ВАЛО́ШЫН (сапр.Кірыенка-Валошын) Максімілян Аляксандравіч
(28.5.1877, Кіеў — 11.8.1932),
рускі паэт, крытык, перакладчык, мастак. Скончыў Феадасійскую гімназію (1897). У 1897—99 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, выключаны за ўдзел у «студэнцкіх хваляваннях», высланы з Масквы. У 1900—17 жыў у Сярэдняй Азіі, Парыжы, падарожнічаў па Еўропе. З 1917 у Крыме, у Кактэбелі (цяпер пас. Планерскае). У 1931 завяшчаў свой дом Саюзу сав. пісьменнікаў (зараз дом-музей Валошына). Выступіў у друку ў 1895. Належаў да сімвалістаў, супрацоўнічаў у іх час. «Весы», «Золотое руно» і інш. Першы паэт.зб. «Вершы. 1900—1910» (1910). Кн. «Anno mundi ardentis 1915» («У год апакаліпсіса 1915», 1916) склалі вершы пра 1-ю сусв. вайну. Рэвалюцыю ўспрыняў як варварскі акт. Аўтар зб-каў «Іверні» (1918), «Дэманы глуханямыя» (1919), паэм «Пратапоп Авакум» (1918), «Святы Серафім» (1919), «Расія» (1924) і інш., цыкла філас. паэм «Шляхамі Каіна» (1921—23), кн. пра л-ру і мастацтва «Абліччы творчасці» (1914), зб. «Верхарн. Лёс. Творчасць. Пераклады» (1919). З 1922 Валошына не друкавалі. У Берліне выдаў «Вершы пра тэрор» (1923). Вядомы як мастак, акварэліст.
Тв.:
Стихотворения. Л., 1977;
Лики творчества. 2 изд. Л., 1989;
Пути России: Стихотворения и поэмы. М., 1992.
Літ.:
Куприянов Н.Т. Судьба поэта: (Личность и поэзия М.Волошина). Киев, 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НЬ, Валынская зямля,
гістарычная вобласць у бас.паўд. прытокаў Прыпяці і вярхоўях Зах. Буга (цяпер тэр. Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай, паўн.ч. Цярнопальскай і Хмяльніцкай абл. Украіны, усх.ч. Бельска-Падляскага, Хэлмскага і Замойскага ваяв. Польшчы).
У 6—10 ст. на Валыні жылі дулебы, бужане, валыняне. У канцы 10 ст. ўключана ў склад Кіеўскай Русі, у 988 кіеўскі вял.кн. Уладзімір Святаславіч пасадзіў на княжанне ў Валыні свайго сына Усевалада. У час яго княжання заснаваны г. Уладзімір, які ў 12 ст. стаў цэнтрам Уладзіміра-Валынскага княства. У 1199, з далучэннем да яго Галіцкага княства, утварылася Галіцка-Валынскае княства. З сярэдзіны 12 ст. пад уладай валынскіх князёў знаходзілася і Берасцейская зямля. У 1240 Валынь спустошана манголамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Пасля 1340-х г. у ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. за Валынь і Галіччыну змагаліся ВКЛ, Польшча і Венгрыя. У 1349 Польшча захапіла Галіцкія землі, у 1377 — Зах. Валынь з гарадамі Холм і Белз. У складзе ВКЛ статус Валыні вызначаўся ўстаўнымі граматамі (каля 1427, у 1501, 1509. 1547). Паводле Люблінскай уніі 1569 Валынь далучана да Польшчы, утворана Валынскае ваяводства. У выніку 2-га (1793) і 3-га (1795) падзелаў Рэчы Паспалітай Валынь далучана да Рас. імперыі. З 1918 усх. Валынь ў складзе Украіны. У выніку Рыжскага мірнага дагавора 1921зах. Валынь перададзена Польшчы. З 1939 у складзе Украіны (акрамя зах. ускраін).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРША́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1943,
паўстанне вязняў Варшаўскага гета супраць ням.-фаш.акупац. улад у крас. — ліп. 1943 у 2-ю сусв. вайну. Пачалося 19 крас. па ініцыятыве падп. Яўрэйскага нац.к-та, Яўр. баявой арг-цыі і Яўр.вайск. саюза ў адказ на спробу фашыстаў вывезці насельніцтва гета ў лагеры знішчэння. На 1-м этапе (да 23 крас.) каля 3 тыс. паўстанцаў (узначальваў М.Анялевіч), узброеных самаробнай і перададзенай польск. падп. арг-цыямі зброяй, вялі ўпартыя вулічныя баі з намнога большымі сіламі ням. паліцыі і СС, якія адразу пасля ўварвання ў гета падпалілі яго. 24 крас. — 9 мая паўстанцы праводзілі асобныя баявыя аперацыі. Пасля 10 мая асобныя дробныя групы абараняліся ў руінах спаленых дамоў, у скляпах і каналах. Паўстанцаў падтрымлівалі і пастаўлялі ім зброю групы Арміі Краёвай, Гвардыі Людовай, Нар. міліцыі і Баявой сацыяліст. арг-цыі, дзякуючы якім на заключным этапе ўзбр. выступлення з гета выведзены некалькі ўцалелых груп. Паводле ням. даных, у баях загінулі каля 7 тыс. паўстанцаў, каля 6 тыс. згарэлі ў час пажараў і загінулі пад руінамі дамоў, больш за 50 тыс. вывезены і знішчаны ў канцлагеры Трэблінка. Пасля задушэння паўстання (сярэдзіна ліп.) раён гета знішчаны. На месцы гета помнік Героям гета (скульптар Н.Рапапорт, арх. Л.М.Сузін).
