ПРЫЛІ́ВЫ І АДЛІ́ВЫ,

перыядычныя ваганні ўзроўню акіяна (мора), абумоўленыя сіламі прыцяжэння Месяца і Сонца ў спалучэнні з цэнтрабежнымі сіламі. Пад дзеяннем сіл, што ўзнікаюць пры абарачэнні Месяца вакол Зямлі і Зямлі вакол Сонца адбываецца дэфармацыя цвёрдага цела Зямлі і ваганні атм. ціску. Зямля пад дзеяннем прыліваўтваральных сіл Месяца і Сонца набывае форму эліпсоіда вярчэння. Водная абалонка Зямлі расцягваецца ўздоўж лініі, накіраванай да Месяца. Прыліваўтваральная сіла Сонца амаль у 2,2 раза меншая, чым Месяца, таму П. і а. ў большай ступені залежаць ад Месяца. Пры сутачным абарачэнні Зямлі П. і а. паслядоўна абыходзяць зямны шар; за месячныя суткі (24 гадз 50 мін) назіраюцца 2 прылівы і 2 адлівы. Іх велічыня і характар залежаць ад узаемнага размяшчэння Зямлі, Месяца і Сонца, ад геагр. шыраты, глыб. мора, формы берагавой лініі і інш. умоў. Прыліў найб., калі Зямля, Месяц і Сонца размяшчаюцца на адной прамой (сізігія), найменшы, калі Месяц, Зямля і Сонца ўтвараюць вугал 90° (квадратура). Найвышэйшы ўзровень у час П. і а. наз. поўнай вадой, ніжэйшы — малой вадой. У залежнасці ад перыяду адрозніваюць П. і а. паўсутачныя, сутачныя і мяшаныя (няправільныя). Пры паўсутачных П. і а. назіраюцца 2 поўныя вады і 2 малыя, пры сутачных — 1 поўная і 1 малая вада. Пры мяшаных П. і а. найб. пашыраны няправільныя паўсутачныя і няправільныя сутачныя прылівы. Велічыня П. і а. ў адкрытым акіяне да 1 м, у залівах і бухтах, берагі якіх паступова звужаюцца, пад’ём вады дасягае 18 м (зал. Фанды ў Атлантычным ак. каля берагоў Канады). Звычайна выш. прыліваў каля берагоў акіянаў 2—4 м, ва ўнутр. морах (Чорнае, Балтыйскае) некалькі сантыметраў. Энергія прыліваў можа выкарыстоўвацца на прыліўных электрастанцыях. У выніку зямных прыліваў адбываюцца верт. плаўныя зрушэнні паверхні да 50 см, змены сілы цяжару да 0,25-10​−5 м/с​2 на экватары і інш. з’явы, вывучэнне якіх дазваляе даследаваць унутр. будову Зямлі і асаблівасці будовы зямной кары. Атм. прылівы выклікаюць паўсутачныя змены атм. ціску і адыгрываюць вял. ролю ў дынаміцы верхняй атмасферы.

Сілы, якія ўтвараюць прылівы і адлівы: 1 — цэнтрабежная сіла; 2 — прыцягненне Месяца; 3 — прыліваўтваральная сіла; Z — зеніт; C — цэнтр Зямлі; N — надзір.

т. 13, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШАНІ́ЦА (Triticum),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў, з якіх 12 эндэмічныя для Пярэдняй Азіі. Адзін з цэнтраў паходжання П. — Закаўказзе. Найб. пашыраны стараж. збожжавыя культуры, асн. прадукт харчавання амаль трэці насельніцтва зямнога шара П. цвёрдая (T. durum) і найб. урадлівая П. мяккая, або звычайная (T. aestivum). Маюць больш за 4 тыс. сартоў, азімыя і яравыя формы. На Беларусі вырошчваецца пераважна П. мяккая.

