанымі каранямі (у некаторых відаў карэнішча). На дробных карэньчыках утвараюцца каранёвыя клубеньчыкі, у якіх месцяцца клубеньчыкавыя бактэрыі, што засвойваюць азот паветра. Лісце чаргаванае, трайчастае ці пальчата-складанае з 5—9 суцэльна-крайнімі лісцікамі з прылісткамі. Кветкі дробныя, двухполыя, зігаморфныя (матыльковага тыпу), рознага колеру, у галоўчатых цыліндрычных, шарападобных і інш. суквеццях. Плод — дробны струк. Кармавая (мае шмат пратэіну), сідэральная (азотфіксавальная — павялічвае ўрадлівасць глебы), лек., меданосная і дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦЯЖЫ́,
разліковыя аперацыі па аплаце грашовых сум, іх унясенні, а таксама сумы, якія павінны быць выплачаны. Бываюць П. наяўныя, калі прызнаюцца выкананымі пры паступленні (атрыманні) наяўных грошай, і безнаяўныя, што ажыццяўляюцца без удзелу наяўных грошай, праз пералічэнне пэўных сум з рахункаў плацельшчыка ў банку на рахунак атрымальніка або праз залік узаемных патрабаванняў. Усе безнаяўныя П. ажыццяўляюцца праз крэдытныя ўстановы або пад іх кантролем. Такія П. ажыццяўляюцца і ўнутры краіны і ў сферы міжнар.эканам. адносін. Асн. віды разліковых дакументаў: плацежныя запатрабаванні і даручэнні, чэкі (гл.Плацежны сродак), акрэдытывы. Адрозніваюць: П. ў бюджэт — узносы і адлічэнні фіз. і юрыд. асоб, якія складаюць даходы дзярж. бюджэту; П. авансавыя — у аплату паслуг, сродкаў або матэрыялаў для іх атрымання або выкарыстання; П. дзяржаўныя трансфертныя — выплаты па сац. страхаванні, дапамозе па беспрацоўі, пенсіі і інш. (гэтыя выплаты і іх атрымальнікі не ўносяць якога-н. укладу ў вытворчасць); П. накладныя — спосаб разлікаў пры адпраўцы тавараў невялікімі партыямі на нязначныя сумы (прадугледжвае адрасную выдачу грузу пры ўмове аплаты вызначанай грузаадпраўшчыкам сумы безнаяўным або наяўным разлікам; П. насельніцтва, якія ажыццяўляюцца наяўным і безнаяўным шляхам (П. за камунальныя паслугі, узносы за тавары, купленыя ў крэдыт, і інш).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́КЕН, бакан (галанд. baken),
плаваючы навігацыйны знак для абазначэння фарватараў або небяспечных месцаў на рэках, каналах і марскіх шляхах. Бываюць святлівыя, несвятлівыя ці з святлоадбівальным пакрыццём; робяць з дрэва або металу (канічнай, цыліндрычнай ці шарападобнай формы) і замацоўваюць на якары. Асвятленне на бакене пераважна электрычнае. Часам абсталёўваецца гукавым сігнальным прыстасаваннем.