ГЯУ́РАЎ (Нікалай) (н. 13.9.1929, г. Велінград, Балгарыя),
балгарскі спявак (бас); адзін з буйнейшых сучасных оперных спевакоў. Нар.арт. Балгарыі (1962). Герой Сац. Працы (1976). Вучыўся ў Сафійскай, Ленінградскай і Маскоўскай (скончыў у 1955) кансерваторыях. Спяваў у Сафійскай нар. оперы (з 1956), у Вял. т-ры ў Маскве (1957—58), у Венскай, Парыжскай операх, Балонскім оперным т-ры. З 1961 саліст т-ра «Ла Скала». Асаблівае месца ў яго творчасці займае італьян. і рус. оперны рэпертуар. Сярод партый: Барыс Гадуноў, Іван Хаванскі («Барыс Гадуноў», «Хаваншчына» М.Мусаргскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Філіп II («Дон Карлас» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно; «Мефістофель» А.Бойта), Даланд («Лятучы галандзец» Р.Вагнера), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Гран пры Міжнар. конкурсу спевакоў у Парыжы (1955) і Франц. акадэміі грампласцінак імя Ш.Кро (1972). Дзімітроўская прэмія 1959, 1966.
Літ.:
Абаджиев А. Николай Гяуров. М., 1984;
Бикс Р. Н.Гяуров в големия театър на идеите. София, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАШТО́ЛЬД (Альбрэхт) (? — снеж. 1539),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З роду Гаштольдаў. Каля 1492 вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Намеснік новагародскі (1503—06), падчашы ВКЛ (1505—09), ваявода новагародскі (1508—09), полацкі (з 1513), трокскі (з 1519), віленскі (з 1522), адначасова канцлер ВКЛ (з 1522). Староста бельскі ў 1513, мазырскі ў 1515, барысаўскі ў 1526. У 1503 удзельнічаў у бітве з крымскімі татарамі каля Давыд-Гарадка, у вайне Маск. дзяржавы з ВКЛ 1507—08 — у баях пад Смаленскам і Оршай і ў вайне 1512—14 — у абароне Полацка. Узначальваў групоўку літ.-бел. магнатаў, што выступала за поўную незалежнасць дзяржавы, супраць уніі з Польшчай. Для гэтага садзейнічаў абвяшчэнню ў 1529 Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ пры жыцці бацькі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1529. Верагодна, быў ініцыятарам стварэння «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага». Адзін з буйнейшых магнатаў ВКЛ, валодаў маёнткамі ў Ашмянскім, Трокскім, Віленскім, Менскім, Луцкім пав., на Падляшшы і інш. З 1529 меў тытул «графа на Мураваных Геранёнах».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́БЕЛЕЎ (Міхаіл) (Міхель) Лейбавіч (падп. мянушкі Бясстрашны Герман, Іваноў, Русінаў, Фадзееў; 1905, в. Вузляны Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — вер. 1942),
удзельнік Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял.Айч. вайну. Вучыўся ў Рэспубліканскай школе прапагандыстаў пры ЦККП(б)Б (1938—39). У 1920-я г. працаваў сталяром, потым на парт. рабоце. З ліп. 1941 вязень Мінскага гета. З кастр. 1941 чл. кіруючага цэнтра падп.парт. арг-цыі гета, з ліст. 1941 упаўнаважаны па гета Мінскага падп. гаркома КП(б)Б, з мая 1942 сакратар Тэльманаўскага падп. райкома КП(б)Б (дзейнічаў у гета). Адзін з арганізатараў першай падп. друкарні гаркома, наладжваў прыём і распаўсюджванне зводак Саўінфармбюро, кіраваў вывадам вязняў гета ў партыз. атрады. У ліп. 1942 арыштаваны і павешаны ў мінскай турме.