Аднагадовыя травы выш. 40—200 см (выш. вызначае ўстойлівасць да палягання і звязана з урадлівасцю). Каранёвая сістэма валасніковістая. Сцябло — прамастойная, полая або запоўненая парэнхімай саломіна. Лісце лінейнае. Кветкі двухполыя, аднадомныя, няправільныя, сабраныя ў суквецце — складаны колас. У П. цвёрдай каласкі размешчаны на стрыжні шчыльна, у мяккай — рыхла. Плод — зярняўка. Зерне голае або плевачнае, белае, чырв. ці фіялетавае, мучністае або шклопадобнае, падоўжанай ці шарападобнай формы з баразёнкай на баку. Мае ў сабе да 30% бялку, 60—64% вугляводаў, 2% тлушчу, вітаміны, ферменты, мінер. рэчывы і інш. Па хлебапякарных уласцівасцях адрозніваюцца слабыя, сярэднія і моцныя сарты П. мяккай. З зерня П. атрымліваюць муку, крупы, крухмал, спірт. Вотруб’е і інш. адходы памолу — канцэнтраваны корм, сыравіна для камбікормавай прам-сці. Салома — грубы корм і подсціл для жывёлы, выкарыстоўваецца таксама ў вытв-сці паперы, кардону, упаковачнага матэрыялу, для пляцення кошыкаў, капелюшоў, дэкар. вырабаў. Зялёная маса скормліваецца жывёле.

На Беларусі П. вядома з 6—8 ст.: апаленае зерне знойдзена на гарадзішчах Банцараўскае (Мінскі р-н) і Загорцы (Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл.). Вырошчваецца 15 сартоў азімай і каля 12 сартоў яравой П. (2000). Культывуюцца сарты мясц. селекцыі, атрыманыя ў Бел. НДІ земляробства і кармоў Акадэміі агр. навук Беларусі, азімай П.: Бярэзіна, Каравай, Капылянка, Пошук і інш.; яравой П.: Беларуская 80, Ленінградка, Ростань і інш.

Літ.:

Вавилов Н.И. Мировые ресурсы сортов хлебных злаков, зерновых, бобовых, льна и их использование в селекции: Пшеница. М.; Л., 1964;

Носатовский А.И. Пшеница: Биология. 2 изд. М., 1965;

Ламан Н.А., Янушкевич Б.Н., Хмурец К.И. Потенциал продуктивности хлебных злаков: Технол. аспекты реализации. Мн., 1987.

В.​М.​Прохараў.

Пшаніца: 1 — мяккая (а — безасцюковая, б — асцюкаватая); 2 — цвёрдая; 3 — культурная адназярнянка; 4 — Цімафеева; 5 — полба; 6 — польская; 7 — персідская; 8 — спельта; 9 — хлеб з мукі (а — слабай, б — сярэдняй, в — моцнай пшаніцы).

т. 13, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДКО́ВЫЯ СПЕ́ВЫ,

від старарус. царкоўнага шматгалосся ў 16—17 ст. Назва ад спосабу запісу: партыі, запісаныя крукамі, размяшчаліся адна пад адной над радком тэксту. На Украіне і Беларусі вядомы з пач. 16 ст., у Расіі з 2-й пал. 16 ст. Рэпертуар Р.с. склаўся на аснове песнапенняў, пераважна гімнічнага характару, царк. зб-каў Ірмалой, Актоіх, Святы (адсюль радкі наз. ірмалойнымі, актойнымі або святочнымі).

У залежнасці ад колькасці радкоў Р.с. былі 2-, 3- і 4-галосыя, мелі лінеарную меладычную прыроду і апіраліся на нар. падгалосачна-контрапунктычнае шматгалоссе; як асн. голас выкарыстоўваліся песнапенні знаменнага спеву. Гэты голас называўся пуцём і быў ніжнім у 2-, ніжнім ці другім знізу ў 3- і 4-галосых напевах. 2- і 3-галосыя Р.с. блізкія да шматгалосся, пашыранага ў бел. нар. выканальніцтве на Пд Мінскай, у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Для іх характэрна першаснасць мелодыі і другаснасць сугуччаў. Дыяпазон і тэмбр голасу не ўлічваліся. У 2-галоссі Р.с. ёсць аналогіі з гетэрафоніяй усх.-слав. традыц. нар. песні. Найб. пашыраны 3-галосыя Р.с., тыповыя для нар.-песеннага і кантавага шматгалосся. З развіццём шматгалосай традыцыі ўскладняліся падгалосачныя, лінеарныя і акордавыя формы. Запісваліся Р.с. знаменнай і дзямественнай натацыямі (гл. Нотнае пісьм). Крукі, або знамёны, паказвалі колькасць гукаў і кірунак руху напеву, але не заўсёды пазначалі канкрэтныя рытмічныя працягласці. Асн. тэндэнцыя знаменных радковых партытур — адвольнае выкарыстанне больш простых знакаў безлінейнай натацыі. Характэрныя палеаграфічныя прыкметы — двайныя пазначэнні (літары светлага і простага сагласій у спалучэнні з дадатковым знакам — коскай злева ці справа). Першы (дзямественнік) і 3-і (пуць) безлінейныя радкі пісалі чорнай тушшу, 2-і (ніз) і 4-ы (верх) — кінавар’ю.