Літ.:
Mark B. Powstanie w getcie warszawskim. Warszawa, 1963;
Gutman I. Żydzi warszawscy, 1939—1943. Warszawa, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́БЕР ((Weber) Карл Марыя фон) (18.11.1786, г. Ойтын, Германія — 5.6.1826),
нямецкі кампазітар, дырыжор, піяніст, муз. пісьменнік. Адзін з заснавальнікаў ням.муз. рамантызму, стваральнік ням.рамант. опернага т-ра. З 1801 выступаў як піяніст і дырыжор у ням. гарадах. З 1813 дырыжор оперных т-раў у Празе, Дрэздэне. Оперы Вебера «Вольны стралок» (1821), «Эўрыянта» (1823), «Аберон» (1826) далі пачатак развіццю рамант. оперы 19 ст. У найб. папулярнай оперы «Вольны стралок» Вебер развіў традыцыі зінгшпіля, пераўтварыў і ўзбагаціў яго ў духу рамант. эстэтыкі. Опера «Эўрыянта», якая сродкамі вял.рамант. оперы ўвасабляе нац.-гераічныя ідэі, моцна паўплывала на развіццё ням.муз.т-ра. Як піяніст-віртуоз Вебер у фп. творах сцвярджаў бліскучы канцэртны стыль. Аўтар муз.-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, вершаў, рамана «Жыццё музыканта» (незакончаны, рус.пер. у час. «Советская музыка», 1935, № 7—8, 10).
Тв.:
10 опер, 9 кантат, у т. л. «Бітва і перамога» (1815);
5 мес, 2 сімфоніі, 3 уверцюры, канцэрты для розных інстр. з арк., у т. л. Канцэртшцюк для фп. з арк. (1821), камерна-інстр. ансамблі, у т. л. 6 санат для скрыпкі і фп.;
4 санаты і інш. п’есы для фп., у т. л. «Запрашэнне да танца» (1819);
хары, вак ансамблі, рамансы і песні, музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАВЫЗНА́ННЕ,
1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэліг. вучэння якой-н. царквы. У краінах, дзе ажыццёўлена свабода сумлення, усім грамадзянам дадзена права свабодна выбіраць любое з веравызнанняў, арганізоўвацца ў рэліг. суполкі, выяўляць у набажэнствах і пропаведзях свае рэліг. перакананні. Рэліг. свабода, упершыню абвешчаная ў часФранц. рэвалюцыі 1789—99, з цягам часу пашырылася на інш. краіны. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае «права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў».
2) Рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізац. структуру. Падрабязна распрацаванае з дагматычнымі ўстанаўленнямі, выкладзенае ў спец. палажэннях веравучэнне наз.канфесіяй. У сучасным разуменні веравызнанне — прыналежнасць да пэўнай царквы ў веравучэнні і абраднасці. Звычайна тэрмін «веравызнанне» ўжываецца ў дачыненні да рэліг. кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу — хрысціянства, іудаізм, іслам, будызм. На Беларусі дзейнічаюць арг-цыі і абшчыны, вернікі якіх належаць да праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай, стараверскай, новаапостальскай цэркваў, евангельскіх хрысціян-баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, сведкаў Іеговы, іудзейскай, мусульманскай рэлігій і інш. Веравызнанні і іх дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́ВІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1707—09,
антыфеадальнае сялянска-казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам К.А.Булавіна (1671—1708) на Доне, у Паволжы і ў суседніх з імі раёнах. Непасрэдным штуршком да Булавінскага паўстання стала імкненне рас. ўрада вярнуць з Пд беглых сялян памешчыкам. У ноч на 9.10.1707 атрад паўстанцаў з 200 чал. на чале з Булавіным знішчыў каля Шульгінскага гарадка на р. Айдар частку карнікаў Ю.У.Далгарукага. Паўстанне хутка пашырылася ўверх па цячэнні Дона, да яго далучыліся казацкая галота і сяляне Тамбоўскага і Казлоўскага пав., Левабярэжнай і Слабадской Украіны. 1.5.1708 Булавін заняў Чаркаск, дзе 9.5.1708 яго выбралі атаманам «усевялікага войска Данскога». Яго атаманы І.Паўлаў, І.Някрасаў, Л.Хахлач авалодалі Дзмітрыеўскам і Царыцынам, асадзілі Саратаў. На Северскім Данцы і ў Слабадской Украіне паспяхова змагаліся атрады С.Дранага, М.Голага, С.Бяспалага. Для задушэння Булавінскага паўстання ўрад стварыў спец. армію (32 тыс.чал.) пад камандаваннем В.У.Далгарукага. У ліп. 1708 Булавін асадзіў Азоў, але не авалодаў ім. У гэты час былі разбіты атрады Дранага і інш. Вярхі казацтва, незадаволеныя няўдачамі, арганізавалі змову супраць Булавіна. Каб не трапіць у палон, ён застрэліўся. Асобныя атрады паўстанцаў змагаліся да пач. 1709. Царскі ўрад жорстка задушыў Булавінскае паўстанне. Дон страціў незалежнасць.
