П’Е́ТРА ДА КАРТО́НА [Pietro da Cortona; сапр.Берэціні (Berrettini) П’етра; 1.11.1596, г. Картона, Італія — 16.5.1669],
італьянскі жывапісец і архітэктар эпохі барока. Зазнаў уплывы Мікеланджэла, Рафаэля, Карэджа. Вучыўся ў Картоне (1609—12) і Рыме (з 1612) у А.Камодзі. Працаваў пераважна ў Рыме, у 1637—47 у Фларэнцыі. У 1634—38 узначальваў акадэмію св. Лукі ў Рыме. У жывапісе шырока выкарыстоўваў ілюзіянізм перспектыўных пабудоў, святлопаветраную насычанасць каларыту. Сярод твораў фрэскі на віле Арыгоні ў Фраскаці (цяпер Муці; каля 1616), у царкве Сан-Бібіяна (1624—26), Палацца Матэі (да 1625), Палацца Барберыні (1636—39), Палацца Памфілі (1651—54, усе ў Рыме), у Палацца Піці ў Фларэнцыі (1637—47) і інш. Аўтар карцін «Трыумф Бахуса» (1624), «Св. Бернард» (1626), «Мадонна і чацвёра святых» (1628), «Выкраданне сабінянак» (1629) і інш. Пабудовы вызначаюцца тэатралізаваным дынамізмам, майстэрскім выкарыстаннем эфектаў натуральнага асвятлення: цэрквы Санты-Лука э Марціна (перабудова; 1635), Санта-Марыя ін Вія Лата (каля 1658), фасад царквы Санта-Марыя дэла Пачэ (1656—57) і 5-гранная плошча перад ёй у Рыме і інш.
П’етра да Картона. Фрэска «Залаты век» у Палацца Піці ў Фларэнцыі. 1637—47.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЭНЕ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Іберыйскі паўвостраў,
на ПдЗ Еўропы. Абмываецца Атлантычным ак. і яго Біскайскім зал., Гібралтарскім пралівам, Міжземным м.Пл. 582 тыс.км². Берагавая лінія слаба парэзана, на ПнЗ развіты рыясавы тып берагоў. Пераважаюць пласкагор’і і горы. Палеазойскі масіў Месета з’яўляецца ядром паўвострава, які акаймаваны з Пн, У і Пд Пірэнеямі, Кантабрыйскімі, Каталонскімі, Іберыйскімі, Андалускімі гарамі, Сьера-Марэнай, Цэнтр. Кардыльерай і інш. Найвышэйшы пункт г. Муласен у хр. Сьера-Невада (3478 м). Па ўскраінах паўвострава невял. нізіны — Партугальская, Андалуская, Арагонская. Клімат субтрапічны міжземнаморскага тыпу, пераважна сухі ва ўнутр.ч. (сярэдняя колькасць ападкаў ва ўнутр. абласцях 300—500 мм), на З — акіянічны (1500—2000 мм ападкаў за год). Для паўн.ч. паўвострава характэрны пераходны клімат ад субтрапічнага да ўмеранага з вял. колькасцю ападкаў (1000—2000 мм). Асн. рэкі: Таха (Тэжу), Гвадыяна, Дуэра (Дору), Гвадалквівір, Эбра. Прыродная расліннасць на большай ч. прадстаўлена вечназялёнымі паўхмызнякамі і драўняна-хмызняковымі зараснікамі тыпу маквіс, гарыга, таміляры, пальміто; у найб. сухіх раёнах расліннасць мае паўпустынны характар. У вільготнай горнай паўн.ч. пераважаюць лістападныя дубова-букавыя лясы, верасоўнікі, лугі. На зах. ускраіне вечназялёныя лясы з дубу (каменны, коркавы, партугальскі). Фауна міжземнаморскага тыпу. На П.п. размешчаны Іспанія, Партугалія, Андора і Гібралтар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮСКВАМПЕРФЕ́КТ (ад лац. plusquamperfectum),
даўно мінулы час, складаная дзеяслоўная форма прошлага часу старажытных славянскіх моў. У стараж.-рус. мове ўжываўся пераважна для абазначэння даўно мінулага дзеяння, якое адбылося раней за якое-н. інш. дзеянне. Утвараўся шляхам спалучэння дапаможнага дзеяслова «быти» ў форме імперфекта і аорыста адпаведнай асобы з дзеепрыметнікам на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Са знікненнем у жывой мове аорыста і імперфекта дапаможны дзеяслоў у складзе П. ўжываўся ў форме перфекта «есмь былъ пришелъ». Паступова была страчана звязка ў складзе перфекта і ў дзеепрыметніках мужч. роду адз. л., канцавое «л» змянілася ў «ў»: «есмъ былъ пришелъ — я быў прыйшоў». П. зрэдку выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. мове для абазначэння мінулага дзеяння, якое толькі пачыналася, але было перапынена якім-н. іншым: «Дзве хурманкі прыехалі былі на вяселле, дык і тыя сёння рана паехалі дадому» (К.Крапіва). У літ. творах зрэдку пад уплывам рус. мовы трапляюцца формы П., дзе пры дзеепрыметніку на «-л» ужываецца нязменная часціца «было»: «Следам за ім памкнуліся было злазіць і сувязныя, але Злобіч стрымаў іх» (М.Ткачоў). Аднак такое ўжыванне — парушэнне літ. нормы.