Р.с. падрыхтавалі глебу для партэсных спеваў і выцеснены імі на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., у Расіі — у сярэдзіне 17 ст.

Літ.:

Разумовский Д.В. Церковное пение в России. М., 1867;

Бражников М.В. Многоголосие знаменных партитур // Проблемы истории и теории древнерусской музыки. Л., 1979;

Смоленский С.В. О ближайших практических задачах и научных разысканиях в области русской церковнопевческой археологии. СПб., 1904;

Яго ж. Об указаниях отгенков исполнения и об указаниях музыкально-певческих форм церковных песнопений в крюковом письме. Киев, 1909;

Успенский Н. Древнерусское певческое искусство. 2 изд. М., 1971;

Яго ж. Образцы древнерусского певческого искусства. 2 изд. Л., 1971.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 13, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯНЦЯ́НСКІЯ ГРА́ДЫ, Свянцянскае ўзвышша,

дугападобная сістэма (з прагінам на Пд) напорных краявых ледавіковых град на ПнЗ Беларусі; фізіка-геагр. раен Бел.-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я). Назва дадзена ў 1930-я г. польскімі географамі ад г. Свянцяны (цяпер Швенчоніс, Літва). Працягнуліся ад воз. Дзіснай (Літва) на тэр. Беларусі, дзе накіраваны ў паўд.-ўсх. і паўн.-ўсх. напрамках у паўд.-зах. ч. Віцебскай і паўн.-зах. ч. Мінскай абласцей. Мяжуюць з Полацкай нізінай на Пн, Ушацка-Лепельскім узв. на У, Верхнебярэзінскай і Нарачана-Вілейскай нізінамі на ПдУ і Пд. Выш. да 228 м у межах Беларусі (288, каля г. Швенчоніс, Літва), працягласць з 3 на У 120—130 км, з Пн на Пд 35—45 км. Пл. 2,7 тыс. км². С.г. прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў дэвонскага, мелавога, палеагенавага ўзросту. Антрапагенавыя ўтварэнні (магутнасць больш за 100 м) дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Рэльеф буйнаўзгорысты і градава-марэнна-азёрны, сфарміраваўся пераважна пад уплывам ледавіка паазерскага зледзянення. У фарміраванні паверхні вял. ролю адыграў актыўны ледавік (марэны напору, гляцыядыслакацыі, адорвені, ледавіковыя лагчыны), а таксама пасіўны («мёртвы»), які ўплываў на ўтварэнне камаў, озаў, тэрмакарставых і падпрудных азёрных катлавін. Адносныя перавышэнні рэльефу да 50—60 м. У паніжэннях і лагчынах паміж марэннымі градамі шмат невялікіх, глыбокіх азёр, размешчаных групамі (Лучайская, Мядзельская, Доўгаўская, Глыбоцкая) і злучаны пратокамі і малымі рэчкамі.

Тут знаходзіцца самае глыбокае на Беларусі воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Па градах праходзіць водападзел паміж бас. рэк Зах. Дзвіна і Нёман. На паўн. схілах пачынаюцца рэкі Мядзелка, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута; на паўд. — Страча, Сэрвач. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, торф, сапрапель. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя; месцамі эрадзіраваныя, у паніжэннях глеістыя, часам карбанатныя. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі, займаюць каля 25% тэрыторыі. Пашыраны мяшаныя драбналістыя маладнякі і субаравыя хвойнікі, месцамі дубовыя і шыракаліста-яловыя асацыяцыі. У паніжэннях зараснікі вярбы, бярозы, хвоі, чорнай вольхі. Пад ворывам больш за 40% тэрыторыі, характэрна драбнаконтурнасць с.-г. угоддзяў (пл. 3—4 га). Асаблівасці рэльефу садзейнічаюць праяўленню плоскаснага змыву глеб. У межах С.г. частка нац. парку Нарачанскі; заказнікі: ландшафтны Блакітныя Азёры, гідралагічныя Доўгае і Белае, біял. Некасецкі, Рудакова, Пасынкі.

В.​П.​Якушка.

Свянцянскія грады ў Мядзельскім раёне Мінскай вобл.

т. 14, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛА́БА-ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (грэч. syllabē склад + tonos націск),

сістэма вершаскладання, засн. на мерным чаргаванні націскных і ненаціскных складоў у паэтычным радку. Характэрна мовам з нефіксаваным націскам (бел., рус., укр., англ., ням. і інш.). У бел. паэзіі зараджэнне С.-т.в. як сістэмы адносіцца да канца 18—пач. 19 ст. («Уваскрэсенне Хрыстова», «Энеіда навыварат», «Тарас на Парнасе»):

Прайшоў вёрст дзевяць тэй дарогай,
Аж бачу я — гара стаіць;
Пад тэй гарой народу многа,
Як бы кірмаш які кіпіць.
(«Тарас на Парнасе»).

У творчасці паэтаў 19 ст. (Ф.​Багушэвіч, Я.​Лучына, А.​Гурыновіч і інш.) пад уплывам нар. танічнага верша (гл. Танічнае вершаскладанне), рус. і ўкр. паэзіі адбывалася дэфармацыя форм сілабічнага верша (гл. Сілабічнае вершаскладанне) і набліжэнне іх да С.-т.в. У пач. 20 ст. гэты працэс завяршыўся станаўленнем класічных форм бел. верша. Дзякуючы творчасці Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Багдановіча С.-т.в. стала пануючым у бел. л-ры.

Рытм у сілаба-танічным вершы ўтвараюць радкі, у якіх мерна паўтараюцца націскныя і ненаціскныя склады. Сілаба-танічны верш мае стапу — метрычную адзінку з адным націскным і адным або двума ненаціскнымі складамі. У С.-т.в., найб. пашыраны 4-стопныя («Родны хлеб» П.​Глебкі) і 5-стопныя («Маёй рукой пасаджанай бярозе...» А.​Куляшова), найменш — 1-стопныя («Зімовыя малюнкі» П.​Броўкі) і 2-стопныя («Лета» Р.​Барадуліна) радкі. Вершы, радкі якіх складаюцца больш чым з 6 стоп, сустракаюцца вельмі рэдка («Паэты рэвалюцыі» А.​Дудара). Некат. шматстопныя памеры атрымалі (па аналогіі з ант.) сваю назву: александрыйскі верш («Летапісец» Багдановіча), гекзаметр («Дзень гневу» А.​Дудара, «Гекзаметры» У.​Жылкі), пентаметр («Чорныя рукі» М.​Рудкоўскага, «Пентаметры» Жылкі). Найчасцей у сілаба-танічных вершах адзін і той жа памер захоўваецца ва ўсіх радках («Мора» Цёткі, «Чырваніць, чырваніць...» Броўкі). Есць творы, у якіх спалучаюцца рэдкі рознай даўжыні, што разнастаіць іх рытм («Жаба ў каляіне» К.​Крапівы). Сэнсавыяўленчыя, інтанацыйныя магчымасці сілаба-танічнага верша пашыраюць і інш. рытмаўтваральныя кампаненты — ужыванне разнастайных строф, рыфмаў, цэзуры. С.-т.в. — асноўная сістэма вершаскладання сучаснай усх.-слав., у т. л. бел., вершатворчасці.

Літ.:

Лазарук М.А., Лянсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. Мн., 1964;

Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.

А.​А.​Майсейчык.

т. 14, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛАДАПАДЗЕ́Л,

вызначэнне межаў паміж складамі ў слове і на стыках слоў. Пры ўспрыманні слова на слых колькасць складоў у ім вызначаецца лёгка, аднак межы паміж імі могуць расстаўляцца па-рознаму. На пісьме С. ужываецца для правільнага пераносу частак слоў. С. адбываецца паводле прынцыпаў: павелічэння гучнасці (прапанаваны Р.​І.​Аванесавым), які ўлічвае слыхавыя якасці гукаў — зычныя, якія папярэднічаюць пры пабудове складоў галоснаму, заўсёды ствараюць з ім паслядоўнасць з павелічэннем гучнасці («ва-пна»); мускульнага напружання (прапанаваны Л.​У.​Шчэрбам), у аснове якога артыкуляцыйна-фізіял. адрозненні зычных гукаў. Міжскладовай мяжой лічыцца месца найб. напружання, звычайна пры вымаўленні галоснага («вап-на», «шап-ка»); верагоднасці складу (прапанаваны М.​В.​Ламаносавым), які дазваляе пакідаць збег зычных у складзе, калі ў лексіцы ёсць словы з такімі спалучэннямі зычных у пачатку («да-звол» — ёсць бел. слова «зварот»; «ка-лгас» нельга, бо з пачатковым «лг» бел. слоў няма); імкнення да адкрытых складоў, калі зычны гук незалежна ад яго якасці, месца націску ў слове і аддаленасці ад наступнага галоснага акустычна звязаны з наступным галосным мацней, чым з папярэднім («ка-лга-сы», «вы-раз-на»); псіхалінгвістычнага, што тлумачыць пэўны несвядомы (рознымі людзьмі па-рознаму) падзел спалучэнняў зычных пры пераносе слоў з радка ў радок («шап-ка», «ша-пка»). У бел. мове пашыраны прынцып С. ў адпаведнасці з павелічэннем гучнасці. Калі ў слове апошні гук галосны, а зычныя і галосныя гукі размешчаны па чарзе, С. праводзіцца паміж галосным і наступным зычным («ба-ра-на-ва-лі»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнне шумных зычных ці шумнага і санорнага, С. праводзіцца перад першым зычным гэтага спалучэння («мя-тла»). Калі паміж галоснымі ёсць спалучэнні санорных зычных, санорнага, «й» і «ў» з шумным, С. праходзіць паміж зычнымі («гал-ка», «пам-рэ»), Спалучэнні зычных гукаў у пачатку і ў канцы слова (незалежна ад тыпу зычных) цалкам адносяцца да складу, утворанага суседнім галосным гукам («зра-бі-ла», «ка-лібр»). С. на стыку марфем праводзіцца паводле агульнага прынцыпу, таму падзел слова на марфемы («пад-ыгр-а-л-і») можа не супадаць з падзелам на склады («па-ды-гра-лі»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

Г.​В.​Лосік.

т. 14, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУКТУ́РНА-ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНЫ АНА́ЛІЗ,

