АЭРАТЭ́НК (ад аэра... + англ. tank рэзервуар, бак),
збудаванне для біялагічнай ачысткі сцёкавых водаў. Уяўляе сабой праточныя басейны з бетону ці жалезабетону, у якіх забруджаная вада ачышчаецца актыўным глеем (бактэрыі-мінералізатары і ніжэйшыя арганізмы) пры бесперапыннай яе аэрацыі. Сумесь адстойнай сцёкавай вадкасці і актыўнага глею працякае па аэратэнку і прадзімаецца паветрам, кісларод якога падтрымлівае жыццядзейнасць бактэрый і акісленне арган. забруджвальнікаў, якія за 6—12 гадз мінералізуюцца. Ступень ачысткі 40—98%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-СІ́КХСКІЯ ВО́ЙНЫ,
захопніцкія войны англ. Ост-Індскай кампаніі супраць дзяржавы сікхаў у Пенджабе (Індыя). Справакаваўшы пагранічны канфлікт, англічане змусілі сікхаў пачаць ваен. дзеянні. У першай англа-сікхскай вайне (1845—46) сікхі, якія напачатку дамагліся ваен. поспехаў, пацярпелі паражэнне. Англічане захавалі Пенджабу ўяўную самастойнасць, аднак сікхі заплацілі за гэта часткай сваіх зямель. Другую англа-сікхскую вайну (1848—49) пачалі англічане пад выглядам барацьбы з мяцежнікамі. У 1849 сікхскія войскі разбіты і англ. кампанія захапіла Пенджаб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДЗІЯ,
клімата-бальнеагразевы курорт на ўзбярэжжы Чорнага м., у межах г. Адэса. Засн. ў 1921. Клімат тыповы для прыморскай стэпавай зоны, спрыяльны для паветраных і сонечных ваннаў, начнога сну на беразе мора, аэраіонатэрапіі. Дадатковыя лек. фактары — ліманная гразь, марскія купанні з чэрвеня да жніўня, штучныя мінер. ванны на аснове марской вады. Пераважная спецыялізацыя санаторных устаноў (больш за 20) — лячэнне органаў дыхання, нерв., сардэчна-сасудзістых і гінекалагічных хвароб. Пансіянаты, дамы адпачынку, турбазы, паркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРТАШО́ЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды на Беларусі. За 1 км на ПнЗ ад в. Барташы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобласці. Валун парфірападобнага ружова-шэрага граніту. Даўж. 4,0 м, шыр.2,1 м, выш. 1,3 м, у абводзе 12,5 м, аб’ём 11 м³, маса каля 30 т. Прынесены ледавіком каля 200 тыс. гадоў назад з Карэльскага перашыйка. Належыць да рэдкіх валуноў са знакамі: на паўд.ч. высечаны чатырохканцовы крыж. У язычніцкія часы — прадмет пакланення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРХА́НЫ (цюрк.),
мацерыковыя дзюны, паўмесяцавыя або серпападобныя ўзгоркі з сыпкага, навеянага ветрам пяску. Характэрныя для пясчаных пустыняў. Наветраны схіл барханаў выпуклы ў плане, доўгі, пакаты (5—14°), падветраны — увагнуты, кароткі, стромкі (30—33°), пераходзіць у выцягнутыя «рогі». Выш. да 10—20 м, зрэдку 40 м. Звіваючыся, утвараюць барханныя ланцугі. Пад уздзеяннем ветру перамяшчаюцца да сотняў метраў за год.
Барханы наступаюць на аазіс у Сахары.Да арт.Барханы. Пясчаны бархан у пустыні Каракумы.
Дзейнічала ў 1917—19. Засн. па ініцыятыве мясц. інтэлігенцыі (М.В.Азбукін, В.Д.Дружчыц, Ю.В.Бібіла, К.Давідовіч, М.І.Каліноўскі, Ф.Ляшэвіч, Ф.А.Чарнецкі і інш.). У лекцыях, артыкулах, спец. пракламацыях члены т-ва прапагандавалі ідэі нац. адраджэння бел. народа, яго культуры і мовы, вялі палеміку з праціўнікамі бел.нац.-вызв. руху. Т-ва выступала за стварэнне сістэмы нац. адукацыі, папулярызавала гісторыю, этнаграфію, мастацтва Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ МУЗЫ́ЧНАЯ ВО́СЕНЬ»,
міжнародны фестываль мастацтваў (да 1992 усесаюзны). Праводзіцца з 1974 на Беларусі штогод у 2-й пал. лістапада. Фестывальныя канцэрты (звычайна больш за 300) праходзяць у Мінску і інш. гарадах, гар. пасёлках і вёсках. Госці фестывалю ўдзельнічаюць таксама ў спектаклях Дзярж. тэатра оперы і балета Беларусі. У рамках фестывалю выступаюць акрамя беларускіх многія вядомыя муз. калектывы і асобныя замежныя выканаўцы. Фестываль дэманструе дасягненні выканальніцкага мастацтва, спрыяе ўзаемаабмену і ўзаемаўзбагачэнню розных нац.муз. культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯХО́Р(А) (ад бія... + ...хор),
1) геаграфічнае асяроддзе, у якім вызначаныя пануючыя жыццёвыя формы прыстасаваны да пэўных спалучэнняў метэаралагічных фактараў.
2) Вобласць пашырэння жыцця.
3) Група падобных месцапражыванняў.
4) Кліматычная мяжа фларыстычнага раёна.
5) Буйное падраздзяленне біясферы. Ахоплівае прасторава аб’яднаныя біятопы, якія размешчаны ў аднатыпных кліматычных умовах і характарызуюцца спецыфічным складам жывога насельніцтва. Аб’ядноўваюцца ў біяцыклы. Уяўленне аб біяхоры аналагічнае паняццю «ландшафтная зона» (у экалогіі з-за большай канкрэтнасці яму аддаецца перавага).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВИ́ТЕБСКИЙ РАБО́ЧИЙ»,
грамадска-паліт. газета, орган Цэнтр. савета прафес. саюзаў Віцебска. Выдавалася штодзённа з 17(30).1 да 24.1(6.2).1918 у Віцебску на рус. мове. Працягвала паліт. лінію газет «Известия Витебского Совета рабочих и солдатских депутатов» і «Борьба» («Наша борьба»), закрытых органамі сав. улады за антыбальшавіцкі кірунак. Асуджала разгон устаноўчага сходу ў Петраградзе і рэпрэсіі бальшавікоў у адносінах да апазіцыйных ім арг-цый. Асвятляла стан і перспектывы паліт. жыцця Віцебска.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛГА-УРА́ЛЬСКІ НАФТАГАЗАНО́СНЫ БАСЕ́ЙН,
у Расійскай Федэрацыі. Абмежаваны на У Уралам, на Пд Прыкаспійскай упадзінай, на Пн Ціманскім кражам, на З Сысальскім, Капельніцкім, Токмаўскім скляпеннямі і Варонежскім масівам. Агульная пл. 700 тыс.км². Першае радовішча нафты адкрыта ў 1929. Больш за 900 нафтавых і 500 газавых радовішчаў. Прамысл. паклады прыўрочаны да адкладаў дэвону, карбону, пярмі. Прадуктыўныя гарызонты на глыб. ад 0,5 да 5 км і больш. Асн. радовішчы: Рамашкінскае, Арэнбургскае, Туймазінскае, Шкапаўскае, Арланскае і інш.