О́РДЭР (ням. Order ад лац. ordo рад, парадак, шэраг),
1) афіцыйны дакумент, які змяшчае загад, прадпісанне, распараджэнне (напр., на ўсяленне ў жылое памяшканне, на атрыманне тавару, грузу і да т.п.).
2) У бухгалтэрыі дакумент на ажыццяўленне аперацый з грашовымі або матэрыяльнымі сродкамі (наяўнымі — касавыя О., безнаяўнымі разлікамі — мемарыяльныя О.).
3) Рэгламентаванае камандуючым (камандзірам) узаемнае па напрамках і дыстанцыях размяшчэнне ваен. караблёў на пераходзе морам і ў час бою. Ствараецца з мэтай абароны ад магчымых атак праціўніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РКА,
1) пераклічка, якая робіцца для праверкі наяўнасці людзей. Пашырана ва ўзбр. сілах (напр., вячэрняя П.).
2) Праверка сродкаў вымярэння — вызначэнне дзярж.або ведамасным метралагічным органам хібнасцей сродкаў вымярэння і ўстанаўлення іх прыдатнасці.
Адрозніваюць П.: па часе — першасную, перыядычную, пазачарговую, інспекцыйную; па шырыні ахопу — паэлементную, камплектную і незалежную (П. сродкаў вымярэння адносных велічынь). Метады П.: непасрэднае параўнанне рабочых сродкаў вымярэнняў з узорнымі сродкамі вымярэнняў і эталонамі, параўнанне з дапамогай кампаратара, па ўзорнай вымяральнай прыладзе і ўскосным вымярэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНАЦВЕ́Т, восеннік (Colchicum),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Іране і на У — да Паўн. Індыі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрап. рэліктавы від — П. асенні (C. autumnale), занесены ў Чырв. кнігу Як дэкар. расліну вырошчваюць П. цудоўны (C. speciosum).
Шматгадовыя клубнецыбульныя расліны з кароткім сцяблом. Лісце лінейнае або шырока-ланцэтнае. Кветкі (1—8) буйныя, рознай афарбоўкі, у некат. відаў паяўляюцца ў канцы лета ці восенню (адсюль назва). Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНАГІ́Я (ад грэч. panagia прасвятая),
1) нагрудны медальён-абразок з выявай Маці Божай або Ісуса Хрыста. Лічыцца знакам архірэйскага і свяціцельскага сану. Бываюць круглай, авальнай, ромбападобнай, квадратнай формы, выкананыя з металу (літыя і чаканеныя, з эмаллю, сканню, чэрню), слановай косці, дрэва, мяккіх парод каменю.
2) Іканаграфічны тып Маці Божай, выяўленай у выглядзе аранты (у поўны рост з паднятымі да ўзроўню твару рукамі і звернутымі да гледача далонямі) з выявай Хрыста-дзіцяці ў медальёне на грудзях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСПЕРМІ́Я (ад пан... + сперма),
гіпотэза пераносу жывых істот у касм. прасторы з аднаго цела на другое (напр., на Зямлю з космасу). Прапанавана ням. вучоным Г.Рыхтэрам (1865). Паводле гіпотэзы, жывыя зародкі занесены на Зямлю метэарытамі, касм. пылам або пад уздзеяннем ціску святла. Гіпотэза абапіраецца на звесткі пра высокую ўстойлівасць некат. мікраарганізмаў і іх спор да радыяцыі, глыбокага вакууму і інш. уздзеянняў. Аднак няма дакладных фактаў, якія б пацвярджалі пазаземнае паходжанне мікраарганізмаў, знойдзеных у метэарытах. Гл. таксама Абіягенез, Біягенез, Экзабіялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕГА́С,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі чароўны (часта крылаты) конь, які нарадзіўся з крыві або з тулава забітай Персеем гаргоны Медузы як плод яе сувязі з Пасейдонам. П. узнёсся на Алімп, дзе прыносіў Зеўсу грамы і маланкі. Паводле другога міфа, багі падаравалі П. герою Белерафонту, а той узляцеў на ім і забіў крылатую пачвару Хімеру, якая спусташала краіну. Ударам капыта П. выбіў на гары Гелікон крыніцу Гіпакрэну (грэч. «конская крыніца»), вада якой надае натхненне паэтам. Адсюль выраз «асядлаць П.» — стаць паэтам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕЗАКВА́РЦ (ад грэч. piezō цісну + кварц),
крышталі кварцу або іх часткі, якія па якасці адпавядаюць патрабаванням радыёэлектроннай прам-сці. Выкарыстоўваецца для стабілізацыі частот эл.-магн. ваганняў у прыёмна-перадатачнай радыёапаратуры, шматканальнай тэлеф. сувязі і інш. У адпаведнасці з тэхн. патрэбамі да П. адносяць крышталі, якія маюць бездэфектныя вобласці (без бачных цвёрдых і газава-вадкіх уключэнняў, трэшчын і інш.) масай не менш як 10 кг пры выхадзе не менш 10% ад масы крышталя. Колер кварцу значэння не мае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТУ́НІЯ (Petunia),
род кветкавых раслін сям. паслёнавых. 15 (па інш. звестках да 40) відаў. Пашыраны пераважна ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. На Беларусі ў культуры П. гібрыдная (Р. х hybrida). Вядома некалькі садовых форм, у т. л. буйнакветкавая, шматкветкавая, махровая, махрыстая, нізкая.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 90 см. Сцёблы прамастойныя або паўсцелістыя, густагалінастыя. Часта парасткі і лісце ўкрыты валаскамі. Кветкі адзіночныя, шырокалейкападобныя, белыя. ружовыя, ліловыя, чырв., фіялетавыя. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ХТА,
1) старадаўняе ўкраінскае жаночае паясное адзенне. Адзявалася паверх больш доўгай кашулі ў выглядзе спадніцы. Складалася з 2 сшытых па даўжыні да палавіны полак. П. перагіналася і насілася так, каб сшытая ч. ляжала ззаду, а нясшытая свабодна звісала па абодвух баках (або падгортвалася). Шылі з рознакаляровай, пераважна ваўнянай, тканіны. Спераду П. закрывалася фартухом.
2) У зах. абласцях Украіны — верхняя адзежына з палатна.
3) У зах. і ўсх. славян — кавалак тканіны, прасцірадла.
4) У палякаў, лужычан, славакаў — плашчападобная адзежына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАСЦЬ ЦЕ́ЛАжывёл і чалавека,
прастора, якая абмежавана ўнутр. паверхняй сценкі цела, і дзе знаходзяцца ўнутр. органы. Адрозніваюць першасную поласць цела (не мае ўласнай сценкі) і другасную, або цэлом (мае ўласную сценку ў выглядзе перытанеальнага эпітэлію). У пазваночных жывёл другасная П.ц. падзяляецца на калясардэчную, ці перыкардыяльную, і брушную поласці. У наземных пазваночных і чалавека дыяфрагма, аддзяляе ўласна брушную поласць, дзе знаходзяцца стрававальныя, выдзяляльныя, палавыя органы, ад грудной, якая выслана плеўрай і мае лёгкія.