Літ.:
Доморад К.И. Партийное подполье и партизанское движение в Минской области, 1941—1944. Мн., 1992;
Купрэева Г. Мінскае гета: Схаваная праўда // Бел. мінуўшчына. 1993. № 2—4;
ваенна-адм. адзінка на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Уведзена ў адпаведнасці з загадам А.Гітлера ад 17.7.1941. Разам з ген. акругамі Эстонія, Латвія, Літва ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Остланд», які падпарадкоўваўся рэйхсміністэрству па справах акупіраваных усх. абласцей. У склад Генеральнай акругі Беларусі увайшла тэр.БССР па лініі Полацк—Барысаў на У, Старыя Дарогі — воз. Чырвонае на Пд, р. Зальвянка — усх. ўскраіна Белавежскай пушчы на З, што складала прыкладна ¼ часткі тэр. Беларусі з нас. 3 138 256 чал. (на 4.12.1941). Вышэйшым органам ням.-фаш.акупац. ўлады на тэр. акругі з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусь. Тэрыторыя генеральнай акругі Беларусі была падзелена на 10 акруг (гебітаў; Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Мінская, Навагрудская, Слонімская, Слуцкая), у кожнай з якіх быў створаны абл. камісарыят (гебітскамісарыят). У Мінску на правах абл. камісарыята быў створаны гар. камісарыят, у гарадах і раёнах — гар., раённыя і валасныя ўправы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГАНТЫ́ЗМ [ад грэч. gigas (gigantos) гігант],
клінічны сіндром, абумоўлены вял. ростам ці выражаным павелічэннем асобных частак цела. Гігантамі лічаць мужчын, якія вышэй за 200 см, жанчын, што вышэй за 180 см (1—3 выпадкі на 1 тыс.чал.). Гігантызм як паталагічны стан узнікае з прычыны гіперпрадукцыі самататропнага гармону (гармон росту) ці павышанай адчувальнасці да яго рэцэптараў эпіфізарных храсткоў у дзіцячым і юнацкім узросце пры незакончаным акасцяненні шкілета. Прычыны гігантызму: пухліны гіпофіза, запаленчыя, траўматычныя і іншыя пашкоджанні гіпаталама-гіпафізарнай вобласці. Павелічэнне росту адбываецца пераважна ў 10—16-гадовым узросце, потым можа праяўляцца акрамегалія, павелічэнне ўнутр. органаў (спланхнамегалія). Пры гігантызме парушаецца абмен рэчываў, з’яўляюцца псіханеўралагічныя расстройствы (агульныя слабасць, стамляльнасць, зніжэнне памяці, мускульнай сілы, болі галавы і ў канечнасцях), у мужчын — затрымка развіцця палавых органаў і другасных палавых прыкмет, у жанчын — першасная аменарэя ці спыненне менструальнага цыкла, бясплоднасць. Пры частковым (парцыяльным) гігантызме адбываецца рэзкае павелічэнне асобных частак ці палавіны цела (трапляецца рэдка). Лячэнне: прамене- і гармонатэрапія, хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАЧЫСЛА́Ў ІЗЯСЛА́ВІЧ (? — 1044),
князь полацкі (1003—44), сын Ізяслава Уладзіміравіча, унук Рагнеды Рагвалодаўны і Уладзіміра Святаславіча. Як адзін з першых князёў адроджанай полацкай дынастыі Рагвалодавічаў змагаўся за аднаўленне незалежнасці Полацкай зямлі ад улады кіеўскіх князёў. У 1021 захапіў Ноўгарад і вывеў у Полацк шмат палонных. У адказ вял. князь кіеўскі Яраслаў Мудры з войскам пайшоў з Кіева на Брачыслава Ізяславіча і разбіў палачан на р. Судаміры. Аднак паводле заключанага пагаднення Брачыслаў Ізяславіч атрымаў гарады Віцебск і Усвяты. Да 1026 Брачыслаў Ізяславіч і Яраслаў кіравалі Кіеўскай Руссю са сваіх вотчын Полацка і Ноўгарада праз намеснікаў у Кіеве, што азначала прызнанне Яраславам паліт. незалежнасці Полацкай зямлі. Уладу дуумвірата парушыў захоп у 1024 кн. Мсціславам Уладзіміравічам Чарнігава і ўсталяванне ў 1026 Яраслава ў Кіеве. Брачыслаў Ізяславіч значна пашырыў межы Полацкай зямлі на Пд і Пн, заснаваў г. Брачыслаўль (Браслаў). Брачыслаў Ізяславіч быў вядомы ў Скандынавіі, пра што сведчыць «Эймундава сага».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ,
біялагічны заказнік у Беларусі, на тэр. Буда-Кашалёўскага і Віктарынскага лясніцтваў у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1986 з мэтай зберажэння унікальных дуброў. Пл. 13,6 тыс.га (4 вял. і 5 дробных участкаў).
