СТАЯ́ЧАЯ ХВА́ЛЯ,
хваля, якая ўзнікае ў выніку інтэрферэнцыі хваль, што распаўсюджваюцца ў процілеглых напрамках і маюць аднолькавую амплітуду і частату. У С.х., у адрозненне ад бягучай хвалі, энергія не пераносіцца, а адбываецца перапампоўванне аднаго віду энергіі ў другі, напр., кінетычнай у патэнцыяльную, эл. у магн. (адсюль назва).
С.х. ўзнікаюць пры адбіцці хваль ад перашкод ці неаднароднасцей у газападобным, вадкім ці цвёрдым асяроддзі, а таксама ў вакууме (для эл.-магн. хваль) пры накладанні адбітай і прамой хваль. Розныя ўчасткі С.х. маюць аднолькавую фазу і розныя амплітуды, залежныя ад рознасці фаз прамой і адваротнай хвалі. Пункты С.х. з максімальнай амплітудай ваганняў наз. пучнасцямі, з амплітудай, роўнай нулю, — вузламі. Адлегласць паміж суседнімі вузламі (пучнасцямі) роўныя λ/2, а паміж суседнімі вузлом і пучнасцю — λ/4, дзе λ — даўжыня бягучай хвалі. С.х. ўзнікаюць у ЗВЧ антэнах, хваляводах, рэзанатарах.
т. 15, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАТЭ́Г (грэч. stratēgos ад stratos войска + agō вяду),
у старажытнагрэчаскіх полісах 6—1 ст. да н.э. военачальнік, надзелены шырокімі ваен. і паліт. паўнамоцтвамі. У Афінах існавала калегія з 10 С.: адзін — для камандавання гаплітамі (цяжкаўзброенай пяхотай), адзін — для падрыхтоўкі флоту, адзін — для аховы краіны, два — для аховы Пірэя, астатнія камандавалі войскамі ў паходах паводле строга вызначанай чаргі. Выбіраліся С. нар. сходам па аднаму ад кожнай філы (родаплемянное аб’яднанне) тэрмінам на 1 год (дазвалялася неаднаразовае выбранне — напр., Перыкл на працягу 15 гадоў). Пасада была безаплатнай. С. ўзначальвалі ваен.-паліт. саюзы (Фесалійскі, Эпірскі, Ахейскі і інш.). У Паўн. Прычарнамор’і калегіі С. вядомы ў Ольвіі і Херсанесе. Знешнім знакам адрознення С. былі асобая хламіда і вянок. Паводле некат. звестак, С. называліся военачальнікі таксама ў Егіпце і шэрагу краін М. Азіі. У сучасным значэнні С. — палкаводзец, кіраўнік буйных ваен. аперацый.
т. 15, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУ́РА (ад лац. structura будова, размяшчэнне),
сукупнасць устойлівых сувязей аб’екта, якія забяспечваюць яго цэласнасць пры знешніх і ўнутр. зменах. Уяўляе сабой спосаб узаемадзеяння элементаў сістэмнага ўтварэння, пры якім унутр. сувязі больш моцныя, чым знешнія, што абумоўлівае захоўванне якасных характарыстык сістэмы. У значнай ступені ўплывае на элементы сістэмы; часам адзін і той жа элементны састаў дзякуючы С. можа ўтвараць розныя сістэмы (напр., з’явы ізамерыі ў хіміі). Першапачаткова тэрмін «С.» ўжываўся ў навуцы для абазначэння формы. У 19 ст. ў сувязі з узнікненнем хімічнай будовы тэорыі, паняцце С. стала разглядацца як спосаб арганізацыі элементаў сістэмнага ўтварэння. З 20 ст. аналіз структурных адносін і сувязей займае значнае месца ў даследаваннях мовы, культуры, псіхалогіі, грамадства і інш. (гл. Гештальтпсіхалогія, Структуралізм, Структурна-функцыянальны аналіз). Паняцце С. цесна звязана з катэгорыямі агульнай тэорыі сістэм (сістэма, элемент, цэласнасць, арганізацыя) і кібернетыкі (функцыя).
М.І.Жукаў.
т. 15, с. 210
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУПЕ́НЬ у музыцы,
кожны гук муз. гукараду, гамы, ладу. Уся муз. шкала падзяляецца на актавы, кожная ўключае 7 асн. С. (до—рэ—мі—фа—соль—ля—сі), з якіх утвараецца асн. гукарад, і 5 альтэраваных (павышаных ці паніжаных) С. Побач са складовымі існуюць і літарныя абазначэнні асн. С. (c=до, b=рэ, e=мі, f=фа, g=соль, а=ля, h=ci). Каб вызначыць альтэраваную С., да складу ці літары далучаюць умоўнае абазначэнне знака альтэрацыі (напр., до-дыез=до#=cis) Поўны дыятанічны лад ахоплівае 7 асн. С., якія абазначаюцца рым. лічбамі і маюць спец. назвы (I — тоніка, II — верхні ўводны гук, III — верхняя медыянта, IV — субдамінанта, V — дамінанта, VI — ніжняя медыянта, VII — ніжні ўводны гук). Кожная С. ладу можа альтэравацца, у такім выпадку 7-ступенная дыятанічная гама ладу ператвараецца ў 12-ступенную храматычную.