тэарэтыка-метадалагічны кірунак у сацыялогіі, які зыходзіць з прыярытэту сістэмнага аналізу пры вывучэнні сац. рэальнасці, яе структуры і функцыян. сувязі яе элементаў. Тэарэт. асновы С.-ф.а. распрацоўвалі Э.​Дзюркгейм, А.​Р.​Радкліф-Браўн, Б.​К.​Маліноўскі, В.​Парэта і іх паслядоўнікі Т.​Парсанс, Р.​К.​Мертан, К.​Дэвіс і інш. Яны разглядалі грамадства, сац. з’явы і працэсы як цэласную сістэму, элементы якой узаемазвязаны і выконваюць пэўную функцыян. ролю ў адносінах адзін да аднаго і да сістэмы ўвогуле. Адрозніваюць С.-ф.а. як сацыялагічную тэорыю і як метад сац. даследавання. Як сацыялагічную тэорыю С.-ф.а. распрацоўвалі Парсанс, М.​П.​Фуко, Н.​Дж.​Смелсер, Дэвіс, С.​Айзенштат і інш., якія асн. задачай сацыялогіі лічылі вывучэнне механізмаў, што забяспечваюць цэласнасць сац. структуры, а функцыянаванне грамадства і яго асобных падсістэм разглядалі з пункту гледжання выканання імі пэўнага комплексу функцыян. патрабаванняў. У аснове С.-ф.а. Парсанса — ідэя сац. парадку, які адлюстраваны ў імкненні сац. суб’ектаў да падтрымання раўнавагі сістэмы. Фуко, К.​Леві-Строс гал. задачай С.-ф.а. лічылі выяўленне элементаў грамадскай сістэмы і вызначэнне іх асн. функцый у забеспячэнні цэласнасці грамадства Як метад сацыяльнага даследавання С.-ф.а. распрацаваў Мертан. Унутры метаду С.-ф.а. існуюць 2 асн. падыходы: структурны (аналіз сац. структур) і функцыянальны (аналіз сукупнасці сац. функцый і вызначэнне структур, якія ажыццяўляюць пэўныя функцыі). Сумяшчэнне ідэі стабільнага функцыянавання, грамадства, характэрнай для С.-ф.а., і ідэі развіцця прывяло да распрацоўкі ў 1960—70-х г. канцэпцыі неаэвалюцыянізму (Парсанс, Э.​А.​Шылз), паводле якой устойлівае развіццё сац. сістэмы патрабуе вырашэння 4 асн. праблем: атрыманне рэсурсаў з навакольнага асяроддзя і іх размеркаванне ўнутры сац. сістэмы (адаптацыя), мабілізацыя рэсурсаў для дасягнення пэўных мэт і вызначэнне парытэту паміж імі (метадасягненне), каардынацыя адносін унутры сістэмы (інтэграцыя), забеспячэнне індывідаў неабходнай матывацыяй (падтрыманне «цэласнага стандарту»), Найноўшыя версіі С.-ф.а. характарызуюцца сінтэзам шэрагу ідэй сацыялагічнай думкі. С.-ф.а. пашыраны ў галінах сацыялогіі палітыкі, сацыялогіі сям’і, сацыялогіі злачыннасці і інш.

Літ.:

Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр. М., 1996;

Американская социологическая мысль;

Р.​Мертон, Дж.​Мид, Т.​Парсонс, А.​Шюц. М., 1996;

Парсонс Т. О структуре социального действия: Пер. с англ. М., 2000.

І.​В.​Катляроў.

т. 15, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЕНАВЫ́Х МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці буд. матэрыялаў па выпуску вырабаў, якія выкарыстоўваюцца пры ўзвядзенні сцен будынкаў. Уключае прадпрыемствы па вытв-сці сценавых, абліцовачных і аддзелачных матэрыялаў, вырабаў і канструкцый, асабліва бетонных і жалезабетонных, цэглы для ўзвядзення будынкаў і збудаванняў. З развіццём прадукцыйных сіл адасобілася ў самастойную галіну цяжкай індустрыі. Сканцэнтравана ў межах буд. індустрыі, усе яе галіны цесна ўзаемазвязаны і ўтвараюць спецыфічныя індустр.-буд. тэр. спалучэнні. У капітальным буд-ве найб. пашыраны каменныя сценавыя матэрыялы, якія звычайна падзяляюцца на драбнаштучныя, што ўкладваюцца ўручную [гліняная і сілікатная цэгла, керамічныя шматпустотныя бетонныя і шлакабетонныя камяні, пілаваныя камяні з лёгкіх горных парод (туф, вапняк)], і буйнапамерныя (блокі са звычайнага, лёгкага або сілікатнага бетону, сценавыя панэлі). Пры буд-ве сцен малапавярховых будынкаў, часовых пабудоў і інш. выкарыстоўваюцца танныя мясц. матэрыялы. Размяшчэнне С.м.п. арыентуецца на крыніцы прыроднай сыравіны і раёны капітальнага буд-ва. Адносна лёгкія ўмовы здабычы і высокае ўтрыманне кампанентаў робіць мінер.-буд. сыравіну даволі таннай, яна, як правіла, не патрабуе папярэдняга абагачэння. Многія сценавыя матэрыялы (жалезабетонныя вырабы і канструкцыі, цэгла і інш.) маюць параўнальна невысокі кошт і вял. аб’ёмную вагу і з-за гэтага — нізкую транспартабельнасць, меншую, чым зыходная сыравіна. Неабходнасць скарачэння трансп. выдаткаў патрабуе набліжэння С.м.п. да месцаў спажывання.