Літ.:
Буганов В. Булавин. М., 1988;
Лебедев В.И. Булавинское восстание (1707—1708). М., 1967. З.І.Каршакова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГА́КАЎ (Сяргей Мікалаевіч) (16.7.1871, г. Ліўны Арлоўскай вобл., Расія — 13.7.1944),
рускі эканаміст, філосаф, багаслоў. Скончыў Маскоўскі ун-т (1896). Праф. палітэканоміі Кіеўскага політэхн. ін-та (1901—06) і Маскоўскага ун-та (1906—18). Дэпутат 2-й Дзярж. думы. У 1918 прыняў сан свяшчэнніка. З 1923 за мяжой. З 1925 праф. Багаслоўскага ін-та ў Парыжы. Напачатку далучыўся да марксізму, але хутка адышоў ад яго. Пра яго паварот ад марксізму да правасл. царквы сведчыла кніга «Ад марксізму да ідэалізму» (1903). Марксавай тэорыі рэалізацыі проціпастаўляў тэорыю прапарцыянальнага размеркавання прадукту, адмаўляў марксісцкую тэорыю рэнты, сцвярджаў непрыдатнасць тэорыі капіталізацыі ў адносінах да с.-г. вытв-сці Расіі. Разам з М.А.Бярдзяевым выдаваў (1905) часопіс рэліг.-філас. кірунку «Вопросы жизни», друкаваўся ў час. «Вехи» і «Путь». Быў адным з ідэйных кіраўнікоў рус. студэнцкага хрысц. руху. Успрыняўшы ад У.С.Салаўёва ідэю філасофіі ўсёадзінства, развіваў вучэнне пра Сафію Прамудрасці Божай як спрадвечна існай у Божай задуме сусв. душы. На яго думку, Сафія мае дваісты характар — нябесны, Божы, і чалавечы, таму чалавек, створаны па вобразе і падабенстве Божым, узнаўляе адзінства свету і паўнату вобраза Божага. Аўтар 2 трылогій: «Купіна Неапалімая», «Сябра Жаніха» (1927), «Лесвіца Іакава» (1929); «Ягня Божае» (1933), «Суцяшальнік» (1936), «Нявеста Ягняці» (1945).
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1993;
Православие: Очерки учения Православной Церкви. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁФ (Babeuf, Baboeuf) Франсуа Наэль, празваны Гракх (23.11.1760, г. Сен-Кантэн, Францыя — 27.5.1797), французскі камуніст-утапіст, рэвалюцыянер. У 1785 распрацаваў план стварэння «калектыўных фермаў» замест буйных зямельных уладанняў. Падрыхтаваў агр. праграму і закон, сфармуляваны ў яго кнізе «Пастаянны кадастр» (1789). У часфранц. рэвалюцыі 1789—94 удзельнічаў у сял. руху, быў прыхільнікам рэспублікі. У заснаванай ім газеце «Le Tribune du peuple» («Трыбуна народа») крытыкаваў палітыку контррэв. тэрмідарыянскага Канвента, за што ў 1795 зняволены. У 1796 заснаваў тайную арг-цыю «Саюз роўных», члены якой падтрымлівалі франц. Канстытуцыю 1793, рыхтавалі ўзбр. выступленне. Дзейнасць арг-цыі была раскрыта, Бабёф гільяцінаваны. Паліт. погляды Бабёфа звязаны з канцэпцыямі перадрэв. эгалітарызму і утапічнага камунізму, які ён аб’ядноўваў з класавай барацьбой. Бабёф сцвярджаў, што сутнасць сац. парадку дэтэрмінавана не паліт. формамі, а адносінамі паміж класамі. Зыходзячы з гэтага аналізаваў бурж. ўласнасць, шукаў у ёй асновы ўсёй эканам. сістэмы і інструмент панавання ў грамадстве маёмных над немаёмнымі. У выніку прыйшоў да высновы, што пасля рэвалюцыі, перш чым ажыццявіць «чыстую дэмакратыю», адразу неабходна ўстанавіць часовую дыктатуру на перыяд пераходу ад старога да камуніст. грамадства. Дактрына Бабёфа і яго прыхільнікаў, выказаная ў «плебейскім маніфесце», мела шмат паслядоўнікаў — бабувістаў. Ідэі Бабёфа сцвярджаліся аж да 1848 і мелі значны ўплыў на падп. рух у Францыі і Бельгіі ў 1830—40 (Саюз Справядлівых, Саюз Камуністаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЧЫ́ЛА (Алесь) (Аляксандр Мікалаевіч; 2.3.1918, в. Лешніца Пухавіцкага р-на Мінскай вобласці — 4.1.1983),