т. 15, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПАЛІМЕ́РЫ,
палімеры, макрамалекулы якіх маюць манамерныя звёны розных тыпаў.
Адрозніваюць нерэгулярныя (статыстычныя) і рэгулярныя С., а таксама прышчэпленыя С. — палімеры з разгалінаванымі макрамалекуламі, у якіх асн. ланцуг і адгалінаванні адрозніваюцца саставам і(ці) будовай, і блок-супалімеры — лінейныя С., макрамалекулы якіх пабудаваныя з блокаў, што складаюцца з манамерных звёнаў аднаго або некалькіх тыпаў. У статыст. С. манамерныя звёны (A і B) размешчаны хаатычна, у рэгулярных — размеркаваны з пэўнай паслядоўнасцю; найб. пашыраны чаргавальныя С. (ABABAB...). Уласцівасці статыст. (пры сувымернай колькасці звёнаў розных відаў) і чаргавальных С. з’яўляюцца прамежкавымі паміж уласцівасцямі адпаведных гомапалімераў. Прышчэпленыя С. і блок-С. спалучаюць уласцівасці палімераў, што іх складаюць, а часам праяўляюць новыя ўласцівасці, не характэрныя для зыходных кампанентаў (напр., ударатрывалы АБС-пластык). Атрымліваюць сінт. С. суполімерызацыяй і суполікандэнсацыяй. Выкарыстоўваюць пераважна С. дыенаў з акрыланітрылам (гл. Бутадыеннітрыльныя каўчукі), стыролам (гл. Бутадыенстырольныя каўчукі), ізабутыленам.
т. 15, с. 271
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАФЕ́І (франц. trophée ад грэч. tropaion літар. — помнік перамогі),
1) помнік у знак перамогі. Першапачаткова ўяўляў сабой слуп з начэпленай на ім зброяй ворага. Да кожнага Т. дадаваўся тэкст, у якім распавядалася пра падрабязнасці бітвы, называліся імёны пераможцаў і пераможаных. Пазней гэтую звычку ў грэкаў перанялі рымляне, якія сталі будаваць помнікі не толькі на месцы перамогі, а ў гарадах дзяржаў-пераможцаў (трыумфальныя аркі, брамы і інш.).
2) Захопленыя ў праціўніка, пакінутыя ім на полі бою або здадзеныя пры капітуляцыі сцягі, ваен. тэхніка і інш. матэрыяльныя каштоўнасці. Т. выкарыстоўваліся войскамі толькі з дазволу вышэйстаячага камандавання і пасля іх праверкі і агляду спецыялістамі трафейнай службы.
3) У перыядычным друку Т. называюць таксама прызы, якія атрымліваюць пераможцы ў спарт. спаборніцтвах.
4) У пераносным значэнні — здабыча як сведчанне поспеху ў якой-н. галіне (напр., паляўнічыя Т. і інш.).
т. 15, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЯСУЛЬФА́ТЫ,
солі тыясернай кіслаты (неарган. Т.), солі і эфіры алкіл (арыл) тыясерных кіслот RSSO3H (R — алкіл, арыл).
Неарганічныя Т. (устарэлая назва — гіпасульфіты) — крышт. рэчывы, растваральныя ў вадзе. Бязводныя пры награванні ў інертнай атмасферы раскладаюцца, у паветры — акісляюцца. Атрымліваюць акісленнем пры награванні ў паветры полісульфідаў калію, натрыю, кальцыю, барыю: узаемадзеяннем серы з растворамі сульфітаў і інш. спосабамі. Найб. шырока выкарыстоўваюць Т. натрыю Na2S2O, (гл. Натрыю злучэнні). Арганічныя Т. маюць агульную ф-лу RSSO2X, дзе X—OM (M — метал), OR′ (R′ — арган. радыкал). Найб. пашыраны солі шчолачных металаў — цвёрдыя крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе. Пры кіслотным гідролізе Т. утвараюцца меркаптаны, пры шчолачным — дыалкілдысульфіды (RSSR). Алкілтыясульфаты атрымліваюць алкіліраваннем неарган. Т. (напр., Na2S2O3) алкілгалагенідамі або дыалкілсульфатамі ў водна-арган. асяроддзі, арылтыясульфаты — узаемадзеяннем дыарылсульфідаў з гідрасульфітам калію. Выкарыстоўваюць пераважна як паўпрадукт для атрымання арган. злучэння серы (гл. Сераарганічныя злучэнні).
т. 16, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗВО́Д,
воінскае падраздзяленне ва ўзбр. сілах шэрагу дзяржаў, у т. л. Рэспублікі Беларусь. Уваходзіць у склад роты, батарэі (за выключэннем асобных У., якія непасрэдна ўваходзяць у склад батальёна, дывізіёна, палка і інш.). У залежнасці ад прызначэння У. уключае 2—4 аддзяленні (разлікі, экіпажы). У. узначальвае камандзір, як правіла, з ліку малодшых афіцэраў або прапаршчыкаў. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь У. існуюць ва ўсіх родах войск і спец. часцях, а таксама ў інш. войсках і воінскіх фарміраваннях, ваен. навуч. установах.
Упершыню У. ўтвораны ў канцы 17 ст. ў пяхоце і кавалерыі, потым у артылерыі. Са з’яўленнем новых відаў узбр. сіл (ППА, ВПС) і родаў войск (ракетныя войскі і артылерыя, зенітныя ракетныя, радыётэхн. войскі і інш.) У. ўвайшлі ў іх арганізац. структуры (напр., радыёлакацыйны У. — у склад зенітна-ракетнага дывізіёна, радыётэхн. батальёна і інш.).
С.М.Абрамаў.
т. 16, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРБАВА́ННЕ ТКАНІ́НЫ нанясенне фарбавальніка на ўсю масу матэрыялу, што афарбоўваюць (у адрозненне ад друкавання тканіны). Спосабы Ф.т. вызначаюцца хім. прыродай фарбавальніка і валакна, а таксама патрабаваннямі да ўстойлівасці афарбоўкі.
Баваўняныя тканіны афарбоўваюць прамымі, сярністымі, актыўнымі і кубавымі фарбавальнікамі, пігментамі; шарсцяныя — кіслотнымі, пратраўнымі і актыўнымі; ільняныя — кубавымі, актыўнымі і прамымі святлотрывалымі фарбавальнікамі. Для Ф.т. з валокнаў хімічных — ацэтатных, трыацэтатных і поліэфірных выкарыстоўваюць пераважна дысперсныя фарбавальнікі, поліамідных — дысперсныя і кіслотныя, поліакрылнітрыльных — катыённыя. Усе хім. валокны могуць быць афарбаваны і ў працэсе іх фармавання (фарбаванне ў масе). Звычайна Ф.т. ажыццяўляюць у водным растворы фарбавальніка (фарбавальнай ванне). Пасля фарбавання тканіну высушваюць і апрацоўваюць, напр., апрэтуюць (гл. Апрэтаванне), для надання ёй таварнага выгляду.
Літ.:
Мельников Б.Н., Захарова Т.Д., Кириллова М.Н. Физико-химические основы процессов отделочного производства. М., 1982;
Краткий курс химической технологии волокнистых материалов. М., 1984.
А.І.Валожын.
т. 16, с. 323
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФУ́ЗІЯ (ад лац. fusio сплаўленне),
гістарычна (марфаналагічна) абумоўленыя ўзаемапранікненне ці ўзаемаўплыў суседніх марфем. Напр., «расада — рас+садзіць», «вадзіць — ваджу» («дз» чаргуецца з «дж» перад «у»). Пры Ф. корань і афіксы зменныя («рука — руцэ — ручка», «мыцца — мыешся»); часам слова немагчыма падзяліць на марфемы («салдацкі»: корань «салдат» + суфікс «-ск»). Ф. характарызуецца шматзначнасцю афіксаў: у слове «дзедам» канчатак «-ам» указвае на лік (адзіночны) і склон (творны); аманіміяй афіксаў: у слове «хмарам» канчатак «-ам» указвае на мн. лік, давальны склон; сінаніміяй афіксаў: давальны склон можа выражацца канчаткамі «-у» («бацьку»), «-ы» («цётцы»), «-э» («дачцэ»); немагчымасцю ізаляванага ўжывання асноў: «зямл-», «свідрава-». Праявы Ф.: акамадацыя, асіміляцыя, дысіміляцыя, элізія, эпентэза, гаплалогія. Існуе і міжслоўная Ф. (зліццё 2 слоў): бел. «дый<ды+і», франц. du < de + le. Ф. проціпастаўляецца аглюцінацыі. Мовы, якім уласціва Ф., адносяць да флектыўных моў. Тэрмін «Ф.» ўведзены Э.Сэпірам (1921).
М.В.Супрунчук.
т. 16, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)