У дарэв. Беларусі асн. сценавым матэрыялам была цэгла, якую выраблялі на малых з-дах. Найбольшыя цагельні дзейнічалі ў Мінску, адносна буйныя — у Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, невялікія — у Бабруйску, Полацку, Лідзе, Оршы, Рагачове, Кобрыне. У 1913 выраблена 58 млн. штук цэглы. У 1920—30-я г. цагельні рэканструяваны, пабудаваны новыя з-ды па выпуску глінянай і сілікатнай цэглы, з’явіліся вытв-сці і тэхналогіі, якіх раней не было (выпуск арміраваных пенасілікатных і сілікатабетонных блокаў і панэлей, сценавых аглапарытавых панэлей і інш.). Склалася спецыялізацыя асобных прадпрыемстваў галіны. Буйныя прадпрыемствы засяроджаны ў Мінску і абл. цэнтрах, Салігорску, Оршы, Клімавічах, Смаргоні і інш. У 2000 С.м.п. вырабіла 0,8 млрд. штук цэглы, 1,7 млн. м³ зборных жалезабетонных канструкцый і вырабаў, 0,1 млрд. штук умоўных блокаў, 8,9 млн. м² керамічнай пліткі і інш. Цэглу вырабляюць больш як на 200 прадпрыемствах, з іх асноўныя: Брэсцкі, Віцебскі, Гарынскі, Гродзенскі, Клімавіцкі, Мінскі, Полацкі камбінаты буд. матэрыялаў, Мінскі, Магілёўскі, Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, аб’яднанне «Смаргоньсілікатабетон», Обальскі керамічны завод і інш. Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 15, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАНТАВЫ́Я ТЭАТРА́ЛЬНЫЯ КАЛЕКТЫ́ВЫ,

прафесійныя тэатр. калектывы, прызначаныя для культ. абслугоўвання вайск. часцей у франтавых і прыфрантавых зонах, ваенізаваных тылавых устаноў і арганізацый (мабілізацыйных і эвакуацыйных пунктаў, шпіталяў, лазарэтаў). Былі пашыраны ў грамадз. і Вял. Айч. войны. На Беларусі першы франтавы т-р створаны ў студз. 1919 пры Мінскім Доме асветы (у кастр. 1919 пераведзены ў Смаленск). У грамадз. вайну на Зах. фронце пры палітаддзеле 16-й арміі дзейнічалі паказальныя тэатры. У чэрв. 1941 створана першая франтавая бел. тэатр.-канцэртная брыгада (з часцямі 3-га Бел. фронту дайшла да Усх. Прусіі), ядро якой склалі акцёры Гомельскага абл. драм. рус. т-ра С.​Астравумаў, З.​Аўчарова, П.​Галышоў, І.​Кірэеў, Я.​Палосін, І.​Пацюткоў, М.​Персцін, П.​Чарноў, а таксама ў розны час уваходзілі музыканты і артысты муз. т-раў Г.​Альшэўская, М.​Бергер, А.​Бяссмертны, Ю.​Гузок, Д.​Кроз, М.​Маслоўскі, І.​Сайкоў і інш. Кіраўнікі (у розны час) — Р.​Прагін, Бяссмертны, Персцін. У рэпертуары — «Рускія людзі» К.​Сіманава, «Ілгуння» («Мая жонка — ілгуння») М.​Мэё і М.​Энекена, канцэртныя выступленні. У 1943 у Маскве адноўлены як франтавы Дзярж. рус. драм. т-р Беларусі, які абслугоўваў гвардз. часці паветрана-дэсантных войск, часці 1-га Бел. фронту. Летам 1943 на Калінінскі фронт выязджала франтавая брыгада БДТ-1 у складзе Г.​Глебава (кіраўнік), Р.​Кашэльнікавай, П.​Пекура, В.​Полы, Л.​Рахленкі, З.​Стомы, Э.​Шапко, М.​Шашалевіч, Б.​Янпольскага і інш. У рэпертуары — «Скупы» Мальера і канцэртнае выступленне. У 1944 створана 2-я франтавая брыгада т-ра пад кіраўніцтвам У.​Уладамірскага. У рэпертуары — «Прымакі» Я.​Купалы, «Валодзеў гальштук» К.​Крапівы, канцэртная праграма. У. часці 1-га Бел. фронту вясной 1944 выязджала франтавая брыгада БДТ-2 у складзе Т.​Бандарчык, М.​Бялінскай, Я.​Гаробчанкі, Л.​Мазалеўскай, П.​Малчанава (кіраўнік). А.​Радзялоўскай, Ф.​Шмакава. У рэпертуары — «Прымакі», «Проба агнём» К.​Крапівы, «З цёплым ветрам» В.​Пацёмкінай і Х.​Херсонскага, канцэрты. Дзейнічала франтавая брыгада Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі на чале з Л.​Александроўскай. У Ф.т.к. працавалі таксама рэжысёры М.​Кавязін, К.​Саннікаў і інш.

Літ.:

Остроумов С.П. Особое подразделение. Мн., 1981;

Няфёд У.І. Тэатр у вогненныя гады. Мн., 1959;

Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1985. Т. 2. С. 506—517.

т. 16, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЭАГРА́ФІЯ (ад грэч. choreia танец + ...графія),

1) запіс танца з дапамогай пэўнай сістэмы ўмоўных знакаў.

Першыя спробы запісу танцаў у Еўропе ў 15—16 ст., запісу як сістэмы — ў 17—18 ст. Тэрмін «Х.» ўпершыню выкарыстаў Р.​Фёе ў кн. «Харэаграфія, ці Мастацтва запісу танца...» (1700). У Расіі вядомы сістэмы А.​Цорна (1889), У.​Сцяпанава (1891), С.​Лісіцыян (у сав. час). У сучаснай Х. найбольш пашыраны 2 сістэмы запісаў: ням. Р. фон Лабана і англ. Р. і Дж. Бенешаў. У СССР быў прыняты апісальны (слоўна-графічны) запіс танца.

2) Мастацтва стварэння танцаў і балетаў; сінонім балетмайстарскага мастацтва.

3) Мастацтва танца (19—20 ст.). У аснове Х. — арганізаваныя ў часе і прасторы вобразныя, умоўныя рухі цела чалавека. Выразныя сродкі Х. фарміраваліся на працягу стагоддзяў шляхам адбору і абагульнення экспрэсіўнай пластыкі чалавека. Асн. з іх: лексіка (рухі, жэсты, позы), малюнак (размяшчэнне ў прасторы), кампазіцыя (драматургія, архітэктоніка). Х. цесна звязана з музыкай, якая вызначае яе рытміку і эмац. настрой. Значная роля належыць касцюму і дэкар. афармленню.

Х. вядома з першабытнасці. У танцы адлюстроўваліся працэсы працы, рухі жывёл і птушак, падзеі рэчаіснасці, паводзіны чалавека і інш. Паступова пластыка набывала ўмоўны характар, становячыся спецыфічным выяўленнем эстэт. ідэалаў людзей. У Х. адлюстроўваліся пачуцці і думкі народа. асаблівасці яго нац. характару, гіст., геагр., эканам. ўмовы яго існавання. У працэсе развіцця адбылася дыферэнцыяцыя Х. на нар., быт. і прафес. (сцэнічную), у якіх, у сваю чаргу, сфарміраваліся розныя. танц. формы і жанры. Вышэйшая форма Х. — балет (з 16 ст. ў сінт. муз. тэатр. паказах; з 18 ст. самаст. від мастацтва).

Вытокі бел. Х. ў старадаўніх абрадах, ігрышчах, карагодах; цесна звязана з песняй, драм. дзеяннем. Значнае месца займала ў творчасці скамарохаў (з 12 ст.). Пазней розныя яе праяўленні ўваходзілі ў розныя формы тэатр. мастацтва, у т. л. ў прыватнаўласніцкіх т-рах. Х. — адзін з найб. папулярных відаў сучаснага мастацтва, аснова для творчай дзейнасці аматарскіх і прафес. танц. калектываў, балетнага т-ра. Пашырылася быт. Х. (гл. Бытавы танец, Народны танец, Танец мадэрн, Характарны танец).

Літ.:

Добровольская Г. Танец. Пантомима. Балет. Л., 1975;

Уральская В.И. Природа танца. М., 1981;

Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн., 1972;

Яе ж. Белорусский балетный театр. Мн., 1983.

Ю.​М.​Чурка.

т. 16, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)