Асн. тыпы лясоў у заказніку — імшыстыя, арляковыя, радзей чарнічныя хвойнікі з дамешкамі дубу, бярозы, асіны і падлескам з ляшчыны, а таксама кіслічныя, сніткавыя і арляковыя дубровы з дамешкамі грабу, хвоі, бярозы, асіны, радзей ліпы, клёну, вязу. Забалочаныя паніжэнні рэльефу займаюць лясы з вольхі чорнай, пераважна вятроўнікавага і кіслічнага тыпаў з дамешкамі ясеню. У заказніку больш за 500 відаў сасудзістых раслін, з якіх 8 занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Трапляюцца рэдкія віды мохападобных (напр., некера перыстая) і лішайнікаў (лабарыя лёгачная, занесеная ў Чырв. кнігу). У 1978 у межах тэр. заказніка створаны першы ў рэспубліцы фазанарый. Заказнік з’яўляецца генетычным рэзерватам матачных дрэў «дубоў-волатаў» для гадавальнікаў лясных культур. Аб’ект турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЗО́НІ ((Busoni) Феруча Бенвенута) (1.4.1866, г. Эмпалі, Італія — 27.7.1924),
італьянскі піяніст, кампазітар, дырыжор, педагог, музыказнавец. Чл. Балонскай філарманічнай акадэміі (1881), доктар Цюрыхскага ун-та (1919), праф. Берлінскай акадэміі мастацтваў (з 1920). Адзін з тэарэтыкаў неакласіцызму. Тонкі інтэрпрэтатар музыкі І.С.Баха, Л.Бетховена, Ф.Ліста. Канцэртаваў у многіх краінах. Вядомыя яго транскрыпцыі для фп. твораў Баха, Ліста, В.А.Моцарта і інш. Выступаў як дырыжор («Бузоніеўскія аркестравыя вечары», Берлін, 1902—09). Сярод муз. твораў: 4 оперы, у т. л. «Турандот» (1917), санаты і п’есы для аркестра, канцэрты для фп. і інш. інструментаў з арк.; камерна-інстр. ансамблі, фп. п’есы, песні і інш. Прэмія па кампазіцыі на 1-м Міжнар. конкурсе піяністаў імя А.Рубінштэйна (Пецярбург, 1890). Зрабіў вял. ўплыў на развіццё піяністычнага мастацтва. Сярод яго вучняў А.Гнесіна. З 1949 у г. Бальцана (Італія) штогод праводзіцца Міжнар. конкурс піяністаў імя Бузоні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙШАЛК (1223—9.12.1268),
князь новагародскі (навагрудскі; 1254, 1258—63), вял. князь ВКЛ [1263—67]. Сын Міндоўга. У 1246 уцёк з летапіснай Літвы ў Новагародак (Навагрудак), ахрысціўся паводле правасл. абраду. Пасля паражэння Новагародка (Навагрудка) у вайне 1248—54 абраны яго князем. Заключыў мір з Данілам Галіцкім, аддаў Новагародскае княства яго сыну Раману Данілавічу, а сам пайшоў у Галіцкую зямлю, дзе прыняў манаскі чын у Палонінскім манастыры. З дазволу Данілы Галіцкага вярнуўся на бацькаўшчыну, жыў у заснаваным ім Лаўрышаўскім манастыры (каля Новагародка). Каля 1258 у саюзе з полацкім кн.Таўцівілам захапіў Новагародак і зноў стаў яго князем. У 1263—64 скарыстаў паліт. крызіс у балцка-літоўскіх землях, выкліканы забойствам Міндоўга і Траняты, і заваяваў летапісную Літву, землі Нальшчаны і Дзяволтву, падпарадкаваў Полацк і Віцебск. Выганяў і знішчаў феадалаў, якія яму супраціўляліся. У 1267 перадаў велікакняжацкую ўладу Шварну, за што быў забіты Галіцкім кн. Львом Данілавічам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́РАНАВА,
гарадскі пасёлак, цэнтр Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. За 133 км ад Гродна, 1 км ад чыг. ст. Воранава на лініі Ліда—Вільнюс. 6,5 тыс.ж. (1996).
Вядома з 16 ст.Стараж. назва Балотна ад р. Балатнянка (цяпер ручай). На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. Належала Гаштольдам, А.Масевічу, Сцыпіёнам, Зарэцкім і інш. У 1735—55 дзейнічаў піярскі калегіум. У 18 ст. пры Сцыпіёнах было цэнтрам староства. З 1795 у Рас. імперыі, мястэчка Лідскага пав. У 1897 — 1574 ж. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна, гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ў 1941 і 1942 ням.-фаш. захопнікі расстралялі ў Воранава больш за 2600 чал. У 1970 — 3,6 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Сярэдняя, дапаможная, муз. і спартыўная школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму.