ВАДЗЯНО́Е КО́ЛА,

прыстасаванне ў выглядзе кола з лопасцямі, якое прыводзіцца ў дзеянне энергіяй патоку вады; самы просты гідраўлічны рухавік. Бывае ніжнябойнае (падліўное), сярэднябойнае і верхнябойнае (наліўное). Магутнасць да дзесяткаў кілават. Выкарыстоўваецца са стараж. часоў у сістэмах арашэння (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), на Беларусі — для прыводу ў дзеянне вадзяных млыноў, машын і механізмаў дробных вытв-сцяў.

Вадзяное кола: 1 — рэгулявальная заслонка; 2 — коўш; 3 — рабочы вал; 4 — апора.

т. 3, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФО́НІН (Міхаіл Іванавіч) (11.11.1908, Масква — 7.11.1990),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н.(1970), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1973). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1932). З 1945 дырэктар Усесаюзнага НДІ лёну, з 1952 у Бел. НДІ земляробства і кармоў. Навук. працы па біялогіі, селекцыі і агратэхніцы лёну-даўгунцу (пад яго кіраўніцтвам выведзена 11 сартоў). Распрацаваў новыя спосабы вырошчвання лёну, тэхналогію яго камбайнавай уборкі.

т. 2, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАФІ́ТЫ [ад аэра... + ...фіт(ы)],

«паветраныя» расліны, якія атрымліваюць усе неабходныя пажыўныя рэчывы з атмасферы. Да іх належаць эпіфіты, некаторыя імхі, што пасяляюцца на ствалах і галінках дрэў (у тропіках — нават на лісці), нешматлікія водарасці, якія жывуць на кары дрэў, і некаторыя лішайнікі (напр., т.зв. лішайнікавая манна). Аэрафітамі называюць таксама расліны, якія нармальна развіваюцца толькі на добра аэраваных глебах (у флоры Беларусі, напрыклад, розныя віды псамафітаў — аўсяніца палеская, смалёўка армерыяпадобная, ціпчак і інш.).

т. 2, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́БЧА,

возера ў Беларусі, у Лепельскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 16 км на ПнУ ад г. Лепель. Пл. 0,2 км², даўж. 0,87 км, найб. шыр. 0,35 км, найб. глыб. 13 м, даўж. берагавой лініі 2,07 км. Пл. вадазбору 1,95 км².

Схілы катлавіны выш. 10—15 м, на У 20—22 м. Берагі нізкія, на Пн і У тарфяністыя. Дно глеістае, мелкаводдзе пясчанае. Выцякае ручай у воз. Кабак.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ (Ірына Эрнстаўна) (н. 30.4.1956, г. Ліда Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса, літ.-знавец, крытык. Канд. філал. н. (1985). Скончыла Гомельскі ун-т (1978). З 1983 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1973. У зб. «Чаравікі маленства» (1985), «Фрэскі» (1989), «Вялікдзень» (1993) паэтычны роздум пра родны край, яго гісторыю і культуру, няпростыя клопаты і турботы сучаснікаў. Даследуе бел. паэзію (манаграфія «Янка Купала і рамантызм», 1989).

І.​У.​Саламевіч.

т. 2, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЖА́НАЎ (Аляксандр Васілевіч) (1.9.1917, в. Труфанцава Барысаглебскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 29.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1938. На фронце з 1941. Камандзір гарматы ст. сяржант Бажанаў вызначыўся ў баі на тэр. Магілёўскай вобл.: пры адбіцці варожай контратакі каля в. Гаршкова Шклоўскага р-на, калі ў гарматнага разліку скончыліся боепрыпасы, Бажанаў з гранатамі кінуўся пад варожы танк.

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КШТЫ,

вёска ў Беларусі, у Іўеўскім раёне Гродзенскай вобл., на р. Бярэзіна (бас. Нёмана). Цэнтр сельсавета і аб’яднанай сельскай гаспадаркі. За 25 км на У ад г.п. Іўе, 188 км ад Гродна, 25 км ад чыг. ст. Юрацішкі. 885 ж., 389 двароў (1995). Бакштаўскі лесапункт па нарыхтоўцы драўніны. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, клуб, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік партызанам.

т. 2, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНЫЯ АДКЛА́ДЫ,

арганагенныя і мінеральныя асадкі, якія намнажаюцца ў балотах. Сярод балотных адкладаў пераважае торф. На балотах, што акрамя атм. ападкаў жывяцца грунтавымі водамі значнай мінералізацыі, утвараюцца мергелі, балотныя жал. руды, фасфатныя (вівіяніт) і інш. мінералы. Інтэнсіўна намнажаліся ў каменнавугальным, юрскім, палеагенавым і неагенавым перыядах гісторыі Зямлі, ад якіх захаваліся як паклады каменнага і бурага вугалю. Пашыраны на нізінах ва ўсіх прыродных зонах, акрамя палярных і пустынных абласцей, на Беларусі — усюды.

т. 2, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎШЧЫНА,

вёска ў Беларусі, у Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 4 км на Пн ад г. Орша, 84 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Орша, на шашы Орша—Віцебск. 3182 ж., 943 двары (1994). Камбінат буд. матэрыялаў, з-д жалезабетонных вырабаў, райсельгасэнерга, аграрна-прамысл. аб’яднанне «Белая Русь». Сярэдняя школа, базавая спец. школа-інтэрнат, клуб, 3 б-кі, амбулаторыя, аддз. сувязі, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДЭЗІ́Т,

кайнатыпная горная парода, эфузіўны аналаг дыярыту. Складаецца пераважна з мікракрышталёў плагіяклазу, аўгіту і інш. мінералаў, апушчаных у вулканічнае шкло. Ва ўкрапаннях тыя ж мінералы, рагавая падманка, біятыт. Структура парфіравая. Уласцівы слупковыя паасобнасці. Колер ад шэрага да чорнага, іншы раз з зялёным адценнем. Шчыльн. 2280—2680 кг/м³. Разам з базальтамі ўтварае гал. масу вылітых парод у абласцях стараж. і сучаснага вулканізму. На Беларусі трапляецца ў адкладах валынскай серыі верхняга пратэразою.

т. 1, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)