Літ.:
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ імя Я.П.Кульнева, сярэдняя спец.навуч. ўстанова ў Полацку ў 1872—1918. Рыхтавала настаўнікаў пераважна для Віленскай навучальнай акругі. Мела 3 асн. класы (з 1907—4) і гадавое падрыхтоўчае аддзяленне. Прымаліся асобы ўсіх саслоўяў з 16-гадовага ўзросту, якія скончылі пач.нар. вучылішча. У 1912 семінарыі прысвоена імя Я.П.Кульнева. Выкладаліся: Закон Божы, педагогіка, рус. і царк.-слав. мовы, арыфметыка, асновы геаметрыі, каморніцтва, гісторыя, геаграфія, спевы, рамяство і інш. Пры семінарыі дзейнічалі: узорнае пач. вучылішча (50—70 вучняў штогод), дзе семінарысты праходзілі пед. практыку; курсы для настаўнікаў пач.нар. вучылішчаў; б-ка (8 тыс. тамоў); метэаралагічная станцыя (з 1900); музей наглядных дапаможнікаў (з 1910). У 1907 часова зачынена. У 1-ю сусв. вайну знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Вязнікі Уладзімірскай губ. За 1872—1900 П.н.с. скончылі 521, у 1911—142 выхаванцы. На базе семінарыі створаны пед. тэхнікум (гл.Полацкі педагагічны каледж). У П.н.с. выкладалі Ю.Ф.Крачкоўскі, гісторык Я.Смірноў, протаіерэй М.Дуброўскі (даследчык жыцця Ефрасінні Полацкай), вучыўся бел. паэт Я.Журба.
Літ.:
Смирнов Е.И. Полоцкая учительская семинария за 30 лет ее существования. Витебск, 1902;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУЗЫРАНО́ГІЯ, махрыстакрылыя,
трыпсы (Physopoda, або Thysanoptera),
атрад насякомых. 2 падатр.: яйцакладныя (Terebrantina) і трубкахвостыя (Tubulifera). Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Жывуць на травяністых і дрэвавых раслінах, імхах, лішайніках, у глебе. Большасць П. шкодзяць с.-г., дэкар. і лясным раслінам, пераносяць узбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. На Беларусі найб. трапляюцца трыпсы: аржаны (Limothrips denticornis), бабовы (Odonthothrips intermedius), люцэрнавы (0. phaleratus), канюшынны (Haplothrips niger), лісцевы (H. subtilissimus), пшанічны (H. tritici), ільняны (Thrips linarins), тытунёвы (T. tabaci).
Даўж. да 5 мм (у тропіках да 14 мм). Афарбоўка дарослых разнастайная, лічынак — ярка-чырв. або ружаватая. Цела ўкрыта дробнымі шчацінкамі. Вусікі 6—10-членікавыя. Ротавы апарат асім., колюча-сысучы. Ногі з 1—2-членікавымі лапкамі, паміж кіпцюркамі лапак пузырападобныя прысоскі (адсюль назва). Большасць П. маюць 2 пары крылаў з махрамі па краі з доўгіх раснічак (адсюль другая назва). Пярэднягрудзі рухома злучаны з галавой і сярэднегрудзямі. Брушка з 11 сегментаў. Кормяцца сокамі раслін, ёсць драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. Лічынкі маюць 4—5 узростаў, не кормяцца, мала- або нерухомыя. За год да 10 пакаленняў.