бел. паэт, драматург.Засл. дз. культуры Беларусі (1967). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам (1934—39), у газ. «Літаратура і мастацтва» (1946—57) і час. «Полымя» (1957—72), выд-ве «Мастацкая літаратура» (1972—78). Друкаваўся з 1934. Аўтар зб-каў вершаў «Шляхі» (1947), «Зоры вясеннія» (1954), «Юнацтва» (1959), «Дарыце цюльпаны» (1966), «Тры багіні» (1973), «Белы бярэзнік» (1976), «Гараць лісты кляновыя» (1981) і інш., паэмы «Асенняя аповесць» (1965), «Паэмы тугі» (апубл. 1987) пра балючы працэс калектывізацыі, раскулачвання, адвучвання селяніна быць гаспадаром на зямлі. Сюжэтнасць верша, напеўнасць радка далі магчымасць многія яго вершы пакласці на музыку («Радзіма мая дарагая», муз. У.Алоўнікава, і інш.). Аўтар лібрэта опер «Яснае світанне» (1958, муз. А.Туранкова), «Калючая ружа» (1960), «Калі ападае лісце» (1968), «Зорка Венера» (1970) і аперэты «Паўлінка» (1973, усе на муз. Ю.Семянякі). Аўтар кн. пра М.Багдановіча «Дарогамі Максіма» (1971; 2-е выд., 1983). Пісаў сатыр. (зб. «Кавалер Мікіта», 1967) і творы для дзяцей (зб. «Мне купілі самакат», 1981). На бел. мову пераклаў «Залаты ключык, або Прыгоды Бураціна» А.Талстога, «Тараса Бульбу» М.Гогаля (з М.Паслядовічам), «Брэсцкую крэпасць» С.Смірнова (з. А.Бажко) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ДОБРААХВО́ТНАЕ ТАВАРЫ́СТВА АХО́ВЫ ПО́МНІКАЎ ГІСТО́РЫІ І КУЛЬТУ́РЫ,
масавая грамадская арг-цыя. Утворана ў 1966. Вышэйшы кіруючы орган — з’езд (склікаецца не радзей як 1 раз у 5 гадоў), які разглядае і прымае статут, уносіць у яго змены і дапаўненні, выбірае Рэсп. савет, прэзідыум і рэвіз. камісію. Кіруючы орган паміж з’ездамі — Рэсп. савет, выканаўчы орган — прэзідыум. У складзе т-ва працуюць абл., раённыя і гар. саветы, пярвічныя арг-цыі. Т-ва з дапамогай насельніцтва, грамадскасці праводзіць работу па выяўленні і вывучэнні помнікаў гісторыі і культуры, забеспячэнні іх аховы, фінансуе работы па кансервацыі і рэстаўрацыі унікальных помнікаў архітэктуры, археалогіі, гісторыі (у т. л. Полацкі Сафійскі сабор, Мірскі замак, Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква і інш.). Выдае кнігі, брашуры, буклеты, плакаты гіст. і археал. тэматыкі. У 1970—89 выдавала штоквартальны бюлетэнь «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі», з 1989 сумесна з Бел. фондам культуры выдае час.«Спадчына».
Пры т-ве дзейнічаюць навукова-метадычны, рэдакцыйна-экспертны саветы, секцыі прапаганды, гісторыі, археалогіі, архітэктуры, этнаграфіі, мастацтва, моладзі, дакументальных помнікаў. Т-ва супрацоўнічае з дзярж. органамі, грамадскімі і рэліг. арг-цыямі. Арганізоўвае канферэнцыі, семінары, інш. формы абмеркавання актуальных пытанняў стану, аховы, прапаганды помнікаў. Выкарыстоўвае ў адпаведнасці са статутам сваю ўласнасць для матэр. забеспячэння мэт і задач т-ва. Ажыццяўляе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, вытв., гасп. і інш. дзейнасць.