С.Л.Максімава, М.М.Трухан.
Да арт.Пузыраногія. Трыпсы: 1 — тытунёвы; 2 — пшанічны.
агульнаадукацыйная сярэдняя навуч. ўстанова з пед. профілем. Існавала з 1.7.1909 да 1919. Рыхтавала настаўнікаў пач.нар. вучылішчаў пераважна для Віленскай навучальнай акругі. Прымаліся асобы ўсіх саслоўяў з 16-гадовага ўзросту, якія скончылі пач.нар. вучылішча. Паступаць у ВНУ выпускнікі семінарыі не мелі права. Мела 4 асн. і 2 класы ўзорнага пач. вучылішча, дзе навучэнцы праходзілі практыку, музей наглядных дапаможнікаў, працавалі курсы для настаўнікаў пач. школ. Выкладаліся: закон Божы, педагогіка, царкоўнаслав. і рус. мовы, матэматыка, фізіка, гісторыя, геаграфія, прыродазнаўства, чыстапісанне, мастацтва, спевы, гімнастыка, рамяство (пераплётнае майстэрства і пляценне кошыкаў). У 1915 працавалі дырэктар, законанастаўнік, 10 выкладчыкаў, урач. У 1911 у семінарыі 181 выхаванец, у 1915—200. У кастр. 1911 пры семінарыі адкрыта пач. школа для дарослых, у 1915 створана камісія для дапамогі дзецям, бацькі якіх мабілізаваны ў армію, і дзецям бежанцаў. У 1919 пераўтворана ў 3-гадовыя пед. курсы для падрыхтоўкі выкладчыкаў 1-й ступені адзінай прац. школы, на базе якіх ў 1920 створаны пед. тэхнікум.
Літ.:
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985;
Пастухова З.А. Среднее образование в дореволюционной Белоруссии. Мн., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМА́НСу паэзіі,
невялікі напеўны верш лірычнага характару, пераважна пра каханне.
У сярэдневяковай Іспаніі Р. называлі быт. песні на нар. (ісп.) мове (у адрозненне ад царкоўных песень на лац. мове). У 16 ст. ў франц. паэзіі Р. называлі лірычную песню пра каханне. У такім значэнні тэрмін ужываўся і ва ўсх.-слав., у т. л.бел. л-рах. У зах.-еўрап. паэзіі былі папулярныя рамансы Ш.Мільвуа, Э.Парні. «Рамансы без слоў» назваў свой зб. П.Верлен. Падзагаловак «Р.» ёсць у вершах В.Жукоўскага «Жаданне», А.Пушкіна «Пад вечар, восенню пахмурнай» і інш.
У бел. л-ры вершы рамансавага тыпу сустракаюцца ў Я.Баршчэўскага («Дзеванька»), Я.Лучыны (Р. з паэмы «Гануся»), В.Дуніна-Марцінкевіча (два Р. з камедыі «Пінская шляхта») і інш. Часам паэты пісалі Р. у разліку, што ён будзе пакладзены на музыку: «Раманс» («Зорка Венера ўзышла над Зямлёю») М.Багдановіча, «Раманс» Ю.Гаўрука. У сучаснай бел. паэзіі тэматычныя і жанравыя межы Р. пашырыліся, узніклі сатыр. і гумарыстычны Р. («Раманс» і «Выхаваўчы раманс» М.Танка).
Літ.:
Васина-Гроссман В.А. Музыка и поэтическое слово. Ч. 1—3. М., 1972—78;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ТШЫЛЬДЫ (Rothschild),
сямейная фінансавая група яўр. паходжання, якая дзейнічае ў некат. краінах Зах. Еўропы і ЗША. Яе заснавальнік — Маер Амшэль Р. (1744—1812), які ўзбагаціўся на ваен. пастаўках, фін. спекуляцыях і ў 1766 стварыў у г. Франкфурт-на-Майне (Германія) уласны банк. Яго справу пераняў старэйшы сын Амшэль Маер Р. (1733—1855), іншыя 4 сыны стварылі самаст. банкі ў Лондане, Парыжы, Вене і Неапалі (апошнія 2 пазней спынілі існаванне). З часоў Венскага кангрэса 1814—15 сям’я Р. давала пазыкі дзяржавам Еўропы, фінансавала буд-ва першых еўрап. чыгунак, асабліва ў Аўстрыі і Францыі, Суэцкага канала. У 1901 спыніў дзейнасць франкфурцкі банк Р. У пач. 20 ст. дзейнасць Р. канцэнтравалася ў Парыжы (Гі дэ Р.) і Лондане; іх фін. актыўнасць пашырылася на Азію. У 2-ю сусв. вайну некалькі прадстаўнікоў Р. пакінулі Еўропу і перанеслі сваю дзейнасць пераважна ў ЗША. У 1960-я г. група пранікла ў нафтавую прам-сць і каляровую металургію. Пасля нацыяналізацыі ў 1982 «Банк дэ Ротшыльд» у Парыжы [засн. ў 1817 Якавам Р. (1792—1868)], працягваюць дзейнічаць толькі іх банкі ў Лондане [«Н.М.Ротшыльд энд санс», засн. Натанам Р. (1777—1836)] і Швейцарыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУБІ́ДЫЙ (лац. Rubidium),
Rb, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 37, ат. м. 85,4678; адносіцца да шчолачных металаў. Прыродны складаецца са стабільнага 85Rb (72,15%) і радыенукліда 87Rb (перыяд паўраспаду 4,8∙1010 гадоў, β-выпрамяняльнік). У зямной кары 1,510−2% па масе. Уласных мінералаў не ўтварае (рассеяны элемент); спадарожнічае пераважнакалію. Адкрыты ў 1861 Р.В.Бунзенам і Г.Р.Кірхгофам спектральным метадам (па лініях у чырв. частцы спектра), назва ад лац. rubidus — цёмна-чырвоны.
Мяккі серабрыста-белы легкаплаўкі (tпл 39,32 °C) метал, шчыльн. 1532 кг/м³ (0 °C). Хімічна вельмі актыўны. У паветры імгненна акісляецца з узгараннем (утвараецца надпераксід RbO2). З вадой, галагенамі і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам. Раствараецца ў вадкім аміяку (растворы сіняга колеру). Захоўваюць у ампулах са спец. шкла ў атмасферы аргону або ў стальных герметычных пасудзінах пад слоем абязводжанага вазелінавага масла. Выкарыстоўваюць як кампанент матэрыялу для фотаэлементаў, фотаэл. памнажальнікаў і змазачных кампазіцый для рэактыўнай і касм. тэхнікі, як гетэр у вакуумных лямпах, каталізатар, пару Р. — у разрадных эл. трубках нізкага ціску, стандартах частаты і часу, злучэнні — як цвёрды электраліт, кампанент спец. шкла і керамікі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУСТЭ́М (Ян) (1762, г. Стамбул, Турцыя — 21.6.1835),
жывапісец і рысавальшчык, педагог. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў Варшаве ў Я.П.Норбліна і М.Бачарэлі, у Германіі (1788—90). Выкладаў у Віленскім ун-це (1798—1832; з 1811 праф.). Рэарганізаваў сістэму навучання ў Віленскай маст. школе, што садзейнічала развіццю рэаліст. мастацтва ў 19 ст. Працаваў пераважна ў жанры партрэта. У творах адметны ўплыў рамантызму, класіцызму, сентыменталізму. Аўтар шматлікіх аўтапартрэтаў, партрэтаў Т.Зана, Г.Ваньковіч, А.Ваньковіча (абодва каля 1805), А.Снядэцкага (1816), Я.Снядэцкага (1819), М.Ромер (1820), Я.Главацкага (1823), С.Солтана, Я.Вейсенгофа, Т.Аскерка, праф. Нішкоўскага, праф. Франка, К.Франк, граф М.Кончуса, гравёра Дж.Саўндэрса, Т.Хамінскай, графа Тызенгаўза і інш.; кампазіцый «Турак з канём» (1791), «Паэт Ю.Славацкі ва ўзросце 5 гадоў у выглядзе Амура» (1813—14), «Адпачынак Дзіяны», «Бабуля з унучкай», акварэлі «На рынку» і інш. Выканаў мініяцюрныя партрэты Т.Касцюшкі, Я.Лялевеля. Творчай манеры ўласцівы ўстойлівасць кампазіцыйных прыёмаў, дакладны малюнак, стрыманасць колераў.
Літ.:
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. Мн., 1974.
В.Я.Буйвал.
Я.Рустэм. Партрэт прафесара М.Кончуса. 1832.Я.Рустэм. Аўтапартрэт. 1-я трэць 19 ст.